МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Беларусы на Праскім універсітэце // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Аўтар: Дварчанін Ігнат
Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Чэхія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

ІГНАТ ДВАРЧАНІН

БЕЛАРУСЫ НА ПРАСКІМ УНІВЭРСЫТЭЦЕ

ад ягоных закладзінаў да паловы XVI стагодзьдзя 1

Праблема вызваленьня беларускага народу ў сучасны мамэнт знаходзіцца ў самай непадзельнай сувязі з адраджэньнем беларускае нацыі, якая мусіць дамагацца агульначалавечых правоў перад «цывілізаваным грамадзтвам». Поймы «нацыя» й «народ» у беларусаў пакуль што ўжываюцца найчасьцей як сынонімы, а іх трэба адрозьніваць: nation — populus, die Nation — das Volk, the nation — the people. Таму, каб выйсці з стану «нацыі этнаграфічнай», побач з агульнымі заданьнямі сучаснага мамэнту, перад беларускім актывам паўстае пытаньне дасьледваньня свайго культурнага багацьця, захаванага пад попелам старасховаў. Адна зь цікавейшых бачынаў беларускага культурнага жыцьця ў мінулым гэта час пасьля ўсталеньня Беларусі як адзінага гаспадарства, калі яно пайшло шляхам набліжэньня да складу жыцьця Заходняе Эўропы. Ня менш цікавы, зь іншага боку, і пачатак тое вялікае эпапэі ў змаганні за новыя культурна-грамадзкія формы, якую адчыніла ў Эўропе гусыцкая рэвалюцыя. Таму важна ўстанавіць і ступень удзелу ў гэтай эпапэі беларусаў, асабліва з увагі на жывыя сутыкі тагачаснай Беларусі з крыніцаю выбуху рэвалюцыі — Чэхіяй.

Гэты артыкул мае на мэце закрануць справу сутычнасці паміж чэскім і беларускім народамі ў дачыненьні да ў некаторай ступені агульнай Alma Mater —

Праскага ўнівэрсытэту. Дакладней: зьвярнуць увагу на далучэньне беларусаў да агульнага культурнага руху праз здабываньне вышэйшай асьветы на гэтым унівэрсытэце.

1

Праскі ўнівэрсытэт заснаваны ў 1348 г. пры чэскім каралю Карле, які ведамы пад імем імпэратара Сьвятой Рымскай Імпэрыі Карлы IV. У той час беларусы перажывалі пару нутраной кансалідацыі паасобных княстваў у адно магутнае гаспадарства пры вялікім князю Альгердзе (летувіскую частку гаспадарства зьбіраў Кейстут). З гэтае прычыны сумніўна, ці Беларусь тады магла адразу пасылаць сваю моладзь у гэтую, толькі што закладзеную, цытадэлю веды. Але факты, пададзеныя беларускімі летапісамі, сьведчаць пра тое, што чэскую мову ведаў Ягайла, а магчыма, й Альгерд. Гэта ды даныя аб уплывах у тыя часы чэскай культуры на беларускую дазваляюць меркаваць, што Беларусь мела пэўную лучнасьць з Праскім унівэрсытэтам ужо ад самага пачатку.

У верагоднасьці гэтага нас могуць пераканаць яшчэ гэткія факты:

1. Праскі ўнівэрсытэт зараз-жа пасьля ягонага адчыненьня стаўся адным зь перадавых у Эўропе, побач з Парыскім, Оксфардзкім і Балёнскім.

2. Ён прыцягнуў да сябе гэтулькі моладзі з усяе Эўропы, што яму мог-бы пазайздросьціць ці адзін унівэрсытэт нашага часу.

3. Паводле некаторых вестак, беларусы каля гэтага часу здабывалі ўжо асьвету на ўнівэрсытэтах Захаду, прыкладам, у Балёнскім, ды тварылі там нават адзін з «ультрамантанных» (загорных) унівэрсытэцкіх народаў.

4. Праскі ўнівэрсытэт быў да Беларусі найбліжэйшы.

Гэтыя меркаваньні лягічна прыводзяць да думкі пра навучаньне беларусаў у Праскім унівэрсытэце ад самага пачатку. Пэўна-ж весткі аб гэтым мы маем ужо з 1387 г., калі пры ўнівэрсытэце была закладзеная г. зв. «Літоўская калегія». Але, на жаль, з прычыны зьнішчэньня чэскіх культурных помнікаў у часе «крыжовых» войнаў з гусыцтвам за панаваньня першых Габсбургаў, ды асабліва ў Трыццацігоднюю вайну, не засталося архіваў Калегіі, адкуль можна было-б дастаць найпэўнейшыя весткі1 . Цікава тут толькі адцеміць, што Гус на Канстанцкім саборы прыгадвае аб «русах» як аб сваіх вучнях і пасьлядоўніках.

Пазьней, калі з прычыны гусыцкага паўстаньня шмат хто з чужынцаў выехаў з Прагі і, найхутчэй з гэтае-ж прычыны, на пачатку XV ст. быў абноўлены Кракаўскі ўнівэрсытэт, дык пры ім ужо адразу была адчыненая «руская» калегія і на ейнага кіраўніка прызначаны прафэсар з Прагі Ян Існэры, які раней належаў да кіраўніцтва «Літоўскай калегіі» ў Празе. Пад «русамі» разумеліся беларусы разам з украінцамі, якія, аднак, у гэты час перажывалі цяжкі палітычны крызыс.

Гусыцтва ня толькі ня спыніла выезду беларускай моладзі ў Прагу на вышэйшую навуку, а наадварот — Прага сталася адным з папулярнейшых месцаў Эўропы ў гэтым сэнсе. Праваслаўная Беларусь зь вялікім зацікаўленьнем сачыла за разьвіцьцём падзеяў у сувязі з гусыцтвам, якое мела агульнаэўрапейскі характар, ды жыва адгукалася на іх, становячыся выразна на баку чэхаў. Довадаў на гэта маем вялікі лік.

Даволі прыгадаць тут хоць-бы наведаньне Беларусі Геронімам Праскім, абраньне чэхамі за свайго караля Вітаўта, фактычную ўладу ў Чэхіі ягонага намесьніка Міхала Карыбута Северскага, які нават прыняў гусыцтва. Да гэтага належаць яшчэ весткі пра тое, што ў Табары было поўна «русаў» (беларусаў ды ўкраінцаў), і факт абраньня за караля Ўладыслава Казімеравіча. Усё гэта апрацавана ўжо ў асобных манаграфіях.

Трэба мець на ўвеце, што ўнівэрсытэт у гэты час пачаў занепадаць і ў канцы XV ст. у ім застаўся бадай ці не адзін філязофскі факультэт і Liber decanorum падае весткі галоўна аб гэтым факультэце.

Да гэтага мусім дадаць, што ў Liber decanorum толькі імёны тых, што скончылі факультэт ці то ў ступенi бакалара ці магістра. Іншыя імёны, a ix напэўна было куды болей, загінулі для досьледу.

Трэба таксама яшчэ зацеміць, што адзначэньнем беларускага паходжаньня таго ці іншага магістра ці бакалара служыць толькі ягонае імя й прозьвішча, якія вельмі часта перакручаныя й нічога нам не гавораць. Таму мы бярэм тыя імёны, якія з гэтага гледзішча найбалей пэўныя, пакідаючы ўбаку імёны спрэчныя. З прычыны немагчымасьці ў дадзены мамэнт карыстацца самой Liber decanorum, няможна паказаць гадоў, калі той ці іншы магістар або бакалар быў выпушчаны. Карыстаемся з выпіскаў, зробленых для іншай мэты. Рымскія лічбы паказваюць частку кнігі (Liber...), арабскія — бачыны, на якіх гэтыя асобы згадваюцца. Вось гэтыя прозьвішчы:

1. Dionysius de Smolnycz (відаць, з Смаленску), I, 220.

2. Gabriel Czobot (прозьвішча беларускае ці ўкраінскае), I, 185.

3. Joannes de Plocek (так называўся Полацк; Плоцк быў тады малым гарадком), I, 262.

4. Mathias Czobot, I, 317, 318, 347, 368.

5. Mathias de Plocek, I, 222, 241, 256.

6. Mathias de Wilna, I, 382, 397.

7. Nicolaus Czobot, I, 165, 213, 205.

8. Nicolaus de Dessna (зь Дзясны), I, 446, 447.

9. Nicolaus Welneri (магчыма, таксама зь Вільні), I, 184.

10. Petrus de Plocko, I, 329.

11. Petrus de Policz (магчыма, таксама з Полацку), I, 138.

12. Christophorus de Litwania, I, 367.

13. Elias Styrkobskya Wolonicz (зь ведамага беларускага роду), II, 432, 444.

14. Paulus de Podlessko (з Падляшша), I, rog. 250

15. Markus de Lutonia (імя Марка прамаўляе за права ела ўнасьць), I, 287.

16. Marcus de Luthonia, I, 377 g.

17. Michael de Luthonia, I, 404, 418, 419, 429, 438, 445.

Есьць яшчэ гэткія, як Sythuania, якія падыходзяць да згаданых de Lithuania. Апрача гэтага, шмат прозьвішчаў ёсьць з допісам Orient (усходні) і Crhunensis, Crha (па-чэску Кірыла), якія таксама могуць нам нагадваць беларусоў, але, з прычыны няпэўнасьці, апушчаем іх, як і імёны шматлікіх украінцаў з Валыні ды Галіччыны.

Падсумоўваючы, можам сьцьвердзіць, што за XV і ў першай палове XVI ст. толькі адзін філязофскі факультэт Праскага ўнівэрсытэту скончылі каля 17 беларусаў. Гэта, бязумоўна, ня ўсё. Шмат губляецца для нас у няясных, перакручаных імёнах, ды шмат вучылася на іншых факультэтах.

Вось у канцы, для прыкладу, яшчэ адзінаццаць прозьвішчаў, зь якіх некаторыя маглі-б таксама быць прозьвішчамі асобаў зь Беларусі:

1. Joannes Bahdonensis, II, 390 (прозьвішча ад права -слаўнага імя Багдан — Багдановіч).

2. Joannes Orient, I, 418.

3. Joannes Ruthardi de Montinus (нібы «рус з гораў»), I, 348-9.

4. Georgius Harownik, II, 280 (прозьвішча, вельмі падобнае да беларускіх).

5. Ingemarus de Arosia, I, 225.

6. Joannes de Arosia, I, 314.

7. Paulus Lithanicus Raconicenius (нібы «Паўла ліцьвін з Аўстрыі»), II, 432.

8. Franciskus de Sythania, I, 172-3.

9. Franciskus de Litania, I, 256.

10. Jacobus de Arosya, I, 386, 397.

11. Jacobus Rusbach, I, 211.

«Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва».

№ 2, 1953.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by