МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Там, дзе сэрца маё: Публіцыстыка, пераклады, апавяданьні. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2005. — 124 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 6).

Аўтар: Варабей Ірына
Кнiга: Там. дзе сэрца маё: Публіцыстыка. пераклады. апавяданьні. Мінск: Беларускі кнігазбор. 2005. — 124 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 6).
Год: 2005
Cерыя: “Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Раздзел: Публіцыстыка, Проза
Краiна: Канада
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Душа, якую не адмарозяць сьцюжы...

Нават калі б Ірына Варабей напісала ўсяго толькі адзін аповед, які называецца «Брат родны. Брат малочны», — я без аніякіх ваганьняў дала б ёй рэкамэндацыю ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Гэты аповед я чытала тройчы. Першы раз у вогненна-залатым ад кляновых лістоў Таронта, дзе з дваццаць чацьвёртага паверху ўначы бачныя мігатлівыя агеньчыкі амэрыканскага гораду Ніягара, што пачынаецца адразу за возерам Антарыё. Я чытала яго разам зь вершамі яе геніяльнага брата Сашы, што памёр саракагадовым ад «тае сацыяльнае бяды, што набыла памеры эпідэміі ў нашай краіне». Я хадзіла па кватэры, доўга глядзела на тыя мігатлівыя агеньчыкі за залівам і зноў бралася чытаць тое, што напісала жанчына, якая толькі ў іншай краіне, і тое празь некалькі гадоў, нарэшце адтала ад замарожваньня душы — такі дыягназ паставіла сабе яна сама.

Другі й трэці раз (зь перапынкам у тыдзень) я чытала гэты твор у часопісе «Дзеяслоў», — ужо ў Беларусі, дзе ўсё пачыналася даўно — у няведамым нам часе, у тым мінулым, якое мільгае ў чорнай бездані сусьвету рэдкімі агеньчыкамі беларускага Быцьця.

У невялікім аповедзе Ірыны Варабей, як у малекуле ДНК, сплятаецца ня толькі лёс двух родаў, чые гены сышліся ў хлопчыку Сашу й дзяўчынцы Ірынцы — браце й сястры. У ім — тыя продкі, каго палілі, білі, зьнішчалі, мучылі на акрываўленай беларускай зямлі, але якія ўсё ж на ёй, зямлі, жылі, кахалі й любілі яе, ажно пакуль гэты запас любові й цярпеньня ня скончыўся...

Брат і сястра ў гэтым мастацкім творы, нягледзячы на вонкава пазнавальныя й нават пагрозьлівыя рысы сёньняшняга нашага часу, робяцца архетыпамі, яны — амаль казачныя пэрсанажы, накшталт Іванкі ды Аленкі. Яна перасьцерагае яго: «Ня пі вады з зачараванае калюжыны, ператворысься ў нешта іншае, ужо не чалавечае!» Але ён ня слухае — яго падганяе Лёс, бо ДНК роду станчаецца, і ўжо не стае ні любові, ні нават жаданьня жыць. Бо прадзед, гледзячы на пераможны наступ калгаснае псыхалёгіі, зрабіўся горкім п’яніцам, а дзед за адзіны пратэст «выправіўся ў сыбірскія лягеры на дзесяць гадоў». Бо другі дзед, Барыс Качэрскі, «так і не падняўся з ложка» пасьля лупцоўкі немцаў ды пагрозаў партызанаў-«вызваліцеляў», а бацька быў звольнены з пасады журналіста толькі за наведваньне магілы рэлігійнае свае маці...

Пад гэтым гнётам адна чыстая й чуйная душа ламаецца, як саломінка пад жалезьзем рыдлёўкі. Другая, перажыўшы пакутлівую сьмерць маці, пасьля — улюбёнага брата і, нарэшце, — бацькі, замярзае ледзь не да донца.

Яе ратуе эміграцыя, дзе яна ўпершыню адчувае сябе свабоднай ад страшных жорнаў агульнае Нелюбові, агульнага раўнадушша Быцьця-Для-Сябе, а не для іншых. Адмарожаная душа ажывае, і Ірына Варабей удзельнічае ў стварэньні выдатнай, як ня толькі на мой погляд, газэты канадыйскае эміграцыі «Беларускае Слова». Там друкуюцца яе эсэ, навэлы, роздумы над жыцьцём і лёсам выдатных сыноў Айчыны. Яна знаёміцца з адным з найстарэйшых беларускіх пісьменьнікаў на эміграцыі Кастусём Акулам, разам зь ім сьпявае ў царкоўным хоры і ў сваім эсэ пра яго разважае над лёсам Беларусі. Былая спартоўка, яна робіцца выдатнай вышывальніцай і стварае мастацкія творы высокага кшталту — напрыклад, партрэт першаярарха БАПЦ уладыкі Мікалая, а яе сын Антось піша для таронтаўскае царквы абраз сьв. Кірылы Тураўскага, дабраслаўлены тым жа ўладыкам. Пераканаўшыся пад час наведваньня школы ангельскае мовы, што канадыйцам вельмі цікавая невядомая для іх, яшчэ й экзатычная, культура Беларусі, Ірына з імпэтам бярэцца за вывучэньне ангельскай мовы, каб расказваць сьвету аб сваёй краіне. За чатыры гады яна авалодвае мовай ад самага нуля да такога ўзроўню, што пачынае пісаць эсэ па-ангельску, перакладаючы свае і чужыя творы.

Яе творы — гэта заўсёды згусткі болю й любові. Яны адкрываюць сьвет непаўторны й чуйны, шматколерны й нераўнадушны. Традыцыйнасьць формы ня робіцца паўторам звыклага ў беларускай літаратуры. Гэта — проза перш за ўсё беларускае жанчыны, што ўздымаецца, як паламаныя ў навальніцы каласы, пасьля самых цяжкіх выпрабаваньняў. Гэта проза й вельмі сучаснае жанчыны, што ведае кампутар, чытае эзатэрыку й глядзіць у мінулае вострым поглядам зацікаўленага дасьледніка, які пралічвае хады нацыі й яе памылкі ці беды як у мінулым, так і ў будучыні.

На сваю зямлю яна цяпер часта глядзіць адтуль, з-за акіяну. І можа таму яе любоў робіцца мудрай і абачлівай. Вышывае Мірскі замак з замовай — каб выстаяў гэты сымбаль Беларусі, каб не пахіліліся ягоныя сьцены перад новай навалай. Піша пра Залатое Вядзерца — гэты вобраз народных сьпеваў і народнага шляху — так, што на яе твор адгукаюцца замежныя дасьледнікі, параўноўваючы гэтыя залатыя сымбалі нацыяў і атрымліваючы ад погляду Ірыны Варабей асалоду й карысьць сумоўя.

Яе свабода выпакутаваная душою й сэрцам, можа, ад гэтага творца так шануе яе й хоча свабоды для ўсіх суродзічаў, якія часам не разумеюць свайго рабства й сваёй несвабоды.

Калі б Ірына Варабей папрасіла ў мяне рэкамэндацыю ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў...

Але яна яе пакуль што ня просіць. Яна проста аддае на суд чытачоў сваю першую невялікую кніжку, і няхай яны, чытачы, вырашаюць для сябе, ці захочуць яны чытаць наступныя кніжкі Ірыны Варабей.

Я веру, што кніжкі абавязкова будуць. Бо ніякія сьцюжы Ірынінай душы не адмарозілі, хіба што на час прыглушылі.

Бо яна цяпер піша й за сябе, і за свайго брата. За ўвесь свой беларускі радавод...

Вольга Іпатава

Там, дзе сэрца маё

«Дзе нарадзіўся, там і прыдаўся»

Магчыма, гэтая прымаўка ёсьць рэхам тых Ведаў, якімі валодалі нашыя далёкія продкі задоўга да хрысьціянізацыі й якія пацьвярджаюцца сучаснай навукай. Кожны чалавек мае свае адметныя біярытмы й вібрацыі ягонага астральнага (духоўнага) цела, і яны супадаюць з рытмамі ягонага народу й тае зямлі, на якой Богам і Лёсам яму наканавана жыць. Гармонія духоўных вібрацыяў чалавека і ягонае зямлі вядзе да рэзанансу, які праяўляецца ў чалавеку ўсплёскам ягоных творчых магчымась цяў.

Таму кожны народ мае сваю адметную культуру, мову, веру й сьветапогляд і яны розьняцца па ўсім сьвеце. Кожны чалавек духоўна зьвязаны са сваёй зямлёй і культурай. Гэта дае яму адчуваньне еднасьці са сваім ладна ўпарадкаваным навакольным сьветам і пачуцьцё ўнутранага камфорту й самадастатко васьці— быццам дзіцю ў матчыных руках...

Але ж як змог бы абысьціся сьвет бяз тых людзей, якіх ахоплівае сындром terra incognita? Тых апантаных неразгаданымі таямніцамі й нязьведанымі землямі? Мы, напэўна, да гэтае пары так і ня ведалі б, што недзе ў сьвеце існуюць Кітай і Пэрсія й што Індыя не ляжыць на сьпіне кіта, калі б не было тых вандроўных гандляроў, хто проста не змаглі ўтаймаваць сваёй дапытлівасьці й цікаўнасьці, а заадно вазілі нам гарбату й шоўк. Гэта яны, тыя, хто валацугае па сьвеце ў пошуках новых гандлёвых шляхоў, тымчасам знаходзяць новыя краіны й землі абяцаныя.

Вось і мы, захопленыя іхным прыкладам, пакідаем нашыя «гнёзды» ў пошуках лепшае долі.

Але «ад дабра дабра не шукаюць»

Мая маці заўсёды казала мне: «Дзе закапаны быў твой пуп— там будзе й сэрца тваё назаўсёды».

Маё сэрца — у Беларусі.

Здаецца, што беларусы ня ёсьць ні добрымі гандлярамі, ні цікаўнымі людзьмі. Выглядае так, што «Не пакідай зямлі свае» сталася нашым старажытным запаветам, што адлюстраваны спрэс у нашым фальклёры й нават у нашым нацыянальным гербе. Бальшыня беларусаў пакідаюць свой край не па добрай волі. Вось так і я: як і шмат якія нашыя людзі, люблю вандраваць — але абавязкава вяртацца дадому. Апынуліся мы тут, у Канадзе, кожны па волі свайго лёсу, але тымчасам гэтая зьява адлюстроў вае той крызісны стан, у якім знаходзіцца нашая дзяржава й культура.

Нешта здарылася з нашай краінай. Нешта парушыла яе першасную зладжаную структуру.

Стогадовыя гвалтоўныя прымусы чужароднае сілы звонку й знутры зьмяніць нашую мову, культуру, веру й лад жыцьця парушылі гармонію нашае этнічнае структуры й самога існаваньня ў гэтым сьвеце. Сёньня, як ужо неаднойчы ў нашай гісторыі, мы стаім перад задачай, якую іншыя народы ўжо для сябе вырашылі: самавызначыцца як нацыі й захаваць сваю адметнасьць. Гэта значыць — выжыць. Гэта значыць — здабыць умовы для далейшага культурнага й духоўнага разьвіцьця.

Таму маё сэрца застаецца ў Беларусі.

«Мне падабаецца Канада, але я яе не люблю. Я люблю Беларусь, але яна мне не падабаецца»,гаворым мы тут.

Пагружэньне ў духоўную энэргетыку Канады абудзіла ўва мне дар, якім надзяліла мяне мая зямля. І я прысьвячаю яго маёй краіне. У той жа час я спадзяюся, што мая творчасьць стане вяртаньнем Канадзе яе бэнэфітаў. Я спадзяюся, што знаёмства канадыйцаў зь беларускай культурай узбагаціць канадыйскую культуру. Вось дзеля гэтага я тут.

Я хачу, каб, знаёмячыся са мной, людзі, замест трывіяльна га Where is Belarus?, узгадвалі імёны беларускіх пісьменьнікаў, як яны гэта робяць з Пушкіным, Віктарам Харам і Амарам Хаямам...

На маім стале ляжыць кніга знакамітай пісьменьніцы з дароўным надпісам: «Жадаю, каб твае кнігі сталі здабыткам і Канады, і Беларусі».

Так ёсьць. Я не магу гэтага ў сабе падзяліць.

Травень 2003 г.

...Туман-ярам, ярам-даліною.

За туманам нічога ня відна.

Толькі ж відна дуба зелянога.

Пад тым дубам крыніца стаяла.

З той крыніцы дзеўка ваду брала.

Упусьціла залато вядзерца,

Засмуціла казакова сэрца.

«А хто ж маё вядзерца дастане,

Той са мною на ручнічку стане».

Як узваўся казак маладзенькі:

«А я ж тваё вядзерца дастану,

Я з табою на ручнічку стану».

...Лепей буду ў моры парынаці,

Чым зь нялюбым на ручнічку стаці.

Лепей буду ў моры пясок есьці,

Чым зь нялюбым на пасадзе сесьці.

...Туман-ярам, ярам-даліною.

Народная песьня

Дзе ляжыць залатое вядзерца?

Маёй маці пявуньні й майстрысе

...Гэта ж трэба такое: апынуцца на іншым канцы сьвету, каб менавіта тут і загаварыць па-беларуску! Лёгка й свабодна, з душы сваёй і памяці продкаў. Знайсьці сяброў, блізкіх як родзічы, і засьпяваць зь імі, і напаткаць песьню гэтую дзіўную, незразумелую, што так зачапіла нас журбой сваёю. І раптам акунуцца з галавой у гісторыю, сівую даўніну, каб адчуць, як жылі яны, продкі нашыя, у што верылі, аб чым марылі, што хацелі пакінуць нам, сваім нашчадкам...

Дарэчы, усё гэта пад час восеньскіх Дзядоў адбывалася. Сьвята гэтае ня толькі шаную, але існасьцю сваёю лічу. Яшчэ даўно некалі мая маці (былая камсамолка й атэістка) вучыла мяне (камсамолку тагачасную) ушаноўваць Дзяды. Гэта, можа, адна з галоўных нашых традыцыяў, якую ніякія навалы й стыхіі так і ня вынішчылі з душы народу. Можа, у звычаі памінаць продкаў і захавалася найбольш нашая «нацыянальная ідэя», што зьядноўвае нас усіх, прымушае адчуваць сябе менавіта беларусамі. (Нават камуністычнаму атэізму зацкаваць гэты звычай не ўдалося, бо штогод кожную Радаўніцу як быццам хваля ўздымае ўсіх, нават самых лянівых, і ніякая сіла ня можа стрымаць гэты ўсенародны паход, так што ў Менску нават улады мусілі здацца й на гэты дзень зьмяніць расклад руху гарадзкога транспарту. ...А некалі ж майго бацьку звольнілі з працы й ледзь ня выключылі з партыі — за тое, што на Радаўніцу наведаў магілу свае маці.)

Можа, і не такія далёкія ад сапраўднасьці былі нашыя продкі, калі верылі ў галоўнага бога Рода як жывую існасьць, якая няспынна ўтвараецца зь людзкіх душаў, што адляцелі да зорак. Іглядзяць зь нябёсаў зоркі-вочы дзядоў нашых мудрых, якім нарэшце ўдалося спазнаць Сусьвет. Сочаць яны за намі, дапамагаюць, накіроўваюць думкі й дзеяньні нашыя, каб ня даць разысьціся нам як народу сярод гістарычных віхураў.

Так і я, у думках сваіх і малітвах заўсёды зьвяртаюся да дзядоў. Парады прашу ці дапамогі. І ўсё гэта вельмі канкрэтна для мяне, бо так ужо склаўся лёс, што шмат маіх блізкіх — родзічаў і сяброў — ужо там, сярод зорак. Можа, хто й не паверыць, але сапраўды, часам атрымліваю ад іх падтрымку, парады ды адказы на пытаньні.

Якраз на Дзяды й прысьнілася мне мая матуля. Нічога, праўда, не сказала. Ціхенька пасядзела побач і пайшла. Толькі нейкае вострае пачуцьцё журбы засталося. Сон гэты, аднак, я прыняла як падтрымку, бо менавіта ў гэты дзень мелася правесьці першы ўрок у нашай толькі што створанай нядзельнай школцы. Вядома, хвалявалася й баялася. А тут і страх прайшоў, бо адчула: дзяды — вось яны, побач. І толькі тая туга засталася — як прадчуваньне нейкае ці пытаньне.

У той жа дзень патрапіла мне ў рукі кніжка «Беларускі арнамэнт». Айцец Вячаслаў выцягнуў яе з паліцаў царкоўнае бібліятэкі. З гонарам падкрэсьліў: «Нават ва ўкраінцаў такой няма». (Сапраўды, мае сябры-ўкраінцы былі вельмі ўражаныя гэтым выданьнем і ўжо панарабілі сабе зь яго копіяў.) Вось! Гэта ж якраз тое, да чаго мае думкі імкнуліся! Даўно ведала, што беларускі арнамэнт — гэта ня проста прыгожыя ўзоры, квадрацікі, ромбікі, кружочкі. Што кожны значок у ім ёсьць нейкім старажытным сымбалем. Што ва ўзорах гэтых зашыфраваныя старажытныя міталёгія й астралёгія, сьветапогляд ды ўся жыцьцёвая мудрасьць даўнейшых беларусаў. А як хацелася б спазнаць мудрасьці гэтае, хаця б дыхнуць паветрам тае даўніны, знайсьці шлях да каранёў, да вытокаў тых, што стагодзьдзямі поўнілі наш народ (і дзяржаву, дарэчы) жыцьцёвай энэргіяй, сілай, што змагла пераадолець усе цяжкія выпрабаваньні на гістарычным шляху. Ат! Продкі нашыя, дасьціпныя, ведаючы пра марнасьць і часовасьць усяго рукатворнага, свае веды й мудрасьць захоўвалі для нашчадкаў у сымбалях і вобразах, значэньне якіх перадавалі вусна з пакаленьня ў пакаленьне (ці праз мэнтал, як цяпер кажуць). І новыя пакаленьні зноў і зноў увасаблялі гэтыя вобразы ў мастацкіх вырабах, песьнях і казках. На жаль, мы не перанялі эстафэты. І ўзоры, і сымбалі, і сама народная творчасьць адыходзяць у нябыт. А мы раптам кідаемся шукаць праўды то ў заморскіх гараскопах, то ў гермэсаўскай філязофіі, ня ведаючы, што ўсё гэта ўжо было, ёсьць у нашых дзядоў...

Акурат той самай парою Віялета Кавалёва прынесла на нашыя штотыднёвыя вячоркі словы гэтае даўняе песьні: «Вельмі яна традыцыйная й распаўсюджаная, варта развучыць». Песьня ўсім вядомая — «За туманам нічога ня відна...» Аднак словаў яе я так да канца ніколі й ня чула — ці, можа, не задумвала ся ніколі. А як пачала сама сьпяваць, дык міжволі кожнае слова асэнсоўваю. І зазначаю сабе дзіўнасьць гэтае песьні, нейкую непасьлядоўнасьць і нестыкоўку ў сюжэце — у парушэньне фальклёрных канонаў. Ці то лірычная яна, ці балядная? (Гэта ж некалі яшчэ студэнткай філфаку займалася я фальклярысты кай...) Але ж якой журбой дыхае з гэтага радка: «Упусьціла залато вядзерца...»! Хаця, здавалася б, чаго ўжо так было бедаваць па нейкім там начыньні?

І тут раптам нехта зь дзяўчат: «А чаму вядзерца?» — «А сапраўды! Чаму ж ня больш паэтычна — пярсьцёнак ці ручнік?» Завялі дыскусію, якую проста й лягічна падсумавала Віялета: «Напрыканцы, "вядзерца" добра рыфмуецца з "сэрцам"!»

На тым і пагадзіліся... Вось толькі — а «сэрца» самое тут навошта? Ой, не! Нешта ня ўсё тут так проста! Вучылі нас калісьці, перад студэнцкай фальклёрнай практыкай, каб ані слова, ані літары ў запісваных творах не зьмянялі, бо ўсё ў народнай паэзіі да месца, усё мае сваё значэньне. Як у арнамэнце кожны кручок невыпадковы, так і ў песьні — кожнае слова. А тут — зь лёгікай нішто не сябруе! ...Вось толькі пачуцьці песьня ва ўсіх выклікае аднолькавыя: тугу ды смутак. І яшчэ чамусьці сьпяваць яе хочацца, вось і мармычам цэлымі днямі.

Недзе праз тыдзень падыходзіць да мяне Надзя Дробіна — і зноў пра песьню: «Такая ж жаласьлівая, як і ўсе нашыя...» Ды што ж гэта такое! І табе яна з галавы не ідзе? Пярэчу, што ня ўсе ж у нас такія, дастаткова й вясёлых, і жартоўных. У гэтай жа нешта такое, што нам так сэрца сьціскае...

Праз хвіліну-другую ізноў Надзя да мяне: «Слухай, я тут усё пра сэнс гэтае песьні думаю. Гэта ж трэба такая мэркантыльнасьць: хто вядзерца маё дастане, за таго й замуж пайду, раз яно ўжо такое залатое... Ну, так?» ...Вось далося нам гэтае вядзерца! «Надзейка, ну адкуль у нашых дзяўчат вёдры залатыя ўзяліся б?» (Так, было Вялікае Княства Літоўскае казачна багатай дзяржавай, але не да такой жа ступені!) ...А сапраўды, чаму яно менавіта залатое? — «Не, Надзейка, «залатое вядзерца» тут — нейкі вобраз, сымбаль...»

Вось толькі які? Нідзе, ніколі не сустракала такога. Нават у той кніжцы пра арнамэнт — там якіх толькі сымбаляў няма: і вазоны, і пчолы, і нават рогі. А вядзерца не прыгадваецца... А дзе ж яго знайсьці? Як зразумець гэтую песьню дзіўную, што спакою нам не дае? Яна, пэўна, уся на вобразах пабудаваная. А сэнс іхны даўно ўжо забыты...

І зноў я думкамі да дзядоў: ну, што вы тут наскладалі, што мы ніяк уцяміць ня можам? Давайце дапамагайце...

У наступную ж ноч на досьвітку бачу я сон: вось ідзём мы зь сябрамі па вуліцы нейкага канадыйскага гарадку. І раптам бачым: сярод крамаў — хата, як наша вясковая, на ёй шыльда вялізная: «Беларускія вырабы». Засьпяшаліся мы ў сярэдзіну. А там усё наскае, роднае. І бабулька старэнькая выходзіць да нас і кажа: «Даўно ўжо вас чакаю!» Абняліся мы зь ёю. Раптам я й пытаюся: «Бабулечка, дык а што ж гэта такое — "залатое вядзерца"?» А яна адказвае: «А "залатое вядзерца" — гэта тое, што адыходзіць ад нас і ніколі ня вернецца». І ўсё, і зьнікла. ...Толькі думкі мае закружыліся, пабеглі. І як быццам з зорак гаснучых ляцяць да мяне прамяні-думкі, пераплятаюцца з маімі, успыхваюць іскрынкамі-адказамі на мае пытаньні (кажуць, тэлепатыя!).

...Адыходзіць? ...Што ад нас «адыходзіць»? — Маладосьць... каханьне... радзіма... Ага, радзіма! «Упусьціла залато вядзерца» — згубіла радзіму! Згубіла тое, чым чэрпала жыцьцёвую сілу з гаючых крыніц. І сама «крыніца» — гэта вядомы ўсім вобраз зямлі нашае.

Згубіла радзіму... А чаму? Дзе гэта яна апынулася: за «туманам», «ярам», «даліною»? — А гэта ж за стэпам... Дык у палоне! Гэта ж вядома, як моцна дапякалі нам паўднёвыя і ўсходнія качэўнікі, разбураючы гарады й вёскі. А галоўнай іхнай здабычай былі людзі, каб прадаваць іх у далёкіх краінах у рабства: хлопцаў на цяжкую працу, дзяўчат — у гарэмы тутэйшых паноў...

А «дуб»?.. Дуб — ведаю, гэта сымбаль лесу, краіны лясное.

Вось і склаўся ясны вобраз дзяўчыны-паланянкі з таго краю, дзе лясы й дубровы, дзе крыніцы б'юць зь зямлі на кожным кроку (няйнакш, ліцьвінка, палачанка ці паляшучка!). Адвезьлі яе, гаротную, далёка-далёка стэпам — «ярам-даліною», — і цяпер сумуе яна па радзіме, «ня віднай» ёй «за туманам» адлегласьці й часу.

Ну, а «казак маладзенькі»? — Дык гэта ж яе жаніх... Ну так! Быў у дзяўчыны й жаніх. Цяпер зразумела, што «засмуціла» ягонае сэрца. Ну, і далей? — «Узваўся» ён «дастаць вядзерца». Ага, вызваліць з палону! Кінуўся ён у пагоню... Вось ён — старажытны закон нашых продкаў: дагнаць, адваяваць, вярнуць на радзіму! Галоўны выток жыцьцяздольнасьці нашага народу! Сьвяты запавет, які стаў нашай сьвятой «Пагоняй»!

Дый казак ня просты быў хлапец. Нездарма «казак» — вольны, значыць. Шляхціч ці князь. І дзяўчына была, відаць, князёўна. І былі гэта канкрэтныя людзі з канкрэтнымі імёнамі. І была гэта cапраўдная гісторыя, пра якую нехта склаў баляду. Людзі сьпявалі, а зь цягам часу канкрэтныя вобразы замяніліся на больш ёмістыя, дасьціпныя, абагуленыя. І да нас гэтая гісторыя дайшла ўжо звычайнай лірычнай песьняй.

Час так і не данёс, што здарылася з казаком. Ці загінуў ён недзе ў няроўным баі, ці таксама патрапіў у палон... А вось лёс дзяўчыны апісаны дакладна — адзінае, што засталося ад баляды (нездарма ж згадваецца менавіта «мора», а ня возера ці рака). Апошнія чатыры радкі так і засталіся нязьменныя — як даніна павагі і ўшанаваньне ўчынку свабоднага выбару свабоднае беларускае дзяўчыны — «Рагнедзінае ўнучкі».

Ну вось і ўся гісторыя. Хочаце — верце, хочаце — не.

А з вамі ніколі не бывае такога: быццам нехта нябачны вядзе вас па шляху пазнаньня — то кніжку патрэбную падсуне, то сустрэчу, то абставіны так складзе?

Лістапад 2002 г.

Краіна вольных волатаў

— А ў тваёй краіны ёсьць жывёлы-сымбалі?

— А як жа. Ёсьць. Два: бусел і зубар.

— Зубар? Гэта што такое?

— Гэта жывёла такая. Накшталт вашага бізона, але большы памерам. Ён жыве толькі ў маёй краіне. А некалі ў старажытнасьці нашыя князі наладжвалі ігрышчы: паляваньні на зубра, падобныя да гішпанскай карыды, але не на арэне, а проста ў лесе. Сьмельчакі выходзілі адзін на адзін з разьюшаным зьверам.

— О! Як гэта цікава! Раскажы нам пра зубра й пра старажытныя звычаі свае краіны. Толькі не цяпер. Няхай гэта будзе тваім хатнім заданьнем. Да наступнага ўроку прынясі свой пісьмовы «проджэкт».

...Ат, цягнуў мяне нехта за язык! Цяпер май клопат: хатніх заданьняў наагул не люблю, пісаць прыгожа ня ўмею, ангельскай валодаю слаба.

Распавядаць пра сваю краіну й зубрынае паляваньне ў ёй? Чужынцам... удалечыні ад радзімы... на чужой мове... Такое ж пад сілу хіба толькі Міколу Гусоўскаму!

Авохці мне! Вось успомніла! Вось нагода! Гэта ж трэба: амаль такія ж абставіны выклікалі дакладна такія ж пачуцьці ў майго выдатнага суайчыньніка! Але ў якой далечы вякоў: амаль што 500 гадоў таму. Толькі той выпадак быў шчасьлівы, вынікам таго кур'ёзнага здарэньня зьявіўся яскравы твор, узор высокай паэзіі, помнік прыгожага пісьменства, што належыць скарбонцы сусьветнае літаратуры. А ягоны аўтар быў прызнаны «самым таленавітым і самым адукаваным усходнім славянінам свайго часу ў Эўропе».

Мае ж дзёрзкія намаганьні параўнаць свае шкалярскія патугі з творчасьцю майстра скончыліся нічым. Таму мушу цешыць сябе ўспамінамі пра тую надзвычай адметную гісторыю, што адбылася з маім земляком, зноў і зноў знаходзячы асалоду ў прыгожых, дасьціпных радкох ягонае «Песьні пра зубра».

Але цікава, як гэта ўсё пачыналася?

...1521 год. Ватыкан. Рымскі папа Леў Х наладжвае забаўляльную імпрэзу для сваіх гасьцей — пасла з далёкае паўночнае краіны (якую дынастыя папаў узяла тады за звычай называць Alba Rosia) біскупа Эразма Цёлка (Вітэлюса) зь ягонай сьвітай. Як хацелася папу ўразіць чужынцаў новым відовішчам: тады яшчэ маладой італьянскай карыдай! Але нехта са сьвіты раптам заўважыў, што гэта нагадвае яму паляваньне на дзікага зубра ў ягонай краіне, чым і выклікаў шэраг цікаўных пытаньняў папы. Быў тут, у сьвіце, і Мікола з Гусава: сын палясоўшчыка й сам выдатны паляўнічы, ён пачаў апавядаць пра свае лясныя прыгоды. Уражаны папа папрасіў пасла падарыць яму чучала дзіўнага зьвера й вершаваную паэму пра яго (як было тады модна).

Біскуп адразу паслаў ганцоў да князёў Радзівілаў за чучалам, а Міколу было загадана ўвесь ягоны аповед запісаць на паперы, скласьці праўдзівы паэтычны твор пра зубра, краіну й паляваньні.

Гэты кур'ёз і выклікае заўсёды маю ўсьмешку. Як прыемна празь вякі пазнаць такі родны, з хітрынкай, гумар свайго суайчыньніка (альбароса), які сам апісаў і гэтую падзею, і свае адчуваньні:

Як і гаворыцца ў прыказцы мудрай, язык мой

Мой жа быў вораг. Праслухаўшы ўсё ў захапленьні,

Мне загадалі адразу ж узяцца за працу,

Каб успаміны свае, пераліўшы ў памер вершаваны,

Песьняй зрабіць і пра нас, і пра нашы аблавы.

Бачыце, я між паэтаў часовы абраньнік...

...і прыхапкамі авалодаць

Мушу нязвычнаю зброяй: той самай рукою,

Што налаўчылася лукам расьпісвацца, трэба

Ўмельства сваё праявіць і ў пісьменстве прыгожым.

З боязьзю нейкай, прызнацца, са страхам душэўным

Пёрка нязвыклае ўзяў, адчуваю: пад ношай

Гэтай бязважкасьці ніц упаду, бесталанны...

...Як жа мы з вамі згаворымся, лёгкія пёркі?

Мне, прызнаюся, шчэ змалку ваш голас знаёмы

Ў звоне стралы, на якой вы былі апярэньнем...

...Лепш бы ты сам пісанінай, чытач мой, заняўся.

Вось гэткім чынам і зьявілася на сьвет у 1522 годзе Сarmen de bisontis — «Песьня пра аблічча, дзікасьць зубра й паляваньне на яго», а па сутнасьці — песьня пра наш родны край, велічны гімн нашай радзіме, яе прыродзе, мужнай і прыгожай душы яе народу.

Напісаная на лаціне, тагачаснай міжнароднай мове, паэма мусіла распавесьці эўрапейцам пра нашу краіну, народ, ягоныя звычаі й сьветапогляд. І нам, нашчадкам, — стаць кронікай-сьведкай тагачаснага жыцьця. Але пасьля заўчаснае сьмерці галоўнага замоўцы — рымскага папы — кніга пабачыла толькі адно выданьне ў 1523 годзе ў Кракаве.

І на долю гэтае жамчужыны нацыянальнае скарбонкі выпала «шчасьце» аддаць даніну той фатальнай традыцыі, калі найлепшыя творы беларускіх мастакоў знаходзяцца недзе па-за межамі Беларусі й невядомыя сваім суайчыньнікам. Толькі праз чатыры стагодзьдзі паэма вярнулася на радзіму, але й цяпер цікавіць адно вузкае кола навукоўцаў.

Так і мяне асабіста закранула гэтая «прыкрая завядзёнка».

Некалі даўно (яшчэ за савецкім часам) юная выпускніца філфаку (якая нешта чула пра Гусоўскага й ягонага зубра на адной зь лекцыяў — ня больш за тое) праседзела, зьбянтэжа ная, на падлозе ля кніжнае шафы ўвесь дзень, са зьдзіўленьнем і захапленьнем гартаючы старонкі свае нечаканае знаходкі. Было гэта ні блізка ні далёка ў горадзе Цьвер (тады Калінін), дзе я гасьцявала ў свае сяброўкі. Ані яна, ані яе сям'я ня мелі ніякага дачыненьня ні да «беларушчыны», ні наагул да літаратуры ці гісторыі. Аднаго дня гаспадары пакінулі мяне «пасумаваць» адну ў хаце, і я палезла ў кніжныя паліцы...

Заварожаная маляўнічымі, трапнымі карцінамі аблаваў і пагоняў (у праўдзівасьці якіх бажыўся расказчык-паляўнічы), я забылася на ўсё, вандруючы па старонках гэтага «прыгодніц кага раману», што дыхалі водарамі родных пушчаў, рыкалі, бразгалі зброяй, поўніліся крыкамі паляўнічых. А я й ня ведала, што наш сымбаль — ціхі, лагодны, сонны бычок — быў тады грозным асілкам, такім велічным сваёй высакароднай лютасьцю ў барацьбе за права на жыцьцё!

Лютасьцю больш небясьпечны, чым люты драпежнік,

Зубр для людзей не страшны, не чапай — не зачэпіць...

...Зубр, як мы лічым спрадвеку, хоць зьвер, але ратнік,

Ён прызнае перамогу, здабытую чэсна.

Хутка да захапленьня дамяшаліся сорам і прыкрасьць: аказалася, я зусім ня ведала свае радзімы. Ды не, не Савецкага Саюзу, а менавіта тае дзяржавы, тае краіны, адкуль мае карані. Але й не таго краю, што як «выкляты Богам», што як яго «ўбачыш, дык крывавым сокам, не сьлязьмі заплачаш»...

Не — гэта была зусім іншая краіна! Я раптам патрапіла ў вандраваньне па цудоўнай, невядомай мне дагэтуль, чароўнай «тэра інкогніта», зь невядомай мне назвай (!), невядомымі яе ўладарамі, звычаямі, прыродай:

Ну, дык пакрочым на поўнач, у нетры лясныя.

Я, сьледапыт, павяду вас, бо мне гэта звычна.

Там і сустрэнемся з грозным, магутным асілкам.

Хай ён рыкне, і прарвецца ў радкі мае рэхам

Тое рыканьне — набудзе гармонію песьня;

Хай ён бадне ў мой радок, каб маглі мы разгледзець

Гэтае дзіва з абшараў Літоўскага княства.

Волатным целам сваім ён настолькі вялікі,

Што, калі раняць сьмяротна і ранены ўкленчыць,

Трох паляўнічых садзяцца ў яго між рагамі...

...Край наш — дзівосны прыстанак загадкаў і цудаў...

Гэта была краіна магутных волатаў — прыроды й чалавека, якія роўніліся сілай у барацьбе за жыцьцё. Краіна, дзе хлопцы-дзецюкі лічылі забаўляльным ігрышчам лютае спаборніцтва з разьюшаным дзікім зьверам: «Тут адпачынак і дзейнасьць спалучаюцца трапна й паразьвеюць навалу з душы. Паляваньне — найлепшы бальзам падупаламу целу й духу».

Гэта была волат-дзяржава, якой кіравалі мудрыя, справядлівыя гаспадары, якую баранілі мужныя, дужыя ратнікі, доблесьць сваю гартуючы ў спаборніцтвах і паляваньнях.

Выдумка гэта карэньнем сваім пранікае

Ў княжаньне Вітаўта ў годы найвысшага ўздыму

Княства Вялікалітоўскага...

...Так рыхтаваў свае раці да бітваў наступных...

...Сам справядлівы ва ўсім, ён па гэтай жа меры

Кожнаму мераў...

...Ён двуадзіны ў асобе вялікага князя —

Факельшчык войнаў са слабым, а з дужым анёл-міратворца

Ставіў аголены меч свой, як слуп пагранічны,

Перад нашэсьцямі ворагаў з поўдня і ўсходу.

Нават татарын, пакорліва ўнурыўшы голаў,

Лук свой зламаны яму аддаваў і тлумачыў,

Што, спаганяўшы ясак каля вотчын літоўскіх,

Сам станавіўся пачварнай здабычай літвінаў.

Быў літасьцівы да тых уладарцаў, якіх ён

Ставіў на княства па выбары ўласным і нават

Грознай Ардзе мог прыцыкнуць: знай меру, татарын!

Як знакаміты багацьцем і сілай Масковіі землі,

Усё ж і яны прымірэньня прасілі зь літвінам.

Турак з Таўрыды заўсёды цюкі падарункаў

Вітаўту слаў, прыхаваўшы свой клопат таемны:

Як бы задобрыць, улесьціць і гнеў не наклікаць

На галаву сваю з боку Літоўскай дзяржавы.

Тры каршуны, што наводзілі жах на паўсьвету,

Як пылюкі, перад ім нават ціўкнуць ня сьмелі.

Гэта была заможная, вольная краіна, дзе «перад законам і правам лясным на здабытак роўныя ўсе там — палюй, здабывай колькі можаш». Дзе селянін ці сын палясоўшчыка меў магчымасьць вучыцца ў любым унівэрсытэце Эўропы ці заняць пасаду ў дзяржаўнай службе.

Гэта была краіна адукаваных мастакоў і паэтаў, дзе духоўнасьць лічылася найвышэйшай каштоўнасьцю. Дзе паляўнічыя становяцца дыпляматамі, а дыпляматы пры выпадку — паэтамі.

Княжаньне Вітаўта лічаць усе летапісцы

Росквітам княства Літоўскага, нашага краю,

І называюць той век залатым. Разьбярэмся:

Мне так здаецца, што гэтай шаноўнаю назвай

Век той названы па простай прычыне: дзяржаўца

Перад багацьцем і шчасьцем зямным пастаянна

Ставіў багацьце духоўнае — злата дзяржавы.

Менавіта такая краіна здолела выстаяць перад нашэсьцямі Залатое Арды з усходу й адначасова крыжакоў з захаду.

І гэта была — мая краіна, наша краіна.

Яна — была .

Безьліч выпадкаў, прыгод і жывых успамінаў

Хваляй нахлынуць, палоняць душу — і здаецца:

Зноў ты вярнуўся ў той край, дзе пачатак пачаткаў

Сэнсу жыцьця і пачуцьця сьвятога — радзіма.

...Ці, можа, гэта толькі прывідзілася мне тады ў вячэрніх мроях ля тае кніжнае шафы: я бачыла постаці дужых людзей, апранутых у жупаны з шырокімі паясамі, з тварамі сьветлымі й строгімі, але знаёмымі да болю, як твары родзічаў (радзімічаў?). І глядзелі яны моўчкі, запытальна-дакорліва... Толькі вершнік адзін, стрымліваючы каня, праз бразганьне папругі й шпораў пагардліва кінуў: «У табе закісьне кроў тваіх дзядоў! Стаць дужым, як яны, табе ня выпаў лёс...»

Усё так... Нас ніхто ня стане прымушаць гаварыць на нашай мове. Але пакуль мы так і будзем размаўляць на чужых мовах — нас будуць лічыць «пагарджанымі, глухімі, сьляпымі». Пакуль мы будзем лічыць гісторыі іншых краінаў — Кіеўскае Русі ці дынастыі маскоўскіх цароў — сваёй гісторыяй, пакуль ня ўспомнім гісторыі нашае дзяржавы й ня станем ёю ганарыцца — мы на ўвесь сьвет так і застанемся рабамі-«манкур тамі» й ня будзе ў нас аніякіх шанцаў «людзьмі звацца».

Люты 2002 г.

Калі куляюцца нябёсы

Любіце Беларусь!

Беларусь адродзіцца любоў'ю.

Івонка Сурвілла

Дужыя мужчынскія рукі крэпка трымалі яе за кісьці. Звыклая падпарадкоўвацца ўсім моўчкі, яна пакорліва ішла сярод невялікага натоўпу незнаёмых мужчын. Страху не было: па вопратцы яна пазнала сьвятароў местачковае царквы. Аднак юнацкая цікаўнасьць прымушала яе выглядваць з-пад насунутай на вочы хусткі: куды й навошта яны вядуць яе?

Яны выйшлі на плошчу й накіраваліся да гарадзкой царквы. Ля царкоўнае сьцяны на зямлі сядзеў чалавек, басанож, без капелюша, у простай кашулі. Яна ніколі ня бачыла яго, але здагадалася: гэта той дзіўны жабрак, пра якога гаворыць усё мястэчка. Людзі кажуць, што ён, напэўна, — вар'ят: у яго ні кала ні двара, а ён жа ж ня хворы й не калека; малады здаровы дзяцюк— а працаваць ня хоча, адно бадзяецца па гарадох, зьбірае вакол сябе людзей і тлуміць ім галаву нейкімі байкамі. Але ці то час такі, ці то людзі зусім ужо з глузду пазьяжджалі: шмат хто слухае яго. Вунь і памагатых колькі ў яго сабралася, што цягаюцца разам зь ім. Бадай што такія ж лайдакі ды галота...

Чалавек сядзеў адзін. Яны падышлі да яго. Яна непрыкмет на пасунулася наперад і выцягнула шыю, каб за сьпінаю сьвятара разгледзець яго.

Ні на кога не зьвяртаючы ўвагі, ён спакойна й задуменна гуляўся са жвірам, нешта маляваў на зямлі.

...Аднойчы яна чула гаворку свайго мужа, вайсковага соцкага, зь ягонымі сябрамі. Яны гаварылі, што гэты жабрак — ніякі не вар'ят, ён толькі прыкідваецца прыдуркам. А зрэшты ён вельмі хітры. Але ім ён вочы ня засьціць! Хіба яны не разумеюць, што ён, насамрэч, — злодзей і арыштант, і хоча забіць цара, каб самому сесьці ўладарыць на ягоным месцы. Гэты самазванец называе царом сябе й баламуціць народ, каб схіліць на свой бок гэтых трутняў-галадранцаў. Але хутка яго арыштуюць і павесяць. І ўсю ягоную хеўру — таксама...

— Гэй! Валацуга! — заенчыў брыдкім тэнарам нехта з натоўпу. Яго падтрымалі іншыя, але старэйшы сьвятар узьняў руку, і ўсе змоўклі.

— Гэй, чалавек! — загаварыў сьвятар. — Мы прыйшлі пагаварыць з табою.

Чалавек павольна падняў галаву. Адкінуў назад валасы й пачаў спакойна разглядаць людзей, што адцягнулі яго ад важнае справы.

Цікаўнасьць апанавала яе, так хацелася разгледзець і зразумець гэтага дзівака. Ладны й стромкі. Простая даўгая кашуля. Валасы прамыя, даўгія. Звычайны твар. Але ж нешта было ў ім незвычайнае. Ці то ў выразе твару: спакойнага й лагоднага, і здавалася, быццам радаснага, хаця ён нават не ўсьміхаўся. «Сапраўды, блазьнюк», — падумала яна... Ці гэта нешта незвычайнае было ў колеры ягоных прыгожых вачэй і валасоў?.. Ці ў колеры ягонае скуры?.. Здавалася, што ня гэтае пякучае сонца асьвятляла ягоны твар, але быццам недзе ўнутры яго гарэла маленькая сьвечка, асьвячаючы ягонае цела. ...І вачэй такіх яна ніколі ня бачыла. Гэткі колер ён дзе ўзяў? Ці, можа, гэта ўсе людзі там, у ягонай краіне, маюць гэткую сінь у вачох? ...А можа, ягоныя нябёсы, у якія ён так любіць углядацца, падарылі яму гэткі колер?

...Людзі на рынку спрачаюцца. Многія кажуць: ён не блазьнюк, а проста шчыры чалавек. Ён прыйшоў з далёкае-далёкае краіны зь дзіўнай назвай «нябёсы». Кажа, што там усе людзі шчасьлівыя, там няма гора й нястачы, няма злодзеяў і ашуканцаў, бо там пануюць любоў і спагада. І яшчэ ён кажа, што й тут, калі людзі будуць лагоднымі й шчырымі, то змогуць жыць шчасьліва, як і ў той краіне...

— Мы прыйшлі запытацца ў цябе, — працягваў старэйшы сьвятар. — Вось ты ўсё вучыш людзей, як правільна жыць. Ты нават бярэш на сябе сьмеласьць касаваць і перарабляць нашыя старажытныя законы...

— Выгадная справа — прыкідвацца сьвятым! — зноў заенчыў той жа голас. — Гэта найлепшы сродак прыхаваць свае асабістыя грахі!

Старэйшына ізноў узьняў руку, суцішваючы нецярплівага.

Юнацкае сэрца доўга не сумуе. Яна ўжо ня мучылася пытаньнем, навошта ж спатрэбілася сьвятаром. Зь цікаўнасьцю сочачы за гэткай «размовай» (дзе адзін бок маўчыць), яна круціла галавой, як маленькая сінічка сярод вараньня. Ёй ужо рабілася забаўна: ці то з уважлівае абыякавасьці гэтага дзівака й ледзь прыкметных хітрынак у ягоных вачох, ці то з таго, зь якой сур'ёзнасьцю расьпіналася «шаноўнае спадарства» перад нейкім жабраком.

...Любоў і спагада?.. Гэта што такое — любоў?.. Яна ня ведала... І ў чым можа быць яе моц?

Калі яна была маленькай дзяўчынкай, то сябравала з такой жа маленькай козачкай. Гуляла й размаўляла зь ёй. Мыла й часала ёй шорстку. Гадзінамі сумавала, седзячы на лаўцы ля хаты, пакуль чакала яе з выгану... А потым бацька ўзяў зарэзаў козачку. Сказаў, што так патрэбна Богу.

Можа, маці яе любіла?.. Называла дачушкай, прыціскаючы да сябе, шкадавала яе. Часам уздыхала, расчэсваючы ёй косы... Але ледзь у яе акругліліся грудзі — аддалі замуж за гэтага брыдкага, ванючага старога дзядзьку. Кажуць, так патрабуе Божы закон.

А можа, любоў — гэта тыя «матылі», што пачыналі біцца крылцамі ў яе грудзёх, калі яна бачыла таго новага юнака ў царкве. Яна пазнала яго: ён быў сынам суседзяў яе бацькоў, яна часам гуляла зь ім у дзяцінстве. Цяпер ён стаў ладным, прыгожым хлопцам. Сёньня яна сустрэла яго на рынку. Ён падышоў да яе, сказаў: «Я пазнаў цябе. Ты стала прыгожай. А ты мяне помніш?.. Давай твой кошык, ён цяжкі. Я данясу яго да дому». «Матылі» так забіліся ў яе грудзёх, што яна нічога не змагла адказаць, толькі схіліла ніжэй галаву, каб за хусткай ён ня змог пабачыць здрадніцкіх вачэй і здагадацца пра «матылёў». Яны пайшлі разам. Але нават не пасьпелі нічога сказаць: амаль празь некалькі крокаў іх спынілі людзі. Хлопца адштурхнулі, а яе схапілі дужыя мужчынскія рукі... Хлопец моўчкі адышоў. Хто ж стане пярэчыць служкам Бога?..

— Ты лічыш сябе праведнікам, — працягваў старэйшына,— і павучаеш іншых...

— А ўчора ты еў вячэру нямытымі рукамі! А пазаўчора — учыніў бойку з гандлярамі ў царкве! — таропка пракрычаў уладальнік тэнару й запнуўся пад позіркам старэйшыны.

...Людзі на рынку расказваюць яшчэ больш дзіўныя рэчы. Кажуць, што ён — сын самога Бога. І што Бог паслаў свайго сына да людзей, каб той сказаў ім, што Ён, Бог, пра іх думае, і навучыў сапраўдным законам, і ратаваў іх ад грахоў.

Ну, як гэта можа быць?

Але чаго толькі не прыдумаюць людзі! Хіба ж можна верыць гэтым манюком — вандроўным гандляром, што брэшуць бяз сораму й страху! А то во яшчэ расказваюць: недзе ў сьвеце, далёка-далёка на поўначы, ёсьць дзіўная краіна. Там бывае так холадна, што вада ператвараецца ў камень. А зь неба замест дажджу падае белы пух. І зіхаціць ён, як дыяманты. Ды гэтак шмат яго нападае, што тоўстым бліскучым покрывам усьцілае скрозь усё навакольле: і зямлю, і дрэвы, і дамы. І ўсё становіцца белым-белым, сінім-сінім. А дыяманты тыя так зіхацяць, што ў вачох балюча. Як у казцы!.. Ну, ці ж гэтаму верыць? Байкі — дый годзе!..

— Паглядзі сюды, — старэйшына раптам павярнуўся да яе. Яна хуценька апусьціла галаву, як дзіця, якое толькі што нашкодзіла. — Вось кабета. Мы прывялі яе сюды, каб даведацца, што ты на гэта скажаш. Яна — грэшніца. Гэтая жанчына замужам, але сёньня мы засьпелі яе з чужым мужчынам. Яна любадзейнічала!

Яна ўздрыгнула. Што ён такое гаворыць? Гэта ж жахлівая мана! Яна нават слова таму хлопцу не сказала! А што «матылі» жывуць у грудзёх, ці ж гэта — грэх?!

Але яна ведала, што азначае такое абвінавачаньне. Яны такога не даруюць... «Матылі» зьбіліся ў цяжкі-цяжкі ком страху, і ён праваліўся ўніз.

— Наш закон гаворыць: такую жанчыну трэба забіць камянямі. Што ты на гэта скажаш? Што мы павінны зрабіць зь ёй?

Яна прыўзьняла галаву, з надзеяй шукаючы вачыма ягоны позірк. У яго такія добрыя вочы, ён ня можа быць жорсткім! І раптам яны сапраўды паслухаюць яго. А можа, тая любоў, што ўладарыць у ягонай краіне, падкажа яму, як зрабіць гэты цуд?

Урэшце, ён загаварыў.

— Калі ваш закон гаворыць так, то й рабіце. Грэшную душу трэба ачышчаць. Калі гэткай сьмерцю маеце ачысьціць яе, тады забівайце яе. Але сьвятое ачышчэньне павінен рабіць толькі той, хто сам чысты. Хто ня памятае за сабой ніводнага граху?.. То кінь тады камень першым.

Такое здрады яна не чакала. Юродзівы блазьнюк! Як яна памылілася!.. Мімаволі ўцягнула галаву ў плечы, ссунулася, стала адным маленькім камком жудаснага чаканьня...

Чакала доўга. З-за глыбока насунутай хусткі яна нічога ня бачыла. Толькі чула шолах жвіру пад нагамі людзей. Потым настала поўная цішыня. Паступова цікаўнасьць пабарола страх. Яна пачала падглядаць па бакох. Урэшце, скінула хустку на плечы й азірнулася. Вакол нікога не было.

Адзін чалавек сядзеў на зямлі й гуляўся са жвірам.

Яна стаяла, яшчэ ня верачы ў цуд, ня ведаючы, што ёй цяпер рабіць.

Чалавек узьняў галаву, адкінуў на плечы валасы й шырока ўсьміхнуўся:

— Гэй, дзяўчына! А дзе ж твае крыўдзіцелі падзеліся? — у вачох забегалі хітрынкі.

Яна толькі матнула галавой, ня здолеўшы што-небудзь сказаць.

— Ніхто не асудзіў цябе? — весела запытаўся ён. Ён гаварыў зь ёй проста, з лагоднай усьмешкай, як зь дзіцем.

— Не, — залыпала яна мокрымі вачыма.

— Дык і я не асуджаю цябе! — ён гарэзьліва падміргнуў і засьмяяўся. — Але, супакойся, далібог. Я ж ведаю, што ўсё гэта ня так.

Ніхто яшчэ не размаўляў зь ёй так. Ёй стала гэтак хораша, яна сьмяялася разам зь ім, і сьлёзы каціліся зь яе вачэй. А ў ягоных вясёлых вачох панавалі Любоў і Спагада. Шалёна забіліся яе «матылі», вырваліся з грудзей, панесьлі яе далёка-далё ка: некуды ў паднябесьсе, некуды ў краіну белае сухое вады й пухнатых дыямантаў...

— Спадар, а што мне рабіць цяпер? Куды ісьці?

— Го, дзяўчо! Ты ж — вольны чалавек. Усе людзі вольныя. Ты можаш ісьці куды хочаш і рабіць што хочаш... Толькі глядзі, больш не грашы! — ён жартаўліва пагразіў ёй пальцам і зноў засьмяяўся.

Яна хвіліну пастаяла задуменна й рашуча накіравалася да яго. Ён пасур'ёзьнеў, перавёў позірк дагары, нешта зашаптаў. Яна павяла вачыма туды, куды глядзеў ён, і раптам схамянула ся, спынілася, прыціснула рукі да грудзей, ледзь ня ўскрыкнула.

Што ўбачыла яна раптам у ягоных вачох, ці, можа, там, у нябёсах? Можа, пачула ўпарты тупы крык натоўпу: «Укрыжуй! Укрыжуй!»?.. Ці адчула жудасны боль ад цьвікоў, што ўздымаюць жывое цела ўгару, да нябёсаў?..

Спакойна і ўпэўнена яна падышла да яго, схіліла калені:

— Збаўца, можна я застануся з Табой, каб я магла мыць Твае ногі перад вячэрай?

Яна стрымалася. Ня выпусьціла з грудзей крык, што біўся цяпер там набатам: «Калі ў Тваіх вачох перакуляцца нябёсы, а верныя сябры паразьбягаюцца са страхам і сорамам, адракаючыся ад Цябе, — хто здыме з крыжа цела Тваё?! ...Акрамя мяне й Маці?»

* * *

О, Белая Русь! Хто здыме цела тваё з крыжа?..

Сакавік 2002 г.

Старая казка Новага году

Гэтая казка напісаная адмыслова для сёлетняе дзіцячае «Ялінкі». Рыхтуючыся да сьвята, старшыня Таронтаўскага аддзелу Згуртаваньня Беларусаў Канады Надзея Дробіна папрасіла мяне адшукаць інфармацыю, адкуль жа насамрэч зьявіўся Дзед-Мароз. І паколькі мы мелі моцную спрэчку па гэтым важным пытаньні, а шанцаў знайсьці сапраўдныя доказы за такі кароткі тэрмін у мяне не было аніякіх, я вырашыла скласьці гэтую гісторыю сама, спадзеючыся на сваю генэтычную памяць і нашыя родныя беларускія міты.

Аднойчы Вялікае Сонца закахалася ў Зямлю.

І стала Зямлі ад гэтага каханьня так цёпла-цёпла! Расталі на Зямлі адвечныя сьнягі й ледавікі. Пабеглі ручаі й рэкі. І заплакала Зямля шчасьлівымі сьлязьмі — цёплымі дажджамі. Ад гэтых дажджоў вырасьлі травы й дрэвы, лясы й сады.

Прыйшло Сонейка да Зямлі й прынесла з сабою сьвятло. Сталі дні доўгімі-доўгімі, а цемра адышла, і былі ночы зусім кароткімі. Такімі кароткімі, што амаль не было іх, бо Вячэрняя Зара з Ранішняй Зоркай у абдымку хадзілі.

Ад каханьня Сонца й Зямлі нарадзілася ў іх дачка Вясна. Ікалі прыйшла Вясна ў краіну яснавокіх русавалосых людзей— зацьвілі паўсюль на зямлі белым-белым цьветам сады, закрасавалі чырвоныя кветкі.

Вельмі ўзрадаваліся людзі цяплу й прыгажосьці: яснаму беламу Сонейку й чырвонай красуні Зямлі! Але ня ведалі яны, як цяпер жыць на зямлі. Тады прыйшоў да людзей другі сын Сонца й Зямлі — Ярыла. Прыехаў да іх на белым прыгожым кані. Ярыла навучыў людзей араць, сеяць жыта й гародніну, гадаваць жывёлу. А яшчэ навучыў ткаць з ільну лёгкія белыя кашулі й сукенкі ды вышываць на іх прыгожыя чырвоныя ўзоры, усхваляючы Сонца й Зямлю за падараванае імі Жыцьцё.

Слухалі людзі Ярылу. Навучыліся сумленна працаваць і карыстацца плёнам свае працы. І тады прыйшла да іх трэцяя дачка Сонца й Зямлі — Купалінка. Весялуха й прыгажуня, гарэза й удаліца, яна прынесла з сабой песьні й танцы, забавы ды гульні людзям для адпачынку й весялосьці. Яна вадзіла карагоды разам зь імі кароткімі летнімі начамі. А белымі-белымі ад росаў і туманаў сьвітанкамі шукала чароўную чырвоную Папараць-кветку, каб прынесьці людзям шчасьце.

І былі людзі шчасьлівыя.

А калі надышла восень, сабралі людзі добры ўраджай са сваіх садоў і палеткаў. Яны сьпявалі песьні й дзякавалі Сонцу й Зямлі за іхныя дары.

Але... але быў у Сонца яшчэ й іншы клопат, і адышло яно ў далёкія краі.

Сталі ночы доўгімі-доўгімі, а дні зусім кароткімі й хмурнымі. Заплакала Зямля горкімі халоднымі дажджамі.

Ізноў стала холадна-сьцюдзёна на Зямлі. Замерзлі рэкі й азёры, ізноў выпаў белы-белы сьнег. Прыйшла на Зямлю пара, калі на ёй пануе й кіруе Мароз.

І зьбянтэжыліся людзі, і спужаліся, што зьнікла Сонца назаўсёды. Што ніколі больш ня будзе цяпла на Зямлі. Што ня прыйдуць да іх ні Вясна, ні Ярыла, ні Купалінка. Думалі яны, што Мароз — гэта стары, злы, люты дзед. Бо бачылі ягоныя іскрыстыя вочы ва ўзорах на шыбах дамоў, ягоныя сівыя валасы пад белымі каптурамі ялінаў і бярозаў, ягоную доўгую сівую бараду, што ахінула іхныя палеткі.

Сталі людзі маліць і прасіць: «Дзед Мароз, не марозь нашых палеткаў і нашага зерня, бо тады ня вырасьце нашае жыта й ня будзе ў нас хлеба. Не марозь нашых садоў — бо ня будзе ў нас ні яблыкаў, ні грушаў. Не марозь нашае жывёлы — бо ня будзе ў нашых дзетак малака. І не марозь нашых дзетак, бо яны захварэюць і могуць памерці, і ня будзе ў нас тады будучыні».

Але... але Дзед Мароз зусім ня быў злы й жорсткі! Наадварот: ён быў добры й спагадлівы. Ён таксама любіў людзей і сумаваў у адзіноце. І калі пачуў ён, як просяць яго ў белым засьнежаным краі русавалосыя людзі, апрануў ён свой найлепшы белы жупан і чырвоны кунтуш, узяў поўны мех падарункаў, запрог свайго аленя й прыехаў да людзей.

І расказаў ён людзям, што зусім не злуецца на іх, і што халодныя доўгія ночы — гэта толькі часова, і што не замерзнуць палеткі й дрэвы — бо яны проста сьпяць і адпачываюць пад коўдрай белага пухнатага сьнегу. Раздаў Дзед Мароз дзеткам падарункі, навучыў іх гуляць са сьнегам, з канькамі ды санкамі. І весяліўся зь імі, і вадзіў карагоды. А яшчэ прынёс ён новыя песьні людзям і стаў сьвяткаваць зь імі новае сьвята — сьвята Новага году, новага календара, сьвята Калядаў.

Бо... бо якраз у гэты час, у гэтую чароўную ноч, недзе далёка-далёка Вялікае Сонца павярнула свой шлях да Зямлі. А гэта значыць, што яно абавязкова вернецца сюды. Ізноў прыйдуць да людзей і Вясна, і Ярыла, і Купалінка.

Ізноў зацьвітуць белыя сады й чырвоныя кветкі.

Ізноў будуць шчасьлівымі русавалосыя людзі ў пару белых сьвітанкаў і росаў...

І гэтак будзе заўсёды на зямлі, што завецца

Белая Русь.

Студзень 2003 г.

Дзе знайсьці сала для каляднае «казы»?

Ніколі ня ведаеш, што з табой здарыцца ў Канадзе яшчэ...

Часам расказваю сваім канадыйскім сябрам, што ёсьць такое нашыя беларускія сьвяты. Заўсёды гэта спэктакль: падрыхтаваны ці не, з убраньнем ці без, але заўжды поўная імправізацыя, камэдыя з адвольнымі сюжэтам і вобразамі, што нараджаюцца проста ў часе п'есы, нечакана й дасьціпна. Ня толькі ў сьвяты беларус заўсёды знаходзіць месца жарту ды імправізацыі, вечна іграючы нейкую камэдыйную ролю. Думаю, да знакамітае фразы «беларусы нацыя паэтаў» можна сьмела дадаць яшчэ й «нацыя камэдыянтаў».

Вось і Каляды — добрая нагода павесяліцца, «падурэць», адвесьці душу. І няважна, што мы так далёка ад месца нараджэньня Каляды — яна нашага дому ды не мінае.

Ці вяліш, гаспадђру, Каляду засьпяваці?

Ці так Калядзе даці?

Паколькі ў ніводную ноту зь «Яваровымі людзьмі» я не патрапляю, пэцкаць «зьвязду ясну», што «ўзыходзіла над Батлеем», ня меруся. А калядаваць хочацца... «Казьліную» прапанову адхіляю адразу: уражаная карцінным грымценьнем аб падлогу леташняе «казы» (Росьціка Бушкевіча), вырашыла, што майго таленту для гэтага традыцыйнага вобразу ня хопіць. Нешта не карціць мне ляскаць галавой аб падлогу. І таму мой удзел у калядных гастролях пад пагрозай...

Мы — хлопцы ўсе здатныя, з далёкага краю...

— Можна, я вам «зорку» буду трымаць? Ці ноты перагортваць?

А душа просіць нечага ўзьнёслага...

«Ірка, заўтра на «Ялінцы» будзеш цыганкай!» — гучала ў слухаўцы наўмысна строга й безапэляцыйна. Адмаўляць на просьбу кіраўніцтва — ня ў нашай завядзёнцы.

Ой-й, я — цыганка маладая,

А цыганка не прастая...

А што! Цыганка — якая прастора для фантазіі! Такога ў маім жыцьці яшчэ не было!

Паболей каляровых хустак на ўсе выпуклыя мясьціны, незьлічоная колькасьць пацерак, завушніцаў, бранзалетаў, такая ж колькасьць мурзатых дзяцей — чым я не цыганка!.. От, яшчэ б сьмеласьці й нахабства такую ж меру.

Ваша хата з гліны, з саломы падваліны.

Як гэту развалім, дык нову паставім!

Першы выхад на вялікую сцэну — я не патрапляю ня толькі ў ноты, але й ні ў адну фразу адрэпэтаванае дзеі. Не пасьпеўшы пераапрануцца пасьля папярэдняе ролі «бабы Евы», забываюся «за кулісамі» то на пацеркі, то на сваё «немаўля», таму бегаю туды-сюды пад выглядам «жывога дзеяньня».

Мы ня толькі самі ідзем —

Мы казу за сабою вядзем!

І тут у «казы» адвальваюцца рогі. (Вялікая творчасьць — яна не бяз ляпсусаў, прабачце...) І толькі цудоўны «анёл-ахоўнік» усяе падзеі ў вобразе адзінае цьвярозадумнае кіраўнічкі гурту Віялеты ратуе становішча, затыкаючы ўсе нечаканыя паўзы патрэбнымі фразамі й прыдумкамі.

А ну, козанька, пакруціся, павярціся,

Па ўсім гаспадаровым доме расхадзіся.

Дзе каза рогам — там жыта стогам!

«Каза» ў выкананьні Надзі Дробінай — нешта адметнае ў сцэнічным мастацтве! Гарэзьлівае дзяўчо, плястычная танцорка, што прымусіць кожнага пайсьці ў скокі, і раптам такое грацыёзнае падзеньне — рыхтык натхнёна паміраючая змагарка за народнае шчасьце з колішняга савецкага кіно.

Во-о-ой! Каза ўпала!

Здохла, прапала!

А што ж казе даці,

Каб каза ўстала?

Галосяць голасна каляднікі... І над неабсяжным канадыйскім харчовым раем грыміць запаветнае й амаль сакральна-недасяж нае: «Казе трэба даць САЛА!»

...А во цыганка яшчэ да нас завітала!

Я яшчэ лунаю ў аблоках, уражаная Надзіным талентам, і толькі адчувальны кухталь у сьпіну ад Віялеты выпіхвае мяне на авансцэну й вяртае на зямлю: «А пазалаці ручку, мой сярэбраны. А я ўсю праўду табе скажу...» Калі зараз не набрашу цэлыя кішэні шчасьця — з наступнага рэпэртуару выкрасьляць як ні на што ня здатную. (Страх — ветразь натхненьня!)

...Гэта ўжо потым, у хаце спадарства Ціханоўскіх, удзячныя паклоньнікі будуць валяцца ў нагах у Каляды побач з «казой» і шалёна выграбаць свае кашалькі, і грошы пасыплюцца ў бязьмерныя цыганскія кішэні (нехта суне мне крэдытовую картку, а нехта — 10-цэнтавы купон з Canadian Tire).

А ўдома ў спадароў Эльляшэвічаў нашая суполка зробіць яшчэ адно «адкрыцьцё» — акторскі талент самае малодшае ўдзельніцы імпрэзы — 6-гадовае Дамінічкі, што выконвала ролю майго мурзатага цыганскага дзіця, зьдзіраючы зь мяне ўсе спадніцы й хусткі ў законным патрабаваньні «Мамка, дай есьці!» І, як кожны год, будзе чакаць нас у хаце Эльляшэвічаў такая жаданая й такая смачная, ужо традыцыйная беларуская «бабка».

Дарэчы, у кожным доме нас чакалі гасьціннасьць і шчырасьць. І Каляда ўдзячная ўсім «гаспадаром» і ўсім удзельнікам сьвята!

Але ніколі ня ведаеш, куды цябе занясе наступны раз...

Каляда сто дарог прайшла,

Пакуль да Ніягары дайшла.

Пражыўшы тры гады ў Канадзе, я так і не наважылася пабываць на Ніягарскіх вадаспадах. І вось мы едзем калядаваць у тыя мясьціны. Але наведваньне вадаспадаў не ўваходзіла ў пляны Каляды: замала часу.

У горадзе Ніягара наш кіроўца Ігар Цітавец заблудзіў-такі— згубіў дарогу. Не ўпусьцілі мы магчымасьці пакпіць зь яго — маўляў, ледзь у Штатах не апынуліся.

...Зьбіраючыся дамоў, Надзя стала выпытваць дарогу ў гаспадара — Барыса Кіркі. Ігар ляпае мяне па плячы, кажа: «Ну, пабачыш ты сёньня Ніягару!» Успрымаю як жарт.

Але... — як я вам удзячная, сябры, за гэты падарунак! — мяне сапраўды прывезьлі да вадаспадаў, каб хоць кінуць на іх вокам. Дый самі не ўтрымаліся — павыскоквалі з аўта рабіць здымкі.

Ішоў сьнег, мяла завіруха, было _17°С. А мы жартавалі, сьмяяліся, іграючы нейкія свае вясёлыя ролі...

І яшчэ невядома, каму пашанцавала больш: мне — убачыць яе вялікасьць Ніягару ў грандыёзнай лядовай мантыі. Ці Ніягары — прыняць у сябе ў гасьцёх сапраўдную гарачую беларускую Каляду!

На нова лета радзі, Божа, жыта...

Цыганка Рына

з далёкага краю

Люты 2003 г.

Пасьля балю

Панядзелак і ў Канадзе цяжкі дзень. Відаць, гэта — паўсюдная зьява. «Human nature», — кажуць канадыйцы.

Але сёньня я кручуся на сваёй студэнцкай лаве ў школе ангельскае мовы больш за маіх аднаклясьнікаў. Уздыхаю й раблю памылак больш, чым звычайна: у галаве кружэньне, у розуме замяшаньне... Мая суседка — турчанка — пацяшаецца зь мяне й ціхенька хіхікае (бо ў клясе мае быць цішыня: мы робім практыкаваньне-тэст у абмежаваным часе, каб «адчуваць сябе пад стрэсам, як і на сапраўдным экзамэне»).

Яна ўжо ведае, што я — беларуска й што беларусы нечым адрозьніваюцца ад астатніх славянаў. І што гэтыя паўночныя дзіўнаватыя (калі не сказаць горш) людзі любяць зіму й сьнег, ходзяць па грыбы ў лес, як у супэрмаркет, у клясе сядаюць бліжэй да адчыненага вакна, а кпіны-жарты з настаўнікаў строяць з сур'ёзным тварам. Кожнага разу, як я выходжу з-за стала, ёй даводзіцца падсоўваць сваё крэсла, то аднойчы яна й кажа:

— Мне варта браць падатак за транзыт, як на Басфоры... Ты ведаеш Басфор? Кожны хоча валодаць гэтым пралівам, каб зьбіраць грошы за транзыт.

Я ўсьміхаюся й выстаўляю вялікі палец на знак таго, што жарт удаўся й я яго прымаю.

— Праз маю краіну таксама ідуць важныя гандлёвыя шляхі. Прыкладам, гоняць нафту па трубах з Сыбіру на Захад...

— Дык гэта ж пастаянныя грошы!..

— Пастаянныя войны! — перабіваю я яе, пляскаючы рукамі. — Кожны хоча валодаць гэтым кавалкам зямлі на дурніцу, каб не плаціць падаткаў за транзыт!

— «Раша»? — сьмяецца яна й выстаўляе вялікі палец.

...Сёньня, калі я чарговы раз заблытваюся ў сваіх паперах і, крэкчучы, уздыхаю, яна паказвае мне вялікі палец і глядзіць насьмешліва-запытальна. Я тлумачу:

— У суботу ў маёй «кам'юніці» была вечарына...

— У вас бываюць вечарыны?

— Ага. «Восеньскі баль».

— Здорава! У вас вялікая кам'юніці? Колькі вас было?

— Сто пяцьдзясят чалавек. Як ніколі. Ня ведалі, куды людзей садзіць.

— О! Відаць, крутая была вечарына! — хіхікае яна.

— Ага... Усё б нічога, але я вярнулася дамоў а чацьвёртай раніцы. А сёмай жа мяне ўжо пабудзіў тэлефонны званок... — (я ня стала ёй тлумачыць, як мой сябра Кастусь, пабачыўшы, што «ўсе верабейкі ўжо прачнуліся й нешта дзяўбуць», вырашыў, што й я ўжо на нагах).

— Ого! Вы так доўга гуляеце?

— Ведаеш, як калі. Гэтым разам было весела... — (менавіта апоўначы Надзейцы раптам закарцела «разьвесяліць» мяне... і апошняя электрычка мэтро мяне не дачакалася. А калі б той стол з музычнай апаратурай, урэшце, не зваліўся а трэцяй гадзіне — не дачакалася б, відаць, і першая.) — А потым мы, як заўсёды, прыбіраем залю, каб з раніцы ўсё было чыста да службы ў царкве.

— О-оў... — усьмешка сыходзіць зь яе твару, і яна ўтаропліваецца ў паперы. Цяпер яна будзе ведаць яшчэ, што беларусы— прыстойныя артадоксы.

Але таўчэ мяне ў бок:

— А што вы там рабілі, на вечарыне? танчылі? — глядзіць хітравата.

— Ня толькі. Быў канцэрт, канфэрансье...

— Артысты?!

— Так. Былі й прафэсійныя артысты. І нашыя сябры — таленавітыя, таксама кожнага разу выступаюць. У нас свой фольк-гурт ёсьць, і кожны, хто хоча, сьпявае, вершы чытае. Яшчэ конкурсамі рознымі забаўляемся...

— Якімі?

— «Беларуская прыгажуня», «Самая добрая жанчына»...

— Ты што-небудзь выйграла?

— Не. Мой сын выйграў другі прыз як «Беларускі асілак».

— А што ён рабіў? Дужаўся?

— Гарбуза вялізнага падымаў.

— Wow... Цікава ў вас... — і мы зноў паглыбляемся ў паперы.

Праз хвіліну таўчэ мяне ў бок ізноў:

— А вы п'яцё на вечарыне? — такі не сунімаецца яна. (Перад вачыма ўсплывае вобраз мілае сяброўкі Надзі...)

— То выпіваем. Вядома ж... — які ўжо раз на сёньня ўздыхаю я.

— А што вы п'яцё? Я чула, расейцы любяць гарэлку. Але ж ты — не расейка.

— Любяць гарэлку і ў нас. Мужыкі збольшага. А жанчыны п'юць віно. Я асабіста гарэлку не люблю.

— А колькі ты выпіла? Віна?

— А-а... у-у... — я замаруджваюся...

— Ну, колькі шклянак? — ёй здаецца, яна жартуе. А мне, ці дасьцё веры, ніколі ў галаву не прыходзіла лічыць шклянкамі (тым больш іхнымі)... Уваччу стаіць тая Надзькіна пузатая, памерам з добры гляк, бутля...

Раблю спробу схавацца за тварам прыстойнага артадокса...

— Ты што, ня памятаеш, колькі шклянак выпіла?! — рагоча яна.

Вяртаецца да сваіх папераў і, ня гледзячы на мяне, выстаўляе мне вялікі палец.

Праз хвіліну зноў таўчэ ў бок:

— А вы закусваеце? Ну, ясьцё на вечарыне?

— Так, у нас вячэра была.

— А што?

— Беларуская кухня.

— Праўда? А што менавіта? Што ў вас самае ўлюбёнае, вашае нацыянальнае?

Зноў я зьбянтэжаная:

— Ты б ня стала гэтага есьці...

— Сьвініна!

— Ну, ты ведаеш...

— А што, мяса як мяса, я спрабавала...

— Але я маю на ўвазе тлустую частку, белую. Ды ў нас іншая парода сьвіньняў, і вырошчваюць па-іншаму. Тут такога няма.

— А, ведаю: ham.

— Хутчэй: bacon. Белая тлустая частка. Вось такое таўшчыні.

— Але... — задумваецца. — Але як вы яго ясьцё?.. — бурчыць з кепска прыхаванай агідай.

— Мы прывыклі, — уздыхаю. — Гэта традыцыйна. Ведаеш, яно добра захоўваецца ў нашым клімаце. І ўзімку дае нам цяпло, разумееш, саграе.

Яна ківае галавой, губляючы давер да мяне... Але цікаўнасьць перамагае агіду:

— А як вы яго ясьцё? Асаблівыя стравы гатуеце? Варыце неяк, тушыце?

(Ха! Рэцэптаў хоча набыць?)

— Не-а. Толькі солім.

— Што?! — яе твар перакошваецца. — Што?! Вы ясьцё гэта с-ы-р-ы-м?!

Я моўчкі ківаю галавой. Яе твар зморшчваецца, вочы слупянеюць, язык высоўваецца на ўсю даўжыню, быццам на яго трапілі француская жабіна лытка з кітайскім вусенем разам і яна ня ведае, як іх пазбавіцца...

— Разумееш, мы прызвычаіліся, — паціскаю я плячыма. — Зь дзяцінства. У нас, калі немаўлятка падрастае, калі яго пачынаюць прыкормліваць — месяцаў у пяць-шэсьць, ага? вось — яму адразу даюць у руку сала... І яно так... сабе... смокча...

Poor!!! children!!! — пляскае яна рукамі й адварочваецца ад мяне да сваіх папераў.

...Праз колькі хвілінаў нашыя позіркі сустракаюцца. У яе вачох ізноў хаваюцца хітрынкі.

Poor children… — бурчыць яна, круцячы галавой.

Really poor… — падтакваю я ёй, і мы схіляемся над паперамі, выстаўляючы адна адной вялікія пальцы.

Лістапад 2003 г.

Не дражніце чарапахаў, не цягайце рыб за хвост!

Чыстая празрыстая вада. Хаця й чорная, што ноч. Ня ведаю чаму. Напэўна, каб на чорным фоне выгаднейшымі выглядалі яны. Яны — маленькія, ёмкія. Каляровыя, яркія, як цацачкі. Жывыя. Рухаюцца жвава — напоўненыя нейкай асаблівай таямнічай энэргіяй, вабяць абяцаньнем падзяліцца ёю. Я зачаравана сачу за імі... працягваю руку, падхопліваю адну зь іх — і адчуваю яе трапяткое цельца й такую невытлумачальную шчасьлівую дзіцячую радасьць!..

Рыбу голымі рукамі ловяць, як вядома, толькі вялікія рыбакі. Тыя, што па сумяшчальніцтве яшчэ й удалыя расказчыкі дома, на кухні, за добрай чаркай. Брахаць ня стану: так, гэта — сон. Сон, які паўтараецца зноў і зноў, які ходзіць мне ўсё маё жыцьцё.

А што вы сабе думаеце? Нешта-такі ў гэтым ёсьць. Рыба ў ва многіх культурах зьяўляецца нейкім сымбалем. Чынгіз Айтматаў у рамане «И дольше века длится день» падае эпізод, дзе герой прывозіць сваю цяжарную жонку да возера, каб выканаць яе дзівацкае жаданьне — патрымаць у руках жывую вялікую рыбу... Да возера мне ехаць не выпадала, калі была цяжарная сваім сынам, але кожную нядзелю цягалася на Cтаражоўскі рынак да таго кута, дзе гандлявалі менскія акварыюмісты. Там быў свайго роду клюб, і я гадзінамі назірала за гэтымі каляровымі істотамі — рухавымі падводнымі «кветкамі».

Першы свой акварыюм я купіла, калі мне было адзінаццаць, за грошы, якія мне давалі на школьныя абеды. Маме нічога не заставалася, як таемна паспадзявацца, што «гэта хутка пройдзе». Ані. За рыбкамі ў хату пацягнуліся ракі, трытоны, жабкі. А я занялася штудаваньнем усяе тагачаснае літаратуры па тэме— замест кніжак па школьнай праграме. Акварыюм не надакучваў ніколі. Дзіцячая забава ператварылася ў пажыцьцёвы «бзік» з тымі мілымі «мухамі ў галаве», безь якіх практычна пражыць-такі можна — але ж надта сумна.

Сын разам са мною стаў цягацца (а куды б ён падзеўся?) на «птушыны» рынак — сёе-тое купіць, паглядзець навінкі, паслухаць баек пра розныя дзівосы з «рыбінага жыцьця». Напрыканцы 1990-х на рынку зьявілася новая «цацка» — маленечкая зялёная, уся ў каляровых узорах, з чырвонай плямай ля вуха, чарапашка. Авохці мне!.. І я згубіла сон. Нават той, дзе лаўлю рыбу рукамі. Бо па цане тая чарапашка прыраўноўвалася да ювэлірных вырабаў. Сказалі хлопцы на рынку, што возяць тых чарапашак аж з самое... Канады!

Толькі вам па сакрэце на вушка й скажу, за якім ражном, насамрэч, мы пасунуліся сюды, у гэную Канаду. Тсс...

Першы ў Канадзе акварыюм — маленькі, 15-літровы — набылі здагадайцеся дзе? — правільна: на фры-маркеце. Некаму «ўжо прайшло»: зьнёс у мувінгрум нашага дому. Другі, ужо 120-літровы, сын прыцягнуў у навагодні падарунак. Раней, чым у нашай хаце зьявіліся ложкі.

Чарапахаў у крамах не было. Ані ў воднай. Нават у місісагаўскім Кітай-горадзе, найбуйнейшым акварыюм-цэнтры. Я спыталася ў прадаўшчыцы. «Дык а іх у нас ніколі не бывае. Яны наагул не прадаюцца». Яна перахапіла мой погляд на паліцу, заваленую жбанікамі з кормам, на якіх красавалася мая прыгажуня з чырвонымі вушамі... і паціснула плячыма: «Гандаль чарапахамі ў Канадзе забаронены».

Ёсьць у мяне адна прыхамаць: будзе якая-кольвечы экзатычная істота зьявіцца ў маёй хаце для сумеснага пражываньня — а я тыц! у Інтэрнэт: паглядзець інфармацыю пра яе: хто, адкуль і як яе гадаваць, як зь ёю сумяшчацца ў гэтай новай для ўсіх нас краіне. Вось самона — яна прыбыла з Мадагаскару. Хаворція — з поўдня Афрыкі. Норфалкаўская сасна — з выспаў Акіяніі... І вось табе дзіўная завядзёнка — нейкая патаемная змова ўпартае невядомасьці ахутвае нашую Беларусь: нават на гэтым узроўні апалітычных аматараў-натуролягаў. Ні на водным сайце я так і не знайшла інфармацыі, што red-eared turtle — чырванавухая чарапаха — родам з... здагадайцеся адкуль? — правільна... з палескіх балотаў.

...Летась зайшла ў краму, што ў Кітай-горадзе на Спадайне... і опа! аж села на задніцу — адзін акварыюм на падлозе кішэў чарапашкамі! (І да гэтае пары яны там ёсьцейка: відаць, нехта налаўчыўся разводзіць іх у няволі.) Малюпанькія, меншыя за даляр, коўзаюцца адна па адной... Маладая вясёлая кітаянка згрэбла іх рукой у місу й высыпала на падлогу мне пад ногі: «Выбірай! Тая твая, што хутчэй за ўсіх бегае! Здаровая, мусіць». Сядзім, глядзім на іх: яны ж падабраліся ў сваіх мяккіх панцырках, ня рухаюцца. Адна высунула галаву, агледзелася... і раптам са спрытам мышы — далібог! — панеслася ўпрочкі. Астатнія, як па камандзе, — уроссып! І мы на карачках — за імі: ловім, што тых прусакоў.

Было гэта на Каляды, то я так і ўспрыняла яе як калядны падарунак ад свайго анёла. А падарунак назаўтра зьнік. Зусім. Ну, спрытная ж: вылезла па фільтры з акварыюму, звалілася на падлогу й, пакуль нас не было ўдома, некуды зашылася... Праз два дні знайшоў яе мой сабака, як сякеру пад лавай: сядзела скурчыўшыся пасярод калідору. Пакуты без вады й ежы падаліся мацнейшымі за страх... У вадзе аджыла хутка. Празь нейкі час, падрослую, прыйшлося яе перасаджваць у асобны акварыюм: надта спрытна палявала на рыбак. І на ўсё, што вакола шаволілася.

Летась звоніць мая юная сяброўка Наташка:

— Зьбірайся. Заяжджаем за табой празь дзьве гадзіны.

— Куды яшчэ?

— У канойны паход. Хлопцы нашыя чарнавіцкія запрашаюць. Я сказала, што безь цябе не паеду.

...Хлопцы віталіся зь цёткай ветліва й аглядалі — як на мой «старэчы» погляд — з добра прыхаванай зьбянтэжанасьцю.

— Шо дывытэся? — выпаліла Наташка. — Яна — майстра спорту па веславаньні! Яшчэ форы вам дась.

Да ракі мы прыехалі, калі ўжо зьмяркалася. Затока, да якое мы падышлі, даклад