МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Справа аўтаноміі Беларусі ў Першай Думе і “Наша Ніва” // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Аўтар: Запруднік Янка
Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Раздзел: Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Беларусь, Расія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

ЯНКА ЗАПРУДНІК

СПРАВА АЎТАНОМІІ БЕЛАРУСІ Ў ПЕРШАЙ ДУМЕ I «НАША НІВА»1

Нацыя можа складацца з розных элемэнтаў, але адным зь неадлучных і незаменных кампанэнтаў ейных павінна быць памяць пра сваю мінуўшчыну — як найпаўнейшая, як найглыбейшая.

У першай палавіне 1906 году, калі на Беларусі разьняволенае нацыянальнае слова ўбіралася ў сілу, каб увайсьці неўзабаве ў гісторыю вызначнай нашаніўскай традыцыяй, у сталіцы Расейскае дзяржавы, у Пецярбургу, засядала Першая Дзяржаўная Дума (ад 27 красавіка да 8 ліпеня паводля старога стылю). 478 пасланцоў з розных частак імпэрыі напружана й натхненна шукалі выхаду із затхлі зьбюракратызаванага самаўладзтва, з аднаго боку, ды ратунку ад рэвалюцыйнага катаклізму, з другога. Разам з гэтым прабіваліся на сьвет і палітычныя асьпірацыі падбітых нацыянальнасьцяў, якімі абрасла на працягу стагодзьдзяў маскоўская спадчына Раманавых. Прадстаўлена ў Думе была й Беларусь, афіцыйна званая тады ўсё йшчэ абезасабоўленым тэрмінам «Северо-Западный край».

Сярод пасланцоў Паўночна-Заходняга Краю былі мяшчане, сяляне, шляхта-дваранства, духавенства; былі людзі з вышэйшай асьветай (вялікая бальшыня), зь сярэдняй, з пачаткавай; былі праваслаўныя й каталікі; былі беларусы, палякі, летувісы, габрэі, расейцы, латышы; былі канстытуцыйныя дэмакраты, трудавікі, беспартыйныя, аўтанамісты.

Мы ня будзем займацца тут характарыстыкай усіх гэтых групаў, адкладаючы гэта да іншых нагодаў. Паглядзем адно тым часам, як у Першай Дзяржаўнай Думе Расеі была выказаная, на чым грунтаваная ідэя аўтаноміі Паўночна-Заходняга краю ды як разумець і чым вытлумачыць тую пазыцыю ў дачыненьні да гэтых выказваньняў, якую заняла «Наша Ніва», калі напрыканцы 1906 году яна пачала выходзіць.

Нацыянальнае пытаньне, разам із справаю палітычнае амністыі й зямельнае рэформы, было галоўным аб'ектам дэбатаў у першым парлямэнце імпэрыі. Пацьвярджаюць гэта й савецкія гісторыкі, праўда, упорыста ўхіляючыся ад дакумэнтаваньня ды распрацоўваньня самое тэмы.

Актуальнасьць нацыянальнага пытаньня ў Расеі, як ведама, выткала з абмежаваньня й перасьледу нерасейскіх народаў. У Думе, установе, адданай дэмакратычным прынцыпам, патрэба разьвязаньня нацыянальнага пытаньня выплывала ўжо з самога пастуляту роўнасьці ўсіх грамадзянаў перад законам. I дзеля гэтага ўжо Дума, адказваючы цару на ягоную тронную прамову, задэкляравала:

«Дзяржаўная Дума апрацуе закон пра поўнае зраўнаньне ў правох усіх грамадзянаў, із скасаваньнем усіх абмежаньняў і прывілеяў, абумоўленых станам, нацыянальнасьцяй, рэлігіяй або родам»1 .

Дума ў тым-жа сваім адказе — вялікім дакумэнце расейскае канстытуцыйнае гісторыі — дзякуючы дамаганьням нацыянальных дэпутатаў, унесла і інтарэсы нацыянальнасцяў у праграму свае дзейнасьці:

«Дзяржаўная Дума ўважае, нарэшце, за канечнае адзначыць у ліку безадкладных заданьняў сваіх і разьвязаньне пытаньня пра задаваленьне даўно насьпелых дамаганьняў паасобных нацыянальнасьцяў. Расея становіць дзяржаву, заселеную шмат якімі плямёнамі й народнасьцямі. Духовае задзіночаньне ўсіх гэтых племяў і народнасьцяў магчымае адно пры задавальненьні патрэбы кажнага зь іх захоўваць і разьвіваць сваеасаблівасьць у паасобных галінах быту. Дзяржаўная Дума парупіцца пра шырокае здавальненьне гэтых справядлівых патрэбаў» 1.

Адным з дынамічных і красамоўных абараньнікаў нацыянальных правоў быў у Думе дэпутат Менскае губэрні, кадэт, аўтанаміст — Аляксандар Лядніцкі. Ужо на чацьвертым паседжаньні Думы (3 (16). V. 1906 г.) Лядніцкі падаў голас нацыянальнага пратэсту й дамаганьняў. Выступаючы ў справе адрасу (звароту) у адказ цару на ягоную тронную прамову, Лядніцкі заяўляў:

«Мы, прадстаўнікі паасобных нацыянальнасьцяў і тэрыторыяў, уважаем за магчымае прыняць той адрас, які складзены камісіяй, але ў гэтым гістарычным мамэньце, ад імя гэтых прадстаўнікоў уважаю за свой абавязак заявіць і вытлумачыць, як мы разумеем задавальненьне тых справядлівых нацыянальных дамаганьняў, у імя якіх мы сюды зьявіліся» 2.

Лядніцкі, між іншага, будучы з нацыянальнасьці паляком, але родам, відаць, зь Беларусі, разрозьніваў нацыянальныя інтарэсы Беларусі й Польшчы, не атаесамляў гэтых двух краёў, а ставіў поруч, што відаць зь ягоных словаў:

«Калі мы слухалі прадстаўнікоў Царства Польскага, салідарных з намі ў агульным імкненьні да палітычнае свабоды, мы ўспомнілі, што там задыхаюцца ў атмасфэры пораху й дыму, у атмасфэры самавольетва й гвалту; ...калі мы ўспамінаем, што мусульманскі зьезд яшчэ нядаўна ня мог сказаць свайго собскага слова ў абарону сваіх правоў, калі Ліфляндыя, Эстляндыя й Літва зьнябываюцца ў шчамлётках карных аддзелаў і таго самавольства, зь якім мы таксама змагаемся, дык я бачу, як адтуль з нашых родных мясьцінаў працягваюцца рукі кашых братоў (падчыркненьне наша.— Я. 3.), тых-жа працоўных клясаў, тых-жа работнікаў, таго-ж працоўнага сялянства, якія клічуць-просяць расейскі народ пра дапамогу, пра тое, каб у гэтую ўрачыстую часіну ўсім стаць упоруч у змаганьні за агульную свабоду, за ўстанаўленьне вялікіх пачаткаў справядлівасьці 1.

Я думаю,— казаў далей Лядніцкі,— ...што справядлівае імкненьне паасобных акругаў у прызнаньні ім поўнае свабоды ў арганізацыі самастойнага нацыянальнага быту, у арганізацыі яго на прынцыпах аўтаноміі й аўтаномнага самакіраўніцтва знойдзе тут задавальненьне... Мы ня толькі вітальна кланяемся прадстаўніком расейскага народу, але й уважаем за свой абавязак заявіць, што ад гэтага расейскага народу мы чакаем задавальненьня нашых нацыянальных дамаганьняў» 2.

Лядніцкі выказаў у Думе свае моцнае перакананьне, што калі надыйдзе мамэнт падліку нацыянальных імкненьняў, «дык будуць узятыя на ўвагу канкрэтныя й этнаграфічныя асаблівасьці, якімі кажная асобная акруга або нацыянальнасьць, бясспрэчна, вызначаюцца» 3.

На а дну з «канкрэтных» асаблівасьцяў беларускага народу зварачаў увагу дэпутатаў Думы прадстаўнік тае-ж Менскае губэрні, зь якое паходзіў і Аляксандр Лядніцкі, князь Геранім Друцкі-Любецкі. У часе абмяркоўваньня пытаньня зямельнае рэформы Друцкі-Любецкі казаў:

«Спадарове народныя прадстаўнікі! Я сам паходжу зь Менскае губэрні, гэта значыцца з аднае з губэрняў Паўночна-Заходняга Краю, да якога тарнаваліся ўсялякага роду вылучныя захады й дзе ўстанавілася поўнае панаваньне бюракратызму... Я сам рос сярод народу й ведаю, што гэты просты сельскагаспадарскі народ Беларусі мае таксама свае ідэалы. Ягоны ідэал — «Зямля Божая», але й народ Божы — таму ён уважае, што гэтая Божая "зямля павінна належаць свайму Божаму народу, гэта значыць, што патрэбы дадзенае мясцовасьці, патрэбы дадзенае нацыянальнасьці павінны быць задавольненыя згодна зь ідэаламі гэтае нацыянальнасьці» 4.

Друцкі-Любецкі, між іншага, у адным із сваіх далейшых выступленьняў зварачаў увагу на псыхалягічную асаблівасьць жыхарства Паўночна-Заходняга

Краю, на пачуцьцё неадлучнасьці індывідуальнае зямельнае собскасьці.

«Гэтае пачуцьцё,— казаў ён,— гэтак глыбака прасякла ў душу жыхарства Паўночна -Заходняга Краю, што яно заве гэтую зямлю сваёй зямлёй, а прынцып собскасьці гэтак грунтоўна яму ўласьцівы, што, праўду кажучы, яно навет уважае, што ўся тэрыторыя павінна належаць вылучна жыхарству, што на ей жыве»1.

Мы бачым, як на аснове псыхалягічнае асаблівасьці беларускага народу фармуляваўся пастулят нацыянальна-палітычны: «уся тэрыторыя павінна належаць вылучна жыхарству, што на ей жыве».

Выступаючы ў справе зямельнае рэформы — найгалаўнейшага й найскладанейшага пытаньня ў Першай Дзяржаўнай Думе,— дэпутат Горадзенскае губэрні ксёндз Анатоль Сангайла зварачаў таксама ўвагу на мясцовыя сваеасаблівасьці Паўночна-Заходняга Краю й грунтаваў на гэтым патрэбу дэцэнтралізацыі дзяржаўнае ўлады:

«Расея — дзяржава самая абшырная, мясцовыя ўмовы ейнага жыхарства гэтак разнастайныя, як разнастайнае й само жыцьццё... Што можа стацца выгодным аднэй мясцовасьці, аднэй губэрні нутраной, таго можа выявіцца зусім недаволі й навет на шкоду губэрні паўночна-заходняй ці якой-небудзь іншай. Мы ўвесь час змагаліся зь бюракратыяй; цэнтральнае кіраўніцтва краем давяло нам сваю поўную недасканальнасьць. I калі мы, імкнучыся да дэцэнтралізацыі, ужываем у дадзеным выпадку аднолькавыя захады, дык мы творым новы бюракратызм... Я адважуся прасіць, каб мы зазірнулі ў сэрцы ўсіх народнасьцяў ува ўсе ўскраіны нашае абшырнае бацькаўшчыны й разьвязалі аграрнае пытаньне згодна зь мясцовымі ўмовамі» 2.

Дэпутат Віцебскае губэрні ксёндз Франц Трасун, латыш з наныянальнасьці, казаў тое самае:

«Мясцовыя палажэньні й спосабы земляўладаньня й землякарыстаньня гэткія розныя ў Расеі, што адзіны закон для ўсіх ніколі ня можна выдаць. Дзеля гэтага трэба было-б пакінуць гэта мясцовым установам, каб кажная з гэтых установаў вызначыла тую форму й спосабы валоданьня, якія яна жадала-б мець у сябе»3.

«Для ўжыцьцёўленьня карэннае аграрнае рэформы,— казаў дэпутат Віленскае губэрні Ялавецкі,— перш-наперш павінна быць разьвязанае пытаньне пра аўтаномныя й краёвыя самакіраўніцтвы» 1.

Другі депутат зь Віленскае губэрні Міхал Гатавецкі дамаганьне аўтаноміі для свайго краю абгрунтоўваў даволі шырака:

«Я,— казаў ён,— селянін і дэпутат ад сялянскае куры! Віленскае губэрні. Асяродзьдзе, зь якога я паходжу, у якім асабіста прайшоў цяжкі працоўны шлях і якое мяне сюды прыслала, я ведаю даўно й добра, і толькі з гледзішча ягоных інтарэсаў я й буду гаварыць. Нашыя сяляне перш-наперш ясна ўсьведамляюць, што яны павінны быць самі гаспадарамі ў сваім краі і што яны павінны самі пастанаўляць пра сваю долю. Яны перакананыя, што гэткае права павінна ім быць прызнанае найперш у пытаньні, для іх так надзвычай істотным і важным, як пытаньне аграрнае. Дзеля гэтага яны станоўка дамагаюцца, каб мясцовыя, адмыслова дзеля гэтае мэты створаныя, выбарныя ўстановы кіравалі гэтай справай на месцы. Гэтыя мясцовыя выбарныя ўстановы павінны быць складзеныя так, каб мясцоваму-ж працоўнаму сялянству было ў іх поўнасьцяй забясьпечанае належнае яму паводля справядлівасьці месца. Ад цэнтральнага органу ім павінны быць перададзеныя адно самыя агульныя прынцыповыя настаўленьні што да кірунку справы, а справа сама ня толькі ў дэталях, але й у істотных рысах павінна быць абавязкава разьвязаная на месцах. Гэтага вымагае элемэнтарная справядлівасьць, гэтага вымагае пасьлядоўнасьць у правядзеньні дэмакратычнага прынцыпу, і гэта няўхільна выплывав з карэннае разнастайнасьці абставінаў у розных мясцовасьцях дзяржавы» 2.

Да аргумэнтаў, чэрпаных з эканамічных і псыхалягічных асаблівасьцяў Паўночна -Заходняга Краю, дадаваліся таксама й аргумэнты-дамаганьні характару нацыянальна -палітычнага: край павінна кіраваць карэннае жыхарства, а ня чужы прыйшлы й варожы элемэнт.

Найзырчэй выявіўся гэты аргумэнт у часе дэбатаў над пагромам габрэяў, што адбыўся ў Беластоку на самым пачатку чэрвеня 1906 году. Хто быў адказны за гэты злачын?

Пытаньне прычынаў пагрому, ягоных спраўцаў і вінавайцаў дэтальна разглядалася ў Думе. Усе стрэлы зьвінавачаньня ляцелі ў бок ураду, паліцыйных органаў, камандаваньня вайсковымі часткамі царскае арміі, што знаходзіліся ў Беластоку ў часе пагрому, ды мясцовага чарнасоценнага элемэнту. Дэпутат места С.-Пецярбургу Вінавер гэтак, прыкладам, схарактарызаваў беластоцкія падзеі:

«У Беластоку, папраўдзе кажучы, ня было пагрому. У Беластоку была вайскова -паліцыйная экспэдыцыя дзеля застрашаньня рэвалюцыянераў шляхом забойства бязьвінных. Горадзенскі губэрнатар гэтак і сказаў: Там ня было пагрому, гэта была перастрэлка з рэвалюцыянерамі,—- перастрэлка з аднаго боку, зразумела» 1.

З разглядам справы беластоцкага пагрому выступіў у Думе 26. VI. (9. VII) 1906 г. дэпутат Віленскае губэрні каталіцкі біскуп барон Адварды Роп. Пра дачыненьне да габрэяў карэннага жыхарства Паўночна-Заходняга Краю ён казаў:

«У нас вялікі працэнт габрэяў, але ўвесь наш народ, летувісы, беларусы й палякі, звыкліся з габрэямі, зь якімі яны жывуць сотні гадоў, звыкліся да такое ступені, што не разумеюць жыцьця йнакш: ува ўсіх справах гаспадарскіх і гандлёвых, усюды й заўсёды, габрэі для іх — патрэбнае злучво» 2.

Адкуль-жа тады браліся пагромы? Прычыну й актыўны ўдзел у іх біскуп Роп бачыў у «истинно-русских людях» Паўночна-Заходняга краю, асабліва ў стараверах, якіх дзеля праводжаньня пагромаў прывозілі ў патрэбнае месца навет зь іншых гарадоў: Дзьвінску, Лунінца, Бабруйску 3. Роп выясьняў Думе, што значыць у нас «стараверы»:

«Стараверы,— тлумачыў ён,— пасяліліся ў нашым краю ў XVIII і часткава XIX стагодзьдзях. Гэта людзі вельмі дужыя, людзі працоўныя, што маюць добрыя якасьці, але маюць адно няшчасьце: яны былі ўвесь час пад апекаю ўраду сярод цэлае масы парыяў мясцовага жыхарства, якое урад прыгнятаў... У выніку даўгагадовага ўціску паўстала невялікае кола асобаў, што панавалі дасюль у гэтым краі, як у сваёй гасподзе. Гэтыя асобы, у выніку зьменаў, якія зайшлі апошнім часам, адчуваюць, што іхнае палажэньне пахіснулася, і яны хацелі-б, што-б там ні было, захаваць сваё ранейшае становішча. На няшчасьце, гэткія групы ўвесь гэты час дзеілі пад рэлігійным сьцягам. Яны зваліся «праваслаўнымі», але пасьля зьмянілі свой сьцяг з рэлігійнага на патрыятычны й назвалі сябе «истинно -русскими людьми». Ім было ўсяроўна, верыць чалавек ці не, няхай толькі ён будзе запісаны праваслаўным; ім усяроўна, дае школа асьвету ці не, была-б толькі школа расейская; усяроўна, якія духовыя вартасьці чалавека, абы толькі была шыльда навонкі — «праваслаўны», «рускі» 1.

Габрэйскія пагромы, на думку біскупа Ропа, былі намаганьнямі рэакцыйнага расейскага элемэнту ў Паўночна-Заходнім Краі зьнішчыць вызвольны рух, у якім асабліва актыўную ролю адыгравалі добра арганізаваныя габрэйскія арганізацыі. «У нас ніжэйшая ўлада часта належыць «истинно-русским людям»,— казаў біскуп Роп.— У запраўднасьці гэтая ніжэйшая ўлада напэўна й вінаватая ў пагромах, але ня думаю, каб вышэйшая ўлада брала ў гэтым просты ўдзел»2 .

На аснове гэткага аналізу прычынаў біскуп Роп выстаўляў цэлую палітычную праграму як пілях да палепшаньня, да ўнармалізаваньня палажэньня ў Паўночна-Заходнім Краю:

«Пакуль у нас .будуць усюды тыя асноўныя пала-жэньні, розьніцы народнасьцяў, розьніцы свабоды дзеяньня, пакуль будуць пад апекай ураду кіраваць краем людзі, што, шчыра кажучы, ня маюць з краем нічога супольнага, пакуль будуць панаваць людзі, хоць-бы й з найлепшымі намерамі, што прыяжджаюць зь Пецярбургу, Тыфлісу, Табольску ды з усіх іншых канцоў Расеі, якія краю ня ведаюць і ня могуць зразумець ягоных патрэбаў, пакуль усё гэта будзе, заўсёды, апрача процьмы зла й несправядлівасьці, будзе й небясьпека пагромаў. Гэтыя вышэйшыя людзі ня маюць сувязі зь ніжэйшымі: ніжэйшыя-ж хочуць як-небудзь абараніць сваё палажэньне. Як у абрусіцеляў краю, у іх зьяўляецца нейкая нянавісьць. У выніку-ж таго, што яны цягам даўгіх год карысталіся апекаю ўладаў, яны згубілі ўсякае разуменьне пра маральнасьць. I вось гэтыя ніжэйшыя нашы абрусіцелі — «истинно-русские люди» гатовыя строіць розныя штукі, а вышэйшыя, ня ведаючы краю, змушаныя кіравацца дырэктывамі гэтых ніжэйшых чыноў і таму ня ведаюць, што ім рабіць. Для нас адна разьвязка, але ня тая адзіная разьвязка, пра якую тут толькі й гаворыцца,— адыход міністраў. Сто міністраў можа зьмяніцца, але пакуль унізе застануцца тыя-ж асобы, усе гэтыя міністры нічога ня здолеюць зрабіць, губэрнатары навет ведаць ня могуць, што вытварае які-небудзь спраўнік, прыстаў ці ўраднік. Для нас, каб пагромаў ня было, каб край мог разьвівацца нармальна й добра, каб існаваў мір між усімі клясамі, між усімі народнасьцямі, што жывуць у нашым краі, трэба, каб людзі мясцовыя там на мясцох панавалі (падч. наша.— Я. З.). Пакуль не дасьцё нам мясцовага самакіраўніцтва, пакуль у запраўднасьці ўсе мясцовыя справы, уся ўлада ня будзе ў руках людзей мясцовых, да тае пары мы ня можам сказаць, што мы будзем у поўнай бясьпецы ад якіх-небудзь пагромаў» 1.

Выказваньні дэпутата Паўночна-Заходняга Краю біскупа Ропа станоўка падтрымаў прадстаўнік Чарнігаўскае губэрні Шраг, удакладняючы навет да пэўнае меры ягоную думку:

«Барон Роп, між іншага, адзначыў, што вінаватая ў беластоцкім пагроме тая кліка, што зьвіла сабе гняздо ў Горадні. Я магу далучыцца да бліскучае характарыстыкі, якую барон Роп даў гэнай кліцы абрусіцеляў; я магу далучыцца да таго, што, на думку барона Ропа, адхіліць пагромы можна толькі тады, калі мясцовае кіраваньне пяройдзе ў мясцовыя рукі; я поўнасьцяй далучаюся да гэтае думкі ды уважаю, што толькі тады, калі стары рэжым будзе заменены новым, у аснову^ якога будзе пакладзеная свабода, дэцэнтралізацыя й аўтаномія народаў і акругаў, толькі тады мы будзем забясьпечаныя й вызбавімся ад зьяваў, што назіраем цяпер»2.

Дамаганьні аўтаноміі Паўночна-Заходняга Краю, бязумоўна, выстаўлялі ня ўсе ягоныя дэпутаты, ня ўсе зь імі згаджаліся, не для ўсіх аўтаномія была аднолькава жыцьцёвая. Дамагаліся яе пераважна прадстаўнікі шляхоцкага стану й каталіцкага духавенства. Сярод прычынаў, што абумаўлялі іхныя дамаганьні, ня былі, пэўна-ж, на апошнім месцы блізкасьць гэных людзей да традыцыяў свайго краю, памяць мінуўшчыны сярод іх, сьведамасьць гістарычнае апрычонасьці.

Як-жа паставілася да гэтых дамаганьняў аўтаноміі газэта «Наша Ніва», што пачала выходзіць чатыры месяцы па тым, як Першая Дзяржаўная Дума, прайснаваўшы 72 дні, была разагнаная?

Сваё дачыненьне да Думы «Наша Ніва», напэўна, выявіла з самага пачатку выхаду ў лістападзе 1906 году. Дачыненьне гэнае было баржджэй за ўсё адмоўнае 1. «Наша Ніва» выказвала пагляды Беларускае Сацыялістычнае Грамады, будучы ейным неафіцыйным органам, а БСГ разам зь іншымі левымі сацыялістычнымі партыямі выбары ў Першую Думу байкатавала.

Дакладней пра стаўленьне «Нашае Швы» да Першае Дзяржаўнае Думы можна меркаваць на аснове першых нумароў за 1907 год. Расея тады была напярэдадні выбараў у Другую Дзяржаўную Думу, і ў друку шырака вялася перадвыбарная кампанія. Выказваючыся да пытаньня Другое Думы, людзі часта займаліся ацэнай Першае. Таму вось і ў «Нашай Ніве» пачатку 1907 году мы знаходзім выказваньні пра Першую Думу ды, зразумела, пра дэпутатаў у ёй ад Беларусі.

Ужо ў першым нумары «Нашае Нівы» за гэны год, у артыкуле пра выбары ў Другую Думу, хтосьці Я. Гаравік прыгадваў, што ў 1906 годзе «ў Думу папалі ад Беларусі найбольш панскія дэпутаты». Як яны там захоўваліся? — «Гэтыя дэпутаты ні слова не гаварылі аб беднасьці й цяжкай долі дзеравенскага народу, а толькі нагвалт стаялі за тым, каб ні пядзіны панскай зямлі не адступіць мужыком... Блізка ўсе ксяндзы й біскуп барон Роп сталі на старану багачоў — памешчыкаў і ў Думе баранілі толькі іх інтарэсы» 2.

У тым-жа нумары «Нашае Нівы» нейкі Ясь, паведамляючы пра настроі што да Другое Думы ў Васілішках Віленскае губэрні, прыгадваў:

«А быў у Думе з нашага Лідзкага павету — Гатавецкі, ды толькі зь яго пацехі было, што на пекным крэсьлі ў Думе сядзеў дый пэнсіі па дзесяць рублёў у дзень браў,— а як трэба было гаварыць, то маўчаў, як немка. Не, нам не такі патрэбны: няхай будзе чалавек сьмелы, няхай будзе язычлівы, каб патрапіў за бедны народ заступіцца!» 1

I крыху далей у тэй-жа карэспандэнцыі:

«Стыд навет падумаць: з другіх старой дэпутаты ў Думе сьмела дабіваліся для народу сьвету, свабоды, зямлі-маткі. I ня любіць іх паліцыя за іх шчырае сэрца для народу. А нашы — што? Ці паказвалі яны ўсяму сьвету нашу бяду? Не! Ці гаварылі яны сьмела праўду ў вочы чыноўнікам? Не! А цяпер ці ня жывуць сабе бяз страху пад ласкавым на іх вокам паліцыі? Жывуць!»

Дэпутат Гатавецкі, пра якога пісаў Ясь, як ведама, у Дзяржаўнай Думе выступаў, і навет з даволі грунтоўнай прамовай на карысьць аўтаноміі (гл. вышэй). Вось-жа за месяц пасьля зьмяшчэньня карэспандэнцыі Яся «Наша Ніва» зьмясьціла папраўку пра недакладнасьць у карэспандэнцыі, але папраўку таксама вымоўную: «У карэспандэнцыі было сказана, што пан Гатавецкі маўчаў у Думе «як немка». Рэдакцыя заяўляе, што карэспандэнт абмыліўся — адзін раз п. Гатавецкі ў Думе гаварыў». Каб чытач не падумаў, аднак, што Гатавецкага перапісваюць з катэгорыі паганых у катэгорыю добрых, рэдакцыя ня толькі называла Гатавецкага «панскім служкам» і «лёкаем», але й узмацняла зьвінавачаньне: «Прыехаўшы ў Пецярбург, Гатавецкі для непазнаку запісаўся ў Трудавую Групу, але не пакінуў хаўрусу з панамі ды біскупам (Ропам.— Я. 3.) і падаваў свой голас за тое, чаго хацелі паны»2.

У аднэй із сваіх перадавіцаў «Наша Ніва», выказваючы надзею на вайстрэйшую ў будучыні палітычную празорлівасьць «упаўнамочаных ад валасьцей», перасьцерагала мінулым дазнаньнем:

«Гэтыя людзі, калі злучацца з гарадзкімі выбаршчыкамі, то перасіляць памешчыкаў, калі-ж ня злучацца — то сапсуюць справу, як гэта было летась. У Вільні мужыкі выбралі пад камандай паноў і біскупа Ропа панскіх і біскупскіх прыслужнікаў. А ў Менску расейскія чарнасотнікі так добра парадзілі мужыком, што тыя ня злучыліся ні з гарадзкімі выбаршчыкамі, ні навет з памешчыкамі і дзеля таго ня мелі ніякай сілы на выбарах» 1.

Перадавіца наступнага нумару прыгадвала йзноў здраду народных інтарэсаў у часе выбараў у Першую Дзяржаўную Думу:

«У прошлым гаду ў Вільні, калі сабраліся выбаршчыкі ад мужыкоў, то знайшлося між імі колькі прыслужнікаў памешчыкаў ды біскупа Ропа. Яны як Юдашы, здрадзілі мужыкоў і працавалі для ворагаі мужыцкіх. А за гэта памешчыкі абяцалі выбраць іх дэпутатамі ў Думу — і выбралі» 2.

Праз тыдзень — яшчэ раз:

«У прошлым гаду нашы дэпутаты як паехалі ў Пецярбург, так мы аб іх і ня чулі, а як Думу разагналі, то ўсе яны пахаваліся недзе, дый не далі ніякага атчоту тым, хто іх выбіраў. Толькі дэпутат ад мужыкоў з Гродзенскай губ. Брэсцкага пав. Кандрашчук, вярнуўшыся з Думы, аб'яжджаў воласьці свайго ўезду й расказваў сваім ізьбірацелям аб тым, што рабіла Дума, што рабілі дэпутаты й за што іх разагналі. Аб другіх дэпутатах ніхто ня чуў і ня бачыў іх»3.

Асаблівым аб'ектам атакаў у «Нашай Шве» быў біскуп барон Роп, як правадыр усяе рэакцыйнае клікі. Паведамляючы пра ход выбараў на нізавых сялянскіх пластох (выбары былі шматступенныя), газэта пісала:

«У Віленскім пав. выбралі такіх людзей, што не прададуцца памешчыкам і ня зрадзяць сваіх братоў-мужыкоў. Біскупа барона Ропа пастанавілі не выбіраць: «Біскуп,— сказалі,— быў і ў періпай Думе, а за мужыкоў усё роўна не закінуў слова. Ён цягне за памешчыкаў, бо й сам памешчык. У справах духоўных яму можна верыць, але ў палітыцы — не, бо што добра для мужыка, то ня надта добра для памешчыка» 4.

Як бачым, на балонках «Нашае Швы» галоўная лінія падзелу й асноўная лінія фронту змаганьня праходзіла паміж «мужыкамі» і «памешчыкамі». Згодна з гэтым дзейнасьць дэпутатаў у Думе вымяралася й ацэньвалася аднэй-адзінай меркай: іхным стаўленьнем да зямельнага пытаньня. Іншай дыфэрэнцыяцыі палітычных інстынктаў і пачуцьцяў тады ня было. Дамаганьні ў Думе аўтаноміі для Паўночна-Заходняга краю ня выклікалі ніякае прыхільнасьці на балонах газэты. Наадварот, «Наша Шва» расшыфроўвала гэтыя дамаганьні як змову, паказваючы на небясьпеку, што хавалася за ёю:

«Памешчыкі хочуць дабіцца таго, каб заместа цяперашніх расейскіх чыноўнікаў, назначаных ад правіцельства, панавалі й гаспадарылі ў нашым краю яны, памешчыкі. Жаданьні народу — другія. Народ хоча зямлі, хоча свабоды для ўсіх»1.

Вартая ўвагі, між іншага, блізіня гледзішча паміж кагадзе працытаваным выказваньнем «Нашае Нівы» й выказваньнем да таго самага пытаньня сучаснага савецкага дасьледніка: «Шырмай аўтанамізму прыкрывалі сваё варожае стаўленьне да прымусовага адчужаньня (зямлі.— Я. 3.) памешчыкі Царства Польскага, Паўночна-Заходняга (падч. наша.— Я. 3.) й Паўдзённа-Заходняга Краю»2.

Калі сацыялістычнасьць «Нашае Нівы» перашкаджала газеце падтрымваць ідэю аўтаноміі Беларусі ў выказваньнях кансэрватыўных дэпутатаў Першае Думы, дык гэная сацыялістычнасьць не перашкаджала ўсё-ж «Нашай Ніве» самой стаяць за аўтаномію Беларусь Як актыўна «Наша Ніва» пашырала гэтую ідэю, як грунтоўна распрацоўвала палітычную праграму, што з гэтай ідэі вынікала,— застаецца справай далейшых досьледаў. Ясна тым часам толькі адно, што ідэя аўтаноміі Беларусі была нашаніўцам блізкая.

Пра гэта, між іншага, хоць і задняй датай, даведваемся ад аднаго з заснавальнікаў і ідэйных кіраўнікоў нашаніўства Антона Навіны (Луцкевіча).

У 1910 годзе ў С.-Пецярбургу выйшла кніга «Формы нацыянальнага руху ў сучасных дзяржавах». У кнізе зьмешчаны артыкул пра беларусаў Антона Навіны.

Аўтар артыкулу выяўляе добрае азнаёмленьне з гісторыяй ідэі аўтаноміі Беларусі, ставіцца да гэтае ідэі прыхільна ды паказвае сьведамасьць таго, што думка пра аўтаномію Беларусі была пашыраная ў розных колах і клясах беларускага жыхарства. Навіна піша:

У 1904—1905 гадох, разам зь іншымі пытаньнямі, высунутымі на парадак дня, уздымаецца пытаньне пра самакіраўніцтва для беларускага краю. Гэтае пытаньне горача абмяркоўваецца на зьездах інтэлігентаў у Вільні, на якіх сустракаем прадстаўнікоў усіх нацыянальнасьцяў, што засяляюць Паўночна-Заходні Край. Уздымалася яно і ў саюзе аўтанамістаў-фэдэралістаў, у якім бралі ўдзел і прадстаўнікі ад беларусаў 1.

«Дамаганьне аўтаноміі для Беларусі,— кажа там-жа Антон Навіна,— знаходзім мы і ў праграме Беларускае Сацыялістычнае Грамады, прынятай другім зьездам на самым пачатку 1906 году». Прыгадайма тут яшчэ раз, што «Наша Ніва» была неафіцыйным органам БСГ2.

У выказваньнях Антона Навіны знаходзім адно цьверджаньне, што асабліва завайстрае пытаньне палітычных гушчароў, празь якія прабівалася на сьвет думка пра аўтаномію Беларусі. Ант. Навіна кажа нам, што:

«Зь ініцыятывы паўсталага ў дадумаўскі пэрыяд «Беларускага Сялянскага Саюзу» ў Першую Дзяржаўную Думу пасылаюцца сялянскія пастановы й наказы, у якія, між іншага, улучаюцца дамаганьні аўтаноміі Беларусі з соймам у Вільні й нацыянальнай школай» 3,

Мы бачым, што ідэя аўтаноміі Беларусі выплывала і справа і зьлева. У 1906 годзе, аднак, гэтыя дзьве плыні былі разьдзеленыя сацыяльна-эканамічнымі, псыхалягічнымі й культурна-моўнымі (а то й рэлігійнымі) бар'ерамі. З аднаго боку быў абшарнік Раман Скірмунт, дэпутат Першае Думы, з другога — сацыяліст-нашанівец Антон Луцкевіч. Варожа настаўленыя адзін да аднаго ідэялягічна й палітычна ў 1906 годзе, яны тым ня менш апынуліся па адным баку лініі, у рэчышчы Беларускае Народнае Рэспублікі, у годзе 1918-м. Як адбыўся працэс гэтага зьмірэньня? Як гэныя два струмяні — правы кансэрватыўны й левы сацыялістычна-рэвалюцыйны — зьліліся ў адну дзяржаўніцкую плынь? Пытаньне гэтае вымагае грунтоўнага досьледу. Як ведама, палітычная публіцыстыка «Нашае Швы» бадай зусім нявывучаная, як не распрацаваныя наагул шмат якія дзялянкі нашае палітычнае гісторыі.

Хацелася-б выказаць тут некаторыя меркаваньні што да мэтадалёгіі вывучэньня гэтага пытаньня.

Ці князь Друцкі-Любецкі, і ксёндз Сангайла, і селянін Гатавецкі, і барон Роп і іншыя, што, у адрознасьць ад Скірмунта, ня былі беспасярэдня зьвязаныя з пасьлейшай дзяржаўніцкай фазай беларускага руху, ці яны належаць да беларускае гісторыі, ці не? Ці яны — частка беларускага гістарычнага працэсу, а праз гэта й аб'ект зацікаўленьня, вывучэньня, ці іх мэханічна трэба выкасоўваць зь летапісу Беларусі, як гэта робіць савецкая гістарыяграфія? Ці гэныя аўтанамісты, дэпутаты Першае Дзяржаўнае Думы, зрабілі свой уклад у разьвіцьцё беларускага нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, ці былі толькі чужанацыянальнымі антынароднымі прыгнятальнікамі мужыка? I ці не зашмат, урэшце, канцэнтраваліся мы дасюль, вывучаючы сваю мінуўшчыну, на беларускамоўных творах і выданьнях? Ці ня стрыжэм мы сваю гісторыю пад грабень сялянскіх ідэалаў і сацыялістычных вартасьцяў? Ці ня помсьціцца гэта фатальна на разуменьні свае мінуўшчыны й сябе самых?

Мы часта адчуваем, як цяжка дыхаць на поўныя грудзі праз вузкую трубку культуралістычнае канцэпцыі нашага гістарычнага працэсу. Зазначма пры гэтым, што на культуралізм (толькі ў марксыцка-ленінскім варыяньце) хварэе ўвесь час і беларуская савецкая гістарыяграфія.

Гляньма, да чаго гэта вядзе.

На Беларусі, прыкладам, паміж 1901 а 1916 гадамі выходзіла, у розных часох, дзесьці пад 150 розных пэрыядычных выданьняў. Праўда, блізу ўсе яны былі ў расейскай мове. Але-ж тым ня менш гэта — арганічная частка гісторыі Беларусі свайго часу. Чаму дасюль ніхто не пацікавіўся гэтымі крыніцамі? Чаму ніхто ня выведаў, што за гістарычныя плыні білі ў іх? Чаму ніхто не заглянуў у «Белорусский Вестник» (1904-^5), «Брестский Листок» (1907—10), «Голос Белоруссии» (1906), «Минская Старина», «Минское Слово» (1906— 12), «Отклики Белоруссии» (1906), «Северо-Западная Жизнь» (1913—15), «Бобруйская Жизнь» (1913—14), «Витебский Голос» (1905—7), «Придвинский Край» (1912), «Гомельская Мысль» (1910—14), «Полесский Курьер» (1914—15), «Гродненская Копейв:а» (1912), «Лепельский Вестник» (1911 —12), «Лидское Слово» (1912—13), «Мозырянин» (1914—15), «Полочанин» (1909), ды іншыя, ды іншыя, ды іншыя?1

Mo ня ўсе яны поўнасьцяй захаваліся. Але ці рабіліся наагул спробы адкопваць іх, заглядаць у іх? I калі не, дык ці не перашкаджаў гэтаму культуралізм у падыходзе да нашае гісторыі, аўтаматычнае адкіданьне ўсяго, што ня зьвязана зь беларускай мовай, культурай?

Цяпер пастаўма сабе пытаньне: у 1906 годзе — якой шырыні была плынь нацыянальнага жыцьця Беларусі — Беларусі такой, якой яна была тады, не абавязкава беларускамоўнай, не абавязкава нацыяналістычнай? Якія нурты ў гэтай плыні абумаўлялі ход падзеяў, фармавалі будучыню?

Гэта пытаньне мэтадалёгіі. Якім-жа прынцыпам кіравацца тут?

Вось-жа так, як у геамэтрычнай прасторы паміж двума пунктамі можна правесьці лінію, гэтак у прасторы гістарычнай, часавай, паміж двума мамэнтамі (скажам, паміж 1906 і 1918 гадамі) можна правесьці лінію галоўнага разьвіцьця. На Беларусі разьвіцьцё гэтае йшло ад запярэчаньня існаваньня беларускае нацыі да абвешчаньня беларускае сувэрэннае дзяржавы. А таму — абавязак сучаснага гісторыка прасачыць лінію гэтага разьвіцьця: вытлумачыць тое, што было спачатку, з гледзішча таго, што сталася пасьля, з гледзішча таго, што ёсьць сяньня. Абавязак гісторыка, інакш кажучы, дасьледваць усе гістарычныя фактары, што ўзьдзейвалі на фармаваньне асноўнага факту нашае найнавейшае палітычнае гісторыі — беларускае дзяржаўнасьці — не зважаючы на тое, ці гэныя фактары былі расейскамоўныя, польскамоўныя ці беларускамоўныя.

Шукаць гэных фактараў трэба, бясспрэчна, пры дапамозе крытэрыяў не літаратурнамоўных, культуралістычных, а шырэйшых крытэрыяў — палітычна -дзяржаўніцкіх.

Паўстае тут, пэўна-ж, пытаньне: а што рабіць з тым, што нацыянальна -дэмакратычная дзяржава, Беларуская Народная Рэспубліка, была падмененая сацыялістычна-таталітарнай дзяржавай, Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай? Адказ на гэта такі, што адно другога не засталучае, не касуе. Гістарычныя падзеі, калі на іх глядзець праз вакно адчыненага розуму, а не праз прадушыны марксыцкіх догмаў ды ленінскіх цытатаў, разьвіваюцца як вынік сутыку розных сілаў і інтарэсаў, часам антаганістычных, часам хаўрусных, часам напоў- або начверцьхаўрусных. Лінія гістарычнага разьвіцьця абумаўляецца, так сказаўшы, і тым, што справа, і тым, што зьлева. Гэтак, прыкладам, БНР і БССР зьвязаныя неразрыўнай прычынавай сувязяй. Як паказвае ўжо храналёгія, БНР была акцыяй, БССР — рэакцыяй. А гэта не мяняе таго, што беларускі гістарычны працэс пачатку дваццатага стагодзьдзя трэба прасочваць з гледзішча ідэі беларускае сувэрэннае дзяржавы й ня звужаць яго да аспэкту — хоць і вельмі важнага — адраджэньня беларускае культуры. Адно гэтак мы вызвалімся з палону культуралізму ў разуменьні нашае мінуўшчыны ды рэгабілітуем свой гістарычны працэс. На мінуўшчыну трэба глядзець шырэй і сьмялей, бо толькі такім шляхом узбагачваецца будучыня...

Цэнтральнае пытаньне найнавейшае палітычнае гісторыі Беларусі такім парадкам: адкуль паходзіць беларуская незалежніцкая ідэя? Хто першы быў заражаны ейнымі мікробамі? Якое асяродзьдзе спрыяла іхнаму перахоўваньню й дасьпяваньню? Хто займаўся іхным пашыраньнем?

I як толькі мы дакранаемся да гістарычнага матар'ялу, дык адразу-ж упіраемся ў пытаньне ролі беларускага шляхоцтва; ролі кансэрватыўнага элемэнту; ролі людзей, часамі небеларускае культуры, якія, аднак, стаялі за аўтаномію Беларусі, што сталася, як паказалі далейшыя падзеі, першай фазай руху да незалежнасьці.

Беларускасьць як ідэя, трэба памятаць, у шмат якіх выпадках ішла паперадзе тэрміналёгіі: часта тое, што ня было беларускім паводле свайго тэрміну, было ім у сваёй аб'ектыўнай існасьці. Тэрміналягічная дрыгва нашае гісторыі ўсё йшчэ чакае на сваіх мэліяратараў.

Савецкая гістарыяграфія, зазначма, ставіць таксама тое-ж кардынальнае пытаньне: адкуль незалежнасьць Беларусі (незалежнасьць у савецкім разуменьні)? Дзе бяруць пачатак вытокі беларускае дзяржаўнасьці? Толькі адказ на гэта даецца па-дагматычнаму спрошчана й па-агітатарску заежджана: дзяржаўнасьць беларускаму народу дала Кастрычніцкая рэвалюцыя!.. Ад яе пачынаецца будаваньне беларускае сацыялістычнае нацыі.

Беларуская сацыялістычная нацыя ня была, аднак, дэкрэтаваная й ня была абвешчаная тэлеграмай з Крамля. Фармаваньне нацыі, якое-б там ні было — буржуазнае ці сацыялістычнае,— працэс складаны й павольны. Дзеля гэтага зьяўленьне й беларускае сацыялістычнае нацыі мусіла быць абумоўленае цэлым сьцягам падзеяў папярэдніх дзесяцігодзьдзяў. На жаль, досьледам гэтага пытаньня ў Савецкай Беларусі дасюль ніхто як сьлед ня мог заняцца: усе адыходныя шляхі перарэзаныя загарадзяй — «партыйнасьць (плюс русыфікацыйнасьць) гістарычнае навукі!». Гэтак вось і выходзіць: беларуская савецкая гістарычная навука неўзабаве будзе адзначаць свае 50-годзьдзе, а беларускі народ — блізу паўвеку сацыялістычнае дзяржаўнасьці, а дасюль гісторыя нацыянальнае сьведамасыц ляжыць няўзьнятым аблогам. Савецкую гістарычную навуку аніяк не бянтэжыць тое, што ў трактаваньні гісторыі беларускае дзяржаўнасьці яна даходзіць да кур'ёзаў, на адзін зь якіх варта глянуць.

У 1958 годзе ў выдавецтве Акадэміі навук БССР выйшла калектыўная праца «Фарміраваньне і разьвіцьцё беларускай сацыялістычнай нацыі»1 . Першы разьдзел гэтае кнігі кідае чытача адразу-ж з галавой у вір 1917 году. Разьдзел гэтак і загалоўлены: «Кастрычніцкая рэвалюцыя і ўзьнікненьне асноваў беларускай сацыялістычнай нацыі». Тым часам нельга ўцячы ад пытаньня: а як-жа выглядала справа зь беларускай нацыяй да рэвалюцыі? I тут-жа кідаецца ў вочы мэтадалягічная непасьлядоўнасьць савецкіх дасьледнікаў. Калі, прыкладам, яны пішуць гісторыю сацыялістычнага рэалізму ў беларускай літаратуры, дык разьбіраюць па костачках і Багрыма, і Дуніна-Марцінкевіча, і Багушэвіча, і ці мала іншых літаратараў XIX й пачатку XX стагодзьдзяў. Трэба, бачыце, паказаць на глыбокія гістарычныя карані «перадавога мэтаду сацыялістычнага рэалізму» ў беларускай літаратуры. Тож-ба! Тым самым тропам трэба было-б ісьці ў дарэвалюцыйныя дзесяцігодзьдзі, углыбкі, дасьледуючы пытаньне паходжаньня й беларускае сацыялістычнае нацыі. Але гэтага ня робіцца, каб ня будзіць прыспанае мінуўшчыны.

Савецкай гістарычнай навуцы, як бачым, не стае сьмеласьці заставацца пасьлядоўнай у рамках ёю-ж прынятага мэтадалягічнага прынцыпу: ісьці глыбей за Кастрычніка.

Ад гэтае непасьлядоўнасьці партыйнае навукі, зразумела, не мяняецца асноўны факт: як паказваюць ужо матар'ялы Першае Дзяржаўнае Думы, радаводу беларускае незалежніцкае ідэі й беларускае дзяржаўнасьці (а савецкім гісторыкам — і тае сацыялістычнае нацыі) трэба шукаць у дзесяцігодзьдзях, што йдуць далёка глыбей за Кастрычніцкую рэвалюцыю. Кастрычнік беларускае дзяржаўнасьці не спарадзіў і ёй ня спрыяў, ён перахапіў адно ідэю яе ды, пагвалціўшы, налажыў на яе сацыялістычныя клямры.

«Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва».

№ 4, 1966


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by