МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Міцкевіч і беларуская плынь польскай літаратуры // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Аўтар: Сымон Брага, Тумаш В.
Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа, Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Беларусь, Польшча
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

СЫМОН БРАГА

МІЦКЕВІЧ I БЕЛАРУСКАЯ ПЛЫНЬ ПОЛЬСКАЕ ЛІТАРАТУРЫ

Польскае грамадзтва адзначае сёлета стагодзьдзе ад дня сьмерці Адама Міцкевіча (24.12.1798— 26.11.1855), найвыдатнейшага паэта польскае літаратуры. Міцкевіч — ураджэнец Беларусі, наваградчанін. Ён і ўся ягоная творчасьць як найцясьней зьвязаныя зь беларускаю зямлёй, з бытам, культурай і гістарычнымі традыцыямі Беларусі.

Ён адначасна належыць да тэй немалой чарады пісьменьнікаў польскай літаратуры, якія апошнімі стагодзьдзямі выйшлі зь беларускага асяродзьдзя й на творчасьці якіх застаўся яскравы адбітак гэтага беларускага паходжаньня.

Пры нагодзе Міцкевічавага юбілею з трох гледзішчаў важна азірнуцца на яго й ягоную творчасьць і беларускай грамадзкасьці. Першае — Міцкевіч вялічынёю свайго таленту пісьменьнік бясспрэчна ня толькі лякальнага польскага значаньня, але й прызнаны пісьменьнік сусьветнай літаратуры, хоць у ёй ён і не належыць да ліку найбольшых. Другое — хоць у выніку гістарычных абставінаў Міцкевіч увесь свой геній аддаў польскай літаратуры, ён, аднак-жа, ураджэнец Беларусі, і элемэнтамі беларускімі насычаная скрозь ягоная паэтычная творчасьць. Трэйцяе — і з палітычнага гледзішча важна мець ясны й прадуманы пагляд на Міцкевіча дзеля таго, што ўжо раз польскія легіёны йшлі на ўсход па «Міцкевічаву зямлю». Дый цяпер у польскім друку ня раз памінаецца на факт, што Міцкевічава бацькавіна «засталася» на ўсходзе, за «Ялтанскай мяжой» Польшчы.

У нарысе гэтым будзе коратка адзначанае пытаньне беларускім краем. Адначасна будзе падчыркнуты факт дый характару духовых сувязяў паэта з родным яму беларускім краем. Адначасова будзе падчыркнуты факт існаваньня ў польскай літаратуры XVIII—XX стагодзьдзяў няспыннай яскравай плыні—г. зв. беларускае школы польскае літаратуры. Прытым коратка будзе разгледжаная справа вялічыні гэтай плыні, значаньня яе ў гісторыі польскае літаратуры й будучых гістарычных пэрспэктываў яе.

Ведамая рэч, што беларускія землі сталіся буйною калыскаю польскага рамантызму. Тутка, у Вільні, у 1822 г. паказаўся першы томік паэзіі Адама Міцкевіча — «Баляды й рамансы» — кніжкі, якая адкрыла новую эпоху польскай літаратуры. Тутка разам зь Міцкевічам дзеіў гурт студэнтаў Віленскага ўнівэрсытэту — тых першых рамантыкаў, якія пакінулі свой большы ці меншы сьлед у польскай літаратуры. Галоўнымі зь іх былі: Тамаш Зан зь Меншчыны, Ян Чачот з Наваградчыны, Антон Адварды Адзінец з Ашмяншчыны, Аляксандра Ходзька зь Віленшчыны.

У творах усіх гэтых польскіх рамантыкаў зь Беларусі выявіліся моцна мясцовыя беларускія элемэнты, асабліва — элемэнты беларускай народнай творчасьці. Згодна з духам новай пары, рамантыкі ўжо не пагарджалі вуснаю народнаю творчасьцяй, не ганьбавалі народнымі песьнямі, казкамі, легендамі, абрадамі, як гэта даводзілася сьцьвердзіць у прадстаўнікоў папярэдняга польскага псэўдаклясыцызму. Яны, наадварот, цікавіліся вельмі гэтай творчасьцяй, шукалі ў ёй сьлядоў даўно перажытага, рэха далёкіх, адойшлых у забыцьцё падзеяў і цэлых эпохаў; яны падзіўлялі ў ёй праявы народнай мудрасьці й спрадвечны народны сьветагляд.

Мы ведаем, што філяматы, філярэты дый сябры іншых тагачасных віленскіх студэнцкіх арганізацыяў зьбіралі й запісвалі памяткі беларускай вуснай народнай творчасьці. Асабліва адзначыўся ў гэтай галіне ведамы як паэт і ў гісторыі беларускай літаратуры Ян Чачот (1797—1847), вельмі руплівы зьбіральнік беларускіх народных песьняў, казак, прыказак, рэдкіх словаў і выразаў. Ён стаўся навет і насьледвальнікам народнае творчасьці дый напісаў па-беларуску колькі дзесяткоў песьняў дыдактычнага характару. З Чачотавымі фальклёрнымі запісамі былі знаёмыя віленскія рамантыкі. З гэтых-жа запісаў для свае кампазытарскае творчасьці пазьней сіліў народныя беларускія мэлёдыі найвыдатнейшы польскі кампазытар беларускага паходжаньня — Станіслаў Манюшка зь Меншчыны.

Няма дзіва, што пры такой атмасфэры вялікай увагі й пашаны да беларускай народнай творчасьці з пачутых і назьбіраных яе багацьцяў шырока карысталі ў сваёй творчасьці й віленскія польскія рамантыкі. Найперш-жа любіў дый мастацка яе выкарыстоўваў і найбольшы зь іх — Міцкевіч.

Ужо ў сваім маленстве Міцкевіч ці мала наслухаўся беларускіх песьняў, казак, легендаў ад сялянскага навакольля роднага паэту наваградзкага Завосься. Песьняў шмат ведала й любіла іх пяяць і адна, і разам з папрадухамі ўроджаная пяюня служанка Міцкевічаў Гансеўская. Народныя легенды апавядаў і казкі цікава баяў таленавіты казачнік — стары слуга Блажэй. Як гэтыя, пачутыя ў маленстве, песьні й казкі Міцкевіч цаніў, відаць зь ягоных пазьнейшых словаў пра тое, што: «З усіх славянскіх народаў беларусы, гэта значыць сяляне Пінскай, часткава Менскай і Горадзенскай губэрняў, захавалі найбольш агульнаславянскіх рысаў... У іхных казках і песьнях ёсьць усё... Іхная мова адна з найбольш мілагучных...»

Біяграфы кажуць, што беларускія песьні любіла пяяць пазьней Міцкевічу-студэнту ў недалёкіх ад Завосься Туганавічах і Марыля Верашчака, ягонае першае й нешчасьлівае каханьне. Пачуцьці й свой сум выказвала яна маладому песьняру ведамай і ў шмат варыянтах пашыранай па ўсёй Беларусі народнай песьняй:

Ды цераз мой двор,

ды цераз мой двор

ляцела цяцера.

Ой, ня даў мне Бог,

ня судзіў мне Бог,

каго я хацела.

Вось гэтыя багацьці народнай творчасьці, якія Міцкевіч ад дзён свайго маленства ўспрыймаў і беспасярэдна ад беларускага навакольля, і пазьней праз Чачотавыя дый іншых запісы, ён і скарыстаў творча ў сваёй паэзіі. Ужо ў самым першым Міцкевічавым зборніку, у «Балядах і рамансах», апяянае хараство прыроды й легендарны чар роднае паэту Наваградчыны. У вершах-балядах Міцкевіча («Гэта люблю», «Тукай», «Курганок Марылі», «Рамантычнасьць», «Паніч і дзяўчына», «Лялеі», «Упыр», «Дудар», «Рыбка», «Сьвіцязь», «Сьвіцязянка» і іншых) сюжэтна выкарыстана шмат народных мясцовых пераказаў, легендаў пра азёры, рэкі, пушчы, курганы, валуны. У балядах поўна беларускай народнай фантастыкі й вераньняў пра тапленіц, русалак-сьвіцязянак, нячысьцікаў, духаў, зачараваных у птушкі душ, ускрослых нябожчыкаў. Спрадвечны беларускі народны сьветагляд і вера ў сувязі зямнога жыцьця з замагільным сьветам прабіваецца з усёй сілай у гэтай пачаткавай Міцкевічавай творчасьці.

Дзеі Міцкевічавай драматычнай паэмы «Дзяды» таксама разгортваюцца на таямніча -настраёвым фоне спрадвечнага беларускага народнага сьвята-ўрачыстасьці на чэсьць памерлых прашчураў-Дзядоў. Біяграфы Міцкевіча цьвердзяць, што праўзорам сьвятара, які выступав ў IV частцы «Дзядоў», быў вуніяцкі сьвятар з наваградзкага Цырына, прыяцель Міцкевіча — айцец Іван Гарбацэвіч.

Як выясьнілі досьледы Л. Падгорскага-Аколава, месцам, у якім паэт разьвівае дзею II часткі сваіх «Дзядоў», мусіла быць каплічка цырынскага могільніка. За праўзор-жа Гусьляра, што кіруе ходам абрадаў, ці ня паслужыў яму стары а. Цімахвей Гарбацэвіч, бацька Івана. У гэтай частцы асабліва шырака й па-мастацку выкарыстаныя абрадавыя элемэнты беларускіх Дзядоў з арыгінальнымі сьпевамі, заклінаньнямі. Побач гэтага ў панурым вобразе, калі абернутыя ў птушкі душы прыгонных сялянаў клююць свайго пана-крыўдзіцеля, маем ня што іншае, як вобразную паэтычную перадачу народнага, запісанага няраз і этнографам!, перакананьня пра нямінучую кару за прыгонныя зьдзекі й нялюдзкія крыўды народу.

Канкрэтны сюжэт для гэтай панурай драматычнай візіі даў Міцкевічу жыцьцёвы навочны прыклад з таго-ж Цырына. Усяго колькі гадоў перад напісаньнем II часткі «Дзядоў» памёр собсьнік Цырына, пан з Варончы й наваградзкі ваявода, Язэп Несялоўскі. Ён, як апісваюць ягоныя сучасьнікі, быў асабліва нялюдзкім і жорсткім да сваіх сялян-прыгоньнікаў 1. Што гэта акурат Несялоўскага меў на думцы Міцкевіч, калі пісаў II частку «Дзядоў», сьведчаць нам гэтыя словы Пана-Здані ў паэме:

Я нябошчык пан ваш, дзеці,

То-ж мая была тут вёска,

Сяньня ледзь ідзе год трэці,

Як мяне ў труну вы клалі.

У сваёй прадмове да «Дзядоў» Міцкевіч сам апісвае характар беларускіх Дзядоў і кажа, што ён няраз быў навочным сьведкам гэткіх народных абыходаў: «Дзяды — гэта назоў урачыстасьці... у памяць дзядоў ці наагул памерлых прашчураў... У цяперашніх часох... народ сьвяткуе Дзяды ўпотайкі, у капліцах або пустых дамох недалёк магільніка. Застаўляецца тамака звычайна бясёдны стол з розных страваў, пітва, пладоў, і выклікаюцца душы нябошчыкаў... Нашыя Дзяды маюць тую асаблівасьць, што паганскія абрады памяшаныя ў іх з паглядамі хрысьціянскай рэлігіі... Народ верыць, што стравамі, пітвом і сьпевамі прыносіць палёгку чысцовым душам... Гэткая пабожная мэта сьвята, адлюднае месца, ночны час, фантастычныя абрады дзеялі некалі моцна на мае ўвабражэньне; я слухаў казак, апавяданьняў і песьняў пра нябожчыкаў, што вяртаюцца з просьбамі ці перасьцярогамі, а ўва ўсіх нязвычайных выдумах можна было зацеміць пэўную маральную тэндэнцыю й пэўныя, вобразна прадстаўленыя павучэньні. Гэтая паэма дасьць абразы падобнага духу, абрадавыя-ж сьпевы, чары й інкантацыі ў бальшыні дакладна, а часам даслоўна ўзятыя з народнай паэзіі».

Дык Міцкевіч абаснаваў сваю шырака задуманую (хоць, на жаль, і ня цалкам закончаную) паэму на абрадавым фоне Дзядоў пад уплывам тых беспасярэдніх моцных уражаньняў, якія зрабіў на яго ў гады ягонага маленства гэты старавечны беларускі народны абрад-урачыстасьць.

Увадваротнасьць «Дзядом» эпапэя «Пан Тадэвуш» — найбольшы й найважнейшы Міцкевічаў твор,— дае нам не абрады, а паэзію, густа ператканую мастацкімі апісаньнямі беларускіх краявідаў роднай і дарагой паэтаваму сэрцу наднямонскай наваградзкай зямлі. Аснова-ж паэмы — манумэнтальны эпічны абраз быту шляхты Наваградчыны на пачатку XIX стагодзьдзя. У паэме — нязвычайнае багацьце беларускіх бытавых і краявідных элемэнтаў. Там геніяльна амаляваныя поры дня й году ў Бел ар у сі, краса неба ў буру і ў пагоду, дрэвы й пушчы, зьбіраньне грыбоў, паляваньне на медзьвядзя, пагоня гончых за зайцам, ігра на паляўнічым рагу, ігра на цымбалах. Мастацкім творам сусьветнага літаратурнага значаньня ўславіў Міцкевіч красу краю свайго маленства й юнацтва, сваю «Літву», свой родны беларускі край.

Усе гэтыя — і фальклёрныя, і бытавыя, і краявідныя — беларускія элемэнты ў творчасьці песьняра дзеля розных прычынаў мала дагэтуль выяўляліся ў крытычных і біяграфічных працах пра Міцкевіча, хоць паасобныя зацемкі пра гэтае пытаньне зьяўляліся ўжо даўно. Яшчэ ў пару польскага рамантызму замілаваньне Міцкевіча да беларускай народнай творчасьці й выкарыстаньне яе ў сваёй паэзіі адзначыў добра Антон Язэп Глінскі (1818—1866), спалячэлы шляхціч з Наваградчыны, які назьбіраў шмат беларускіх народных казак, пачутых пераважна ў Шчорсах і Нягневічах Наваградзкага павету. Гэтыя беларускія казкі Глінскі выдаў у пераказе ў польскую мову, як польскія. У сваёй прадмове да гэтых «польскіх» казак Глінскі пісаў пра дачыненьні Міцкевіча да беларускай народнай творчасьці гэтак:

«Вуснае народнае пісьменства нашае зямлі, што складаецца зь песьняў, казак, апавяданьняў, гутарак, легендаў, прыказак і загадак, прыгожае й багатае, перад сотнямі, перад тысячамі навет гадоў паўсталае, з пакаленьня ў пакаленьне пераходзячы праз усю гэтую плынь часу, нашых прадзедаў, нашых прабабак і нас самых пры калысцы й пры ўлоньні нянек забаўляючы... дайшло да нашых часоў у сваёй поўнай сьвяжыні й моцы, згубіўшы мала з свае першабытнае калярытнасьці...»

«Толькі ў нашых, нарэшце, часох мы пабачылі вялікага аматара-ахвотніка народных памятак, натхнёнага пяюна, што першы зазірнуў у скарбніцу легендаў і песьняў народу, пакахаў іх, як прыгожыя краскі радзімай зямлі, перасадзіў на поле польскай літаратуры... I вось на гэтай ураджайнай ніве зьявіліся працаўнікі... Брадзінскі, Залескі, Адзінец, Мальчэўскі, Кандратовіч, Ленартовіч і іншыя. Гэткі ўплыў на нашую літаратуру мелі песьні й легенды народу...» 1

Дык сам факт шырокага перайманьня беларускіх фальклёрных элемэнтаў у Міцкевічаву польскую паэтычную творчасьць, тое, што Глінскі вобразна назваў «перасаджваньнем красак радзімай зямлі», быў ведамы добра яшчэ Міцкевічавым сучасьнікам. Пазьнейшымі дасьледнікамі паступова было выяўлена й шмат паасобных канкрэтных прыкладаў гэтага скарыстаньня ў творчасыц песьняра беларускага фальклёру. Зьявілася да гэтага пытаньня й колькі працаў беларускіх 2. Дый дагэтуль не стае ўсё поўнага, манаграфічнага распрацаваньня гэтае цікавае тэмы.

Дый ня толькі сюжэтныя асновы твораў у Міцкевіча часта беларускія, ня толькі фальклёрныя, бытавыя дый прыродаапісальныя элемэнты чэрпаныя ў яго зь беларускага навакольля. Шмат беларускага і ў Міцкевічавай кольскай мове. Ужо само Міцкевічава прозьвішча чыста беларускае, бо паходзіць ад народнага імя Міцька, падобна як Хадкевіч ад Ходзька, Радкевіч ад Родзька і г. д. Міцкевіч часта намагаўся захаваць і беларускую вымову свайго беларускага прозьвішча, калі пісаў яго няраз не празь цьвярдое ц, як гэтага вымагае польская вымова й правапіс, а насупроць гэтага правапісу, празь мяккое ць, як сустракаем гэта часта ў беларускай народнай вымове, г. зн. Mickiewicz, а не як пішуць палякі ягонае прозьвішча цяпер — Mickiewicz. Беларуская мова, слоўнікавыя, марфалягічныя й сынтаксычныя элемэнты якой тарнаваліся Міцкевічам у польскай мове ягонай паэзіі сьведама й падсьведама, была добра Міцкевічу ведамая. Ведаў ён добра, зразумела, беларускую народную мову, знаў ды высака цаніў і старабеларускую літаратурную кніжную мову. Вось зь якою пашанаю й прызнаньнем Міцкевіч казаў пра беларускую мову канца XVII ст. у аднэй з сваіх лекцыяў пра славянскія літаратуры, чытанай 21 студзеня 1842 г. на Францускім Коледжы ў Парыжы:

«Славянская мова ў межах дзяржавы Петры В. мела тры гутаркі: маскоўска -расейскую або паўночную, маларускую або паўдзённую, беларускую, заходнюю. Кажнаю з гэтых гутарак гаварыла блізу 10 міліёнаў жыхарства. Паўдзённая, найбольш зычная й музыкальная, ня была аднак-жа нагэтулькі разьвітая, каб магла служыць пісьменству; заходняя, найбагацейшая, найчысьцейшая, што была некалі моваю двара й канцылярыі вялікіх князёў Літвы, выяўляла першараднае ўдасканальненьне; паўночная, адкінуўшы ад яе папсаваную мову колькі фінска-маскоўскіх правінцыяў, мела таксама вялікае багацьце першабытных элемэнтаў, ды ёй не ставала ўзвышанай прасьціні гаворкі літоўска-рускай дый тэй мілагучнасьці, якая свомая мове паўдзённай» 1.

Натуральня рэч, што асабліва шмат беларускіх моўных элемэнтаў сустрэнем у пачаткавай Міцкевічавай творчасьці з пары ягоных «балядаў і рамансаў», калі Міцкевіч быў пад беспасярэднім узьдзеяньнем беларускага народнага навакольля й вуснай народнай творчасьці. Але знойдзем іх і ўва ўсіх пазьнейшых ягоных творах, улучна з эміграцыйнымі. Для прыкладу адцемім некаторыя беларускія словы з «Пана Тадэвуша», ягонага апошняга твору, напісанага на эміграцыі ў Парыжы й выдадзенага ў 1834 г. Тамака між шмат іншых натрапім і на гэткія чыста беларускія выразы: poruczyc, chotodziec, derkacz, czereda, uszak, rozhowory, krobeczka, brusnice, pokucie, kulak, ranniejszy, plik, skowroda, szurpaty, kaban, holota, bizun, nize, lulka, sklut, kotuch, umurzany.

У «Пану Тадэвушу» i ўва ўсёй іншай Міцкевічавай літаратурнай спадчыне натыкаемся раз за разам і на гэткія тыповыя для яго беларусызмы, як купля заместа польскага «закуп», надто ў значаньні «бардзо», наказаць у значаньні вусна паведаміць, вшыстко ў значаньні польскага «цёнгле», тамэчны ў значаньні польскага «тамтэйшы», сіні заміж польскага «сіны», «лашчыць сень» заміж «ласіць сень» і мноства падобных іншых1. Сустрэнем шмат беларускага і ў сынтаксе Міцкевічавай польскай мовы. Прыкладам, у Міцкевіча, як і ў шмат іншых польскіх пісьменьнікаў зь Беларусі, спатыкаем характэрнае стаўляньне па дзеяслове sie (як ёсьць заўсёды ў беларускай мове), хоць для польскае мовы больш характэрнае стаўляньне яго перад дзеясловам. Гэтак, этнаграфічныя палякі звычайна кажуць on sie uczy, on sie smieje. Палякі-ж зь Беларусі, пад беларускім уплывам, найчасьцей скажуць on uczy sie, on smieje sie. Гэткае ўпорыстае стаўляньне sie на другім месцы сустракаем і ў мове польскай пісьменьніцы зь Беларусі Элізы Арэшчыхі 2.

Пададзеныя гэта толькі некаторыя прыклады беларушчыны ў Міцкевічавай мове зь вялікай колькасьці іх там сьведчаць нам даволі пра тое, пад уплывамі якой моўнай стыхіі фармавалася песьнярова польская мова й сярод якога народу вырас ягоны паэтычны талент.

Моўны, краявідны, бытавы й сюжэтны беларускі калярыт, які больш ці менш яскрава выявіўся ўва ўсёй творчасьці Міцкевіча, быў і аднэю з прычынаў хуткага зразуменьня, адчуцьця й успрыняцьця ягонай паэзіі польскімі чытачамі беларускіх земляў, якія самі жылі спрадвеку пад уплывамі таго-ж беларускага навакольля. Гэты-ж самы беларускі калярыт, з другога боку, спачатку быў ладнаю перашкодаю для адчуцьця й успрыняцьця паэзіі Міцкевіча ў самой Польшчы сярод этнаграфічных палякоў.

Варшава й Польшча бараніліся перад новаю паэзіяй Міцкевіча й ягоных сяброў зь Вільні ня толькі дзеля новых рамантычных формаў іхнай паэзіі, Важнаю справаю было тут і тое, што гэтая паэзія, выростаючы зь ня польскага, а беларускага асяродзьдзя, мела ў сабе ладную долю зусім чужых паляком ды Польшчы беларускіх і моўных, і фальклёрных элемэнтаў.

Вось якія нараканьні пісалі й слалі з Варшавы у Вільню чытачы яшчэ на самых пачатках рамантычнага ўздыму ў Вільні: «Вы для Літвы, а не для Кароны пішаце... менш дбаеце пра тое, ці вас у Варшаве будуць разумець, абы ў Вільні ды Літве вас разумелі...» 1

Пазьней, калі ўжо зьявіўся першы зборнік Міцкевічавай паэзіі, яшчэ вайстрэй заатакавалі варшаўскія літаратурныя крытыкі. Яны ўсю паэзію віленскай групы рамантыкаў ахрысьцілі пагардлівым назовам «смаргоншчыны», а тварцоў яе ня менш пагардліва дражный «пінскімі галовамі» 2.

Цікавы вельмі й Міцкевічаў адказ на гэткія рэзкія выступы варшаўскіх крытыкаў, на іхныя дакоры ў тым, што ён «псуе» польскую мову «правінцыялізмамі». У 1829 г. у артыкуле пад назовам «Аб крытыках і рэцэнзэнтах варшаўскіх» ён пісаў: «Вінавацілі мяне галоўна ў псаваньні польскага стылю ўводжаньнем правінцыялізмаў і чужых словаў. Прызнаюся, што ня толькі не высьцерагаюся правінцыялізмаў, але мо знарок іх ужываю». Ясна, што пад назовам «правінцыялізмаў» разумеюцца тутка не якія іншыя, а беларускія моўныя элемэнты Міцкевічавай паэзіі.

Хоць, як відаць з гэтай зацемкі самога Міцкевіча, шмат беларушчыны ў сваёй польскай мове ён ужываў сьведама, знарок, дык, напэўна, яшчэ больш гэтых беларускіх асаблівасьцяў трапіла ў ягоную творчасьць і нясьведама, міжволі, дзеля таго, што яны тады скрозь ужываліся ў штодзённай польскай мове шляхты й польскай інтэлігенцыі ў Беларусі, як яны сустракаліся тамака ў польскай мове й сто гадоў пазьней, перад апошняю сусьветнаю вайною.

Трэба тутка адцеміць, што ўжо з пэрспэктывы сярэдзіны XX ст. некаторыя польскія аўтары адкрылі, што, міжвольныя ці не, «правінцыялізмы» рамантыкаў у некатораи, прынамся, частцы мелі и сваю важную натады паэтычную функцыю. Хоць напачатку беларушчына ў мове рамантыкаў і рэзала моцна слых варшавякаў, дык з часам вуха польскага чытача «абабілася», прывыкла да іх і — калі яны былі толькі ўжываныя не ў завялікай колькасьці — пачало адкрываць у іх нейкую нязнаную, несустраканую раней у сваёй польскай мове арыгінальную навіню. Гэтая адкрытая навіня цяпер ужо не адпіхала польскага чытача, а надзіла яго, інтрыгавала й ладна спрычынілася да хуткай перамогі віленскага рамантызму ў польскай літаратуры. Польскі мовавед Т. Лер-Сплавінскі гэтую ролю «правінцыялізмаў» Міцкевіча й іншых рамантыкаў азначае сяньня гэтак:

«Уплыў рамантыкаў пакінуў назаўсёды ў нашай літаратурнай мове ладны асад словаў, што разам з ранейшымі наносамі,— якія, як ведама, не абмяжоўваюцца толькі да слоўніка,— стаўся адным з паважнейшых складовых элемэнтаў. Надаваў ён мове, асабліва ў пачатную пару расьцьвітаньня рамантычнай паэзіі, некаторае, быццам экзатычнае, таўро, што моцна дзеіла на чулую фантазію тагачаснага чытача й прычынілася да канчальнай перамогі новай літаратурнай плыні»1 .

Доля беларускіх моўных элемэнтаў у творчасьці пісьменьнікаў беларускага паходжаньня была дваякая. Бальшыня зь іх заставалася толькі характэрнаю асаблівасьцяй літаратурнай мовы таго ці іншага пісьменьніка й далей іхнай творчасьці ў польскай мове не прышчапілася. Іншыя былі з часам перанятыя ў польскую літаратурную мову, урасьлі ў яе назаўсёды й сталіся тамака тым «ладным асадам», пра які ўспамінае нам Лер-Сплавінскі,— сталіся агульнапрынятымі запазычаньнямі з мовы беларускай.

Зразумела, што творчасьць не аднаго Міцкевіча была насычаная беларускімі фальклёрнымі, моўнымі дый іншымі элемэнтамі. Тое-ж было ў большай ці меншай меры й зь іншымі пісьменьнікамі зь Беларусі — і рамантыкамі і нерамантыкамі. Творы некаторых зь іх былі гэтак прасякнутыя мясцовым беларускім калярытам у мове, вобразах, адлюстраваным быце, што хоць яны былі пісаныя па-польску, аднак у сваім духу заcтаваліся фактычна беларускімі, чужымі, незразумелымі запраўдным этнічным паляком.

Яскравым прыкладам гэтага можа быць паэт польскага познага рамантызму Ўладыслаў Сыракомля, запраўднае прозьвішча Людвік Кандратовіч (1823— 1862), які, як і Янка Купала, паходзіў з дробнай безьзямельнай шляхты, дзеля чаго бацькі былі змушаныя займацца арэндаю зямлі. Сыракомля — пясьняр дробнай, «шарачковай» шляхты Беларусі й беларускага сялянства. Дзеля гэтага ягоныя сучасьнікі й ахрысьцілі яго Вясковым Лірнікам. Пісаў ён крыху й па-беларуску. Гэта таленавіты й адначасна вельмі плодны пісьменьнік. Дарма, што век ягоны быў даволі кароткі,— самой паэзіі ён пакінуў больш за дзесяць тамоў.

I вось, дзеля вялікай насычанасьці элемэнтамі краявіду, быту, традыцыі й народнай творчасьці беларускай зямлі, пісаная па-польску паэзія Сыракомлі была чужою, малазразумелаю палякам Польшчы — этнаграфічным палякам. Яго любілі й прызнавалі за вялікага паэта толькі сярод палякоў беларускага нацыянальнага прастору. Гэтую цесную неразрыўную зьвязанасьць Сыракомлі й ягонай паэзіі зь беларускаю зямлёю й залежнасьць ад яе падгледзеў прафэсар Марыян Зьдзяхоўскі дый уняў у формулу, сэнс якое ў скарачэньні гэткі: тамака пачынаецца польская этнаграфічная зямля, дзе перастаюць разумець, цаніць і чытаць Сыракомлю 1.

Гэтая формула — ня што іншае, як прызнаньне важнасьці для пісьменьніка ведамага правіла, сьцьверджанага яшчэ Вольфгангам Гётэ: Wer den Dichter will verstehen, muss in Dichters Lande gehen2. У выпадку Сыракомлі натыкаемся адно на той парадокс, што для зразуменьня польскага пісьменьніка пазнаваць трэба ня польскі, а беларускі край!

Гэтая непапулярнасьць, «неразуменьне» Сыракомлі ў Польшчы заўважваецца ня толькі ў мала прыгатаванага масавага чытача. Яно выразна праяўляецца й сярод польскіх літаратурна адукаваных кругоў аж да літаратурных гісторыкаў і крытыкаў улучна. Для ўсіх іх дух сваеасаблівай самабытнай рамантыкі беларускай зямлі, якім авеяная ўся паэзія Сыракомлі, застаўся чужым, незразумелым, недаступным. На прыклад гэтага вось ацэна Сыракомлі ведамага цяперашняга гісторыка й тэарэтыка польскае літаратуры Манфрэда Крыдля: «...быў лірнікам... ягоная ліра... была... сьціплая, малых памераў і з малым лікам струнаў, а й на тых нялічных струнах удалося выграць толькі вельмі нялічныя творы, што могуць мець прэтэньсію на паэзію. Спэцыялізаваўся ў вершаваных гутарках... Гутарка ўжо самым назовам паказвала на нешта простае, беспрэтэньсіяльнае, «хатняе», «камінковае», на што даволі малога апавядальнага таленьціку, крыху непераборлівага гумару, крыху сэнтымэнтальнай сьлёзкі, крыху патрыятычных клічаў»1 .

А вось як зусім інакш ацэньвае Сыракомлю гісторык польскае культуры Ст. Касьцялкоўскі, сам, як і Сыракомля, грамадзянін «Вялікага Княства»: «У Літве... уважалі яго за вялікага таленавітага паэта... Піша ён эпічныя паэмы, і гістарычныя, і сучасныя... далей драмы... дый ён найперш лірык, але як шчыры, сардэчны, глыбокі й разнародны. Умее аддаць найразмавітшыя пачуцьці: ад найбольш узвышанай гарачай рэлігійнасьці, праз патрыятызм і каханьне да роднага краю... да ўсякіх нацыянальна-сацыяльных справаў... У сваёй лірыцы... усюды выяўляе замілаваньне да свойшчыны, братэрскую любоў да ўсіх, што церпяць і пакрыўджаныя... Нязьменна моцна й чыста зьвініць у Сыракомлі сацыяльная нота шляхотнага поступу, глыбака зразуметай дэмакратыі й абарона прыгнечаных...»

Фармулёўка Зьдзяхоўскага расьцягваецца ў той ці іншай меры на бальшыню польскіх пісьменьнікаў беларускага паходжаньня, улучна з самым Міцкевічам. Міцкевіч сваім геніем праламаў, зразумела, гэты беларуска-польскі парог (хоць, як мы бачылі, і не без пачаткавага змаганьня) і быў у канцы ацэнены дый прызнаны й палякамі Польшчы ўжо ня толькі за вялікага паэта, але й за польскага нацыянальнага прарока. Аднак-жа для глыбейшага адчуцьця хараства шмат якіх ягоных твораў, дый для зразуменьня асноўнага духу ўсяе ягонае творчасьці наагул, трэба ўсё-ж знаць ці пазнаць і Dichters Land1 — паэтавы радзімы беларускі край.

Нязнаньне гэтага краю даводзіць да такой-жа, як і ў выпадку Сыракомлі, недацэны й Міцкевіча, і ня толькі даўнейшымі, але навет сучаснымі польскімі літаратураведамі.

Польскі паэт Часлаў Мілаш, сам «ліцьвін», нядаўна адкрыў гэты для яго неспадзяваны й уражаючы факт: «З жахам пераканаўся, што маладыя лёнданскія паэты (польскія — С Б.)... Міцкевіча ўважаюць за ніжэйшага ад Норвіда» 2.

Падобную недацэну Міцкевіча знойдзем ня толькі ў «лёнданскіх паэтаў». Яна моцна вызірае і ў некаторых іншых, як, напрыклад, у сучаснага польскага дасьледніка Міцкевіча Віктара Вайнтраўба 3 або ў дасьледніка польскае літаратуры, не паляка, К. Баквіса 4. Дзеля прычынаў тых-жа, што і ў выпадку Сыракомлі, дзеля пачуцьцёвай чужыні да асноўнага духовага асяродзьдзя, зь якога вырас Міцкевіч і ягоная творчасьць, дзеля нязнаньня яго, гэтыя літаратураведы даходзяць да зяпярэчаньня паважнейшай літаратурнай вартасьці калі ня ўсіх, дык бальшыні Шцкевічавых твораў. Яны даходзяць навет да адмаўляньня яму становішча польскага «нацыянальнага паэта». Яны сумляюцца й у тым навет, ці ён запраўды «клясык сусьветнага ўзроўню» (Баквіс).

Гэткая ацэна Міцкевіча спрычыненая яўна тым, што гэтым дасьледнікам не стае тых духовых і пачуцьцёвых сувязяў з краем Міцкевічавага паходжаньня, таго канечнага «ключа», безь якога немагчыма раскрыць дый адчуць ува ўсёй глыбіні й паўніні чар Міцкевічавай паэзіі.

Падсумоўваючы наш агляд беларушчыны ў Міцкевіча, прыходзім да выснаваў, што ў Міцкевічавай творчасьці сустракаем беларускія элемэнты разнаякага характару: моўныя, фальклёрныя, бытавыя, сюжэтныя, краявідныя. Яны там у такім насычаньні, што перашкаджалі й перашкаджаюць шмат якім палякам успрыняць глыбей ягоную творчасьць, яны — частая прычына недацэны яго.

Беларускія элемэнты ў Міцкевічавай творчасьці ня нейкая толькі павярхоўная закраса для «калярытнасьці». Яны арганічна зь ёю зрослыя, яны неадлучныя, яны ў самых каранёх гэтай творчасьці. Гэта зусім натуральная зьява ў пісьменьніка, які радзіўся ў Беларусі, тамка рос і духова сфармаваўся пад беспасярэднім уплывам тагачаснага быту й культуры беларускага сялянства й мясцовае шляхты. Хай сабе палітычна й культурна гэтая шляхта была ўжо й ладна спалячэлая,— ейная польская мова ўсё роўна была сваеасаблівая, моцна адменная ад польскае мовы палякоў этнаграфічных. Гэта была мова, насычаная па берагі беларускімі моўнымі элемэнтамі. А ў сваім быце гэтая шляхта ўсё роўна надалей перахоўвала з пашанаю шмат адвечных традыцыяў сваіх беларускіх прашчураў і адначасна міжволі заўсёды пераймала элемэнты старавечнае народнае культуры, у моры якой яна спрадвеку жыла, а ўплываў якой усьцерагчыся не магла, калі-б навет і хацела.

Сьцьвердзіўшы факт паўсюднага існаваньня беларускіх элемэнтаў у Міцкевічавай творчасьці, пяройдзем цяперка да спробы абазначэньня характару ягоных духовых і пачуцьцёвых сувязяў з Польшчаю й з сваёй роднай «Літвою» (Беларусяй).

Шукаючы адказу на гэтае пытаньне, трэба найперш усьведаміць сабе адзін важны факт: край Нёмна й Вяльлі, а ня Віслы й Варты быў прыроднаю й нявычэрпнаю крыніцаю Міцкевічавага паэтычнага таленту й натхненьня. Ён з гэтага «літоўскага», як тады казалася, краю вырас і быў ад маленства тысячмі ніцяў зьвязаны зь ім, зь ягонай тагачаснасьцяй і мінуласьцяй. Hi ў Варшаве, ні ў Кракаве Міцкевіч ніколі ня быў, польскай запраўднай зямлі блізу ніколі ня бачыў. Адзінае, вельмі кароткатрывалае й павярхоўнае знаёмства яго з заходнім памежжам этнаграфічнае Польшчы здарылася толькі ў 1831 г., калі ў красавіку месяцы ён ехаў празь Нямеччыну з захаду, каб далучыцца да польскага паўстаньня, але даехаў усяго да Пазнаншчыны й неўзабаве ізноў вярнуўся на захад. Дык ня дзіва, што ўва ўсёй пясьнярскай творчасьці Міцкевіча ня шмат знойдзем прысьвечанага самой Польшчы, Польшчы як рэальнай запраўднасьці, ейнаму краявіду, ейнаму народу, ейнаму быту.

Гэтага ў яго ня было й не магло быць. Польшча ў яго існавала толькі як палонячая яго ідэя, як пакінутая школьным выхаваньнем абстрактная дзяржаўна-палітычная канцэпцыя, а ніколі не як жывая, наяўная й перажытая запраўднасьць, якую ён мог-бы — асабліва на чужыне — адчуваць з усёю вайстрынёй свае паэтычнае фантазіі, як гэта было зь ягонаю «Літвою» (Беларусяй), за якою й толькі за ёю ён заўсёды тужыў. З Акерманскіх сьцяпоў на Крыме ён лавіў голас з свае далёкае «Літвы».

З Парыжа ці Лязаны сваім сябром паэт пісаў: «Часта нападае сум па Літве, і ўвесь час сьню Наваградак і Туганавічы».

На дыскусійным вечары аб Міцкевічу ў Парыжы 6 сьнежня 1955 году Ч. Мілош гэткім навочным спосабам выясьняў францускім пісьменьнікам уражаючы парадокс польскай літаратуры — прыход найбольшага паэта яе звонку, зь няпольскіх прастораў: «Уявеце сабе цэнтральную постаць францускае літаратуры, якая нарадзілася-б у Канадзе, якая ніколі ня была-б у Парыжы, якая пабыла-б у Францыі ўсяго колькі тыдняў, недзе, для прыкладу, у ваколіцах Нанту. Гэтак было зь Міцкевічам...» («Культура», № 1/99. Парыж, 1956 г. Б. 113.)

Цераз гады маленства й юнацтва Міцкевіч усёю душой быў зрослы толькі з жывою беларускаю запраўднасьцяй, зь ейнаю прыродаю, людзьмі, традыцыяй, з народнаю творчасьцяй, зь якое й чэрпаў поўнымі жменямі для свае паэзіі. Гэткіх беспасярэдніх сувязяў і перажываньняў з польскім краем і народам у яго не ставала. Пра іх ён меў усяго бледнае кніжнае ўяўленьне. Вось дзеля гэтага жывая, рэальная Польшча й не магла адбіцца ў ягонай паэтычнай творчасьці, хоць творчасьць гэтая ідэйна й была прысьвячаная ўся бяз рэшты справе вызваленьня Польшчы дый адбудове старое Рэчы Паспалітае.

Гэткую цесную сузалежнасьць Міцкевічавага паэтычнага таленту зь беларускай зямлёю падчырквае яшчэ й той факт, што калі часам у творчасьці ён спрабаваў адарвацца ад свае радзімае стыхіі, дык адначасна пераставаў і быць вялікім паэтам, здабываўся толькі на слабую з мастацкага гледзішча публіцыстыку, упадаў у містычна-сэктанцкі товіянізм, у хваравіты польскі мэсіянізм. Паказваюць гэта добра ягоныя «Кнігі Народу й Пілігрымства Польскага».

Дык не зважаючы на блізу поўную ідэйна-палітычную польскую асыміляцыю, не зважаючы на вядучую ролю ў польскай паэзіі рамантычнай пары, Міцкевіч у польскай літаратуры застаецца адначасна й яскравым рэпрэзэнтантам этнаграфічна чужога Польшчы прастору дый чужой народнай стыхіі. З гэтага гледзішча ў польскай літаратуры ён займае падобную пазыцыю, як украінец з паходжаньня Гогаль у літаратуры расейскай. I Гогаль быў цалком у палоне палітычнай ідэі вялікадзяржаўнай Расеі, хоць усім сваім целам і душою быў зрослы найперш із сваёй роднай Украінай, якой красу, быт, гістарычную мінуўшчыну па-мастацку й з захапленьнем адбіваў у сваёй творчасьці.

Нацыянальную дваістасьць свае псыхікі адчуваў як-найлепш сам Міцкевіч, які поўнай этнічнай польскай асыміляцыі ніколі не паддаўся, сьведама ёй працівіўся, захоўваў знарок свае «літоўскія» асобнасьці й традыцыі. Аб «дзьвёх душах» Міцкевіча вось што кажа польскі літаратурны крытык і гісторык, прафэсар Пігонь: «Трэба сказаць сабе ясна, што Міцкевіч, пры ўсёй гарачыні й шырыні польскага патрыятызму, заўсёды меў, навет знарок у сабе культываваў, сьведамасьць некаторай пляменнай асобнасьці. Пачуцьцёва ён як найцясьней быў зьвязаны з радзімай зямлёй, быў літоўскім паляком, «ліцьвіном», ніколі ня чуўся за нешта адно з «короняжэм» (паляком этнаграфічным.— С. Б.)»1.

Вось дзеля гэтага на чужыне, зь сьцяпоў Крыму, Міцкевіч слухаў голасу зь «Літвы», а ня з Польшчы. Вось дзеля гэтага ён свой найвыдатнейшы паэтычны твор — «Пана Тадэвуша» — пачынае зваротам «Litwo, Ojczyzno moja!», а ня «Polsko, Ojczyzno moja!».

У гісторыі польскае літаратуры XIX стагодзьдзя група польскіх пісьменьнікаў рамантычнай пары — Антон Мальчэўскі, Сэвэрын Гашчынскі й Язэп Залескі — часта выдзяляецца ў асобную, гэтак званую «ўкраінскую школу» польскае літаратуры. Гэтае выдзяленьне абумоўленае ня гэтулькі самым фактам паходжаньня гэтых трох пісьменьнікаў з украінскіх земляў, колькі тым, што ў іхнай творчасьці вельмі яскрава адбіваецца ўкраінскі калярыт. Выяўляецца ён у скарыстоўваньні ўкраінскіх народных і легендарна-гістарычных сюжэтаў, у перайманьні у сваю творчасьць элемэнтаў украінскага фальклёру, украінскіх моўных асаблівасьцяў, у яскрава адмаляваным у іхных творах украінскім краявідзе.

Калі ў гісторыі польскай літаратуры справа існаваньня «ўкраінскай школы» ў рамантычную пару агульна прызнаны факт, дык пра падобную «беларускую школу» ў ёй звычайна куды радзей гаворыцца, хоць і яна была й мела зусім ня меншае, але навет большае значаньне для польскай літаратуры за «школу ўкраінскую».

Адным-жа з галоўных прадстаўнікоў гэтай «беларускай школы» быў ня хто іншы, як сам Адам Міцкевіч, пачынальнік польскага рамантызму. Блізу ўся Міцкевічава творчасьць носіць на сабе ня менш яскравы калярыт беларускі, як творчасьць пісьменьнікаў «украінскай школы» калярыт украінскі. А Міцкевіч быў не адзіным рамантыкам, што ўрос у польскую літаратуру зь беларускага асяродзьдзя. Міцкевіч быў толькі адным зь іх, найважнейшым, найбольшым. Ужо ўспаміналася вышэй, што ў рамантычную пару побач Міцкевіча зь беларускіх земляў былі дзейнымі ў польскім пісьменстве Зан, Чачот, Адзінец, А. Ходзька. Да іх трэба яшчэ далучыць празаіка Гэнрыка Жэвускага, а з пазьнейшага пакаленьня рамантыкаў Ігната Ходзьку дый Уладыслава Сыракомлю.

Яшчэ перад рамантызмам выдатную ролю ў польскай псэўдаклясычнай літаратуры канца XVIII і пачатку XIX стст. гралі пісьменьнікі беларускага паходжаньня Адам Нарушэвіч, Дыянізы Князьнін, Франьцішак Багамолец, Юльлян Урсын Нямцэвіч. У псэўдаклясыкаў, аднак-жа, беларушчына не праявілася з гэткаю сілаю, як у польскіх рамантыкаў. Гэта сталася часткава таму, што псэўдаклясычная літаратура мела арыентацыю не на народную творчасьць, як гэта было ў рамантыкаў, а на клясычную літаратуру антычнага сьвету, найперш грэцкую дый рымскую. Галоўная-ж прычына была тая, што польскія псэўдаклясыкі беларускага паходжаньня тварылі й жылі блізу ўвесь час у Польшчы, у Варшаве, згуртаваныя навокала мэцэната літаратуры караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Іхныя сувязі дзеля гэтага з народам і краем свайго паходжаньня, зь беларускім краем, былі слабыя.

Гэта былі фактычна эмігранты зь Беларусі, што ўвесь час жылі й тварылі ў Польшчы.

Цесную сувязь зь беларускім народам і ягоным бытам мелі затое пісьменьнікі беларускага паходжаньня пары польскага «пазытывізму» другой паловы XIX ст. Найвыдатнейшым талентам зь Беларусі ў гэтую пару была Эліза Арэшчыха (Ожэшкова), родам з Горадзеншчыны, аўтарка сацыяльна-бытавых аповесьцяў з жыцьця беларускай вёскі, засьценкаў, мястэчкаў, як «Над Нёманам», «Дзюрдзі», «Хам», «У зімовы вечар». Не таямнічай фантастыкай беларускай народнай абрадавасьці ці казачна-легендарным сьветам чараў і духаў, як гэта было ў рамантыкаў, захаплялася Арэшчыха. У сваёй творчасьці яна адбіла шэры штодзённы быт народу, найперш гора, людзкую нядолю, цемнату й сацыяльныя злыдні.

Куды меншая талентам і значаньнем, хоць і даволі пладавітая, была й пісьменьніца Марыя Радзевічанка. Пышныя абразы прыроды, а асабліва пушчаў Беларусі, знойдзем таксама ў празаіка Юзэфа Вайсэнгофа, які цаходзіў зь Дзьвіншчыны, а пісаў у канцы XIX і пачатку XX стст. («Собаль і панна» й іншыя).

З польскага нэарамантызму вырас, а тварыў у міжваенную пару паэт Леанард Падгорскі-Аколаў зь Меншчыны, аўтар цэлай кніжыцы лірыкі, прысьвечанай Беларусі,— Bialorus. У міжваенную ўжо пару пісаў Мэльхіёр Ваньковіч свае ўспаміны, а Сяргей Пясецкі свае прыгодніцкага характеру аповесьці («Каханак Вялікай Мядзьведзіцы», «Пяты этап», «Ніхто ня дасьць нам вызваленьня» й іншыя).

У трыццатых ужо гадох XX ст. зьявілася вельмі актыўная група паэтаў, у бальшыні беларускага паходжаньня, г. зв. «віленская авангарда». Адцеміць зь іх трэба імёны Тодара Буйніцкага, Язэпа Масьлінскага, Ежага Загурскага, Юзэфа Чаховіча, Ежага Путрамэнта.

Ужо цяперашняй, паваеннай парой, на эміграцыі, зьявіўся цэлы чарод польскіх пісьменьнікаў зь Беларусі, у творах якіх у большай ці меншай меры адбіваецца й знанае дый блізкое ім беларускае навакольле. Адзначыць зь іх трэба цікавую аповесьць пра духовую трагедыю «тутэйшага» Марыі Кунцэвічыхі «Лясьнік», дзея якой адбываецца ў палове мінулага стагодзьдзя на беларускім Падляшшы, г. зн. на захад ад Буга.

Ведамыя шырэй дзьве шавіністычна шляхоцкія «надбярэзінекія» аповесьці Флярыяна Чарнышэвіча — «Надбярэзінцы» й «Віцік Жывіца».

З талентам пісаныя аповесьці з быту Віленшчыны й Вільні Язэпа Мацкевіча «Прыяцель Флёр» і «Дарога нікуды».

У гэтым пераліку ўзятыя на ўвагу толькі польскія пісьменьнікі беларускага паходжаньня. У ім сьведама апушчаюцца польскія пісьменьнікі, у творчасьці якіх таксама праявіліся беларускія тэматычныя ці іншыя элемэнты, але якія ня былі беларускага паходжаньня, як, для прыкладу, Поль, Гомуліцкі, асабліва Крашэўскі.

Дык пачынаючы ад канца XVIII ст. праз увесь XIX век і аж па сяньня йдзе бесьперапынная чарада таленавітых польскіх пісьменьнікаў беларускага паходжаньня. Сустракаем іх шмат у кажную пару польскае літаратуры, ад псэўдаклясыцызму, праз рамантызм, «пазытывізм», нэарамантызм, міжваенную «авангарду», аж да нашых дзён. Пачаткі-ж гэтай плыні й паадзіночных спарадычных прадвесьнікаў яе мы можам прасачыць і яшчэ раней за XVIII ст., бо сустрэнем іх ужо пачынаючы ад канца XVI ст., калі зьяўляюцца самыя першыя пісьменьнікі зь беларускіх земляў, што пісалі па-польску.

Падобная ў іх усіх псыхіка й мова, калярыт, адна літаратурная традыцыя надаюць гэтым пісьменьнікам агульную спэцыфічную беларускую закрасу й гэтым лучаць іх у адну асобную плынь польскае літаратуры, беларускую плынь. Часам, праўда, бывае навет цяжка й абазначыць, у чым выражаецца гэтая сваеасаблівая «закраска» ў паасобнага пісьменьніка, аднак-жа яна заўсёды адчуваецца. Марыян Зьдзяхоўскі абумаўляў гэтую цяжкаўхопную асаблівасьць «пеыхалягічным кліматам» краю. Сучасны польскі пісьменьнік Часлаў Мілош кажа аб узьдзеяньні на асабовасьць пісьменьніка «геаграфіі»: «на спосаб адчуваньня ўплываюць дрэвы, рэкі, колер неба, абліччы народу, бачаныя ў маленстве, гэтае няўхопнае «штось», што складаецца на душу кажнага краю».

У рамантычнай пары ў асобную «беларускую школу» польскае літаратуры пісьменьнікаў зь Беларусі выдзяляў ня хто іншы, як сам Міцкевіч, які толькі называў яе тагачасным тэрмінам «літоўская». Міцкевіч гэтую «літоўскую школу»,— у якую, зразумела, залічаў і сябе,— ставіў у характары побач «школы ўкраінскай», а супроцьстаўляў яе «школе польскай» — «варшаўскай школе». Вось што Міцкевіч гаварыў пра «літоўскую», «украінскую» й «варшаўскую» школы ў сваіх выкладах пра славянскія літаратуры на Францускім Коледжы ў Парыжы, у лекцыі 17 чэрвеня 1842 г.: «Дзьве школы пачалі цяпер зарысоўвацца ў польскай літаратуры: літоўская й украінская. Літоўскія паэты першыя ўводзяць у літаратуру сьвет духаў, шукаюць у тэй краіне таёмных спружынаў усяго, што дзеецца на зямлі. Спн. Жорж Санд у сваім артыкуле, прысьвячаным разгляду твораў аднаго з аўтараў гэтай школы (ходзе тутка пра А. Міцкевіча.— С. Б.), увесь характар яе ахапляе заўвагаю, што «літоўскія пісьменьнікі ставяць асяродак дзеі ў духовым сьвеце, а бачны сьвет і людзей маюць толькі за ягоныя прылады». Гэтую-ж тэндэнцыю сустракаем і ў школе ўкраінскай. Яна ня йдзе гэтак далёка, як літоўская, аднак-жа заўсёды дапушчае нясупынны ўплыў гэтага сьвету на зямны сьвет.

У кажнай паэме гэтых абедзьвюх школаў можна разрозьніць два бакі: рэальны й гэтак званы фантастычны, гэта значыць духовы. «Украінская» школа кідае ўжо хвальшывыя блуканьні даўнейшай паэзіі польскай, ня шукае ўжо сваіх герояў паміж палітычных дзеячоў, а славіць народных правадыроў, выдабывае імёны, дагэтуль няведамыя ў літаратуры, найперш стаецца папулярнаю».

«Гэты кірунак ліцьвіноў і ўкраінцаў вельмі не падабаўся школе старой, якую рэпрэзэнтавала варшаўская грамадзкасьць; крытыка наклеймавала гэтую новую літаратуру як наступ барбарства, і запраўды была гэта вайна супроць клясы цывілізаванай, клясы ўжо бясьсільнай і бясплоднай» 1.

Дык, як бачым, сам Міцкевіч існаваньне асобнай школы польскіх пісьменьнікаў зь Беларусі, «літоўскай школы», уважаў за наяўны й само сабой зразумелы факт. Ён-жа падчыркнуў духовае сваяцтва й супольныя рысы гэтай школы з «школаю ўкраінскаю» дый адзначыў і прагрэсыўна-рэвалюцыйную існасьць ейнага антаганізму з польскай «варшаўскай» школай, цьвярдыняй адміраючага псэўдаклясыцызму.

Аднак-жа пазьней гэткае выдзяляньне пісьменьнікаў зь Беларусі ў асобную «літоўскую» трупу ў гісторыі польскае літаратуры было дзеля розных прычынаў закінутае. Адна зь іх, і хіба найважнейшая, была тая, што «літоўская школа», найперш дзеля Міцкевіча, сталася з часам пераможнаю на дзесяткі гадоў і галоўнаю школаю польскае літаратуры. Яна накінула свой духовы зьмест цэлай літаратурнай эпосе ў польскім пісьменстве. А паколькі гэтая школа заняла цэнтральнае месца ў польскай літаратуры дый набыла сынанімнае зь ёю значаньне, дык назоў рэгіянальны, назоў нейкай пабочнай правінцыянальнай адменнасьці, ня мог ужо ўтрымацца за ёю.

Дык выдзяляньне асобнай рамантычнай беларускай (ці «літоўскай») школы ў гісторыі польскай літаратуры было закінутае не дзеля таго, што гэтая школа была

Менш важная ці менш яскрава праявілася за «школу краінскую», а, наадварот, дзеля таго, што яна была куды важнейшаю для польскае літаратуры рамантычай пары. Факт гэты добра адзначае гісторык польскае культуры Ст. Касьцялкоўскі, калі кажа пра віленскіх рамантыкаў, што яны «...перасталі быць вартасьцяй лякальнай, літоўскай — сталіся пазыцыяй, аднэй з найбольш вартасных, у цэласьці нацыянальнага (польскага) жыцьця»1 .

Зразумела, што слова «літоўская» ў дачыненьні да віленскай літаратурнай школы, як і наагул слова «Літва» ў Міцкевічаву пару было звычайна роўназначным зь сяньня спапулярызаваным тэрмінам «беларуская», «Беларусь», а вельмі рэдка й выпадкова мела значаньне «летувіская» ці «жамойдзкая». Сяньня справа выясьненая, што Міцкевіч летувіскае мовы ня ведаў. Гэта добра відаць зь ягоных спробаў запісаць дзьве жамойдзкія народныя песьні ў часе ягонай настаўніцкай працы ў Коўні. Запісы гэтыя захаваліся й паказваюць, што запісваў ён на слых няведамую сабе мову2. Міцкевіч, праўда, напісаў колькі сваіх твораў на легендарна-гістарычныя сюжэты, якім намагаўся надаць летувіскі гістарычны калярыт (паэмы «Гражына», «Конрад Валенрод», пара балядаў). I гэта фактычна ўсё летувіскае, што ў яго можна знайсьці.

Дык дарма, што выдзяляньне асобнай беларускай плыні ці навет школы было закінутае ў гісторыі польскае літаратуры ад пары рамантызму. Яна, аднак, увесь час існавала ад канца XVIII ст. й існуе па сяньня. Некаторых-жа ейных прадвесьнікаў можна знайсьці навет і ў ранейшых як XVIII стагодзьдзе, ад канца стагодзьдзя XVI.

Па сяньняшні дзень няма, аднак-жа, сыстэматычнага й дакладнага вывучэньня гэтай цікавай для нас плыні ў гісторыі польскае літаратуры. Яшчэ перад другою сусьветнаю вайною заданьне выявіць «беларускія элемэнты ў польскай рамантычнай паэзіі» паставіў сабе Ст. Станкевіч. Першы том ягонай дакторскай працы, надрукованы пад гэткім-жа загалоўкам, ахапляе, на жаль, толькі пару да 1830 г.1. Другі том, які меўся быць прысьвячаны найперш Міцкевічу й пазьнейшым рамантыкам, на жаль, ня выйшаў.

Дый беларускую плынь у польскай літаратуры трэба было-б прасачыць ня толькі ў пару рамантызму, але праз усе літаратурныя поры й кірункі, і ня толькі ў самой паэзіі. Толькі гэткія студыі дазволілі-б нам выявіць усю вялічыню беларускіх элемэнтаў у польскай літаратуры дый выясьнілі-б дакладней тую нязвычайна вялікую ўдзельную вагу, якую мела беларуская плынь для польскае літаратуры і для разьвіцьця польскае культуры наагул.

6

Ужо цэлыя два стагодзьдзі нясупынная чарада польскіх пісьменьнікаў беларускага паходжаньня пакаленьне за пакаленьнем ідзе праз усе літаратурныя эпохі й кірункі аж да сяньняшніх дзён. Толькі новыя палітычныя абставіны, якія зайснавалі на беларускіх землях у выніку другой сусьветнай вайны, хіба спыняць гэты працэс. Цяперашняя мяжа Польшчы на ўсходзе, што наглуха разьмяжоўвае беларускія землі й землі польскія (за выняткам Беласточчыны й часткі Падляшша), хіба стрымае на сучасным пакаленьні гэты жыцьцядайны паток беларускіх талентаў у рэчышча польскае літаратуры, як і ў рэчышча польскае культуры наагул. Ці захаваныя гэтак у Беларусі таленты знойдуць адпаведныя гістарычныя абставіны на творчую дзейнасьць для свае беларускае літаратуры й культуры, гэта пакажа будучыня. Toe, аднак-жа, ужо цяпер пэўна, што гэтая поўная ізаляцыя Беларусі ад Польшчы будзе вялікаю стратаю для культуры й літаратуры польскай.

Гэтым фактам польскія культурныя дзеячы ўжо сяньня вельмі затрывожаныя.

19 ліпеня 1952 г. у польскім часапісе «Ожэл Бялы» (№ 29/524) зьявіўся пра гэта артыкул польскага пісьменьніка Фэрдынанда Гетэля. Гетэль робіць выснаў, што стварэньне па другой сусьветнай вайне польскай нацыянальнай дзяржавы, г. зн. дзяржавы бяз чужых нацыянальных мяншыняў і тэрыторыяў, адаб'ецца трагічна на далейшым разьвіцьці польскае культуры. Польшча безь беларускіх ды ўкраінскіх прастораў на ўсходзе, пры адначасным шчэзьненьні, у выніку тэй-жа вайны, нямецкага ды жыдоўскага мяшчанстваў зь местаў Польшчы, паводля Гетэля, нямінуча дачакаецца вялікай перамены структуры й значнага зьбядненьня далейшых пакаленьняў польскай культура-творчай інтэлігенцыі.

Гетэль адзначае, што апошнімі стагодзьдзямі толькі самога нямецкага паходжаньня ведамыя былі гэткія выдатнейшыя тварцы польскае культуры: Лелевэль, Траўгут, Гротгер, Брандт, Ленц, Тэтмаер, Поль, Кольбэрг, Глёгер, Ліндэ, Эстрайхер. У тым-жа часе дзейнымі творча на полі польскае культуры былі гэткія таленты паходжаньня жыдоўскага: Клячка, Кронэнбэрг, Розэн, Фэльдман, Лесьмян, Тувім, Ашкеназы. Гэтыя абедзьве важныя крыніцы прыплыву працаўнікоў для польскае культуры — нямецкая й жыдоўская — у выніку ваенных і паваенных дэмаграфічных пераменаў цяпер больш у Польшчы ня йснуюць.

Гетэлеў пералік польскіх культурнікаў нямецкага й жыдоўскага паходжаньня вельмі пабежны й далёка ня поўны — гэта толькі некаторыя прыклады. Прозьвішчаў гэткіх можна падаць куды больш. У самой толькі польскай філялёгіі апошніх дзесяцігодзьдзяў адзначыліся нямала гэткія навукоўцы зь нямецкімі прозьвішчамі, як Брукнэр, Ніч, Лер-Сплавінскі; у літаратуры — Крыдль. У сучаснай польскай паэзіі важную пазыцыю займае творчасьць габрэя Слонімскага; сам Гетэль, як паказвае прозьвішча, зь немцаў. Трэцяю, паводля Гетэля, і вельмі важнаю крыніцаю талентаў для культуры Польшчы былі г. зв. палякамі «крэсы», г. зн. беларускія й украінскія землі... Гетэль падчырквае, што быў час, калі «што другі польскі геній меў прозьвішча ўкраінскае, беларускае, летувіскае ці яцьвяскае».

Яшчэ польскі маляр-мастак канца XIX — пачатку XX стст., Яцэк Мальчэўскі казаў, што «гонар польскага генія нашых часоў уратаваў Высьпянскі. Усіх іншых спарадзіла Русь!» (г. зн. беларускія й украінскія землі.— С. Б.).

Далей Гетэль разважае: «Кардонная лінія... між «крэсамі» й Польшчаю, шчыльная, як ніколі ня была... Для польскае інтэлігенцыі гэта азначае, што абарваўся даплыў крэсовых інсьпірацыяў на колькі пакаленьняў...» I дзеля гэтага: «Ад новай польскай інтэлігенцыі ня можна шмат спадзявацца. Ідзём у часы худых гадоў, у гады, у часе якіх трэба хоць-бы ператрываць дый зьберагчы ўжо біялягічную субстанцыю нацыянальнага жыцьця».

Дык канцавы выснаў з разважаньняў і прагноз на будучыню Гетэля ясны й канкрэтны: з Другою сусьветнаю вайною прыплыў талентаў зь Беларусі й Украіны для польскае культуры абарваўся надоўга, «на колькі пакаленьняў». Панашаму-ж — ён абарваўся назаўсёды, бо цяжка дапусьціць, каб спынены аж на колькі пакаленьняў працэс здолеў калі-небудзь ізноў аднавіцца.

Гісторыя звычайна ня любе паўтарацца. Сучасных польскіх пісьменьнікаў беларускага паходжаньня трэба баржджэй уважаць за ўжо выміраючае апошняе пакаленьне беларускае плыні польскае літаратуры.

I гэткі лягічны вывад мусім зрабіць ня толькі дзеля «шчыльнай» новай мяжы паміж Польшчаю й Беларусяй. Магчымасьці далейшага існаваньня беларускай плыні польскае літаратуры пагражае сьмяротна й шпаркі рост нацыянальнага адраджэньня беларускага народу дый факт зьяўленьня на гістарычнай арэне новай адроджанай беларускай літаратуры й культуры.

Яны ўжо самою сваёй паяваю бураць дагэтуляшнюю спрыяльную гістарычную атмасфэру для працэсу адплыву талентаў Беларусі ў чужое польскае культурнае рэчышча.

Апрача гэтага, існуючы сяньня на землях Беларусі савецкі рэжым нішчыць дазваньня й самую сацыяльную базу гэтага працэсу. Ведама-ж, што польскія пісьменьнікі беларускіх земляў выходзілі блізу вылучна з дворска-шляхоцкага пласта, асяродзьдзя, сацыяльна -культурныя традыцыі якога сваім карэньнем сягалі старой фэўдальнай Беларусі. Дзеля гэтага іхная творчасьць і адбівала заўсёды ідэі, нуртуючыя гэтае асяродзьдзе.

Цяперка вось гэты сацыяльны пласт вынішчаецца ў карані сучасным савецкім рэжымам Беларусі. Зь ягонаю-ж ліквідацыяй існаваньне ці нейкае аднаўленьне працэсу адплыву талентаў зь Беларусі ў польскае культурнае рэчышча стаецца й фізычна немагчымым.

Вось дзеля ўсяго гэтага маем поўную аснову выказаць ужо сяньня гэткае цьверджаньне: ні Міцкевічаў, ні Сыракомляў, ні Арэшчыхаў зь беларускіх прастораў Нёмна, Дняпра, ды Дзьвіны ў польскай літаратуры больш ня будзе.

Беларуская плынь польскага пісьменства перажывае сяньня свой апошні, свой канцавы замыкальны этап.

«Конадні». М 4, 1955


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by