МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Заходняфронтаўскі бальшавізм і беларускі нацыянальны рух // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Аўтар: Адамовіч Антон
Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Раздзел: Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

АНТОН АДАМОВІЧ

ЗАХОДНЯФРОНТАЎСКІ БАЛЬШАВІЗМ I БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ РУХ1

На глебе работы зь беларускім сялянствам бальшавікі мусілі сутыкнуцца яшчэ з адным праціўнікам, якога спачатку яны ацанілі вельмі нізка,— зь беларускім нацыянальным рухам. Ён быў выключна сялянскі і па сваіх вытоках і па асноўнай сваёй арыентацыі. Лютаўская рэвалюцыя адкрыла шырокі шлях і яму, асабліва ягоным палітычным формам, якія ва ўмовах дарэвалюцыйнага часу ўсяляк падаўляліся.

Ужо 25 сакавіка 1917 году ў Менску адбыўся першы зьезд беларускіх нацыянальных арганізацый, дзе быў абраны Беларускі Нацыянальны Камітэт як найвышэйшы прадстаўнічы і дзейны орган беларускага руху. На другім зьезьдзе (8—12 ліпеня) у гэтай ролі ён быў заменены Цэнтральнай Радаю Беларускіх Арганізацый і Партый, а тая на другой сваёй сэсіі, ужо ў самыя перадкастрычніцкія дні (14—25 кастрычніка 1917 г.), прыняла назоў Вялікая Беларуская Рада.

Імкнучыся пашырыць і ўмацаваць свой уплыў на асноўную масу беларускага народу — сялянства, нацыянальны рух у асобе сваіх прадстаўнічых і дзейных органаў ня мог не сутыкнуцца з армейскім заходня-фронтаўскім бальшавізмам, што прэтэндаваў на выключны ўплыў у гэтай маее. Сутыкненьне адбылося найперш на тым груньце, дзе гэты бальшавізм пераважна праводзіў сваю работу зь беларускім сялянствам,— на сялянскіх зьездах і канфэрэнцыях.

Паводле сьведчаньня 3. Жылуновіча, левага беларускага дзеяча і ўдзельніка падзеяў (у далейшым выбітны беларускі нацыянал-бальшавік, першы старшыня ўраду савецкай Беларусі, які звар'яцее і памрэ ў яжоўскай турме), «на Першым зьезьдзе сялянскіх дэпутатаў Менскай губэрні, на такіх самых зьездах Віцебскай і Магілёўскай губэрняў... давялося ўпершыню сутыкнуцца з нацыянальнай сьвядомасьцю беларусаў» 1. На першым сялянскім зьезьдзе Менскай губэрні гэтая сутычка нацыянальна настроеных беларусаў з бальшавізмам, агенты якога на чале з Фрунзэ кіравалі зьездам, набыла найбольш вострыя формы: «Калі на пасяджэньні было закранутае нацыянальнае пытаньне, дык сам прэзыдыюм (кіраваны Фрунзэ.— А. А.) пастараўся перад сялянскаю масаю скампраметаваць беларускі pyx i спыніў яго абмеркаваньне. Гэткія-ж наскокі на беларусаў былі і на Віцебскім губэрнскім зьезьдзе сялянскіх дэпутатаў» 2.

Пра сутыкненьне з бальшавікамі на першым сялянскім зьезьдзе старшыня другога зьезду беларускіх арганізацый і партый заявіў: «Мы заўсёды трымаліся той думкі, што сяляне-дэмакраты па самой сваёй сутнасьці дабіваюцца толькі праўды і справядлівасьці і зусім адкідаюць думку аб прыгнёце адной нацыі другой. Таму я думаю, што зьезды сялянаў, якія праходзілі тут, у Менску, пад кіраўніцтвам чужых людзей (гаворка пра бальшавіка т. Міхайлава-Фрунзэ) не выражаюць самой волі сапраўднай дэмакратыі» 3.

Аднак на гэтым зьезьдзе ад бальшавікоў пацярпелі не адны беларусы, але і эсэры. Таму з боку апошніх нават былі выстаўлены да беларускіх нацыянальных арганізацый прапановы пра стварэньне адзінага антыбальшавіцкага фронту ў барацьбе за адцягненьне беларускага сялянства ад бальшавізму. Прадстаўнік эсэраўскага Аб'яднанага Расейскага Сялянскага Саюзу (АРСС), вітаючы другі зьезд беларускіх арганізацый і партый, што стварыў Цэнтральную Раду, між іншым, сказаў: «Як беларускія партыі, так і АРСС могуць ісьці разам, бо ім аднолькава пагражае небясьпека ад нейкага бальшавіка Міхайлава. Ня ведаю, ці то ён стрыечны брат Леніна, ці то ў іншым сваяцтве зь Іюдам Іскарыёцкім, але ён пайшоў і супроць вас, і супроць нас; ён адарваў беларускае сялянства як ад вас, так і ад нас»1.

Як бачым, дзейнасьць Фрунзэ на першым сялянскім зьезьдзе заслужыла і ад ягоных ворагаў атэстацыю не менш моцную, чым будучае яе ўсхваленьне сталінскімі фальсыфікатарамі; такім чынам, пасьпяховасьць працы менскага начмілу на сялянскай ніве на першым часе не падлягае сумненьню.

Аднак эсэры ўзялі рэванш за сваю паразу на першым менскім сялянскім зьезьдзе, апанаваўшы больш прадстаўнічы другі зьезд сялянаў Менскай і Віленскай губэрняў. Частковыя рэваншы бралі і беларусы, якім у далейшым таксама часам удавалася авалодваць настроем на некаторых зьездах беларускага сялянства. Вядома, пра гэтыя рэваншы бальшавіцкія крыніцы стараюцца прамаўчаць гэтаксама, як і пра эсэраўскія. Так, напрыклад, толькі ў аднаго Шчарбакова можна знайсьці наступнае паведамленьне, выкліканае, відаць, моцнай ахвотаю надаць сваім дасьледаваньням бачнасьць поўнае аб'ектыўнасьці: «Праўда, то тут, то там ім (беларускім дзеячам.— А.А.) удавалася павесьці за сабою невялікія групы жыхарства. Так, на губэрнскім сялянскім зьезьдзе Віцебскай губэрні, які адбываўся ў сярэдзіне чэрвеня, прымаецца пастанова патрабаваць аўтаноміі Беларусі, увесьці выкладаньне ў школе на беларускай мове, даць права Беларускай Радзе правесьці падзел зямлі, пасьля таго як Устаноўчы Сход пастановіць перадаць яе ў рукі працоўнага народу» 2.

Але дэмагагічны бальшавіцкі лёзунг пра неадкладны і самачынны падзел зямлі, не чакаючы Ўстаноўчага Сходу, найбольш вабіў сялянства. Ён рабіў усе гэтыя рэваншы, як беларускія, так і эсэраўскія, вельмі нятрывалымі і нядоўгатэрміновымі. Натхнёныя гэтым лёзунгам, сяляне ў некаторых мясьцінах Беларусі (напрыклад, у паўднёвых паветах Менскае губэрні) ужо на пачатку траўня спрабавалі практыкаваць такое самаўпраўнае землеўпарадкаваньне. Калі яны і ўстрымліваліся ад падобных чынных дзеянняў, дык, прынамсі, былі вельмі схільныя пасыўна падтрымліваць аўтараў такога звабнага лёзунгу бальшавікоў, якія дабіваліся, каб «каждому было всего побольше». (I зямлі, вядома, найперш — такое заснаванае на «народнай этымалёгіі» ўяўленьне пра бальшавікоў імкнуліся падтрымліваць у народзе і іхнія агітатары, што адлюстравана ў некаторых творах беларускай мастацкай літаратуры таго часу.) Такая пасыўная падтрымка асабліва яскрава праявілася ўжо пасьля кастрычніцкіх дзён, падчас галасаваньня ва Устаноўчы Сход.

Аднак калі ў надзённым для сялянаў зямельным пытаньні бальшавікі і маглі карыстацца прыярытэтам перад беларускім нацыянальным рухам, дык значнасьць моманту нацыянальнага, што быў асноваю й галоўнай сілаю гэтага руху, яны на той час проста недацэньвалі. Яны лічылі яго ня толькі менш надзённым, але і зусім нават для беларускага сялянства неістотным.

Па часе яны вымушаны былі, бязумоўна, пашкадаваць. Хоць Кнорын, напрыклад, і спрабуе заяўляць, быццам «партыя на самым пачатку зразумела ўсю важнасьць нацыянальнага моманту ў працы сярод сялянаў» 1, але ён жа праз два-тры абзацы мусіць, магчыма, і няўпрыкмет для сябе самога, сьцвярджаць, што «зь беларускім пытаньнем у першым пэрыядзе яго існаваньня нашая партыя ня справілася» 2. Toe самае прызнае, кваліфікуючы як памылку, і Шчарбакоў. Праўда, на доказ «разуменьня партыяй важнасьці нацыянальнага моманту ў рабоце сярод сялянаў» Кнорын намагаецца сьведчыць, быццам «летам 1917 г. ад імя Менскага савету быў выдадзены цэлы шэраг адозваў для пашырэньня ў вёсцы сярод сялянаў на беларускай мове»3, але апрача гэтай згадкі ў Кнорына нічога пра тыя адозвы нідзе нельга знайсьці, як нельга адшукаць і ніводнага асобніка з таго «цэлага шэрагу».

Далей Кнорын падрабязна тлумачыць: «Але нязначнае пашырэньне гэтых адозваў, адсутнасьць у партыі работнікаў, якія ведаюць беларускую мову, зрабілі так, што надалей гэтую практыку закінулі: і партыя зьвярталася да вёскі цягам доўгага часу амаль выключна па-расейску. («Амаль» тут зусім лішняе.— А.А.) Дзякуючы гэтаму, на працягу году спэцыфічная беларуская праца праходзіла міма партыі і зрабілася справаю чужых для партыі элемэнтаў» 1. Нашмат прасьцей Кнорыну было-б адно спаслацца на няраз згаданы ім самім факт, што Беларусь была чужая якраз для элемэнтаў, што складалі ягоную партыю (ужо па самім іх паходжаньні), або абмежавацца наступным апраўданьнем: «Партыя не ўзяла пад увагу той акалічнасьці, што ўмовы жыцьця сялянства хавалі ў сабе магчымасьці разьвіцьця нацыянальных настрояў. I адсутнасьць пэўна выяўленых нацыянальных інтарэсаў сярод сялянства партыя тлумачыла банкруцтвам нацыянал-згодніцкай палітыкі беларускіх нацыянал-сацыялістычных партый» 2. Сапраўды, нацыянальную стрыманасьць беларуса, адметную, напрыклад, у параўнаньні з экспансыўнасьцю ўкраінца, закінутыя ў Беларусь бальшавікі, відаць, мелі за «отсутствие национальных интересов».

У кожным разе ні беларускай работай, ні хоць-бы нацыянальнай беларускай дэмагогіяй армейскі заходняфронтаўскі бальшавізм зусім не займаўся. Яго варожыя нападкі на беларускі рух як на «панскую інтрыгу», адно паўтаралі афіцыйную дарэвалюцыйную ацэнку таго ж руху як «польскай інтрыгі», і фактычная русыфікацыйная практыка адно ўмацоўвала пазыцыі беларускіх арганізацый, калі не для сучаснасьці, дык для бліжэйшае будучыні.

Дзеля паўнаты карціны варта дадаць, што беларускі нацыянальны рух не абмяжоўваўся працаю сярод сялянства, а імкнуўся абудзіць нацыянальную сьвядомасьць і сярод тых самых пераапранутых у салдацкія шынялі сялянаў — беларусаў. Праўда, з тае прычыны, што яны, паводле вядомага мабілізацыйнага прынцыпу, адбывалі сваю службу ў войску зазвычай па-за межамі Беларусі (асабліва часта на Румынскім фроньце), праца гэтая ў поле зроку заходняфронтаўскага армейскага бальшавізму не трапляла. Ён зацікавіўся гэтаю праблемай толькі тады, калі на Першым Беларускім Вайсковым зьезьдзе, што адбыўся ў Менску 20—22 кастрычніка, была ўтвораная спэцыяльная Беларуская Вайсковая Рада, якую Кнорын, дый усе іншыя бальшавіцкія крыніцы, справядліва прызнаюць «яўна варожай» бальшавікам.

Але калі ўвесь нацыянальны рух у Беларусі знаходзіўся з бальшавізмам у дачыненьнях «яўна варожых», дык у той самы час за межамі краіны пачалі зьяўляцца першыя прыкметы й іншых магчымасьцяў гэтых адносін. Рэч у тым, што беларускі рух разгарнуўся пасьля Лютаўскае рэвалюцыі ня толькі ў самой Беларусі, але й ахапіў масы ўцекачоў-бежанцаў, што добраахвотна ці прымусова пакінулі яе (паводле В. Шчарбакова, да лютага 1917 году з адной Менскай губэрні выехала 256 тысяч уцекачоў 1). Яны расьсеяліся па Расеі і ў значнай колькасьці сканцэнтраваліся ў яе сталіцах, а ў адначас і ў сталіцах рэвалюцыі — Маскве і Пецярбурзе. I вось тут, адарваныя ад роднай краіны і ад непасрэднага назіраньня антынацыянальнай практыкі армейскага заходняфронтаўскага бальшавізму, а з другога боку, зазнаючы моцнае ўзьдзеяньне найбольш вытанчанай прапаганды самага цэнтральнага бальшавізму, які не саромеўся і ў спэкуляцыі на нацыянальных пачуцьцях, і ў гучных абяцаньнях «национального самоопределения вплоть до отделения» для ўсіх нацый, гэтыя беларускія масы, што нацыянальна ўсьвядомілі сябе і ўключыліся ў беларускі рух, пачыналі пакрысе схіляцца да настрояў своеасаблівага беларускага нацыянал-бальшавізму. На гэтай глебе ў чэрвені — верасьні 1917 году ў Пецярбурзе, на базе дзейнай там арганізацыі вядучай партыі беларускага нацыянальнага руху таго часу — Беларускае Сацыялістычнае Грамады, узьнікае Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Рабочая Партыя (бальшавікоў). Ёю непасрэдна кіраваў Аляксандр Чарвякоў (у той час яшчэ вядомы пад сваім сапраўдным беларускім прозьвішчам — Чарвяк), пазьней — шматгадовы старшыня ЦБК Беларускай Савецкай Рэспублікі.

Як відаць ужо з самой назвы партыі, яна ўзьнікла як арганізацыя нацыянальная, а не тэрытарыяльная (у такім разе яна мела б назоў Сацыял-Дэмакратычнай Рабочай Партыі (бальшавікоў) Беларусі, а не Беларускай СДРП), як сталася пазьней з аналягічнымі нацыянал-бальшавіцкімі ўтварэньнямі ў беларусаў і іншых нацыянальнасьцяў. (Напрыклад, у 1919—1920 гадах існавала Беларуская Камуністычная Арганізацыя, у адрозьненьне ад сучаснай ёй Камуністычнай партыі Беларусі, дзейнічалі таксама Ўкраінская камуністычная партыя і артадаксальная Камуністычная партыя Ўкраіны, Яўрэйская камуністычная партыя і да т. п.) Партыя гэтая і ёсьць тым зародкам першай фармацыі беларускага нацыянал -бальшавізму, якую больш дакладна трэба было-б назваць «фармацыяй беларускага бежанскага нацыянал-бальшавізму». Аднак выяўляць сваю дзейнасьць гэтая фармацыя пачынае ўжо ў пасьлякастрычніцкі пэрыяд, заклаўшы падваліны беларускага нацыянал -камунізму. Гэтай зьяве наканавана было расквітнець ужо на глебе Беларусі і таксама канчаткова адцьвісьці і быць пахаванаю.

Пераклаў з расейскай Уладзімер Арлоў


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by