|
Змест:
- Моладзь - будучыня народу.
- Хай воля вечна будзе за намі.
- Скрыжалі гісторыі.
- Агмень жывога слова (мастацкая проза).
- Агмень жывога слова (паэзія).
- MEMORIA.
- Хроніка беларускага жыцьця.
- Дадатак.
Раздзел: МОЛАДЗЬ — БУДУЧЫНЯ НАРОДУ
АД ВЫДАВЕЦТВА
Гэтым мы пачынаем выдаваць свой беларускі часапіс у Францыі. Мо крыху й пазнавата. Самі мы гэта добра разумеем, але, на жаль, нельга гэтага было зрабіць раней, перадусім дзеля таго, што не хапала сродкаў. Тут, у Парыжы, шмат маем розных вельмі важных у агульнанацыянальным значэньні спраў, у абліччы якіх часапіс моладзі мусіў адысьці на задні плян. Да нядаўняга часу, наагул, было шмат беларускіх часапісаў, і нядрэнных нават, што да зьместу і формы, хоць і рататарных, і выдаваньне яшчэ аднаго часапісу не было неабходным. Апошнім часам, аднак, шмат якія зь іх зьвярнулі з папярэдняга шляху злучэньня нацыі і перайшлі на службу зарубежжа. Калі яшчэ паўгода таму яшчэ адзін часапіс не станавіў праблемы, то сяньня, з увагі на невялікую колькасьць запраўды добрай і культурнай прэсы, зьяўляецца амаль неабходнасьцю. І мы пастанавілі яшчэ больш патрэсьці кішэні сваіх суродзічаў тут, у Парыжы, а часапіс усё ж такі выдаць.
Трэба таксама падкрэсліць той факт, што апошнім часам у Францыю пад’ехала крыху нашых суродзічаў з іншых краінаў. Людзі апынуліся сярод чужакоў. Часта ня ўмеючы французкай мовы, цэлымі тыднямі ня маюць да каго вуснаў адчыніць, хіба толькі да каня, з якім працуюць, але й гэта ў чужой мове. У такіх абставінах жыцьцё чалавека робіцца страшэнна шэрым і немагчымым амаль да ператрываньня. Вось жа наш часапіс і будзе якраз той другой асобаю (а прынамсі, будзе імкнуцца стацца ёю), з якою нашы новапрыбылыя беларусы будуць гутарыць. З нашага часапісу яны даведаюцца, як жыве моладзь у цэнтры, да чаго імкнецца, аб чым думае. Даведаецца наш чытач таксама аб важнейшых фактах з нашага жыцьця ў Францыі. А калі чаго й не даведаецца, то будзе, прынамсі, мець прыяцеля, да якога зможа напісаць і запытацца аб тым, што хацеў бы ведаць. Не адзін з чытачоў захоча, пэўне ж, і сам напісаць што небудзь ці пра сваё жыцьцё, ці пра свае думкі, якія, пэўна, дакучліва атакуюць яго бедную адзінокую галаву ці то ў пару працы, ці ў пару адпачынку, а мо часамі зганяюць сон з вачэй уначы. Хай ніхто не стыдаецца, што ягоная рука болей прывыкла да касы ці плуга, чымся да пяра. Хай не стыдаецца і таго, што ня меў часу на ўнівэрсытэт ці гімназію і не навучыўся пісаць. Гэта не яго віна, гэта доля нашая была паганаю. Хай піша сьмела, як можа, а сябры з Рэдкалегіі зразумеюць, а калі чаго і не зразумеюць, то дадумаюцца і паправяць (у гэтым выпадку просім ня гневацца на нас за парушэньне аўтарскіх правоў). Просім пісаць усё, што ў галаву прыходзіць, а мы тут пастараемся выбраць тое, што цікава, і надрукаваць. Таксама просім пісаць, якія аддзелы Вы хацелі б бачыць у нашым часапісе, аб чым хацелі б ведаць, а мы заўсёды пойдзем на спатканьне.
Мы будзем старацца прылажыць усе сілы да таго, каб часапіс быў цікавы і сапраўды свой, а пунктуальнасьць і даўгавечнасьць яго будуць залежаць ад Вас, дарагія чытачы. Калі зьбяром адпаведную колькасьць падпішчыкаў, то думаем, што часапіс не загіне і будзе штораз багацейшы, прыгажэйшы, паважнейшы, а мо з часам пераменіцца і ў запраўдную друкаваную газэту.
Дай Божа!
№ 1, 1948 г.
НАШЫ ДУМКІ
«Моладзь» — гэтак гучыць назоў нашага часапісу, нашага, гэта значыць, часапісу той групы беларускай моладзі, якая з розных прычынаў апынулася ў Францыі.
Моладзь — гэта будучыня Народу!
Мэтай нашага скромнага часапісу ёсьць падтрымаць, усьведаміць і памагчы духова раскінутай па ўсім сьвеце беларускай моладзі.
Гэта патрэбна тым больш, што і так нешматлікіх беларускіх выданьняў шчэ паменшала праз адыход некаторых зь іх у варожы нам лягер, што здрадзіў агульна беларускую справу.
У працягу сваёй многавекавай гісторыі Беларускаму Народу даводзілася ня раз пераносіць шмат гора. І хоць прыходзілі вельмі цяжкія часы выпрабаваньня, калі праз здраду слабых элемэнтаў, якія дзеля выгады і матэрыяльнай карысьці выракаліся сваёй Бацькаўшчыны, Ён ні на хвіліну ня траціў веры ў лепшую будучыню.
На вялікі жаль, як бачым, мінуўшчына не навучыла на будучыню. Як гэта здаралася раней, слабы элемэнт, узгадаваны ў варожым духу, здрадзіў нашу агульную справу і сяньня. Прыгледзеўшыся бліжэй да гэтай акцыі, ганьбячай усё, што ёсьць найдаражэйшае беларускаму сэрцу, як Акт 25 Сакавіка з БНР на чале і ўсё тое, што ёсьць запраўды беларускае, мы ня можам назваць гэтай акцыі нічым іншым, як здрадай Беларускаму Вызвольнаму Руху.
Наша ідэалягічная мэта — бараніць чыстыя, гарачыя, уласьцівыя беларускай Моладзі, сьвятыя пачуцьці каханьня да Бацькаўшчыны.
Мы будзем імкнуцца захаваць у сэрцах нашай моладзі цэнныя, несапсутыя чужацкімі ўплывамі, элемэнты, дапамагаючы Ёй адшукаць у сабе сілу, загартавацца і пасьвяціць сябе Роднаму Краю.
Будзем імкнуцца падтрымаць, даць пацяшэньне тым, хто, параўноўваючы наш лёс да лёсу папярэдняй эміграцыі, бачыць усё страчаным.
Будзем старацца быць братамі раськіданай па сьвеце беларускай моладзі, падтрымоўваючы на духу і паказваючы, што, страціўшы Бацькаўшчыну, а захаваўшы веру ў будучыню, трэба сьмела глядзець уперад, ведаючы, што Праўда пераможа.
Няхай сабе тыя, што прыгнечаныя векам і здэмаралізаваныя чужакамі, ганьбяць наш Народ, няхай топчуць наш незаплямлены Бел-чырвона-белы штандар, як гэта мела месца ў Міхельсдорфе, няхай сабе зьневажаюць нашу слаўную мінуўшчыну, няхай прадаюць свае пасівелыя галовы і сумленьне за настольныя адпадкі чужынцаў! Але няхай не забываюцца, што ёсьць яшчэ моладзь, у грудзёх якой гарыць агонь шчырага каханьня да Бога, Праўды і Роднага Краю, моладзь, якая сурова асудзіць тых, хто, сыйшоўшы ў бездарожжа, усялякімі спосабамі стараецца сьцягнуць туды і другіх.
Мы будзем старацца быць прыкладам маладому пакаленьню, на долю якога выпала нялёгкае заданьне — выбрацца з тога прадоньня, у якім сяньня знаходзіцца сьвет, а зь ім і мы — Беларусы.
Наша справа нялёгкая таму, што мы, беларуская моладзь, упершыню пасьля вяковай няволі спатыкаемся з Захадам і на кожным кроку мусім абвяшчаць чужынцам нашу мэту, разьбіваючы хлуслівую ману і «тэорыі» нашых адвечных ворагаў, жадаючых прадставіць нас у некарысным для нас сьвятле, а то й зусім давесьці, што Беларусь — гэта «истинно русская» зямля, альбо «крэсы».
Якім бы цяжкім ні было нашае заданьне, мы яго выканаем, стоячы на вышыні ўзложанага на нас абавязку і не жадаючы быць праклятымі будучымі пакаленьнямі, якія ў іншым выпадку, асудзілі б нас, як людзей, нягодных да асягненьня той мэты, якой зьяўляецца будучыня Роднага Краю.
Не нянавісьць і здрада будуць нашай зброяй, а чыстасардэчнасьць і запраўднае каханьне да нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны!
Мы не баімся розных мянюшак, якімі так шчодра абдзяляюць нашыя ворагі сыноў паўсталага да змаганьня Беларускага Народу.
Мы сьмела й з гонарам дэкляруем сваю прыналежнасьць да адзінага запраўднага беларускага лягеру БНР, аддаючыся без засьцярогі пад загады яе Прэзыдэнта, які горда нясе незаплямляны сваімі папярэднікамі, а заразам мучанікамі Беларускага Народу, Бел-чырвона-белы штандар.
Мы, беларуская моладзь у Францыі, дэкляруем аддаць усе свае сілы, а калі зайдзе патрэба — аддамо і жыцьцё, каб жыла Беларусь і прызнаваны ўсімі паняволенымі й вольнымі народамі наш Бел-чырвона-белы штандар з БНР на чале горда шыбаў у высі, бо гэты штандар, абліты крывёю мільёнаў лепшых сыноў і дачок нашага Народу, даражэйшы нам за ўсё на сьвеце. Ён нам уручаны ў спадчыну.
Наша заданьне — заданьне палітычна сьведамай беларускай эміграцыі — не палягае на выдаваньне прэзыдэнцкіх і міністэрскіх пасадаў. Гэта справа Беларускага Народу ў Вольнай Беларусі, а мы, будучы ў выгнаньні, маем тое, чаго ня мае ні адзін наш брат у паняволенай Бацькаўшчыне, гэта значыць — вольны голас!
Вось жа праз гэты голас мы, дарагія браты, зьяўляемся беларускай амбасадай забранага Краю.
А калі мы ёй зьяўляемся, дык, адкінуўшы ўсе косткі ў постаці «крывічоў» ці «нацдэмаў», возьмемся за актуальную працу і справу, справу першай вагі, для якой, дарагія браты, мы пакінулі родны Край, а праз гэта ўсё найдаражэйшае ў жыцьці чалавека. Думаю, што ня знойдзецца сярод Беларусаў ні аднаго сьведамага і лягічна думаючага чалавека, які б за гэтым падзелам ня бачыў працы варожай і шкоднай нам рукі, якая гідка адводзіць наш узрок у бок ад нашай мэты — на дробныя, няважныя і неактуальныя для нас справы.
Хай жа ўсемагутная сіла дапаможа нашым братам высьцерагацца ролі Каіна, як нясьведамай, так і сьведамай, а калі гэтаму будзе месца, што ўжо назіраецца, дык няхай Беларускі Народ ня сэрцам а розумам, як дбалы лекар, спыніць гэтую гангрэну ў пачаткавай стадыі, калі яна ня ўсьпела заразіць здаровага цела, калі яна прадстаўляе сабой найменш небясьпекі.
Няхай жа, дарагія браты, мы будзем годныя нашых слаўных продкаў, аддаючы ўсе свае сілы на службу Бацькаўшчыне, а ўзнагародаю нам будзе Вольны Край і вечная памятка ў сэрцах нашых наступнікаў! […]
Янка Філістовіч
№ 1, 1948 г.
ВЯЛІКІ ДЗЕНЬ
У жыцьці кожнага народу ёсьць хвіліны ўздыму, радасьці ды шчасьця, як і хвіліны трагічнага ўпадку ды гора. Калі мы прыгледзімся да нашае гісторыі — убачым тое самае. Вялікі ўздым ды культурны росквіт беларускага народу ў XVIII ст. сілай гамуюцца ды занепадаюць, а на ягонае месца прыходзіць цёмная, нялюдзкая сіла чужынцаў, якая за паўтара веку вырывае з карэньнем усё культурнае насеньне, пасаджанае і дагляданае ў працягу Х вякоў беларускім народам. Стан, да якога была даведзена нашая Бацькаўшчына маскоўскай няволяй, хіба найлепш схарактарызуем, падаўшы словы беларускага нашаніўца Ўласа, які сказаў: «Памёр бы спакойна, калі б пабачыў, што беларус зь беларусам перапісваюцца ў роднай мове». Вось гэтыя глыбока патрыятычныя словы, сказаныя ў пачатку ХХ стагодзьдзя, жыва прадстаўляюць нам становішча, у якім апынулася нашая краіна.
Але, зьнішчыўшы вольнае жыцьцё нашага народу, чужацкая сіла была ня ў стане зламаць ягоны дух. Глыбака захаваны ў сэрцах беларусаў, ён выяўляўся ў рашучых пратэстах супраць няволі. Адным зь іх зьяўлялася паўстаньне 1863—64 гг. Дарма, што пераважаючая варожая сіла здушыла гэты ўздым. Волі да незалежнасьці яна не перамагла. Дарма трыюмфаваў вораг, думаючы, што пасьля сьмерці на шыбеніцы дыктатара паўстаньня Кастуся Каліноўскага назаўсёды паняволіць душу беларуса. Сталася наадварот. Чын Каліноўскага, як і ягоная ахвяра, запалілі ў сэрцах народу агонь, які выявіўся ў Акце 25-га Сакавіка 1918 году, які прагаласіў Вольную і Незалежную Беларусь, за што змагаліся і згінулі 85 год таму Каліноўскі і ягоныя пасьлядоўнікі. Як бачым, дзень 25-га Сакавіка не зьяўляецца прыпадковым ды малым у гісторыі беларускага народу, гэта дзень праяўленьня яго адвечных жаданьняў, у імя якіх цярпеў наш Край, змагаліся і па-геройску паміралі на шыбеніцах ды ў далёкай Сібіры ягоныя сыны. Гэта дзень, у які беларус, парваўшы путы няволі, заманіфэставаў перад сьветам сваё нязломнае жаданьне — быць гаспадаром на ўласнай зямлі.
Нічога, што і гэтаму сьветламу Акту не далі зьдзейсьніцца тыя ж самыя суседзі-ворагі, ён сваё зрабіў, бо паказаў, як пуцяводная, незгасальная зорка, дарогу нашаму народу, канчаткова збудзіўшы тых, якія яшчэ спалі.
Сяньня, у 31-я ўгодкі вялікага Сакавіковага Акту, мы бачым тое, да чаго клікалі Каліноўскі ды яго несьмяротныя праз свае творы прадаўжальнікі: Багушэвіч, Цётка, Багдановіч, Гарун, Купала, Колас і рад другіх паэтаў. Мы бачым, што агнём Каліноўскага запалілася ўся Беларусь. Нашыя лясы, якія заўсёды ў цяжкія хвіліны давалі прытулак свайму гаспадару, напоўненыя беларусамі, якія з надыходам адпаведнае хвіліны зробяць усё, каб канчаткова ажыцьцявіць Акт 25 Сакавіка.
Мы, беларуская моладзь, у вялікі дзень 25-га Сакавіка ўшануем памяць усіх братоў-герояў, загінулых за гэты сьветлы Акт, і будзем прыгатаванымі з надыходам часу за зрэалізаваньне яго, за волю Бацькаўшчыны не пашкадаваць найбольшых ахвяраў.
Янка Філістовіч
№ 9, 1949 г.
ПРАМЕНЬ СВАБОДЫ
Калі 25 сакавіка 1918 г. Беларуская Нацыянальная Рада абвесьціла Беларусь самастойнай сувэрэннай дзяржавай, у залі Кангрэсу засьвяціўся раньні прамень веснавога сонца, асьвятляючы прамянеючыя радасьцю абліччы дэлегатаў. Так апісвае гэты ўрачысты мамэнт у нашай гісторыі адзін з удзельнікаў. Сапраўды, векапомны Акт 25 Сакавіка можна параўняць з сонечным промнем; ён, як прамень, сагрэў беларускія сэрцы. З тым промнем, які ўпаў праз закратаваныя вокны вязьніцы, уліваючы ў сэрцы паняволеных надзею на лепшае заўтра, пабуджаючы кроў мацней кружыць у жылах. Да яго вязьні выцягваюць свае худыя касьцістыя рукі, на яго глядзяць іх сумныя вочы. Забытыя людзьмі, кінутыя ў падвалы турмы, яны ня маюць другое радасьці, акрамя гэтага цёплага промня, які ім прыносіць надзею свабоды. З падобнай надзеяй зьвярнуліся вочы ўсіх беларусаў на Акт 25 Сакавіка, які ставіў Беларусь, як раўнапраўную, у рады вольных дзяржаваў, зрываючы путы вяковай няволі. Але нядоўга давялося цешыцца беларусам з сваіх дасягненьняў. Бляск 25 Сакавіка прысланіла чорнае варожае крыло нахабных суседзяў, і зноў запанавалі цемра і зьдзекі. Тысячамі пагналі лепшых сыноў народа ў турмы Картуз-Бярозы, Салаўкоў ды на ссылку ў Сібір. Але кожны зь іх нёс у сэрцы надзею, што калісь іхнія мукі закончацца, і хоць не яны самі, дык іхнія нашчадкі дачакаюцца вызваленьня. А тыя, што засталіся на родных палетках, таксама гарэлі тым самым полымем, якое ахоплівала ўсё большыя кругі, гартавала новыя сілы да канчатковага змаганьня за свабоду.
Паводле Боскіх і людзкіх правоў, кожны чалавек на зямлі ёсьць істотай вольнай і ў аднолькавай меры можа карыстацца з усіх зямных дастаткаў. Толькі людзкія зайздрасьць і імкненьне да нажывы спрычынілі барацьбу, зладзейства, зьдзекі над другімі. Нашыя суседзі дапусьціліся адносна нас самага большага зладзейства, якое можна зрабіць адносна свайго бліжняга — гэта зрабаваньне свабоды. І зайздрасна сьцерагуць, каб мы яе не здабылі зноў, а навонкі паказваюць сябе як вялікіх гуманістых або хрысьціян, жадаючых нам дапамагчы, быццам мы самі ня здольныя даць сабе рады ў жыцьці. Укладаюць для нас канстытуцыі, падпісваюць цэлы рад дагавораў супрацоўніцтва і дапамогі нам, але ўсё гэта мае столькі вартасьці, колькі варты маральна адзінкі, якія іх падпісваюць. Прыгожыя словы, прыгожыя праекты прыкрываюць, быццам фанера, іх сапраўдныя фальш і нянавісьць. Толькі адзіны аргумэнт можа на іх паўплываць — сіла. А сіла наша ў нашай еднасьці, арганізаванасьці вакол Рады і Ураду БНР ды непахіснай волі да змаганьня за ажыцьцяўленьне Акту 25 Сакавіка. Таму ворагі беларускага народу прыкладаюць усе стараньні, каб гэтую сілу разьбіць, і яны заўсёды будуць дзеяць у гэтым напрамку. Але калі кожны з нас цьвёрда пастановіць у сваім сэрцы, што лепш загінуць вольным, чым памерці нявольнікам, дык пераможам усе перашкоды і створым такую сілу, якая здолее ўзьняць волатаў меч, каб адсячы чорнае крыло, што прысланіла нам сонца.
Кожны з нас мусіць ведаць і адчуваць, у якой ступені ён можа спрычыніцца да росту гэтае сілы.
№ 30, 1953 г.
АБ ЧЫМ НАМ ТРЭБА ПАМЯТАЦЬ
Беларуская эміграцыя, апынуўшыся па-за межамі сваёй Бацькаўшчыны, пастаўлена перад вялікім і адказным заданьнем. Гэта заданьне не палягае выключна на годнай рэпрэзэнтацыі нашага народу ў чужыне, наша заданьне шмат большае і адказьнейшае.
Знаходзячыся нярэдка ў вельмі цяжкіх абставінах, мы мусім выканаць тое, чаго не можа зрабіць наш народ у паняволенай Бацькаўшчыне.
Без сумліву, што адказнасьць гэтая ёсьць вялікай і цяжкой, але мы яе выканаем, бо мы сьведамы тых цяжкасьцяў, якія з гэтым спалучаныя, і перакананыя ў перамозе. Тут, як нельга лепш, сказаў вялікі французкі псыхалёг Корнэйле: «Той, хто пастановіць перамагчы ці памерці — рэдка бывае пераможаны».
Сапраўды, каб чагосьці дабіцца, штосьці асягнуць, трэба ў гэта цьвёрда верыць. Зразумела, што ў гэтым выпадку няма мовы аб унікненьні ахвяр — якраз адваротна. Толькі праз ахвяры асягаюцца вялікія справы. Ахвяра, зложаная на аўтар Бацькаўшчыны, не аслабляе сілу сваяго народу, але яе збольшвае. Вось што піша Максім Багдановіч, параўноўваючы чалавека да галіны:
Зразаюць галіны таполі адна за адной… Бяз скаргі яны на зямлю чарадою лажацца,
Бо сьмерць іх патрэбна, каб дзерава новай вясной Магло бы хутчэй разьвівацца.
Няма ніякага сумліву, што чакае нас вялікае выпрабаваньне нашых сілаў. Але каб быць да гэтага выпрабаваньня гатовымі, ужо сяньня не павінна быць між намі ніводнага беларуса, які б у гэты гістарычны час ня ведаў, дзе ягонае месца. На вялікі жаль, рэчаіснасьць паказвае якраз адваротнае. Нядаўна атрыманы рэдакцыяй ліст, у якім сябра піша, што ня ведае, якую заняць пазыцыю і застаецца пасыўным, насоўвае нам, паколькі гэта адносіцца да нашай будучыні, зрабіць адпаведныя заўвагі.
У нас, беларусаў, сяньня ёсьць толькі адна пазыцыя, гэта — БНР, агалошаная Беларускім Народам праз Акт 25 Сакавіка 1918 г.
Паколькі Беларускі Народ пасьля гэтага Акту не выражаў сваёй волі, аб якой пад акупацыяй ня можа быць і мовы, сяньня мо ў большай меры, як калі, Акт гэты для нас зьяўляецца сьвятым і абавязуючым. І таму няведаньне, якую заняць пазыцыю, тлумачыцца або няведаньнем нашай гісторыі, або зьнецікаўленьнем да агульнай справы, што ў часе змаганьня зьяўляецца раўназначна здрадзе.
Зразумела, што вораг беларускага нацыянальна-вызвольнага руху і ўсе выступаючыя пад маркай «астроўшчыны», будуць імкнуцца далей аслабіць наш рух, а гэтым самым — падставу нашай дзяржаўнасьці. Зьменшыць лік актыўных, а збольшыць — пасыўных, каб лягчэй асягнуць сваю мэту, — вось да чаго яны імкнуцца. Вось у гэтым напрамку і праводзіцца варожая праца.
Знаючы гэта, у нашых радах няма месца на хістаньні ці няпэўнасьці, бо ў час барацьбы гэтым самым мы аслабляем нашы нацыянальныя сілы, а збольшваем шанцы ворага ў асягненьні яго чорнай працы.
Злучыўшы нашы рады, мы павінны даць рашучы адпор усялякай варожай акцыі, якога б колеру яна ні была. Пад якой бы фірмай вораг ні выступаў, ён нясе паняволеньне нашаму народу. Таму абавязкам кожнага сьведамага беларуса, сэрца якога баліць аб долі Роднага Краю, зьяўляецца безагляднае змаганьне з варожай акцыяй, якая нясе нам загладу. Усялякае ж устрыманьне ў барацьбе — гэта беспасярэднія чыненьні, аслабляючыя нашую сілу. У гэтым выпадку мы павінны застасавацца да слоў Напалеона, які сказаў: «Цьвёрдая пастанова ёсьць найвышэйшай мудрасьцю».
Мы, беларуская моладзь, можам быць гордыя, што ў гэты гістарычны час у змаганьні пад бээнэраўскім бел-чырвона-белым штандарам за лепшую долю нашага народу зможам узяць актыўны ўдзел. А калі доля запатрабуе ад нас жыцьця, мы яго аддамо для таго, каб жыла Беларусь.
Я. Ф.
№ 4, 1948 г.
НА ТЭМЫ ДНЯ
Неяк ужо злажылася, што мы, беларусы, глядзім на палітыку заходніх дзяржаў у адносінах да Саветаў зь вялікаю дозаю скептыцызму. Робім мы гэта не бяз пэўнай рацыі. Справа ў тым, што ўсё тое, што нам было яснае ўжо гадоў восем, усё тое, што заходнія грамадзтвы называлі яшчэ ў 1945-46 годзе як найменш шкоднаю прапагандаю, сяньня сталася дыпляматычнаю моваю нават гэтакіх паўстрымлівых дыпляматаў, якімі зьяўляюцца англійцы. Але ня ўсё гэтыя дыпляматы зразумелі. Як часта яшчэ гучаць галасы аб патрэбе шуканьня паразуменьня між Захадам і Усходам і г. д. Ясна, што нам, якія добра пазналі тую дэмакрацыю на ўласнай сьпіне, іначай і нельга рэагаваць на гэтакія думкі, як толькі ўсьмешкаю або палітаваньнем. Тым ня менш, ня ўсё нам выпадае гэтакім спосабам успрымаць. Ёсьць справы, якія дакранаюць нас беспасярэдна, і ў гэтых выпадках нам нельга маўчаць.
Апошнім часам здарыліся тры падзеі, побач якіх нам нельга прайсьці моўчкі. Гэта прамова Чэрчыля на кангрэсе кансэрватыўнай партыі Вялікай Брытаніі, а таксама высказаньні спадара Варэна Аўстына, дэлегата Злучаных Штатаў Паўночнай Амэрыкі і спадара Гэктэра Макнэйля, дэлегата Вялікай Брытаніі на Агульны сход Аб’еднаных Нацыяў, які цяпер трывае ў Парыжы.
Спадар Чэрчыль — гэта муж стану, які сяньня, нягледзячы на тое, што не належыць да ўраду, зьяўляецца сьветачам для палітыкаў Захаду. Дзеля гэтага нам ня можа быць абыякавым тое, што кажа Чэрчыль, асабліва калі пасярэдне ці беспасярэдне кранаецца нашай справы.
Яшчэ два гады таму Чэрчыль казаў пра лінію Любэка—Трыест як пра жалезную занавесу, што дзеліць сьвет на Усход і Захад. Сяньня ва ўспомненай вышэй прамове Чэрчыль казаў аб неабходнасьці выкінуць бальшавікоў за лінію Керзона на «свае абшары» і асвабадзіць 11 дзяржаў з-пад бальшавіцкага панаваньня. Няцяжка заўважыць тут досыць значны прагрэс. На жаль, гэтым разам у перакананьнях сп. Чэрчыля, як і раней, Беларусь — гэта «свае абшары» маскалёў. І не дзівота. Дасюлешнія падручнікі і літаратура, якія служаць сп. Чэрчылю для вывучэньня геаграфіі і гісторыі, не ўспамінаюць аб Беларусі. А калі і ўспамінаюць, дык як аб расейскай правінцыі. Не яго віна, што ён гэтак думае, ёсьць тут трохі і нашай віны. Мы недастаткова выкарыстоўваем нашае становішча палітычных эмігрантаў, каб інфармаваць, каго трэба, у адпаведны спосаб.
Нам трэба было б на кожны гэтакі выпадак рэагаваць, хоць бы прыйшлося пісаць і да самога сп. Чэрчыля. Пры гэтым трэба выясьняць, інфармаваць і выпраўляць сьведамыя ці нясьведамыя памылкі. Неабходна было б выясьніць, што Беларусь — гэта не «савецкія абшары», а абшары, сілаю захопленыя ў 1920 годзе, нягледзячы на тое, што Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ад імя ўсяго беларускага насельніцтва абвясьціла волю стварэньня сваёй Беларускай дзяржавы. Трэба выясьніць, што беларускі народ ужо перарос той стан, калі аб ім дэцыдавалі без яго, і ані на маскоўскую, ані на ніякую іншую няволю ня згодзіцца ніколі. Трэба выясьніць, што ня будзе супакою ва Усходняй Эўропе датуль, пакуль хоць адна пядзя этнаграфічнай Беларусі будзе заставацца не ў беларускіх руках. Трэба выясьніць, што затрыманьне гісторыі на «статус кво» з 1939 году ёсьць немагчымым і што эмансыпацыя паасобных народаў была, ёсьць і будзе гэтак доўга, як доўга будзе існаваць чалавецтва. Трэба таксама выясьніць, што барацьба за незалежнасьць народу ёсьць зьявішчам шляхетным і ня можа быць дыскваліфікаваная з прычынаў якіхсь там забавязаньняў чыіхсь урадаў, ці з прычыны карыстаньня гэтымі землямі якімсь суседам. Трэба выясьніць, што генацыд (народабойства) ня можа быць талераваны як у адносінах да народаў, якія атрымалі незалежнасьць паводле Вэрсальскага трактату, так і ў адносінах да народаў, якія не атрымалі яе тады. Неабходна таксама выясьніць, што лінія Керзона — гэта не лінія мяжы між Беларусяю і Польшчаю; гэта папросту адвольная лінія, як і Рыская мяжа, пры дапамозе якой тагачасныя палітыкі імкнуліся задаволіць польскія апэтыты і польскі «дранг нах Остэн». Сапраўдная лінія, разьдзяляючая гэтыя дзьве краіны, бяжыць 16 кілямэтраў на захад ад Беластоку па рэчцы Нарве, а адтуль на паўночны-захад да ўсходне-прускай мяжы і на паўднёвы-захад да Буга і далей аж да Белай-Падляшскай. Трэба таксама ведаць сп. Чэрчылю, што польскія апэтыты значна большыя, чым можна было спадзявацца зь іх колькаснага ліку, і іх ніяк не супакоіць некалькімі паветамі беларускай зямлі і сотнямі тысячаў беларускіх душаў. Ім мроіцца імпэрыя (моцарство), беларуская спрадвечная Вільня разам з усёй Заходняй Беларусьсю. Дык лепей выбраць чэсны шлях, бо і так прыяцелем палякаў не давядзецца быць. Трэба таксама ведаць, што польская прапаганда не ўстрымоўваецца ні перад чым і паслугоўваецца для сваіх мэтаў беларускімі рэнэгатамі, як сучаснымі, так і патомкамі ранейшых, і пры падтрымцы «віленчукоў», «жубраў», «жбікоў» і іншых быдлят ужо цяпер падрыхтоўвае напад на Заходнюю Беларусь, як калісь зрабіў Жэлігоўскі.
Трэба станоўка сьцьвердзіць, што Беларускі Народ узышоў на шлях барацьбы за сваю незалежную дзяржаву і з гэтага шляху ня сыйдзе, хоць бы шмат каму давялося ў гэтай барацьбе загінуць. Гэта трэба зрабіць неадкладна, і калі нашага голасу не паслухаюць, тады толькі мы будзем мець права абвіняць.
Іншая крыху справа з высказаньнямі спадароў Макнэйля і Аўстына. Гэтыя людзі папросту за польскай прапагандай назвалі Заходняю Беларусь Усходняй Польшчай. Можа, думалі гэтакім спосабам даняць «таварыша» Кісялёва? Дык дзе ж там: гэты чалавек ня лішне сумаваў бы, каб і ўсю Беларусь забралі, абы толькі гэтак сказаў «геній чалавецтва». Але мы павінны станоўка пратэставаць, бо Заходняя Беларусь — гэта не Польшча, гэта карэнныя беларускія землі, якія былі захопленыя сілаю Жэлігоўскім у 1919 годзе, на якіх пасьля польскі ўрад праводзіў сваю «нацыянальную палітыку» пры помачы Косткі-Бярнацкага і Картузкай Бярозы.
Таксама фарс галасаваньня ў Беластоку ня быў толькі фарсам. Пэўна, каб на гэты сход бальшавікі дапусьцілі сапраўдных прадстаўнікоў Беларускага Народу, было б пастаноўлена ня толькі далучыць Заходнюю Беларусь да Усходняй, але і Усходнюю Беларусь адлучыць ад Масквы. Але і тыя бальшавічкі, што там прымалі ўдзел, не маглі не галасаваць за злучэньне Беларусі, бо гэта было б і не лягічным, і подлым. 22 кастрычніка 1939 году Беластоцкі сход іначай галасаваць ня мог. І сяньня кажны беларускі патрыёт прызнае, што ляпей нават няволю зносіць, калі народ у цэласьці, бо тады, прынамсі, не пагражае падзел у народзе. За гэтакае злучэньне змагаліся як Беларусы пад польскай акупацыяй, так і пад расейскай амаль 30 гадоў, і ніхто ня мог не скарыстаць з нагоды, каб гэты факт аформіць. Хоць усім добра ведама, што злучэньне Беларусі ніяк не азначае анэксіі Беларусі да Масквы.
Да таго трэба ведаць заходнім магутнасьцям, што маскоўскага імпэрыялізму ніяк ім ня ўдасца паўстрымаць ні з Варшавы, ні з Рыгі, затое можна яго паўстрымаць са Смаленску, Бранску, Харкава і Данбасу.
Грамадзянін
№ 5, 1948 г.
НАШ АДКАЗ
Няма ніякага сумліву, што нашыя суседзі добра асьвядомлены як адносна нашай мінуўшчыны, так і ў тым, што яны намагаюцца зрабіць сваімі захопніцкімі пасяганьнямі. Яны, маючы за сабой асягненьне, якое іх падбадзёрвае да наступу, дзе толькі могуць стараюцца пашкодзіць беларускай справе. Гэтым асягненьнем зьяўляецца абрабаваньне нашага народу з яго сапраўднага імя, а прышчапленьне чужога, якое ня толькі путае нашу справу, але і наогул сьведчыць супраць нас.
Прычынай, выклікаўшай паяўленьне нашага артыкулу, зьяўляецца дыскусія беларускіх прадстаўнікоў студэнцтва зь летувіскімі на агульна-эміграцыйнай студэнцкай зборцы ў Парыжы. Пасьля дакладу, адчытанага нашым прадстаўніком, ды адсьпяваньня беларускага нацыянальнага гімну, які студэнты праслухалі стоечы, беларусам былі зададзеныя пытаньні, на якія былі даныя вычарпальныя адказы. Жадаючы пазнаёміць нашу моладзь, як і ўсё беларускае грамадзянства, з закідамі, якія рабіў нам летувіс, падамо іх ніжэй, як і нашыя адказы.
Беларускае грамадзянства павінна даць рашучы адпор на ўсялякія новыя захопніцтвы, ня толькі тэрытарыяльныя, але і гістарычныя. Каб быць годнымі сваіх слаўных продкаў, мы мусім бараніць іх вялікую працу, іх тысячагоднія здабыткі, ведаючы, што нашая недацэнка гэтай важнай справы толькі асьмеліла б ворагаў.
Летувіскі прадстаўнік студэнтаў закінуў: 1) Літва сярэдняга веку і сяньняшняя Летува — адно, што Беларусь сяньняшняя была заваявана Жамойцю; 2) беларуская мова з часоў Вялікага Княства Літоўскага была іншай ад сяньняшняй, што яна была «славонам» і ўжывалася ў В.К. Літоўскім як чужая; 3) беларуская дзяржава не патрапіць утрымацца бяз доступу да мора, а каб карыстацца Летувіскім, мы павінны здабываць іх сымпатыі (г. зн. аддаць ім Вільню ды палавіну Беларусі — рэд.), як і сымпатыі іншых народаў. У імя згоды, для перамогі над бальшавізмам мы, беларусы, павінны адрачыся ад свайго права...
Як жа выглядае справа з закідамі ды наогул з правам да В.К. Літоўскага, пабачым ніжэй.
Усе гісторыкі, як польскія, так і расейскія, абыходзяць пэрыяд арганізацыі В.К. Літоўскага, гэтае «зачараванае» для іх мейсца, або пабежна, або маўчком, а калі і стараюцца яго разьвязаць — дык падходзяць да яго фальшыва ад пачатку да канца. Гэтае фальшаваньне ўдавалася ім тым больш, што ні адзін зь беларускіх гісторыкаў не працаваў над гэтым неасьветленым, ды найбольш балючым пытаньнем у нашай гісторыі. Ня дзівіць нас тое, што нашы суседзі летувісы, якія ўваходзілі ў склад нашай дзяржавы — Літвы — як яе пэрыфэрыя, Жамойць, заяўляюць сяньня свае правы да тэй жа Літвы, нашай Бацькаўшчыны ў мінуўшчыне. Мы бачым ў гэтым папросту неразуменьне летувісамі таго, чаго яны жадаюць, што, зрэшты, зусім нармальнае зьявішча, калі дапусьціць, што дзеля вывучэньня В.К.Літоўскага яны паслугоўваліся матэрыяламі нашых суседзяў, як палякаў, так і расейцаў. Летувісы дамагаюцца земляў, якія займала адно з нашых шасьці плямёнаў — люцічаў-вялетаў (ваўкоў), у запраўднасьці гэта вельмі сьмешна выглядае, і мы не сумляваемся, што прыйдзе, час калі летувісы ня тое што ня будуць дамагацца, але будуць саромецца за свае крокі ў гэтым напрамку. Яны дамагаюцца сяньня Вільні і карэннай нашай зямлі да Маладэчна, забываючыся, што люцічы-вялеты, нашыя слаўныя продкі, заснавальнікі Літвы, занімалі абшар ня толькі да Маладэчна, але і да Коўна, нат з ім улучна. Значыць, мы, беларусы, маем права дамагацца сяньня Коўна. Калі б летувісы асьведамілі гэта, яны напэўна не выклікалі б «ваўка зь лесу».
Дзякуючы працы вялікага чэскага вучонага славянскай старажытнасьці Шафарыка, які асьветліў пэрыяд арганізацыі В.К. Літоўскага, ды наогул ягонае паходжаньне, нам вядома, што Літва паходзіць ад чыста славянскага племя вялетаў-люцічаў, а не ад Жамойці, у якой на той час, паводле Шафарыка, ня толькі не было ні аднаго падобнага назову, але нат ні аднаго, які б пачынаўся літарай «л». У сваёй працы «Славянскія старажытнасьці», выд. у 1862 г. у Празе, Шафарык даводзіць, што вялеты-люцічы жылі ў сяньняшняй Віленшчыне і Гарадзеншчыне. У часе вандроўкі народаў частка племя вялетаў-люцічаў, «авантурыстычная моладзь» ды «ваяўнічыя важакі» выліваюцца па-за граніцы сваёй Бацькаўшчыны і, затапляючы Прыбалтыку, маршыруюць у Паўночную Нямеччыну, якую яны лёгка займаюць, выціскаючы адтуль астаткі германскіх народаў, якія пайшлі на Рым, ды асядаюць там, занімаючы гэтакім чынам усю Паўночную Нямеччыну аж да берагоў Брытаніі. Гэта адбывалася прыблізна, каля 2—3 стагодзьдзяў па народжаньні Хрыста. Іхняе ўладаньне ў Паўночнай Нямеччыне трывала да Х—ХІІ стагодзьдзяў. Калі ж германскія плямёны вяртаюцца назад, люцічы пад іх напорам пакідаюць заваяваныя землі ды вяртаюцца ў сваю Бацькаўшчыну. Паварот «ваяўнічых важакоў», якія пабачылі сьвету, і выясьняе тое спантанічнае стварэньне моцна арганізаванай дзяржавы Літвы, якая й пераймае ініцыятыву Полаччыны, дзе ў той час вымірае старая дынастыя Усяславічаў (Д.-Зап. ст.71), — арганізаваньня пакрэўных сабе плямён, каб супольна даць станоўкі адпор як крыжаком, так і татарам. Шафарык піша: вялет (па-грэцку обэлтаі) ёсьць імя калісь магутнага, а ў гісторыі сярэдніх вякоў над многа іншымі праслаўленага народу вялетаў, або іначай люцічаў, па мянушцы ваўкоў, які александрыцкім географам быў упершыню на сьвятло вынесены ды аддаленым патомкам шчасьліва пахаваны» (Том I, бач. 242; Том II, бач. 586).
Тое, што Літва паўстала не з Жамойці, а з люцічаў-вялетаў, пацьвярджае за Шафарыкам праф. Нідэрле. У сваёй працы «Manuel de antiquite slave» ён піша: «Los Veletos ne sont pas des Lithuanic en depit des offort de Mullenhoff pour etablir le contraire en іl voquant une transcription du non slave de Litva: ce sont en real te des Veletes Slaves».
Aб тым, што беларус — гэта калішні ліцьвін, ды наогул, што імя беларус перш не ўжывалася як імя ўласнае нашых продкаў, а было накінута нашаму народу толькі ў XIX стагодзьдзі, сьведчыць польскі вучоны А. Брукнэр, які ў сваёй працы пад назовам: «Rusko-Polski rekopis roku 1510» (Slavia, VII.I.B. 10—11) піша: «Movimy ciagle «litowski, Litwin» ale to tylko zamiast «bialoruski, Bialorus», bo w roku 1510 nic o Litwie wlasciwej etnograficznej ani sie snilo, jeszcze Roj w roku 1562 Litwinem Bialorusina nazywal, a w Moskwie i w XVII wieku «Litewskij» tyle co bialoruski».
Гэтых доказаў, здаецца, аж занадта хапае, каб упэўніцца ў тым, што Беларусь — гэта ўчарашняя Літва. Летува ж, калісьці Жамойць, уваходзіла ў склад нашай магутнай дзяржавы толькі з узгляду на сваю слабасьць супрацьставіцца крыжацкаму напору. Зрэшты, як падана ў дакладзе па-французку, адно тое, што як заснавальнік Літвы Мяндоўг, так і найбольшы яе герой і палітык Вітаўт, каб абараніць сяньняшняю Беларусь, заўсёды, калі ім прыходзілася туга, аддавалі Жамойць — сяньняшняю Летуву — крыжаком, найлепш пацьвярджае вышэй сказанае. Ведама, што Жамойць (Летува) ня раз паўставала супраць Літвы (Беларусі), у часе аднаго з такіх паўстаньняў у 1263 г. згінуў сам заснавальнік Літвы — Мяндоўг. Ягоны сын Вайшэлак жамойцкай кроўю здушыў гэнае паўстаньне. Проста недарэчным зьяўляецца, што летувісы сяньня прэтэндуюць на тое, супраць чаго іхнія продкі так палка змагаліся як супраць чужога, варожага.
Тое, што беларуская мова з часоў В.К.Літоўскага была крыху іншай ад сяньняшняй — нармальнае зьявішча. Кожнаму асвечанаму чалавеку ведама, што жывая мова кожнага народу зьмяняецца, прагрэсуе зь бегам часу. Нашая літаратурная мова зьмянілася таксама, як і ўсе іншыя. Гэтага можа ня ведаць летувіс, літаратурная мова якога стварылася ў апошнім стагодзьдзі. У доказ, што нашая мова не была «славонам», а роднай беларуска-нацыянальнай, прыводзім словы расейскага гісторыка Бацюшкава, які піша: «Доктор Ф. Скорина, уроженец города Полоцка, усердно занимался переводом славянских книг на литовский язык» («Белорусия и Литва», 1890 г., ст. 159). Што за літоўскі быў гэты язык, здаецца, даказваць тут непатрэбна, бо ведама гэта ўсяму сьвету. Ужо той факт, што Скарына мусіў тлумачыць кнігі з славянскага языка на літоўскі (беларускі) сьведчыць, што нашая мова, хоць базуецца на славянскай, як і ўсе мовы славянскіх народаў, але не зьяўляецца «славонам», толькі нацыянальна-беларускай. Піянер беларускага друку Ф. Скарына ў прадмове да «Псалтыры» гаворыць ясна, што друкуе яе: «…к пожытку посполітому… вразуменьня раді простых людзей...». Мова нашая не ўжывалася ў В. К. Літоўскім як чужая (як лаціна ў другіх краях), што стараўся даказаць летувіс, але як свая родная — пацьвярджаюць гэта словы Скарыны з той жа самай «Псалтыры», дзе ён кажа, пачаў друкаваць у роднай беларускай мове «найболей з тое прычыны, кже мя милостивый Бог з того языка на свет пустил...». Такім чынам ясна, што сяньняшняя беларуская мова, не была ў Літве (цяпер Беларусі) чужой, а роднай мовай народу ад Берасьця да Ржэва і ад Вільні да Бранска. Гэта нацыянальна-дзяржаўная мова тых шасьці спародненых плямён, якія ўтварылі такую магутную дзяржаву, якой была ў сярэдніх вяках Літва (Беларусь).
Аргумэнт, што беларуская дзяржава не патрапіць утрымацца бяз мора, а таму, жадаючы карыстацца доступам летувісаў, мы мусім быць ім уступчывымі, не вытрымоўвае найменшае крытыкі. Нам вядома, што славакі, чэхі мадзяры, аўстрыйцы ды другія народы ня мелі і ня маюць доступу да мора, але іхняя жыцьцёвая ступень была вышэйшай ад тых народаў, якія яго мелі. Морам жа яны карысталіся без уступкі сваіх тэрыторыяў. Як бачым, багацьце і дабрабыт народу не залежаць ад мора, але ад таго, як народ у сябе гаспадарыць. Да таго патрэбна памятаць, што мы, беларусы, маем гістарычнае права да Усходняе Прусіі, якая ўваходзіла, як пакрэўнае нам славянскае племя, у склад нашай дзяржавы. Дзякуючы блізарукасьці польскага князя Конрада Мазавецкага, Прусія сілай аружжа была заваявана крыжакамі. Бальшыня яе жыхароў пакінула родную зямлю ды перасялілася ў нашую Бацькаўшчыну-Літву, каб пазбавіцца над сабой паняволеньня. Сяньня тэрыторыя Усходняй Прусіі заселена бальшавіцкім урадам беларусамі. Хто ведае, мо шмат з патомкаў калішніх прусакоў пасьля 7-мі вякоў вярнуліся на зямлю сваіх прадзедаў?
Дык вось, доступ да мора мы маем і стварылі нам яго нашыя ворагі; ён будзе наш, калі над вольнай Баларусяй разаўецца бел-чырвона-белы штандар незалежнасьці.
Што да здабываньня сымпатыяў другіх народаў, дык мы можам запэўніць летувісаў у тым, што сымпатыі ўсіх народаў, якія любяць волю сваю і паважаюць волю другіх, ёсьць заўсёды на нашым баку хоць бы таму, што наш народ вядзе змаганьне ў імя праўды і свабоды, што праданы і разграблены, ён ня склаў аружжа, а ў працягу цэлых стагодзьдзяў вёў няроўную барацьбу за сваю незалежнасьць, за тое, каб ягоная ўраджайная глеба не служыла рассаднікам чужога, варожага племя. Да народу ж мучаніка ды героя мусіць мець пашану ня толькі прыяцель, але натват і вораг. Калі б мы здрадзілі традыцыі сваіх слаўных продкаў люцічаў-вялетаў і іншых ды аддалі адвечную нашу зямлю, усеяную іхнімі касьцямі, мы страцілі б сымпатыі ня толькі прыяцеляў, але нават і ворагаў.
«Траянскі конь», падстаўлены ў 1939 годзе бальшавікамі Летуве ў постаці нашай Вільні, для здабыцьця іхніх сымпатыяў, ня толькі не навучыў летувісаў, хоць за яго яны страцілі сваю бацькаўшчыну і волю, але разлакоміў іх апэтыты. Але ня трэба забывацца, што бальшавікі здабывалі сымпатыі летувісаў ня коштам расейскай зямлі са сталіцай ўключна, але нашай, беларускай, да якой яны ня мелі і ня маюць ніякага права. Патрэбна памятаць, што ўсялякі бяспраўны падзел здабытку са злачынцам зьяўляецца злачынствам.
Згаджаемся з зацемкай летувіса, што нашая нязгода аслабляе агульны супрацьбальшавіцкі фронт, але дадаем, што ў імя згоды патрэбна зрачыся шавіністычных, неабаснованых дамаганьняў. Мы, беларусы, ня можам і ня маем права ў імя згоды для перамогі над адным акупантам аддаць нашых братоў у няволю «прэтэндантам» на акупантаў. Маем гонар запэўніць, што ў імя дабрабыту свайго народу, у імя слаўных ягоных традыцыяў мы, беларусы, будзем бараніць ня толькі адвечную сталіцу Вільню, але і кожны, зьліты кроўю і потам нашых дзядоў, родны беларускі загон.
У імя Навукі Хрыста мы падамо па-брацку руку ня толькі летувісам, якія сяньня капаюць пад намі яму, але і тым, хто нас гнобіў у працягу вякоў з засьцярогай, што яны нам дакажуць на справе пашану да нашага права на вольнае й незалежнае існаваньне.
Народ, які даў зь сябе столькі вялікіх геніяў чужынцам (як палякам, так і маскалям), ніколі ня згіне, але патрапіць даць зь сябе вялікіх людзей і Роднаму Краю. Гэта ўжо назіраецца: Купала, Багдановіч, Колас, Танк.
Баяцца нашы суседзі адраджэньня Беларусі, нешта ў гэтым яны прадчуваюць. Можа, чуюць абуджэньне духу «грозных палачанаў» ды вялетаў-люцічаў? Як бы яно ні было, мы пэўныя, што Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху не ўстрымае ніякая варожая сіла.
Я. Люціч-Воўк
№ 8, 1949 г.
РУСІФІКАЦЫЯ БЕЛАРУСІ
Нельга ўявіць сапраўднага патрыёта, які б ня ведаў свайго Краю. І добрае, і дрэннае, усё, што дзеецца на Бацькаўшчыне, ня можа быць абыякавым для таго, хто любіць яе. Безумоўна, заўсёды прыемней даведацца нешта добрае і суцяшаючае аб сваёй краіне, але нельга заплюшчваць вачэй на сумныя факты. Тут якраз маем на мэце адно з застрашаючых зьявішчаў, якое цяпер лютуе на Беларусі — гэта русіфікацыя. Праўда, Беларусь з гэтага гледзішча ня ёсьць выняткам, ва ўсіх падсавецкіх краінах расейская мова заведзена ў школе, як абавязковы прадмет выкладаньня, і ўжо ў такой краіне, як Мадзяршчына, сёлета адчынены Інстытут марксізму-ленінізму з выкладоваю моваю толькі расейскаю, а ў Беларусі русіфікацыя распачалася значна раней.
Афіцыяльна запачаткаваўся супрацьбеларускі наступ у БССР ад 1930 г., ад часу разгрому т. зв. нацдэмаўшчыны. Гэта быў час масавых арыштаў беларускіх дзеячоў, час нішчэньня сапраўды беларускае літаратуры і беларускае мовы. Цяпер русіфікацыя беларускае мовы йдзе далей і прымае такія формы, што, напрыклад, мова «беларускіx» савецкіx газэт і часапісаў стаецца нейкаю трасянкаю зрасейшчаных і беларускіх словаў. Відаць дзеля гэтага вось ужо шэсьць гадоў Акадэмія навук БССР ня можа выдаць беларуска-расейскага слоўніка, хоць ён ужо ў 1948 г. быў гатовы да друку. Адначасна цяпер адрацоўваецца праект новага правапісу беларускае мовы.
Праўда, яшчэ афіцыяльна існуе шмат газэт і часапісаў у беларускай мове (хоць і зрусіфікаванай). У 1951 г. паведамлялася, што ў БССР ёсьць 10 рэспубліканскіх, 12 абласных, 174 раённых, 122 палітаддзельскіх і 20 галіновых газэт (разам 328) і 10 часапісаў у беларускай мове, але колькі ў іх ёсьць беларускасьці, а колькі расейскасьці, можна бачыць хоць бы з артыкулу, надрукаванага ў «Зьвяздзе» (№ 43 (9155) за 20.ІІ.1952 г.), — «Шматвяковая дружба і супрацоўніцтва рускага і беларускага народаў», дзе гаворыцца: «Вялікі рускі народ — найбольш выдатная нацыя і кіруючая сіла Савецкага Саюзу — заўсёды адыгрываў рашаючую ролю ў гістарычным лёсе беларускага народу». Ці трэба паясьняць яшчэ гэты сказ?!
Выданьні Акадэміі Навук БССР робяцца амаль выключна ў расейскай мове. Выклады ў Менскім унівэрсытэце, а таксама ў іншых ВНУ, адбываюцца амаль выключна па-расейску. Прафэсарскі склад акадэміі Навук БССР і Унівэрсытэту пераважна расейскі. Каб ня быць галаслоўным, падаём сьпіс акадэмікаў БССР — самі прозьвішчы кажуць аб нацыянальнасьці тых, хто іх носіць.
Пэрсанальны склад акадэмікаў у 1952 г.:
Купрэвіч Васіль Феафілавіч — прэзыдэнт, Азаранка Е. К., Акімава О. Д., Атраховіч К. К. (Крапіва К.), Аляксееў Б. К., Барысенка В. — дырэктар Інстытуту літаратуры і мастацтва, Барсток М. Н., Безбародаў М., Вінбэрг Г. Г., Вяршэня С. М., Вятохін І. А., Гарагляд Х. С. — дырэктар Інстытуту жывёлагадоўлі, Годнеў Т. Н., Гораў В. К., Губкін С. І., Дарожкін Н. А., Драко М. М., Язубчык А. А., Ярафееў Б. В., Жэбрак А. Р., Калішэвіч С. В., Караткоў К. Н., Кедраў-Зіхман О. К. — дырэктар Беларускай дзяржаўнай сэлекцыйнае станцыі, Колас Якуб (Міцкевіч) — віцэ-прэзыдэнт, Лапо А. І., Ляонаў В. А., Лупіновіч І. С., Маргунскі С. П., Маркавец А. Ф., Маркаў Д. А., Мацэпура М. Я., Нікольскі М. Н., Пераход В., Перцаў В. Н., Патапаў М. В., Пракапчук А. Я., Пшыркоў Ю. С., Пятровіч П. Г., Рагавой П. П., Сьвірычэўская М. М., Сарокін А. А., Старавойтаў В. І., Сяржанін І. Н., Томін М. П., Цярэньеў В. М., Чымбург І. С., Шэмпель В. І., Юньеў Г. С., Ярмоленка Н. Ф., Юскавец М. К.
Яшчэ больш небеларускі прафэсарскі склад Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту ў Менску з рэктарам І. Чымбургам на чале. Там пераважаюць прафэсары з такімі прозьвішчамі, як Савачкін, Эльбэрт, Рагозін і пад.
У сярэдніх і народных школах таксама сустракаецца вялікая колькасьць расейцаў, ня кажучы ўжо аб тых тысячах чыста расейскіх школаў, дзе расейская мова ёсьць усеўладнаю афіцыяльна. Варта ўвагі, што цяпер у савецкіх справаздачах аб школьніцтве ў БССР не ўспамінаецца зусім, колькі ёсьць беларускіх і колькі небеларускіх школаў — відаць, між імі розьніца заціраецца і ў тэорыі, і ў практыцы.
Побач школьніцтва вялікі ўплыў на народ мае тэатр. Вось жа і ў гэтай галіне ў БССР справа вельмі характэрная. У Менску ёсьць Тэатр опэры і балету, Расейскі драматычны тэатр і Беларускі драматычны тэатр. Няма дзіва, што ў Расейскім тэатры пераважаюць расейцы, але пагляньма на склад Беларускага тэатру опэры і балету: дырэктар — М. Шнайдэрман, балетмайстры, балерыны і мастакі:
Л. Александроўская, Л. Аляксеева, І. Балацін, А. Бельскі, В. Вайконэн, В. Валчанецкая, Варгін, Э. Васільева, М. Варвулёў, М. Вітольбэрг-Марцыянава, М. Дзянісаў, С. Друкэр, С. Дрэчын, Р. Кіндэль, Д. Кроз, Н. Лазараў, Л. Любімаў, В. Малькова, П. Масьленікаў, П. Мільчына, Р. Млодэк,
К. Мулер, І. Мурамцаў, А. Мікалаева, С. Мікалаеў, Т. Ніжнікаў, Б. Пакроўскі, Е. Прысёлкаў, Н. Туроўскі,
Е. Розэнблят, І. Саніна, Сысоеў, Н. Сярдобаў, В. Талокін, О. Фурс, К. Ціхаміраў.
Між артыстамі Беларускага драматычнага тэатру ў Менску спатыкаюцца часьцей беларускія прозьвішчы, але не нашмат.
Гляньма між кампазытараў БССР — таксама пераважаюць прозьвішчы на -оў:
Аладаў, Багатыроў, Яфімаў, Жыновіч, Залатароў, Іпалітаў, Камінскі, Крошнер, Лапаціна, Лукас, Любан, Алоўнікаў, Арленін, Падкавыраў, Прохараў, Пукст, Сакалоўскі, Цікоцкі, Цітовіч, Чуркін, Шырма, Эвальд.
Цяпер пройдземся вуліцамі беларускіх гарадоў. Толькі ў меншых мястэчках можна часьцей пачуць на вуліцах беларускую мову, у большых, звычайна, чуецца «обшчэпонятная» мова. Надпісы на крамах і прадпрыемствах таксама на чысьценькай маскоўскай мове павыпісваны. Розныя плякаты і клічы — тое самае. Але прыгляньмася да назоваў саміх вуліц. Вось для прыкладу важнейшыя вуліцы, пляцы і перавулкі сталіцы Беларускае ССР — Менску:
Абутковая, Адзінаццатага Чэрвеня, Акадэмічная, Апанскага, Арцельная, Асвабаджэньня, Бабруйская, Батарэйная, Берасьцянская, Берсана, Бранявы перав., Брылеўская, Вайсковы перав., Вакзальная плошча, Валадарскага, Ванеева, Варашылава, Ватуціна, Вольная, Вузаўская, Галянтарэйная, Гвардзейская, Горкага Максіма, Грушаўскі пасёлак, Грушаўская, Дабрамысьленская, Дзяржынскага, Даўгабродзкая, Даўгінаўскі тракт, Дамашэўская, Жалезнадарожны перав., Завадзкая, Заслаўскі перав., Заслонава, Захарава, Інтэрнацыянальная, Калінінградзкая, Каменная, Карла Маркса, Кастрычніцкая, Кірава, Кладбішчэнская, Клубная, Камсамольская, Камунальная, Круглая плошча, Кузьнечная, Куйбышава, Лагойскі тракт, Ленінская вул. і бульвар, Ленінская плошча, Лінейны перав., Луначарскага, Магілёўская, Магілёўская шаша, Маскоўская, Міхайлаўская, Мопраўская, Мясьнікова, пл. Нагіна, Новаўфімская, Няміга, Аранскага, Падлесная, Першамайская, Прывакзальная пл., Пушкіна, Рабочы перав., Радыстаў, Разіна, Рэвалюцыйная, Савецкая, Свабоды пл., Сталінградзкая, Стара-Віленская, Старажоўская, Стралковая, Сьвярдлова, Талстога, Ульянаўская, Урыцкага, Усходняя (Восточная), Флёкса, Фрунзэ, Харкаўская, Ціхая, Цнянская, Цэнтральная пл., Чырвоная, Чырвонаармейская, Чырвоназьвёздная, Чычэрына, Чэрвеньскі тр., Чэрняхоўская, Шорная, Шчарбакова, Шырокая, Энгельса, Янкі Купалы.
Вось жа акрамя вуліцы Янкі Купалы, усе назовы вуліц ёсьць чужымі для Беларусі, пераважна бальшавіцка-расейскімі. У іншых беларускіх гарадох назіраецца тое самае зьявішча.
Загляньма на прадпрыемствы, хто іх ачольвае? Аўтапрамбуд — дырэктар Дурноў, Белтрактарбуд — Башурын, Трактарны завод — Тарасаў, Стальканструкцыя — Калінін, Глаўпрамбуд — Паперно, Белзаготбуд — Пахомаў, Беларусьэнэрга — Бацьвіньнік, Белгастанкабуд — Іцкаў, Інструмэнтальны завод у Менску — Ермакоў, Будтрэст — Сапракоў, Легпрамбуд № 2 — Левін, Мелянжавы камб. — Афанасьеў, Белптушкатрэст — Карпенка, Белхаладбуд — Васільеў, Маслабаза — Астромецкін, Агравальнага аснашчэньня і трубаў завод — Валодзін, Вялільна-войлач. фабр. — Казаноў, галоўны інж. Гіпсавага зав. у Менску — Куратнікаў, галоўны інж. Мэталюрг. камбінату ў Магілёве — Мэерсон, Белгалаўспірт — Барэнаў… І так усюды, рэдка дзе спатыкаецца беларускае прозьвішча на кіруючых становішчах.
Адкуль жа йдзе такі наступ? На гэтае пытаньне няма патрэбы адказваць. Ясна, што ўсё гэтае чужое йдзе на Беларусь з чужога і варожага краю. Але пытаньне гэтае зразумелае, бо савецкая прапаганда трубіць на ўвесь сьвет, што ва ўсіх рэспубліках СССР сам народ мае ўладу, кожны народ мае поўную свабоду і сам кіруе па-дэмакратычнаму сваім жыцьцём. Здаецца, што больш хлусьлівага цьверджаньня, як гэтае, няма ў сьвеце, бо тая самая прапаганда, толькі пры іншых нагодах, бессаромна выяўляе, што сапраўды кіруе ўсім жыцьцём у кожнай падсавецкай краіне камуністычная партыя, а партыяю кіруе Сталін. З гэтага гледзішча ёсьць вымоўным асабовы склад камуністычнае партыі і камсамолу БССР. У 1952 г. ён быў такі:
Спускаючыся ніжэй па ерархічнай драбіне камуністычнае партыі, у гаркамах і райкамах можна час ад часу стрэнуць беларускія прозьвішчы сакратароў, але іх вельмі мала — пры тым усе яны зьяўляюцца толькі паслушнымі выканаўцамі Цэнтральнага Камітэту партыі.
Пры гэтай нагодзе нельга ня ўспомніць і таго факту, што дзейнасьць Праваслаўнай Царквы на Беларусі вядзецца выключна ў расейскім духу і ў расейскай мове. Душпастырскія курсы, якія адбываліся ў Менску, Горадні і Пінску, вяліся ў расейскай мове, і сьвятары мусілі здаваць іспыт з расейскае мовы, аб беларускай і гутаркі не было. Выклады ў Духоўнай сэмінарыі ў Жыровічах адбываюцца па-расейску. Сучасныя ерархі на Беларусі ўсе без вынятку расейцы: менскі — арх. Піцірым Свірыдаў, гародзенскі і берасьцейскі — яп. Сергій Ларын, пінскі — яп. Паісій Абразуеў, віленскі — яп. Фоцій Тапіра, смаленскі — яп. Сергій Сьмірноў. Іншыя епархіі зусім пустуюць, пустуюць таксама ўсе каталіцкія дыяцэзіі на Беларусі.
Але найбольш грозным зьявішчам русіфікацыі Беларусі ёсьць той факт, што дасьледаваньне мінулага Беларусі вядзецца цяпер амаль выключна расейцамі. Калі яшчэ ў 1945 г. дасьледаваньне Гародзенскага замчышча вёў сябра Акадэміі Навук БССР праф. Б. Галубовіч, дык ужо ў 1949 г. гэтыя досьледы прадаўжалі расейцы і жыды пад кіраўніцтвам Н. Вароніна і А. Нікіціна (іншыя супрацоўнікі: В. Янін, Л. Арцішэўская, В. Сядоў, К. Кармішына, А. Рцішчава, О. Вульф, Е. Мясьнікова, Л. Аляксееў, В. Косцін).
Падобнае зьявішча бачым амаль у кожнай галіне грамадзкага жыцьця ў сучаснай БССР. Безумоўна, гэткія зьявы для нас тым больш сумныя, што мы ня маем магчымасьці на эміграцыі, каб ім супрацьставіцца, аднак ёсьць нашым абавязкам падаць іх да агульнага ведама. Мы мусім падаць гэта на суд усяго людзтва — хай знаюць і хай судзяць усе і кожны паасобку расейскі ненасытны імпэрыялізм і хай зразумеюць, што пакуль гэты імперыялізм існуе, датуль на сьвеце ня будзе ані спакою, ані ладу, вечна будуць ліцца нявінныя сьлёзы і кроў паняволеных народаў. Ніводзін народ, які яшчэ сёньня вольны, ня можа быць пэўны, што заўтра не сустрэне яго сёньняшняя горкая доля беларускага народу. І гэтак будзе да тае пары, пакуль не зруйнуюць расейскае турмы, званае СССР, і не дадуць свабоды ўсім прыгнобленым у ёй народам.
Ар-ст
№ 27, 1952 г.
САЦЫЯЛЬНАЯ АФАРБОЎКА
БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛЬНАГА РУХУ
Чытаючы беларускую літаратуру і прэсу, пачынаючы ад Багушэвіча і канчаючы творамі маладых пісьменьнікаў эміграцыі, заўважаем адно дзіўнае зьявішча. Бальшыня іх аўтараў удзяляе шмат месца сацыяльным праблемам, вельмі часта яны адзначаюцца рэвалюцыйным, бунтарскім характарам. Шмат нашых эміграцыйных паэтаў, будучы перакананымі нацыяналістамі, рашучымі ворагамі камунізму і Саветаў, выражаюць скрайна левыя пагляды ў сацыяльных справах. У былой «панскай» Польшчы слова «беларус» значыла «камуніст», а ў камуністычных Саветах яно было сынонімам слова «фашыст». Выглядала б на першы пагляд, што беларус па сваім дзіўным характары зьяўляецца адначасна камуністам і фашыстам. Аднак усім добра ведама, што як камунізм, так і фашызм ёсьць незразумелыя і праціўныя натуры беларуса. Калі ж нацыяналізм беларусаў усім лёгка зразумелы, то, наадварот, іх «левасьць», крыніцы і прычыны яе вымагаюць пэўнага вытлумачэньня.
Беларускі народ у часе сваёй дзяржаўнай самастойнасьці падзяляўся на тры асноўныя групы: баяр, мяшчан і сялян. Кіруючая роля грамадзтва належала да баярства. Такі склад нашага народу праіснаваў да XV ст. У XV стагодзьдзі даходзіць да няшчаснай для нас вуніі з Польшчай. З прычыны шматлікіх спробаў зь беларускага боку парваць гэтую вунію Польшча ўсякімі спосабамі старалася асыміляваць Беларусь. Першым этапам гэтага прадпрыемства была палянізацыя нашага баярства і багацейшага мяшчанства — кіруючых пластоў нашага грамадзтва.
З прычыны знанай на ўвесь сьвет анархіі польская шляхта карысталася значна шырэйшымі правамі і прывілеямі, чым беларускае баярства. Гарадзельская ўмова з 1413 г. надае беларускай арыстакратыі поўныя правы польскай шляхты, пад умовай, аднак, што яна мусіць прыняць каталіцызм. Паступова амаль што ўся наша арыстакрацыя, эгаістычна і сквапліва карыстаючы з аказіі, пераходзіць на каталіцызм. Здавалася б, нічога ў гэтым дрэннага не было, бо каталіцызм ёсьць абсалютна нэўтральны ў нацыянальных пытаньнях. Так аднак ня сталася. Справа ў тым, што каталіцкае духавенства на Беларусі было выключна польскім, яно бараніла толькі польскія інтарэсы. У працягу XVІ—XVІІ ст. Край наш пакрываецца густой сеткай польскіх каталіцкіх кляштароў. Беларускія сярэднія і вышэйшыя школы паступова замяняюцца каталіцкімі езуіцкімі дасканала арганізаванымі польскімі школамі, якіх адзінай, бадай, мэтай была рашучая палянізацыя іх гадунцоў. У выніку двустагадовай апрацоўкі нашай арыстакрацыі польскім ксяндзом, манахам і манахам-настаўнікам усё наша баярства і багацейшае мяшчанства — культурна і палітычна вядучыя пласты беларускага грамадзтва — спалянізаваліся і беспаваротна загінулі для нашага народу.
Наступным этапам, які пачала праводзіць Польшча, была палянізацыя нашых народных гушчаў. Беларускі народ быў варожы каталіцызму, бо сваім непамыльным інстынктам бачыў у ім толькі сродак палянізацыі. Тады палякі зрабілі спробу спалянізаваць беларусаў іншым спосабам. У 1596 г. у Берасьці нашаму народу была накінута сілай рэлігійная вунія. Аднак, так як вуніяцкае духавенства было беларускім, вунія ня толькі не прынясла ніякае шкоды, а наадварот, яна сталася нашым нацыянальным веравызнаньнем, адрозьніваючы нас ад палякаў і расейцаў. Такім чынам польскія намеры асыміляцыі беларускіх масаў скончыліся поўнай няўдачай.
Пасьля падзелу Польшчы ў канцы XVIII стагодзьдзя Беларусь трапіла пад панаваньне Расеі. Расея не аказалася лепшай ад Польшчы, яна пастанавіла яшчэ больш дзікі спосаб русіфікаваць наш край. Русыфікацыя пачалася ад прымусовага павароту беларусаў з вуніі на праваслаўе. З прычыны нялюдзкіх мэтадаў гэтага мерапрыемства шмат беларусаў пераходзіць не на праваслаўе, але на каталіцызм, дзе пад уплывам польскага духавенства палянізуецца і прападае для нашай справы. Адначасна Расея калянізуе наш Край сваімі праваслаўнымі духоўнікамі, настаўнікамі і ўрадоўцамі. У выніку гэтай палітыкі пэўная колькасьць нашай арыстакрацыі русіфікуецца. Аднак, падобна як і палякі, не змаглі расейцы зрусіфікаваць беларускіх народных масаў, якія захавалі сваю нацыянальнасьць і культуру.
Такім чынам у XVI—ХІХ ст. на Беларусі запанавалі наступныя ненармальныя грамадзкія, эканамічныя і нацыянальныя адносіны. Кіруючы пласт народу, які адначасна зьяўляўся ўласьнікам 3/4 багацьцяў краіны — арыстакрацыя — стаўся чужым і варожым для беларускасьці, бо ён быў польскім або расейскім. Гэты варожы элемэнт вельмі жорстка эксплюатуе чужое яму беларускае насельніцтва. Сацыяльная несправядлівасьць і палітычны перасьлед яшчэ больш з’адзіночваюць наш народ.
Ідэі Вялікай Французкай рэвалюцыі, якая цьвердзіла, што ўсе людзі родзяцца роўнымі і маюць роўныя палітычныя і сацыяльныя правы, пранікаюць паволі ў беларускі народ, усьведамляюць яго аб канечнасьці барацьбы за свае сацыяльныя і палітычныя правы. Так як палітычны ўціск паходзіў ад чужога элемэнту, паўстаюць нацыянальнае пытаньне, нацыянальны рух, нацыянальная барацьба. Такім чынам беларускі нацыянальны рух на самым пачатку свайго існаваньня вельмі цесна, неразрыўна зьвязваецца з сацыяльнай барацьбой.
Пад уплывам успомненых вышэй ідэяў і моднага ў тым часе Рамантызму, які цікавіўся мінуўшчынай, сьвятлейшыя і лепшыя адзінкі нашай былой арыстакрацыі вяртаюцца да беларускай нацыянальнасьці і пачынаюць больш ці менш актыўна працаваць на карысьць свайго народу. Гэту новапаўсталую беларускую арыстакрацыю, якая, на вялікі жаль, была вельмі нешматлікай, можна падзяліць на дзьве групы. Першая з іх усьведамляе сваю беларускую нацыянальную прыналежнасьць, карыстаючыся з набытых правоў і прывілеяў, працуе на нацыянальнай ніве, але ў сацыяльных справах не бароніць і не ўсьведамляе свайго народу. Літуючыся над нядоляй народу, пісьменьнікі гэтай групы пішуць беларускія вершы і песьні, у якіх пацяшаюць народ і, як ім здаецца, гэтым аблягчаюць яго цяжкае існаваньне. Прыкладам такіх паэтаў могуць служыць Чачот і Марцінкевіч.
Іншая група, носячая больш рэвалюцыйны характар, працуе ня толькі на нацыянальным грунце, але, насуперак сваім клясавым інтарэсам, рашуча змагаецца за сацыяльную справядлівасьць для свайго народу. У творах, пісаных простай і зразумелай мовай, яны ўсебакова ўсьведамляюць народ і заклікаюць яго да змаганьня за свае прыродныя правы. Можна нават сказаць, што вельмі часта яны ўдзяляюць больш месца сацыяльным пытаньням, чым чыста нацыянальным праблемам. Тыповым і найбольшым прадстаўніком гэтае групы зьўляецца «бацька беларускага адраджэньня» Ф. Багушэвіч (1840—1900); усё яго жыцьцё было прысьвечана ўспомненай вышэй справе. Адначасна, можа за іх прыкладам, або і ў выніку самаахвярнай працы гэтых людзей, паяўляюцца шматлікія народныя дзеячы і пісьменьнікі, якія перажываючы самі нядолю нашага народу, становяцца яго паўнацэннымі прадстаўнікамі і абаронцамі. Першым зь іх быў П. Бахрым (1805—1891), які ў сваёй паэзіі аплаквае жудасныя зьдзекі над беларускім сялянствам.
У другой палавіне ХІХ ст. новыя сацыяльныя ідэі пашыраюцца на Беларусі і знаходзяць вельмі падатны грунт, бо да сацыяльнага гнёту далучаўся нацыянальны перасьлед. У выніку гэтых абставін успомненыя ідэі праявіліся больш у магутным нацыянальным уздыме, чым у чыста клясавай барацьбе. Ужо ў 1862 г. выходзіць першая нелегальная беларуская газэта «Мужыцкая праўда»; у 1881 г. беларус Грынявіцкі забівае цара Аляксандра II і сам гіне; а ў 1902 г. паўстае Беларуская Рэвалюцыйная грамада. Сярод беларускіх пісьменьнікаў таго часу паўстае цэлая група т.зв. «пралетарскіх» пісьменьнікаў, у якіх рэвалюцыйны элемэнт, скіраваны супроць расейскага самадзяржаўя, стаяў на першым пляне. Прадстаўнікамі гэтай групы зьяўляюцца Цётка і Цішка Гартны.
На пачатку ХХ ст. нацыянальны рух ахапіў даслоўна ўвесь народ. Расейскі ўрад змушаны быў дазволіць беларускі друк. У 1906 г. пачала выходзіць першая легальная беларуская газэта «Наша доля», якая хутка замяняецца «Нашай нівай», што рэгулярна выходзіць да 1916 г. Каля гэтай газэты, якая кіруе ўсім нацыянальным рухам, групуюцца ўсе нашыя пісьменьнікі, палітычна-нацыянальныя дзеячы і наагул уся наша інтэлігэнцыя. Пісьменьнікі т. зв. «нашаніўскага» пэрыяду, зь якіх найвыдатнейшымі былі Купала, Колас, Гарун і Багдановіч, ва ўсіх сваіх творах змагаюцца за сацыяльныя і палітычныя правы беларускага народу, усе яны зьяўляюцца рэвалюцыянерамі, але заўсёды нацыянальнае пытаньне ў іх стаяла на першым пляне. Кіруючы орган сучаснага нацыянальнага руху «Наша ніва» тлумачыла народу, што ён быў жорстка эксплюатаваны і што яго эксплюататарамі былі чужынцы. Гэтая газэта і ўся беларуская літаратура сьцвярджалі, што ўсе сацыяльныя несправядлівасьці могуць быць пакананы толькі праз здабыцьцё нацыянальнай і палітычнай незалежнасьці. Такім чынам нацыянальнае змаганьне пакрывала сабой барацьбу за сацыяльныя правы. Гэтым і тлумачыцца буйны росквіт нацыянальнага беларускага руху на пачатку нашага стагодзьдзя.
У 1921 г. Беларусь была падзелена паміж Саветамі і Польшчай. У БССР пытаньне сацыяльнай барацьбы практычна адпала, бо там матэрыяльныя ўмовы жыцьця, будучы вельмі цяжкімі, не былі горшымі ад умоваў, пануючых ва ўсёй савецкай імпэрыі. Аднак Край наш надалей заставаўся ў расейскай няволі і цярпеў жорсткі нацыянальны перасьлед. З прычыны спэцыфічных умоваў савецкай рэчаіснасьці ўвесь высілак гэтай часткі Беларусі канцэнтраваўся на нацыянальнай барацьбе, якая каштавала сотні тысячаў ахвяраў найлепшых сыноў нашай Бацькаўшчыны.
Іначай прадстаўлялася справа ў Заходняй Беларусі пад польскай акупацыяй. Там беларускія сяляне душыліся ад беззямельля ў той час, як лясы і трэцяя частка зямлі належала да польскіх абшарнікаў, каляністаў дзяржавы. Беларусам было забаронена купляць зямлю, займацца гандлем, быць урадоўцамі, вучыцца ў некаторых сярэдніх і вышэйшых школах. Беларускія школы і розныя арганізацыі былі ліквідаваныя. На гэтых землях не будавалася ніякай прамысловасьці. Польшча штучна арганізавала эканамічны крызыс, каб ім задушыць нацыянальны рух нашага народу. Дык ня трэба дзівіцца, што Беларуская Сацыялістычная Грамада, якая паўстала ў 1924 г., ахапіла сваёй дзейнасьцю ўвесь Край. Праўда, палякі сілай здушылі Грамаду, запоўніваючы турмы беларусамі, але гэтым яны не здушылі нашага нацыянальна-сацыяльнага руху. Пазьнейшыя падзеі добра іх аб гэтым пераканалі.
Нават павярхоўны перагляд нашай гісторыі паказвае, што шматвяковае змаганьне беларуса за існаваньне і волю вытварыла ў ім рэвалюцыйны і глыбока нацыяналістычны характар. Так як асягненьне сацыяльнай справядлівасьці ёсьць магчымым толькі пасьля здабыцьця нацыянальнай самастойнасьці, кожны беларускі сацыяліст і рэвалюцыянер (як ні парадаксальна гэта выглядае) мусіць быць адначасна нацыяналістам. Наш сацыялізм служыў, служыць нацыяналізму і наадварот. Гэтыя два процілеглыя і ў нармальных умовах наўзаем выключаючыя напрамкі на Беларусі былі і застаюцца неразрыўна паміж сабой зьвязаныя — твораць адно цэлае.
Зразумела, што зьявішча «левасьці» беларускага нацыянальнага руху, а нават і ўсяго нашага народу, не зьяўляецца нейкай спэцыфічнай рысай нашага характару, а зьявішчам часовым, абумоўленым яго гісторыяй. З момантам здабыцьця самастойнасьці Беларусі наш народ сам упарадкуе свае сацыянальныя справы. У той час усякі сэнс масавай «левасьці» беларускага народу перастане быць актуальны і сам сабой адпадзе.
Эмігрант
№ 21, 1951 г.
ДЭЗАРЫЕНТАЦЫЯ?
Вельмі часта даводзіцца чуць, што некаторыя асобы зусім здэзарыянтаваныя сяньняшнім станам нашага эміграцыйнага жыцьця. Яны цьвердзяць, што дзякуючы разладу, які бачны ў нашых радох, бязрадна апускаюць рукі. Вось жа хочам разгледзець як найбольш аб’ектыўна ды паказаць нашаму грамадзянству, асабліва моладзі, сапраўдны стан рэчаў. Судзіць мы не зьбіраемся нікога, бо ня маем на гэта права, гэта зробіць наш народ. Нашым абавязкам ёсьць прыпомніць аб грамадзкіх абавязках, аб якіх мы часта забываемся, ужываючы сваю энэргію і сілы на сваркі ды падзел. Няхай нікому не падумаецца, што мы не зацікаўлены нашай агульна-грамадзкай справай, не, — якраз дабро гэтае справы змушае нас гэтак падходзіць да яе, бо ведама нам, што крыкам ды нападамі нічога пазытыўнага не асягаецца.
Як ні сумна, але мусім прызнаць факт, што нашае грамадзянства падзелена на дзьве часткі. Нічога страшнага ў гэтым не было б, калі б абедзьве яны мелі адзіны праўдзівы найвышэйшы ідэал — Незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны-Беларусі. На жаль, гэтага не назіраецца, бо ўжо адзін факт, што знайшліся людзі, якія павялі наш народ да падзелу, яскрава сьведчыць, што ім не ляжыць на сэрцы дабро народнае, а толькі свая амбіцыя ды сваё становішча. Я асабіста нічога ня маю супраць сп. Радаслава Астроўскага, наадварот, прызнаю, што ў свой час, будучы прэзыдэнтам БЦР, ён зрабіў шмат карыснага для нашага народу. Аднак ад таго часу сталіся вялікія зьмены, якія яго заставілі на пэўны час маўчаць. А сяньня сп. Р. Астроўскі забыўся аб гэтых зьменах і дзейнічае на шкоду агульнае беларускае справы.
Паводле нашага сялянскага розуму, прэзыдэнт выражае волю народу навонкі, але ўнутры ня ён дыктуе народу належны шлях, а народ яму. Зразумела, што ні адзін народ не захоча мець сабе прэзыдэнта, які для яго будзе цяжарам. У нашай гісторыі мы маем шмат павучальных прыкладаў, калі кіраўнік княства ці ўдзелу, не адказваючы народу, зьмяняўся воляй гэтага ж народу на вечы другім, больш адпавядаючым грамадзтву. Веча нас павучае, што не народ прыстасоўваўся да свайго кіраўніка — князя, намесьніка і т. п., але гэтыя апошнія — да народу. Сяньня ж мы бачым зусім іншае. Кожны з нас, як і сам сп. Р. Астроўскі, прызнае слушнасьць, што ягоныя выступленьні не нясуць нічога пазытыўнага нашаму народу, ак

