МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Доўнар-Запольскі // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Аўтар: Палонская-Васіленка Н.
Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Н. ПАЛОНСКАЯ-ВАСІЛЕНКА

ДАЎНАР-ЗАПОЛЬСКІ

Зацемкі да біяграфіі 1

Сярод навуковых і грамадзкіх дзеячоў Беларусі ды Ўкраіны першае чвэрці XX стагодзьдзя адно з выдатнейшых месцаў належыцца Мітрафану Даўнар-Запольскаму. Нягледзячы на тое, што ён пакінуў вялікі сьлед у навуцы й культуры, адно апошнім часам у прэсе пачалі зьяўляцца прысьвечаныя яму артыкулы — першы гіраф. Б. Крупніцкага ў «Украіне» 2, другі — А. Саковіч у «Ведзе» 3. Артыкул Крупніцкага толькі пабежна кранаецца кароткага працягу часу, калі аўтар быў студэнтам Кіеўскага ўнівэрсытэту. Артыкул А. Саковіч — большы й дакладнейшы — прысьвечаны пераважна пары дзейнасьці праф. Даўнар-Запольскага ў Беларусь Таму я хачу спрабаваць дакінуць некаторыя зьвесткі зь біяграфіі М. Даўнар-Запольскага.

Мітрафан Даўнар-Запольскі нарадзіўся ў 1867 годзе ў м. Рэчыцы Мазырскага павету, у сям'і дробнага ўрадаўца. Малым дзіцём ён пераехаў з бацькамі й рэштаю сям'і ў Мозыр, дзе бацька ягоны неўзабаве памёр. Маці засталася зь пяцярма дзецьмі (трыма дочкамі й двума сынамі) у вялікай нястачы. Калі старэйшая сястра М. Даўнар-Запольскага — Аляксандра — выйшла замуж і пераехала з мужам у Баранавічы, яна ўзяла малодшага брата Мітрафана да сябе. Шчыра кажучы, ён з маленства пазбаўлены быў якога-колечы кіраўніцтва й рана пачаў зарабляць на пражыцьцё лекцыямі.

Даўнар-Запольскі вучыўся самперш у гарадзкой школе, а пасьля ў прагімназіі. Будучы яшчэ вельмі маладым, ён пачаў захапляцца этнаграфіяй Беларусі, запісваў казкі, песьні. А. Саковіч падае дату — 1887 г.— калі беларуская моладзь, з Даўнар-Запольскім на чале, згуртавалася была вакол газэты «Минский Листок» і пачала зьмяшчаць у газэце свае артыкулы з гісторыі ды этнаграфіі Беларусі. У 1888 г. М. Даўнар-Запольскі выдае «Северо-Западный календарь» з артыкуламі з гісторыі Беларусі. Частка гэтых артыкулаў была перавыданая аўтарам у 1909 г. у асобным зборніку 1.

Навуковыя зацікаўленьні, што захапляюць маладога дасьледніка, цесна вяжуцца з абуджэньнем у ім нацыянальнае сьведамасьці, жаданьнем культурнага й нацыянальнага адраджэньня беларускага народу. Маючы 17 год, ён ужо вандруе па беларускіх вёсках, запісвае народныя песьні й казкі ды вывучае жыцьцё й палажэньне свайго роднага народу. Вандруючы гэтак, ён бачыў і ўсе злыбяды тагачаснага беларускага жыцьця, і гэта штурхала яго насустрач рэвалюцыйным ідэям. Не магу дакладна сказаць, да якое арганізацыі належаў Даўнар-Запольскі, але думаю, што да аднае з тых, што набліжаліся да ідэяў «Народнае Волі». Прыналежнасьць ягоная была выяўленая, і ён быў пазбаўлены магчымасьці скончыць сярэднюю школу. Шмат пазьней, калі меў ужо больш 20 год, ён атрымаў, аднак, дазвол скласьці экзамен «сьпеласьці» ў кіеўскай гімназіі, а тады — запісацца на ўнівэрсытэт Сьв. Валадзімера.

У гэтую пару яму было ўжо 22 гады, тады, калі іншыя канчалі ўнівэрсытэцкія студыі, але ён пачынаў унівэрсытэцкую навуку як дасьпелы навуковы дасьледнік, што меў ці мала друкаваных працаў і навуковае імя.

Гістарычна-філялягічны факультзт унівэрсытэту Сьв. Валадзімера ў 1880-х гадох перажываў пару свайго красаваньня. Славаю ягонаю былі прафэсары I. В. Лучыцкі (навейшая гісторыя Зах. Эўропы), I. I. Фартынскі (сярэднявечча), М. М. Бубноў (чытаў самперш старадаўную гісторыю), М. П. Дашкевіч (гісторыя літаратуры) і, найвыдатнейшы з усіх,— В. Б. Антановіч. Даўнар-Запольскі адразу быў прыняты ў ягоны сэмінар і ўлучыўся ў кола выдатных вучняў Антановіча. Лепшыя вучні Антановіча атрымлівалі ад яго заданьні апрацаваць гісторыю нейкага раёну Ўкраіны X— XIV стст. (П. Галубоўскі ды Д. Багалій — гісторыю Северскай зямлі, П. Іваноў ды А. Андрыяшаў — Валынскай, М. Грушэўскі — Кіеўскай і г. д.). Даўнар-Запольскі падаў « Очерк по истории кривичской и дреговичской земель до конца XII ст.». За гэтую працу ён атрымаў залаты мэдаль.

Скончыўшы ўнівэрсытэт, Даўнар-Запольскі застаўся пры ім дзеля падрыхтоўкі да прафэсуры й неўзабаве быў высланы ўнівэрсытэтам у Маскву, каб, працуючы ў архівах, мець магчымасьць падрыхтавацца да магістэрскай ды дакторскай дысэртацыяў.

Адначасна ён ня кідаў і беларускай этнаграфіі, зьмяшчаючы шэраг каштоўных працаў у «Этнографическом Обозрении» за 1890—1899 гады. Ён наведваў Беларусь, працаваў у архіве гр. Храптовіча-Буценева.

Гады, пражытыя Даўнар-Запольскім у Маскве, былі нязвычайна плодныя з навуковага гледзішча. Ён з захапленьнем працаваў у архівах над пытаньнямі з гісторыі Беларусі пары Літоўскага Гаспадарства. У 1897 г. ён надрукаваў «Документы Московского Архива Министерства Юстиции», т. 1 (Дакумэнты Літоўскай Мэтрыкі), «Польско -Литовская Уния на сеймах до 1569 года» (Масква, 1898), «К истории поземельной реформы в Ливонии 1580—1582 г.» (Масква, 1899) ды іншыя. Гэтыя досьледы далі маладому навукоўцу выдатнае месца сярод спэцыялістаў гісторыі Літоўскае Русі.

У 1898 годзе ён быў выбраны рэдактарам «Трудов» — часапісу, заснаванага зь ягонае-ж ініцыятывы Археаграфічнай Камісіяй «Императорского Русского Археологического Общества». У 1900 годзе быў надрукаваны 1 т. ягоных «Акты Литовского Государства». У гэтым-жа часе ён працаваў і над сваёю капітальнаю працаю «Государственное хозяйство Великого Княжества Литовского при Ягеллонах», якая была выданая ў Кіеве ў 1901 годзе.

Навуковая праца Даўнар-Запольскага злучалася з пэдагагічнай. Даўнар-Запольскі выкладаў гісторыю ў жаночых гімназіях і здабыў шырокую папулярнасьць як таленавіты пэдагог. Як дапаможнік для навучаньня гісторыі, пад ягонай рэдакцыяй была надрукаваная «Книга для чтения по русской истории», т. 1 — Киевская Русь. У гэтай кнізе былі зьмешчаныя працы выдатных вучоных, і яна мела вялікую ўдачу.

У 1898 годзе пасьля магістэрскіх іспытаў Даўнар-Запольскі быў выбраны прыват-дацэнтам Маскоўскага ўнівэрсытэту. Ягоныя лекцыі карысталіся вялікім зацікаўленьнем слухачоў. У 1902 годзе ён абараніў дысэртацыю на ступень магістра ў Кіеўскім унівэрсытэце Сьв. Валадзімера на тэму «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага Княста Літоўскага за Ягелёнаў». Абарона мела вылучную ўдачу, Даўнар-Запольскі быў выбраны прафэсарам і зноўкі пераехаў у Кіеў.

У 1905 годзе ён абараніў дакторскую дысэртацыю «Очерки по организации зап. русского крестьянства в XVI ст.».

На працягу ўсяго гэтага часу Даўнар-Запольскі студыяваў, побач з гісторыяй Беларусі, і гісторыю дэкабрыстаў, выкарыстоўваючы тое, што сталіся даступнымі для досьледаў тайныя архівы. Ягоныя лекцыі, якія ён чытаў у Маскоўскім унівэрсытэце аб дэкабрыстах, здабылі яму вялікую папулярнасць. Леў Талстой, які хацеў скончыць свой раман «Декабристы», зьвяртаўся да Даўнар-Запольскага па параду, запрашаў яго да Яснай Паляны, і Даўнар-Запольскі быў у гэтую пару частым гасьцём у хаце Талстых у Хамоўніках.

Лекцыі з гісторыі дэкабрыстаў прычыніліся да вялізарнае ягонае ўдачы ў Кіеве. Вялікая актавая заля ўнівэрсытэту не магла зьмясьціць усіх, хто жадаў пачуць новыя весткі аб дэкабрыстах, а аўтару была створаная ці, лепш кажучы, адноўленая апінія «неблагонадежного», рэвалюцыянера, чаго ён ня мог пазбыцца на працягу ўсіх год, пражытых ім у Кіеве, і што, часткава, спрычынілася й да трагічных у ягоным жыцьці падзеяў 1917 году.

Наагул, і студэнты й прафэсары ў Кіеве ставіліся да праф. Даўнар-Запольскага зусім па-рознаму. У студэнтаў ён меў вялікую папулярнасць. Ягоныя лекцыі, а асабліва сэмінары, на якіх ён вывучаў пераважна акты юрыдычнага характару — Рускую Праўду, умовы, граматы, Літоўскі Стутут ды Маскоўскія Судзебнікі,— надзілі студэнтаў. У 1903 г. Даўнар-Запольскі заснаваў «Гістарычна-Этнаграфічны Гурток» пры ўнівэрсытэце, сябрамі якога былі студэнты й «стыпэндыяты» — так зваліся тыя, што скончылі ўнівэрсытэт і былі пакіненыя пры ім дзеля падрыхтоўкі да прафэсуры. Былі сябрамі гуртка й дацэнты й нават прафэсары. На чале гуртка стаяў Даўнар-Запольскі, сакратаром быў хтосьці з студэнтаў, выбраны сябрамі гуртка. У гуртку чыталіся даклады, вяліся ажыўленыя дыскусіі. Працы друкаваліся ў «Университетских Известиях» і штогод выходзілі асобным зборнікам. Усяго выйшла 10 кніжак.

Даўнар-Запольскі ўмеў даваць сабе раду з студэнтамі. Ён захоўваў у дачыненьнях зь імі паставу старэйшага, блізкага сябра, цікавіўся справамі моладзі, дапамагаў студэнтам выходзіць на навуковы шлях, ніколі не шкадаваў часу на кансультацыі, на парады, дазваляў ім карыстаць з свае багатае бібліятэкі, спрыяў самастойнай працы, вырабляў субсыдыі на навуковыя выезды ў архівы Масквы, Харкава, Кацярынаслаўлю, Адэсы й г. д. Наагул, на гістарычна-філялягічным факультэце Кіеўскага ўнівэрсытэту былі два выдатныя прафэсары — сябры моладзі, якія мелі найбольш вучняў і дапамагалі ім у іхнай навуковай працы,— гісторык М. Даўнар-Запольскі й філёляг ды гісторык літаратуры — В. Пэрэтц.

Штосуботы да Даўнар-Запольскага ў хату прыходзілі студэнты дзеля шырэйшага абмеркаваньня паасобных навуковых працаў, а таксама дзеля гутаркаў на навуковыя тэмы наагул. Тых, што здраджвалі здольнасці, ён пакідаў у сябе на вечар, калі да яго зыходзіліся пэдагогі, прафэсары. Гэтак студэнты ўцягваліся ў навуковыя зацікаўленьні, удзельнічалі ў абмеркаваньні навінкаў навукі, літаратуры, у няпрымушаных гутарках пры шклянцы гарбаты.

З вучняў Даўнар-Запольскага шмат хто асягнуў паважныя становішчы. Былі гэта — Г. Максімовіч, прафэсар Ніжынскага й Сымфэропальскага пэдагагічных інстытутаў, Д. Дарашэнка, прафэсар шэрагу ўкраінскіх унівэрсытэтаў, прэзыдэнт Украінскае вольнае акадэміі навук, П. Смірноў, Е. Сташэўскі, Мірза-Авакіянц, Палонская-Васіленка — усе прафэсары Кіеўскага ўнівэрсытэту, Б. Курц — праф. Камэрцыйнага інстытуту, В. Базылевіч — праф. Археалягічнага інстытуту, П. Курынны й В. Крупніцкі — праф. Украінскага вольнага ўнівэрсытэту ў Мюнхэне, А. Аглоблін — праф. Кіеўскага і Ўкраінскага вольнага ўнівэрсытэтаў ды шмат іншых. Усе пералічаныя навукоўцы працавалі ў галіне ўкраінскае гісторыі. З вывучэньнем гісторыі Беларусі на Кіеўскім унівэрсытэце справа была горшая, але ўсё-ткі колькі студэнтаў над ёю працавалі, між імі — П. Кліменка, які, на жаль, рана загінуў для навукі.

Рэвалюцыя 1905 году спрыяла росту папулярнасці Даўнара-Запольскага сярод студэнтаў. У 1905 годзе ён з групаю паступовае прафэсуры закладае ў Кіеве вышэйшыя жаночыя курсы. Узначальваў курсы праф. Пэрэтц, сакратаром быў М. Даўнар-Запольскі. Але з прычыны непаразуменьняў з прафэсураю ён пакінуў курсы ў 1906 годзе. У гэтым годзе ў Кіеве былі адчыненыя Дзяржаўныя вышэйшыя жаночыя курсы, дзе ён атрымаў катэдру. Тады-ж ён заенаваў Вышэйшыя камэрцыйныя курсы, якія былі неўзабаве ператвораныя ў Камэрцыйны інстытут. Гэты інстытут стаўся найбольш улюбёным творам Даўнар-Запольскага. Пабудаваны ён быў на іншых падставах, чымся ўнівэрсытэт: перадусім ён быў падпарадкаваны Міністэрству Гандлю й Прамысловасці, дзе начальства ставілася больш лібэральна да моладзі, чымся Міністэрства народнае асьветы, асабліва з часоў міністра Кассо. З другога боку, і нутраная арганізацыя інстытуту была апрычоная: яна была пабудаваная на грамадзкіх асновах. Інстытутам кіравала Рада з прадстаўнікоў гандлёвых і прамысловых арганізацыяў. Супольна з радаю прафэсароў Рада гэтая выбірала дырэктара. Аж да 1917 году дырэктарам інстытуту быў Даўнар-Запольскі. Падтрымка мясцовых гандлёва-прамысловых дзеячоў забяспечвала інстытуту матар'яльную й маральную незалежнасьць ад міністэрства й нязвычайна хуткі расьцьвет. У 1907 годзе інстытут мясьціўся ў маленькім дамку, у 1917 годзе — ён быў собсьнікам паловы кварталу (Несьцераўская, Бібі-каўскі бульвар, Шрагоўская) шматпаверхавых будынкаў зь вялізнымі залямі, аўдыторыямі, багатаю бібліятэкай і адзіным на ўсю Ўкраіну гандлёва-прамысловым музэем. Штогод музэй высылаў сваіх прадстаўнікоў у замежжа дзеля азнаямленьня з пастаноўкаю справы, здабываньня экспанатаў і г. д. Апрача гэтага, ён меў вялікую колькасць карэспандэнтаў з усіх куткоў сьвету. Гэта вельмі пашырала папулярнасць інстытуту.

У складзе студэнтаў унівэрсытэту й інстытуту была даволі вялікая розьніца: у інстытуце пераважалі асобы, якія скончылі камэрцыйныя школы й духоўныя сэмінарыі. Было шмат жыдоў, таму што сьпярша тут ня было працэнтнае нормы, было таксама ці мала жанчынаў. Студэнты карысталіся шырэйшымі, чымся ў унівэрсытэтах, правамі: апрача звычайных «зямляцтваў», студэнты мелі сваіх прадстаўнікоў у радзе прафэсароў.

Была розьніца і ў складзе прафэсароў: шырокая аўтаномія, якою яны карысталіся, дазваляла выкладаць у інстытуце тым палітычна «ненадзейным», перад якімі былі зачыненыя дзьверы ўнівэрсытэтаў, як, прыкладам, ведамы статыстык Русаў.

Кіеўскі Камэрцыйны інстытут (другі на ўсю Расейскую імпэрыю быў у Маскве) заняў вельмі паважнае месца сярод высокіх школаў. Але прыгаданы ягоны расьцьвет, які трэба было заўдзячваць галоўна адміністрацыйным здольнасьцям ды энэргіі Даўнар-Запольскага, спрычыніўся й да вялікіх для яго прыкрасьцяў, бо кансэрватыўная частка прафэсуры ўнівэрсытэту ставіліся варожа да парадкаў, якія панавалі ў інстытуце, абвінавачваючы Даўнар-Запольскага ў «неблагонадежности», у рэвалюцыйнай прапагандзе й г. д.

I запраўды, побач з ростам папулярнасьці Даўнар-Запольскага сярод моладзі, расло варожае стаўленьне да яго з боку кансэрватыўных і рэакцыйных колаў акадэмічных дзеячоў. Гэты недавер да яго нэгатыўна адбіваўся на палажэньні ягоных вучняў, якім куратары школьных акругаў шмат дзе не давалі пасадаў у дзяржаўных сярэдніх школах Кіева, ды вельмі неахвоча зацьвярджалі пэдагогамі нават у прыватныя школы. Гэтыя дачыненьні зырка адбіваліся на прыкладзе найстарэйшага Навуковага таварыства летапісца Нэстара пры ўнівэрсытэце Сьв. Валадзімера. Не зважаючы на тое, што праф. Даўнар-Запольскі меў катэдру прафэсара «русской истории», яго ніколі ня выбіралі ў прэзыдыюм таварыства, і калі ў 1912 ці 1913 годзе старшыня таварыства паведаміў аб сваёй адмове кіраваць далей таварыствам,— на выбары сабраліся ўсе рэакцыйныя сябры, якія звычайна ніколі не наведвалі паседжаньняў, адно з мэтаю не дапусьціць да выбараў Даўнар-Запольскага на старшыню. Дачакаўся гэтага гонару ён толькі аж у 1918 годзе.

У 1910 г. Даўнар-Запольскі заснаваў Таварыства «Любителей социальных знаний», якое складалася з колькіх сэкцыяў: гістарычнай, пэдагагічнай і праўнай. Сябрамі ягонымі былі пераважна выдатныя навуковыя дзеячы — як, напр., В. Шчарбіна, адзін з найстарэйшых гісторыкаў Кіева, М. Істомін, А. Русаў, М. Васіленка й акадэмічная моладзь, стыпэндыяты, вучні Даўнар-Запольскага. У прыраўнаньні да паседжаньняў таварыства летапісца Нэстара паседжаньні «Таварыства Любіцеляў» мелі жвавейшы й больш сучасны характар. Даклады выклікалі гарачыя дыскусіі й прыцягвалі вялікую аўдыторыю. Да новага Таварыства й да новага старшыні кансэрватыўныя колы ставіліся варожа. Непакоіла іх ня гэтак сама дзейнасьць Таварыства, як ягоны назоў, і прысутнасьць паліцыі сталася блізу абавязкавай на кажным паседжаньні — чаго, ведама, ня было ў «Нэстары».

Успомню тут адно з гэткіх паседжаньняў. Адбывалася яно ў 1911 г. у вялікай залі й было прысьвечанае 50-м угодкам вызваленьня сялян з-пад прыгону. Згодна з загадам губэрнатара на паседжаньні быў прысутны маладзенькі «ўрадавец для адмысловых даручэньняў» Тальбэрг, які толькі кагадзе скончыў быў ліцэй. З дакладамі выступалі салідныя спэцыялісты — сам Даўнар-Запольскі, М. Васіленка, П. Сьмірноў... Аднак гэта не перашкаджала Тальбэргу перапыняць раз-па-разе даклады заявамі, што «ён гэтага ня ведаў», і ў канцы зачыніць паседжаньне. Тое самае паўтарылася, праўда ня ў гэткай грубой форме, на дакладзе ведамай дасьледніцы масонства Т. Сакалоўскай. Усе гэтыя драбніцы стваралі каля імя Даўнар-Запольскага нейкае ўражаньне палітычнае ненадзейнасьці, няпэўнасьці, уражаньне небясьпекі для тых, хто быў зь ім у бліжэйшых дачыненьнях. Зь іншага боку, скрайныя левыя элемэнты пашыралі чуткі аб ягоным пераходзе «направа».

Трэба сказаць, што ў Камэрцыйным інстытуце зусім ня ўсё йшло добра. Калі справа стала на пэўны грунт, калі інстытут стаўся собсьнікам вялікіх будынкаў, каштоўных музэяў ды бібліятэкаў, шмат хто з прафэсароў уголас заяўлялі, што немагчымая справа, каб Даўнар-Запольскі быў «нязьменным» ягоным дырэктарам, і, каб маглі, вельмі ахвоча зьнялі-б яго з пасады. Ягоная ўдача, а таксама й частая нетактоўнасць ды рэзкасьць не здабывалі яму сымпатыі з боку прафэсуры. Наўзьверх — шырылася нездаваленьне й сярод студэнтаў -габрэяў. У іншых вышэйшых школах для габрэяў існавала норма — ня больш 5 % агульнага ліку студэнтаў, але гэтыя 5% мелі права жыць у Кіеве. Камэрцыйны інстытут не даваў гэтага права, колькасць студэнтаў-габрэяў ня была ў ім абмежаваная, але студэнты гэтыя не маглі жыць у Кіеве. З гэтае прычыны яны дамагаліся, каб інстытуту былі наданыя правы дзяржаўнае школы, ня ўлічаючы, што, разам з гэтымі правамі, у інстытуце будзе ўведзеная й працэнтная норма.

У 1912 годзе ўправа інстытуту мусіла пагадзіцца на дамаганьні студэнтаў. Міністэрства дало інстытуту правы, але ўсьлед увяло й працэнтную норму. Праўда, яна была тутка вышэйшая, чымся ў унівэрсытэтах, а галоўнае, было дазволена рабіць выпускныя экзамены колькі раз на год, што давала магчымасьць прапушчаць праз інстытут большую колькасць габрэяў, чымся было зазначана ў афіцыйнай норме. Але нездаваленьне не паменшала: тыя-ж габрэі, што дамагаліся правоў, — вялі цяпер агітацыю супроць Даўнар-Запольскага за ўвядзеньне нормы, хоць яна была непазьбеглая пры наданьні правоў, Усё гэтае атручвала жыцьцё Даўнар-Запольскага й выклікала жаданьне пакінуць Кіеў. Ён хацеў пераехаць у Маскву, дзе яго надзілі багатыя архівы, рабіў стараньні атрымаць пасаду дырэктара архіву Міністэрства Юстыцыі, але міністар Шчаглавітаў адмовіў яму ў гэтым, тлумачачы адмову палітычнай няпэўнасьцяй Даўнар-Запольскага.

Гэткія былі ўмовы жыцьця Даўнар-Запольскага перад першаю сусветнаю вайною. Трэба сказаць, што не зважаючы на прыкрасьці й турботы, ён на працягу ўсіх гэтых год ня спыняў сваёй навуковай працы. Ён выдаў тры кнігі, прысьвечаныя дэкабрыстам , «Материалы для истории крепостного права в России» (Кіеў, 1905), «Украинские староства в первой половине XVI ст.» (Кіеў, 1908), «Барку лабовская летопись», (Масква, 1909), «Исследования и статьи» (Кіеў, 1909), «Из истории обществ, течений в России» (Кіеў, 1910), «Белорусское Полесье. Пинчуки», т. I; «На заре крестьянской свободы» (Кіеў, 1911), «История русского народного хозяйства», т. I (Кіеў, 1911; вельмі каштоўны курс, пабудаваны на матар'ялах архэалёгіі), «Обзор новейшей русской истории», т. I. (Кіеў, 1912) ды шэраг каштоўных артыкулаў у выданьнях Сыціна, як: «Великая реформа», «Отечественная война», «Масонство в прошлом и настоящем» ды інш. У 1910—1914 га дох пад ягонай рэдакцыяй выйшлі тры тамы «Русской истории в очерках и статьях» — калектыўная праца, даведзеная да XVIII стагодзьдзя. Апошнія тры тамы не паспелі выйсьці з друку й загінулі ў рукапісах. У 1910—1914 г. выйшаў пад рэдакцыяй Даўнар-Запольскага «Историко-культурный атлас по русской истории» Н. Палонскай.

Сусьветная вайна й эвакуацыя Кіева ў 1915 годзе спынілі навуковую працу. Унівэрсытэт і Камэрцыйны інстытут былі эвакуаваныя ў Саратаў. Давялося жыць з дня на дзень як на этапе. Бібліятэкаў ня выймалі з скрыняў, навуковая праца стала блізу немагчымай. Аднак Даўнар-Запольскі ня губляў надзеі, энэргіі ды бадзёрасьці. Калі вярнуўся ў Кіеў у 1916 годзе, ён прывёз два гатовыя, апрацаваныя ў Саратаве, праекты інстытутаў — геаграфічнага й архэалягічнага. Абодва праекты былі рэалізаваныя ў 1917 годзе. Пасьля рэвалюцыі дырэктарам інстытуту геаграфіі быў выбраны праф. К. Воблы, Інстытуту архэалёгіі — М. Даўнар-Запольскі.

Рэвалюцыя 1917 году прынесла Даўнар-Запольскаму й усім, хто ведаў яго раней, вялікую неспадзеўку. Група студэнтаў-бальшавікоў захапіла Камэрцыйны інстытут, паклала пячаткі на габінэт дырэктара, паадчыняла сэйфы, забараніла дырэктару наведваць інстытут і, наўзьверх,— наладзіла над ім, у ягонай адсутнасьці, суд, у якім узялі ўдзел студэнты й нават некаторыя прафэсары. Паміж іншымі абвінавачваньнямі Даўнар-Запольскага вінавацілі і ў тым, што ён паўстрымліваў стараньні ў справе наданьня правоў інстытуту й... увёў норму для жыдоў. Але галоўным пунктам абвінавачаньня была перапіска прафэсара з губэрнатарам у справе прысутнасьці паліцыі ў інстытуце, што даўно было заведзенае ў унівэрсытэце, але ня было яшчэ практыкаванае ў інстытуце. Акт абвінавачаньня й прысуд былі пераданыя ў «Совет солдатских и рабочих депутатов», і сябром Даўнар-Запольскага толькі зь вялікімі цяжкасьцямі ўдалося абараніць прафэсара.

Справа гэтая напалохала акадэмічныя колы. Даўнар-Запольскага ўважалі дагэтуль за скрайнага левага й меркавалі, што з рэвалюцыяй ён займе нейкую высокую пасаду. Цяпер-жа, калі шмат даўнейшых «правых» прызналіся ў сваіх рэвалюцыйных перакананьнях, справа Даўнар-Запольекага выклікала злую радасьць ворагаў.

Ягонае цяжкое палажэньне ўскладнялася яшчэ й сямейнымі абставінамі.

Эвакуацыя ў Саратаў мела трагічныя вынікі для Даўнара-Запольскага. Ён быў жанаты з Н. Зайфэрт. Іхнае сямейнае жыцьцё ня было шчасьлівае дзеля надта вялікай розьніцы ў характарах. Даўнар-Запольская была прыгожаю жанчынай, якая любіла таварыскае жыцьцё й іграла значную ролю ў дабрадзейных таварыствах Кіева, бываючы на ўсіх балёх і сходах. Даўнар-Запольскія мелі двох сыноў і дачку. У часе эвакуацыі Даўнар-Запольская засталася зь дзецьмі ў Кіеве. Калі М. Даўнар-Запольскі вярнуўся, ён пабачыў, што ў часе ягонае адсутнасьці абодвы сыны — хлапцы год 16— 18 — выйшлі з-пад ягонага ўплыву і сталіся актыўнымі сябрамі падпольнай бальшавіцкай арганізацыі пад кіраўніцтвам В. Затоньскага, асыстэнта Кіеўскай палітэхнікі й блізкага зь сям'ёю прыяцеля сп-ні Даўнар-Запольскай. Свае-ж сыны абзывалі на мітынгах бацьку «рзакцыянерам», «чарнасоценцам», «ворагам пралетарыяту» ды інш., і цярпець гэта Даўнар-Запольскаму было вельмі цяжка. Абодвы юнакі, асабліва старэйшы, Усевалад, займалі паважныя пазыцыі ў партыі. У весну 1919 году малодшы хлапец, Вячаслаў, памёр на тыфус, а ў пачатках 1920 году й старэйшы быў забіты паўстанцамі.

Іхняе імя было ўвечненае ў Кіеве ў назове вуліцы й партыйнае школы Даўнар-Запольскіх. Насьмешкаю лесу гэтак была названая даўнейшая II клясычная гімназія, дзе праф. Даўнар-Запольскі складаў калісьці экстэрнам экзамены. Дарэчы будзе ўспомніць, што ў Кіеве было ці мала людзей, якія думалі, што гэтая школа мелася ўслаўляць якраз імя самога М. Даўнар-Запольскага.

Усё вышэй успомненае рабіла палажэньне Даўнар-Запольскага вельмі цяжкім. У сьнежні 1919 году, калі да Кіева ізноў набліжаліся бальшавікі, ён пакінуў места й паехаў у Навачаркаск, дзе жылі ў той час ягоная сястра ды дачка й дзе ён маніўся працягваць пачатую раней перапіску зь дзеячамі Сымфэропалю й прафэсарамі Кіева ў справе заснаваньня ў Сымфэропалі ўнівэрсытэту. Неўзабаве гэта й сталася на аснове плянаў, складзеных камісіяй пад ягоным старшынством, і некаторыя кіеўскія прафэсары пераехалі ў Сымфэропаль.

Але Даўнар-Запольскаму не пашэньціла. У дарозе ён захварэў, адбіўся ад сваіх спадарожнікаў і заместа Навачаркаску апынуўся ў канцы ў Керчы, куды празь нейкі час прыйшлі бальшавікі. Даўнар-Запольскага арыштавалі й прывязьлі ў Харкаўскую Чака на суд. Дзякуючы спрыту ды энэргіі прыяцеляў, ён быў, аднак, вызвалены й выехаў у Азэрбайджан, на катэдру гісторыі Бакінскага ўнівэрсытэту.

У 1925 годзе М. Даўнар-Запольскі быў запрошаны Беларускім дзяржаўным унівэрсытэтам і Інстытутам беларускае культуры ў Менск. Здавалася, ён атрымаў нарэшце магчымасьць працаваць для свайго народу й распрацоўваць сваю й ягоную гісторыю. У артыкуле А. Саковіч гэты пэрыяд жыцьця Даўнар-Запольскага апісаны вельмі добра. На жаль, трываў ён толькі паўтаpa году.

У 1926 годзе ён мусіў назаўсёды разьвітацца з бацькаўшчынай і пераехаць у Маскву. Тамака ён ня быў гэткі небясьпечны для бальшавіцкага ўраду, як у Менску, дзе за параўнальна вельмі кароткі час ён зрабіў гэтак шмат і для беларускае культуры й для навукі1 .

Апошні пэрыяд жыцьця М. Даўнар-Запольскага быў, шчыра кажучы, парою дажываньня. Ён выкладаў у высокіх школах Масквы, працягваў навуковую працу, але не друкаваў блізу нічога. У 1928 годзе выйшла ў сьвет «Экономическая география СССР» пад рэдакцыяй

У 1919 г. ён надрукаваў «Асновы дзяржаўнасьці Беларусь; у 1925 г.— «Цэнтралізацыя ці фэдэрацыя». Менск, Полымя, № VIII; у 1927 г.— «Народная гаспадарка Беларусь, Менск.

М. Вольфа й Г. Мегуса. У ёй М. Даўнар-Запольскі даў разьдзел «Западный район».

Але тое, што было зьместам ягонага жыцьця — праца на дабро й славу свайго беларускага народу,— адыйшло назаўсёды. Загінула ў 1926 г. і напісаная ім у Менску «Гісторыя Беларусі», загінула й большая частка ягонае вялізарнейшае бібліятэкі, частку якое — 11 000 тамоў — ён падараваў Інстытуту беларускай культуры, пакідаючы Менск назаўсёды. Але цяпер ён меў маральнае падтрыманьне ў свае жонкі Надзеі Маркелаўны, якая ў свой час, калі ён сядзеў у Чака ў Харкаве, шмат у чым яму дапамагла.

«Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва».

№ 1, 1953


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by