МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Парлямэнт беларускай зямлі // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Аўтар: Акіншэвіч Леў
Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Раздзел: Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

БУДУЧЫНЯ У МІНУЎШЧЫНЕ

ЛЕЎ АКІНШЭВІЧ

ПАРЛЯМЭНТ БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛІ

Увялікай залі будынку старадаўняга стылю йдзе паседжаньне колькіх сотняў людзей. Дождж манатонна бубніць у закратаваныя вокны. У «д'ябальскі-прытульным краі», як назваў Ангельшчыну адзін зь ейных дзяржаўных мужоў, мала сьветлых і сонечных дзён. Але ў гэтым краі туманоў і дажджоў ёсьць іншае сонца, якое нельга пабачыць, хоць дотык ягоны адчуваецца намі зь першага нашага кроку ў ім: гэта сонца свабоды, што сьвеціць над ангельскім абтокам, што сягае да вольных дамініёнаў Вялікабрытаніі, кідаючы водблескі праменьняў па цэлым сьвеце.

Мужы, што сабраліся ў старадаўным будынку,— прадстаўнікі вольнага ангельскага народу. Сяньня ў крэслах ангельскае Гасподы Грамадаў, або Ніжняе Гасподы, мы знойдзем немалую частку прадстаўнікоў лейбарысцкае, г. зн. работніцкае партыі: былыя докеры, шахцёры, чыгуначнікі разам із шматлікімі прад-стаўнікамі працоўнае інтэлігенцыі трымаюць у сваіх руках долю ангельскага народу* долю вялікае імпэрыі, у нейкай частцы — долю ўсяго сьвету.

Ангельскі парлямэнтарызм складаецца цяпер із сыстэмы ўстановаў, у якую ўваходзяць: Ніжняя Гаспода, або Гаспода Грамадаў, з выбранымі народам на нейкі час сябрамі; Верхняя Гаспода, або Гаспода Лёрдаў, у бальшыні сваёй складзеная зь сяброў, што ўвайшлі сюды, дзякуючы паходжаньню з заслужаных або выдатных радоў (з 1911 году правы Гасподы Лёрдаў значна абмежаныя), і — кароль, які мае права зацьвердзіць або адкінуць пастанову абедзьвюх гасподаў, але ўжо колькі стагодзьдзяў не карыстаецца сваім правам.

Уся выканаўчая ўлада належыць да рады міністраў ды ейнага прэм'ера, якім, як правіла, бывае лідэр партыі, што перамагла на апошніх выбарах у Гасподу Грамадаў, міністры-ж паклікаюцца зь сяброў парлямэнту.

Ангельскі парлямэнт разглядае й прыймае законы краю, г. зн. правілы, што на доўгі час маюць вызначаць жыцьцё ўсіх ягоных грамадзян. Ён зацьвярджае гадавы бюджэт дзяржавы, і ніхто з прадстаўнікоў выканаўчае ўлады ня можа выдаваць дзяржаўныя сумы на іншыя мэты, як гэта зазначана ў зацьверджаным парлямэнтам акце. Парлямэнт мае права кантролі выдаткаў, робленых адміністрацыйнымі ўладамі. Парлямэнцкімі запытаньнямі сяброў ураду ангельскі парлямэнт спаўняе кантролю над усімі справамі замежнае й нутраное палітыкі краю. Ягоныя сябры маюць поўную свабоду слова, і ў часе быцьця ў парлямэнце ім забясьпечаная асабістая незачэпнасьць.

Гэта сьведчыць, што ўдзельнікі паседжаньняў у старадаўняй залі старога Лёндану сапраўды гаспадары свайго краю. Як-жа дайшлі яны да ўлады, як-жа была ўстаноўленая тут гэтая парлямэнтарная сыстэма, што, не забясьпечаная пісанымі правамі, дзеіць зь вялікай спраўнасьцяй і сяньня, карыстаючыся агульнай павагай?

Пачаткаў гэтае сыстэмы трэба шукаць у далёкіх глыбінях ангельскае гісторыі. Да заваёвы Ангельшчыны нарманамі, гэта значыцца да XI ст., каралеўская ўлада кіравала край із памогай дваякіх сходаў. Адзін зь іх — гэта народнае веча, што складалася з усіх вольных грамадзян. Другі — вялікая дзяржаўная рада, што складалася з дваранаў і сяброў каралеўскае дружыны. Яна зьбіралася пэрыядычна, мела заканадатную ўладу й праводзіла выбары караля. За нарманскіх часоў заміж яе дзеіла так званая «пэрманэнтная» рада, якая ў гэты час складалася зь вялікіх земляўласьнікаў і мела характар заканадатнага сходу.

Пераломным часам ангельскага парлямэнтарызму было XIII стагодзьдзе. У змаганьні з каралём Іванам Безьзямельным, братам славутага караля-рыцара Рычарда Ільвінае Сэрца, ангельскія бароны й рыцары дамагліся выданьня т. зв. «Вялікага Ліста Вольнасцяў», і кароль мусіў прызнаць за грамадаю права выбіраць сваіх прадстаўнікоў да ўдзелу ў заканадатным сходзе. За караля Адварда I у 1295 г. быў скліканы першы ангельскі парлямэнт, у які ўваходзілі прадстаўнікі ад рыцараў (па двох ад кажнага графства) і ад местаў (па двох ад кажнага места). У гэтым-жа часе за парлямэнтам было прызнанае права даваць сваю згоду на правядзеньне дзяржаўных падаткаў. Трэба думаць, што гэтым самым у ягоныя рукі лучыў той прывілей, што й забясьпечыў яму цьвярдыя й аўтарытэтныя пазыцыі ў гаспадарстве.

У XIV ст. парлямэнт Ангелыпчыны падзяліўся на дзьве гасподы, што існуюць і дагэтуль: Гасподу Грамадаў і Гасподу Лёрдаў.

Парлямэнт перажыў трывожныя часы ангельскае рэвалюцыі ў XVII ст. і захаваў свае пазыцыі ў часох рэстаўрацыі, а ў XVIII ст. канчальна ўстанавілася тая сыстэма парлямэнтарнага ладу ангельскага гаспадарства, тая няпісаная ангельская канстытуцыя, што ў аснаўных рысах захавалася й дагэтуль. У даўгой гісторыі ангельскага парлямэнтарызму ўрады мяняюцца адзін па адным. Раз яны складзеныя з тораў (папярэднікаў пазьнейшых кансэрватараў), раз зь вігаў (пазьнейшыя лібэралы). Першыя зь іх данесьлі моцную палітычную арганізацыю да нашага часу, другія сяньня ўступілі месца новай, работніцкай партыі, што выйшла на арэну парлямэнтарнага жыцьця ў асноўным адно ў XX ст. Але хто-б ні меў бальшыні галасоў у парлямэнце, хто-б ні стаяў ля ўлады,— правы старога парлямэнту Ангелыпчыны застаюцца непахіснымі. Гэта тарнуецца й да заканадатнае функцыі, як установы, што вызначае дзяржаўны бюджэт, і — як установы, што кантралюе ўсё палітычнае жыцьцё краю.

Найнавейшая гісторыя Эўропы знае блізу ў кажным краі існаваньне парлямэнтарных установаў падобных да ангельскага парлямэнту, із шмат якімі адменамі і зь яснай тэндэнцыяй правесьці той падзел улады на ўладу заканадатную, выканаўчую й судовую, які Монтэск'е ў XVIII ст. «адкрыў» у тагачаснай Ангельшчыне, ня зусім пры гэтым зразумеўшы ейны дзяржаўны лад.

Але, у гэты-ж час блізу кажная эўрапейская краіна яшчэ з далёкай мінуласьці мела свае ўстановы парлямэнтарнага тыпу.

Гэтак у Францыі яшчэ пры фэадальным парадку ў XI і XII стст. існаваў сход фэадальных магнатаў. Кароль склікаў на паседжаньні гэтага сходу сваіх найбольших васалаў ды найвышэйшых пралатаў спачатку адно ў вялікія сьвяты. У 1302 г. кароль Шліп Прыгожы ўпяршыню паклікаў да жыцьця ўстанову, што існавала ў Францыі колькі стагодзьдзяў: гэта былі генэральныя станы. У гэтых генеральных станах дзеілі паасобку тры станы: шляхта, клер (сьвятарства) й месты (прадстаўніцтва г. зв. «трэцяга стану»). Галоўнай мэтай гэтага сходу была дапамога й рада валадару ў найважнейшых справах. Кажны стан радзіў асобна, а тады падаваў каралю свае пажаданьні або жальбы. Апрача гэтага, генэральныя станы мелі вялікі прывілей разглядаць і зацьвярджаць дзяржаўныя падаткі й зборы.

Як ведама, французскі тып парлямэнту ня здолеў абмежыць уладу караля і паставіць яе пад цяглую кантролю народных прадстаўнікоў (хай-бы й у умоўным значаньні гэтага слова — прадстаўнікоў якойсьці ягонае часткі). Генэральныя станы адсунуліся ад дзяржаўнага жыцьця, і французкія каралі заваявалі сабе абсалютную ўладу. Ведамыя вынікі гэтага: ізноў скліканыя ў 1789 г., генэральныя станы зьмянілі стары парадак паседжаньняў па трох курыях і, задзіночыўшы сваіх паслоў пад кіраўніцтвам трэцяга стану, далі пачатак вялікай буры Французкае рэвалюцыі.

У фэадальнай Нямеччыне таксама існавала парлямэнтарная адзінка (мо дакладней зародак парлямэнтарнага органу ў сяньняшнім разуменьні) — Райхстаг. Ён таксама складаўся з трох групаў: з групы курфюрстаў, з рады князёў і з групы местаў. Кажная група разглядала справы паасобку, але вымагалася агульная згода ўсіх трох. Згодна з Вэстфальскім мірам, дзяржаўнай радзе належала заканадатная ўлада, інтэрпрэтацыя правоў, пастановы аб вайне й супакоі, права прыняцьця дзяржаўных падаткаў і некаторыя іншыя. Як ведама, з гэтага старога Райхстагу разьвіўся пазьнейшы кволы нямецкі парлямэнтарызм XIX й пачатку XX стст. Апрача таго, зародкі парлямэнтарных установаў былі і ў кажным нямецкім княстве.

У Польшчы яшчэ да XIII ст. існаваў зародак прадстаўніцтва вышшых групаў жыхарства, спачатку у так зв. вечах. У XV ст. вечы зьнікаюць, уступаючы месца арганізацыі польскага сойму, асаблівага тыпу парлямэнтарнае ўстановы, дзе прадстаўніцтва народу было замененае прадстаўніцтвам аднаго зь ягоных станаў — станам шляхты. Польскі сойм дзяліўся на дзьве часткі: пасолькую гасподу й сэнат. Пачынаючы ад XVII ст., кажны пасол меў права г. зв. «лібэрум вэто», права не дазваляць і зрываць пастановы сойму. Пры канцы XVIII ст. была зробленая спроба дадаць да складу сойму й прадстаўнікоў ад местаў, але рэформа гэтая не пасьпела ўвайсьці ў жыцьцё.

Таксама й на Ўкраіне існавалі ўстановы, подобныя да народных прадстаўніцтваў. У князёўскую пару раньняга фэадалізму гэткімі былі баярскія рады, пазьней — інстытуцыя т. зв. «старшынскіх зьездаў», «старшынскіх радаў». У другой палове XVII ст., за часоў гэтманату, калі за гэтманаў Самойлавіча й Мазэпы пры ўкраінскім гэтманаце стала існавала парлямэнтарнага тыпу прадстаўніцтва, яно разьвязвала розныя дзяржаўныя справы, разглядаючы ў тым ліку й устанаўляючы дзяржаўныя падаткі. Старшынскія рады захаваліся, праўда ўжо з абмежаванай кампэтэнцыяй, і ў XVIII ст., ператрывалі паразу паўстаньня гэтмана Мазэпы, ды існавалі да поўнае ліквідацыі ўкраінскае аўтаноміі ў межах расейскае дзяржавы.

Можна ўгледзець установу парлямэнтарнага тыпу і ў гісторыі Расеі. Тутка яна ізноў-жа мела двугасподнюю сыстэму. Вышшаю гасподаю ў XVI—XVII стст. была баярская дума, у якую ўваходзілі па паходжаньню ці па прызначэньню цара г. зв. «бояре введенные» (тыя, што мелі рангу баярына або «окольничего»), «думныя дворяне» й «думные дьякі». У адрозьненьне ад баярскай думы, што працавала стала, існаваў другі сход — «земские соборы», што зьбіраліся ад выпадку да выпадку. У «земскіх саборах» прыймалі ўдзел часткава выбраныя ад народу, часткава прызначаныя мясцовай уладаю прадстаўнікі ад розных станаў жыхарства тагачаснае Расе! (дваране, стральцы, купцы, пасадзкія людзі).

Мы спыніліся на некаторых народах, што ў працэсе свайго гістарычнага разьвіцьця стварылі розныя ў фармальных рысах, але аналягічныя ў сваёй істоце ўстановы. Гаварыць аб іх можна было-б шмат. Але й бяз гэтага ясна, што ўсе яны прайшлі адну дарогу разьвіцьця.

На туманным ангельскім абтоку, пад лагоднымі праменьнямі сонца Францыі, у Нямецкай зямлі, у Польшчы, на шырокіх, вольных прасторах украінскага стэпу і ў бязьмежных лясох засьнежанае Расеі вырасьлі аднолькавыя ў сваім прынцыпе зьявы. Іх стварыў ня толькі горды з свае свабоды ангельскі народ. Іх тварыла й здольнае жыхарства Францыі, імі карыстаўся станаўкі немец, яны існавалі на зямлі ганарыстае польскае шляхты. Не абыйшлося бязь іх і бунтарнае ўкраінскае казацтва, будуючы ў гэтманскай дзяржаве сваю новую форму дзяржаўнасьці.

У чым-жа загадка гэтага аднолькавага ў сваіх аснаўных рысах дзяржаўнага парадку? У чым загадка стварэньня бальшынёй эўрапейскіх народаў (іншыя часткі сьвету пакідаючы ў баку) гэтых радаў пры князю, цары, каралі? Чым выясьніць тое, што ўдзел у гэткіх радах бяруць найбольш уплывовыя часткі жыхарства, спачатку — in corpore, а пасьля ўсё часьцей выходзячы на дарогу дасыланьня на іх сваіх прадстаўнікоў ды ўсё больш і больш разьвіваючы арганізацыю гэтага прадстаўніцтва?

Якія дзейнікі ўплылі на тое, што ўсе прадстаўніцтвы ды ўстановы гэтага тыпу загарнулі пад сваю кампэтэнцыю ўсю справу заканадаўства ў шмат якіх дзяржавах, што ў вялізарнай бальшыні народаў яны разглядалі й зацьвярджалі дзяржаўныя падаткі? Чым, нарэшце, выясьніць працэс іхнага разьвіцьця ў некаторых народаў, калі да прадстаўнікоў фэадальнае арыстакратыі крок за крокам далучаліся прадстаўнікі іншых народных станаў, калі ўсьцяж пашыраўся ўплыў парлямэнту, які сяньня там, дзе ён існуе, ёсьць ужо прадстаўніцтвам усяе нацыі, із здабытым вякамі палітычнага змаганьня шырокім абсягам кампэтэнцыі і моцным уплывам на ўсё дзяржаўнае жыцьцё?

Надта цяжка даць кароткі адказ на вялікае й вельмі складанае пытаньне. Адказваючы, даводзіцца затрымацца адно на некаторых пунктах. Па-першае, на тым, што ўжо ў такіх дужа прымітыўных задзіночаньнях людзкое грамады, якімі ёсьць род, старшыня роду кіруе ягоным жыцьцём і ягонымі справамі з дапамогаю рады старэйшых сяброў роду. Рада старэйшых і рада наймацнейшых, найздальнейшых, найбольш знаных існуе і ў пераходзе ад радавога быту да быту пляменнага і пры першых кроках арганізацыі людзкіх радавых грамадаў у дзяржавы, што ў нас у Эўропе, ня лічачы старавечных Грэцыі й Рыму, лёгка прасачыць на прыкладзе дзяржаваў раньняга, а далей разьвітага фэадалізму. У гэтай фэадальнай дзяржаве першае месца займала арыстакратыя. Тое, што яна валодала вялікімі зямельнымі маемасьцямі, гэта ўжо рэзультат даўгога працэсу, абумоўленага чысьленнымі прычынамі.

Земляныя, ленныя спачатку, а далей і вотчынныя дамэны не самавольна захапляліся ў заходняй Эўропе рыцарамі, графамі й герцогамі, а на ейным усходзе баярамі, княжатамі й панятамі. За землі й за палучаны з валоданьнем землянымі прасторамі ўплыў у фэадальнай дзяржаве плацілася цаною крыві, што пралівалі адважнейшыя, баронячы сваю нацыянальную справу. Гэты ўплыў здабывалі адно найздальнейшыя й найразумнейшыя, што сваймі радамі дапамагалі валадаром кіраваць дзяржаваю. Ён здабываўся ў выніку далёкіх і небясьпечных у тую пару падарожжаў на службе свае бацькаўшчыны. Яго мелі найбольш сьветлыя, найлепш вучоныя людзі.

Нельга недаацэньваць і ўплыву эканамічнага ў выніку сацыяльна-эканамічнае дыфэрэнцыяцыі жыхарства, тым больш што з часам, з уваходам на жыцьцёвую арэну ўсё новых і новых пакаленьняў, гэты эканамічны ўплыў пачаў расьці, выходзячы ў рэшце рэштаў на першае месца й адсоўваючы на другое й асабістыя заслугі, і здольнасьці. Але было-б няправільна ня помніць і аб значэньні апошніх, менавіта — у першую пару.

Удзел жыхарства ці паасобных ягоных часткаў у ўладзе найпрасьцей ужыцьцяўляецца ў форме беспасярэдняе простае працы ў ёй. Калі краем кіравалі із дапамогаю народных сходаў або вечаў — на іх зьбіраліся ўсе вольныя грамадзяне тагачаснае дзяржавы (ці, як гэта часта бывала — жыхары ейнага галоўнага места). Калі кароль ці князь кіраваў дзяржаваю разам із фэадальнай арыстакратыяй,— апошняя прыймала ўдзел у гаспадарскіх радах спачатку in corpore, зьбіраючыся да валадара ў вялікія сьвяты, каб павіншаваць яго й даць раду ў дзяржаўных справах. Найбліжэйшыя да валадара сябры гэтае арыстакратыі, найздальнейшыя кіраваць дзяржаваю, прыймалі ўдзел у ягоных прыбочных радах часьцей, блізу штодня. Спачатку іх ня выбіраў ніхто, іх прыцягваў да сябе й дзяржаўнае працы сам валадар.

Але пазьней усё часьцей адчувалася патрэба зьмяніць спосаб надта ўжо шырокіх пагалоўных зьездаў фэадальнае арыстакратыі да валадара, у якіх прыймалі ўдзел і людзі, што зусім ня былі здольныя да дзяржаўнага жыцьця, і, гэтым самым, адчулася патрэба зьмяніць самыя нарады із самадумам абранымі валадаром сябрамі верхняга стану, якія, бяссумлеву, ня мелі належнае кантролі над справамі дзяржавы.

Само жыцьцё выразна ставіла пытаньне аб выхадзе з гэтага палажэньня. I выхад быў знойдзены. У выснаве, няраз даўгога працэсу, былі пастаўленыя далейшыя крокі да арганізацыі вузейшага прадстаўніцкага органу ўлады. Напачатку найбуйнейшыя фэадалы або прадстаўнікі мясцовае (каралеўскае, вялікакняскае) адміністрацыі пачалі запрашаць із сабою на зьезд, да валадара, колькіх прадстаўнікоў рыцарскага стану (шэвалье, дваран, шляхты, знатных вайсковых). Але памалу справы дайшлі да выбару гэтых прадстаўнікоў на сваім мясцовым станавым сходзе.

Далейшы цяг разьвіцьця парлямэнтарных установаў — гэта працэс пашырэньня іхнага ўплыву на шырэйшыя галіны дзяржаўных справаў і змаганьне ўсіх групаў і клясаў народу за ўдзел у выбары прадстаўнікоў у парлямэнт. Працэс гэты быў даўгі й цяжкі, але ўрэшце выбары ў парлямэнт сталіся ўсеагульнымі, а самы працэс іхны забесьпячаў тайну галасаваньня, прапарцыянальнасьць прадстаўніцтва розных партыяў і групаў і г. д.

Папраўдзе, простым шляхам гэтага разьвіцьця пайшла а дна толькі Ангельшчына. У іншых гаспадарствах Эўропы старыя парлямэнтарныя ўстановы ў бальшыні замерлі. Некаторыя зь іх прыпынілі сваё быцьцё й дзейнасьць у выніку разьвіцьця каралеўскага абсалютызму, што не цярпеў каля сябе іншых органаў вышэйшае ўлады (Францыя), іншыя скончылі сваё жыцьцё, заваяваныя варожаю дзяржаваю, што, зачыняючы мясцовы парлямэнт, тым самым ліквідавала мясцовую дзяржаўнасьць (Чэхія, Польша, Літва [Беларусь], Украіна).

Але ход разьвіцьця парлямэнту ў незалежным краі і ў народзе, што здолеў абараніць свае правы на ўдзел у ўладзе,— маю на ўвеце Ангельшчыну,— ясна сьведчыць, у які бок ішло заканамернае разьвіцьцё парлямэнтарных установаў. I мы ведаем, што ў вялікай бальшыні эўрапейскіх краінаў (як і ў краёх Амэрыкі й Аўстраліі) у XIX ст. прадстаўніцтва народу дзеля вырашэння заканадатных пытаньняў аднаўляецца ўжо ў новых формах, у большай ці меншай меры пазычаных з клясычнае формы ангельскага парлямэнту.

На паўночным захадзе ўсходняе часткі Эўропы ляжыць прастора, занятая адным з эўрапейскіх народаў — народам беларускім, Шырака раскінуліся там вялізныя лесавыя масывы, уробленыя рупнаю рукою чалавека палі, зялёныя лагі ды сенажаці. На гэтых прасторах ад Беластоку за Смаленск, ад Дзьвінску па Старадуб, на берагох прыгожых рэкаў Дняпра, Нёмну й Дзьвіны, Сожу, Бярэзіны ды інш. на працягу вякоў змагаўся за сваё быцьцё, працаваў і тварыў сваю апрычоную культуру беларускі народ.

Ціхім жыцьцём жылі да нядаўна пачарнелыя дзеравяныя хаты беларускае вёскі. Месты Беларусі й сяньня ня ёсьць цэнтрамі вялікае прамысловасці або магутнымі асяродкамі культурных установаў.

Але былі часы, калі беларускі край

Далёка быў знаны

За літоўскай і ляскай зямлёю.

У тыя часы жыцьцё ў беларускіх мястох кіпела, грознай сілай былі аддзелы беларускіх войскаў, горда, як роўны з роўным, гаварыў беларускі народ із сваймі суседзямі, і суседзі гэтыя, як і далёкія народы Заходняе Эўропы, паважалі й шанавалі беларускую сілу, багацьце й культуру. У гэныя часы прыгожа расьцьвіў і беларускі парлямэнтарызм, самастойны вынік разьвіцьця беларускага дзяржаўнага жыцьця.

Беларуская дзяржава пачала складацца ў X—XI стст. нашае эры, спачатку ў выглядзе асобных дзяржаўна-пляменных арганізмаў, яшчэ не задзіночаных у суцэльную нацыянальную адзінку. Далей, задзіночаная ў вялікай сваёй частцы аднэй князёўскай дынастыяй, яна ў той-жа час пачала распадацца на цэлы шэраг асобных земляў і княстваў, якія ў свой чарод, падобна да раньняе дзяржаўнае арганізацыі фэадальнага тыпу, падзяліліся на апрычоныя, меншага памеру князёўскія ўдзелы.

Кажны з гэтых удзелаў, кажнае з гэтых княстваў было дзяржаўнай арганізацыяй фэадальнага тыпу, васальнай да большага й вышшага валадара і сюзэрэннай да меншых і ніжэйшых адзінкаў. Аднак беларускія княствы жылі задзіночаны ў адну дзяржаву ня толькі дачыненьнямі сувязі й падпарадкаваньня фэадальнага тыпу. Лучыў іх у а дно яшчэ й орган гэтае сувязі, якім трэба ўважаць т. зв. князёўскія сьнемы. Сьнем — тэрмін ня чужы славянскім мовам. У мове чэскай ён проста азначае парлямэнт. Цяпер чэскі народ укладае ў гэтае разуменьне зьмест прадстаўніцкае заканадатнае дзяржаўнае ўстановы. Але сьнемамі зваліся й першыя сходы чэскага народу ў даўнейшыя часы, калі элемэнту прадстаўніцтва на іх яшчэ ня было ці калі ён толькі зазначаўся. На Ўкраіне й Беларусі XI—XIII стст. (аб першай маем шматлікія ведамкі, бо да нас дайшоў украінскі летапіс, тады як беларускі летапіс ня знойдзены ці мо загінуў), сьнемамі зваліся зьезды князёў і баяраў з розных княстваў на разгляд справаў вонкавае палітыкі, а часамі й справаў заканадаўства. Наагул, мы ведаем аб сьнемах яшчэ так няшмат, што цяжка адтварыць іхны склад і працэс іхнае дзейнасьці. Але мы, бясспрэчна, можам уважаць, што якраз сьнемы й маглі быць тым зародкам, што, лучачы беларускія княствы, задзіночаныя пад уладаю Ізяслававага роду, у адну дзяржаўную арганізацыю (дарма што із слабымі яшчэ сувязямі), мог і павінен быў-бы стацца пры спрыяльных умовах тэй парлямэнтарнага тыпу ўстановаю, якой сталіся сьнемы Чэскае зямлі.

З другога боку, і баярскія думы асобных земляў і княстваў, гэтыя сходы «баяраў, што думалі» на нарадах пры князю аб справах замежнае й нутраное палітыкі, аб справах вайны и міру і аб справах заканадаўства (ёсьць ведамкі, што баярскія думы або баярскія рады разглядалі «уставы і ўрокі» — тэрміны, якімі ў той час зазначалася разуменьне закону) маглі й павінны былі стацца жаралом для будучае ўстановы парлямэнтарнага тыпу.

Трэба уважаць, што якраз баярскія думы й сьнемы беларускіх княстваў і сталіся зародкамі беларускага двухгасподняга парлямэнтарызму XV й XVI стагодзьдзяў. Як і бальшыня эўрапейскіх народаў, беларускі народ у сваёй дзяржаўнай арганізацыі Вялікага княства Літоўскага меў дзьве парлямэнтарныя гасподы. Гэткімі былі: а) паны-рада і б) вальны сойм.

Абедзьвюм гасподам беларускага парлямэнтарызму прысьвечаныя вялікія манаграфічныя дасьледваньні: аб панох-радзе ёсьць двутомная праца I. Маліноўскага, прафэсара Томскага ўнівэрсытэту, пазьней — акадэміка Украінскае акадэміі навук; аб соймах — зьмястоўныя манаграфіі праф. М. Любаўскага і праф. Максімейкі. Адсылаючы сваіх чытачоў дзеля падрабязнага азнаёмленьня з парлямэнтарнымі ўстановамі Вялікага княства Літоўскага да гэтых працаў, скажам тут аб іх адно колькі словаў.

Верхняй гасподаю Вялікага княства Літоўскага былі паны-рада. На месцы старых «баярскіх думаў» мы сустракаем яе ўжо на пачатку XV ст. За вялікага князя Вітаўта мы бачым тут біскупаў, васальных князёў, вялікакняжых намесыгікаў, ураднікаў дворскіх і земскіх, як канцлер, маршалак, падскарбі земскі, гэтман найвышшы і інш. Пазьней княскі элемэнт выходзіць з рады і на ягонае месца ўваходзяць кашталяны віленскі й троцкі, стараста жамойцкі ды іншыя. Пры Казімеру паны-рада спаўняюць у часе выездаў вялікага князя (які быў і каралём польскім) агульнае кіраўніцтва дзяржавай. Судзебнік вялікага князя Казімера афармляе гэткае іх палажэньне ў заканадатным парадку, а пасьля гэта яшчэ падрабязьней вызначае прывілей вялікага князя Аляксандра 1492 г. А прывілей Жыгімонта ў 1506 г. вельмі ўзмацняе правы паноў-рады, устанаўляючы, што галава дзяржавы можа выдаваць правы толькі із згодаю рады. Акт 1506 г. ставіць вышэйшую гасподу Вялікага княства Літоўскага ў асабліва моцнае і ўплывовае палажэньне ў дзяржаве, ствараючы гэтым быццам асобную рысу старое парлямэнтарнае арганізацыі, што мае большы ўплыў, чымся гэта было ў іншых тагачасных эўрапейскіх дзяржавах.

Літоўскі Статут рэдакцыі 1529 году таксама надае паном-радзе заканадатную кампэтэнцыю. Апрача гэтае кампэтэнцыі, паны-рада бралі ўдзел у прызначаньні мясцовае адміністрацыі, у арганізацыі дзяржаўных фінансаў і кантролі над імі, разглядалі справы замежнае палітыкі, а нават займаліся справамі суду ў асобных выпадках.

Побач із панамі-радаю ад XV стагодзьдзя пачала разьвівацца й ніжняя парлямэнтарная ўстанова, якою быў у Вялікім Княстве вальны сойм.

Сойм вырас із зьездаў шляхты, скліканае спачатку найчасьцей дзеля ўдзелу ў выбарах вялікага князя. На пачатку XVI ст. зьезд гэты быў яшчэ пагалоўны, г. зн. на яго ў прынцыпе мог прыехаць кажны шляхціч, які гэтага зажадае. Прывілей вялікага князя з 1447 г., што звальняе шляхту ад дзяржаўных падаткаў, згуляў вялікую ролю ў нараджэньні сойму як сталай установы. Адылі падаткі із шляхты ўсё-ж былі патрэбныя, і вось-жа даводзілася прасіць ейнага дазволу на іх. Так справы падатку, г. зв. «сярэбшчыны», сталіся галоўнай кампэтэнцыяй вальнага сойму і, гэтым самым, далі яму магчымасьць цьвёрда стаць у шэрагу вышэйшых установаў гаспадарства.

Побач з гэтым сойм заваяваў і іншыя галіны кампэтэнцыі ў дзяржаўных справах. Пачынаючы ад 1551 г., справы заканадатнага парадку пераходзяць на сойм (ягоны законапраект меў зацьвярджаць у форме свайго «адказу» вялікі князь). Статут 1566 г. выразна адзначае, што падаткі й правы (якія, як мы бачылі па статуце 1529 г., былі кампэтэнцыяй паноў-рады) належаць ужо да кампэтэнцыі вальных соймаў. Апрача таго, на соймах разглядаліся ўмовы задзіночаньня (у форме пэрсанальнае вуніі, г. зн. аднаго караля — вялікага князя) з Польшчаю. На соймах, як мы ўжо гаварылі вышэй, праводзіліся й выбары вялікага князя па сьмерці папярэдняга. Сойм вызначаў памеры вайсковых кантынгентаў шляхоцкага «Паспалітага Рушэньня». Справы вайны й міру таксама належалі да кампэтэнцыі вальных соймаў, і, прыкладам, за Жыгімонта II Старога да вайны не дайшло адно дзеля таго, што гэтага не захацеў вальны сойм. Сойм 1563 г. спыніў абмежаньні для праваслаўнае часткі жыхарства. Вальны сойм 1564 году правёў судовую рэформу.

На вальным сойме былі прысутныя паны-радныя, дзяржаўныя ўрадаўцы, а таксама большыя магнаты, г. зв. «княжаты й паняты». Але галоўную ягоную частку складала шляхта. Яна зьбіралася спачатку пагалоўна, пасьля — прадстаўнікоў ейных прызначала мясцовая адміністрацыя. Але з часам шляхта дамаглася права самой выбіраць сваіх прадстаўнікоў.

За Жыгімонта-Аўгуста з вальнага сойму выйшлі княжаты й паняты, а шляхта паслала на сойм сваіх выбраных прадстаўнікоў. Віленскі сойм 1565—1566 гг. пастанавіў, што шляхоцкія паслы, па 2 ад кажнага павету, маюць выбірацца на мясцовых (павятовых) сойміках, скліканых дзеля разгляду тых справаў, якія будуць разглядацца на вальным сойме, і даваць выбраным паслом сваю «навуку»-інструкцыю.

Мяшчанства — і ў гэтым была крыніца слабасьці вальнага сойму — было прадстаўленае на ім толькі ў форме ўдзелу на ягоных паседжаньнях прадстаўнікоў галоўнага места — Вільні. Сойм склікаўся непэрыядычна, але калі былі патрэбныя ягоныя пастановы. Месца паседжаньняў соймаў ня было вызначанае, аднак яны адбываліся найчасьцей у Вільні.

Дужа цікава, што побач з паседжаньнямі вальнага сойму йшлі пашыраныя сходы пленуму паноў-рады, якія разглядалі тыя самыя пытаньні, што й вальны сойм.

Калі гаварыць аб вальным сойме Вялікага княства Літоўскага ў цэласьці і калі прыраўнаваць яго да іншых аналягічных установаў тагачаснае Эўропы, дык трэба прыйсьці да выснаву, што вальныя соймы, якія беларускі народ стварыў у дзяржаве, званай Вялікім княствам Літоўскім,з памогаю народаў украінскага й летувіскага, жылі родам парлямэнтарнай установы дзяржавы, што пераходзіла ад фэадальных часоў да пары станавага падзелу жыхарства.

Як орган, нараджэньне й рост якога залежалі ад прычынаў аднолькавых у бальшыні эўрапейскіх краёў, ён вельмі быў падобны да іншых тагачасных эўрапейскіх парлямэнтаў, генэральных станаў, сьнемаў і г. д. Але як орган дзяржавы, што мела сваеасаблівыя рысы свайго гістарычнага разьвіцьця, вальны сойм заканамерна меў і розьніцы, раўнуючы да іншых тагачасных парлямэнтарных установаў. Адной з найважнейшых было прадстаўніцтва толькі ад аднаго стану, шляхты. Гэта сьведчыць аб меншым разьвіцьці мескага жыцьця й меншым уплыве мяшчанства на дзяржаўныя справы. I калі гэтая, у аснове ад'емная рыса, родніць беларускі сойм з соймам польскім, дык у той-жа час нельга не зацеміць і таго, што на вальным сойме Вялікага княства Літоўскага шляхоцкія масы ніколі ня мелі такога, даведзенага да скрайнасьці, станаўкога жаданьня для голасу кожнага зь іх, як гэта было ў Польшчы.

Цалкам сваеасаблівым у нас было й выключка ўплывовае палажэньне Верхняе Гасподы — паноў-рады, што адводзе парлямэнтарнай сыстэме Вялікага княства Літоўскага сваё, асобнае месца ў агульным разьвіцьці эўрапейскага парлямэнтарызму.

У 1569 г. вальны сойм Вялікага княства Літоўскага быў зьліквідаваны пасьля таго, як яно пайшло на цясьнейшую дзяржаўную сувязь з Польшчаю. Польскі сойм стаўся супольным парлямэнтам Польшчы й Літвы (Беларусі).

Але, як гэта пераканальна даводзяць працы расейскага прафэсара I. Лаппы й беларускага гісторыка Друшчыца, беларуская дзяржава ня згубіла й па Люблінскай вуніі сваёй дзяржаўнай прыроды. Застаўся й род беларускага парлямэнту, за які трэба ўважаць т. зв. галоўны соймік, на які беларускія й летувіскія шляхоцкія паслы зьбіраліся перад выездамі на агульны сойм із палякамі. Тут, на галоўным сойміку, яны вызначалі свае пазыцыі на будучых паседжаньнях сойму і, што асабліва важнае,— вырашалі справы Вялікага Княства як асобнае дзяржавы, не пераносячы іх на супольны сойм із палякамі.

У якой меры галоўны соймік быў пытаньнем права, а не адно факту, пераканальна сьведчыць тое, што Літоўскі Статут 1588 г. проста пастанаўляе, што галоўны соймік абавязкова мае быць скліканы кажны раз на два тыдні перад супольным соймам «Кароны» й «Літвы». Галоўны соймік існаваў да канца трываньня Вялікага княства Літоўскага й быў скасаваны толькі пасьля ліквідацыі беларускае дзяржаўнасьці.

«Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва».

№ 1, 1952


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by