|
Прадмова
Гэтая кніга — даніна маёй павагі й удзячнасьці беларусам Аўстраліі, якія змаглі цягам болей як паўстагодзьдзя свайго жыцьця на чужыне застацца сабой, захаваць сваю мову й любоў да Беларусі.
Гэтая кніга — спроба паказаць, чым жыла беларуская дыяспара ў адной з самых аддаленых краінаў, на чым трымалася яе жыцьцё, з чаго складалася дзейнасьць.
Гэтая кніга, магчыма, — толькі пачатак вялікага шляху ў вывучэньні гісторыі беларускай дыяспары. Яна й правакацыя, і дасягненьне адначасова. Правакацыя, бо мае на мэце ўзьняць перад навукоўцамі праблему неабходнасьці мэтанакіраванага вывучэньня здабыткаў беларускай культуры замежжа. Дасягненьне, бо ёсьць вынікам сур’ёзнай працы й супрацоўніцтва дыяспары й мэтраполіі.
Гэтая кніга ніколі б не зьявілася без дапамогі
беларускіх арганізацыяў Аўстраліі: Фэдэральнай Рады Беларускіх
Арганізацыяў у Аўстраліі, Беларускага Цэнтральнага Камітэту ў
Вікторыі, Беларускага Рэзэрвовага Фонду, Беларускага Аб’еднаньня
ў Паўднёвай Аўстраліі, Беларускага Культурна-Грамадзкага Клюбу
ў Сыднэі, а таксама бяз шчырай падтрымкі вялікай колькасьці асобаў,
сярод якіх: Аўген Груша (Мэльбурн), Алег Шнэк (Мэльбурн), сьвятой
памяці Павал Гуз (Мэльбурн), айцец Аляксандар і матушка Тамара
Грыцукі (Мэльбурн), Ганна Карп і Тамара Субач (Мэльбурн), Аўгенія
Сідлярэвіч (Мэльбурн), Вера Шайпак (Мэльбурн), айцец Аляксандар
(Кулакоўскі), Віктар і Іна Кавалеўскія ды іх дочкі Аля й Тацьцяна
(Адэляйда), Сьвятлана й Юры Жарковы (Адэляйда), айцец Міхась (Бурнос)
і сьвятой памяці матушка Вольга Бурнос (Адэляйда), Уладзімер Акавіты
(Адэляйда), Вера й Уладзімер Калесьніковічы (Адэляйда), Паша й
Аксэн Чарнагаланы (Адэляйда), Ганна Ролсан (Адэляйда), Аўгенія
Юрша (Адэляйда), сястра Ядвіга (Адэляйда), Міхась Лужынскі (Сыднэй),
Валя й Мікола Антухі (Сыднэй), Ліза Бакуновіч (Сыднэй), Марыя
Супрунчык (Сыднэй), Галіна Падгайская (Сыднэй), Акуліна Хаванская
(Сыднэй), Марыя Алехна (Сыднэй), Вольга й Уладзімер Русакі (Ньюкасл,
Аўстралія), Эва й Лявон Парэцкія (Канбэра), Слава Лягенчанка (Сыднэй),
сьвятой памяці Міхась Раецкі-старэйшы (Пэрт), Вітаўт Кіпель (Нью-Ёрк),
Лявон Юрэвіч (Нью-Ёрк), Алена Макоўская (Менск) і вялікая колькасьць
іншых, хто дапамагаў у паездцы па Аўстраліі й выданьні кнігі.
Асобная падзяка належыць майму мужу Алегу, бяз шчырай падтрымкі
й вялікай дапамогі якога не было б гэтага дасьледаваньня.
Натальля Гардзіенка
Раздзел: Уводзіны
«Эміграцыя», «дыяспара», «замежжа» — паняткі, якія часта ўжываюцца ў публікацыях, прысьвечаных розным аспэктам жыцьця суайчыньнікаў па-за межамі Беларусі. Нягледзячы на ўяўнае падабенства, гэтыя тэрміны ня ёсьць сынонімамі й дакладнае іх вызначэньне неабходнае для правільнага разуменьня аб’екту й прадмету дасьледаваньня. У зьвязку з гэтым варта асобна спыніцца на акрэсьленьні згаданых паняткаў у тым іх разуменьні, у якім яны будуць фігураваць у дадзенай кнізе.
Пад тэрмінам «беларускае замежжа» мы будзем мець на ўвазе ўсіх беларусаў, якія ў выніку ўласнага выезду ў іншыя краіны або празь зьмены дзяржаўнай мяжы апынуліся па-за прасторай сучаснай беларускай нацыянальнай дзяржавы. Адзначаны панятак патрэбны, каб аддзяліць гісторыю савецкай і постсавецкай Беларусі ад падзеяў і працэсаў нацыянальна-культурнага жыцьця нашых суайчыньнікаў у грамадзтвах зь іншай тытульнай нацыяй.
Слова «дыяспара» мае шмат падобных і агульных па зьмесьце вызначэньняў і, паводле навукоўцаў, наогул не зьяўляецца навуковым тэрмінам1. Аднак калі адысьці ад гістарычна-лінгвістычнага аспэкту, а засяродзіцца на рэальнай зьяве, якую мы будзем называць “дыяспарай”, то шырокую дэфініцыю кшталту “ўстойлівая сукупнасьць людзей адзінага этнічнага паходжаньня, якая жыве за межамі сваёй гістарычнай радзімы й мае сацыяльныя інстытуцыі для разьвіцьця й функцыянаваньня гэтай супольнасьці”2 варта ўдакладніць шляхам вызначэньня пэўных дадатковых характарыстык. Так, дыяспара — гэта заўсёды культурная супольнасьць, аб’яднаная паводле ўяўленьняў аб агульнай радзіме й пабудаваных на гэтай падставе калектыўных сувязяў, групавой салідарнасьці й дэманстраваных адносінах да радзімы3. Такім чынам, дыяспара вызначаецца не праз дэмаграфічную й этнічную рэальнасьць, а праз пэўны стыль жыцьцёвых паводзінаў, які ёсьць вынікам асабістага выбару чалавека. Менавіта гэтым дыяспара адрозьніваецца ад астатняй міграцыі (эміграцыі ці іміграцыі — у залежнасьці ад ракурсу дасьледаваньня).
Дыяспара ў большай ступені зьява палітычная, у той час калі міграцыя — сацыяльная. У выніку, калі мы будзем гаварыць пра беларускіх імігрантаў у Аўстраліі, то, адпаведна з унівэрсальным вызначэньнем, да іх мы маем адносіць усіх асобаў, якія выехалі са сваёй Бацькаўшчыны на пастаяннае або доўгачасовае пражываньне з палітычных, рэлігійных, эканамічных, этнічных ці іншых прычынаў4 і пасяліліся на далёкім пятым кантынэнце. А вось да беларускай дыяспары ў Аўстраліі будуць належыць тыя нашыя суайчыньнікі, што, маючы сваю нацыянальную самасьведамасьць і памяць пра Беларусь, імкнуліся аб’яднацца на падставе гэтай агульнасьці, каб захаваць сваю культурную адметнасьць у аўстралійскім грамадзтве.
У нашым дасьледаваньні, зыходзячы з акрэсьленых вышэй характарыстык, мы будзем найперш зьвяртаць увагу менавіта на беларускую дыяспару ў Аўстраліі, на яе асяродкі, мэханізмы й этапы іх фармаваньня, а таксама на вонкавы культурны кантэкст і ўнутраныя супярэчнасьці ў працэсе захаваньня беларускай ідэнтычнасьці ў аўстралійскім грамадзтве. Разам з тым, мы ня будзем абмяжоўвацца адно толькі арганізацыйна-культурнымі формамі існаваньня асяродкаў, а паспрабуем зьвярнуцца й да сацыяльных працэсаў, якія адбываліся ў межах дыяспары й уплывалі на яе функцыянаваньне. Дзеля гэтага асобнай увагі запатрабуе раней амаль зусім не дасьледаваная ў айчыннай гістарыяграфіі праблема сям’і й ролі жанчыны ў жыцьці беларускіх асяродкаў. Усё гэта дазволіць больш поўна асэнсаваць сутнасьць такой зьявы, як беларуская дыяспара ў Аўстраліі.
Гістарыяграфія праблемы
Жыцьцё беларусаў у Аўстраліі не было аб’ектам спэцыяльных навуковых дасьледаваньняў ні ў самой краіне, ні за яе межамі. Таму магчыма сьцьвярджаць пра наяўнасьць толькі фрагмэнтарных згадак беларускай прысутнасьці на пятым кантынэнце ў некаторых працах, прысьвечаных беларускай паваеннай эміграцыі наогул. Пэўныя абагуленыя зьвесткі пра нацыянальныя арганізацыі нашых суайчыньнікаў у Аўстраліі магчыма знайсьці ў працы Івана Касяка “Другая Сусьветная вайна й паваенны час”, у згадках якога, аднак, ёсьць шмат памылак і недарэчнасьцяў і, што найбольш прыкра, не пазначаныя крыніцы пададзенай інфармацыі5. Тым ня менш, некалькі старонак у кнізе Івана Касяка — хіба што не адзіны прыклад вонкавага абагульненьня зьвестак пра Беларускую Аўстралію. Фрагмэнтарныя згадкі дзейнасьці беларускага радыё, школ і г.д. у некаторых публікацыях агульнаэміграцыйнай накіраванасьці не даюць ніякага сыстэматычнага ўяўленьня пра рэальныя падзеі ў аўстралійскіх асяродках беларусаў, а вельмі часта падаюцца як пэўнага кшталту экзатычныя ілюстрацыі.
Зьвесткі пра асобных дзеячаў, падзеі й друк беларускай Аўстраліі магчыма знайсьці ў агульных даведкавых выданьнях. Так у “Хроніцы беларускага жыцьця на чужыне (1945—1984)” Міколы Панькова ёсьць шмат згадак пра падзеі ў беларускіх асяродках Аўстраліі6. Праўда, адпаведна з матэрыяламі пэрыядычнага друку, на якіх заснаваная хроніка, падзеі аўстралійскага жыцьця тут пададзеныя надзвычай выбарна й часам з памылкамі ў датах і імёнах удзельнікаў. Біяграфіі некаторых (але ня ўсіх) рэлігійных дзеячоў у Аўстраліі магчыма знайсьці ў кнізе “Беларускі хрысьціянскі рух ХХ ст.” Юрыя Гарбінскага й Юрыя Туронка7. Каштоўныя зьвесткі пра беларускі друк у Аўстраліі ўтрымліваюцца ў складзеных Вітаўтам і Зорай Кіпелямі бібліяграфіях пэрыядычных і асобных выданьняў “Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе”8. Праўда, падчас працы над гісторыяй беларусаў у Аўстраліі былі знойдзеныя некаторыя няўлічаныя ў бібліяграфіі выданьні, як місіянэрскі лісток “Вернік”, або Інфармацыйны Бюлетэнь Камітэту Набыцьця Беларускага Дому. Аднак складзеная Кіпелямі бібліяграфія, тым ня менш, дае надзвычай поўна ўявіць абсягі выдавецкай дзейнасьці аўстралійскіх беларусаў.
Самі ўдзельнікі беларускага жыцьця ў Аўстраліі амаль не займаліся сыстэматызацыяй зьвестак пра дзейнасьць дыяспары, што, безумоўна, стварала дадатковыя складанасьці й для патэнцыйных вонкавых дасьледнікаў. Найбольшым дасягненьнем аўстралійскай беларускай гістарыяграфіі стаў англамоўны артыкул Вольгі Качан “Беларусы” ў энцыкляпэдычным даведніку “Аўстралійцы: Энцыкляпэдыя нацыі, яе народаў і іх паходжаньняў”9.
Нягледзячы на вялікую ўвагу да іміграцыйных дасьледаваньняў у Аўстраліі мясцовыя гісторыкі, сацыёлягі й г.д. амаль ня згадвалі ў сваіх працах беларусаў. Гэтая сытуацыя была справакаваная тым, што нашыя суайчыньнікі па прыбыцьці ў Аўстралію амаль не фіксаваліся менавіта як беларусы, а больш як палякі, літоўцы, украінцы, расейцы. Таму для мясцовых навукоўцаў, што вывучалі нацыянальныя асаблівасьці паваенных імігрантаў, беларусы, фактычна, не існавалі як нацыянальная група. Паказальны тут прыклад кнігі Дж. Марціна “Пасяленцы-ўцекачы. Перамешчаныя асобы ў Аўстраліі”, дзе сярод дасьледаваных паводле нацыянальнай прыкметы выдзеленыя ў якасьці краіны нараджэньня толькі Расея й Украіна (як адна пазыцыя), Польшча, Вугоршчына, Чэхаславаччына, Літва, Югаславія, Латвія, Румынія, Эстонія10. Такая сытуацыя датычыць як навуковых дасьледаваньняў, гэтак і папулярных выданьняў. Так, у брашуры, прысьвечанай дзейнасьці пераходнага лягеру Банагіля, празь які прайшло шмат беларусаў, згадкі пра нашых суайчыньнікаў у пераліку нацыяў таксама няма11. На гэтым фоне значным прарывам выглядае падрыхтаваная прафэсарам славістыкі Юрыем Марванам з нагоды выставы “Беларусь і яе кнігі” аднайменная брашура, якая, праўда, амаль не закранае ўласна жыцьцё беларускай дыяспары ў Аўстраліі12.
У апошнія гады да сыстэматызацыі матэрыялаў гісторыі беларусаў на пятым кантынэнце зьвярнулася адмыслова створанае Беларускае Гістарычнае Згуртаваньне ў Аўстраліі. Выдадзеная ў 2003 годзе кніга “Беларуская эміграцыя ў Паўднёвай Аўстраліі”, створаная ў суаўтарстве Віктарам Кавалеўскім і айцом Міхасём (Бурносам), гэта першая спроба абагульненьня зьвестак пра асобны беларускі асяродак, якая аднак ня можа быць акрэсьленая як навуковае дасьледаваньне.
Абставіны прыбыцьця нашых суайчыньнікаў у Аўстралію паспрыялі таму, што некаторыя зьвесткі адносна беларускай прысутнасьці тут магчыма знайсьці ў дасьледаваньнях палякаў і расейцаў. Так, прыкладам, у грунтоўнай манаграфіі Леха Пашкоўскага “Палякі ў Аўстраліі й Акіяніі. 1790—1940” ёсьць зьвесткі пра выхадцаў зь беларускіх земляў, якія ў ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя сяліліся на пятым кантынэнце13. Аналягічна, пэўныя агульныя дадзеныя фігуруюць у кнізе Г.І. Канеўскай “Нарыс рускай іміграцыі ў Аўстраліі (1923—1947)”14.
Крыніцы дасьледаваньня
Адзначаная нераспрацаванасьць праблемы дзейнасьці беларускай дыяспары ў Аўстраліі была, у пэўнай ступені, зьвязаная й са спэцыфікай крыніцазнаўчай базы, а дакладней, з абмежаваным доступам да яе. Так, дакумэнтальныя сьведчаньні дзейнасьці беларускіх арганізацыяў і да сёньня цяжкадасягальныя для дасьледнікаў. Адзіны вынятак — архіў Беларускага Аб’еднаньня ў Аўстраліі, які ўваходзіць у перададзены ў БДАМЛіМ фонд Алеся Алехніка. Тут магчыма знайсьці найбольш ліставаньне арганізацыі, а таксама сьпіс удзельнікаў і сьведчаньні грамадзкіх ініцыятываў.
Сучасныя інфармацыйныя тэхналёгіі зрабілі больш даступнымі дакумэнты з аўстралійскіх архіваў, што датычаць беларускай іміграцыі ў гэтую краіну. Так, на інтэрнэт-сайтах разьмешчаныя некаторыя асабістыя зьвесткі пра беларусаў, якія прыбывалі ў Аўстралію ў паваенны час (найчасьцей даты нараджэньня й даты прыбыцьця), а таксама сьпісы пасажыраў параплаваў, што дастаўлялі імігрантаў, сярод якіх магчыма знайсьці й нашых суайчыньнікаў. Рэсурсы Дэпартамэнту Іміграцыі й Шматкультурных ды Абарыгенскіх Справаў падаюць некаторую статыстыку прыбыцьця беларусаў на пяты кантынэнт у 90-х гадах ХХ стагодзьдзя.
Безумоўна, важныя крыніцы зьвестак пра жыцьцё беларускай дыяспары ў Аўстраліі гэта рознага кшталту ўспаміны яго ўдзельнікаў. Праўда, выдадзеных мэмуараў таксама надзвычай мала, а таму варта больш падрабязна спыніцца на кожнай публікацыі.
Адным зь першых свой аповед менавіта пра беларускае жыцьцё ў Аўстраліі выдаў Уладзімер Клуніцкі. У 1953 годзе у выдавецтве Згуртаваньня Беларускіх Патрыётаў пабачыла сьвет ягоная невялікая (14 старонак) брашура “Першыя крокі (Агляд беларускага грамадзка-нацыянальнага жыцьця ў Аўстраліі)”. Прычыны зьяўленьня гэтага твору аўтар патлумачыў так: “… Бяруся за гэтую працу таму, што мне, як ініцыятару арганізацыйнага жыцьця беларускай эміграцыі ў Аўстраліі, добра ведамыя першыя крокі ў гэтым напрамку, а таксама ведама, хто распачынаў і працаваў у самых цяжкіх абставінах, а тым больш, што я й сам прымаў актыўны ўдзел у закладзінах і працы й на’т быў першым кіраўніком першае беларускае арганізацыі ў Аўстраліі — Беларускага Аб’еднаньня ў Аўстраліі…”15. Абвешчаны намер асьвятліць праўдзівыя падзеі й матывацыя аўтара як іх непасрэднага ўдзельніка вымушаюць сур’ёзна паставіцца да твору Ўладзімера Клуніцкага, які сапраўды паспрабаваў выкласьці гісторыю афармленьня беларускага жыцьця ў Аўстраліі. Аўтар распавёў пра свой прыезд на зялёны кантынэнт і першыя крокі беларускага жыцьця ў Канбэры, дзе ён працаваў напачатку.
Асноўны ж зьмест кнігі прысьвечаны падзеям беларускага жыцьця ў Сыднэі, а дакладней, афармленьню тут БНРаўска-БЦРаўскага расколу16, а таму ўзьнікае трывалае ўражаньне, што сапраўднаю мэтай аўтара было пакінуць у гісторыі ўласнае тлумачэньне менавіта тых падзеяў і сваёй ролі ў іх. Відавочна, што ладная канструкцыя развагаў пра важнасьць першасна непартыйнага характару Беларускага Аб’еднаньня ў Аўстраліі мусіла прывесьці чытача “Першых крокаў” да ўпэўненасьці, што менавіта пазыцыя недалучэньня Ўладзімера Клуніцкага (які, паводле ягоных словаў, не належаў ні да адной партыі) і была адзіна справядлівай.
Для дасьледаваньня ж вытокаў канфлікту кніга Клуніцкага ўяўляе толькі адну з трактовак падзеяў, якая вельмі часта не супадае з тым, што ведама зь іншых крыніцаў. Аднак вартасьць “Першых крокаў” вызначаецца ня гэтулькі са спробай аўтара са свайго пункту гледжаньня выкласьці зьмест і прычыны палітычнага падзелу ў Сыднэі, а ў тым, што ён агучыў для гісторыі імёны людзей, якія стаялі ля вытокаў усяго беларускага жыцьця ў Аўстраліі: Аляксандар Смаль, Аркадзь Качан, Аляксандар Раманоўскі, Анатоль Сумны, Пётра Гайдзель, Янка Кудрук, Адам Жураўлевіч, Міхась Шэка й інш.
Каштоўныя й надзвычай грунтоўныя нататкі пра жыцьцё беларусаў-перасяленцаў у Сыднэі апублікаваў у 1959 годзе у газэце “Бацькаўшчына” пад псэўданімам Ул. Сьцяблевіч Уладзімер Бакуновіч. Падрабязна й дакладна ён распавёў пра ўсе абставіны жыцьця, умовы працы, стаўленьне аўстралійцаў да нашых суайчыньнікаў. Шмат увагі Ўладзімер Бакуновіч, як і наогул тутэйшыя беларусы, надаваў апісаньню амаль неабмежаваных, паводле ягоных словаў, магчымасьцяў наладжваньня матэрыяльнага дабрабыту, ствараючы разам зь іншымі вобраз Аўстраліі як “зямлі абяцанай”17. Асабліва яскрава прасочваецца гэты вобраз у аповедах тых, хто прыехаў у Аўстралію ў маладым веку й здолеў хутка прыстасавацца да новага жыцьця. Нататкі Ўладзімера Бакуновіча не былі выдадзеныя асобна й не зусім падыходзяць пад катэгорыю мэмуараў, але гэта надзвычай інфармацыйная крыніца дасьледаваньня.
Пасьля кнігі Ўладзімера Клуніцкага й нататкаў Уладзімера Бакуновіча спэцыяльнае выданьне аповедаў беларусаў пра сваё жыцьцё на пятым кантынэнце спынілася на доўгі час. Праўда, на замову БІНІМу Аляксандар Калодка ў 1984 годзе напісаў успаміны пра жыцьцё ў Аўстраліі, аднак апублікаваныя яны былі толькі ў 1999 годзе. Згаданы твор, у адрозьненьне ад іншых аповедаў аўстралійскіх беларусаў, ня меў біяграфічнага характару. Гэта менавіта агляд падзеяў беларускага жыцьця ў розных асяродках Аўстраліі, пра якія аўтар ведаў ня толькі з асабістага досьведу, але й зь іншых крыніцаў. Відавочна, што ў 1984 годзе, калі Аляксандар Калодка пісаў свае ўспаміны й калі ўжо існавала Фэдэральная Рада Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі, не былі такімі актуальнымі падзеі расколу пачатку 50-х гадоў, таму аўтар і ня згадвае пра іх і пра тое, хто быў правы, а хто вінаваты.
Тым ня менш, успаміны Аляксандра Калодкі ўтрымліваюць, напрыклад, надзвычай каштоўныя зьвесткі пра беларускае жыцьцё ў Брысбэне да сярэдзіны 50-х гадоў. Вартыя ўвагі таксама згадкі пра першапачатковае стаўленьне аўстралійцаў да імігрантаў: “Аўстралійскае насельніцтва ў вадносінах да эмігрантаў было вельмі неталерантнае. Гутарка ў інакшай, як ангельская, мове на вуліцы, у транспарце была часта прычынай непрыемных заўвагаў ды патрабаваньняў гаварыць па-ангельску. Ды інакш яно не магло й быць, бо палітыкай ураду была поўная й як найхутчэйшая асыміляцыя”18. Важна адзначыць, што ня ўсе беларусы ўсьведамлялі, што патрабаваньне перайсьці на ангельскую мову было ня толькі пэрсанальным жаданьнем аўстралійцаў, зь якімі яны сутыкаліся, але мэтанакіраванай палітыкай уладаў.
Успаміны Аляксандра Калодкі маюць вартасьць і як спроба кароткай сыстэматызацыі зьвестак пра асноўныя кірункі беларускай дзейнасьці ў Аўстраліі: удзел у нацыянальных выставах, стварэньне мастацкіх калектываў, наладжваньне беларускіх радыёперадачаў, арганізацыя беларускіх школак і г. д. Цікавыя таксама пададзеныя асноўныя падзеі наладжваньня рэлігійнага жыцьця беларусаў Аўстраліі з характарыстыкамі асобаў сьвятароў, асабліва архіяпіскапа Сяргея (Ахатэнка), праціўнікам якога, як і большасьць мэльбурнскіх беларусаў, быў аўтар: “У 1950 годзе зусім неспадзявана ў Аўстралію прыехаў першаярарх БАПЦ архіяпіскап Сергій, адпушчаны Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой. Быў ён чалавекам малаадукаваным, бязь ведаў кіраўніцтва царквой, уладалюбівы (хоць, паводле ягоных слоў, быў манахам з маладых гадоў). Ягоныя розныя недарэчныя прапановы й вымаганьні прынесьлі шмат клопату як беларускім, так і ўкраінскім вернікам. Дзе б ён ні спыніўся — у Мэльбурне, Сыднэі, Пэрце, Адэляйдзе, — паўсюль былі незадавальненьні й канфлікты”19.
Ва ўспамінах Аляксандра Калодкі зусім ня згадваюцца беларусы Заходняй Аўстраліі, што можа быць зьвязана як са значнай тэрытарыяльнай аддаленасьцю гэтай часткі краіны, так і з тым, што значная актывізацыя беларускага жыцьця ў Пэрце адбылася ў сярэдзіне 80-х гадоў (пасьля напісаньня ўспамінаў), калі тут таксама былі наладжаныя беларускія радыёперадачы й адбылася своеасаблівая зьмена пакаленьняў у нацыянальнай арганізацыі.
Больш грунтоўныя мэмуары выдаў асобнай кнігай у 1999 годзе беларускі дзяяч Сыднэю Алесь Алехнік. Адзначаны твор мае выразны біяграфічны характар. На фоне аповеду пра падзеі асабістага жыцьця аўтар стварыў нарыс уласнай грамадзкай дзейнасьці ў Беларускім Аб’еднаньні ў Аўстраліі (у Сыднэі). Безумоўную вартасьць маюць мэмуары Алеся Алехніка ў частцы асьвятленьня беларускага ўдзелу ў аўстралійскіх і міжнародных мерапрыемствах, як Кангрэсы Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі, што заставаліся па-за ўвагай ня толькі іншых аўтараў успамінаў, але таксама й большасьці карэспандэнтаў эміграцыйнай прэсы.
Нельга не заўважыць пэўную тэндэнцыйнасьць мэмуараў Алеся Алехніка. Як прадстаўнік БЦРаўскай арганізацыі (Алехнік зьявіўся ў Сыднэі ўжо па афармленьні расколу), ён амаль не гаварыў пра прыхільнікаў Рады БНР і іх дзейнасьць. У выніку, пра беларускія радыёперадачы, якія выходзілі ад 1976 году, аўтар згадаў толькі ў падзеях 1989 году й толькі ў зьвязку з уласным у іх удзелам20. Таксама назіраецца пэўная тэндэнцыя да перабольшваньня аўтарам уласнай ролі ў беларускім жыцьці Сыднэю. Так, паводле ягоных словаў, ён адзін быў выдаўцом і аўтарам часопіса “Новае Жыцьцё”, аднак гэтае выданьне выходзіла яшчэ да зьяўленьня Алеся Алехніка ў горадзе, пра што ў мэмуарах зусім няма зьвестак. Па-за ўвагай аўтара засталося шмат падзеяў і асобаў, таму пададзеныя ў кнізе зьвесткі нельга ахарактарызаваць як поўныя. Тым ня менш, мэмуары Алеся Алехніка — яскравы прыклад адлюстраваньня дзейнасьці асобных нацыянальных арганізацыяў Аўстраліі ў асабістым жыцьці й сьведамасьці беларуса.
Зусім іншыя ўспаміны Сымона Шаўцова, аўтар якіх засяродзіўся адно толькі на падзеях прыватнага жыцьця. Ён дакладна апісаў умовы працы ў Аўстраліі й тыя жыцьцёвыя акалічнасьці, якія перашкаджалі шмат каму зь беларусаў атрымаць больш кваліфікаваную працу21. Прысутнічае ў мэмуарах і першапачатковае адчуваньне часовасьці аўстралійскага жыцьця. Аднак мары пра вяртаньне разьбіліся й аб пабытовыя камяні, і аб сумныя весткі пра лёс тых, хто паспрабаваў вярнуцца на радзіму.
“Прыйшоў аднойчы з работы, галава трашчыць ад сьпёкі, кажу жонцы: “Больш не магу тут жыць. Паедзем у Беларусь, або ў Польшчу?” Жонка залямантавала: “Ты што, хочаш нас загубіць? Я ж ня вытрымаю падарожжа морам. Сюды прыехала ледзь жывая. Дый зацяжарыла я — мне будзе яшчэ горш!”(…) Часова адкінуў думку пра зьвяртаньне.
У 1954 годзе мой сусед, рускі, прадаў сваю хату і ўсё, што ў яго было, ды зь сям’ёю паехаў на радзіму, у Расею… Праз чатыры месяцы дасталі мы пісьмо ад ягонай жонкі. Яна пісала, што ейнага мужа, Пятра, паслалі няведама куды, а яна зь дзецьмі жыве ў сваіх бацькоў. Савецкія ўлады не прызналі іхні шлюб, бо яны пабраліся ў Нямеччыне, а не ў СССР. Вось гэтае пісьмо няшчаснай жанчыны й адахвоціла мяне паехаць ня тое, што ў Менск, а нават і на “отзысканы землі” ў Польшчу”22.
З успамінаў Сымона Шаўцова незразумела, наколькі шчыльныя сувязі былі ў аўтара зь беларускімі арганізацыямі ў тым жа Сыднэі, але відавочна, што беларушчына мела пэўную прысутнасьць у ягоным жыцьці.
Брак выдадзеных мэмуараў беларусаў Аўстраліі з аднаго боку падвышае каштоўнасьць кожнага з твораў для дасьледнікаў, а з другога — падштурхоўвае да больш актыўнай дзейнасьці ў зьбіраньні яшчэ не апублікаваных успамінаў. Вялікую працу ў гэтым кірунку робіць створанае Беларускае Гістарычнае Згуртаваньне. Гэтая арганізацыя наладзіла зьбіраньне й падрыхтоўку да публікацыі ўспамінаў удзельнікаў беларускага жыцьця ў Аўстраліі. Сабраныя адным з новых беларускіх эмігрантаў Віктарам Кавалеўскім аповеды ведамых беларусаў Паўла Гуза, Уладзімера Шнэка (Случанскага), айца Аляксандра (Грыцука) й іншых утрымліваюць каштоўныя зьвесткі пра арганізацыю беларускага скаўтынгу ў Аўстраліі, стварэньне й дзейнасьць нацыянальных арганізацыяў у розных асяродках дыяспары23.
Пэўнае дачыненьне да жыцьця беларусаў у Аўстраліі маюць успаміны Зінаіды Кадняк пра свайго мужа Алеся Салаўя, надрукаваныя ў “Беларускай мэмуарыстыцы на эміграцыі”. Аўтарка распавядае, як цяжка было паэту, адукаванаму чалавеку, праз усё жыцьцё на эміграцыі працаваць на фабрыцы й ня мець ні пэрспэктываў, ні спадзеву вярнуцца на радзіму24. Відавочна, што грамадзкае жыцьцё беларусаў у Аўстраліі не стварыла для Алеся Салаўя трывалых стымулаў да творчасьці.
Сабраныя разам, мэмуарныя творы нашых суайчыньнікаў у Аўстраліі дазваляюць удакладніць факталягічны бок дзейнасьці беларускіх арганізацыяў і асобаў, а таксама паспрабаваць зразумець чалавечую спэцыфіку жыцьця аўстралійскіх беларусаў.
Яшчэ больш яскрава адбітак дзейнасьці дыяспары на асабістым жыцьці яе ўдзельнікаў магчыма прасачыць на прыкладзе вусных сьведчаньняў, зьбіраньне й публікацыя якіх склалі асобную частку дасьледаваньня. Паказальна, што запісаныя ў часе наведваньня беларускіх асяродкаў у Мэльбурне, Адэляйдзе й Сыднэі ўспаміны найбольш належаць жанчынам, чыя роля ў жыцьці дыяспары заставалася па-за ўвагай іншых крыніцаў25.
Цікавай, але малаведамай і маладаступнай для дасьледнікаў катэгорыяй крыніцаў ёсьць эпісталярыі аўстралійскіх беларусаў. Ведама, што лістоўныя сувязі суайчыньнікаў у розных краінах трывалі гадамі, аднак асабістыя архівы дзеячоў беларускай Аўстраліі амаль не публікаваліся26 і застаюцца недаступнымі для айчынных навукоўцаў.
Найбольш колькасная і разнастайная паводле зьместу катэгорыя крыніц па гісторыі беларусаў у Аўстраліі — пэрыядычны друк. Праўда, абмежаваныя магчымасьці і нетрываласьць мясцовых беларускіх пэрыёдыкаў, пра якія яшчэ будзе асобная гаворка ў кнізе, абумовіла даволі значную прысутнасьць аўстралійскіх суайчыньнікаў на старонках беларускіх эміграцыйных выданьняў за межамі Аўстраліі. Гэтыя пэрыёдыкі мелі пастаянных карэспандэнтаў на пятым кантэнэнце, якія паведамлялі аб ўсіх значных падзеях мясцовага беларускага жыцьця.
Першыя зьвесткі пра прыезд беларусаў у Аўстралію былі апублікаваныя на бачынах газэты “Бацькаўшчына”. У траўні—чэрвені 1948 г. былі надрукаваныя допісы Аляксандра Калодкі “Бывай, Эўропа! (Ліст з дарогі ў Аўстралію)” і “Мы ў Аўстраліі”, ад якіх пачынаецца летапіс прысутнасьці беларусаў пятага кантынэнту на старонках эміграцыйнага друку. Паведамленьні пра арганізацыю беларускіх суполак у Брысбэне, Сыднэі, Мэльбурне, Адэляйдзе й Пэрце, адзначэньне нацыянальных сьвятаў, галоўныя праблемы й падзеі беларускага жыцьця сталі рэгулярна друкавацца ў газэтах і часопісах “Бацькаўшчына”, “Беларус”, “Незалежная Беларусь”, “Беларускае Слова”, “Барацьба”, “Божым Шляхам”, “Голас Царквы” й інш. Невялічкія, часта бяз подпісаў (або падпісаныя ініцыяламі ці словамі кшталту “Вэтэран”, “Прысутны”, “Задаволены”) нататкі пра пачатак беларускага жыцьця ў Аўстраліі першай паловы 50-х гадоў з часам зьмяніліся на больш грунтоўныя аўтарскія аповеды.
Нельга сказаць, што вестак з Аўстраліі было шмат, асабліва калі параўноўваць з прысутнасьцю на старонках эміграцыйнага друку беларусаў з Ангельшчыны, Канады, ЗША. Аднак кожная больш-менш істотная падзея беларускага жыцьця Аўстраліі знаходзіла сваё адлюстраваньне ў тым ці іншым беларускім эміграцыйным выданьні. Так, газэты “Бацькаўшчына” й “Беларус” штогод абавязкова атрымоўвалі зьвесткі пра сьвяткаваньне ўгодкаў беларускае незалежнасьці й Слуцкага паўстаньня ў Мэльбурне, Сыднэі, Адэляйдзе, Пэрце, а таксама часам угодкаў Беларускай Краёвай Абароны (23 лютага) і Другога Ўсебеларускага Кангрэсу (27 чэрвеня), Дня Маці, юбілеяў беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў. Зьмест зацемак, верагодна, адлюстроўваючы й зьмест падзеяў, не адрозьніваўся значнай разнастайнасьцю. Аўстралійскія беларусы рэдка адгукаліся грунтоўнымі артыкуламі на актуальныя праблемы эміграцыйнага жыцьця ці падзеі на Бацькаўшчыне. Аднак сваімі рэгулярнымі паведамленьнямі яны на працягу многіх гадоў адзначалі ўласную прысутнасьць у агульным грамадзкім жыцьці нашых суайчыньнікаў на чужыне.
Імёны многіх карэспандэнтаў у Аўстраліі немагчыма дакладна вызначыць, бо яны падпісваліся псэўданімамі, або зусім не падпісвалі свае зацемкі. Іншых магчыма ідэнтыфікаваць па крыптанімах. Так, сярод сталых аўтараў Сыднэю варта адзначыць доктара Язэпа Малецкага (пісаў таксама пад псэўданімам А.(Я.) Лаўрыновіч), чые зацемкі пра падзеі ў гэтым горадзе зьяўляліся на старонках “Бацькаўшчыны”, “Беларуса” й інш. Ён ужо ў 1959 годзе ў сваёй нататцы “Як жывецца ў Аўстраліі” з сумам паведамляў пра “посьпехі” працэсу асыміляцыі беларусаў: “…Час робіць сваё: заціраецца ўспамін роднае хаты, якую ўжо бальшавікі пасьпелі разбурыць, чалавек урастае ў чужое асяродзьдзе, а дзеці зусім зьліваюцца з чужым краем”27. Адной зь нешматлікіх жанчын-карэспандэнтак доўгі час была Аўгіньня Каранеўская, чые допісы ў газэце “Беларус” на працягу 1975—1982 гадоў падрабязна распавядалі пра жыцьцё сыднэйскіх беларусаў. Пасьля яе сьмерці асноўным карэспандэнтам зь беларускага Сыднэю зрабіўся Міхась Лужынскі.
Сталым аўтарам нататкаў пра беларускае жыцьцё ў Мэльбурне доўгі час быў Аляксандар Калодка. Шмат допісаў у розныя эміграцыйныя пэрыёдыкі дасылаў таксама прафэсар Мікола Нікан. Цікава, што рэдакцыя часопіса “Божым Шляхам” цягам 1965—1973 гадоў друкавала й прыватныя лісты гэтага чалавека, менш афіцыйныя, хутчэй з уласнымі пачуцьцямі ад жыцьця ў Аўстраліі, яе клімату, прыроды, людзей. Тыя лісты былі своеасаблівым адказам для цікаўных пра тое, што ўяўляла сабой Аўстралія як краіна. Некаторы час аўтаркай допісаў у “Беларус” з Мэльбурну была Эўлялія Яцкевіч, актыўная дзяячка беларускага жыцьця, старшыня Беларускага Цэнтральнага Камітэту ў 1976—1980 гадах. Часта пісалі пра дзейнасьць нацыянальных грамадзкіх арганізацыяў Мікола Скабей, Павал Гуз (Паўлюк Дуброўскі) і некаторыя іншыя беларусы Мэльбурну. Іх нататкі згадвалі й пра дзейнасьць беларускіх скаўтаў, і пра супольную пабудову беларусамі дамоў на пачатковым этапе іх уладкаваньня ў штаце Вікторыя, і пра наладжаныя ў 50-х гадах лекцыі беларусаведы, і пра асаблівасьці беларускіх мерапрыемстваў на працягу болей як паўстагодьдзя гісторыі асяродку.
З Паўднёвай Аўстраліі галоўнымі карэспандэнтамі беларускіх выданьняў былі Янка Ролсан, які падпісваўся часта як Янка Яр, а таксама Парфіры Трысмакоў і Ўладзімер Акавіты. Іх зацемкі пра царкоўныя й сьвецкія сьвяткаваньні беларусаў у Адэляйдзе сьведчылі пра надзвычай моцную рэлігійную складовую частку нацыянальнага жыцьця ў гэтым беларускім асяродзьдзі.
Менш пэрыядычна, але заўсёды вельмі грунтоўна пісалі карэспандэнты пра падзеі беларускага жыцьця ў Заходняй Аўстраліі. Амаль адзіным аўтарам газэты “Беларус” з Пэрту ад 50-х гадоў і да восені 2003 году быў Міхась Раецкі. А ў часопіса “Божым Шляхам” быў свой сталы карэспандэнт у іншым горадзе Заходняй Аўстраліі — Альбані — Кастусь Чабатар, які часам пісаў пад псэўданімам Ч. Канстантыновіч. Ягоныя допісы — гэта мастацкія замалёўкі з аўстралійскай прыроды, абарыгенскіх звычаяў, асаблівасьцяў грамадзкіх працэсаў у краіне, а таксама ўспаміны й нататкі з уласнага жыцьця ў Аўстраліі й на радзіме. Кастусь Чабатар шмат разважаў наконт умоваў жыцьця й магчымасьцяў нашых суайчыньнікаў у Аўстраліі. У адрозьненьне ад іншых аўтараў, ён вельмі крытычна ставіўся да аўстралійскай рэчаіснасьці і, паводле нататкаў, вельмі сумаваў па страчанай Радзіме. У сваім артыкуле “Што Беларус кажа аб Аўстраліі” ён сьцьвярджаў: “Нас тут ня любяць: апошніх прымаюць на працу й першых звальняюць. На кіраўнічых становішчах нашых мала. Ну што ж? Страцілі Бацькаўшчыну, страцілі ўсё! Кожная сям’я жыве сваім жыцьцём — ня так, як у нас было: вечарам пасядзець на прызьбе, пагутарыць, а тут сусед да суседа ня пойдзе…”28. Замалёўкі Чабатара — часам гумарыстычныя, часам праблемныя — дапамагаюць крыху па-іншаму зірнуць на рэальнае жыцьцё беларусаў у Аўстраліі.
Свае аўтары ў Аўстраліі былі й у іншых пэрыёдыкаў. Так, Алесь Алехнік, відавочна, быў карэспандэнтам часопіса “Барацьба”, а магчыма й газэты “Беларускае Слова”. Нехта з парафіянаў БАПЦ у Мэльбурне й Адэляйдзе рэгулярна дасылаў свае зацемкі з рэлігійнага жыцьця мясцовых беларусаў у “Голас Царквы”, “Царкоўны Пасланец”, “Царкоўныя Навіны”. Былі карэспандэнты ў Аўстраліі й у таронцкага “Беларускага Голасу”, праўда, дакладнае аўтарства высьветліць надзвычай складана.
Асаблівасьцю карэспандэнцкіх паведамленьняў з часам становіцца стылёвая й зьмястоўная аднастайнасьць зьвестак (узьнікае ўражаньне, што й само грамадзкае жыцьцё беларусаў, сьвяткаваньні, падзеі ператвараюцца ў своеасаблівую натуральную завядзёнку з амаль нязьменным з году ў год зьместам). Яшчэ адной прыкметай зьвестак з Аўстраліі ёсьць тое, што часам у паведамленьнях адчуваюцца водгукі нутраных канфліктаў беларускага асяродзьдзя. Праўда, наяўнасьць звычайна ў выданьня толькі аднаго карэспандэнта ад цэнтру (Мэльбурну, Сыднэю, Адэляйды) давала яму магчымасьць паказваць уласны пагляд на падзеі й абыходзіць вострыя моманты ўзаемадачыненьняў беларускіх арганізацыяў. Тым ня менш, водгаласы спрэчак часам прарываліся й на бачыны неаўстралійскіх эміграцыйных пэрыёдыкаў.
Асобную групу матэрыялаў з Аўстраліі на старонках эміграцыйных часопісаў складаюць літаратурныя творы, часьцей паэтычныя. Многія зь іх друкавалася на старонках “Баявой Ускалосі”. Так, у 70-х гадах у гэтым часопісе публікаваліся вершы Янкі Макарэвіча, Анатоля Сумнага, Алеся Салаўя, Паўлюка Дуброўскага, Пётры Сасноўскага. Пераважная большасьць твораў аўстралійскіх беларусаў (за выключэньнем Алеся Салаўя) прысьвечаныя тэматыцы жыцьця на чужыне, тугі па радзіме або ёсьць стылізацыямі пад народную творчасьць і не адрозьніваюцца разнастайнасьцю паэтычных формаў.
Сталая прысутнасьць на старонках неаўстралійскіх пэрыёдыкаў давала беларусам Аўстраліі магчымасьць адначасова й падтрымліваць кантакты з суайчыньнікамі, і рэпрэзэнтаваць сябе ў гісторыі беларускага замежжа другой паловы ХХ стагодзьдзя. Усё вышэй згаданае дазваляе шырока выкарыстоўваць публікацыі ў пэрыядычным друку ў якасьці асноўных (бо найбольш рэгулярных і разнастайных) крыніцаў па гісторыі беларускай Аўстраліі.
Агульная характарыстыка крыніцаў дасьледаваньня беларускай Аўстраліі дазваляе зрабіць выснову, што комплексны й крытычны аналіз наяўных дакумэнтаў і сьведчаньняў (бальшыня зь якіх маюць выразны суб’ектыўны характар) дае магчымасьць некаторым чынам асэнсаваць зьмест і мэханізмы фармаваньня й дзейнасьці беларускай дыяспары, а разам і паказаць прыватнае (на ўзроўні асобнага чалавека) вымярэньне яе гісторыі.
Зноскі:
1 Тишков В.А. Исторический феномен диаспоры // Национальные диаспоры в России и за рубежом в XIX—ХХ вв. Сборник статей / Под ред. академика РАН Ю.А. Полякова и доктора исторических наук Г.Я. Тарле. М.: ИРИ РАН, 2001. С. 9—44.
2 Тощенко Ш.Т., Чаптыкова Т.И. Диаспора как объект социологического исследования // Социс. 1996. № 12. С. 37.
3 Safran W. Diasporas in Modern Scieties: Myths of Homeland and Return // Diaspora. Vol. 1. No. 1. 1991. P. 83—84.
4 Эміграцыя // Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 6. Ч. ІІ. Мн., 2003. С. 256—262.
5 Касяк І. Другая Сусьветная вайна й паваенны час // Найдзюк Я. Касяк І. Беларусь учора й сяньня. Папулярны нарыс з гісторыі Беларусі. Мн., 1993. С. 364—368.
6 Панькоў М. Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945—1984). Мн., 2001. — 330 с.
7 Garbiсski J. Turonek J. Biaіoruski ruch chrzeњcijaсski XX wieku. Sіownik biograficzno-bibliograficzny. Warszawa, 2003. — 519 s.
8 Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе. Бібліяграфія. Асобныя выданьні / Складальнікі Зора й Вітаўт Кіпелі. Нью-Ёрк — Менск, 2003. — 582 с.; Belarusian Publishing In The West: A Bibliography. Periodicals / Compiled by Vitaut Kipel and Zora Kipel. New York: Ross Publishing Inc. — 150 p.
9 Katchan O. Byelorussians // Australian People: an Encyclopedia of the Nation, its People and Their Origins. Sydney, 1988.
10 Martin J. Refugee Settlers. A Study of Displaced Persons in Australia. Canberra, 1965. — 116 p.
11 From the Steps of Bonegilla. Bonegilla Migrant Recepcion & Training Centre 1947—1971. Albury, 2000. P 6.
12 Зьмест брашуры перадрукаваны ў: Інфармацыйны Бюлетэнь Фэдэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі. 1986. № 5. С. 9—15.
13 Paszkowski L. Polacy w Australii і Oceanii. 1790—1940. Londyn, 1962.
14 Каневская Г.И. Очерк русской иммиграции в Австралии (1923—1947). Мельбурн, 1998.
15 Клуніцкі У. Першыя крокі. Сыднэй: выданьне Згуртаваньня Беларускіх Патрыётаў, 1953. — 14 с.
16 БНРаўска-БЦРаўскі раскол — палітычны падзел беларусаў паваеннай хвалі эміграцыі, які адбыўся ў 1947—1948 гадах у Нямеччыне і быў пазьней перанесены ў краіны сталага пасяленьня эмігрантаў. БНРаўцы — прыхільнікі адноўленай пры канцы 1947 году Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Часам ўжываюць таксама назоў “крывічы”, бо ў шэрагах прыхільнікаў Рады БНР была агучаная ідэя замены назвы “Беларусь” на “Крывія”, каб пазьбегнуць атаесамленьня беларусаў з расейцамі. БЦРаўцы — прыхільнікі адноўленай на пачатку 1948 году Беларускай Цэнтральнай Рады. Часам выкарыстоўваецца няправільны назоў “зарубежнікі”, карані якога, верагодна, палягаюць у ранейшых кантактах кіраўніцтва БЦР з прадстаўнікамі беларускага вышэйшага праваслаўнага сьвятарства, што ў 1946 годзе далучыліся да Расейскай Зарубежнай Прываслаўнай Царквы.
17 Стварэньне карціны матэрыяльнага дабрабыту ў Аўстраліі ў нататках Уладзімера Бакуновіча тым больш цікава, што сам ён не пажадаў на сталае жыхарства застацца ў гэтай краіне, зьехаўшы спачатку на студыі ў Лювэн, а затым у ЗША. І, паводле сьведчаньняў сястры Лізы, Уладзімеру надзвычай не падабалася жыць у Аўстраліі.
18 Калодка А. Беларусы ў Аўстраліі // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі / Уклад. Лявон Юрэвіч. Нью-Ёрк, 1999. С. 329—330.
19 Тамсама. С. 338.
20 Тамсама. С. 186.
21 Шаўцоў С. Мая Адысея. Успаміны. Апавяданні. Вершы. Вільня: Рунь, 1999. С. 50.
22 Тамсама. С. 49–50.
23 Апавяданьні аўстралійскіх беларусаў складаюць частку з кнігі Віктара Кавалеўскага “Беларусы Аўстраліі: А хто там ідзе?”, якая рыхтуецца да друку ў Адэляйдзе.
24 Кадняк З. Успаміны пра Алеся Салаўя // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі / Уклад. Лявон Юрэвіч. Нью Ёрк, 1999. С. 319—327.
25 Спэцыфіка сабраных успамінаў будзе больш падрабязна прааналізаваная ў асобным разьдзеле кнігі.
26 Рэдкім выключэньнем ёсьць апублікаваныя лісты Сьцяпана Шнэка да Юркі Віцьбіча, а таксама некаторыя допісы карэспандэнтаў пэрыядычных выданьняў, якія цалкам публікаваліся ў асобных выпадках, як гэта было з допісамі прафэсара Міколы Нікана ў “Божым Шляхам” і інш.
27 Лаўрыновіч А. [Малецкі Я.] Як жывецца ў Аўстраліі // Бацькаўшчына. 1959. № 9 (445).
28 Канстантыновіч Ч. [Чабатар К.] Што кажа беларус аб Аўстраліі // Божым Шляхам. 1966. № 6 (99). С. 18.
Раздзел: Частка 1
Аўстралія ў сьвятле сваёй іміграцыйнай палітыкі
Гісторыя Беларускай Аўстраліі цесна пераплеценая зь мінулым самой краіны й з жыцьцём іншых нацыянальных групаў на яе тэрыторыі. Дасьледаваньне прысутнасьці нашых суайчыньнікаў на пятым кантынэнце неабходна мусіць ісьці ў зьвязку з высьвятленьнем галоўных момантаў аўстралійскай іміграцыйнай палітыкі. У разнастайным моры імігрантаў, што займаліся вывучэньнем і асваеньнем terra australis incognita, былі выхадцы й зь беларускіх земляў. Магчыма, у ХІХ — першай палове ХХ стагодзьдзя. яны не ўсьведамлялі сябе беларусамі, а таму іх рэгістравалі паводле дзяржаўнай прыналежнасьці як палякаў ці расейцаў, але й тыя нашыя продкі рабілі ўласны ўнёсак у аўстралійскую гісторыю й у фармаваньне адмысловага, складзенага з прадстаўнікоў розных нацыянальнасьцяў, аўстралійскага грамадзтва.
Жыцьцё ў Аўстраліі беларусаў найбольш колькаснай паваеннай хвалі эміграцыі вызначалася асаблівасьцямі папярэдняй гісторыі гэтай краіны й яе стаўленьня да імігрантаў. Прынятыя мясцовым грамадзтвам, нашыя суайчыньнікі мусілі прыстасоўвацца да новай сацыяльна-культурнай рэчаіснасьці, і, разам з імігрантамі іншых нацыянальнасьцяў, паступова зьмянялі гэтае грамадзтва, ствараючы вобраз сучаснай Аўстраліі. Менавіта асаблівасьцям іміграцыйнай гісторыі пятага кантынэнту й удзелу ў ёй беларусаў і прысьвечаная гэтая частка кнігі.
Першыя беларусы на кантынэнце
Складана дакладна вызначыць, хто з жыхароў беларускіх земляў упершыню наведаў зялёны кантынэнт. Ведама, што яшчэ ў 1696 годзе ў экспэдыцыі галяндзкага капітана Вілема Вламінга, які дасьледаваў берагі сучаснай Заходняй Аўстраліі, удзельнічалі некалькі грамадзянаў Рэчы Паспалітай, імёны якіх не захаваліся29. Першае ж ведамае імя — Ксавэры Карніцкі, народжаны ў 1750 годзе ў Наваградзкім ваяводзтве. Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай ён эміграваў у Чылі, дзе арганізаваў кітабойную экспэдыцыю да берагоў Аўстраліі. Ксавэры Карніцкі пакінуў успаміны са свайго падарожжа 1785—1791 гадоў, у часе якога высаджваўся на аўстралійскай зямлі. На жаль, успаміны гэтыя не захаваліся30.
Аднымі зь першых сталых пасяленцаў у Аўстраліі былі высланыя крымінальныя злачынцы. Сярод іх у 1803 г. на выспу Тасманія прыбыў нарадзінец Рэчы Паспалітай Ян Патоцкі, асуджаны ангельскім судом. Палякі й расейцы адначасова сьцьвярджаюць пра тое, што гэта адзін зь першых іх прадстаўнікоў на аўстралійскай зямлі31. Аднак дакладная біяграфія Яна Патоцкага няведамая, а таму нельга адкінуць, што ён мог паходзіць і зь беларускіх земляў, што адышлі да Расеі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай. Празь некаторы час гэты чалавек ператварыўся на пасьпяховага фэрмэра ў Тасманіі32.
Выхадцаў зь земляў былой Рэчы Паспалітай магчыма знайсьці й сярод географаў, што вывучалі Аўстралію. Адным зь іх быў удзельнік паўстаньня 1830—1831 гадоў Павал Эдмунд Стжэлецкі (1797—1873). Вымушаны эміграваць у Брытанію, ён у 1839—1844 гадах дасьледаваў Аўстралійскія Альпы — горы ў Новай Паўднёвай Валіі й адкрыў самую высокую вяршыню пятага кантынэнту, якую назваў імем нацыянальнага героя Рэчы Паспалітай Тадэвуша Касьцюшкі. Акрамя таго, Стжэлецкі знайшоў радовішчы вугалю й золата33, прычыніўшыся, такім чынам, да наступнай “залатой ліхаманкі”, што апанавала краіну ў 50-х гадах ХІХ стагодзьдзя.
Нельга не згадаць, што ад 30-х гадоў ХІХ стстагодзьдзя (пасьля задушэньня паўстаньня 1830—1831 гадоў) у Аўстралію на сталае жыхарства часта накіроўваліся выхадцы з абшараў былой Рэчы Паспалітай. Адным зь першых вольных каляністаў зь беларускіх земляў быў Алёіз Канстанты Друцкі-Любецкі, нашчадак ведамага шляхецкага роду. Удзельнік ваенных дзеяньняў падчас паўстаньня 1830—1831 гадоў, ён у 1838 годзе зь сям’ёй прыбыў у Сыднэй, дзе ягоная жонка-ангелька арганізавала прыватную школу для дзяўчынак. Праз 25 гадоў Друцкі-Любецкі перабраўся з Аўстраліі ў Новую Зэляндыю. Да канца жыцьця ён захоўваў агіду да Расеі, што пазбавіла яго радзімы, і нават свой маёнтак у новай краіне назваў “Клодна” — ад мясцовасьці, дзе войскі паўстанцаў зь ягоным удзелам перамаглі расейцаў34.
Алёіз Канстанты Друцкі-Любецкі перацягнуў у Аўстралію сваякоў Люцыяна й Фэрдынанда Плятэраў — дзяцей маршалка віленскай шляхты Тадэвуша Плятэра й пляменьніцы Тадэвуша Касьцюшкі Рахелы. Абодва браты ў красавіку 1831 году зьбеглі з расейскага афіцэрскага корпусу ў Дынабургу (Даўгаўпілс), дзе несьлі службу, і далучыліся да паўстанцкіх войскаў. Па паразе паўстаньня яны праз Францыю й Ангельшчыну ў 1840 годзе разам зь сем’ямі апынуліся ў Аўстраліі. Як і Друцкі-Любецкі, Плятэры, нягледзячы на шляхецкае паходжаньне, ня здолелі значна ўзбагаціцца ў новай краіне, але былі людзьмі паважанымі. Малодшы брат Фэрдынанд дажыў да 81-гадовага веку, пільна сачыў за падзеямі на радзіме й нават зьбіраўся вярнуцца ды ўзяць удзел у паўстаньні 1863 году, але ня меў дастаткова грошай на падарожжа ў Эўропу35.
Паўстаньні 1830—1831 і 1863 гадоў справакавалі прыезд у Аўстралію й іншых выхадцаў зь беларускіх земляў, імёны якіх складана вылучыць сярод значнай колькасьці запісаных палякамі ці расейцамі пасяленцаў. Аднак, як напамін па страчанай радзіме, яны часам называлі свае фэрмы ці маёнткі знаёмымі імёнамі. Так, былі ў Аўстраліі фэрмы “Гародня”, “Добры” й г.д.36
Некаторыя выхадцы зь беларускіх земляў прыяжджалі ў Аўстралію часова, як, прыкладам, Напалеон Фэлікс Жаба, нашчадак ведамага шляхецкага роду Вялікага Княства Літоўскага, знаны літаратар і падарожнік, прафэсар унівэрсытэту ў Буэнас-Айрэсе (Аргентына). У 1879 годзе ён выдаў у Кракаве збор вершаў, прысьвечаных палякам, якіх ён сустрэў падчас побыту ў Аўстраліі й Новай Зэляндыі37.
У 1914 годзе распачаў вывучэньне карэннага насельніцтва Новай Гвінэі ведамы антраполяг, між іншага, дасьледнік Палесься Браніслаў Маліноўскі. У падарожжы да Аўстраліі яго суправаджаў знаны пісьменьнік-фантаст Станіслаў Ігнацы Віткевіч, нашчадак удзельнікаў паўстаньня 1863 года. Праз 25 гадоў пасьля падарожжа ў Аўстралію, 18 верасьня 1939 году, калі даведаўся пра ўварваньне Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Ўкраіну, ён пакончыў жыцьцё самагубствам у вёсцы Езёры на Палесьсі38.
Сярод пасяленцаў і наведнікаў пятага кантынэнту ў ХІХ — першай палове ХХ стагодзьдзя, якія паходзілі зь беларускіх земляў, пэўная частка далучалася да польскіх асяродкаў, бальшыня ўлівалася ў агульныя шэрагі расейскіх імігрантаў. У выніку, колькасьць нашых суайчыньнікаў на зялёным кантынэнце немагчыма дакладна вызначыць ні на адным этапе яго гісторыі. Паводле падлікаў адзінага ў ХІХ стагодзьдзі перапісу насельніцтва трох штатаў Аўстраліі Квінслэнду, Вікторыі й Тасманіі, які адбыўся ў 1871 годзе, напрыклад, у Вікторыі былі зафіксаваныя 214 палякаў і 334 расейцы. Безумоўна, у гэтыя лічбы ўваходзілі й імігранты зь беларускіх земляў39.
Эканамічныя крызісы мяжы ХІХ—ХХ стагодзьдзяў, Першая Сусьветная вайна, рэвалюцыйныя падзеі ў Расеі справакавалі даволі моцныя хвалі эўрапейскай іміграцыі ў Аўстралію. Так, ёсьць зьвесткі, напрыклад, што падчас Першай Cусьветнай вайны ў Аўстраліі апынулася каля 5 тысячаў украінцаў40. Паводле перапісу насельніцтва 1921 году, у краіне таксама было каля 1780 палякаў, а ў 1933 годзе іх было ўжо ўтрая болей41.
Зьвесткі расейскага консула ў Аўстраліі А. Абазы сьведчаць, што цалкам выхадцаў з Расейскай імпэрыі (сярод якіх былі й беларусы) ужо ў 1914 годзе тут налічвалася каля 12 тысячаў42. Аднак, паводле аўстралійскага перапісу 1921 году, руская грамада ў краіне складала блізу 4 тысячаў чалавек43. Пасьля расейскай рэвалюцыі 1917 году шмат удзельнікаў белага руху, гэтак званых White Russians (зь якімі пазьней вельмі часта блыталі беларусаў), апынуліся ў Аўстраліі. Яны актыўна прыбывалі ў краіну на працягу 20—30-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Пры гэтым найбольшая колькасьць расейскіх імігрантаў асела ў штаце Квінслэнд. Беларусы, якія прыехалі ў Аўстралію ўжо пасьля Другой Сусьветнай вайны, згадвалі, што сустракалі асабліва ў Брысбэне (сталіцы Квінслэнду) выхадцаў зь беларускіх земляў менавіта з тае расейскае хвалі эміграцыі, праўда, значна зрусіфікаваных44.
Адсутнасьць у імігрантаў з нашых земляў беларускай нацыянальнай самасьведамасьці й жаданьня захаваць сваю культурную адметнасьць у Аўстраліі мела вынікам тое, што ўласных асяродкаў яны ў гэтай краіне да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя так і не стварылі. Таму гісторыя сьведамай беларускай прысутнасьці на пятым кантынэнце пачалася толькі са зьяўленьнем тут прадстаўнікоў найбольш моцнай хвалі іміграцыі з Эўропы пасьля Другой Сусьветнай вайны.
Міграцыйная палітыка краіны да сярэдзіны ХХ ст. “Белая Аўстралія”
Ад самога пачатку засяленьня Аўстраліі эўрапейцамі, яна была звычайнай брытанскай калёніяй. Пераважная бальшыня прывезеных сюды цягам ХІХ стагодзьдзя злачынцаў і вольных каляністаў былі брытанскага паходжаньня. Толькі адкрыцьцё золата справакавала надзвычай моцны прыток у краіну пасяленцаў з розных краёў сьвету, асабліва з Кітаю. За дзесяць гадоў “ліхаманкі” (1851—1860) насельніцтва Аўстраліі, куды штогод прыбывала па 50 тысячаў чалавек, павялічылася ўтрая й у колькасьці перасягнула мільённую адзнаку45. Менавіта ў гэты час, калі зьявілася шмат прадстаўнікоў іншай расы, стала высьпяваць незадавальненьне жыхароў брытанскага паходжаньня. У выніку, ужо ў 80—90-х гадах ХІХ стагодзьдзя ў розных штатах былі зробленыя захады, каб абмежаваць правы й іміграцыю каляровага насельніцтва.
Ня дзіўна, што адным зь першых дакумэнтаў, прынятых агульным Парлямэнтам Аўстралійскага Саюзу быў “Акт аб абмежаваньні іміграцыі”, афіцыйна зацьверджаны 23 сьнежня 1901 году. Гэты дакумэнт быў вынікам доўгагадовага складваньня гэтак званай палітыкі “Белай Аўстраліі”, якая прадугледжвала заканадаўчае абмежаваньне прысутнасьці неэўрапейцаў на яе тэрыторыі. Так, ад 1901 году кожны новы імігрант мусіў пацьвярджаць сваё эўрапейскае паходжаньне, іншых сталі прымусова высяляць з Аўстраліі — краіны, якая мела быць “галоўным фарпостам Брытанскай нацыі ў паўднёвых морах”46.
Акрамя іншага, тагачасная іміграцыйная палітыка прадугледжвала неабходнасьць поўнай асыміліяцыі эўрапейцаў небрытанскага паходжаньня. Прыбылыя ў Аўстралію ў першай палове ХХ стстагодзьдзя выхадцы з Цэнтральнай, Паўднёвай і Ўсходняй Эўропы мусілі як мага хутчэй забывацца на сваю родную мову й культуру й пераймаць звычаі супольнасьці брытанскага паходжаньня, каб захавалася адзінства аўстралійскага грамадзтва47. Імкненьне забясьпечыць сацыяльна-культурную аднастайнасьць насельніцтва ў краіне, надзвычай зацікаўленай у прытоку імігрантаў звонку для асваеньня вялізнай тэрыторыі й разьвіцьця эканомікі, было задачай складанай.
Безумоўна, і пасьля афіцыйнага абвяшчэньня палітыкі “Белай Аўстраліі”, штогод у краіну прыбывалі імігранты, цяпер ужо менавіта эўрапейскага паходжаньня. Сярод іх на працягу 20-х гадоў было шмат грэкаў і італьянцаў, але найбольшую частку прыбылых па-ранейшаму складалі брытанцы (90 адсоткаў усіх імігрантаў). Агульная колькасьць тагачаснага аўстралійскага насельніцтва складала каля 7 мільёнаў чалавек, зь якіх толькі 9,8 адсотку былі народжаныя за межамі краіны48. Аднак з улікам абмежаваньняў на азіяцкую іміграцыю да канца 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя стала відавочна, што краіне не стае працоўнай сілы, каб больш інтэнсіўна разьвіваць свой прамысловы патэнцыял49.
У часе Другой Сусьветнай вайны, калі аўстралійскія вайскоўцы таксама ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях на абшарах Ціхага акіяну, у краіне зноўку зьявілася пэўная колькасьць неэўрапейскіх імігрантаў, якія займелі сем’і з аўстралійцамі й жадалі застацца тут на сталае жыхарства. Да таго ж многія аўстралійскія жаўнеры, што знаходзіліся на вайсковых базах у Японіі, мелі жонак-японак, якіх таксама жадалі прывезьці дадому. Аднак пры тагачасным заканадаўстве зрабіць гэта было надзвычай складана. Рашэньне першага міністра іміграцыі Артура Калвэла аб дэпартацыі неэўрапейцаў пасьля вайны выклікала хвалю пратэсту. У выніку, у 1949 г. 800 неэўрапейцаў атрымалі дазвол застацца ў Аўстраліі на сталае жыхарства, а японскія жонкі аўстралійскіх жаўнераў — права прыехаць да сваіх сужэнцаў. Так быў пакладзены пачатак перагляду палітыкі “Белай Аўстраліі”50.
Паваенная іміграцыя й аўстралійскае грамадзтва
Як ўжо згадвалася вышэй, у Аўстраліі былі сур’ёзныя эканамічныя падставы для заахвочваньня прыезду ў краіну эмігрантаў з Эўропы. Аўстралійскі ўрад добра скарыстаў з паваеннай сытуацыі ў Нямеччыне, Аўстрыі й іншых, дзе з часоў сканчэньня Другой Сусьветнай вайны знаходзілася значная колькасьць уцекачоў, што з розных прычынаў не жадалі вяртацца ў родныя краіны. На падставе заключэньня двухбаковых пагадненьняў з эўрапейскімі ўрадамі й міжнароднымі арганізацыямі, такімі як Міжнародная Арганізацыя ў Справах Уцекачоў (The International Refugee Organisation — IRO), або Міжурадавы Камітэт па Эўрапейскай Міграцыі (The Intergovernmental Committee for European Migration — ICEM), Аўстралія ад 1947 году стала прымаць на сваю тэрыторыю значную частку эўрапейскіх перамешчаных асобаў (Displaced Persons — DP (далей — Ды-Пі)). Яны выступалі як своеасаблівыя “суправаджальныя імігранты”, г. зн. урадавыя й міжнародныя структуры аплочвалі іх пераезд у Аўстралію, пражываньне на яе тэрыторыі й забясьпечвалі працоўнымі месцамі. Прыбылы Ды-Пі мусіў першыя два гады адпрацаваць паводле кантракту на той працы, якую яму прапануе аўстралійскі ўрад, а пазьней быў вольны ў выбары працы й месца пражываньня51.
Як і іншыя краіны, у 1947 годзе аўстралійскае Міністэрства Іміграцыі аддавала перавагу запрашэньню працоўных бязь сем’яў, і толькі празь некаторы час стала забясьпечваць утрыманьне ў краіне сем’яў нават з наяўнасьцю некалькіх асобаў непрацоўнага веку. Гэтае рашэньне значна павялічыла колькасьць прыбылых у краіну імігрантаў. Паводле аўстралійскай статыстыкі, цягам 1947—1957 гадоў краіна прыняла каля 940 тысячаў імігрантаў52.
На жаль, складана вызначыць дакладную колькасьць беларусаў, якія прыбылі ў Аўстралію ў той пэрыяд, бо, напалоханыя яшчэ ў часы знаходжаньня ў лягерах Ды-Пі ў Нямеччыне магчымасьцю прымусовага вяртаньня ў Савецкі Саюз, нашыя суайчыньнікі эмігравалі пераважна без пазначэньня сваёй сапраўднай нацыянальнасьці. У Аўстралійскім Нацыянальным Архіве, дзе сабраныя зьвесткі пра асобаў, якія калі-небудзь прыяжджалі ў краіну, захавалася толькі некалькі дзясяткаў запісаў тых, хто пры іміграцыі вызначылі сябе беларусамі53. Ехалі як літоўцы, украінцы, югаславы, аднак найчасьцей пазначалі сябе як палякаў, якіх на працягу 1947—1954 гадоў у Аўстралію прыбыла каля 50 тысячаў асобаў54. Відавочна, у гэты лік улучаныя й нашыя суайчыньнікі. Аднак якую менавіта частку ад колькасьці зафіксаваных палякаў складалі беларусы, і самі яны заўсёды вызначалі толькі прыблізна55.
Сярод меркаваньняў наконт колькасьці беларусаў, што прыехалі ў Аўстралію па Другой Сусьветнай вайне, магчыма выдзяліць: 6 тысячаў чалавек — паводле доктара Язэпа Малецкага56, 8—9 тысячаў чалавек — паводле Алеся Алехніка57, і найбольш распаўсюджаная лічба 10 тысячаў чалавек, адлюстраваная ў Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі й у артыкуле “Беларусы” Вольгі Качан у энцыкляпэдыі “Аўстралійцы: Энцыкляпэдыя нацыі, яе народаў і іх паходжаньня”58. Апошняе можа сапраўды быць блізка да рэчаіснасьці, асабліва калі параўнаць з афіцыйнай колькасьцю прыбылых украінцаў на 1954 год 14747 чалавек59.
К шэрагах паваенных імігрантаў акрамя беларусаў, палякаў і ўкраінцаў былі таксама выхадцы з тэрыторыі Югаславіі (праўда, значна большая колькасьць іх прыбыла ў Аўстралію пазьней, у 60—70-х гадах), Чэхаславаччыны, Вугоршчыны (асабліва пасьля 1956 году) і краінаў Балтыі. Пазьней да іх далучыліся прадстаўнікі азіяцкіх і афрыканскіх дзяржаваў. Нягледзячы на тое, што найбольшая колькасьць імігрантаў на працягу 50—60-х гадоў усё адно былі брытанцы, іх адсотак сярод новых прыбылых зьменшыўся ўтрая60.
Адразу па прыезьдзе імігрантаў у Аўстралію іх зьмяшчалі ў адмысловых пераходных лягерах, дзе яны знаходзіліся да часу накіраваньня на вызначанае месца працы. У такіх месцах звычайна на працягу двух гадоў заставаліся сем’і працоўных: жонкі зь дзецьмі й сталыя бацькі; клопат пра забесьпячэньне іх патрэбаў браў на сябе ўрад. Адным з буйных лягераў, празь які прайшла вялікая колькасьць і прыбылых у Аўстралію беларусаў, была Банагіля (Bonegilla)61 — былыя вайсковыя кашары, што знаходзіліся на мяжы штатаў Вікторыя й Новая Паўднёвая Валія. Толькі ў часы ад 1947 да 1953 году, калі ў Аўстралію прыехала, відавочна, найбольшая колькасьць беларусаў, праз гэты лягер прайшло 170 тысячаў чалавек розных нацыянальнасьцяў. На яго тэрыторыі, акрамя жылых памяшканьняў, быў вялікі шпіталь, тры царквы, тэатар, бібліятэка, пачатковая школа, харчовая крама, цырульня, пастарунак і тры банкі. Жыцьцё й харчаваньне тут для імігрантаў былі бясплатныя. Акрамя таго, ствараліся магчымасьці для вывучэньня ангельскай мовы62. Паводле такога ж прынцыпу, як і Банагіля, працаваў буйны лягер Батгурст (Bathurst) і іншыя пераходныя лягеры на тэрыторыі Аўстраліі.
Паваенных імігрантаў аўстралійскі ўрад разглядаў найперш як так неабходную й танную працоўную сілу й накіроўваў на працу паводле кантрактаў у розныя рэгіёны краіны на прамысловыя й сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Пры гэтым уласна кваліфікацыя прыбылых у часы выкананьня кантракту ня мела значэньня, бо прапаноўвалі ім працаваць пераважна на некваліфікаванай працы ў будаўніцтве чыгунак ці прамысловых аб’ектаў, у вугальных капальнях, на фабрыках ці фэрмах. Найбольш значным і ведамым прадпрыемствам, пабудаваным ў Аўстраліі рукамі паваенных імігрантаў была Сьнежнагорская гідраэлектрасыстэма (Snowy Mountains Scheme). Больш за 100 тысячаў асобаў з 30 краінаў працавалі на гэтай гіганцкай будоўлі ў 1949—1974 гадах.63 Сярод іх былі й нашыя суайчыньнікі64. Яны, як і сотні тысячаў іншых імігрантаў, забясьпечвалі імклівае эканамічнае разьвіцьцё паваеннай Аўстраліі.
Значная колькасьць імігрантаў небрытанскага паходжаньня, што зьявіліся ў дзяржаве ў паваенныя гады, паставілі перад грамадзтвам і ўрадам новыя пытаньні аб захаваньні гарманічнага сацыяльна-культурнага асяродзьдзя. Да сярэдзіны 60-х гадоў у краіне працягвалася палітыка асыміляцыі асобаў небрытанскага паходжаньня. Шматлікія міжнацыянальныя выставы, якія наладжваліся ўрадавымі й грамадзкімі арганізацыямі ад канца 40-х гадоў, мелі на мэце толькі пазнаёміць аўстралійскае грамадзтва з гэтак званымі “новымі аўстралійцамі”, каб зьменшыць непазьбежную насьцярожанасьць у стаўленьні да імігрантаў іншых нацыяў. Для найхутчэйшага ўлучэньня апошніх у аўстралійскую сацыяльна-культурную супольнасьць былі створаныя адмысловыя арганізацыі, як Ліга Новых Пасяленцаў (New Settlers` League), Рада Добрага Суседа (Good Neighbour Council) і г. д.65
Новыя аўстралійцы мелі права ствараць уласныя нацыянальныя арганізацыі, але ў іх статутах першапачаткова павінна было пазначацца, што галоўная мэта іх дзейнасьці — паскарэньне інтэграцыі ўдзельнікаў дадзенай нацыянальнасьці ў аўстралійскае грамадзтва. Фактычна, паваенныя імігранты ня мелі значных абмежаваньняў у сацыяльна-эканамічным жыцьці ў параўнаньні з аўстралійцамі. Першапачатковыя заўвагі датычылі непрызнаньня дыплёмаў небрытанскага паходжаньня, а таксама магчымасьцяў займацца некаторымі відамі працы да атрыманьня грамадзянства (напрыклад, вайсковай службай)66.
Галоўнай задачай тагачаснай міграцыйнай палітыкі было, каб новыя аўстралійцы як мага хутчэй перайшлі на ангельскую мову ў штодзённых стасунках, успрынялі каштоўнасьці аўстралійскага ладу жыцьця й на працягу ўжо першага пакаленьня ператварыліся ў тыповых англаарыентаваных грамадзянаў краіны67. Аднак ажыцьцявіць асыміляцыю імігрантаў аўстралійскаму ўраду не ўдалося. Найбольш эфэктыўна супрацьстаялі гэтай палітыцы вялікія нацыянальныя дыяспары, што налічвалі дзясяткі тысячаў сябраў, такія як грэцкая ці італьянская, а таксама цэрквы й касьцёлы68. Нацыянальныя арганізацыі, што стваралі новыя аўстралійцы (у тым ліку й беларусы) адразу па прыезьдзе ў Аўстралію, рэальна дапамагалі трымаць суайчыньнікаў разам, захоўваць уласнае моўнае асяродзьдзе й дазвалялі перадаваць рысы нацыянальнай культуры дзецям, народжаным па-за межамі бацькоўскай радзімы. Акрамя таго, да сярэдзіны 60-х гадоў значная колькасьць паваенных імігрантаў ужо атрымалі аўстралійскае грамадзянства, а разам зь ім выбарчае права, і склалі вялікую палітычна актыўную частку грамадзтва з спэцыфічнымі інтарэсамі, якія немагчыма было ня ўлічваць.
Навуковыя дасьледаваньні дасягненьняў асыміляцыі 60-х гадоў пацьвярджалі агульную выснову — імігранты захоўвалі свае нацыянальна-культурныя адрозьненьні ад аўстралійцаў і даволі павольна інтэграваліся ў сацыяльна-палітычную супольнасьць Аўстраліі69. Разам з тым, у 60-х гадах у краіне працягвалі зьяўляцца неэўрапейскія імігранты. Ужо ў 1957 годзе яны атрымалі права па праходжаньні 15 гадоў ад часу іх прыезду атрымоўваць аўстралійскае грамадзянства (для эўрапейцаў гэты тэрмін складаў 5 гадоў). Адначасова, нарэшце, паводле рашэньня рэфэрэндуму 1967 году, аўстралійскія абарыгены атрымалі поўныя грамадзянскія правы. Усе гэтыя падзеі разбуралі асновы палітыкі “Белай Аўстраліі” й вымушалі грамадзтва шукаць іншыя шляхі ўзаемадзеяньня з небрытанцамі й імігрантамі70.
Дзейнасьць уладаў у другой палове 60-х — пачатку 70-х гадоў умоўна завецца палітыкай інтэграцыі імігрантаў у аўстралійскае грамадзтва (ужо не асыміляцыі). Яна складалася з паступовага асэнсаваньня спэцыфічных праблемаў сацыяльнай адаптацыі новых аўстралійцаў і спробаў іх разьвязаньня з дапамогай разнастайных грамадзкіх праектаў і ўласна этнічных арганізацыяў, наладжваньне сталага супрацоўніцтва зь якімі было адным з ключавых момантаў новай палітыкі. Хаця кірунак на стварэньне аднастайнага аўстралійскага грамадзтва яшчэ ня быў цалкам адпрэчаны, тым ня менш, галоўная ўвага цяпер аддавалася не пераадоленьню нацыянальна-культурных асаблівасьцяў групаў новых аўстралійцаў, а стварэньню ў іх трывалых аднастайных уяўленьняў пра сацыяльна-палітычныя задачы й мэханізмы існаваньня аўстралійскай супольнасьці71. У 60-х гадах пашырылася ажыцьцяўленьне праектаў, пабудаваных на аб’яднаньні інтарэсаў розных нацыянальных арганізацыяў. Так, напрыклад, ад 1961 году ў розных штатах Аўстраліі сталі праводзіць штогадовыя Тыдні Паняволеных Народаў, падчас якіх нацыянальныя арганізацыі палякаў, харватаў, вугорцаў, славакаў, румынаў, літоўцаў, латышоў, эстонцаў, украінцаў, беларусаў ды іншых праводзілі канфэрэнцыі, дэманстрацыі, канцэрты, аб’яднаныя агульнай ідэяй змаганьня за незалежнасьць (найперш ад савецкай Расеі) сваіх родных краінаў

