|
P. СКЛЮТ
ЗЬ «ЯСНАИ ЯВЫ» — У «НОЧНАЕ ЦАРСТВА»
Сёлета зыходзіць якраз 25 год ад таго крытычнага пэрыяду, які перажываў наш народ у Савецкай Беларусі ў 1929 г. Добра даўся нам у знакі гэны год, год злому ад пагоршанага да найгоршага. То-ж бо ў ім ужо раней пачаты пад клічам «змаганьне зь беларускім нацыянал-дэмакратызмам» бальшавіцкі паход на нашую культуру й нацыянальную інтэлігенцыю, што культуру гэтую тварыла й несла, увайшоў у самы гарт. Адылі, што яшчэ горш — якраз у гэным годзе паход той пачынаў перакрыжоўвацца й перакрывацца яшчэ куды шырэй і страшней задуманым, адтуль-жа, ведзеным вялізманым зьнішчальным наступам на самую аснову нацыі, на сам народ, на сялянства, наступам, абвешчаным пад лёзунгам «калектывізацыі», а далей і «ліквідацыі кулацтва як клясы».
Запраўды, «часы былі трывожныя»—гэтыя словы аднаго з нашых пісьменьнікаў -адраджэнцаў прысталі-б куды больш да тае пары, чымся да далёкага зараньня нашае гісторыі, пра якое яны былі сказаныя. I хто-ж, як ня нашая паэзія, як заўсёды ў падобных крытычных мамэнтах, «у сэрцы трывожным пачула за краіну радзімую жах», кажучы словамі другога волата таго-ж нашага Адраджэньня,— хто-ж, як не яна, найперш і найлепш магла й мела адчуць і выявіць усю тую трывогу за край і народ, аканоўваны падступнымі варагамі на паступовае, але поўнае выгубленьне? I паэзія зазваніла на трывогу. Адным з найбольш няўтомных і бясстрашных званароў-паэтаў гэтых трывожных часоў стаўся ўзвышэнец Уладзімер Дубоўка. 1929 год, якому наканавана было стацца апошнім годам ягонага друкаванага творства, выпаў і найпрадукцыйнейшым годам гэтага паэта. Тутака адзін па адным пачалі зьяўляцца ягоныя найбольшыя, найдасканальнейшыя й найвай-стрэйшыя творы, і блізу кажны зь іх бальшавіцкая крытыка й г. зв. «грамадзкасьць» - адразу-ж пераймала ў штыхі. У № 1 часапісу «Ўзвышша» за 1929 г. зьявілася вялікая Дубоўкава нізка вершаў «Пярэсты букет», у № 2 — паэма (паводле крыху пазьнейшае паэтавае тэрміналёгіі — «камбайн») «I пурпуровых ветразяў узьвівы», у № 4 — паэма «Браніслава». Найбольшы бой разгарэўся каля «Ўзьвіваў».
Найменш увагі прыцягнула «Браніслава», дзякуючы ўжытай удала тактыцы маскаваньня пад гістарычнасьць — назіркам за прыкладам старэйшага свайго сябры з «Узвышша», аўтара ведамай аповесьці «Са-лавей» Зьмітрака Бядулі, Дубоўка перанёс дзею свайго твору ў іншую гістарычную эпоху — эпоху прыгону. Але гэта якраз і стала ў прыгодзе, каб упяршыню ўзьняць голас пра той новы, беспараўнальна горшы прыгон-паншчыну, настаньне якога ўжо выразна вырысоўвалася ў тэй «калектывізацыі» і «ліквідацыі». I голас гэты загрымеў у перадсьмяротнай інвэктыве гэраіні паэмы Браніславы:
...Вы нашу радасьць адабралі,
замуравалі ў камяні,
вы шчасьце наша ў гразь стапталі,
ператварылі ў ночы дні.
Заміж вясёлае бяседы
у хатах бедных сьлёзы, стогн.
Сусед хаваецца суседа,—
за ўсё за гэта вам праклён.
На вашы могілкі ня гляне ніхто з спагадаю, ніхто... Адпомсьцяць вам за ўсё сяляне, аж здрыганецца ўвесь прастор. За усе крывавыя банкеты, за зьдзірства зь бедных і сірот — цераз абшары ўсяго сьвету вас праклінае мой народ.
Хоць фармальна ўсе гэтыя праклёны пасылаліся на галовы прыгоньнікаў XIX веку, але кажнаму зусім лёгка было пераадрысаваць іх на сучасных яму прыганятых — «калектывізатараў» і «ліквідатараў», тэрор якіх і даводзіў грамадзтва да таго стану, калі мусіў «сусед хавацца суседа» — стану, нязнанага ніколі ў папярэдніх вякох і гадох, а прыношанага якраз, цяпер, ува ўсёй жудаснай практыцы ўжо масавых крывавых « раскулачваньняў».
Адразу-ж па «Браніславе» Дубоўка бярэцца за найбольшы й наймацнейшы свой твор — «камбайн» — «Штурмуйце будучыні аванпосты», у якім пачаткі эпохі калектывізацыі ўжо знайшлі сабе нічым не завэлюмоўванае й войстрае адтварэньне. Твору гэтаму, аднак, не давялося пабачыць сьвету. Рэч у тым, што 1929 г. стаўся й годам асаблівага завайстрэньня г. зв. «пільнасьці» бальшавіцкае цэнзуры. Гэта-ж бо ў ім цэнзура тая «зарэзала» — не прапусьціла мацнейшых твораў нашых паэтаў больш як калі: тутака ад яе ўцярпелі й Пушчавы «Лісты да паэтаў» (адзін толькі зь іх — «Ліст да эўрапейскіх паэтаў» — быў прапушчаны й зьявіўся ў зборніку «Песьні на руінах», 1929 г., лісты-ж да нашаніўцаў, маладнякоўцаў і ўзвышэнцаў засталіся й дасталі некаторую ведамасьць адно ў рукапісах), тутака назаўсёды загінуў «трэці скрутак» славутых Мрыевых «Запісак Самсона Самасуя», у страху ад цэнзуравага гневу спалены аўтарам, тутака быў «абрэзаны» бліскучы раман Міхася Зарэцкага «Крывічы», трапіўшы ў друк адно сваім пачаткам (і крыху пасьля, у 1931 г.— самым сваім канцом), а ў галоўным сваім працягу забаронены, тутака-ж не прабілася ў друк і другая частка ўспомненых ужо вышэй «I пурпуровых ветразяў узьвівы» таго-ж Дубоўкі, напісаная ў пляне контратакі на бальшавіцкія напады, выкліканыя гэтым творам.
Адылі новаму Дубоўкаваму «камбайну» — «Штурмуйце будучыні аванпосты» — адразу нат неспадзявана было пашчасьціла ў гэтае суворае цэнзуры: яна была прапусьціла яго ды навет зусім беззасьцярожна й цалком. Але калі твор ужо быў набраны да друку ў «Узвышшы» й прайшоў усе карэкты, улучаючы й аўтарскую, цэнзары адумаліся й адклікалі дазвол, катэгарычна забараніўшы друкаваць гэтую, запраўды, «бомбу». Папярэдзіўшы гэтым большую для сябе й гаспадароў сваіх шкоду, не маглі яны, аднак, усьцерагчыся ад учыненьня шкоды меншае, выклікаўшы адразу сваёй забаронай сэнсацыйную цікавасьць да рэчы. I вось карэктурныя адбіткі зараз-жа пайшлі з рук у рукі, зь іх здымаліся рукапісныя копіі, што сваім парадкам пайшлі множыцца далей тым-жа шляхам, і ў выніку «камбайн» пашырыўся гэтак, як ніводзін, бадай, твор нашае літаратуры тых год, што дазнаў падобную долю цэнзурнае забароны й нелегальнага рукапіснага пашырэньня. Шмат якія мясьціны твору, удзячныя для запамінаньня, адразу-ж асядалі ў памяці й ці ў аднаго дажылі й жывуць яшчэ дагэтуль.
Толькі ў 1931 г., калі сам Дубоўка, як шмат іншых нашых пісьменьнікаў і наагул «нацдэмаў», быў ужо назаўсёды «адцягнуты з ужытку» й кіраваўся этапам на далёкае выгнаньне, зьявіўся першы й адзіны ўспамін у друку пра ягоны «крамольны» твор у пагромнай кніжцы бальшавіцкага «егермайстры ад літаратуры», як добра прадражнілі яго тады ў Заходняй Беларусі,— О. Канакоціна — «Літаратура — зброя клясавай барацьбы» (Менск, 1931). Тамака Дубоўкаваму «камбайну» прысьвечана каля дзьвёх балонак, на якіх «крытычна» пераказана колькі мясьцінаў твору, а адна мясьціна нат даволі пашырана зацытаваная. Адыходзячы ад гэтых дадзеных Канакоціна ды дапаўняючы і ўдакладняючы іх, наколькі дазваляе памяць, пастараемся пазнаёміць сяньняшняга чытача з адным з найвыдатнейшых твораў нашае паэзіі, чвэрць веку таму, у такіх трывожных часох і пра іх-жа напісанага, ды загубленага катамі вольнае думкі й творства.
«Штурмуйце будучыні аванпосты» зьявіліся ў творстве Дубоўкі як трэцяя частка трылёгіі, першая частка якое — «Кругі» — была напісаная й выдрукаваная яшчэ ў 1927 г. (у № № 5 і 6 часапісу «Ўзвышша» за той год), а другую частку станазілі ўспомненыя ўжо «I пурпуровых ветразяў узьвівы». З чыста мастацкага боку ўсе тры рэчы становяць сабою Дубоўкаву спробу стварыць новы жанр паэмы, заснаваны на камбінацыі разнародных жанравых элемэнтаў — інтымнае лірыкі, эпісталярнага (лістоўнага) жанру, жанру падарожжа, адмыслова апрацоўваных народных казак і навет перакладаў з чужаземных паэтаў. На уступе да разгляданае рэчы Дубоўка ўспамінае папярэднія ёй часткі трылёгіі, асабліва спыняючыся на тым," як яму «як-быццам праз шкло паэма зайльсьнела другая — «Узьвіў ветразёў пурпуровых» і як на яе адразу-ж пасыпаліся «ўпікі, асуды а словы» (калямбурная гульня словаў: «а словы» — «асловы»). Зазначаючы на жанравае адзінства ўсіх трох твораў, паэт і прапануе тут для экспэрымэнтаванага ім жанру адмысловы назоў «камбайн». (Наступныя і ўсё далейшыя цытаты, за выняткам цытаваных у тэксьце Канакоціна, падаюцца з памяці.)
«Камбайн» падыходзіць якраз, «Combine» у ангельскай вымове. Зацьвердзіць ці выкіне час Ці створыць яшчэ адмысловей — Хай будзе, як будзе ямчэй: Раскрыта дакладная мапа. I покуль мы жывы яшчэ — Наперад, да новых этапаў!
Тэрмін «камбайн» меў тымі часамі і, казаў той, надзённае значаньне, зьвязанае якраз з калектывізацыяй, паколькі «камбайнамі» зваліся складаныя сельскагаспадарскія машыны, што пра іх савецкая прапаганда цьвердзіла, быццам ужываньне іх магчымае адно ў вялікіх калектыўных гаспадарках, дзе яны тады й пачыналі ўводзіцца. Тэрмін гэты, відаць, так кінуўся ў вочы Канакоціну, што ён і завець увесь час разгляданы Дубоўкаў твор ня дадзеным яму самім аўтарам загалоўкам «Штурмуйце будучыні аванпосты» (што, дарэчы, становіць сабою адзін з радкоў папярэдняе часткі трылёгіі — «I пурпуровых ветразяў узьвівы»), а толькі падзагалоўкам «камбайн», у якім давалася адно жанравае азначэньне рэчы.
У ідэйным дачыненьні адзінства трылёгіі выяўлялася ў адзінстве ідэі — прынесенае Дубоўкам і ўзьнятае на шчыт узвышэнствам ідэі творчага нацыянальнага ўлучэньня ў сусьветны прагрэс узьвядзеньнем такіх узвышшаў духу, творства й культуры, якія «пабачаць вякі й народы», як казалася ў дэклярацыі «Ўзвышша». Адным з улюбёных Дубоўкавых ды іншых узвышэнцаў мастацкіх вобразаў гэтага імклівага нацыянальнага, у сусьветны ўлучанага прагрэсу стаўся вобраз цягніка. Прынесены ў нашую паэзію адным з фактычна найпершых узвышэнцаў, Жылкам, у ягоным вершы «Экспрэс» (1926), вобраз гэты стаўся асноўным ужо ў першым Дубоўкавым «камбайне» «Кругі» і цяпер ізноў зьяўляўся ў гэткай-жа якасьці ў трэцім «камбайне» — «Штурмуйце будучыні аванпосты». Дзея гэтага апошняга й адбываецца ў цягніку, як і ў «Кругох», а дно што там цягнік гэны йшоў магістраляй Менск—Масква, а тутака ён ужо рухаецца па невялічкай чыгуначнай каляіне, што праходзіць у ўсходняй частцы БССР паміж станцыямі Ворша й Унеча:
Цягнік ідзе ад Воршы да Унечы,
Вязе людзкія клопаты і рэчы,
Грукачуць колы, ляскаюць рэсоры,
I так цераз даліны, цераз горы
Цягнік даганяе ўсё дзень,
А ноч паабапал дыжурыць,
Здрыгаючыся ён ідзе,
Цыгару вялізную курыць.
I дым, і туман, і вагонь
Пярэстую склалі заслону,
Калышацца ў далі вагон,
Гаворыць вагон да вагону...
Гэтымі радкамі й пачынаецца «камбайн», імі-ж, як увесь час паўтараным, сказаць -бы, ляйтматыўным рэфрэнам-прыпевам разьмяжоўваюцца-разразаюцца адрэзкі дзеяньня, свайго роду разьдзелы твору. Спыняе на сабе ўвагу рытмічнае й гукавое апрацаваньие гэтых радкоў, на якое заўсёды такім вялікім майстрам быў Дубоўка: рытмічная й гукавая імітацыя хады цягніка дае поўную ілюзію — паступовае набіраньне разгону ад старту ў першых чатырох радкох, самы разгон у графічна, адступам выдзеленых радкоў наступных — усё больш імпэтная пульсацыя хады тактамі, зь перабоямі («здрыгаючыся ён ідзе»), выраўноўванымі ў мернае калыханьне (апошнія два радкі). У нашай паэзіі гэта адзін з узораў найдаскакальнейшае рыт-мічна-гукавое арганізацыі вершу, пры гэтым зусім натуральнай, супраць тае настырлівае й падчыркненае (праўда, знарочыста), якую даў Жылка ў сваім успом-неным «Экспрэсе».
У гэтым цягніку гістарычнага прагрэсу, што «даганяе ўсё дзень» сярод цёмнае ночы, якая нясе заўсёды паабапал кажнага прагрэсу, казаў той, «дыжур рэакцыі», едуць два галоўныя гэроі твору, што адразу-ж прыгадваюць чытачу гэрояў папярэдняга Дубоўкавага «камбайну» — «I пурпуровых ветразяў узьвівы», якія зваліся там Лірыкам і Матэматыкам. Тутака ўжо яны завуцца інакш — Селянінам і Кандуктарам. У дыялёгу-дыскусіі між імі ў справе калектывізацыі й разгортваецца асноўнае дзеяньне твору.
«У «Камбайне»,— пераказвае Канакоцін,— Дубоў-ка піша пра тое, як аршанскі кандуктар, пад якім ён разумее партыю, пасадзіў у вагон кур'ерскага цягніка селяніна для таго, каб павезьці яго ў калектыў, і пачаў угаворваць селяніна, каб той згадзіўся дабраахвотна ўступіць у калектыў. Селянін адказвае, што ён на гэта ня згодзен. Кандуктар працягвае настойваць, прычым у сваіх довадах кандуктар паказаны адмоўным тыпам, а селянін, наадварот, паказан моцнай асобай, з псыхалёгіяй, якую гэтаму кандуктару не надламаць. I недарэмна Дубоўка ўкладае душу ў адаказы гэтага селяніна, калі ён парыруе кандуктару. Селянін гаворыць кандуктару:
Цябе салавей не дагоніць, Калі, навет, возьме лакотку. I ночы ня стане сягоньня, I ноч можа стацца кароткай. Ды ўсё яно добра ў дарозе, Калі ты ляжыш на паліцы, Калі ты ў ніякай трывозе, Ніякай няма навальніцы... А вось, як увойдзеш у хату, Як глянеш на шэрыя сьцены,— Згадаеш і дзеда і тату, Радню да дзясятых каленаў,— Дык надта і не паскачаш, Дык надта і не падскочыш, I горка калі заплачаш, Хоць хочаш ты сам ці ня хочаш. Здалёку даваць парады, Бадай, што ня вельмі і цяжка — I казка здаецца, як праўда, I праўда здаецца, як казка.
Бліжэй падыйдзі, чалавеча,
Да гэтай вясковай сядзібы,
Калі насуваецца вечар,
Калі нараджаюцца хібы...
Ты думает, лёгка пакінуць
Усё, што ў стагодзьдзях зьбірана?
Ня выганіш гэнага клінам,
Бо будуць няўгойныя раны...
Мне кажны памежак знаёмы, Сьмяецца мне кажны лісточак, Дык што ты мне раіш для злому? Дык што ты мне раіш, браточак? Павінен я кінуць, зрачыся Усяго, што з маленства мне міла?
Увесь твор прасякнут ідэяй моцнай асобы селяніна, які супрацьстаўляецца партыі» (б. 71—72).
Канакоцінаў пераказ у агульным даволі адпаведна падае асноўны ход Дубоўкавага твору, але ўсё-ж вымагае некаторых удакладненьняў. Перш-наперш, пад «кандуктарам» паэт алегарызуе ці «разумев», як кажа Канакоцін, ня ўсю бальшавіцкую партыю, а толькі ейную нацыянал-камуністычную частку, што адыгравала ў гэтай партыі якраз ролю кандуктара, а не самога машыніста, што вядзе цягнік. Дубоўкаў «селянін» гэтак і кажа таму «кандуктару»:
...Ты тормазы круціш з адхону,
Разгон ад цябе не залежыць...
на што апошні адказвае:
I тормаз пакруціць ня ўсякі:
Патрэбна й на гэта навука.
Каму — дык ніякага знаку,
Каму — гарацешная мука...
I хоць Дубоўкаў «кандуктар», як відаць, добра засвойтаў гэную «навуку» тармазіць у цягніку гісторыі вагон, куды пасаджаны ягоны-ж родны народ, ён тым ня менш дазнае й тую «гарацешную муку» ад сьведамасьці гэтае свае ролі ды імкнецца пазбыцца яе; вонкава й далей адбываючы павіннасьць, адначасна зраджвае яе й рашчыняе сваім суродзічам -«пасажырам» вочы на запраўдны сэнс рэчаў... I тады ў Дубоўкавым «кандуктары» алегарызуецца ня толькі нацыянал-камуністычная частка партыі, але й выяўляная ею ўжо тады апазыцыйнасьць да гэтае партыі. Дый жыцьцёвым прататыпам Дубоўкавага «кандуктара» быў ніхто іншы, як выдатны наш нацыянал-камуніст, апазыцыянер Алесь Адамовіч, постаць якога падаў і Міхась Зарэцкі ў асобе аднаго з галоўных гэрояў сваіх, успамінаных ужо вышэй, «Крывічоў» (у асобе Сьляпня). Характэрны гэтаму прататыпу ў жыцьці сваеасаблівы мэтад апазыцыйнае прапаганды й падаў Дубоўка ў дыскусіі свайго «кандуктара» зь «селянінам». Мэтад гэты палягаў на тым, што пры апазыцыйным прапагандовым «апрацаваньні» кажнага сьвежага чалавека адразу яму разьвіваліся, як мага сушэй, афіцыйныя тэзы «генэральнае лініі», а на «довад» іх прыводзіліся жыцьцёвыя прыклады, анэкдоты, «прыпавесьці», якія фактычна адмаўлялі гэныя тэзы; з рэакцыі «апрацаванага» відаць было, ці варта весьці «апрацаваньне» далей і раскрыцца, ці трэба адступіць, на «генэральную лінію», як мага мацней «застрахавацца» ды наагул «заблытаць і замесьці сьляды». Гэтак і робіць Дубоўкаў «кандуктар»: ён, запраўды, агітуе за калектывізацыю, але толькі суха й казённа выкладаючы тэзы афіцыйнае прапаганды, а «на довад» пераказвае народныя казкі з «мараляй», скіраванай проста супраць сэнсу гэтых тэзаў. Як казённы агітатар, «кандуктар» зусім нагадвае Матэматыка зь «I пурпуровых ветразяў узьвівы», які ўвасабляў сабою гэным бальшавіцкую партыю (адсюль і памылка Канакоціна, які не перадумаў глыбей свайго першага ўражаньня). Але, пераказваючы казкі, ён ператвараецца ў таго-ж Лірыка з успамінаных «Узьвіваў», што спэцыялізаваўся там на гэткім-жа пераказваньні. 3 другога боку, гэнага Лірыка прыгадвае і «селянін», асабліва ў тых мясьцінах, дзе паэт, як кажа Канакоцін, «укладае душу» ў ягоныя выказваньні — адну з гэткіх мясьцінаў (зь невялічкімі і, здаецца, няістотнымі пропускамі) і зацытаваў Канакоцін, а зь ім і мы, хоць, між іншага, наколькі памяць, гэта й не наймацнейшая мясьціна з прамовы «селяніна». Магчыма, што Канакоцін асьцерагаўся «даваць трыбуну ворагу», як кажуць у гэткіх разох бальшавікі, цытаваньнем мацнейшых мясьцінаў «селянінавае» прамовы, як, прыкладам, другога пасажу дзесь спаблізу зацытаванага, дзе «селянін» выказваў думку, што ў калгасе працавітаму давядзецца працаваць на дзяньгубаў і паразытаў ды выстаўляў іншыя падобныя важкія жыцьцёвыя аргумэнты. Контраргумэнты-ж «кандуктара» выглядалі ў гэткіх разох звычайнымі адчэпкамі й «агульнымі месцамі», што яшчэ больш узмацняла сілу «сёлянінавай» аргумэнтацыі. Гэтак на прыведзеную Канакоцінам «селянінаву» тыраду «кандуктар» проста толькі аськірзаецца:
Як падумаць, чорт-нячысьцік
Заганяе цябе сілай...
а аргумэнт пра дзяньгубаў і паразытаў збывае звычайнымі кепікамі:
А тое, што ты на палетак,
А ён — дык да чорта ў капэлю —
Ўсё гэта для дзетак, для дзетак,
Вось так вечарком, у нядзелю.
Імкнучыся «выясніць мэту, якую прасьледуе паэма», Канакоцін пераказвае й а дну з народных казак, якую расказаў Дубоўкаў «кандуктар» «на довад» свае агітацыі за калектывізацыю.
«У гэтай паэме,— піша ён,— у лірычным адступленьні Дубоўка апавядае казку,— а ён, між іншым, вялікі мастак на лірычныя адступленьні,— казку пра тое, што была некалі мазырская княжна, якая ўдавілася косткаю. Гэтая княжна, па звычаю заходніх народаў, была пакладзена ў склеп. Прыходзіць злодзей, пачынае яе рабаваць. Злодзей рабуе да апошняй кашулі, і калі пачынае зьнімаць з гэтай княжны, якая ўдавілася косткаю, кашулю, тады ад нялоўкага штуршка злодзея костка выскаквае з горла і княжна прачыняецца, крычыць. Злодзей кідае рэчы, баючыся, што яго зловяць вартаўнікі. Такі прыкладна зьмест казкі. Беларусь — гэта княжна, якая ўдавілася косткаю волі, цяпер абрабаваная бальшавікамі, абабраная да апошняй кашулі, закрычыць і закрычыць так, што прыбяжыць вартаўнік з Захаду й прагоніць злодзея-бальшавіка» (б. 72).
Асноўны сэнс гэтае казкі Канакоцін зноў пераказвае адпаведна, адылі ў пераказе сюжэту недакладнасьцяў ужо куды больш — ствараецца ўражаньне, што пераказьнік карыстаўся баржджэй сваймі ўспамінамі, чымся беспасярэдня перад пераказам прачытаным тэкстам. Перш-наперш казаць тутака пра «лірычнае адступленьне» аўтара аніяк нельга, бо казка ўкладзеная ім у вусны «кандуктару» і становіць сабою пашыраную рэпліку-маналёг апошняга ў дыскусіі-дыялёгу зь «селянінам», дый аніякае лірычнасьці ў ёй няма. Сюжэт гэтае казкі Дубоўка ўзяў з другога зборніка «Казак беларусаў-паляшукоў» Сержпутоўскага, выданага Інстытутам Беларускае Культуры ў 1926 г. Дзеіць у гэтай казцы зусім не мазырская княжна, а частая асоба нашых казак — легендарная дачка ведамага зь Бібліі цара Салямона (у казках — «Салімона») мудрага, ад яго й называная ў нашым фальклёры Салімонкаю. «Цар Салімон», які таксама дзеіць тут,— вельмі часты гэрой нашых народных казак, ад-но што «царства» ягонае народная фантазія пераносіць з Палестыны ў нашае Палесьсе, а сьледам за ёй і Дубоўка зьмяшчае гэнае царства «недзе каля Мазыра», аднаго з палескіх цэнтраў. Далей, злодзей і ў народнай і ў Дубоўкавай казцы не пасьпеў зрабаваць сваю ахвяру «да апошняе кашулі»: ён аніяк ня мог адчыніць дамавіны і, каб разьбіць яе,
Прывалок вялікі камень, Намагаючы рукамі, Ды як грукнуў з усёй сілы, Аж здрыгнуліся магілы.
Вось ад гэтага ўздрыгу дамавіна рашчынілася, а костка вызваліла Салімончына горла, яна ажыла й закрычэла. Нарэшце Канакоцін зусім апушчае самы канчатак: варта, што прыбегла на крык, злавіла злодзея, але мудры Салімон мусіў дараваць яму ягоны ўчынак, бо ён зьвярнуў да жыцьця царову любую дачку. I «кандуктар» канчае сваю казку «мараляй»:
Часам зробіць і ліхое Справу добрую на сьвеце — адказваючы гэтым на папярэдняе ягонаму апавяданьню «селянінава» цьверджаньне, што калектывізацыя — гэта «ліхое». Гэтак «кандуктар», карыстаючыся сваім вышэйапісаным мэтадам, «даводзіць» свайму «пасажыру» карысьць калектывізацыі, як мерапрыёмства, гвалтоўнасьць і рабупства якога можа ажывіць «Беларусь, якая ўдавілася косткаю волі», паводле Канакоціна, і паспрыяць ейнаму вызваленьню (пры дапамозе Захаду, як добра зразумеў і Канакоцін).
У апрацаваньні гэтае казкі Дубоўка, між іншага, упяршыню выкарыстаў арыгінальны тэхнічны прыхватак, на якім ён пабудаваў ужо свой наступны пасьля «камбайну» (і апошні друкаваны) твор — нізку вершаў «Крыху восені й жменька кляновых лістоў» (выдрукавана ў «Узвышшы», № 7 за 1929 г.) — прыхватак вершаваных зносак на ніз балоны, у якіх паважныя, лірычныя ці трагічныя, мамэнты асноўнага тэксту як быццам-бы зьніжаліся гумарам, іроніяй ці сарказмам, што, з другога боку, кіраваўся сваёй вай-стрынёй супраць пракуднае сучаснасьці, так далёкае і нат супраціўнае ўсякім узвышаным, лірычным ці трагічным, мамэнтам, так што, у канцовым выніку, зьніжалася й выкпівалася якраз гэная сучаснасць. Першая такая вершаваная зноска была ўведзена Дубоўкам да тае мясьціны казкі, дзе паказвалася гора цара Салімона й іншых, калі выявілася немагчымасць зьвярнуць да жыцьця дарагую ўсім Салімонку, што ўдавілася косткаю:
Гэта ўсё было калісьці,
У даўнейшыя часіны,
А цяпер, каб і давіўся,
Сумаваць ня так іхавінен:
Трэба толькі зразу зь піру
Клікаць доктара Шапіру —
Кажуць, добра памагае...
Сьцеражы нас, неба, раю!
Пра другую казку, пераказаную тым самым «кандуктарам» «селяніну», Канакоцін зусім маўчыць, а тым часам казка гэная становіць сабой адну з наймацнейшых мясьцінаў разгляданага Дубоўкавага твору. Паспрабуем, наколькі мага, аднавіць з памяці гэтае «народнае апавяданьне пра тое, як музыка прадаў чорту йскрыпку і што з гэтага выйшла» (гэткі падзагаловак, як памяць, мела дадзеная казка). Сюжэт і гэтае казкі Дубоўка ўзяў з таго-ж зборніка Сержпутоўскага, выкарыстаўшы яго на алегарызацыю змаганьня бальшавікоў за падпарадкаваньне сабе нашае паэзіі й мастацтва наагул, прадстаўленага тут у асобе народнага музыкі-самародка, у якім вельмі лёгка пазнаваліся характэрныя рысы падаванага ў гэтым вобразе самога карыфэя гэтага мастацтва — Янкі Купалы.
Жывучы — ўсяго пабачыш:
I даліны, і узвышшы;
Той жыве, як сын сабачы,
Тым і дзеці чорт калыша.
Неаднолькавыя дзеці —
Неаднолькава і шчасьце,
Так спрадвеку ўсё на сьвеце
Падзяляецца на часьці.
Вырас так і наш музыка,
Калыханы роднай маткай,
Абуваўся ён у лыкі,
Гора мераў поўнай шапкай.
Ды хоць рос, як сын сабачы,—
Талент песьціў сакаліны.
Жывучы — ўсяго пабачыш,
I узвышшы, і даліны —
так пачыналася гэтая Дубоўкава казка. Далей, як памяць, ішло апісаньне чароўнага граньня гэтага музыкі-самародка на йскрыпцы — памяць падае адно колькі абарваных радкоў:
...Скрыпка тая, як жывая,
Сама быццам вымаўляе...
...Грае йскрыпка ціха-ціха,
Аж спалохалася ліха,
Жабы крумкаць перасталі,
Дрэвы шапацець лістамі...
Гэтак і жыў музыка з сваёй іскрыпкай:
Граў за грошы, граў бяз грошы,
Піў «нарзан» ён з агуркамі.
Талент з часам не пагоршаў —
Паляпшаўся ўсё з часамі,
Тутака гэтым «нарзанам» (гэтак звалася папулярная тымі гадамі ў Саветах танная каўкаская мінэральная вада, нашым народным казкам, пэўна-ж, зусім нязнаная) паэт упяршыню выразна паказвае чытачу на той запраўдны час і абставіны, аб якіх йшлося яму ў казцы — на гэтую, казаў той, «нарзанную» савецкую сучаснасьць, што падавалася ім пад абалонкаю фальклёрных вобразаў. У далейшым такое паказваньне й прыпамінаньне пра запраўдны час і месца дзеі «казкі» паэт практыкуе ўсё часьцей і яшчэ выразьней, пачынаючы ўжо ад наступнае сцэны, што дае самую завязку сюжэту апавяданьня. Аднойчы музыка сваім улюбёным звычаем граў на адзіноце на беразе возера, «аж аднекуль чорт-нячысьцік тут зьявіўся ў непакоі», і ў іх завязаўся дыялёг:
Чорт: Добры вечар, ягамосьцю!
Музыка: Вечар добры! К нам на гулі,
Ці з рэвізіяй, ці ў госьці
Ты зьявіўся, абтаптулік?
Чорт: Што такое «абтаптулік»?
Я у слоўніках ня бачыў!
Можа, гэта толькі жулік,
Можа, горш, як сын сабачы?
Калі ласка, без намёкаў —
Ня люблю я алегорый:
Пад вадой і так мне мокра,
А яшчэ і ты гаворыш...
Музыка: Hi «намёкаў», ні «адмёкаў»
Тут няма і быць ня можа,
Ты дарэмна загалёкаў
I скрывіўся так нягожа.
Чым служыць магу васпану?..
У гэтай сцэнцы ўмоўнасьць фальклёрнасьці праясьненая паэтам ужо нагэтулькі, што чытач выразна бачыць перад сабою не народна-казачных пэрсанажаў, а ўсяго толькі пераапраненых у іхныя вопраткі сучасных яму савецкіх людзей — «чорта»-бальшавіка, горка падазронага да словаў чужой яму, адно із елоўнікаў, казаў той, «у парадку беларусызацыі» ведамае беларускае мовы, а таксама і да ўсякіх алегорыяў ды «намёкаў», і — «музыку»-мастака, што ўвесь час іранізуе над гэтым бальшавіцкім «рэвізорам ад мастацтва» зь ягонымі барбарыстычнымі ў тэй чужой яму мове «намёкамі» і «адмёкамі». Ды гэты апошні, аказваецца, зьявіўся зусім ня «з рэвізіяй», а з прапановай да музыкі прадаць яму сваю чароўную скрыпку. Адразу музыка адкідае гэтую прапанову, але чорт гэтак неадчэпна намагаецца й дурыць галаву, што ў рэшце рэштаў музыка паддаецца, каб хоць адчапіцца, і адно вымаўляе сабе права зайграць апошні раз на прадаваным інструмэньце. Зноў даецца апісаньне чароўнага «музыкавага» граньня, але чорт сьпяшаецца «да пекла» й перапыняе яго:
...Граеш надзвычайна пекна,
Але некалі мне, браце,
Дай-жа йскрыпку...
Тут адно зразумеў музыка, што значыць яму расстацца зь любаю «скрыпуляй»: станоўка адмовіўся аддаць новаму гаспадару прададзены ўжо яму інструмэнт, аж бяручыся зь ім узагрудкі:
...А цяпер — аддай скрыпулю...
Ці вы бачылі, ці чулі?..
Чорт за йскрыпку — чорту поўху,
Чорт за смык — яму па храпах:
Памятаць ён будзе доўга,
Як іскрыпку браў нахрапам...
Ды урэшце — чорт наверсе:
Як ня сілай — ўзяў на хітрасьць,
Не заўважыўшы, што ў лесе
Ён «душу» зь іскрыпкі вытрас.
Невялікая і штука —
Дзед стругаў з дубовай планкі,
Ды ня будзе добрых гукаў,
Грай хоць год бесьперастанку...
Гэтак алегарызуецца тутака змаганьне бальшавікоў за падпарадкаваньне сабе нашае паэзіі й мастацтва, што скончылася вонкавай перамогай бальшавікоў — іхняе сілы, хітрасьці дый грошай, але тым-жа часам і няўзнак «вытрасла» самую душу з творства, безь якое — няма ніякае паэзіі, ніякага мастацтва. У гэтым мамэньце Дубоўка найбольш пераапрацаваў сюжэт народнае казкі зборніка Сержпутоўскага, унёсшы якраз гэтак змаганьне музыкі з чортам за скрыпку, якога зусім ня было ў тэй казцы — музыка там проста сам «скрыпку ён патрос, бы грушу, ды з грудзей і выняў душу». Пераапрацаваньне гэтае, пэўна-ж, спатрэбілася аўтару дзеля алегарызацыі мамэнту змаганьня за падпарадкваньне паэзіі, і гэтая акалічнасьць лішні раз пацьвярджае сьведамасьць усяго аўтаравага намеру алегарызацыинага выкарыстаньня фальклёру.
Абрабаванаму чортам музыку не заставалася нічога, як. толькі з гора прапіваць атрыманае за скрыпку золата (мамэнт, які выразна наводзіў чытачу на думку долю шмат якіх беларускіх паэтаў-мастакоў; у арыгінальнай казцы зборніка Сержпутоўскага, ізноў-ткі, гэтага мамэнту зусім няма). Чорт-жа пастанавіў сам асабіста ўзяцца за музыку:
Чорт у пекле гэным часам
Задае канцэрт вялікі,
Замяніўшы порткі пасам,
Удае зь сябе музыку.
Сярод чортавых памагатых на гэным канцэрце паэт падае выразныя сыльвэткі некаторых добра знаных тымі часамі бальшавізуючых «спэцыялістых ад мастацтва» — «крытыкаў»:
Два бамбізы, стаўшы ракам, На сьпіне трымалі ноты, Аж пішчэлі, небаракі, Ад такога пераплёту.
Гэта — ведамыя стаўпы тагачаснае галоўнае апоры бальшавікоў у нашай літаратуры — арганізацыі БелАПП (Беларускай Асацыяцыі Пралетарскіх Пісьменнікаў), Барашка й Мурашка. А вось адзін з найбольш агідных (і вонкава і нутрана) «тэарэтыкаў» і «крытыкаў» з таго-ж БелАППу, бязьмежны ў сваім падлабуньстве й выслугоўваньні перад вярхамі Гародня:
Нейкі гадзіч хударлявы Поўзаў, віўся ля абсацаў, Ляскаў вухам па халявах, Языком брыду ўсё мацаў. Бруха ён сваё адпоўзаў — Падкавалі бруха цынам, Стаў падлейшым ён ад поўзаў, Хоць хваліла ахвіцына.
I нарэшце — з найбольшай дакладнасьцяй сфатаграфаваны з натуры «марксыцкі (праўдзівей — марксыцтвуючы) крытык» з часапісу «Полымя» Школа Байкоў — глухі і фізычна і псыхічна, праняты адзіным імкненьнем зарабіць як мага больш «валюты» «на чорны дзень», на жаданьне гаспадароў хвалячы бязь меры каго трэба, а каго трэба — бязь меры-ж бэсьцячы:
А глухі прыйшоў сам-насам,
Працірае акуляры,
Палівае розум квасам
I падлічвае даляры.
Трэба слухаць, хоць пакута
(Во ў глухога курс узяты —
Меркаваў, як будзе крута,
Алалаху даць у Штаты).
Хоць ня чуе, але хваліць:
«Мілагучна, пачуццёва...»
Ды выхвалы аднаго толькі (і наверх глухога) падхаліма ня могуць задаволіць канцэртанта-чорта:
Але чорту гэта мала,
Бо вушастыя — ні слова...
і ён нарэшце сам пераконваецца ў сваёй няпрыдатнасьці да ўзятае ім на сябе ролі й зракаецца сваіх спробаў:
— Сам я бачу, што пагана... Тут патрэбен арганісты Ці музыка, каб ня п'яны. Вы знайдзеце, прывядзеце — Ён для нас іграць павінен, Дзе схаваешся на сьвеце? Людзі кажуць, толькі ў гліне. Адшукалі вельмі скора Гарацешнага музыку: «У дрызіну», як гавораць, Быў ён п'яны, ўзапар ікаў...
Але й гэты былы собсьнік інструмэнту ня мог ужо зайграць нічога на пазбаўленай душы скрыпцы:
Скрыпка тая, як нямая, Быццам голасу ня мае, Толькі струны смык шаруе, Толькі пекла ірытуе...
Гэтак і канчаецца гэтая казка, пераказаная Дубоўкавым «кандуктарам» як перасьцярога «селяніну» супраць праводжанай і самым пераказвальнікам агітацыі «бяз душы», нат калі агітацыя гэтая й апранаецца часам у вонкава-паэтычныя формы (у арыгінальнай казцы зборніка Сержпутоўскага, ізноў-жа, канец інакшы крыху: «канцэрту ў пекле» зусім няма, а проста чорт, пераканаўшыся ў сваёй няздатнасьці да граньня на скрыпцы, знаходзіць музыку й кажа яму: «Бачыш, скрыпка бяз душы. На-ж, іграй і мне служы. От з тых час цыган і грае, толькі чорта пацяшае, бо ў ігры няма душы, хоць на Бога ты брашы» (б. 170 зборніка). Падпарадкавалі бальшаві-кі сабе мастацтва цаною пазбаўленьня яго душы і пакінула яно быць мастацтвам і ня можа больш «абслужыць» нат самых падпарадкавальнікаў, а дно «ірытуе» іх — гэткі асноўны сэнс гэтае казкі, пераказаць якую не адважыўся нат у сваім «крытычным выкладзе» Канакоцін.
Не пераказвае Канакоцін і сьцягу іншых вельмі характэрных мамэнтаў Дубоўкавага твору, што завяршаюць яго. Паспрабуем аднавіць іх тут з памяці. «Селянін», якога, паводле Канакоціна, «кандуктар» вёз у калектыў, туды не даехаў: часовыя спадарожнікі рассталіся на станцыі «Цёмны Лес»:
Адзін — дык на станцыі зьлез,
Другі — дык: «Білеты, білеты!»
Станцыя пад назовам «Цёмны Лес», на якой пакідае цягнік Дубоўкаў селянін, запраўды ёсьць на чыгуначнай каляіне Ворша — Унеча, але ў дадзеным творы назоў гэты мае перш-наперш алегарычнае значаньне, ды наверх і першым-жа чынам вельмі празрыстае кажнаму нашаму чалавеку, што вякамі звык разумець пад адыходам «у лес» адыход у паўстаньне, у партызанку... Значаньне гэтае паглыбляецца яшчэ й выкарыстаньнем у нашай літаратуры вобразу гэтага-ж «Цёмнага Лесу» Максімам Гарэцкім як вобразу «патаёмнага» (у апавяданьні пад гэткім назовам). Гэтак не ў Канакоцінавых бальшавіцкіх калектывах бачыць свайго «селяніна» паэт, а ў «патаёмным» лясным руху паўстаньня, партызанкі, у кажным разе — у «цёмным лесе» нейкае «патаёмнае» будучыні...
На месцы «селяніна», што пакінуў цягнік у нязнанасьць і патаёмнасьць «Цёмнага Лесу», у цягніку гэтым прыяўляецца паэту нямаведама адкуль выніклая агідная здань нейкага «Дон-Пузы» — чалавекападобнае істоты з галавою ў жываце — у «пузе» — і з адзінымі думкамі толькі пра інтарэсы гэтага-ж «пуза». Вобраз гэты быў задуманы паэтам як вобраз вульгарнага матар'яліста — антыпода таго бязьмежнага ідэаліста, якога ўвасобіў Сэрвантэс у сваім несьмяротным Дон-Кіхоце. Паасобнымі рысамі гэтага вобразу вульгарнага матар'яліста Дубоўка ўжо надзяляў некаторых гэрояў сваіх ранейшых твораў, асабліва таго-ж «матэматыка» ў «I пурпуровых ветразяў узьвівы». Крыху пазьней гэты-ж вобраз на ўвесь рост і шырыню разгарнуў другі ўзвышэнец, Язэп Пушча, у постаці Мярохі — аднаго з гэрояў цалком ненадрукаванага вялікага твору «Сады вятроў» (урыўкі друкаваліся ў часапісе «Узвышша», № 9—10 за 1929 г., № 3 за 1930 г.). Вобраз гэткага адпетага матар'яліста, што, паводле фактычных бальшавіцкіх імкненьняў, павінен быў заступіць сабою (дый заступіў) сьведама ліквідаваных ідэалістаў жыцьця і змаганьня і гэтым выклікаў трывогу за будучыню ў чулых паэтаў-узвышэнцаў, у Дубоўкавым «Дон-Пузу» пададзены ў войстра скарыкатурызаваным выглядзе. Усе гаворкі гэтага персанажа толькі пра матар'яльны дабрабыт, толькі пра спажыву для «пуза», ён проста не разумее ніякіх іншых пытаньняў і ка кажнае зь іх адказвае няўпотрап пытальніку, але з адзіна магчымай для сябе «пузавай» лёгікай:
...— Варэньня я шмат наварыў,
Ды сёлета вадкае дужа...
— Ты чым у змаганьні памог,
Для гэткай што ўнёс асалоды?
— Я больш на суніцы налёг,
Яны-ж гаркаваты заўсёды...
Няўжо будучыня й мае належаць да гэткае пачвары з галовою ў «пузе»?
...Йшчэ хваліцца: «Добра якраз,
Ня трэба капэлюш ці шапка...»
Схапіў яе зь месца ураз,
Схапіў тое «пуза» ў вахапку,
Шпурнуў праз вакно пад адхон,
Ня даўшы прахвосту ні слова.
У наспу урэзаўся ён
На поўнай хадзе цягніковай.
Гэтак хацеў-бы паэт расправіцца з накіданым бальшавікамі ідэалам, выкідаючы яго за борт цягніка гістарычнага прагрэсу.
Пасьля гэтага эпізоду з «Дон-Пузам» перад паэтавымі вачыма (але ўжо не ў цягніку, а за вакном) праходзяць здані двух вялікіх паэтаў мінуўшчыны — Пушкіна й Байрана. На фоне мэлянхалічнага нашага краявіду таго-ж тыпу, што й тыя — беларускія-ж такі, бо пскоўскія — краявіды, сярод якіх гадаваўся найбольшы расейскі паэт — «над рэчкаю Пушкін застыг», як нейкая імглістая эманацыя тае культуры, душою якое ён стаўся й якая празь яго й іншых убірала ў сябе, у тую сваю імглу, водарныя кадзівы й нашых гэткіх узрэчных далінаў сярод наскіх краявідаў, каб гэтай імглою пасьля ахутзаць іх-жа, засталучваць ад сьвету, загартаць пад сябе... У вусны расейскаму паэту, «застыгламу» над нашым краявідам, Дубоўка ўкладае адзін зь ягоных вершаў, бліскуча перакладзены ў нашую мову й тут-жа ўлучаны ў твор:
Я перажыў свае жаданьні,
Лятункі зьнялюбіў свае,
I плён сардэчнага згасаньня
Адны пакуты мне дае.
I лес у жорсткім сваім лёце
Квітушчы зблоціў мой вянец,
Жыву ў сумоце, у самоце
I жду, ці прыдзе мой канец.
Так познаю прыбіты сыцожай,
Калі зімовы чуцен сьвіст,
Адзін на галіне нядужай
Трапечацца спазьнёны ліст.
Але мэлянхалічане taedium vitae (стома ад жыцьця) элегічных радкоў расейскага паэта, што адно пасыўна й пакорна, чыста па-ўсходняму «жджэ, ці прыдзе ягоны канец», гучыць нашаму паэту а дно як taedium vitae прадстаўленай Пушкінам культуры, «квітушчы вянец» якое таксама ўжо «зблоціў лес у жорсткім сваім лёце...». Куды больш паэту нашаму да душы заходні, як-бы больш пануры, але непакорны, бунтарны «кароль паэтаў» Байран, які прыяўляецца яму тут-жа ў мамэньце свайго горкага, але гордага разьвітаньня з Бацькаўшчынай, калі сталася яна зацеснай і задушнай вольнаму й магутнаму паэтаваму духу:
Паэта пакінуў свой край —
У сьвет, хоць да чорта на рогі!
Вар'яюцца хвалі няхай,
Ня зьвернуць паэту з дарогі.
Байран наагул быў адным з найулюбёнейшых Дубоўкавых паэтаў ад самага пачатку. Паэт наш адмыслова навучыўся ангельскае мовы, каб мець магчымасьць чытаць «караля паэтаў» у арыгінале. Ужо сярод першых Дубоўкавых вершаў, што трапілі ў друк (у альманаху «Маладая Беларусь», выдадзеным у 1921—1922 гг. у Маскве групаю нашых студэнтаў), былі й пераклады з Байрана (наколькі памяць — зь ягоных «Гэбрайскіх мэлёдыяў»); Байранавы радкі часам выбіраліся ім за эпіграфы-«мотто» да некаторых сваіх твораў (як напр., да паэмы «Наля» — гл. «Узвышша», № 1 за 1927 г.). Яшчэ задоўга да стварэньня разгляданых тут «Будучыні аванпостаў» паэта пачаў працаваць над перакладам Байранавага «Чайльд-Гарольда» — скончыўшы гэты пераклад ужо толькі ў бальшавіцкай турме ў 1930—1931 гг. і там-жа пераклаўшы Байранавага-ж «Шыльлёнскага вязьня» (абодвы пераклады ня здолелі пабачыць друку, дастаўшы некаторае пашырэньне адно ў рукапісах). Урывак з «Чайльд-Гарольда» — ведамае «Разьвітаньне Чайльд-Гарольда» (між станзамі XIII і XIV песьні першай паэмы) — Дубоўка і ўкладае ў вусны Байрану, што зьяўляецца перад ім пасьля Пушкіна. На жаль, памяць захавала толькі першую і апошнюю (Ютю) станзу Дубоўкавага перакладу гэтага ўрыўку, зь якім выступае ў ягоным творы Байран; пакуль ня ўдасца з абрыўкаў паасобных радкоў, што вырынаюць з памяці, аднавіць усю цэласьць (на што, аднак, ня траціцца надзеі) — пададзём тутака хоць гэтыя ўспомненыя кавалкі:
1
Бывай, бывай, мой родны край,
Зьнікай у сінь вады;
Сьвіргочуць чайкі, вадаграй,
I ў ветры плач нібы.
Плыве за небакрай.
Плыве за небакрай.
Дабранач вам абодвым дам,
Мой родны край, бывай!
10
Імчы-ж хутчэй, мой плаў, мяне
Празь пенны перакат:
Абы ў якой быць старане,
Каб толькі не назад.
Вітаю ўсьпенены прастор,
А змоўкне вадаграй —
Вітацьму пусткі, змрок пячор...
Мой родны край, бывай!
Пэўна-ж, настрой пакіданьня роднага краю, атмасфэра якога рабілася гэтак нязноснай для вольнага духу, ня мог ня быць асабліва блізкім нашаму паэту ў тым 1929 годзе, гэткім пракудным на ягонай бацькаўшчыне. Дый ці яму аднаму? Ці адзін ён тады гатова-б «пакінуў свой край», падаўся-б «у сьвет, хоць да чорта на рогі» з адзіным жаданьнем «абы ў якой быць старане, каб толькі не назад», калі-б гэта толькі было магчыма? Ды калі нельга было вырвацца з задухі прыгнобленага краю, каб змагацца за волю там, дзе змаганьне было магчымае, дык можна было й трэ было спрабаваць прыцягнуць увагу да нялюдзкага стану на бацькаўшчыне тых, хто мог-бы пераняць гэтае змаганьне ў вольным сьвеце й прыйсьці з вызвольнаю памогай пакутнаму краю. I наш паэта зварачаецца да такога вольнага сьвету, увасобленага для яго цяпер у постаці духу вялікага ангельскага паэты-змагара, што аддаў калісь нат сваё жыцьцё за вызваленьне аднаго, як здавалася яму, з найбольш укрыўджаных народаў свайго часу:
Лёрд Байран! Вы йшлі бараніць
Ня грэкаў, а грэцкія міты.
Вяла вас антычнасьці ніць
На поўдзень, у лаўры спавіты.
Лёрд Байран! Мінула даўно
Уся гэна рамантыка ваша,
I з грэкамі туркі ўвадно
Для кухняў лаўровы ліст важаць...
Лёрд Байран! Каб ведалі вы
Пра нашай краіны нядолю,
Здратованыя паплавы
I ўкорань стаптанае поле —
Вы, пэўна, пайшлі-б бараніць
Яе, а ня грэцкія міты...
Ды ўрвалася прошласьці ніць,
I мы ланцугамі спавіты...
Гэтак у запраўдным сэнсе сваім ізноў гучыць тут зварот да любага паэта, да таго, кажучы Канакоцінавымі словамі, «вартаўніка з Захаду», які мог-бы, як рыцар волі вольнага сьвету, прыйсьці із сваёй вызвольнай памогай туды, дзе воля гэтая гвалцілася ўжо ад вякоў, а цяпер засморгвалася канчальна пятлёй нячуванага яшчэ ў тых вякох гвалту. Гэтак, між радкоў гэтага звароту кідаўся той самы адчайны кліч «SOS» (ратуйце нашыя душы), што ўжо таксама ці раз перад тым спрабаваў данесьці да вольнага сьвету між радкоў свае паэзіі найбліжэйшы Дубоўкаў сябра-паплечнік у «Ўзвышшы» Язэп Пушча («Рабіндранату Тагору», 1927, «Ліст да Эўрапейскіх паэтаў», 1928 г.).
Горкая думка аб ланцугох не забівае, аднак, на духу паэта, і ён супрацьставіць ёй, закончваючы свой твор, загалоўны ягоны заклік да сваіх «сяброў-супольнікаў у працы», не зважаючы нінавошта, і далей « штурмаваць будучыні аванпосты», у надзеі, што прыйдзе ўсё-ткі час, калі будзе зьнішчаны нарэшце ўсякі «...прыгон над словам, над духам, над чынам...».
Зараз-жа па гэтых словах, такіх нядвусэнсавых у 1929 годзе, го дзе нячуванага завайстрэньня таго бальшавіцкага ўсеабсяжнага «прыгону над словам, над духам, над чынам», і канчаецца Дубоўкаў «камбайн».
Неўзабаве па Дубоўку ўзьняў свой голас у тэй-жа справе, што хвалявала ўсіх у 1929 г.— у справе бальшавіцкага замаху на сялянства пад сьцягам «калектывізацыі»,— і сам той, што, паводле калішніх словаў таго-ж Дубоўкі, «адзін, ад усіх найвялікшы, маладых гадаваў сваёй песьняй» — сам Янка Купала.
Калі Дубоўку, як ужо казалася, 1929 год выпаў найбольш прадукцыйным у ягоным творстве, дык у Купалы, якраз наадварот, год гэны прайшоў на найніжэйшым узроўні творчае прадукцыйнасьці. Свой апошні найбольшы ўздым і колькасны і якасны Янка Купала перажыў тры гады перад тым — у 1926 годзе, што быў наагул найбольшым годам нацыянальнага ўздыму ў Савецкай Беларусі. У гэным годзе Купала напісаў і надрукаваў 21 вершаваны твор на 1122 вершаваныя радкі, тым часам як у папярэднім 1925 г.— усяго 1 твор на 89 радкоў, а ў наступных гадох — у 1927 г.— 6 твораў на 114 радкі, у 1928 г.— 1 твор на 100 радкоў і ў разгляданым 1929 г.— 2 творы на 85 радкоў. У гэным годзе вялікі наш трыбун і змагар мог і хацеў яшчэ дэманстраваць няўтомнасьць і нязломнасьць свайго творчага духу:
Есць-жа яшчэ ў мяне сіла
Крыўдзе ня дацца, змагацца,
Над сонных продкаў магілай
Вольна маланкай мігацца...
Есьць-жа яшчэ ў мяне песень,
Поўных надзеі, жыцьця,—
Як-бы ня быў ім сьвет цесен,
Вырвуцца ў сьвет зь нябыцьця...
Есьць-жа яшчэ ў мяне вера
Ў вольны мой родны народ,
Што у патрэбе зь сякерай
Выйдзе за волю ў паход!
Адылі, з другога боку, у тым-жа самым годзе Купала бачыў ужо сябе й перад судам гісторыі сярод тых, пра каго суд гэны павінен будзе рассудзіць, ці яны
...аб свой гонар дбайна дбалі
I дабравольна, бяз прынук,
Самі сабой не гандлявалі,
Ня несьлі ў петлі дум і рук...
і добра прадчуваў, як у рассудку гэным можа быць датычная й да яго сумная канстатацыя факту,
Што нейкі з нас, хоць быў ня зломак,
А плечы гнуў у крук ня раз;
Ня йшоў з адкрытымі вачыма
У сьвет і сьцежкі не прастаў,
А ўсёй магчымасьці магчымай
Таптаў сьляды, сябе таптаў...
ды мо прадчуваў навет, што шлях гэткага саматаптаньня ў яго яшчэ больш наперадзе, чымся адзадзя...
У кажным разе пасьля 1926 г. у Купалы ўсё меншала а меншала «песень, поўных надзеі, жыцьця», асабліва-ж «песень, зь якіх-бы можна было ўцяміць, што мы свабоднымі былі». Пят ля несвабоды няўзнак тужэла на волі «дум і рук». Выразныя знакі гэтага й відаць ужо на тым творы 1929 г., што ім і адгукнуўся Купала на пазначаны гэным годам гвалт над народам нашым — на ведамым вершы ягоным «Зыходзіш, вёска, зь яснай явы», датаваным лістападам 1929 г. і ў тым-жа часе паданым у друку. Тутака найлепшы й найчулейшы сын ды найбольшы паэт нашае вёскі ўжо безь відавочных выяваў і «сілы крыўдзе ня дацца, змагапда» і «веры ў вольны свой родны народ, што ў патрэбе зь сякерай выйдзе за волю ў паход» — пяець мэлянхалічную адыходную гэтай вёсцы, ужо ад пачатку прасякнутую даволі мяшанымі пачуцьцямі:
Як сон маркотны, нежаданы, Зыходзіш, вёска, зь яснай явы, А твой народ вернападданы Імкнецца, скінуўшы кайданы, Да новай долі, новай славы...
Ужо ў гэтай зваротцы, што аблямоўвае ўвесь верш, пачынаючы й канчаючы яго, адчуваецца зусім выразна між радкоў (асабліва пачатных) глыбокі жаль самога паэта, што адпявае «зыход зь яснай явы», «як сну маркотнага, нежаданага», ягонай роднай і, пэўна-ж, дарагой яму вёскі, якая яго-ж і ўзгадавала. Праўда, пачуцьцё гэтае ён намагаецца ўсяляк перамагчы, адагнаць ці проста прыхаваць падбадзёрным усьпяваньнем быццам-бы абяцаючых (ці, можа, усяго толькі абяцаных) пэрспэктываў «новай далі, новай славы» для «народу вернападданага», як вельмі нядвусэнсоўна характарызуецца тутака той сялянскі беларускі народ, пра які афіцыйна было абвешчана, што ён «скінуў кайданы» й зусім «дабравольна» «імкнецца» да фактычна гвалтам накіданага яму новага прыгону — той самы селавы, вясковы люд, пра які Купала яшчэ ў 1926 г. пісаў як пра «вольны свой народ», а зусім не «вернападданы» каму-небудзь народ. I хоць на працягу ўсяго вершу паэт увесь час намагаецца як найбольш канцэнтравацца на гэткім-жа, што й напачатку, падбадзёрным усьпяваньні нейкіх пэрспэктываў, «новай долі, новай славы», ён абярняся зрываецца на поўнае глыбокага суму й жалю адпяваньне «зыходу» або, як ужо больш не хавае ён — гвалтоўнага й груба-жорсткага выгубленьня, «ліквідацыі» гэткага дарагога й Miлага селавога, народнага укладу — нацыянальна-гістарычнага, паэтычнага, рамантычнага:
...Гарбы тваіх нямых курганаў,
Дзе сьпяць нявольнікі і князі,
Парэжа сталь, як нож баранаў...
...Тваіх жалеек сьпеў гаротны
Патопча трактарнае кола...
...Лясун з русалкаю пакіне
Палохаць сонныя сялібы,
I вадзянік загіне ў ціне...
Але-ж усё гэта мусіць загінуць — ці-то пад нажом (як бараны...), ці-то патаптанае колам — адылі ці так ужо бясьсьледна? То-ж бо ведала ўжо гісторыя падобныя «ліквідацыі», і ўсё-ж хрысьціянства, прыкладам, гэтак і не дало рады «зьліквідаваць» зусім створанае самым народам «паганства», а мусіла зьліцца зь ім, напластавацца на яго. Можа, й цяпер а дно толькі творыцца новае, трэцяе напластаваньне?
Над вежамі тваіх бажніцаў
Хвабрычны комін возьме ўладу.
А звон зьбянтэжаных званіцаў
Гудка жывучая крыніца
Заглушыць гулкім гудам-ладам.
I будуць ладзіцца год кожны
На новы лад, на новы звычай
Дзяды кастрычнікавы збожна,
А кожны год больш пераможна
Для сьвята волі бунтаўнічай.
«Дзяды» — нашае народнае «паганскае» сьвята восенскага памінаньня прашчураў, захаванае й хрысьціянствам, блізу супаўшы ў часе з бальшавіцкім сьвятам «кастрычніцкае рэвалюцыі», запраўды, пачынала ўжо ў народзе зьлівацца зь ім у адно. I Купалу гэта стаецца, можа, за найбольш падбадзёрны яму сымбаль — сымбаль прыйдучае перамогі несьмяротнага духу прашчураў і «волі бунтаўнічай» над усімі наноснымі напластаваньнямі, што іх змушаны прыймаць (ці не на тое толькі, каб пасьля адно памінаць?) «народ вернападданы»... Гэтым сымбалем і завяршаецца Купалаў верш.
Але цікавы й ягоны, здавалася-б, чыста фармальны, тэхнічны бок. Напісаны ён чатырастопным ямбам і пяцірадковай звароткай з чарадаваньнем рыфмаў паводля схэмы а-в-а-а-в пры вылучна жаноцкім рыфмаваньні. Усё гэта пры чытаньні стварае нейкую панурую хаўтурную манатоннасьць, вельмі адпаведную для таго «адпяваньня», пра якое мы казалі, ды ніяк не для «падбадзёрнага ўсыіяваньня», якому вонкава быццам-бы нрысьвячаная бальшыня зваротак і радкоў вершу. Калі ў аднэй прыватнай гутарцы зацемілі пра гэта Купалу, ён сказаў: «Я гэта ведаю. Калісьці я напісаў на гэткі лад адзін верш, і цяперака ён мне прыпомніўся, дык я напісаў і гэты на той самы лад». Зацікаўленыя, удзельнікі гутаркі кінуліся шукаць таго першага, «на той самы лад напісанага» вершу Купалавага і, перапароўшы ўсю ягоную паэзію, знайшлі там толькі адзін твор, запраўды напісаны паводля тае-ж рытмічнае, страфічнае й рыфмавае схэмы, што й «Зыходзіш, вёска, зь яснай явы». Гэта — зьмешчаны ў ведамым Купалавым зборніку «Шляхам жыцьця» (1913) верш «У ночным царстве». Варта прыгадаць тут цалком гэты невялікі твор, асацыяцыя зь якім, паводля собскага паэтавага прызнаньня, мела месца пры стварэньні ім свае апошняй «адыходнай» калектывізаванай вёсцы, бо асацыяцыя гэтая пралівае зыркае відно на той настрой, зь якім паэт тварыў гэную «адыходную»:
У ночным царстве
Скрыпяць трухляцінай асіны,
Над курганамі зьвяр'ё вые...
Гасьцінцам, цернявай пуцінай,
У ёрмах, скованай скацінай
Ідуць нябожчыкі жывыя.
Ідуць, ідуць... Сярод пустыні
Хрусьцяць надломаныя косьці,
I качанеюць ногі ў ціне,
I чахнуць вочы ў павуціне,
А шлях — як точаныя восьці.
Перад вачыма глуш нямая,
I плач і скрогат за вачамі.
Пракляцьце ў жылах кроў сьцінае,
Душу бясьсільле вынімае,
Гняце зьмяінымі кляшчамі.
У грудзі, здаўленыя здрадай,
Упіўшысь, рабская трывога
Шыпіць хаўтурнаю загладай;
На небе толькі, як прынада,
Бялее млечная дарога.
То там то сям запаланее
Іскра над скованаю шыяй;
Наскоча пошасьць трупавея,
I царства ночнае шалее,
Над курганамі зьвяр'ё вые.
Гэтак «зыход зь яснае явы» калектывізаванае вёскі асацыяваўся ў Купалы з паходам «нябожчыкаў жывых» у «ночным царстве», вобраз якога алегарызаваў сваім часам у паэта царства славутае «сталыпінскае рэакцыі» (па рэвалюцыі 1905 г.), а цяперака зь яшчэ большымі асновамі надаваўся на алегарызацыю рэакцыі сталінскае, што якраз і настала ў выглядзе таго называнага «вялікага наступу» 1929 году зь ягонай калектывізацыяй і ўсялякімі суправаджальнымі крывавымі «ліквідацыямі»...
Два з найбольшых нашых паэтаў, Янка Купала і Ўладзімер Дубоўка, першымі і найчулей «у сэрцы трывожным пачулі за краіну радзімую жах» у трывожным і жахлівым для гэтае краіны 1929 годзе, што пачаў сабою панурую пару зыходу кагадзе абуджанага й адроджанага народу нашага «зь яснай явы» вялікага шляху гістарычнага прагрэсу ў «цёмны лес», у «ночнае царства» беспрасьветнае рэакцыі, якая трымае ў сваіх шчамлётках народ гэты аж дасюль.
Хоць і на розных стадыях свайго жыцьцёвага й творчага шляху стаялі тады паэты гэтыя, ды абодвы яны былі з аднае й тае самае слаўнае чарады вялікіх сыноў народу, выданых ім у магутным размаху свайго адраджэньня і ўзвышэньня. Адзін, стары вэтэран таго адраджэньня, што, паводля прызнаньня другога, «адзін, з усіх найвялікшы, мала дых гадаваў сваёй песьняй», даўно ўжо перад тым прызнаў і блаславіў гэтага другога, маладога піянера ўзвышэньня, на свайго простага наступніка ў правадырстве да ўзвышшаў прыйдучага. Адылі, малады й стары, як гэта заўсёды бывае, стоячы на розных ступенях веку, дазнаньня й сілы, не маглі глядзець на ўсё зусім аднолькава й бачылі часам адны й тыя-ж зьявы й рэчы ды рэагавалі на іх хоць-бы крыху, а па-рознаму.
Малады, Дубоўка, бачыў яшчэ й магчымасьць і патрэбу паказаць на «зытрасаньне душы» з мастацтва ягонымі пякельнымі «мэцэнатамі» ды станоўка на ўвесь голас заявіць, што «ня было і ня будзе ніколі ад паэзіі трактарам нафты» (нізка вершаў «Пярэсты букет»), тым часам як стары, Купала, мог ужо здабыцца адно на мэлянхалічнае сумаваньне -шкадаваньне таго, што «жалеек сьпеў гаротны патопча трактарнае кола...».
Малады, Дубоўка, спадзяваўся яшчэ бачыць і ў «ліхім» нячуванага гвалту чын «справы добрае на сьвеце», што магутным ускалотам ажывіць народ на штурм цьвярдыняў таго гвалту ды прыцягне да яго й спагаду й падмогу вольнага сьвету, спрычыняючыся да канчальнага вызваленьня яго з путаў «прыгону над словам, над духам, над чынам». Стары, Купала, адзіную надзею меў яшчэ толькі на несьмяротнасьць адвечнага духу Дзядоў, што ў даўгім, векавым мо працэсе перамаганьня-пераяданьня гэных путаў і розных іхных напластаваньняў прывядзе ўрэшце да «сьвята волі бунтаўнічай».
Малады, Дубоўка, у самым «зыходзе зь яснай явы» хацеў яшчэ бачыць сход у «Цёмны лес» «патаёмнага», падзямельнага паўстанскага й партызанскага руху, тым часам як старому, Купалу, ня вырысоўвалася тут нічога больш, апрача жудаснага паходу-шэсьця ў «ночным царстве» «нябожчыкаў жывых» — «у ёрмах, скованай скацінай...».
Адылі, самы «зыход зь яснай явы» ў непраглядную жуду аднолькава панурага ці-то «цёмнага лесу», ці-то «ночнага царства», абодва, і стары і малады, бачылі добра і, як мелі сілы й магі ў дадзеных абставінах, добра і паказалі. А за тым і абодва самі мусілі зыйсьці ў тую цемру й ноч. Бо як для Дубоўкі, гэтак і для Купалы разгледжаныя тутака творы іхныя сталіся апошнімі вялікімі й зыркімі ўспыхамі на іхным шляху. Бо як ня стала паэта Дубоўкі ў 1930 г., калі зачынілася за ім кутая брама бальшавіцкага астрогу й выгнаньня, гэтак ня стала больш і вольнага паэта Купалы пасьля замаху ягонага на самагубства ў тым-жа 1930 г. Застаўся бо толькі Купала — нявольнік і Купала — не паэт. Купала — запраўды «жывы нябожчык», рукою якога, як чужою, чужая-ж рука вадзіла па паперы, аж пакуль свая собская рука ня вызваліла з глуму ў другім, удалым замаху 1942 году...
...А «царства ночнае шалее, над курганамі зьвяр'ё вые» — шалеюць, выюць ужо дваццаць пяць гадоў. Толькі нам, некаторым лічаным адзінкам, паручыла доля вырвацца зь яго «у сьвет, хоць да чорта на рогі», каб жыць у штодзённым пачуцьці ўсё таго самага: «абы ў якой быць ста ране, каб толькі не назад...»
Так і жывом, пакуль той цемрашал, пакуль гэны «прыгон над словам, над духам, над чынам» паношыцца ў родным краі. Так і жыць мусім, будзем, пакуль... Бо няўжо-ж царству таму «няма бо канца»? Няўжо-ж?
«Штурмуйце будучыні аванпосты»—адзін толькі адказ і можна было-б пачуць з «глушы нямой» глухіх гадоў і лёхаў цёмнага лесу ночнага царства...
Бо толькі тады — «і дасца вам».
«Конадні». № 1, 1954
