МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Сорак два гады таму // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Аўтар: Кушаль Францішак
Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Раздзел: Успаміны
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

ФРАНЦІШАК КУШАЛЬ

СОРАК ДВА ГАДЫ ТАМУ

Жменя ўспамінаў аб Алесю Гаруну

Першыя мае ўспаміны аб Алесю Гаруну, што друкаваліся недзе ўвосень 1941 г. у Менскай «Беларускай Газэце», былі, магчыма, паўнейшыя, чымся тая жменька, што даю тутака, бо тады, у 1941 г., ад трагічных падзеяў на Беларусі ў 1920 г. й майго апошняга разьвітаньня з Алесем Гаруном мінула было а дно 21 год, сяньня-ж да іх дайшло яшчэ гэтулькі сама, а сорак два гады ў жыцьці чалавека шмат значыць, асабліва ў дачыненьні да гэткай нясталай ды нятрывалай рэчы, як людзкая памяць.

Упяршыню я сустрэўся з Алесем Гаруном у Менску ў 1918 г. Прыйшоў я тады ў Менск пехатою з Забор'я, дзе жылі мае бацькі, зь мясцовасьці, якая ляжыць у сямідзесяцёх вярстох ад Менску й належала ў тых часох да Ашмянскага павету. Мэтаю майго падарожжа ў Менск было дастаць там беларускіх кніжок для бібліятэкі гуртка беларускае моладзі, што я й мае сябры наважылі арганізаваць у мястэчку Івянцы. Беларуская кнігарня зьмяшчалася тады ў двупаверхавым доме на Захараўскай вуліцы, якраз насупраць «Новага» касьцёлу. Калі я ўвайшоў у дом, дык адразу пабачыў прылавень, на якім былі акуратна параскладаныя кнігі, а за ім — высокага, худога чалавека, апраненага ў жакетку із саматканага вясковага сукна, з-пад якое было відаць белую палатняную кашулю з каўняром, вышываным беларускім узорам. Я кагадзе якраз пакінуў быў царскую армію, што развалілася ў выніку рэвалюцыйных падзеяў, і не патрапіў яшчэ пазбыцца вайсковых звычкаў. Стануўшы на «зважай» перад чалавекам у саматканай жакетцы, я назваў сваё прозьвішча. «Прушынскі»,— адказаў мне ён, падаючы руку да прывітання.

Я ўжо ведаў, што Аляксандар Прушынскі — гэта запраўднае ймя паэта Алеся Гаруна, творы якога я зь вялікім захапленьнем вучыўся на памяць і дэклямаваў, і адразу здагадаўся, з кім маю гонар пазнаёміцца. Мы разгаварыліся. Алесь Гарун зь вялікай цікавасьцяй распытваў мяне аб тым, што робіцца на правінцыі, як пашыраецца беларуская сьведамасьць сярод сялянства ды інш. Нарэшце ён напакаваў маю торбу кніжкамі, сказаўшы, што грошы за іх спагоніць з нас тады, калі нашая бібліятэка пачне мець прыбыткі.

Улетку 1918 г., апрача гэтага першага разу, я вельмі часта бываў у Менску то пехатою, то прыяжджаючы зь івянецкімі балаголамі. Кажны раз я наведваў беларускую кнігарню й сустракаўся там з Алесем Гаруном. У гэтым-жа доме на другім паверху зьмяшчалася рэдакцыя беларускай газэты «Вольная Беларусь». Там я пазнаёміўся і зь Язэпам Лёсікам і зь ягонаю жонкаю Вандай Лявіцкай, дачкой ведамага беларускага пісьменьніка Ядвігіна Ш.

На сьвеце ўсьцяж ня было супакою. Увосень 1918 г. выбухла рэвалюцыя ў Нямеччыне. Немцы былі змушаныя капітуляваць перад кааліцыяй. Нямецкія арміі пачалі пакідаць займаныя імі прасторы Беларусі. Сьледам за нямецкай арміяй, што адыходзіла на захад, з усходу йшло бальшавіцкае войска. Неўзабаве ўся Беларусь апынулася пад бальшавікамі. Увесну 1919 г. пачалася новая вайна — польска-бальшавіцкая. Палякі памаршыравалі на ўсход, і 19 красавіка 1919 г. польская армія здабыла Вільню, а колькі месяцаў пасьлей — 8 жніўня 1919 г. заняла Менск. Неўзабаве па заняцьці палякамі Вільні, у травені 1919 г. у Вільні адбыўся беларускі зьезд Віленшчыны й Горадзеншчыны, на якім было пастаноўлена пачаць пад польскай акупацыяй арганізацыю беларускага войска. На зьезьдзе была абраная адмысловая вайсковая камісія, якой і было даручана пачаць захады перад польскім галоўным камандаваньнем аб дазволе на арганізацыю беларускіх вайсковых аддзелаў. Пасьля вельмі даўгіх намаганьняў і перамоваў, бо толькі 22 кастрычніка 1919 г. галоўнакамандуючы польскай арміяй Язэп Пілсудзкі выдаў нарэшце дэкрэт аб дазволе арганізаваць беларускае нацыянальнае войска. Гэтым-жа дэкрэтам паклікалася Беларуская Вайсковая Камісія (БВК), кажны сябра пайменна. У склад камісіі былі пакліканыя дэкрэтам гэткія асобы: на старшыню БВК прызначаўся Паўла Аляксюк, адвакат паводля прафэсіі, вельмі актыўны ў тых часох беларускі дзеяч. На камандуючага беларускімі вайсковымі аддзеламі прызначаўся палкоўнік Канапацкі, беларус татарскага паходжаньня. У склад камісіі быў пакліканы й Аляксандр Прушынскі, а апрача яго, як сябры камісіі, гэткія асобы: Антон Аўсянік, маёр Якубецкі, Сымон Рак-Міхайлоўскі, палкоўнік-інтэндант Якубоўскі й я, капітан Францішак Кушаль. Месцам урадаваньня Беларускае Вайсковае Камісіі вызначаўся Менск (аб БВК быў мною ў сваім часе напісаны даўжэйшы артыкул «Ад Менску да Лодзі», які друкаваўся ў 1952 г., у лістападзе, сьнежні й студзені ў газэце «Беларус», нумары 21, 23, 24 й 25).

У сьнежні 1919 г. БВК пакінула Вільню й прыбыла ў Менск, дзе заняла даволі вялікі менскі гатэль «Гарні». На першым паседжаньні камісіі быў абраны ейны прэзыдыюм, заступнікам старшыні якога стаўся Аляксандр Прушынскі. Памятаю, што ён станоўка адмаўляўся ад гэтае функцыі, матывуючы сваю адмову слабым здароўем. I запраўды, дось было глянуць на яго, і кажны мог пераканацца, што перад ім моцна хворы чалавек. Аднак, дармо што ўсе слушныя адмовы, Алесю Гаруну не ўдалося пераканаць камісію, і ён застаўся заступнікам старшыні Прэзыдыюму БВК.

Паўла Аляксюк быў нязвычайна энэргічны чалавек, вельмі добры прамовец. Неўзабаве межы БВК сталіся яму зацесныя. Каб мець магчымасьць шырэйшае дзейнасьці, ён пачаў штораз часьцей выяжджаць у Варшаву, дзе, як казалі тады ў Менску, рабіў «высокую» палітыку. Паказаўшыся часчасом у камісіі, ён узноў на даўжэйшы час недзе зьнікаў. Ясна, што ўвесь цяжар працы ў БВК зваліўся на плечы хворага Прушынскага, а праца гэтая была вельмі цяжкая й нэрвовая. Бо, не зважаючы на дэкрэт найвышэйшага аўтарытэту — галавы Польскае дзяржавы й галоўнакамандуючага польскай арміяй, Язэпа Шлсудзкага, справа арганізацыі беларускага войска ад пачатку сутыкнулася зь немагчымымі да абладжаньня перашкодамі.

Перашкоды гэтыя вынікалі найперш з палажэньня, што йснавала тады на Беларусі. Зламаўшы супраціў бальшавіцкае арміі, польскае войска рынула за ворагам на ўсход, не даючы яму магчымасьці арганізаваць дзе-колечы абарону.

На прасторах Беларусі, займаных польскай арміяй, зараз-жа арганізоўвалася адміністрацыйная ўлада, ведама, вылучана із спалянізаваных паноў, панкоў ды паўпанкаў.

Неўзабаве ўсе адміністрацыйныя становішчы, а гэтаксама пасады ў паліцыі, былі занятыя гэтымі людзьмі. Зь вельмі малымі выняткамі ўсе яны былі эндэцкае арыентацыі, а значыцца — зацятымі польскімі нацыяналістамі, ворагамі ўсяго беларускага, бо-ж ведама, што няма горшага беларусаведа, як спалянізаваны беларус. Як і трэба было спадзявацца, гэтая зграя цалком сабатавала дэкрэт Пілсудзкага. Высыланыя БВК на правінцыю вэрбунковыя агенты звычайна арыштоўваліся й траплялі ў турмы. Ахвотнікаў ісьці ў беларускае войска не дапушчалі ў Менск і страшылі рознымі карамі. Можна сабе ўявіць, як перажываў усе гэтыя несправядлівасьці й перашкоды фактычны старшыня БВК Аляксандр Прушынскі, зьнясілены цяжкой хваробай, а таму асабліва чулы на кажную прыкрасьць ці няўдачу.

Тым часам дні йшлі, набліжаўся ліпень 1920 г. БВК удалося зь вялікімі цяжкасьцямі арганізаваць толькі адзін беларускі батальён. Сярод сяброў Камісіі пачало расьці й мацнець вялікае незадаваленьне. Нарэшце недзе ў канцы чэрвеня 1920 г. ў Менск прыехаў Паўла Аляксюк. Адбылося вельмі бурнае пленарнае паседжаньне БВК, і Аляксюку быў адназгодна выказаны недавер. Аляксюк падаўся ў дымісію. Toe самае зрабіў і палкоўнік Канапацкі. Беларуская Вайсковая Камісія апынулася ў крытычным палажэньні. Даць рады крызысу было вельмі цяжка, бо Аляксюк быў вызначаны на старшыню БВК дэкрэтам польскага галоўнакамандуючага. Справу трэба было ўзгадняць з польскім камандаваньнем. Аднак усе перашкоды удалося абладзіць. Новым старшынём БВК згадзіўся быць адзін з былых рэдактароў першае беларускае газэты ў Вільні ў 1906 годзе, «Нашай Долі», Франьцішак Умястоўскі, запрошаны на гэтае становішча ўжо самай БВК.

Прыняўшы становішча, Умястоўскі адылі ў Менск ня прыбыў. Давялося Аляксандру Прушынскаму й надалей узначальваць БВК.

За часамі польскае акупацыі, дармо што вайна й няпэўнасьць заўтрашняга дня, у Менску шырака разгарнулася беларускае культурнае жыцьцё. Тут стала жылі гэткія выдатныя беларускія пісьменнікі, як Янка Купала й Зьмітрок Бядуля, даездам зь Вільні падоўгу запыняўся драматург Францішак Аляхновіч, які сам рэжысэраваў свае рэчы дзеля паказу на менскай сцэне, часта выступаў ведамы хор Тэраўскага, стала выходзіла беларуская газэта «Беларусь» пад рэдакцыяй выдатнага журналістага й пісьменьніка Язэпа Лёсіка, якога лучыла з Гаруном асаблівая прыязьнь, паўсталая яшчэ за часамі супольна адбыванае імі ў Сібіры ссылкі. У гэтым шырокім культурным жыцьці Алесь Гарун браў заўсёды дзейны ўдзел, тым болей што быў ён у гэным часе й старшынёю Беларускага Нацыянальнага Камітэту, які займаўся арганізацыяй і кіраваньнем усяго беларускага жыцьця ў Менску. Ня было дня, каб у ягоным габінэце ў БВК, пасьля гадзінаў прыкрага й цяжкога ўрадаваньня, ня зьбіраліся на нарады, што цягнуліся да познае начы, беларускія культурныя працаўнікі дзеля абмеркаваньня пільных справаў з галіны выдавецкай, школьнай ды інш. Гэтак паважна хворы на сухоты Алесь Гарун, стаміўшыся за дзень да апошняга, мусіў, пасьля кароткага адпачынку, пачынаць назаўтрае гэткі-ж працоўны дзень, тыдзень па тыдні й месяц па месяцы. Нічога дзіўнога, што якраз да яго так хутка прычапілася яшчэ адна хвароба, стаўшыся беспасярэдняю прычынаю ягонае перадчаснае сьмерці.

5-га ліпеня 1920 г. бальшавікі пачалі на шырокім фронце наступ на польскую армію. Паляком давялося адступаць. У Менску была абвешчаная эвакуацыя. Сябры Беларускае Вайсковае Камісіі зыйшліся, апошні ў Менску раз, на паседжаньне. Яны перагледзелі й адабралі найважнейшыя й найпатрабнейшыя дакумэнты, бо забраць усяго ня было магчымасьці, падзялілі іх міжсобку, пехатою пайшлі на чыгуначную станцыю й селі ў апошні эшалён, што пакідаў Менск.

Ніхто з нас не ўяўляў сабе, якую жахлівую паразу дастала на Бярэзіне польская армія. Мы былі перакананыя, што бальшавікі будуць неўзабаве затрыманыя, праўдападобна на Нёмне, і наважылі далёка не падавацца, а затрымацца дзе-колечы ў заходняй частцы Беларусі. Найдагаднейшым месцам супынку здаўся нам Ваўкавыск.

Лета 1920 г. было на Беларусі нязвычайна гарачае. Рана й вельмі багата ўрадзіла гародніна. Беларускія сады аж хінуліся долу ад цяжкіх пладоў. Асабліва надзілі стомленых жаўнераў польскае арміі, што адыходзіла на захад, сьпелыя, буйныя вішні. Яны ірвалі іх, елі і запівалі вадой з прыдарожных студняў ды ручаёў. Неўзабаве скрозь выбухла эпідэмія крываўкі (дызэнтэрыі).

Мы прыехалі ў Ваўкавыск каля паўдня наступнага дня ды пайшлі ў горад уладжвацца. Зайшліся на рынак. Сяляне прывезьлі сюды на продаж поўныя вазы вішняў. Вішні былі буйныя й сакавітыя. Мы ўсе ў ахвоту імі ласаваліся. Пад'еў усмак вішняў і Аляксандр Прушынскі. На другі дзень нашага пабыту ў Ваўкавыску сябры БВК зыйшліся ў залі мясцовае гасьцініцы, каб абмеркаваць становішча, у якім мы апынуліся, ды пастанавіць, што рабіць далей. Алесь Гарун на нараду ня прыйшоў. Ня памятаю ўжо, хто зь сяброў сказаў, што «Прушынскі ня прыйдзе, бо ляжыць хворы ў сябе на гасподзе». Я й Антон Аўсянік зараз-жа пайшлі да яго, каб даведацца, што зь ім. Гаспода Алеся Гаруна была на аднэй зь ціхіх бочных вулічак Ваўкавыску й выглядала як звычайная сялянская хата. Калі мы ўвайшлі ў гэтую хату, дык адразу-ж пабачылі на дзервяным сялянскім ложку, засланым саматканаю коўдраю, Аляксандра Прушынскага — Алеся Гаруна. Ён слабым голасам расказаў нам, што ўчора, пад'еўшы вішняў, пачуў вялікую смагу і напіўся, раз і другі, сьцюдзёнае вады. Пад вечар яму зрабілася дрэнна, забалеў жывот. Мучыўся ён ім усю ноч і цяпер адчувае нязвычайную слабасьць. Пачуўшы гэта, Аўсянік пабег шукаць доктара, а за гадзіну прывёў лекара з вайсковае камандатуры. Агледзеўшы хворага, лекар сказаў, што Аляксандр Прушынскі захварэў на тыповую дызэнтэрыю, і дадаў: «Я вам дам паперу, адвязеце хворага на чыгуначную станцыю й чакайце. Неўзабаве праз станцыю будзе праходзіць санітарны цягнік, вось і здайце хворага дзяжурнаму лекару гэтага цягніка». Селянін, у хаце якога прыпыніўся Алесь Гарун, сьведка ўсяе гэтае сцэны, згадзіўся адвезьці хворага на станцыю сваім канём. Мы дапамаглі Прушынскаму апрануцца і, калі пад ганак пад'ехала каламажка, вывелі яго пад рукі й пасадзілі на воз, бо 204

сам ён стаяць на нагах ужо ня мог. Аўсянік сеў побач з хворым і трымаў яго, абняўшы рукою, усю дарогу, я-ж з хурманом селі ў перадку. Прыехаўшы на станцыю, мы запраўды вельмі мала чакалі на санітарны цягнік.

Ён прыйшоў за якія паўгадзіны. Я й Аўсянік увялі зусім заслабелага Гаруна ў цягнік і перадалі санітару. Тутка, у цягніку, мы — Антон Аўсянік і я, апошні раз паціснулі руку Алесю Гаруну, жадаючы яму баржджэй ачуняць.

Колькі год пасьлей — памёр і Антон Аўсянік. I сяньня хіба жывы на сьвеце адзін я, што апошні зь беларусаў бачыў жывога Алеся Гаруна. У 1922 г. у часопісе «Беларускі Сьцяг», выдаваным у Коўні, зьявіліся ўспаміны аб Алесю Гаруну, падпісаныя крыптонімам А. А-к. Няма ніякага сумлеву, што аўтарам іх мог быць адно Антон Аўсянік, што разам са мною выпраўляў Алеся Гаруна ў апошняе ягонае падарожжа таго, гэтак памятнага й па сараку год, ліпеньскага дня на станцыі ў Ваўкавыску.

Падзеі тым часам не стаялі на месцы. Польская армія затрымалася адно пад самай Варшавай, дзе й разьбіла нарэшце бальшавікоў. Прыйшло замірэньне. Польскае камандаваньне вызначыла месцам дзеля рэарганізацыі й папаўненьня БВК места Лодзь. Неяк увосень 1920 г. БВК атрымала ўрадавы ліст з вайсковага шпіталю ў Кракаве, у якім паведамлялася, што Аляксандр Прушынскі, сябра БВК, памёр ад дызэнтэрыі, і падавалася дакладная дата сьмерці ды месца паховінаў.

Вестка аб сьмерці Алеся Гаруна вельмі цяжка нас уразіла. БВК пастанавіла дэлегаваць некага зь беларусаў у Кракаў, каб дакладна даведацца аб абставінах Гаруновае сьмерці ды знайсьці ягоную магілу, зазначыўшы яе так, каб заўсёды можна было яе адшукаць.

Гэткім дэлегатам ахвоча згадзілася паехаць у Кракаў Паўліна Мядзёлка, тады жонка ведамага беларускага дзеяча Тамаша Грыба, які ў тым часе як эмігрант жыў у Лодзі. За тыдні два яна вярнулася з Кракава й расказала нам, што ў Кракаўскім вайсковым шпіталі ёй далі ўсе патрэбныя інфармацыі аб сьмерці Аляксандра Прушынскага ды паказалі ягоную магілу.

Магіла гэта знаходзіцца сярод магілаў польскіх жаўнераў, і на ёй стаіць просты дзервяны вайсковы крыжык з таблічкай, на якой напісаныя два словы: Аляксандр Прушынскі.

Гэткая доля нашых вялікіх людзёў, нашых вялікіх паэтаў і нацыянальных прарокаў. Косьці Максіма Багдановіча тлеюць «над сіняй бухтай» у далёкім Крыме. Янка Купала знайшоў быў дамавіну ў нялюдзкай Маскве. Алесь Гарун супачыў навечна ў чужым польскім Кракаве... Але прыйдзе час, і ўсе яны знойдуць вечны супакой на роднай зямлі, у велічным пантэоне беларускіх нацыянальных гэрояў.

«Конадні». М 7, 1963


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by