МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Пётра Мірановіч // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Аўтар: Сядура Уладзімер
Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

УЛАДЗІМЕР СЯДУРА

ПЕТРА МІРАНОВІЧ

1. Прыгажосьць роднага краю

Увосені 1952 году мінулі 50-я ўгодкі нарадзінаў і 30-я ўгодкі мастацкай дзейнасьці беларускага мастака-маляра Петры Мірановіча. Прызнаньне ягонага малярскага таленту было свайго часу сьцьверджанае ня толькі беларускай крытыкай, але й латыскімі мастацтваведамі ў Рызе, дзе 30 год таму ён пачаў свой шлях мастака.

Малярская творчасць Петры Мірановіча мае для нас асаблівую вартасьць яшчэ й таму, што мастак не пайшоў лёгка-зводным шляхам адмаўленьня ад нацыянальных сваеасаблівасьцяў свайго мастацтва. Ён не паддаўся модзе космапалітычных пошукаў, хоць, пэўна-ж, можна аддаваць даніну й новым шляхом у мастацтве, знаходзіць гармонію й суладнасьць і ў наскрозь абстрактных награмаджаньнях плямаў.

Усё-ж нам даражэй і прыямней пабачыць на абразе ня пляму, а кавалак нашае запраўднае бацькаўшчыны, адлюстраванай праз настрой і душу мастака-лірыка, якім якраз і ёсьць Мірановіч. Сёй-той з эмігрантаў перахоўвае некаторыя рэчы, вывезеныя з бацькаўшчыны. Яны для кажнага найдаражэйшыя памяткі, напаміны пра пакінуты край. Тым большае, ужо ня толькі асабістае, а ўсеагульнае значаньне маюць для нашай эміграцыі мастацкія абразы, прывезеныя ў Амэрыку Мірановічам. Яны абуджаюць у кажным з нас салодскія ўспаміны, стоячы перад імі, мы нібы зноў пераносімся на родныя палі й сенажаці, лясы й азёры. Мы бачым зноў, як жывуць і працуюць нашыя людзі, якія засяляюць нашыя вёскі й мястэчкі і перахоўваюць нашыя нацыянальныя асаблівасьці. Гэтак малярская творчасьць мастака-эмігранта становіцца фактарам, што спрыяе захаваньню нашае культурна-нацыянальнае самабытнасьці ў сьвеце.

Можна бясконца доўга ўглядацца ў Мірановічавы абразы прыроды й людзей і з кажнай часінай усё глыбей і глыбей адчуваць адвечную прыгажосьць роднага краю. I тады на вусны, самі празь сябе, прыходзяць словы Янкі Купалы, гэтым разам ужо больш асэнсаваныя, глыбака адчутыя й зразумелыя:

Ня шукай ты шчасьця, долі На чужым далёкім полі, Гэй, за шумным лесам-борам, За шырокім сінім морам Ня шукай ты шчасьця, долі. Ты ўсё знойдзеш гэта блізка Там, дзе маці над калыскай Табе песьні напявала, Як малога калыхала, Толькі ўмей шукаці блізка!

I мастак Петра Мірановіч умеў шукаць прыгажосьць на родных палетках, знаходзіць яе й мастацка выяўляць на сваіх палотнах.

2. Прыход у мастацтва

Петра Мірановіч, як ужо прыгадвалася,— належыць да мастакоў, якія не паддаліся модным уплывам і захавалі сваю мастацкую самабытнасьць. Мірановіч вучыўся колькі гадоў у Рыскай Акадэміі Мастацтваў, у акадэміка Кугі і прафэсара Эліяся. Маладзейшыя латыскія мастакі знаходзіліся пад уплывам заходніх мастацкіх школаў. На нашага мастака яны ня мелі істотнага ўплыву. Гэта было толькі творчае асяродзьдзе студыі, у якім фармальна дапамагалі вызначыцца кірунку Мірановічавае творчасьці — маляваньню абразоў з жыцьця беларускае вёскі. Ужо ў першых абразох-кампазыцыях 1935—1936 гг., як «Навальніца ў сенакос», «Жніво», «Над Дзьвіною» ды інш.,— Мірановіч паказаў сябе самабытным арыгінальным маляром беларускіх вясковых матываў. Гэта была новая тэматыка, гэтак не падобная да тае, што панавала ў Акадэміі. Новымі былі ягоныя абразы й паводле формы выкананьня. Калі латыскія мастакі ў Акадэміі захапляліся рознымі модным! ў малярстве «ізмамі», дык Мірановіч узяў курс на выразны рэалізм, праўдзівае адлюстраваньне жыцьця. Але ён ня спыніўся на існуючых формах рэалістычнага мастацтва, а ўзьняўся вышэй ix. He адмаўляючыся ад галоўнага прынцыпу рэалістычнае плыні ў мастацтве — праўдзівасьці й паўніні адлюстраванага жыцьця, ён надаў сваім абразом яшчэ больш хварбнасьці тым, што выкарыстаў імпрэсіяністычны прынцып чысьціні хварбы. Ад гэтага ягоныя абразы асабліва сьвежыя й зыркія.

Калі ў Акадэміі пабачылі самастойныя Мірановічавы працы, яго дапусьцілі й да працы дыплёмнае. Гэтак мастак піша адразу аж дзьве — «Жніво» й «Сьнеданьне ў беларускай хаце», і абедзьве прымаюцца. Асабліва высокую ацэну мела дыплёмная праца «Сьнеданьне ў беларускай хаце». Яна была прынята аднагалосна. Запраўды, гэта й да сяньня шэдэўр Мірановічавае, ды й наагул беларускае, малярскае творчасьці. Ніводзін мастак у нас яшчэ не паказаў гэтак праўдзіва штодзённае жыцьцё ў сялянскай вясковай хаце. Звычайныя часаныя драўляныя сьцены, печ, акно, лавы, хатнія прылады, разьвешаныя на сьценах. На пярэднім пляне зьлева жанчына ў хустцы сядзіць на нізкім зэдліку й абірае бульбу. У цэнтры гаспадыня, яна запынілася каля засланага абрусом стала із збанком малака. Бліжэй да покуці — хлопчык за сталом каля міскі. Справа, збоку на тапчане сядзіць у шапцы гаспадар і дакурвае люльку. Ягоны твар здраджвае гаспадарскія клопаты й навагу ўстаць ды ісьці зноў працаваць каля гаспадаркі. Ува ўсіх тыпова беларускія спрацаваныя сялянскія твары. Нездарма прафэсары на ўрачыстым паседжаньні адзначылі прыход у мастацтва новага для ix народу — беларускага, іншага й ад расейскага і ад польскага (праф. Дэніс). Гэта, бязумоўна, перамога мастака-беларуса. За гэтую працу ў 1937 г. Петра Мірановіч атрымаў дыплём вольнага мастака-маляра. Ад таго часу мастак намаляваў шмат новых абразоў зь беларускага жыцьця.

3. Краявід і чалавек

Петра Мірановіч выявіў сябе маляром розных жанраў: жанравых кампазыцыяў, бытавых абразоў, партрэтаў, мініятураў, графічных зарысовак і г. д. Але найбольш выдатна выявіўся Мірановічаў мастацкі талент, мінаючы бытавыя абразы беларускае вёскі, у ягоных краявідах. Як пэйзажыст беларускай прыроды, Мірановіч дагэтуль ці мае сабе роўнага. У ягоных абразох беларускі краявід жыве й пераліваецца ўсёю сваёю шматхварбнасьцяй, нібы сагрэты людзкім пачуцьцём ды ізь любасьцяй перададзены палатну, ён працягвае сваё існаваньне ў новым мастацкім аспэкце. Toe, на што мастак глядзеў у далёкія гады маленства, устае цяпер праз празрыстае паэтычнае шкло. Жыцьцё ў месьце не дае нагоды дзень-у-дзень наглядаць прыроду. Мастак перакідае ўвагу на беспасярэднія дзіцячыя ўражаньні мінулага, калі ягонае ўспрыняцьце навакольнага сьвету ня было яшчэ скрыўленае ўмоўнасьцямі грамадзкага жыцьця й калі на чыстую, як габляваная дошка, дзіцячую душу клаліся прыгожыя, прасяклыя паэзіяй абразы беларускай прыроды. З гэтае скарбніцы дзіцячых уражаньняў мастак чэрпае цяпер сюжэты для мастацкае творчасьці. Ён прыгадвае загоны, дрэвы, рэчкі, хаты й палі, дубровы ды паплавы, і яны ўяўляюцца яму ў нейкім казачным сьвятле. З успамінаў маленства ўзьніклі «Навальніца ў сенакос», «Жніво» ды іншыя абразы. З успамінаў далёкага маленства, калі хлапчуком ён бегаў на Дзьвіну і там дражніў зь берагу плытагонаў на ганкох, гэтак званых цахуноў ці сячкоў,— узьнік выдатны абраз «На Дзьвіне». Гэтак, паводле ўспамінаў, апрацоўваюцца і ўсе вясковыя краявіды Мірановіча. Тут, мабыць, дзейнічае агульна ведамае ў мастацтве сьцьверджаньне, што добрыя рэчы творацца тады, калі пра іх згадваем з моцным сумам, тугой па нязбытным. Beдама, напр., што выдатныя абразы лета мастакі тварылі ўзімку, а зімовыя абразы — улетку, калі наймацней тужыць чалавек па мінулай пары году. Мабыць, гэты патас тугі дапамагаў і нашаму мастаку надаць згаданым абразом прыроды гэтулькі жыцьцёвасьці й паэзіі, гэтулькі каляровае разнастайнасьці.

Найбольш удаюцца Мірановічу хварбы восені й вясны — гэтых найбольш багатых колерамі пораў году («Раньняя вясна» ды інш.). Але й жоўтая восень, паказаная ў Мірановіча жыцьцёвымі мамэнтамі, ня выклікае сумных настрояў. У краявідзе «Даўгое возера» ўдала спалучаныя жоўтыя хварбы заміраньня ў прыродзе (бярозкі) із зырка-зялёнымі хварбамі руні. Колеры азіміны на тым баку возера добра гарманізуюць з восеньскімі тонамі й ствараюць бадзёры настрой, адчуваньне жыцьця нават напярэдадні зімы. Жыцьцё не замірае,— нібы прамаўляе абраз,— будзе яшчэ чалавек і жыць, і цешыцца.

Як-бы ў суладнасьці з гэтым сьветлым аптымістычным тонам, у абразох-краявідах Мірановіча шмат сьвятла й прасторы. З гэтага гледзішча вылучаецца абраз «Рака Дзьвіна». Бяскрайні прастор воднае роўнядзі, далёкія бязьмежныя берагі Дзьвіны, залітыя зыркім сонцам, ад якога кажны каменьчык на беразе й прыбярэжным дне зіхаціць адбітым сьвятлом, лёгкія празрыста-бялявыя хмаркі, што прасьвечваюцца да далёкага далягляду,— усё нібы сьмяецца ад уцехі й асалоды, дарма што самога сонца ня відаць... Заліты сонцам, пакідаючы за сабою цень, засявае родны загон Мірановічаў «Сейбіт». Відаць, любіць мастак сьветлыя хварбы. Яны пануюць на шмат якіх ягоных краявідах. Сьветлымі, быццам серабрыстымі, выглядаюць пожня й жытнёвыя бабкі ў «Жніве», адлюстроўваецца сонца на хмарах у «Навальніцы ў сенакос», падчыркваючы тыповы для летняе буры пераходны нядоўгі момант перад дажджом.

Мірановічаў краявід рэдка бывае бязь людзей. Часьцей ён сагрэты прысутнасьцяй чалавека, пераважна чалавека за працай — сейбіта за сяўбой («Сяўба на хутары»), коньніка -хлопчыка на вадапоі («Дзьвіна»), касцоў на ўборцы сена («Навальніца ў сенакос»). Нават вясковыя жанчыны ў «Першай зіме на хутары» спыніліся адно на часінку пагутарыць у перапынку між працаю, бо адна зь вёдрамі вады, а іншая — з кошыкам. Мірановічавы пэрсанажы — людзі чыну, працы, дзеі. Таму пэйзаж ягоны набывае дзейны й бадзёры характар. Гэта мастацтва здаровых і простых людзей беларускае працоўнае вёскі. I гэта-ж паўстрымвала Мірановіча ад насьледаваньняў розных модных плыняў. Ягонае мастацтва самабытнае, здаровае й моцнае ў самой сваёй існасьць, бо карэньні ягоныя ў беларускай вёсцы.

4. Нараджэньне кампазыцыяў

Апрача вялікае ролі беспасярэдніх уражаньняў маленства на працэс узьнікненьня абразоў маюць вялікі ўплыў сталыя студыі натуры прыроды. Мастак павінен штодня рабіць замалёўкі прыроды. Перш чымся пачаць працу над вялікай кампазыцыяй, мастак звычайна прысьвячае шмат часу й працы сотням, а нават тысячам папярэдніх накідаў. Не заўсёды яны робяцца ў сьведамасьці пэўных кампазыцыйных задумаў, часам яны адно самамэта. I толькі пасьля творчае ўяўленьне мастака спалучае іх аднэю ідэяй, а іхныя асобныя элемэнты у адзін сабраны, абагулены абраз.

Латыскі мастак-пэйзажыст Пурвіт сыстэматычна вывучае прыроду — вясну, восень, сьнег, дрэвы, сонечнае сьвятло і г. д. Выдатнейшы беларускі пэйзажыст у Менску Мікола Дучыц не прапушчае ніводнага дня, каб ня выйсьці за горад ці ў парк, дзе ён штодня малюе прыроду. Гэтак працуюць усе вялікія мастакі. Таму й дасягаюць яны пасьля ў вялікіх кампазыцыях выдатных удачаў.

Гэтак працуе й Мірановіч. Ягоныя кампазыцыі ўзьнікаюць з маленькіх накідаў, што рабіліся яшчэ некалі, да вайны. Цяпер, калі мастак ня мае беспасярэдняе лучнасьці зь беларускай вёскай і прыродай, гэтыя старыя замалёўкі часам адзінае, што дае яму матар'ял для працы. Але раней, калі мастак меў магчымасьці часта студыяваць натуру, ён шмат папрацаваў над некаторымі тэмамі. Ягоныя абразы «Навальніца ў сенакос», «Даўгое возера», «Дзьвіна» ды інш.— вынік вялізарнае папярэдняе працы над вялікай колькасьцяй эскізаў. У сваім імкненьні даць нешта закончанае, сваё ён рабіў правільна, калі не раепыляўся на безьліч тэмаў, а сканцэнтраваў сваю мастацкую ўвагу на абраных, асабліва ўлюбёных і дарагіх. Гэтым толькі ён дасягнуў свомай яму выразнасьці й дасьпеласьці.

5. Этнаграфізм і мастацкасьць

Мастака асабліва цікавіць беларуская вёска. Ён, праўда, ужо мала што зь яе засьпеў, бо ў Лацьвіі з 1926 г. адбыўся пераход на хутары. Але раней беларуская вёска й там мела свой асобны стыль і твар, які вырозьніваў яе ад расейскага ці ўкраінскага сяла.

Петру Мірановіча беларуская вёска цікавіць і ў будны і ў сьвяточны дзень, бо кажны зь іх надае ёй свае адмены й прывабнасьць. Але, як заўсёды, і вёска даецца Мірановічам зь людзьмі за працай ці адпачынкам. Вось абразы першае групы, казаў той, працоўнае: «Вываз гною», «Мыцьцё бялізны», успомненыя ўжо вышэй «Вадапой», «Жніво», «Сейбіт» і «Сьнеданьне ў хаце». Кажны зь іх трапна падае той ці іншы момант працоўнага жыцьця вёскі і ў хаце з усімі ейнымі асаблівасьцямі, і па-за хатай.

А вось абраз «Хата» на тэму сьвяточнае вёскі. У зыркім сонечным сьвятле тыповыя беларускія хаты. Сьветларожавыя хварбы на ўсім абразе даюць адчуваньне сьвяточнага настрою. На вуліцы сядзяць асобна мужчыны, відаць, за паважнейшаю гутаркай, а асобна жанчыны ў сьвяточнай вопратцы. Вуліца па-сьвяточнаму замеценая й упрыгожаная зяленівам. Побач хатаў — гародчыкі з чырвонымі макамі ды іншымі краскамі. Гаспадыні нібы стараюцца адна перад адной мець лепшы кветнік у гэткіх гародчыках — тыповая зьява для беларускае вёскі ў Латгаліі.

Ад усяго гэтага гарбатыя саламяныя стрэхі й шэрыя хаты набываюць гэтаксама нейкую асаблівую сьвяточнасьць колераў і ўдала лучацца з настроем у агульнай кампазыцыйнай суладнасьці. Усё разам творыць абраз тыпова беларускае вёскі із сваім асаблівым стылем. Але заслугай мастака ёсьць тое, што этнаграфізм тут не самамэта. Наагул ён ня сушыць вобразнасьці й ня выпірае з арганічнае мастацкае цэласьці Мірановічавых кампазыцыяў пабочным элемэнтам. Ён сам ператварыўся ў адзін з мастацкіх кампанэнтаў і толькі ўзбагачае зьмястоўнасьць ягоных абразоў, удала спалучаючы этнаграфічны мамэнт з мастацкасьцяй і служачы мэтам праўдзівага мастацкага паказу беларускае вёскі ды ейнанага жыхарства. Гэтак і само мастацтва праз этнаграфічнасьць становіцца народным у поўным разуменьні гэтага слова.

6. Мірановіч — партрэтыст

Шмат маляваў Пётра Мірановіч і партрэтаў. У яго й жаноцкі, і мужчынскі, і вясковы, і гарадзкі партрэтны тыпаж. Маляваў ён партрэты сваіх рыскіх знаёмых і беларускіх дзеячоў (прыкладам, крыху ідэалізаваны партрэт К. Езавітава і праўдзіва рэальны партрэт Галіны Езавітавай, партрэт паэта Алеся Салаўя і партрэт літаратара й навукоўца Ул. Глыбіннага, а гэтаксама надта падобны партрэт беларускага дзеяча ў Рызе Сяргея Сахарава з унукам ды інш.). Рэальнае падабенства — галоўны прынцып Мірановіча як партрэтыста. З гэтае катэгорыі працаў мастака вылучаюцца тонкасьцяй выкананьня і ўдалай мастацкай перадачай рысаў твару ды характару партрэты маладое жанчыны й беларускага інтэлігента. Гэта запраўдныя пэрлы ягонага партрэтнага мастацтва. Пэўныя ўдачы дасягненыя і ў партрэце маладога мужчыны, а таксама падвойным аўтапартрэце мастака.

Цікава таксама адзначыць перанясеньне Мірановічам партрэтнага прынцыпу ў кампазыцыі й агульныя абразы. Гэтак, тыповая беларуская жанчына — жняя за полуднем каля жытняе капы — нішто іншае, як партрэт самое маці нашага мастака.

У іншым абразе — «Жняя» — скарыстаны запраўдны твар аднае маладое, сьветлавалосае й здаровае ў сваёй лучнасьці з прыродаю й працаю сялянкі-жняі.

Надта тыповы як селянін-беларус і бацька мастака. На ягоным партрэце добра перададзеныя рысы й маршчакі старога спрацаванага твару і, побач з гэтым, свомая беларусу нейкая мяккасьць, задумённасьць і чалавечая дабрыня.

Бясспрэчна, і ў гэтым жанры Мірановіч праявіў сябе добрым маляром, з аднаго боку, на тыпажы сялянскім, як больш яму блізкім і зразумелым, а з другога боку — інтэлігенцкім, дзе ён паказаў сябе высока-культурным і праніклівым мастаком.

Варта прыгадаць і тое, што тэхніка маляваньня партрэтаў адзначаецца ў Мірановіча сьмеласьцяй і ўпэўненасьцяй валоданьня пэндзлем, вольным і лёгкім карыстаньнем вуглём у папярэдніх накідах контураў натуры й хуткасьцяй працягу сэансу пазаваньня. Гэта адзнакі запраўднага малярскага таленту.

7. Венская акадэмія

У 1944—1945 гг., жывучы ў Вене — асяродзьдзі мастацкіх шуканьняў і розных школаў,— мастак наведваў Акадэмію мастацтва па клясе малярства. Пэўна-ж, гэта нешта дадало да ягонага знаёмства із заходня-эўрапейскімі кірункамі й тэхнікай у малярстве. Аднак нельга сказаць, каб гэта паклала нейкі сьлед на ўжо выраблены кірунак Мірановічавае творчасьці. Працы гэтага пэрыяду нічым асабліва не вылучаюцца з агульнае ягонае творчасьці. Партрэт аўстрыйскае жанчыны, як і ранейшыя партрэты,— выразісты ды экспрэсійны. Колькі краявідаў венскага пэрыяду напісаныя ў тым-жа імпрэсіяністычным стылі зь перавагаю сьвежых, сьветлых хварбаў да сьведама падчыркненай гульнёй сьветлаценяў.

Нягледзячы на шырокі беспасярэдні сутык з сучасным заходняэўрапейскім мастацтвам, Пётра Мірановіч застаўся й надалей мастаком беларускае прыроды, людзей і працы. Гэткім ён увойдзе і ў гісторыю беларускага ды сусьветнага мастацтва.

«Запісы Беларуекага Інстытуту Навукі й Мастацтва».

№ 1, 1953


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by