МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Пра “цывілізацыйныя асновы” беларускага гістарычнага працэсу // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Аўтар: Акіншэвіч Леў
Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Раздзел: Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

ЛЕЎ АКІНШЭВІЧ

ПРА «ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНЫЯ АСНОВЫ» БЕЛАРУСКАГА ГІСТАРЫЧНАГА ПРАЦЭСУ

Бясспрэчная рыса найнавейшае філязофіі гісторыі — ейная адмысловая ўвага да вывучэньня паасобных камплексаў г. зв. «культурна-гістарычных цыкляў» ці «цывілізацыяў». Гэты кірунак апраўдваецца тым, што пры больш глыбокім знаёмстве з гісторыяй паасобных людзкіх грамадаў усё з большай і большай выразнасьцяй выступаюць рысы нераўнамернасьці, нятоесамасьці, апрычонасьці гістарычнага разьвіцьця паасобных народных групаў. Усё ясьней становіцца, што супольны й тоесамы шлях агульнага разьвіцьця ўсіх людзкіх грамадаў адшукаць цяжка. Усё больш выразна зазначаецца й неаднолькавасьць гэтага гістарычнага разьвіцьця. Прыкладам, нават Марксу й Энгельсу давялося вылучыць адмысловы «азіяцкі спосаб вытворчасьці», які яны знаходзілі ў гісторыі Кітаю й старадаўнага Эгіпту, і гэты «спосаб» выразна выломваўся із стройнай нібы схэмы «сацыяльна-эканамічных фармацыяў», што прыходзяць на зьмену адна аднэй у гісторыі сьвету.

Справа, аднак, выходзіць далёка за межы Кітаю й Эгіпту, бо цэлы шэраг людзкіх арганізацыяў таксама мае тэндэнцыю выломвацца із схэмы агульнага й аднолькавага (у асноўных рысах) людзкога прагрэсу. Усё ясьней робіцца, што ўсе схэмы прагрэсыўнага разьвіцьця народаў сьвету ў запраўднасыц абапіраюцца на нібы «клясычным» прыкладзе гісторыі Заходняй Эўропы. З часам сталася ясным, што й сама гісторыя гэтай апошняй ня ёсьць адзінай і бесьперапыннай, што яна лучыць у сабе адменныя самастойныя цывілізацыйныя цыклі антычнага (грэка-рымскага) й мадэрнага (рамана-германскага) тыпу.

Шэраг рысаў сучаснай заходняэўрапейскай цывілізацыі выразна аддзяляюць ейнае разьвіцьцё ад разьвіцьця іншых людзкіх грамадаў. Апошнія ня ведалі й ня ведаюць такога выразнага й юрыдычна абгрунтаванага падзелу дзяржаўнае ўлады, як гэта было ў заходняэўрапейскім феадалізьме. Яны не стварылі на базе вынікаў фэадалізму грамады з усталенымі правамі грамадзянаў дзеля ўдзелу ў дзяржаўным кіраўніцтве й кантролю над ім. Яны ніколі не дайшлі да таго кансэквэнтнага выніку асабістае волі, пэрсанальнае ініцыятывы й цьвёрдасьці прынцыпу прыватнай уласнасьці, які стварыў клясычныя ўзоры заходня-эўрапейскага (а за ім і амэрыканскага) «капіталізму». Мы тут бярэм адно праўныя й гаспадарчыя катэгорыі. Але можна й трэба гаварыць і пра адменныя прынцыпы ў агульна-культурным, рэлігійным, маральным ды іншым жыцьці й прагрэсе розных людзкіх групаў.

За асобную й адмысловую рысу заходняй цывілізацыі F. S. С. Northrop («The Taming of the Nations». New York. 1952. бач. 186—213) уважае ейную рымскую спадчыну і, асабліва, засвоекыя ёй канцэпцыі цьвярдых і агульна-зьвязваючых усё жыхарства прынцыпаў рымскага права. У гэтай думцы ёсьць шмат праўды.

Гэтая заходняя цывілізацыя была і ў сваёй аснове ёсьць адзінай, нягледзячы на стракатую адменнасьць ейных паасобных нацыянальных кампанэнтаў. Пра гэта так пісаў расейскі славянафіл Н. Данілеўскі, адзін з заснавальнікаў тэорыі культурна-гістарычных «цыклічных тыпаў»: «Гэта, у сапраўднасьці, гісторыя аднаго цэлага... Як ніхто ня думае аб асобнай цывілізацыі Атэнаў ці Спарты, гэтаксама няма чаго гаварыць пра асобную гісторыю Францыі, Італіі ці Нямеччыны. Такой гісторыі ў сапраўднасьці няма зусім, а ёсьць толькі гісторыя Эўропы з французскага, італьянскага, ангельскага ці нямецкага гледзішча...» («Россия и Европа», б. 110.)

Ці пануе «клясычная» цывілізацыя Заходняе Эўропы на прасторы ўсяго эўрапейскага абшару? I ці належаць да гэтага цывілізацыйнага камплексу народы, якія засяляюць шырокія прасторы Ўсходу Эўропы? На гэтыя пытаньні даваліся розныя адказы. Калі расейскі гісторык Паўлаў-Сільванскі першы заявіў пра існаваньне феадалізму ў Расеі, ён гэтым самым ставіў гісторыю Расеі на адну роўню з гісторыяй Захаду. Калі савецкая гістарычная навука прыймае гістарычную схэму Маркса — Энгельса, дык яна гэтым самым ізноў ставіць расейскую гісторыю на адзін шлях з гісторыяй Захаду. Калі ўкраінскія гісторыкі В. Ліпінскі й С Тамашэўскі ставяць пытаньне пра заходнія асновы культурнага й палітычнага разьвіцьця ўкраінскага народу, яны гэтым самым вылучаюць гэты ўсходня-эўрапейскі народ з кола культурнага цыклю Ўсходняе Эўропы.

Што да народу расейскага, дык ягоная культурная сваеасаблівасьць і адменнасьць ягоных гістарычных шляхоў вызнаюцца цяпер шмат кім з гісторыкаў за бясспрэчныя. Адкінутыя й запярэчаныя ў свой час ідэі расейскіх славянафілаў і расейскіх народнікаў, якія верылі ў магчымасьць для Расеі мінуць капіталістычны шлях разьвіцьця, шмат у чым у наш час здаюцца ня гэткімі ўжо сьмешнымі й галаслоўнымі.

«У расейскага народу,— піша расейскі філёзаф нашага часу,— была вялізарная сіла стыхіі й параўнальная слабасьць формы... У народаў Заходняе Эўропы ўсё шмат лепш выясьнена й аформлена, усё падзелена на катэгорыі і ўсё нязьменнае. Расея ніколі ня была ў заходнім сэнсе краінай арыстакратычнай, як ня сталася яна й буржуазнай» (Н. Бердяев, «Русская идея», б. 6).

«Расейцы,— піша А. Тойнбі,— былі хрысьціянамі, й шмат хто зь іх і цяпер зьяўляюцца імі, але яны ніколі ня былі хрысьціянамі Захаду. Расея жыла наверненая ў хрысьціянства ня з Рыму, як Ангелыпчына, але з Канстантынопалю, і, нягледзячы на іхную супольную хрысьціянскую аснову, усходняе й заходняе хрысьціянства былі заўсёды адно ад аднаго далёкія, а часам — адно аднаму антыпатычныя й варожыя» («The World and the West», p. 4).

«Расея,— пісаў ужо згаданы намі Н. Данілеўскі, — не належыць ані да эўрапейскага дабра, ані эўрапейскага зла, як-жа можа яна належаць да Эўропы?» (там-жа, б. б. 60—61). «Яе ня жывілі,— кажа ён,— ніводзін з тых карэньняў, празь якія Эўропа ўбірала як добрыя, гэтак і шкодныя сокі беспасярэдна зруйнаванага ёю антычнага сьвету, не кармілі яе й тыя карэньні, якія чэрпалі жыўнасьць з глыбіні нямецкага духу. Ня была яна й часткай адноўленай Рымскай імпэрыі Карлы Вялікага, якая творыць нібы супольны камель, праз падзел якога паўстала ўсё галінастае эўрапейскае дрэва,— не ўваходзіла да складу той тэарэтычнай фэдэрацыі, якая заступіла сабою Карлаву манархію,— ня зьвязвалася ў адно агульнае цела фэадальна-арыстакратычнай сеткай, якая (як у часе Карлы, гэтак і ў часы свайго рыцарскага красаваньня) ня мела ў сабе нічога нацыянальнага, а была ўстановай агульнаэўра-пейскай у поўным сэнсе гэтага слова. Пасьля, калі настаў новы век і пачаўся новы парадак рэчаў, Расея таксама ня брала ўдзелу ў змаганьні з фэадальным прыгнечаньнем, вынікам якога на Захадзе было забясьпечаньне тэй формы рэлігійнае свабоды, якая называе сябе пратэстанцтвам. Ня ведала Расея й гнёту, а зь іншага боку і ўзгадавальнага ўзьдзеяньня схалястыкі, ды ня вырабіла тэй свабоды думкі, якая стварыла новую навуку...» (там-жа).

Ня будзем разглядаць тут пытаньне, ці мае слушнасьць Данілеўскі ў дэталях свайго супроцьстаўленьня Расеі Заходняй Эўропе. Для нас даволі будзе прызнаць яму часткавую слушнасьць, каб ужо шмат у чым зразумець іншыя цывілізацыйныя асновы расейскае культуры.

Наступным і заканамерным будзе пытаньне: дзе ў гэтым цывілізацыйным камплексе канчаецца Расея й пачынаецца Ўсходняя Эўропа ў цэласьці? Пытаньне гэтае можа быць пастаўленае ў шмат якіх плашчынях. Можна, прыкладам, аднесьці да ўсходня-эўрапейскага культурна-гістарычнага камплексу саму Расею, далучыўшы да яе хіба ейных цюркскіх, усходня-фінскіх ды мангольскіх падданых. Гэта мы знойдзем ня толькі ў згаданых вышэй украінскіх гісторыкаў, але і ў найноўшых працах у ангельскай мове Оскара Галецкага. Можна, зь іншага боку, паставіць пытаньне й пра ролю іншых усходня-эўрапейскіх народаў: беларусаў, летувісаў, украінцаў ды інш. Куды належыць іхная гісторыя? Ці былі гэта далёка высунутыя на ўсход арганічныя часткі Заходняй Эўропы. Ці, наадварот, гэта былі арганічныя часткі Эўропы Усходняй, адно тэрытарыяльна бліжэйшыя да Захаду й якія з гэтае прычыны перанялі ад гэтага Захаду шэраг ягоных рысаў і культурных асаблівасьцяў. Ці, нарэшце, гісторыя гэтых народаў зьяўляецца гісторыяй глыбокіх нутраных канфліктаў, якія вынікаюць з прычыны паміжлежнага, «міжкультурнага» палажэньня іхных земляў.

Усё гэта вельмі паважныя праблемы, і ад іхнага вырашэньня шмат у чым залежыць уся ацэна гісторыі гэтых народаў ды праўдзівае разуменьне яе.

Трэба адразу адкінуць кажную спробу падыйсьці да вырашэньня згаданых праблемаў з пазыцыі тых ці іншых палітычных інтарэсаў нашае сучаснасьці. Расейская імпэрыя, якая на цэлыя стагодзьдзі палучыла пад сваёй уладай шматлікія й разнародныя народы й нацыі Ўсходняе Эўропы, мае гарачых абаронцаў і зацятых ворагаў. Якраз выходзячы з гэтых пачуцьцяў і пераконаньняў, шмат хто з гісторыкаў Усходняе Эўропы й дае кірунак сваім гістарычным паглядам. Сумлеўна, ці гэта справядліва.

Расейская імпэрыя, як і ўсё на сьвеце, зьявішча часовае. Усходняя Эўропа магла быць палітычна нязлучаная ў адну цэласьць (як гэта дагэтуль ёсьць з Эўропай Заходняй) і ўсё-ткі тэарэтычна быць адзіным цывілізацыйным цэлым. I наадварот, яна можа быць злучаная ў адно дзяржаўнае цела, але ўсё-ж быць разнародным у сваім агульна-культурным зьмесьце камплексам. (Гэткім яна ўжо, без усялякага сумлеву, і бывала, улучаючы ў сябе выразна заходніх фінаў ці палякаў ды выразна далёка-ўсходніх манголаў або карэйцаў.) Само злучэньне ўсходня-эўрапейскіх народаў — калі яно ўжо мела стацца — зусім не абавязкава мусіла адбыцца пад эгідай расейскае Масквы. Вельмі лёгка палітычным цэнтрам Усходняе Эўропы мог стацца ўкраінскі Кіеў, ці беларуская Вільня, або и татарскі Сарай-Бэркэ. Мы ведаем, што спробы й змаганьне за гэткае пяршынство іншых, нерасейскіх народаў запраўды мелі месца.

Падыходзячы з гэтага гледзішча спэцыяльна да гісторыі беларускага народу, трэба сказаць, што яна не дае выразнага й апрыёрнага адказу на пытаньне, арганічнай часткай якога «культурна-гістарычнага цыклю» было ягонае гістарычнае разьвіцьцё. А калі гэтак, дык трэба зьбіраць матар'ялы, якія могуць нам сказаць што-колечы ў справе вырашэньня гэтае праблемы. Тут, у гэтым артыкуле, можна закрануць хіба самыя агульныя (й далёка не вычарпальныя) аргумэнты.

У часы «князёўскія» (X—XIII стст.) беларускія княствы, бясспрэчна, менш за ўкраінскія й расейскія, мелі тэндэнцыю да злучэньня ў аднэй «рускай» цэласьці. Звычайна гэта тлумачаць тым, што тут была асобная князёўская дынастыя. Гэтае тлумачэньне мала пераканальнае. Нам думаецца, што яны вылучаліся нечым іншым і ў першую чаргу, як відаць, тым, што глыбіня супольных культурных уплываў (перадусім — уплываў бізантыйскіх) тут была меншая. Не малую ролю іграў таксама мамэнт расавай і культурнай блізіні да старых суседзяў (а магчыма, і старых родзічаў), народаў «балцкае» групы — да летувісаў і латышоў. Блізіня ды моц сувязяў з Заходняй Эўропай была тут ці не асабліва поўнай.

Ці рабіла гэта беларускія княствы часткаю Заходняй Эўропы, вылучаючы іх з усходня -эўрапейскіх камплексаў Кіеўскае імпэрыі й Суздальскае зямлі? Сьцьвярджаць гэта немагчыма: князёўская Беларусь была, агулам бяручы, усё-ж у коле палітычных і культурных уплываў усходня-эўрапейскага, «славяна-бізантыйскага» цыклю.

Ці прынесла якасныя зьмены новая эпоха, калі зарганізавалася вялікая «Літоўская» імпэрыя й калі (XIV—XVII стст.) беларуская культура й мова сталіся асноўнай базай палітычнай і культурнай сувязі паміж паасобнымі й рознымі часткамі вялікага цела гэтае імпэрыі? Каб даць адказ на гэтую праблему, трэба вырашыць некаторыя ейныя часткі. Аднэй зь іх мае быць пытаньне пра гістарычныя заданьні, якія ставіў перад сабой «Літоўскі» дзяржаўны саюз, другой — пытаньне пра кірунак і шлях культурных уплываў і ар'ентацыяў.

Яшчэ Макіявэлі ўважаў, што «арганічнай» рысай кажнай дзяржаўнай арганізацыі, калі яна здаровая дзяржаўная арганізацыя, зьяўляецца нахіл да пашырэньня ейных межаў. У наш час з гэтым паглядам ня шмат хто мог-бы пагадзіцца. Але наш час — гэта час перамогі тэндэнцыяў стрымліваньня й абмежаваньня вольнай гульні ў сфэры міждзяржаўных дачыненьняў. На гэта, ведама, ёсьць свае прычыны. Ды мы цяпер гаворым пра Вялікае княства Літоўскае й пра часы Макіявэлі. Для тае эпохі ягонае цьверджаньне ня было памылковым.

Як здаровы й моцны арганізм XIV—XVI стст. (гаворым цяпер адно пра гэты пэрыяд), Вялікае княства Літоўскае вяло палітыку заваяваньняў. Гэтая палітыка даўгі час была ўдалай, а ейны кірунак быў выразны: ён ішоў па лініі змаганьня дзеля задзіночаньня вакол беларускае Вільні ўсіх галоўных частак усходня-эўрапейскага цыклю. Мы ведаем, што арганічным удзельнікам у дзяржаўным жыцьці Літвы-Беларусі быў побач зь беларускім і летувіскі народ, да іх пазьней далучылася асноўная частка ўкраінскага жыхарства Прыдняпроўя, часткава й часова ўваходзілі сюды й часткі заходня-расейскіх княстваў. Даўгі час віленскі князь быў найбольш магчымым кандыдатам на галаву вялікае ўсходня-эўрапейскае імпэрыі, што лучыла ў сабе ўсю асноўную прастору Ўсходняе Эўропы.

Мы гаворым пра гэты працэс таму, што гісторыя Ўсходняе Эўропы не тварыла дагэтуль магчымасьці сужыцьця (хоць-бы й далёка ня мірнага) розных нацыянальных самастойных дзяржаўных адзінак, як гэта было ў Эўропе Заходняй. Тут адзін арганізм імкнуўся стаць гегемонам над іншымі, і, галоўнае, якраз тут ён здолеў гэтага дасягнуць.

Мы ведаем, што гэтая вялікая гістарычная наважнасьць літоўска-беларускіх князёў — злучыць пад знакам Віленскае Пагоні ўсю Ўсходнюю Эўропу — у канцы закончылася няўдачай. Вялікі паход на ўсход і поўдзень зьмяніўся палітыкай абароны перад усходам і поўднем, саюзу «Літвы» з Польшчай, вялікімі ўдачамі Масквы. Не беларуская Вільня, а расейская Масква сіламоц злучыла пад сваёй уладай народы вялікіх прастораў усходня -эўрапейскай раўніны. На даўгія гады расейская культура стала дамінантным выказьнікам творчых праяваў сваеасаблівага генія ўсходня-эўрапейскіх нацыяў.

Чаму гэтак сталася? Нам адказваюць: вайсковыя няўдачы «Літвы». Ці гэта можа здаволіць нас? Матар'яльныя рэсурсы Вялікага княства Літоўскага ня былі меншымі за рэсурсы Маскоўскага гаспадарства. Кажуць яшчэ: сацыяльны антаганізм паміж шляхтай і сялянствам. Але ці-ж ня было гэта скрозь у тагачасных дзяржавах? Нам кажуць: змаганьне спалячанае шляхты зь вернымі старой культуры народнымі масамі, змаганьне вуніі й праваслаўя. Але чаму мела месца гэтае змаганьне і ў чым прычыны ўсёй ягонай гарачыні?

Мяркуем, што ўсе гэтыя факты мелі сваё значаньне, але асноўнай прычынай паразы «Літвы» быў дэманстратыўны выбар ейнай элітай заходняга (а ня ўсходняга) шляху. Адразу зробім заўвагу: гэты выбар і гэты шлях абяцалі й запраўды далі вельмі памысныя вынікі.

Яны адкрылі жывую крыніцу больш сьпелае заходняе культуры, і з гэтай крыніцы пілі ды ёй жывіліся найлепшыя дзеячы беларускага й іншых народаў Вялікага Княства. I калі мы гаворым пра гэта як пра прычыну паразы, дык маем на ўвазе тое, што заходняя культура прывівалася да іншага культурнага пня. Гэта рабіла новую расьціну хай і часова, але слабой. А перад ёй стаялі іншыя ўсходня-эўрапейскія грамады, усё менш і менш закранутыя заходняй культурай, далей-жа на ўсход незакранутыя зусім, ёй арганічна чужыя. Яны наважна супраціўляліся заходняй плыні, і чым больш «заходняй» рабілася «Літва», тым мацнейшай і наважнейшай была сіла іхнага супраціву.

Чым паўнейшай была вэстэрнізацыя Вялікага княства Літоўскага (у аснове якраз гэтак мае быць названы працэс вялікіх палітычных і культурных зьменаў XVI—XVIII стст.), тым большы яна сустракала адпор як унутры краіны, гэтак, і асабліва, звонку — з паўдня й з усходу. Калі вялікі князь прыняў каталіцтва й каталіцкі клер атрымаў шэраг прывілеяў ды калі беларускі й летувіскі шляхціч загаварыў па-польску,— супращу набыў яшчэ большую вайстрыню. Вось-жа ў самым працэсе ўсё большай і большай вэстэрнізацыі «Літвы» мы бачым нейкі дзіўны парадокс: чым паўнейшым і, здавалася-б, больш пленным ён быў — тым слабейшай і менш задзіночанай рабілася нацыянальная грамада.

Праўда, такога наважнага выступу супроць вэстэрнізацыі, як гэта было, прыкладам, на Ўкраіне ў часы Багдана Хмяльніцкага, на Беларусі-Літве ня было. Але й тут быў у сярэдзіне XVII ст. казацкі pyx. I тут было войстрае змаганьне паміж каталіцтвам і вуніяй з аднаго боку, і праваслаўем зь іншага. Было-б дзяцінствам думаць, што гэтае змаганьне было толькі выяўленьнем пэўных рэлігійных адменаў. Ягоная абвостранасьць і глыбіня гавораць нам пра іншае — пра вялікае змаганьне дзьвюх культурных асноваў.

Час вялікае Літоўска-Беларускае дзяржавы зьяўляецца часам вялікіх культурных здабыткаў. Ці ня першым зь іх было стварэньне дасканалай сыстэмы праўных нормаў, сабраных у славутых Літоўскіх Статутах. Зацемім: Літоўскія Статуты праводзілі ў беларускую (украінскую, летувіскую) грамаду вялікія прынцыпы праўнай сталасьці, праўнай адказнасьці, значаньне прыватнае ўласнасьці й г. д. Гэта былі вялікія прынцыпы рымскае, а пазьней і заходня-эўрапейскае цывілізацыяў. Але ўспрыймаліся яны беларускімі праўнікамі не мэханічна, а творча перапрацоўваліся на базе старых, адвечных праўных звычаяў княжае эпохі. Жыцьцё, аднак, уносіла ў гэтую тэарэтычна-сталую пабудову юрыдычных правілаў сваю карэктыву, робячы часта беларуска-летувіскую грамаду краінай шляхоцкіх праўных парушэньняў.

У Вялікім княстве Літоўскім, як у пэўнай цэласьці, мы выразна бачым грамаду пераходнага тыпу, у якой змагаліся паміж сабой заходнія й усходня-эўрапейскія цывілізацыйныя ўплывы. Некаторая, прынамсе вонкавая, перамога першых адштурхнула ад Беларуска-Літоўскае дзяржавы суседнія землі з усходня-эўрапейскай культурнай асновай. Гэта аддало іх у канцовым выніку ў рукі Масквы. У самой-жа дзяржаве змаганьне дзьвюх цывілізацыйных асноваў гэтак і не прывяло да здаровай і арганічнай іхнай сынтэзы. У гэтым была прычына, што ў канцы XVIII ст. Вялікае Княства, паслабленае й нутрана вычарпанае, стала лёгкай здабычай Расеі.

Мінулі стагодзьдзі. У іхным часе беларуская грамада ня жыла творчым культурна -палітычным жыцьцём, аддаючы свае лепшыя сілы, сваіх найздальнейшых сыноў, ці расейскай ці польскай культурам. Сама-ж Беларусь заставалася краем, дзе спробы русыфікацыі мелі больш вонкавыя ўдачы, пакідаючы краіну ўсьцяж у тым-жа палажэньні наяўнасьці дзьвюх — заходняй і ўсходняй — эўрапейскіх культурных асноваў.

Вялікі рух беларускага нацыянальнага адраджэньня другой паловы XIX й першай паловы XX стагодзьдзяў меў перад сабой ня толькі заданьне адрадзіць ці пабудаваць нацыянальную народна-беларускую культуру. Перад ім павінны былі паўстаць і іншыя заданьні, а сярод іх а дно з найважнейшых — вызначэньне «цывілізацыйнай базы» для гэтае пабудовы. У сувязі з гэтым наяўнасьць «шляхоцкіх» і «сялянскіх» плыняў у беларускай літаратуры й культуры не гавораць адно пра «клясавую» аснову гэтых адменаў. Наяўнасьць «каталіцкіх» і «праваслаўных» тэндэнцыяў гаворыць ня толькі пра розьніцы ў рэлігійных паглядах. Культурнае «русафільства» ці «палянафільства» ня былі адно перажыткамі «адукацыйных уплываў». Справа, бясспрэчна, была больш складанай.

Беларуская культура яшчэ ня вырашыла гэтых праблемаў. Да гэтага часу на згаданым шляху стаялі пераважна вонкавыя перашкоды. Трэба спадзявацца, што, здабыўшы магчымасьці вольнага разьвіцьця, яна дасягне таго, чаго не ўдалося вялікай Беларуска -Літоўскай дзяржаве XIV—XVIII стст.: здаровай, арганічнай, да апошняй грані праведзенай сынтэзы сваіх цывілізацыйных асноваў. I для ўдачы гэтае справы ёсьць запарука: вялікая любасьць і вялікая ахвярнасьць, якія былі асновай беларускага адраджэньня, пачынаючы ад ягоных першых крокаў.

Гэтая любасьць і гэтая ахвярнасьць неабходныя для творчага працэсу будовы ўсёй нацыянальнай асновы. Дасягнуўшы гэтай сваёй сынтэзы, беларускі народ будзе мець перад сабой вялікія творчыя магчымасьці. I хто ведае, можа,— карысныя ня толькі для яго аднаго. Бо, магчыма, яны асьвецяць новым сьвятлом зь беларускай Вільні ці Менску й вялікія прасторы іншых усходня-эўрапейскіх земляў.

«Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва».

№ 2, 1953


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by