МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Мэмуары на эміграцыі: Крыніцазнаўчае дасьледаваньне. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2005. — 332 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кн. 4).

Аўтар: Юрэвіч Лявон
Год: 2005
Cерыя: “Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа, Даследчыя працы дзеячаў замежжа, Успаміны
Краiна: Аўстралія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Змест:

Бібліяграфіі

Бібліяграфія артыкулаў у газэтах «Бацькаўшчына» й «Беларус»

Уладзімер Дудзіцкі
«Даруй, што я плачу...»

Вольга Таполя
Лісты (1946—1948)

1. Юрку Віцьбічу
2. Юрку Віцьбічу
3. Юрку Віцьбічу
4. Юрку Віцьбічу
5. Юрку Віцьбічу
6. Юрку Віцьбічу
7. Юрку Віцьбічу
8. Юрку Віцьбічу
9. Юрку Віцьбічу
10. Юрку Віцьбічу
11. Юрку Віцьбічу
12. Юрку Віцьбічу
13. Юрку Віцьбічу
14. Юрку Віцьбічу
15. Юрку Віцьбічу
16. Юрку Віцьбічу
17. Юрку Віцьбічу
18. Юрку Віцьбічу
19. Юрку Віцьбічу
20. Юрку Віцьбічу
21. Юрку Віцьбічу
22. Юрку Віцьбічу
23. Юрку Віцьбічу
24. Юрку Віцьбічу
25. Юрку Віцьбічу
26. Хведару Ільляшэвічу
27. Хведару Ільляшэвічу
28. Юрку Віцьбічу

Раздзел: Прадмова

Гэта кніга прысвечана памяці аднаго пакалення з тых, каго энцыклапедыя Бракгаўза называе «асобы, якія па той ці іншай прычыне пакінулі сваю бацькаўшчыну з мэтай асталявацца на чужыне», а Максім Багдановіч ад свайго — і гэтых асобаў — імя напісаў: «Не рассталіся б мы з родным краем, каб было дзеля нас у ім хлеба…».
Прыбіраецца, патроху адыходзіць пакаленне эмігрантаў, якое зачапіла Другая сусветная вайна. Зачапіла маладосць, сталы ўзрост, дзяцінства. Адыходзячы, старэйшыя занепакоеныя: «Ці застануцца на Беларусі знакі ад цэлага нашага жыцця?», «Што будуць ведаць пра нас нашчадкі?». Тым часам, ніхто ніколі лепш не раскажа пра іншых, як сам чалавек пра сябе. Няма лепшых сведчанняў і дакументаў жыцця і дзейнасці чалавека, чым яго ўласнае сведчанне. Кніга ўспамінаў — найлепшы помнік і эпосе, і аўтару, асобны артыкул-успамін — мемарыяльная шыльда. Успаміны беларусаў-эмігрантаў «пакалення Другой сусветнай вайны» рупліва збірае, дбайна захоўвае і ўважліва вывучае Лявон Юрэвіч. «Бібліятэка Бацькаўшчыны» дае магчымасць беларускаму чытачу пазнаёміцца з другой часткай яго працы над vita memoriae (успамінамі жыцця). Кніга з’яўляецца лагічным працягам папярэдніх работ спадара Юрэвіча, прынамсі, манаграфіі «Літаратурны рух на эміграцыі», артыкула «Смерць у люстэрку беларускай літаратуры» і шэрагу бібліяграфічных даведнікаў. У выглядзе бібліяграфічнай інфармацыі тут упершыню ўводзіцца ў навукова-даследчы зварот агромністае нявыкарыстанае багацце беларускіх эміграцыйных мемуараў, якое можа стаць і стымулам, і асновай новых грунтоўных даследаванняў. А як прыклад рознага кшталту мемуараў і як самакаштоўная вартасць, поўнымі тэкстамі ў гэтым томе друкуюцца два аўтары — Уладзімір Дудзіцкі і Вольга Таполя, кожны па-свойму цікавіць і ўражвае.

Першае знаёмства з кнігай паклікала ўспамін аб Пабудове № 28.

Спякотны ліпень 1975 года. Археалагічная экспедыцыя пад кіраўніцтвам Леаніда Побаля капае старажытнае паселішча каля вёскі Тайманава, у Быхаўскім раёне. У раскопе паўзямлянкі VII—VI стагоддзяў да новай эры… прастакутныя па форме хаты нашых прашчураў. Хаты пустыя і засыпаныя пяском ужо больш як дзве з паловай тысячы гадоў. Асцярожна выбіраем рыдлёвачкамі і маленькімі шуфлямі запаўненне паўзямлянак: «чытаецца» спарахнелае бярвенне сценаў, астатняе — чысты пясок, знаходак няма. Сюрпрыз чакаў у апошняй пабудове, якая на генеральным плане паселішча была пазначаная № 28. Спачатку яе аконтурылі па ўзроўні тагачаснай паверхні, потым пачалі выбіраць запаўненне. Знаходкі пайшлі вельмі нечаканыя: цэлыя (!) збанкі — іх аж сем! Усе ляпныя (ганчарнага кола яшчэ не ведалі), цалюсенькія, стаяць радочкам уздоўж усходняй сцяны хаты, справа ад уваходу і перакулены донцам дагары. Прычым спачатку расчысцілі толькі тры — чысцілі доўга, асцярожна, нажом і пэндзлем. Падняўшы гэтыя тры, убачылі, што яны пакрываюць яшчэ тры, меншыя памерам, таксама перакуленыя збанкі. Потым натрапілі і на сёмую пасудзіну — маленькі гліняны збаночак — як цацачны. Такія пасудзінкі часам знаходзяць на Літве і Беларусі, але былі падобныя і ў старажытных егіпцянаў — у іх збіралі слёзы, наплаканыя ў час пахавальнай працэсіі, і ставілі разам з нябожчыкам.

Прачытаўшы кнігу Лявона Юрэвіча «Мэмуары на эміграцыі», вяртаюся ў думках да тых людзей, што пакінулі ў Тайманаве сваю хату: прыбраліся, акуратна збаночкі паскладалі і... зніклі ў часе. Яны былі непісьменныя, і іх мемуар, рэштачка іхняга жыцця — гэтыя перакуленыя збаночкі.

Беларуская мемуарыстыка на паперы пачалася ў XVI і пашырылася ў XVII стагоддзі. Успаміны ўсяго жыцця ці аднае вайны, далёкага падарожжа ці мясцовых закалотаў пакінулі наваградскі падсудак Хведар Еўлашэўскі, нясвіжскі князь Мікалай Радзівіл, берасцейскі поп Афанасі Філіповіч, шляхцічы Багуслаў Маскевіч, Адам Каменскі Длужык, Ян Цадроўскі… Творы іх часта заставаліся ў рукапісе, але часам рабіліся бестселерамі еўрапейскай мемуарыстыкі. Так, у 1601  г. у езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу была выдадзена на лацінскай мове кніга Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі «Hierosolymitana peregrinatio...» («Вандроўка ў Ерусалім») — мемуар пра падарожжа з Нясвіжа ў Святую Зямлю. У 1603 г. з’явіўся пераклад на нямецкую, а ў 1607 г. — на польскую мову. У 1614 г. лацінскі варыянт быў перавыдадзены ў друкарні Плантэнаў у Антверпене. Пазней былі зроблены пераклады на рускую мову — захаваліся 13 спісаў XVII — першай трэці XVIII ст. Частка тэксту «Вандроўкі ў Ерусалім...» зрабілася вядомай чытачу праз «Хроніку Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваніні і кнігу ўкраінца Іанікія Галятоўскага «Лебедзь са сваім пер’ем...».

XVIII і ХІХ стагоддзі далі, па падліках Адама Мальдзіса, больш за 200 мемуараў беларусаў на славянскіх (беларускай, польскай і рускай) мовах і яшчэ некалькі дзесяткаў на іншых еўрапейскіх. Сярод аўтараў вылучаюцца постаці берасцейскага кашталяна Марціна Матушэвіча і шляхціча Міхала Залескага з Лідчыны, віцебскага стольніка Казіміра Сарнецкага, пінчука Францішка Шырмы, канцлера Расійскай імперыі, славутага кампазітара Міхала Агінскага і віцябчаніна, юрыста і рэвалюцыянера Маўрыкія Маркса, мастака Эдварда Паўловіча.

Нядаўна мінулае ХХ стагоддзе дало новую хвалю мемуараў. Надрукаваны ўспаміны ўдзельнікаў лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцый і Другой сусветнай вайны, беларускіх літаратараў і мастакоў, партызанаў і военачальнікаў. Выдавецтва «Беларусь» з 1971 г. да канца 1980-х выпускала серыю «Мемуары». Але што да мемуараў эмігрантаў як усходняга накірунку (тых, хто выехаў у рэспублікі былога СССР), так і накірунку заходняга — яны заставаліся для нас terra incognita, невядомай краінай. Са з’яўленнем кнігі Л. Юрэвіча значная частка гэтай цемры асвятлілася. Дзякуючы выдадзеным тэкстам і навуковаму даследаванню аўтара, кожны наступны чытач «Мэмуараў на эміграцыі» зможа ўбачыць мінулае і спасцігнуць яго праз свой досвед, атрымае больш магчымасцяў для разумення сённяшняга Захаду і сённяшняй Беларусі. Відавочнай — на кантрасце — робіцца нявывучанасць мемуарыстыкі «ўсходняй» беларускай эміграцыі, хоць, напрыклад, толькі ў Санкт-Пецярбургу ў новым тысячагоддзі з’явіліся важныя для гэтай тэмы ўспаміны генерала-сувязіста Віталя Кананюка і прафесара-медыка Мікалая Гурына.

Надрукаваная ў «Мэмуарах на эміграцыі» бібліяграфія змяшчае 27 назваў асобных кніг, успамінаў і 171 мемуарны артыкул. Багацце сабранага матэрыялу Лявон Юрэвіч навукова сістэматызаваў, вылучыўшы жанры эміграцыйнай мемуарыстыкі, сярод якіх называе некралогі, аўтабіяграфіі, інтэрв’ю (гутаркі), ліставанне, анкеты, запіскі і занатоўкі, выступленні, прамовы, дзённікі, уласна ўспаміны. Шмат з таго, што прапанаваў даследчык, — гэта новае слова ў беларускім літаратуразнаўстве. Асабліва важным падаецца абгрунтаванне вартасці «ідэалізаваных падсумаваньняў жыцьця» — некралогаў — як літаратурнага жанру і як гістарычнай крыніцы, і, па словах аўтара, «сацыялягічнага інструмэнту». Прынамсі, з 776 улічаных Л. Юрэвічам некралогаў мы заўважылі толькі два, што прысвечаны шляхетным тытулаваным асобам, менавіта лорду Гарвеку і аднаму з Энгельгардаў. Пераважная большасць астатніх апавядаюць аб святарах, настаўніках, музыкантах, іншых «простых людзях». Праўда, тут хочацца выказаць крытычную заўвагу аўтару-складальніку, які пабудаваў шэраг некралогаў не ў алфавіце асобаў памерлых, а ў алфавіце аўтараў альбо (калі аўтар не названы) першых слоў тэксту. У выніку 256 пазіцый пачынаюцца са слоў «Сьв. памяці…» — каб адшукаць патрэбнае прозвішча, трэба перачытваць увесь спіс.

Публікацыя «Мэмуараў на эміграцыі», безумоўна, актывізуе цікавасць да самой эміграцыі і наблізіць чытача да разумення тых людзей, якія на працягу дзесяцігоддзяў захоўвалі нацыянальную ідэю, зберагалі гістарычную і культурную спадчыну. Няма сумнення, што гэтая кніга таксама працягне дыялог паміж дзвюма неад’емнымі часткамі беларускага народа: той, якой пашчасціла пражыць жыццё на зямлі сваіх продкаў, з аднаго боку, і дыяспарай — з другога.

Мікола Нікалаеў,
доктар гістарычных навук

Раздзел: Ад аўтара

У 1999 годзе ў Нью-Ёрку выйшла кніга «Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі». Яна складалася з уласна дасьледаваньня й дадатку. Матэрыялы, зьмешчаныя ў дадатку, ня толькі ілюстравалі тэарэтычныя палажэньні дасьледаваньня, але мелі і вартасьць гістарычных дакумэнтаў эпохі. Бальшыня зь іх — рукапісы са спадчынных архіваў, некаторыя  — публікацыі з пэрыядычных выданьняў, амаль недаступных сёньняшняму чытачу. У дадатку былі зьмешчаныя ўспаміны Апалёніі Радкевіч «Беларуская хатка», Сямёна Підгайнага «Беларусы на Салаўках», Юркі Віцьбіча «Не чарнілам, а крывёю» ды «Люблю я, разумееце, Віцебск», айца Льва Гарошкі «Праз навальніцы й нягоды», Зінаіды Кадняк «Успаміны пра Алеся Салаўя», Аляксандра Калодкі «Беларусы ў Аўстраліі»; жыцьцяпісы, аўтабіяграфічныя нарысы Натальлі Арсеньневай, Канстанціна Езавітава, Міколы Равенскага, Вячаслава Сэлях-Качанскага, Алеся Змагара, Уладзімера Брылеўскага, Юрыя Жывіцы.
Пасьля выхаду кнігі асваеньне й публікацыя беларускай эміграцыйнай мэмуарастыкі працягвалася; у «Запісах БІНіМ», № 24, 1999, былі апублікаваныя «Зацемкі на маргінэсе найноўшае гісторыі» з успамінамі а. Л. Гарошкі, А. Савёнак, аўтабіяграфіяй С. Хмары й ліставаньнем Вольгі Таполі; выдрукаваныя гутаркі з М. Ганько й В. Навіцкім (Юрэвіч Л. Вырваныя бачыны. Мн., 2001), успаміны А. Клёнава, аўтабіяграфія Янкі Юхнаўца (Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. Мн., 2002), аўтабіяграфія і ўспаміны Антона Адамовіча (Адамовіч Ант. Творы. Нью-Ёрк, 2003), разьдзел успамінаў Зоры Кіпель («Запісы БІНіМ», № 27, 2004), распачата публікацыя дзёньнікаў Янкі Юхнаўца (тамсама).

Кніга «Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі» знайшла свайго чытача — як на Захадзе, так і ў Беларусі, наклад разышоўся, і паўстала патрэба другога выданьня. У новым выданьні дапоўнена дасьледаваньне; зьмешчаны бібліяграфія мэмуараў, друкаваных у газэтах «Бацькаўшчына» й «Беларус» ад часу іхнага заснаваньня да 2000 году, і бібліяграфія нэкралёгаў і паведамленьняў пра сьмерць суайчыньнікаў — своеасаблівыя ўспаміны пра блізкіх памерлых («Жалобная хроніка»). У кнізе — поўная публікацыя незавершаных успамінаў Уладзімера Дудзіцкага й ліставаньня Вольгі Таполі. Выбар гэтых мэмуарных матэрыялаў дыктаваўся як багацьцем іхнага зьместу, так і выразнай жанравай адметнасьцю. Успаміны Дудзіцкага — на сумежжы мэмуараў і мастацкага твору. Лісты Таполі — яскравы прыклад вялікіх магчымасьцяў ліставаньня як мэмуарнага жанру: трагедыя жаночага лёсу раскрываецца і праз аўтабіяграфічныя нататкі, і ўспаміны, і дзёньнікавыя запісы.

Кніга «Мэмуары на эміграцыі» прысьвячаецца сьветлай памяці Зоры Кіпель.

Раздзел: V I T A   M E M O R I A E

*Гл. у «Gazecie Polskiej» за 1827 год сем артыкулаў пра пераклад адной страфы з Лефрана Пампіньяна. Лефран Пампіньян, з усімі сваімі пісаннямі наўрад ці заслугоўвае і простага ўпамінання ў гісторыі французскай літаратуры.

Лявон Юрэвіч

Думаньне адрозьніваецца ад думкі, як жыцьцё адрозьніва ецца ад жыцьцяпісу; неразгад жыцьця можа спасьцігацца толькі самім жыцьцём, ці то не разумнай думкаю, а жывым думаньнем...

Мужнасьць тае далёкае перароды высяленцаў ня гэтак у іхнае нязломнае стойкасьці проці бальшавізму й звышпрусізму, чым яны праўна ганарацца, тут рэч не ў палітыцы, а ў самой беларускай творчасьці; нягледзячы на ўсе тагачасныя трагічныя падзеі, беларушчына ня толькі не загінула, але яна пашырыла свае геаграфічныя межы й паглыбіла нашую ідэю, і гэта —найвялікшы подзьвіг тых людзей, якія ў самых неспрыяльных умовах духавытваралі нашую Беларусь.

Лявон Вашко2

Мэмуары — memoria — памяць...

Vita memoriae — жыцьцё памяці — успаміны...

Успаміны спадарожнічаюць чалавеку ўсё жыцьцё, на чужыне — тым больш.

Успамінамі пранізана беларуская эміграцыйная літаратура. Яны ўзбагачаюць жывымі фактамі палітычныя й крытычныя артыкулы. Яны натуральныя ў гісторыка-этнаграфічных нарысах. Яны — неад'емны элемэнт палемічных зацемак і фэльетонаў. Яны ўплятаюцца ў тканку навуковых дасьледаваньняў. На іх грунтуюцца мастацкія творы. Успамінамі пра адышоўшых поўняцца нэкралёгі.

Бясспрэчна важныя працы для кожнага дасьледчыка эміграцыі «Матар'ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гадах»3 і «Матар'ялы да гісторыі беларускага скаўтынгу» 4 Алеся Вініцкага ў значнай ступені сталіся магчымымі дзякуючы людзям, якія адгукнуліся на просьбу аўтара й даслалі свае ўспаміны.

Мэмуарныя сьведчаньні аўтара і ягоных карэспандэнтаў складаюць галоўную каштоўнасьць дасьледаваньня Юркі Віцьбіча «Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі» 5 — пры ўсёй значнасьці й вартасьці выкарыстаных у кнізе іншых гісторыка-літаратурных крыніц. Менавіта ўспаміны ўдзельнікаў барацьбы за незалежнасьць сталіся бясспрэчнымі дакумэнтамі эпохі замест зьнішчаных ці пахаваных ў сутарэньнях КГБ архіваў.

Ліставаньне, у прыватнасьці, Юркі Віцьбіча з айцом Львом Гарошкам, Ізыдарам Гуткоўскім, Антонам Адамовічам 6, багатае на цікавыя, калярытныя факты, малаведамыя ў Беларусі, — ці не павінна яно стаць у шэрагу ўспамінаў пра літаратурнае жыцьцё 20—30-х гг. побач з падцэнзурнымі ўспамінамі Янкі Скрыгана, Максіма Лужаніна, Сяргея Грахоўскага? А ягонае ліставаньне зь яп. Васілём (Уладзімерам  Тамашчыкам), С. Шнэкам 7 ці лісты Вольгі Таполі да Віцьбіча 8 ёсьць унікальнаю інфармацыяй пра нутраны сьвет і побыт у лягерох ДП, на самых пачатках эміграцыі.

Самыя цікавыя й каштоўныя старонкі кнігі Яна Пятроўска га з амаль барочным назовам «Тарас Сайка, ініцыятар і галоўны фінансавы ахвярадаўца на рэч перакладу й друку Бібліі на літоўскай мове»9 менавіта мэмуарныя, а не дасьледніцкія.

Яскрава выяўлены аўтабіяграфізм уласьцівы раманам Кастуся Акулы «Змагарныя дарогі», Масея Сяднёва «Раман Карзюк», Алеся Змагара «Случчына ў вагні», Міхася Кавыля «Із агню ды ў полымя», аповесьцям і апавяданьням Аляксандры Саковіч, паэме Ўладзімера Клішэвіча «Васіль Каліна».

Цяжка правесьці мяжу паміж героем і аўтарам у рамане Ўладзімера Глыбіннага «Вялікія дарогі», і, верагодна, мае слушнасьць Ч. Будзька, сьцьвярджаючы, што калі б аўтар не імкнуўся ўціснуць перажытае ў рамкі рамана, атрымаліся б успаміны, значна больш каштоўныя за раман.

У аўтабіяграфічнай мастацкай прозе замена імя аўтара на імя героя аўтаматычна пераводзіць твор у іншую катэгорыю й пазбаўляе права разглядаць твор як мэмуарны, хоць, у прынцыпе, нельга не пагадзіцца з назіраньнем Яна Чыквіна, што «амаль усе, зь невялікімі выняткамі, празаічныя творы беларускіх эміграцыйных пісьменьнікаў зводзяцца да ўспамінаў і дзёньнікаў, словам, да жанру аўтабіяграфічнага або парадакумэнтальнага» 10.

Дэталі асабістых успамінаў пісьменьнікаў, уплеценыя ў мастацка-публіцыстычныя нарысы11, набліжаюць чытача да падзеяў гістарычнай важнасьці, робяць яго саўдзельнікам аўтаравых адкрыцьцяў.

Шматлікія экскурсы ў «скарбонку памяці» пашыраюць межы літаратуразнаўчых дасьледаваньняў Антона Адамовіча, узбагачаюць іх. Так, менавіта ўспаміны дазваляюць Антону Адамовічу ня толькі паказаць разьвіцьцё творчасьці Алеся Салаўя, вызначыць асаблівасьці ягонага майстэрства, але і акрэсьліць жыцьцёвыя вытокі паэтавай сілы й слабасьці 12.

Ужо з пералічанага бачна, што ўспаміны ва ўсіх названых тэкстах — ня другаснае, не мэханічна прыўнесенае, а, наадварот, часам вызначальнае.

Такім чынам, можна сказаць, што «мэмуарнасьць» уласьцівая практычна кожнаму жанру беларускай эміграцыйнай літаратуры. Таму, прыступаючы да агляду эміграцыйных мэмуараў, неабходна, у першую чаргу, асэнсаваць і акрэсьліць сам панятак (тэрмін) «мэмуарная літаратура».

Мэмуарнымі будзем уважаць тэксты, якія маюць на мэце ўзнавіць, удакладніць на аснове ўспамінаў падзеі, зьявы, учынкі й характары пэўных асоб; тэксты (да іх залічым ліставаньне, прамовы, успаміны й г. д.), у якіх «мэмуарнасьць» — не дадатковы, а галоўны элемэнт зьместу.

Пры такім разуменьні «мэмуарнасьці» зь ліку мэмуарных тэкстаў выпадаюць дзёньнікі. І гэта зразумела, бо дзёньнікі фіксуюць, як правіла, дзень сёньняшні і ў часе напісаньня ня маюць мэмуарнага характару. Але з дыстанцыі часу, праз гады, дзёньнік усё больш набліжаецца да ўспамінаў і нарэшце зьліваецца зь імі: храналягічныя запісы падзеяў мінулага, зробленыя навочным сьведкам у той час, калі яны адбываліся, практычна не адрозьніваюцца ад аналягічных запісаў, узноўленых у памяці відавочніка праз гады.

Мэта гэтай працы, якая, можна спадзявацца, зьявіцца прыступкаю да наступных дасьледаваньняў, сьціплая — даць агляд мэмуараў беларускіх эмігрантаў, увесьці ў навуковы ўжытак тыя зь іх, што да гэтага часу заставаліся невядомымі, закласьці асновы бібліяграфіі й біябібліяграфіі беларускай эміграцыйнай мэмуарыстыкі.

Складанасьць у вывучэньні беларускіх эміграцыйных мэмуараў тая, што асноўная частка іх маладаступная, бо выдадзены былі яны вельмі нязначнымі накладамі, акрамя таго, друкаваныя выданьні на эміграцыі раскіданыя й сабраць іх цяжка.

Толькі параўнальна невялікая частка эміграцыйных мэмуараў перавыдадзена ў Беларусі ў зборніках 13, часапісах 14, выйшла асобнымі выданьнямі 15 і ўжо нават сталася тэмаю й зьместам навуковых дасьледаваньняў 16, трывала ўвайшла ў агульнабеларускі культурніцкі набытак17 . Асобныя ўспаміны, напісаныя па-за межамі Беларусі, упершыню сталі даступнымі чытачу, дзякуючы віленскім выданьням 18. Ёсьць і яшчэ адна, вельмі значная, частка беларускіх эміграцыйных мэмуараў, гэта — рукапісы, вядомыя нават спэцыялістам толькі ў вынятках ці аднымі назовамі.

Мэмуары — самы суб'ектыўны род літаратуры. Адна й тая ж падзея, адны й тыя ж асобы, іхныя ўчынкі, іхная роля ў грамадзкім жыцьці па-рознаму асьвятляюцца і ацэньваюцца сьведкамі. На гэта ўплывае і асабістая пазыцыя аўтара, і групавыя інтарэсы, і асаблівасьці людзкой памяці. Але, магчыма, галоўным тут зьяўляецца актыўнасьць памяці, яе здольнасьць творча пераўтвараць, рабіць адбор, ссоўваць пэрспэктывы. Мінулае ва ўспамінах азорана сьвятлом сёньняшняга, гэта значыць, таго часу, калі мэмуарыст узяў у рукі асадку й стаў запісваць свае ўспаміны. Мы можам убачыць мінулае й спасьцігнуць яго толькі вачыма сёньняшняга. Мабыць, меў рацыю амэрыканскі дасьледчык Рой Паскаль, калі пісаў: «Аўтабіяграфія — заўсёды ўзаемадзеяньне, пагадненьне паміж мінулым і сёньняшнім; яна, безумоўна, мае большае значаньне для разуменьня сёньняшняга, чым для адраджэньня мінулага» 19.

Часта мэмуарыст згадвае, што штуршком да напісаньня ўспамінаў зьявіліся падказкі, просьбы сяброў, родных, аднадумцаў. Мінулае ва ўспамінах — гэта не памерлае мінулае, яно ў пэўным сэнсе жыве й сёньня. Толькі дзякуючы мэмуарам праступае праз смугу часу канкрэтная карціна мінулага, застаюцца ў гістарычнай памяці постаці людзей зь іхнай непаўторнай адметнасьцю. Больш таго, часта толькі ў мэмуарах знаходзім зьвесткі пра невядомыя ці малавядомыя падзеі, пра забытых дзеячаў і зробленае імі для Бацькаўшчыны.

Менавіта таму, чым больш успамінаў пра той ці іншы факт, тым больш рознабакова, дакладна, аб'ёмна й разнастайна паўстане мінулае, тым больш аб'ектыўна можна будзе рэканструя ваць праўдзівую карціну.

Стваральнікі мэмуараў бачылі сваю задачу ў тым, каб перадаць нашчадкам навочныя сьведчаньні ўдзельнікаў тых падзей, пра якія наступныя пакаленьні могуць і не даведацца, захаваць тое, што, на іхную думку, сталася вызначальным у гісторыі Беларусі, зафіксаваць моманты хуткаімклівага жыцьця.

Васіль Рагуля: «Шмат хто зь беларусаў другога пакаленьня, асабліва з савецкай часткі Беларусі, мала абзнаёмлены з гэным пэрыядам жыцьця беларусаў пад Польшчай. Уступаючы іх настойлівым просьбам, пасьля доўгіх ваганьняў, я наважыў пасьвяціць вольны цяпер у мяне час на тое, каб аб'ектыўна й добрасумленна асьвятліць перад сучасным пакаленьнем працу Беларускага Пасольскага Клюбу й тагачасных палітычных дзеячаў, а таксама й настроі нашага народу»20 .

Яўхім Кіпель: «Этапы, сьледзтва... І сам у сябе пытаесься: ці варта пра тое ўспамінаць, ці варта цьвяліць незагойнае? І тут жа сам сабе адказваеш: і варта, і патрэбна, і гэта твой абавязак перадаць нашчадкам пра тое народагубства, якое адбылося на аднэй шостай зямное кулі на нашых вачах, і пра зьдзекі, якія давялося нам, беларусам, у гэтым стагодзьдзі перажываць» 21.

Баляслаў Грабінскі: «Адна з мэтаў маіх успамінаў — гэта апісаньне жыцьця паўночнае Сакольшчыны з часоў, калі я жыў там у маіх маладых гадох. Хачу аставіць сьведчаньне аб беларускасьці гэтае прасторы, каторая цяпер, падпаўшы пад польскую акупацыю, шпаркім ходам палянізуецца, асабліва тыя аколіцы, дзе выключна каталіцкае насельніцтва. Зьмяняюцца ня толькі мова й пераконаньні, але і ўсе аспэкты жыцьця, як у духовай, так і ў матэрыяльнай культуры» 22.

Ян Пятроўскі: «Якое ўсё тут дзіўнае, зусім не падобнае да таго, што пакінуў я там, на Бычковай вуліцы. А ўсё, знойдзенае тутака, неабходным ёсьць для майго духовага й народнага жыцьця. І ня толькі для мяне — для ўсіх, калі мы маем ацалець, як усе. Я ня бачу нічога іншага, што можна было б супрацьставіць, пераконваючы падобнаму пагляду» 23.

Вітаўт Кіпель: «8-га верасьня 1996 году. Ня раз даводзіцца чуць, што пара ўзяцца й за ўспаміны! Зора мне аб гэтым сказала ўпершыню бадай ці не дзясятак гадоў таму назад, г. зн. у 80-х гадох! Магчыма, што яно то й так, узяўшы пад увагу храналягічны век. Але, на жаль ці на шчасьце, чалавек (я!) ня чуецца старым, каб пісаць успаміны. Настрой яшчэ такі, што хочацца быць удзельнікам жыцьцёвага руху, а не сузіральнікам. Ходам думак, на мой пагляд, я яшчэ да 69-ці не дайшоў! Але дзеля «кволасьці памяці» варта тое-сёе прыпомніць.

Кожны чалавек, або, як сказаў бы Ант. Адамовіч, кожная асоба ўважае, што ягоны жыцьцёвы шлях — асаблівы, унікальны. У пэўнай меры яно так, бо кожны чалавек, кожная асоба перажывае за сваё жыцьцё нешта асаблівае, толькі яму дадзенае зь ягонымі эмоцыямі, успрыйманьнем. Таму кожныя ўспаміны — зусім не «пэрфэктны» дакумант, аднак маюць у сабе нешта адзінае — гэтай асобе ўласьцівае. У кожнага свая дарога ад мэтрыкі да нэкралёгу.

Найперш крыху агульных разважаньняў.

На маім жыцьцёвым шляху я акрэсьліваю некалькі выразных пэрыядаў. Пэрыяд дзяцінства-юнацтва, г. зн. ад часу, калі памятаю нейкія падзеі, асэнсоўваю, і да 1941 году. 1941 год, безь ніякага сумневу, пераходны, бо пачалася вайна — для майго пакаленьня незабыўная дата 22 чэрвеня, а па-другое, 3-га кастрычніка 1941 г. я папаў у іншы сьвет — сьвет Захаду, хоць у той час гэты Захад у абліччы нацыстоўскага жаўнера нічым не адрозьніваўся ад усходняга савецкага. Безсумнеўна, той заходні немец-фашыст тады быў страшнейшы за «нашага» (хоць «нашым» савецкае я ніколі не ўважаў!) савецкага чырвонаармей ца. Такім парадкам першы этап майго жыцьцярысу — гэта Менск 1927  — Арол 1941 з рознымі прыпынкамі на гэтым храналягічным адрэзку часу.

Другі этап — гэта гады вайны, 1941—1945. Гады выразна асобныя, халодныя, страшныя, якія, не памылюся, калі скажу, зь юнакоў і юначак зрабілі загартаваных дарослых, а для мяне асабіста сталіся пачаткам новае філязофіі, новага пагляду на жыцьцё — усё праз прызму беларуса-незалежніка. І перад вайною беларускасьць была краевугольным паглядам у маім тады дзіцячым сьветаглядзе: я цікавіўся, хто з выдатных футбалістаў быў беларусам, зьбіраў маркі з тэмаю БССР, сачыў, калі ў Маскве адбываліся розныя беларускія «дэкады» ды ведаў, што й кола блізкіх сяброў сям'і было беларускім — беларусаў нейкіх іншых, ня толькі «пашпартных». І тым ня менш, я нічога ня ведаў пра беларускую гісторыю, дзяржаву. Гэтыя веды, а зь імі й беларускі дзяржаўніцкі пагляд, я скрышталізаваў у беларускай школе ў часе вайны ў 1942—1944 гг.

Пэрыяд трэці — гэта эміграцыя. Ад 1944-га. З рознымі этапамі: Нямеччына, Бэльгія (ці наагул — Заходняя Эўропа), ЗША, Канада  — Амэрыка Паўночная.

І пэрыяд апошні, з 1991 году — разам зь Беларусьсю.

Чым гэтыя ўспаміны вырозьніваліся між іншымі? Гэта тое, што я ад калыскі — літаральна — на ўсё глядзеў зь беларуска га гледзішча. Я шукаў прысутнасьці беларусаў усюды, я ўсюды заўважаў беларускасьць, мне хацелася, каб беларускасьць усюды была адзначаная. І я рабіў, што мог, каб яе адзначыць! Яперажываў, калі яе не заўважалі, а яна была. Тым розьніца маіх успамінаў — што яны ад пачатку да канца — погляд беларускае душы. Я жыў усё жыцьцё Беларусьсю.

Магчыма, гэтыя накіды лепш не называць успамінамі, а беларускімі эпізодамі на жыцьцёвым шляху. Выглядае так: жыцьцё йдзе — сям'я на гэтым шляху стаіць на першым месцы. А затым ідзе «беларуская справа» — кантакты з беларусамі, зь Беларусьсю.

Што рабіла «нацыянальна сьведамым»?

Сям'я — адназначна.

Асяродзьдзе — 1941—1945 гг.

Эміграцыя — толькі зь беларусамі!» 24.

У аўтараў успамінаў звычайна адсутнічае пачуцьцё мэсіянства, сваёй выключнасьці ў беларускім руху. Як сказаў Барыс Рагуля, «я хачу пазьбегнуць памылак іншых, што ў сваіх успамінах расказваюць пра мінулае так, быццам бы яны, аўтары ўспамінаў, вызначалі ход падзеяў. Я перакананы, што калі б не было мяне, нехта іншы выканаў бы маю ролю. Магчыма, у іншай форме, але канчатковы вынік быў бы той самы»25.

Трэба зазначыць, што часамі нададзеная нам звонку й прызнаная намі самімі беларуская сьціпласьць, якая сталася ўжо традыцыйнай у характарыстыцы беларуса, адыгрывае далёка ня лепшую ролю: шмат хто зь дзеячаў эміграцыі й сёньня лічыць нявартым шырокай увагі грамадзкасьці свой уласны досьвед, свой жыцьцяпіс, а праз гэта й не бярэцца за напісаньне мэмуараў. Адзін з выпадкаў, калі ўсё ж настойлівасьць, упартасьць сваякоў і блізкіх дасягнулі мэты і ўспаміны былі напісаныя, — выпадак зь Львом Акіншэвічам. Але й тут ён, нават пачаўшы пісаць, не перастае сумнявацца ў вартаснасьці сваёй працы: «Мушу сказаць, што навагу напісаць успаміны я прыняў не безь некаторых хістаньняў ды крыху пад націскам. Я й цяпер ня пэўны, ці мае ўспаміны маюць вартасьць, бо ж я не належу да людзей, якія «робяць» гісторыю, да правадыроў і дзеячаў, што прысьвяцілі сваё жыцьцё, каб дасягнуць пэўную мэту, ды апісваюць свой шлях да гэтае мэты»26.

Мэмуары, створаныя на эміграцыі, — гэта вялікі й пакуль што амаль не крануты дасьледчыкамі цалік у беларускай гісторыі, літаратуры, этнаграфіі, культуры. Цалік, які захоўвае зьвесткі пра невядомыя альбо малавядомыя на Бацькаўшчыне падзеі, рухі, арганізацыі, дзейнасьць пэўных асоб і вымагае новага пагляду на гісторыю. Як слушна заўважыў Вітаўт Кіпель, гаворачы пра спэцыфіку літаратуры на выгнаньні, «эмігранцкі пэрыядычны друк выдрукаваў вельмі шмат матэрыялаў і для Мартыралёгу Беларусі: дзясяткі прозьвішчаў і мясцовасьцяў, пацярпелых ад раскулачаньня, сотні ўспамінаў аб розных канцлягерах, малаведамыя здарэньні на вёсках — супраціў русыфікацыі, саветызацыі — адлюстраваны, пры гэтым найчасьцей навочнымі сьведкамі тых падзеяў і здарэньняў. На мой пагляд, эмігранцкі друк — выдатная крыніца рэгістрацыі Мартыралё гу Беларусі. Таксама варта адзначыць, што падзеі Другой сусьветнай вайны, як на Беларусі, гэтак і на баку аліянтаў, засьведчаныя на эміграцыі. Прыкладам такі факт: у бітве пры горадзе Арнэме ў Галяндыі ў 1944 годзе першыя парашутысты з брытанскага боку былі беларусы. Удзельнік тых баёў пры Арнэме Васіль Дурэйка падзеі апісаў. Альбо апісаньне баёў пры Монтэ-Касіна, дэтальна выкладзенае Пётрам Сычом»27.

Сапраўды, калі ўзяць толькі падзеі Другой сусьветнай вайны, то бачна, што яны дастаткова шырака асьветлены ў беларускіх савецкіх мэмуарах, але ёсьць яшчэ іншыя пагляды на гэтыя ж падзеі, таксама пісьмова засьведчаныя, — пагляды й тых, каго называюць калябарантамі, і тых, хто змагаўся ў арміях аліянтаў, у атрадах французкіх макі, і тых беларускіх нацыяналістаў, што проста рабілі беларускую справу й не далучаліся ні да аднаго зь лягераў.

Менавіта пра гэта ўжо ў першым нумары свайго часапісу «Зважай» пісаў Кастусь Акула: «Што цікавага памятаецца з апошняе вайны? Дзе б вы ні былі — на акупаванай двума ворагамі бацькаўшчыне ў вайсковым мундзіры ці ў цывільным, змагаліся ў каторай хаўрусьніцкай арміі, — напэўна, былі сьведкамі выпадкаў, пра якія варта напісаць, а можа, і напісанае выдаць. А калі ж вам здаецца, што вартаснага ня маеце, дык, пэўна, ёсьць у вас сябры ці знаёмыя, якія штосьці могуць прыгадаць.

У беларускай паваеннай нацыянальнай літаратуры, за малымі выняткамі, дарэмна шукаць будзеце дакумэнтальнай літаратуры, якая б дала чытачу вобраз беларускага збройнага змаганьня супраць акупантаў на бацькаўшчыне, зьдзекаў і зьверства бальшавіцкіх партызанаў і немцаў у адносінах да нашага цывільнага насельніцтва, дзейнасьці гэтак званай польскай Арміі Краёвай (асабліва Лідчына і іншыя сумежныя раёны) або ўдзелу беларусаў у хаўрусьніцкіх арміях. Трэба згадзіцца, што гэта недапушчальны прабел.

Ёсьць жа між нас вялікая колькасьць жывых сьведкаў важных гістарычных падзеяў, што чулі й бачылі ды самі бралі ўдзел у змаганьні на шматлікіх франтах. Шматлікія зь іх носяць у памяці скарбы-ўспаміны, што могуць быць вельмі карыснымі для гісторыкаў гэнага трагічнага для Беларусі пэрыяду.

Каб уявіць вартасьць запісаных, апрацаваных і выданых успамінаў з часоў вайны, гляньма ў іншы бок.

Каляніяльныя маскоўскія акупацыйныя дзейнікі на нашай бацькаўшчыне прысьвяцілі шмат сілаў і матэрыяльных сродкаў пераважна на гэтак званую дакумэнтальную («роднапар тыйную») літаратуру, каб паказаць нашу Беларусь як краіну бальшавіцкіх партызанаў, на сто працэнтаў ляяльную Маскве, што пралівала рэкі крыві, каб вярнуць зьненавіджаны савецкі лад, уключна з ваяўнічымі бязбожнікамі, канцлягерамі сьмерці, праклятымі кагэбэшнікамі й сталінскімі прыгоннымі калгасамі, русыфікацыяй, духовай галечай і шматлікімі іншымі маскоўскімі «благами».

Трэба прызнаць, што маскоўскія «роднапартыйцы» пры помачы бэсэсэраўскіх паўзуноў змаглі паказаць ваенную Беларусь у такім агідна-крывым сьвятле, што непаінфармаванаму чужынцу або нават і нашай моладзі, што на эміграцыі вырасла, і ў галаву нават ня прыйдзе думка, што Беларусь не была абсалютна паслушная маскоўска-бальшавіцкай пачвары.

А дзе праўдзівае адлюстраваньне падзей? Яго няма. І ў гэтым наша вялікая й непрабачальная віна. Ці мы й далей можам пакінуць гэтую дзялянку без увагі? Безумоўна, што не. Мусім выканаць свой абавязак перад нашчадкамі й неадкладна ўзяцца за працу»28.

Кастусь Акула меў рацыю. У 1957 годзе ў Лёндане выйшла кніга ведамага ангельскага пісьменьніка Энтані Рычардсана «Няма дзе пакласьці сваю галаву»29 , у прадмове да якой доктар Отта Гейлбрун адзначаў, што пра беларускіх партызанаў напісана багата працаў, а вось антыпартызанскае змаганьне амаль што не знайшло свайго адлюстраваньня ў літаратуры, і кніга Рычардсана запаўняе гэты прабел30. Пра што кніга і якое яна мае дачыненьне да беларускіх мэмуараў, тлумачыць ва ўступным слове аўтар.

Гісторыя, што лягла ў аснову кнігі, адбылася насамрэч. Э. Рычардсан сустрэў яе героя, Сашу Нёмана (Sasha Nioman), які жыў на той час у Брайтане зь сям'ёй і працаваў на заводзе, дзякуючы свайму сябру-драматургу, што палічыў гісторыю Сашы вартай запісу з тым, каб пазьней яна сталася сцэнарам фільму.

Сашу было шаснаццаць гадоў, калі ягонага брата Міколу партызаны прымусілі пайсьці ў лясы. Сам ён, ратуючы сваю сям'ю, запісаўся ў 34-ы батальён мясцовай паліцыі, які ўзначальвалі афіцэры вэрмахту. Э. Рычардсан апісвае барацьбу з партызанамі, калі кожны рэйд у лясы мог паставіць перад выбарам — забіць брата ці загінуць самому, вынішчэньне вёсак савецкімі войскамі, сьмерць шасьцісот бяззбройных жыхароў— толькі адзінкам пашчасьціла выратавацца. Саша ўцякае ў Францыю, дзе паступае ў антытэрарыстычны атрад. Яго вяртаюць на фронт, але там ён затрымліваецца нядоўга: неўзабаве афіцэры атраду дызэртуюць, і Саша йдзе да амэрыканцаў, каб скласьці зброю. Называючы сябе палякам, атрымлівае дазвол стаць жаўнерам польскай арміі, трапляе ў Італію, дзе змагаецца ў шэрагах брытанскіх войскаў.

Э. Рычардсан сьцьвярджае, што ў кнізе зьмененыя толькі імя Сашы ды назва ягонай роднай вёскі, усё ж астатняе — запіс успамінаў беларускага героя.

Посьпех кнігі, шокавае ўражаньне ад бэлетрызаваных успамінаў, безумоўна, сьведчылі ня толькі пра няведаньне на Захадзе сапраўднага стану рэчаў у Беларусі, негазэтнай гісторыі монстра — Савецкага Саюзу, але й пра магутны, нерэалізава ны патэнцыял беларускай мэмуарыстыкі.

Храналягічна мэмуары беларускіх эмігрантаў ахопліваюць прамежак часу ад пачатку й да 90-х гадоў ХХ стагодзьдзя.

Сярод эмігрантаў, што пакінулі бацькаўшчыну пасьля Другой сусьветнай вайны, было мала тых, якія бралі ўдзел у беларускім руху да Першай сусьветнай вайны. З гэткіх на эміграцыі апынуліся Васіль Шчорс, Мікола Шыла, Эдвард Будзька, Радаслаў Астроўскі, Васіль Рагуля, Янка Станкевіч. І паколькі сярэдні ўзрост паваеннай эміграцыі быў адносна малады, успаміны, прысьвечаныя дарэвалюцыйным падзеям, беларускаму жыцьцю таго часу адзінкавыя 31.

Аўтары большасьці мэмуараў імкнуліся апісаць увесь свой жыцьцёвы шлях, а таму многія ўспаміны бяруць свой пачатак на Беларусі, а заканчваюцца ў краінах Амэрыкі, Аўстраліі, Эўропы, узнаўляючы, такім чынам, значны пэрыяд беларускай гісторыі. Да такіх належаць мэмуары Леаніда Галяка, Яна Пятроўскага, Кастуся Мерляка, Яўхіма Кіпеля, Юры Весялкоўскага.

Іншыя аўтары абмяжоўваюць свае ўспаміны пэўным акрэсам часу. Так, Уладзімер Дудзіцкі 32 стварае мастацкі аповед пра зьнішчэньне беларускай інтэлігенцыі, пра зьнечалавечаньне асобы ў савецкіх турмах і канцлягерах. Вінцэнт Жук-Грышкевіч 33 занатоўвае, як ён сам гаворыць, «пяць абразкоў успамінаў — адзін зь Першага Ўсебеларускага Кангрэсу й чатыры зь сьвяткаваньня 25 Сакавіка ў розных часох, розных мясцох і абставінах». Масей Сяднёў34 апісвае Беласток у часе вайны. Успаміны Пётры Сыча35 — пра адзін з эпізодаў Другой сусьветнай вайны36. Барыс Рагуля37 расказвае пра шляхі беларускай моладзі на эміграцыі, пра беларускае студэнцтва на чужыне.

Ёсьць і мэмуары эмігрантаў, якія пакінулі бацькаўшчыну ў раньнім узросьце і якім давялося ўбачыць яе зноў у сталым веку. Гэта, напрыклад, кніга «Што я бачыў у Савецкай Расіі» Менскага Мужыка38, аўтар якой, даўні жыхар Амэрыкі, выбраўся турыстам на бацькаўшчыну і апісаў пазьней свой побыт там: «Летась я здолеў зьдзейсьніць сваё даўняе жаданьне — адведаць радзіму, якую я пакінуў у 1913 годзе, калі мне было толькі 18 год»39.

Усьведамленьне эмігрантамі важнасьці архіваў і мэмуараў выявілася даволі рана. Яшчэ ў перадваенным часе ў Празе Васіль Русак, апрацоўваючы зборнік песьняў, пісаў: «Зборнік гэны ўложаны выпадкова. Паміма песень і народных танцаў агульнадаступных і аўтараў вядомых, увайшлі матэрыялы зусім малавядомых аўтараў. Матэрыялы рукапісныя назьбіраліся ў Беларускіх загранічных архівах, за якімі й пакідаюцца правы аўтарскія» 40.

Ужо ў 1943—44 гадох бэрлінскія газэты «Раніца», «Беларускі Работнік» друкавалі ўспаміны Ўладзімера Клішэвіча, Канстанціна Езавітава, Уладзімера Дудзіцкага 41. У 1960 годзе ў артыкуле «Захоўвайма памяць аб мінуўшчыне» Станіслаў Станкевіч зазначаў: «Падзеі й людзі нашага нацыянальнага руху недалёкай нават мінуўшчыны хутка адыходзяць у небыцьцё, і весткі аб іх бываюць страчанымі для наступных пакаленьняў. Пісаныя дакумэнты й матэрыялы, якія звычайна зьяўляюцца найлепшымі жароламі зьвестак аб мінуўшчыне або загінулі ў часы ваеннае завірухі, або зьнішчаныя ў працэсе савецкага тэрору, а жывыя сьведкі падзеяў, якія шмат што захавалі ў сваёй памяці, адзін за адным пакідаюць нашыя рады. Таму ў інтарэсе нашай агульнай справы ляжыць на кожным з нас абавязак замацаваць на пісьме й пажадана ў друку ўсё тое, што яму ведама із собскага ўдзелу або назіраньня аб людзях, выпадках і абставінах, якія могуць мець незвычайна вялікую цану для будучае гісторыі» 42. Ён жа зьвяртаў увагу й на разнастайнасьць мэмуарных формаў: «Ведаем, што галоўным жаролам гісторыі зьяўляюцца дакумэнты й матэрыялы тагачаснасьці, што перахоўва юцца ў архівах, музэях ды бібліятэках. Але, апрача іх, вельмі важным дапаўняльным жаролам зьяўляюцца справаздачы, запіскі, дзёньнікі і ўспаміны сучасьнікаў» 43.

Багацьце мэмуарных формаў надзвычай разнастайнае, адметны аўтарскі падыход да распрацоўкі тэмы яшчэ больш пашырае іхную разнастайнасьць. Менавіта таму «і тэарэтычна, і эмпірычна аўтабіяграфія (г. зн. мэмуары44Л. Ю.) цяжка паддаецца агульнаму азначэньню; кожны канкрэтны выпадак зьяўляецца выключэньнем з агульнага правіла» 45. Такая асаблівасьць мэмуараў тлумачыцца тым, што ўнутраная форма іх практычна поўнасьцю свабодная, яна ня мае ўстойлівых канонаў, залежыць ад волі аўтара й звычайна падпарадкуецца толькі капрызам памяці. У мэмуарах аповед можа ісьці павольна, са шматлікімі зігзагамі адступленьняў, праваламі замоўчваньня.

Калі Мікола Вольны (Панькоў) наважыўся пісаць кнігу ўспамінаў пра Кастуся Езавітава, ён зьвярнуўся па дапамогу й парады да Часлава Будзькі, які адпісаў яму вялікі ліст46. Ліст, сапраўды, даволі доўгі, але варта прывесьці яго цалкам: «Пачнем ад кніжкі. На маю думку, у нас замала пішацца кніжак, галоўна з увагі на тое, што кніжку мы ўяўляем у клясычных формах. Калі аповесьць, напрыклад, дык гэта мае быць такая аповесьць, як іншыя пішуць. А дзеля таго, што мы сабе не давяраем, баімося правалу, дык і не турбуемся пісаць аповесьцяў. (А калі нехта й прабуе, дык слаба выходзіць.) Магчыма, што тут віной сацыяльнае паходжаньне нашай інтэлігенцыі. Мужыцкая інтэлігенцыя, як ведама, хварэе на «ўнтэрмэнства» й баіцца, каб нехта зь яе не сьмяяўся. А калі нехта нечага баіцца, дык найлепшым выхадам зьяўляецца — сядзець ціха й ня рыпацца.

Возьмем такога М. Ваньковіча 47. Клясычных аповесьцяў ён пісаць ня ўмее, і калі б ён быў мужыцкім сынам, ён, можа, і не адважыўся б лезьці ў літаратуру. Але дзеля таго, што ён шляхціч, ён плюе на крытыку й піша так, як хоча і як умее. І сягоньня ён ужо такі слаўны, што й крытыкі не адважваюцца на яго нападаць, а толькі ківаюць галовамі й дзівяцца, якім чынам ён у пісьменьнікі выбіўся.

Або возьмем другога нашага шляхціча М. Паўлікоўскага 48 (кузына Мацкевіча). Сёлета ў Лёндане выйдзе ягоная кніжка— аповесьць тым арыгінальная, што зусім безь сюжэту. Няма ніякай завязкі, акцыі й таму падобнага. А чытаецца яна вельмі добра, бо ён апісаў толькі тое, што бачыў у маладосьці (пад Менскам), і, пішучы, дбаў толькі аб праўдзе, а не аб літаратур ных канонах.

І калі мы так прастудыюем творчасьць нашай шляхты ня толькі ў ХХ стагодзьдзі, але і ў ХІХ, дык пабачым, што яны ўсе маюць паміж сабой нешта супольнае, а гэта будзе якраз агульнае плявацельнае адношаньне да літаратурных канонаў. Яны стварылі свой літаратурны канон — пішы так, як пішацца. Літаратурная крытыка гэты літаратурны жанр назвала з польскага боку «гавэнда», а з расейскага, здаецца, сказ.

На маю думку (мусіць, іншага выхаду пакуль няма), нам трэба было б ня столькі аглядацца на заходнеэўрапэйскія ўзоры, колькі на нашыя радзімыя — шляхоцкія. Пісаць так, як яны пісалі й пішуць, а гэта значыць — не ўціскаць думак у нейкія шаблённыя формы, а забыцца аб форме й думаць толькі, каб думка свабодна шыбала, выкінуць усякія жанры на сьметнік, бо гэтыя жанры дэфармуюць думкі й не дазваляюць забурлець нашай маладой літаратуры. (Вы чыталі раман Сядуры?49 — друкаваўся кускамі — гэта ж нуда. А калі б ён не трымаўся клясычных рамак, можа, нешта й выйшла б цікавага...).

Ваньковічава галава, напэўна, ня менш умэблёвана за Вашу, але калі б Ваньковіч ведаў тое, што Вы ведаеце, ён ужо напісаў бы з гэтага дзесяць кніжак. А Вы зусім магчыма (і ці толькі Вы?) можаце з усімі сваімі ведамі затануць у Пінскіх балотах, як прарочыў латыскі Ваш прыяцель, бо вы й мы ўсе загіпнаты заваныя літаратурнымі канонамі.

У Канадзе ёсьць пісьменьнік Сівая Сава50, мне ён спадабаўся тым, што ён на літаратурныя каноны пляваў з вышэйшага паверху, як нашыя шляхцюкі. Яго цікавіла толькі адно — Канадыйская пушча, хараство яе й таямнічасьць, і пісаў ён свае кніжкі на экспарт, каб прыцягнуць турыстаў у Канаду. Кніжкі ягоныя перакладаліся на розныя мовы, я чытаў яго зь вялікім зацікаўленьнем у польскай мове. Чытаў і думаў: такая дрэнь дзясяткі кніжак піша, а мае ў руцэ толькі дзьве карты — бабры й лася якога. А мы паходзім з краіны (ёсьць на сьвеце краіна адна), дзе кожная рэч надаецца для літаратурнай апрацоўкі, толькі трэба ўмець глянуць літаратурнымі вачыма, а хто ня ўмее глянуць, мог бы ў нашых шляхцюкоў павучыцца. (Перадваен ная кніжка Язэпа Мацкевіча 51 аб беларускай экзотыцы «Бунт ройстаў» ужо давала пасмакаваць, што можна было б зрабіць у гэтай галіне, каб упорыста за гэта ўзяцца. Ужо сам назоў «ройсты» геніяльна прыдуманы для тытулу, як сымбаль Беларусі — трава, якая гнецца, а ня ломіцца, як і Беларусь, празь якую праходзілі розныя навалы з усходу й захаду, а яна й далей зелянее, як і зелянела.) (Гэтыя «ройсты» Мацкевіча нагадваюць, між іншым, «шыпшыну» Дубоўкі.)

Калі ідзе аб літаратурных формах, мне ўспомніўся яшчэ прыклад з М. Горкім52. Калі памёр ягоны прыяцель Л. Андрэеў 53, Горкі, не чакаючы, пакуль сюжэт выльецца ў нейкія формы, напісаў успаміны пра Андрэева бяз формы. Пісаў так, як пісалася, як набягалі думкі, без увагі на храналёгію ці іншую філязофію. Помню, мне якраз спадабалася гэтая хаатычнасьць у пісаньні, але за гэтым хаосам думак і фактаў дамінавала праўда аб ягоным прыяцелі. І гэта найбольш цанілася, бо вылізаная й прычасаная праўда ня мае подыху аўтэнтычнасьці. Падстрыжаны ангельскі парк — рэч прыгожая й кур'ёзная, але мы — людзі дзікай прыроды — любім больш прыроду ў натуральным выглядзе.

Вось жа, каб нам удалося ў літаратуры пазбыцца снабізму й каб мы не захапляліся літаратурнымі стрыжанымі сабакамі, наша літаратура зацьвіла б, як толькі на Беларусі цьвітуць аселіцы.

Але вернемся да тэмы.

Вы хочаце напісаць кніжку аб беларусах у Латвіі.

Аб Езавітаве таксама.

І аб сабе.

Мая прапанова: не пішэце навуковай кніжкі. Напішэце штось (замест вянка — пару дзікіх кветак на магілу Езавітава), штось ад сэрца, як «Споведзь» Русо, перасыпаючы выразкамі з газэт...

Можа, найлепш было б не дзяліць кніжку на разьдзелы, а на гады — што ў такім-та годзе Вы рабілі, што думалі, што Езавітаў рабіў, што іншыя рабілі, якія вынікі (статыстычная ілюстрацыя).

Пачаць хіба ж варта было б ад Усяслава, значаньня Дзьвіны, з анэкдотамі, з адступленьнямі, з рэфлексіямі, каб гэта не сьмярдзела навуковасьцю.

На маю думку, Вам трэба было б прачытаць хоць адну кнігу Ваньковіча не на тое, каб навучыцца, як пісаць, а на тое, каб ён Вам памог вызваліцца зь літаратурных путаў, бо, каб напісаць такую кніжку, Вы мусілі б самі ў нутры сваім быць вольным чалавекам (Мікола Вольны), бо ж адзіная рэч, якая не дазваляе нам пісаць, — гэта намацвальны хаця, але падсьвядомы гнёт літаратурных канонаў і ўзораў.

Такой кніжкай, якая б памагла Вам вызваліцца духова ад літаратурных штампаў, была б, можа, кніжка Ваньковіча «Ziele na Kratere». Вы зьвярніце ўвагу на тытул — гэта тыя самыя «ройсты», толькі больш пэсымістычныя, але як тытул — вельмі ўдала выдуманы.

Адным словам, ня столькі як пісаць, колькі як не пісаць: не пішэце навукова, не пішэце вялізнымі сказамі, ня мучце пяра.

Папросту сядзьце — і пішэце. Вызначце на дзень якіх паўгадзіны й пішэце гэтых паўгадзіны тое, што Вам у галаву прыйдзе ў часе гэтых паўгадзін. Пасьля, як уцягнецеся, Вы ўжо зусім думаць ня будзеце, думка будзе падсьведама круціцца ў галаве ў часе працы, а як Вы сядзеце за стол, пяро будзе само пісаць».

Тут дарэчы будзе заўважыць, што ўспаміны Паўлікоўскага былі ня толькі заўважаны беларускай эміграцыяй, але й неадназначна ацэненыя. Так, Вітаўт Тумаш у лісьце да Юркі Віцьбіча пісаў: «Паўлікоўскі ў міжваенную пару быў супрацоўнікам віленскага манархічнага «Слова». Чатыры гады таму ён апублікаваў кніжку ўспамінаў з свае маладосьці, праведзенай па дварох Меншчыны. Характэрна для яе тое, што там народу беларускага, сялянства наагул няма, ён яго быццам і ня бачыў. Апісвае толькі польскія маёнткі ды менскія публічныя дамы»54. Да постаці аўтара В. Тумаш зьвярнуўся яшчэ раз у ліставаньні зь Віцьбічам: «Пісаніну ягоную знаю яшчэ зь Вільні, калі ён быў сталым рэдакцыйным супрацоўнікам віленскага штодзёньніка «Слова», праграма якога для беларусаў была — безаглядная асыміляцыя.

На паліцах мае прыватнае кніжніцы стаіць недзе і ягоная аўтабіяграфічная кніга «Маленства й маладосьць Тадэвуша Іртэнскага» (хтосьці калісьці мне яе падкінуў). Аб беларускім народзе ў ёй бадай нічога абсалютна — з панскага двара, дзе ён нарадзіўся й гадаваўся, ён народу наагул ня бачыў. Нават зь некаторай гіроніяй абмалёўвае, як нейкага «юродзівага», аднаго дацэнта ўнівэрсытэту ў Капэнгазе, які, ужаніўшыся ў сям'ю аднаго дробнага абшарніка на Беларусі, зжыўся з народам, пазнаваў яго мову ды нават публікаваў нейкія моваведныя дысэртацыі. Для Паўлікоўскага ягоная родная Беларусь «уздыхала па-беларуску, але пяяла па-польску», хоць, маючы на ўвеце, што ў фразе гэтай намёк на беларускае сялянства ды спалянізава ную сацыяльную вярхушку, што займалася літаратурнай польскай дзейнасьцю, правільней гэтую фразу фармуляваць, што народ і край «стагнаў па-беларуску, а пяяў па-польску», пяяў, пэўна ж, розныя польскія сэнтымэнтальна-патрыятычныя баляды й рамансы. А што да падрабязнага апісваньня Менску, дык найяскравейшы там вопіс, як аўтар, будучы яшчэ гімназістам, з сваімі сябрамі наведваў менскі публічны дом.

Гэта мэмуары таленту невялікага. Лепшыя зь літаратурнага гледзішча ягоныя нарысы ў другой кнізе «Вайна й сэзон», знаю зь іх толькі некаторыя, што друкаваліся ў «Wiadomoњciach». Ягоныя кнігі цікавыя хутчэй гісторыку Беларусі для вывучэньня жыцьця й быту й паглядаў спалячэлых сацыяльна слаёў беларускага народу, слаёў камплетна ізаляваных ад яго жыцьця, справаў, патрэбаў, мовы й традыцыяў» 55.

Аўтабіяграфіі, успаміны, дзёньнікі могуць быць аб'яднаныя як літаратура спавядальная і як літаратура факту56. Аўтабіяграфіі і ўспаміны, хаця часам памылкова атаясамліваюцца, адрозьніваюцца канцэнтрацыяй увагі на абставінах прыватнага жыцьця мэмуарыста ці на зьнешніх акалічнасьцях. Ва ўспамінах звычайна асоба мэмуарыста адсунута на другі плян, галоўнае месца адводзіцца людзям, зь якімі сутыкаецца аўтар успамінаў, і найбольш важным, на ягоную думку, падзеям. Аўтабіяграфія — гэта гісторыя жыцьця мэмуарыста, з элемэнтамі самарэфлексіі, самааналізу, усьведамленьня значнасьці (ці нязначнасьці) свайго жыцьця, сваёй уплывовасьці на падзеі часу.

Дзёньнікі й занатоўкі, якія фіксуюць канкрэтныя жыцьцёвыя зьявы, па сваёй сутнасьці менш падуладныя зьменам у паглядах аўтара на характар мінулых падзей. Яны даюць карціну непасрэдных уражаньняў відавочніка. Аднак часам здараецца, што дзёньнікі падпраўляюцца, карэктуюцца з улікам новага аўтаравага бачаньня падзей, калі рыхтуюцца да друку або калі на іх груньце ствараюцца ўспаміны. У такім выглядзе яны выйграюць у мастацкай форме, набываюць большую пасьлядоў насьць, лягічнасьць, завершанасьць, але губляюць непасрэднасьць успрыманьня.

Літаратура факту, як можна абагульнена назваць мэмуарную літаратуру, дазваляе аўтару сьцьвердзіць сябе адначасна і як пісьменьніка, і як грамадзкага дзеяча — гістарычную асобу.

Чым прывабліваюць аўтараў мэмуары?

Назавем, як падаецца, найбольш істотныя й характэрныя прычыны.

Нават адно толькі дачыненьне да гістарычных падзеяў можа даваць спадзяваньне аўтару, што ягоная праца будзе патрэбная нашчадкам. У ягоных паглядах, бачаньні гісторыі можа быць штосьці адметнае, незвычайны ракурс успрыняцьця падзеяў, дзейных асобаў. У такім выпадку нават самыя суб'ектыўныя пагляды, уражаньні могуць быць успрынятыя як падсьвядомыя асацыяцыі з часам, пра які ідзе гаворка. Інакш кажучы, суб'ектыўнае ўспрыняцьце падзей аб'ектывізуецца.

Калі аўтар адыгрываў пэўную ролю ў гістарычным працэсе як палітык, грамадзкі дзеяч, ён мог спадзявацца, што наступныя пакаленьні зацікавяцца ягонымі паглядамі, ягоным бачаньнем эпохі і ацэнкамі сучасьнікаў.

Калі мэмуарыст разыходзіцца ў паглядах на гістарычныя падзеі й гістарычных дзеячаў з сучасьнікамі, ён можа спадзявацца толькі на адэкватны водгук і ўзаемаразуменьне нашчадкаў.

Безумоўна, мэмуары даюць магчымасьць аўтару парахавац ца са сваімі ворагамі «перад тварам вечнасьці», асабліва калі гэта не ўдалося зрабіць пры жыцьці. Таму зразумела, што зьяўленьне мэмуарных твораў сустракалася зь вялікай цікавасьцю й выклікала часам вострую рэакцыю, дыскусіі ў друку ды асяродзьдзі эмігрантаў. Беларуская грамада, як і ўсякая іншая, вельмі часта крытычна ставілася да адлюстраваньня часу, «на свой капыл» мерала аўтаравы ацэнкі падзеяў, асобаў, учынкаў.

Публікацыя архіўных матэрыялаў, рукапісаў можа выклікаць незадавальненьне й сярод нашчадкаў эміграцыйных дзеячаў. Не ўважаючы за патрэбнае ўваходзіць у дыскусіі, варта толькі адзначыць, што арыгіналы выдрукаваных твораў або належаць грамадзкім установам, а значыць даступныя для карыстаньня, або перададзены аўтару кнігі непасрэдна ўладальнікамі з мэтай публікацыі.

Кожны з мэмуарных твораў вымагае асобнай гаворкі, асобнага разгляду, а таксама гістарычнага й культуралягічнага камэнтару, бо гэта менавіта той літаратурны жанр, што заўсёды застаецца сацыялягічным, прывязаным да пэўнай рэчаіснасьці, да пэўных гістарычных падзеяў, у зьвязку зь якімі й павінен разглядацца. Такі падыход магчымы й неабходны, калі ў цэнтры ўвагі дасьледчыка знаходзіцца адзін твор ці група твораў, прысьвечаных адной праблеме, аднаму часу й г. д.

Мэта прапанаванага чытачу дасьледаваньня больш інтэгральная.

Пры ўсёй хісткасьці падзелу эміграцыйнай мэмуарыстыкі на жанры можна вылучыць нэкралёгі, аўтабіяграфіі, інтэрвію (гутаркі), ліставаньне, анкеты, запіскі й занатоўкі, выступленьні, прамовы, дзёньнікі, уласна ўспаміны .

Нэкралёгі як успаміны пра блізкіх памерлых ігнаруюц ца ня толькі як літаратурны жанр, але і як гістарычная крыніца, і як сацыялягічны інструмэнт, таму варта крыху болей, параўнальна зь іншымі жанрамі, затрымацца на іхнай спэцыфіцы. Уадрозьненьне ад уласна ўспамінаў, дзёньнікаў і г. д., нэкралёгі — гэта заўсёды выдрукаваны тэкст, што надзвычай істотна, бо, як заўважыў гісторык Андрэас Г'юсэн (Andreas Huyssen), «мінулага няма адзіна ў памяці; яно мусіць быць запратакаля вана, каб стацца памяцьцю» 57. Нэкралёгі выкрышталізоўваюць (фармулююць) сутнасьць жыцьця чалавека як грамадзяніна, і адначасна ўспамінаюць пра чалавека як прыватную асобу й падаюць хроніку ягонага жыцьця; нэкралёгі адлюстроўваюць тым самым, што грамадзтва ўважае каштоўным і што яно хоча замацаваць у памяці пра памерлага. Таму сыстэматычнае мэтанакіраванае вывучэньне і аналіз нэкралёгаў можа дапамагчы ў разуменьні істотных аспэктаў беларускае культуры, зьменаў у грамадзтве на працягу часу, адрознасьці мэтраполіі й дыяспары. Нэкралёгі зьвязваюць выдрукаваныя ўспаміны пра жыцьцё асобнага чалавека з памяцьцю аднае сям'і, цэлага пакаленьня, з усёю калектыўнаю памяцьцю беларускага грамадзтва. Як калектыўная памяць, нэкралёгі яднаюць мінулае з сёньняшнім, прыватнае з грамадзскім; яны яднаюць гісторыю аднаго чалавека, аднае сям'і з гісторыяй краіны, гісторыяй нацыі, зьвязваючы канкрэтныя імёны зь вядомымі падзеямі мінулага Беларусі.

Нэкралёгі — ідэялізаваныя падсумоўваньні жыцьця — ускосна нават могуць уплываць на стан маралі ў грамадзтве, падкрэсьліваючы важнасьць індывідуальнасьці, значнасьць асобы.

Памяць, натуральна, неабходная для выжываньня асобы й грамадзтва, і іхныя патрэбы дыктуюць зьмест таго, што памятаецца ў пэўны момант. І асоба, і грамадзтва маюць аднолькавую ўласьцівасьць памятаць і забываць — уласьцівасьць, што дыктуецца іхнымі ідэаламі, калектыўнаю вераю ў сваю мінуўшчыну, сваю гісторыю. Паколькі падобная вера грунтуецца на патрэбах дня сёньняшняга, нэкралёгі дазваляюць выявіць ня толькі тое, што грамадзтва памятае, але й пра што намагаецца забыцца — гістарычныя падзеі ці чалавечыя каштоўнасьці.

У якой меры можна давяраць прыведзеным у нэкралёгах фактам, калі яны прысьвечаныя толькі ўшанаваньню памяці памерлага, а не рэальнай хроніцы ягонага жыцьця? У той жа меры, як і іншым гістарычным дакумэнтам, пра што гаворка пойдзе далей. У інфармацыйным полі нэкралёгаў выкрышталі зоўваецца тое, што застаецца для беларускай культурнай прасторы каштоўнага па сьмерці асобы. Нэкралёгі ня проста паведамляюць факты — празь іх чытацкай аўдыторыі даносіцца пэўная ідэалёгія.

На думку Ёахіма Ўэлі (Joachim Whaley), «культура сьмерці, памінальныя рытуалы належаць да найбольш істотных характарыстык любога чалавечага грамадзтва» 58. Нэкралёгі — толькі адзін са складнікаў гэтае культуры і адзін з шляхоў, празь які сучаснае грамадзтва вырашае пытаньне пераможанага жыцьця, падводзячы рысу пад ім, надаючы яму сэнс, захоўваючы й фармулюючы найбольш важныя прыметы беларусаў у гісторыі нацыі на працягу часу.

Як жанр, нэкралёгі маюць свае прынцыпы адбору й падачы матэрыялу, кожны ўтрымлівае агульную інфармацыю: імя памерлага й даты ягонага жыцьця; геаграфічную лякалізацыю; часта — прычыну сьмерці, пасаду ці прафэсію нябожчыка; галоўныя — на думку аўтара нэкралёгу — моманты жыцьця; маральныя якасьці памерлага; сувязь з жыцьцём грамады і ўдзелам у нацыянальнай гісторыі.

Гэты мэмуарны жанр — ці не найбольш значная крыніца біяграфічных зьвестак, асабліва калі гаворка ідзе пра людзей, якія пры жыцьці былі менш вядомымі, менш навідавоку. Зьмешчаная напрыканцы дасьледаваньня бібліяграфія — пасьмярот ны ўспамін ня толькі пра беларусаў, але й пра людзей іншых нацыянальнасьцяў; ня толькі пра нашаніўцаў, дзеячаў БНР, слуцкіх паўстанцаў, мастакоў, артыстаў, пісьменьнікаў, але й пра лёсы такіх людзей, як, напрыклад, Аляксандар Акановіч, дырэктар прагімназіі ў Менску ў 1943—1944 гг.; Анатоль Комар, што быў менскім бургамістрам пасьля В. Іваноўскага; Ната Каракулька  — габрэйская дзяўчына, вывезеная з гета ў Менску; Аўген Вярбіцкі  — вучоны-дасьледчык у галіне касьмічна га страваваньня (дарэчы, ён атрымаў прэзэнт з космасу — часьцінкі Месяца); выкладчык БДУ Парфіры Трысмакоў ці польскі навуковец і амэрыканскі бібліятэкар, ганаровы сябра БІНіМу Шчэпан Кароль Зымэр — аўтар кнігі пра пачаткі кірылічнага друку59, чалавек, які першым зрабіў здымак са знакамітага партрэта Скарыны ў Падуі60, падкупіўшы ахоўніка (здымак той пасьля часта друкаваўся ў БССР без аніякіх, аднак, спасылак на аўтарства).

Нэкралёгі, набліжаныя да ўспамінаў, звычайна падпісвалі не арганізацыі, а прыватныя асобы, якія добра ведалі памерлага яшчэ з даваеннага, даэміграцыйнага жыцьця. Яны ўтрымлівалі жывыя дэталі, малавядомыя факты з жыцьця адышоўшага, як, прыкладам, у нэкралёгу памяці Мечыслава Рачыцкага, напісаным Кастусём Акулам: «Сьвятой памяці Мечыслава Рачыцкага давялося мне пазнаць шмат раней, чымся даведаўся ягонае імя й прозьвішча... І вось прыгадваецца станцыя Парахвенава ля Докшыц. На плятформе — высокі, стройны юнак у форме кіраўніка СБМ, ля яго, бы кураняткі, юнакі і юначкі. Як сёньня, стаіць ён у вачох і, як на дзіва, ніводнага разу, здавалася, не праехаў я Парахвенава, каб яго ня бачыў. То садзіў моладзь у цягнік і гукаў на разьвітаньне, а то й сам ехаў разам. Вагон поўніўся маладым бурлівым сьмехам, цудоўнымі й жыцьцядайнымі патрыятычнымі песьнямі... І паўстае Мечык зь ягоных апавяданьняў. Бедная вясковая каталіцкая сям'я, у хаце посьніца й нішчымніца. І яшчэ бязьмежная прага да навукі, каб неяк выйсьці ў людзі...»61 .

Блізкія да празаічны х пасьмяротных успамінаў і вершаваныя, такія, як, напрыклад, «Вячорны звон. У першую гадавіну апошняй сустрэчы з М. Равенскім» 62 П. Сыча:

Нядаўна так, бо год назад,
таксама плакаў лістапад,
сьлязьмі сьцякаючы па шкле,
ля вокнаў мокла ноч у ймгле.
Але ў пакоі свойска так,
нас двух, п'яніна і каньяк.
Да нас зыйшліся на Дзяды —
чые зь зямлі час сьцёр сьляды, —
якіх зглушыла тундраў шыр,
сьнягі тайгі, Байкал, Сібір...
Спамін пляцецца пад віхор,
як слуцкіх паясоў узор.
За іх спакой і за наш жаль
do-re-mi-fa — запеў крышталь,
пасьля ў чужую ноч і ціш
so-la-si-do — шапнуў клявіш.
А за акном, пад гамы тон,
адбіў на вежы поўнач звон.
Мяшаўся з тонам сум і чар.
Апошні раз мне пеў Пясьняр...
Пасьля спачыў ён вечным сном
пад туліпанаў курганом,
але пабегла ў вольны сьвет —
мінстрэль і волат — песьня-сьлед.
Ціхі яго па працы сон,
а нас усьцяж трывожыць звон. —
Вячорны звон...

Гістарычную вартасьць аўтабіяграфій разумелі многія. Ужо ў 1944 годзе ў часапісе «Новы Шлях», рэдагаваным Уладзімерам Сядурам-Глыбінным, пад загалоўкам «Ад рэдакцыі» было надрукавана: «Часта выдатныя людзі, адыходзячы з гэтага сьвету, не пакідаюць па сабе ніякіх выказваньняў аб сваім жыцьці й дзейнасьці. Гэта страшэнна абцяжарвае беларускіх бібліёгра фаў і гісторыкаў у аднове ўсіх вехаў жыцьця выдатных людзей. Адылі гісторыя нашага адраджэньня мае выключнае значаньне для ўзгадаваньня новага пакаленьня беларускіх культурных і грамадзкіх дзеячаў. Прыклады ахвярнае працы найвыдатней шых беларускіх адраджэнцаў маюць у сабе шмат узгадаваль нага й павучальнага. Таму рэдакцыя «Новага Шляху» стараецца выкарыстаць усе магчымась ці, каб аднавіць веданьне жыцьця й дзейнасьці многіх загінуўшых беларускіх дзеячаў. Але ніколі ніхто лепш не раскажа пра іншых, як сам чалавек пра сябе. Няма лепшых сьведчаньняў і дакумэнтаў жыцьця й дзейнасьці чалавека, як уласныя выказваньні пра жыцьцё»63 .

І ўсё ж, нягледзячы на агульнае ўсьведамленьне важнасьці жыцьцяпісаў, у беларускай прэсе апублікавана ня так шмат аўтабіяграфіяў: Льва Акіншэвіча «Балонкі з успамінаў» 64, Д. Аніські «Аўтабіяграфія» 65, а. Віталіса Хамёнка «Мой жыцьцяпіс» 66, Канстанціна Езавітава «Аўтабіяграфія» 67 ды іншыя.

Мала пісалі пра сябе, а друкавалі яшчэ менш на эміграцыі й пісьменьнікі 68. Каштоўныя біяграфічныя зьвесткі, аповед пра няпроста пражытыя гады, пра шляхі да творчасьці, сяброўства й варожасьць, вернасьць і здраду пакінулі Натальля Арсеньнева — «Кузьня духу. Крыху ўспамінаў» 69, «Майму жыцьцю. Гутарка на літаратурным вечары ў Таронта» 70, «У казахстанскай ссылцы»71 , «Як я сталася паэтам»72 ; Язэп Лешчанка (Міхась Кавыль) — «Казённы дом і казённая дарога»73 і «Мой шлях»74; Масей Сяднёў — «Заміж жыцьцяпісу» 75.

Найбольш пра сябе, апрача аўтабіяграфіі 76, расказаў Сяргей Хмара: «Картуз-Бярозаўскі Парнас»77 , «Сялянскі літаратур ны фонд»78, «Польская літаратурная лявіца й «Маладая Ўскалось» 79, «Літаратурныя серады за кратай. Агент. Наша літаратурная камуна ў Менскай турме»80, «Пад гітляроўцамі» 81, «Угітляроўскім гнязьдзе» 82.

Магчыма, што ў прыватных архівах ляжаць жыцьцяпісы многіх беларускіх дзеячаў. У архіве Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (Нью-Ёрк) перахоўваюцца рукапісы аўтабіяграфій Натальлі Арсеньневай 83, Францішка Кушаля84, Антона Адамовіча 85, Міколы Равенскага 86, Вечаслава Сэлях-Качанска га87 ды іншых.

Большай часткай аўтабіяграфіі падпарадкуюцца «дыктату даты», але нават і ў такім выпадку даты — толькі вехі, якія дапамагаюць групаваць матэрыял, сам жа адбор і асэнсаваньне матэрыялу вельмі разнастайныя.

Так, «Мой жыцьцяпіс» Алеся Змагара інтрыгуе пэрыпэтыямі ягонага супрацьстаяньня савецкай уладзе, амаль дэтэктыўнымі калізіямі ўцёкаў ад перасьледу карных органаў, паказвае дзейнасьць аўтара ў беларускай справе, знаёміць зь ягоным інтымным жыцьцём88 .

«Кароткі жыцьцяпіс і праходжаньне службы» Канстанціна Езавітава — пералік, па-вайсковаму ляканічны й дакладны, зьнешніх абставін жыцьця89.

«Аўтабіяграфія» Ўладзімера Брылеўскага — своеасаблівы духовы тастамант, надыктаваны невылечна хворым чалавекам. Суаўтарам тэксту была ягоная жонка Лёнгіна90 .

У лягеры ДП91 склаў свой «Жыцьцяпіс» Янка Станкевіч. Ягоная аўтабіяграфія напісана, праўдападобна, для патрэбаў працы ці выезду на эміграцыю: «Я нарадзіўся 26 лістапада 1891 году ў Арлянятах на Віленшчыне, у той частцы Беларусі, што ад 1921 году належала да Польшчы. Першая сусьветная вайна перарвала маю навуку; дзеля таго я паступіў ва ўнівэрсытэт — Унівэрсытэт Кароля ў Празе (Чэхаславаччына) у 1921—1922 акадэмічным годзе й закончыў яго ў 1926 г. з тытулам доктара філязофіі, маючы спэцыяльнасьцю славістыку (славянскія мовы й гісторыя славян). Галоўнымі маімі настаўнікамі былі праф. О. Гуер і праф. Я. Бідло.

Вярнуўшыся ў 1926 г. на бацькаўшчыну, я пацьвердзіў ва Ўнівэрсытэце Стэфана Батуры ў Вільні свой доктарскі дыплём і здаў дзяржаўны экзамен зь беларускае й польскае мовы на настаўніка сярэдніх школаў. У 1926—1927 гадох я вучыў у сярэдняй школе ў Вільні. У 1928—1930  гг. быў паслом на польскі сойм у Варшаве. З 1929 г. я выкладаў беларускую мову й літаратуру ва Ўнівэрсытеце Стэфана Батуры ў Вільні, застаючыся на гэтым становішчы да 15.6.1940 г. — да займу Вільні бальшавікамі (ад кастрычніка 1939 г. Вільня належала да Літвы, і тут быў унівэрсытэт літоўскі). Увесь гэты час і далей, да 1944 г., я быў сапраўдным сябрам Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні, а з 1929 г. да пачатку Другое сусьветнае вайны ў 1939 годзе быў таксама сапраўдным сябрам Польскага Інст