МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

“Наша Ніва” і Іван Луцкевіч // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Аўтар: Кветка Вітан
Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Раздзел: Успаміны
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

КВЕТКА BITАН

«НАША НІВА» I IBAH ЛУЦКЕВІЧ

Толькі я памятаю, на зьяўленьне ў продажы газэты «Нашай Нівы» вілянчукі мала ўзялі ўвагі. Шмат зь іх казалі з пагардай: «От, хлопска газэта». Але з часам яна, хоць і «хлопска», знайшла зацікаўленьне сярод інтэлігенцыі, як польскай, так і расейскай. Некаторыя з палякоў глядзелі на гэта як на «хлопоманство» і выяўленьне краёвага патрыятызму ды казалі, што прыпамінала гэта Яна Чачота зь ягонай працай «Piosnki wiesniacze z nad Niemna i Dzwiny». Але бальшыня віленскіх палякоў-шавіністаў глядзела на зьяўленьне беларускай прэсы варожа, бо гэта падрывала палянізацыю беларускага сялянства. А расейцы пабачылі ў беларускай прэсе праявы сэпаратызму, што перашкаджала русыфікацыі гэтага краю.

Такія пагляды я чула сярод знаёмых, калі, пачынаючы ад 1907 году, прыяжджала зь Пецярбурга, з Вышэйшых жаночых курсаў, дахаты на сьвяты й вакацыі. Мы часта спрачаліся на гэту тэму, бо як студэнтка філялёгіі я трымалася таго пагляду, што народ выяўляе свае здольнасьці й творыць найлепш у сваёй роднай мове. А што цяпер яшчэ мова гэтая мае адзнакі мовы «мужыцкай», дык гэта зьява часовая, калі над мовай гэтай папрацаваць, яна станецца такой жа «панскай», як і іншыя мовы. Гэтым я злавала польскіх і расейскіх шавіністаў, бо наагул не прызнавала неталеранцыі што да іншай веры ці нацыянальнасці. Гэтак я прызнавала беларускаму адраджэнскаму, руху raison d'etr2, але бліжэйшага сутыку зь ягонымі прадстаўнікамі яшчэ ня мела. Цётка, якую я знала з гімназіі, вярнулася ў Вільню, калі я была на курсах, дзеля гэтага мы й не спаткаліся. У часе вакацыяў я была занятая хатнімі справамі нашай вялікай сям'і, а ў Пецярбурзе знала толькі сваю навуку.

Калі я на пачатку лета 1915 году (быў другі год вайны) пазнаёмілася зь Іванам Луцкевічам, дык зацікавілася ім ня толькі як чалавекам, але й ягонымі ідэаламі й працай, у якой я пасьля ўзяла жывы ўдзел. «Наша Шва» тады яшчэ выходзіла, але я ў ейнай рэдакцыі ня бывала, ды шмат каго зь ейных калішніх працаўнікоў там ня было ўжо, яны былі пакліканы ў армію або выехалі зь Вільні дзеля ваенных падзеяў і пагрозы нямецкай акупацыі.

Актыўны ўдзел у працы «Беларускага камітэту дапамогі пацярпелым» я пачала толькі пасьля прыходу ў Вільню нямецкага войска і таму магла пазнаёміцца толькі з тымі супрацоўнікамі «Нашай Швы», што засталіся ў Вільні: братамі Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім ды зноў спаткалася зь Цёткай. З Аляксандрам Уласавам, мастаком Язэпам Драздовічам і праф. Вацлавам Іваноўскім я пазнаёмілася ў 1919 г., калі яны вярнуліся ў Вільню.

Аб газэце «Нашай Ніве», ейнай ідэялёгіі й фінансавых справах апавядаў мне Іван Луцкевіч. Утрыманьне газэты ляжала вылучна на ягоных плячох. (Падаю тут тое, што апавядаў мне сам Іван Луцкевіч.) Па заканчэнньні сваіх архэалягічных студыяў у Вене Іван Луцкевіч варочаецца ў Пецярбург, дзе студыюе права. Але, калі па рэвалюцыі 1905 году была скасаваная забарона беларускага друку ды паўсталі магчымасьці пашырэньня беларускае працы ў краі, Іван Луцкевіч, як і ягоны брат Антон перапыняюць сваю навуку й настала перабіраюцца ў Вільню. (Антон Луцкевіч быў студэнтам унівэрсытэту ў Дорпаце — цяпер Тарту ў Эстоніі, студыяваў прыродаведу.)

Па сьмерці бацькі, калі браты Луцкевічы канчалі гімназію, на іхную долю прыпала невялікая спадчына па бацьку, што дала ім магчымасьць вучыцца далей, але яшчэ будучы студэнтамі яны часта давалі грошы на беларускую справу. Калі-ж яны перабраліся ў Вільню, дык арганізацыя беларускай працы, асабліва-ж друку, неўзабаве праглынула рэшту іхнае спадчыны, і, каб не дапусьціць да заняпаду гэтае працы, трэба было шукаць новых сродкаў.

Параўнальна невялікая трупа беларусаў, што станавіла фактычны актыў беларускага руху ў Вільні, была бедная й грошай на справу даць не магла. Апрача братоў Луцкевічаў, што былі фактычнымі рэдактарамі «Нашае Нівы», да гэтае групы належалі: Аляксандр Уласаў — афіцыйны рэдактар «Нашае Нівы», Янка Купала, Ядвігін Ш., Вацлаў Ластоўскі, А. Чыж, Сяргей Палуян (памёр у 1910 г.), мастак Язэп Драздовіч ды яшчэ некалькі асобаў. Гэта былі маладыя ідэялісты, поўныя запалу й энэргіі ў працы на адраджэньне Беларусі. Грошай яны ня мелі. Мусілі ня толькі дарма працаваць у газэце ці на іншых дзялянках беларускага руху, але й часам выціскаць із сваіх мізэрных заработкаў для гэтага руху. Адзін А. Уласаў быў замажнейшы, бо меў хвальварак Мігаўку пад Радашкавічамі, але з гэтага хвальварку ён мусіў жыць сам, бо іншых прыбыткаў ня меў. Аднак, працуючы ў газэце разам з братамі Луцкевічамі, ён памагаў аплачваць кватэру для ўсяго штабу «Нашае Нівы». Мы бачылі, як грамадзтва Вільні, фактычна чужое, ставілася да «Нашае Нівы», дык ясна, што хоць і заможнае, але падтрымаць гэтую газэту яно не хацела. Выняткам быў Зыгмунт Нагродзкі (собсьнік складу ралейных машынаў — сябра Францішка Багушэвіча), які часамі даваў хоць невялікае падтрыманьне. Бальшыня-ж вілянчукоў глядзела на беларускі pyx як на нешта варожае або недарэчнае.

Гэтак нашаніўцы мусілі лічыць толькі на свае собскія сілы.

«Наша Ніва» — асабліва спачатку — мела мала платных падпішчыкаў, на вёску высылалася пераважна дарма, а ў самой Вільні разыходзілася мала. З гледзішча гаспадарскага гэта было моцна дэфіцытнае падпрыемства, і, каб утрымаць яго, трэба было шукаць нейкіх пабочных крыніцаў. I вось гэтае заданьне ўзяў на сябе Іван Луцкевіч. Ён ня мог пайсьці на службу або заняцца нейкай сталай заработкавай працай, бо ўвесь час і энэргію сваю мусіў аддаваць маладому беларускаму руху, будучы галоўным маторам і кіраўніком яго. Проста дзіву даешся, як успомніш, як гэты чалавек, заараны штодзённай грамадзкай працай, знаходзіў часу і спосабаў здабываньня грошай на ўсю беларускую справу. Ён кідаўся на ўсе бакі, пры гэтым ніколі не дбаў аб свае асабістыя патрэбы: што здабыў, тое йшло ў грамадзкі кацёл. Ён бярэ прадстаўніцтвы ад розных фірмаў, пасярэднічае ў транзакцыях з замежжам, мае шмат знаёмых сярод жыдоў і ў сваіх частых разьездах выконвае розныя гандлёвыя даручэньні, за што дастае пэўны працэнт. Але з усіх гэтых нясталых прыбыткаў ён ня мог-бы пакрываць выдаткаў на газэту й іншыя грамадзкія справы. Больш пэўны прыбытак прыносіла перапродаж антыкварных рэчаў. Іван Луцкевіч быў найлепшы знавец старасьвеччыны й мастацтва на увесь край. Усюды, дзе толькі ён ні бываў, ягоныя вочы шукалі старасьвецкіх і мастацкіх рэчаў: старой або народнай старасьвецкай разьбы, мастацкіх абразоў сьвецкіх і царкоўных, старых рукапісаў і друкаў ды іншых падобных рэчаў. Ён меў нейкі спэцыяльны нюх ці здольнасці, каб вынаходзіць гэтыя рэчы там, дзе, здавалася-б, зусім ня месца ім. Ён знаходзіць іх на кірмашох, на падстрэшшах старых двароў, у букіністаў, перакупнікоў і рызьнікаў або й ледзь што не на сьметніках. Набываў ён іх пераважна як бязвартасныя рэчы, за грашы. Тады ён ведаў, як гэтыя рэчы адрэстаўраваць, і калі яны мелі беларускую характарыстыку — пакідаў іх у сваіх музэйных зборах, калі-ж яны гэтай характарыстыкі ня мелі — прадаваў за належную ім цану й гэтак здабываў сродкі на беларускую нацыянальную справу. Дзякуючы ягонай стараннасці беларуская справа расла й дужэла, разам з тым расьлі зборы беларускай старасьвеччыны, зь якіх пасьля склаўся музэй — адзін з найбагацейшых у Вільні — музэй пад ягоным імём. Больш вартасныя рэчы не беларускага значаньня ён прадаваў у Пецярбургу, у Варшаве або й за межамі — у Кракаве ці Львове, дзе меў сталую сувязь з большымі антыкварыятамі. За некаторыя рэчы ён даставаў па колькісот рублёў (раз навет за абраз якогась старога французскага маляра дастаў больш як тысячу рублёў). Такія большыя транзакцыі былі для яго сьвятамі. Прыехаўшы ў Вільню, ён перш за ўсё плаціў даўгі за газэту — за паперу й друк, і іншыя старыя даўгі; плаціў задаўненую пэнсію хатняй наймічцы, купляў даўна нагледжаныя экспанаты для свайго музэю і, канечна, патрэбныя рэчы для сябе. Калі боты былі ўжо да немагчымасьці дзіравыя або вопратка занадта зношаная, дык купляў сабе ці брату Антону. Але неўзабаве зноў браў напавер паперу й рабіў іншыя даўгі, пакуль зноў здабываў грошы перапродажай. Гэтак Іван Луцкевіч, жывучы вельмі сьціпла із сваім братам Антонам, фінансаваў газэту «Наша Ніва» ды бадай усю беларускую працу ў Вільні ў часе ад 1906 да 1919 г. (У гадох 1913—1915 Іван Луцкевіч выкладаў у прыватнай школе рысункаў Рыбакова мастацтваведу, але зарабляў там вельмі мала.) Ад іншых супрацоўнікаў «Нашае Швы» нельга было вымагаць грашовага падтрыманьня на газэту. Досыць таго было, што яны ў ёй задарма працавалі ды так ці інакш самі сябе ўтрымвалі.

Апошнімі гадамі свайго існаваньня «Наша Ніва» мела ўжо ладна платных падпішчыкаў. З году ў год матарыяльны стан газэты папраўляўся. Тады пачалася й выдавецкая праца. Было заложанае Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні. Тады-ж паўстала й Беларуская кнігарня ў Вільні, якую вёў Вацлаў Ластоўскі як ейны собсьнік — аж да 1918 г. Ён і жыў пры кнігарні із жонкай і дзьвюма дачкамі ды там-жа складаў зборы старасьвеччыны (зьбіраць іх навучыўся ў Івана Луцкевіча).

У Пецярбурзе Вацлаў Іваноўскі арганізуе й спачатку фінансуе выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца...». Там выдаюцца галоўна літаратурныя творы й папулярныя брашуры для сялянства. Зь цягам часу гэтае выдавецтва пакрывала свае выдаткі й яно добра разраслося-б, як мне апавядаў пасьля праф. Вацлаў Іваноўскі, калі-б ня выбухла вайна. Зразумела, што й Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні трэба было спачатку паставіць на ногі і фінансаваць яго. I тут ізноў без грашовай дапамогі Іван Луцкевіча не абылося.

Калі ў 1914 годзе выбухла вайна і Вільня адчула блізіню фронту, магчымасьці здабываньня грошай Іванам Луцкевіча звузіліся. Сувязі з замежжам былі перапыненыя, пошукі антыкварных рэчаў на правінцыі спыніліся дзеля блізіні фронту. Трэбы было абмежыцца да малых купоўляў і продажаў у самой Вільні. Асабліва цяжкі быў 1915 год, калі фронт падыйшоў пад самую Вільню. Шмат беларусаў было мабілізавана ў армію, а сярод іх і супрацоўнікі «Нашай Нівы». Шмат падпішчыкаў было адрэзана фронтам. Дзеля ўсяго гэтага давялося спыніць далейшае выдаваньне «Нашае Нівы».

Аб сваіх удалых антыкварных транзакцыях апавядаў мне Іван Луцкевіч у часе нямецкай акупацыі, калі наракаў, што мусіць абмежыцца да дробных транзакцыяў. Нямецкія вайсковыя ахвоча куплялі антыкі, але Іван Луцкевіч мала што мог прадаць, калі беларускія экспанаты пакідаў для беларускага музэю. Я й так дзіўлюся, як ён мог пакрываць хатнія выдаткі праз увесь час нямецкай акупацыі, утрымваючы сябе й брата ды яшчэ падтрымваючы матар'яльна беларускую справу. Праўда, браты Луцкевічы жылі вельмі-ж сьціпла (пра гэта гл. Кветка Вітан: «Мае ўспаміны»).

«Конадні».№ 7, 1963


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by