|
ЮРКА ВІЦЬБІЧ
У ПОШУКАХ АЛЬГЕРДАВАГА ШЛЯХУ
Аляксей Сапуноў (1852—1924)
...Так рупная пчала
Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак,
I бачанаму ім — ён годны веры сьветак.
Максім Багдановіч. «Летапісец»
Стагодзьдзе таму ў мястэчку Усьвятах Вяліскага павету Віцебскае губэрніі ў сям'і незаможнага кажамякі Пархвена Сапунова нарадзіўся сын Аляксей, Пачуўшы крык дзіцяці, заўсёды суворы, прапахлы скурай бацька, усьміхаючыся, заўважыў: — Дзякуй Богу, яшчэ адзін гарбар у нащыя Ўсьвяты заявіўся.
Пэўне-ж бацькі не здагадваліся, што іхны сын, перамагаючы зусім няспрыяльныя для гэтага ўмовы, станецца навукоўцам. А сын, стаўшыся гэткім, будзе пры кажнай нагодзе зь цяплінёй падчырківаць, што сваю працаздатнасьць ён дастаў у спадчыне ад бацькі, а сваю любасьць да старасьветчыны ад месца свайго народжаньня, ад аднаго з найстарэйшых беларускіх гарадоў, аб якім упяршыню прыгадаў летапісец яшчэ ў сувязі з унукам Рагнеды, полацкім князем Брачыславам, сынам Ізяслававым, і ў якім жыў пазьней два гады Альгерд.
Сярэднюю асьвету Сапуноў атрымаў у Віцебскай гімназіі, вышэйшую — у Пецярбурскім універсытэце, дзе скончыў гістарычна-філялягічны факультэт. Потым на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў ён выкладае ў Віцебскай гімназіі лацінскую ды грэцкую мовы, а з 1911 г. па 1922 г. чытае лекцыі ў Віцебскім археалягічным інстытуце. Ужо ў 1920 г. Сапуноў блізу цалкам згубіў зрок. Тым ня менш найгоршае надвор'е не перашкаджала яму штодня, часам з дапамогай павадыра, а часам намацваючы перад сабой дарогу кійком, наведваць інстытут. Студэнтам, якія выбягалі яму насустрач і пачыналі дакараць за тое, што ён ня дбае аб сваім здароўі, Сапуноў адказваў словамі Плінія аб грэцкім мастаку Апээлесе: Nulla dies sine linea1.
I запраўды няма нічога больш характэрнага для ўсяго жыцьця Сапунова, чымся гэтая ягоная ўлюбёная лацінская прыказка. I нават сьлепату нажыў ён не з хваробы або старасьці, але вылучна таму, што ня ведалі ніколі адпачынку ягоныя вочы. Тым часам сьляпы прафэсар гаварыў:
— Мае сяброве, адным з тых дасьледных заданьняў. якія мы, старыя, пераказваем вам, маладым, ёсьць адзначыць на гістарычных мапах Альгердаў Шлях. Пазьней гэты шлях зваўся, як вам вядома, Вітавым. Аб ім таксама прыгадвае Сьцяпан Баторы ў сваёй знанай грамаце полацкаму ваяводзе; ягоны схэматычны накід зрабіў і пакінуў нашчадкам годны патаны Райнгольд Гайдэнштайн. Нам пашэньціла трапіць на сьлед Альгердавага Шляху. Мы пазналі яго па цяпер зарослых, але ўсё-ж дагэтуль прыкметных просеках у лясох і путчах, па адхонных спусках да яроў і ручаёў, па перакопах праз узгоркі й капцы, па рэштках паляў і гацяў на рэках і балотах, па зламаных колах і конскіх касьцякох, па вугольлю ад спаленых вёскаў і жаўнерскіх вогнішчаў, па знойдзеных абапал яго шышакох і палашох. Мы ўстанавілі, што гэты шлях, пачынаючыся ад Полацку, ідзе праз задзьвінскія лясы, паўз мызы Рудні, праз раку Вушач, праз маёнтак Бязьдзедзічы, паўз Мядзьвежае возера проста на Чортаў мост, праз Бахонкавую гару й далей у кірунку да мястэчка Глыбокага. Тым часам для нас гэта гіпатэза, але няма ніякага сумніву, што ад Глыбокага ён ідзе на Вільню. I калі нам пашэньціла пачаць, хоць не ўдалося скончыць гэтае дасьледваньне, дык вы мусіце нарэшце знайсьці ўвесь Альгердаў Шлях.
Калі сумленнае выкананьне настаўніцкіх абавязкаў забясьпечвала Сапунова хлебам штодзённым, дык навуковая праца ў вольныя ад гэтых абавязкаў гадзіны была мэтай усяго жыцьця. Створанае адным ім, можа, пераважае сабой спадчыну таго ці іншага навуковага таварыства ў поўным. ягоным складзе. Прынамсі, ён зьяўляецца аўтарам і складальнікам 72 выданьняў, прысьвечаных гісторыі Беларусь Усе гэтыя выданьні дзеляцца на тры трупы:
1. Зборнікі гістарычных актаў і дакумантаў.
2. Навуковыя працы на падставе гэтых зборнікаў.
3. Артыкулы й нарысы, разьлічаныя на шырокія колы чытачоў.
У першай групе, найбольш капітальнай,— шматтомная «Витебская Старина», што патрабавала ці мала год упорыстае працы ў архівах і кнігасховах. Пераважная бальшыня зьмешчаных у ёй гістарычных дакумантаў дагэтуль заставалася невядомаю шырокім чытацкім колам і нават значнай колькасьці навукоўцаў. Стагодзьдзі яны ляжалі сукрыта, пахаваныя пад курганамі пазьнейшых дакумантаў. Між тым толькі празь іх можна было даведацца, як гаворыцца ў высокамастацкіх радкох Максіма Багдановіча:
Што тут чынілася у даўныя часы, Што думалі, аб чым спрачаліся тады, За што змагаліся, як баранілі веру,— Пазнаюць гэта ўсё патомкі праз паперу.
Навуковы дасьледнік ведае, як прыемна нарэшце знайсьці гэткі далёкі па сваёй даце прывілей або крошку ці акт, якія дададуць яшчэ адну непаўторную старонку ў гісторыю краіны. Знойдзены й апублікаваны дакумант назаўсёды застанецца дакумантам. Часам навуковец на падставе яго зробіць ня зусім аб'ектыўны выснаў. Яшчэ часьцей паспрабуе пабудаваць на ім хісткую ідэялягічную плятформу палітык. Аднак гістарычная праўда, адбітая ў гістарычным дакуманце, можа, не адразу, але нямінуча давядзе нясумленных навукоўцаў і палітыкаў да банкроцтва. Гэтае вылучнае значаньне гістарычных дакумантаў трапна падчырківае Н. Бантыш у сваім артыкуле «Старая Вільня», зазначаючы:
«Настаўніцкі пэрсанал Віленскага інстытуту ўваходзіў у «Комиссию по разбору древних актов». Выхаванцы ягоныя таксама прымалі ўдзел у абсьледваньні й аглядах гістарычных дакумантаў. Гэтак ім, беларусам, зусім ясным рабілася законнае гістарычнае права Беларусі і на Смаленск, і на Вяліж, і на Невель, і на Сураж, і на Аўгустоў, ня лічачы чатырох беларускіх губерняў... Яны бачылі, што Францішак Скарына — першы друкар беларускі й славянскі — пачаў друкарскую справу ў Вільні й Полацку... I вось акт па акце, грамата па грамаце, студэнты бачылі, што беларуская мова была абавязковай у старой «літоўскай» дзяржаве, у тым ліку для віленскага ваяводзтва... Навуковыя досьледы Сапунова й Карскага памацняюць вядомасьці існаваньня беларускае самастойнае культуры й вымагаюць вывучэньня помнікаў мінулага» 1.
Аднак перш чымся гістарычны дакумант, які датычыць патрэбнага часу або тэмы, патрапіць у рукі навукоўца, той мусіць у гэтых пошуках перагледзець безьліч іншых дакумантаў. Ён мусіць добра ведаць старабеларускую й старапольскую мовы з усімі іхнымі апрычонасьцямі, свомымі толькі таму ці іншаму стагодзьдзю. Ён можа па русізмах і палянізмах вызначыць пачатак ціску з боку таго ці іншага суседа на Беларусь. Ён, узяўшы ў рукі пажоўклую ад часу паперу із зьбялелым атрамантам, мусіць па гатунку паперы й атраманту праверыць або знайсьці дату, калі яна не адзначаная на дакуманце. Ён вызначае таксама час па стылю пісьма, а ў дадатак мусіць безь цяжкасьцяў разьбірацца ў асабістых старадаўных людзкіх характарах пісаньня. Якраз таму Сапуноў пад старасьць і зьнявідзеў. А тады да «Витебской Старины», да Сызыфавае працы, ён із свомаю яму сьціпласьцю дадаў на стараславянскай мове кароткую, але яскравую прадмову:
«Отцы и братья! Оже ся где буду описал, або переписал, або недописал: чтите, исправливая Бога деля, а не клените, занеже книги ветшаны, а ум молод, недошел».
У другой групе працаў Сапунова першае месца займае ёмкі том «Западная Двина» (Віцебск, 1893). Сам аўтар кваліфікаваў гэтую сваю працу як гістарычна-геаграфічную, а ў запраўднасьці яна нішто іншае, як энцыкляпэдыя Дзьвіны. Можа ўзьнікнуць пытаньне — ці заслугоўвае наагул Дзьвіна энцыкляпэдыі? Ці ня будзе гэткая тэма адбіткам павятовага патрыятызму? Пасьля гэтага варта прыгадаць фаліянты, прысьвечаныя рознымі народамі Дунаю й Райну, Волзе й Місісіпі, каб пераканацца, што рака, на якой стаіць Полацак — калыска беларускае дзяржаўнасьці, аб якой адзін з зацятых ворагаў гэтае дзяржаўнасьці — Іван Грозны — заўважыў: «У Дзьвіны дно залатое, а берагі серабраныя» — заслугоўвае найвялікшае ўвагі з боку беларускіх навукоўцаў. Сапуноў падрабязна затрымаўся ня толькі на гісторыі самае Дзьвіны і ў геалягічным сэнсе і як старадаўнага воднага шляху, але й на гісторыі ўсіх гарадоў і мястэчкаў, што знаходзяцца ў ейным басэйне. Ён ня толькі грунтоўна асьветліў рэчышча самае Дзьвіны ад Вокаўскага Лесу да Балтыцкага мора з усімі ейнымі шматлікімі парогамі, абтокамі і нават паасобнымі валунамі, зь ейным вялікім спадам і хуткім бегам, але апісаў усе ейныя вялікія й малыя прытокі, ня мінаючы ручаёў. Шмат старонак займаюць такія разьдзелы, як флёра й фаўна Дзьвіны, гісторыя вадаплаўства на ёй, адлюстраваньне ракі ў фальклёры й мастацкай літаратуры розных народаў, а ў першую чаргу тых, што здаўна насяляюць Наддзьвіньне. Наагул у гэтай багата ілюстраванай, із шматлікімі мапамі, кнізе можна знайсьці ўсё аб Заходняй Дзвіне, пачынаючы ад заўвагі Гэрадота аб ёй у сваёй «Мэльпамэне» й канчаючы аналізам ейнае вады. У прадмове да «Западной Двины» Сапуноў выказвае ўдзячнасьць Мікалаю II, які даў на выданьне 500 рублёў, але калі ўлічыць, што сам аўтар выдаткаваў на ейнае выданьне 6000 рублёў з собскага цяжкога настаўніцкага заробку, дык «царская ласка» набывае зусім іншы калярыт.
Цяжка нават пералічыць усе тыя выданьні, якія ўваходзяць у склад трэцяе групы працаў Сапунова. Звычайна яны друкаваліся спачатку на старонках тагачаснае газэты «Витебские Губернские Ведомости» або ў «Памятных книгах Витебской губернии», а потым выходзілі, як адбітак, асобна. Паміж гэтымі выданьнямі варта адзначыць такія, як «Памятники времен древних и новейших в Витебской губернии» (Віцебск, 1903) «Белоруссия и белорусы» (Віцебск, 1910), «Двинские или Борисовы камни» (Віцебск, 1897), «Полоцкий Софийский собор» (Віцебск, 1888), «Чей прах покоится в нише Софийского собора?» (Віцебск, 1889), «Губернаторский дворец в г. Витебске» (Віцебск, 1901), «Местечко Усвят» (Віцебск, 1902) і г. д. Гэтыя кнігі адразу знаходзілі свайго чытача, але не ў самым губэрнскім чыноўніцкім Віцебску, а галоўна паміж вясковых настаўнікаў царкоўна -парафіяльных і земскіх школаў. Калі калескія рэгістратары, ня прыгадваючы ўжо больш буйных урадаўцаў — пераважна расейцаў — адмыслова перакіненых у Віцебск з Арлоўскае і Калускае губэрніяў, набывалі нумар «Витебских Губернских Ведомостей», каб пазнаёміцца з урадавымі паведамленьнямі аб чарговых сьвяточных узнагародах, дык вясковыя настаўнікі ўлучалі ў свой а ж занадта сьціплы бюджэт сталую выпіску на губэрнскую газэту, каб чытаць і перачытваць артыкулы й нарысы Сапунова ды іншых краяведаў. Зь імі Сапуноў меў сталае сяброўскае ліставаньне.
Усэ шматлікія навуковыя працы Сапунова сустрэлі прыхільны водгук сярод тагачасных навукоўцаў. «Витебской Старине» прысьвяцілі вялікія цёплыя рэцэнзіі гэткія часапісы, як «Русская Старина» (сакавік 1884 г., люты 1889 г.), «Правительственный Вестник» (№ 225, 1896), «Исторический Вестник» (сакавік 1897 г.) і г. д. «Западную Двину» сустрэлі із захапленьнем ня толькі вышэй адзначаныя выданьні, але й пэрыядычная прэса Нямеччыны, Ангельшчыны, Францыі, Швэдыі, Даніі і г. д. Яшчэ да рэвалюцыі Сапуноў быў абраны сябрам каля дваццацёх навуковых таварыстваў, паміж якімі варта прыгадаць: Брытанскае каралеўскае гістарычнае таварыства, Таварыства гісторыі і старажытнасьцяў расейскіх пры Маскоўскім унівэрсытэце, Маскоўскае архэалягічнае Таварыства, Гістарычнае таварыства пры Пецярбурскім унівэрсытэце і г. д.
Пасьля рэвалюцыі Сапуноў быў абраны сябрам-карэспандэнтам Акадэміі Навук. Але — «Няма прарока на сваёй бацькаўшчыне», або — «Што добрае можа прыйсьці з Назарэту?».
Віцебск у часы, калі Сапуноў пачаў у ім сваю навуковую працу, зусім не надаваўся на тое, каб спрыяць гэтай працы. Характэрна, што ў 1881 г. віцебскае мясцовае начальства прадало зь віцебскіх архіваў у Рыгу, як макулятуру, 3000 пудоў старых дакумантаў 16— 17 вв. і ахіў Полацкага памесьніцтва да 1772 г. Пуд прадаваўся па 1 p. 18 к., i грошы былі скарыстаныя для ўзнагароды чыноўнікаў 1. Гэты барбарскі ўчынак цалкам адпавядаў жыцьцю чыноўніцкае інтэлігенцыі губэрнскага гораду. Прынамсі, безнадзейна правінцыяльны «Виленский Вестник» з прычыны адкрыцьця ў Батанічным садзе кафэ-шантану патэтычна зазначае:
«У нас пачынаюць прывівацца свае адаліскі, свае альтымбанкі, свае шансанэтныя сьпявачкі. Дай Бог, каб гэтая эўрапейская навіна саслужыла грамадзянству эстэтычную службу1 . I Даўнар-Запольскі, характарызуючы Сапунова, адзначае: «Правінцыяльны тагачасны горад суліў шмат спакусаў маладому вучонаму, і нялёгка было ўстояць, каб не загразнуць у правінцыяльнай твані. У той час чыноўніку нашага краю, які займаўся навукай ды яшчэ служыў па міністэрству асьветы, пагражала паніжэньне па службе або нават звальненьне. Працаваць пры гэтых умовах ужо было заслугай, і немалой» 2. Аб тым-жа сьветчыць Стукаліч: «Першапачаткавыя імкненьні Сапунова абудзіць цікавасьць мясцовае інтэлігенцыі да мінулага й сучаснага становішча Беларусі дрэнна ўспрыймаліся мясцовым грамадзтвам; ягоную «Витебскую Старину» чыталі вельмі мала, а начальства глядзела на яе скоса, ніяк не згаджаючыся, каб падобнага роду праца пісалася безь якіх-колечы староньніх «внушений» і тэндэнцыяў» 3.
Віцебскія благія ўмовы зусім ня былі спэцыфічна віцебскімі або адмыслова на Сапунова пашыранымі. Тое-ж дасьветчылі ў тым-жа Віцебску Нікіфароўскі, Даўгяла, Стукаліч і інш., у Магілёве — Раманаў, у Смаленску — Дабравольскі і г. д. Паводля Шлюбскага: «Раманаў ніколі не знаходзіў у грамадзтве, а тым больш у ўладаў патрэбнага прызнаньня й патрэбнага падтрыманьня» 4. Зразумела, чаму Раманаў, якога ня здужала ніякая «правінцыяльная твань», гэтак цёпла й шчыра вітаў у 1913 г. Беларускі навукова -літаратурны гурток студэнтаў Пецярбурскага ўнівэрсытэту словамі: «Добрыдзень, племя маладое, незнаёмае,— але роднае! З прыемным пачуцьцём атрымаў я прывітаньне вашае, браценьнікі. Узаемна жадаю ўсім вам як хутчэйшага выхаду нашлях дзеячоў. Жніва, бо шмат ёсьць!»5 Нікіфароўскі, аўтар дзесяткаў навуковых працаў па беларускай этнаграфіі, вялікую няпрыемнасьць меў у сувязі з тым, што ў дзень нараджэньня Мікалая II прыйшоў як настаўнік Віцебскае мужчынскае гімназыі ў катэдральны сабор на ўрачысты й абавязковы для ўсіх службоўцаў малебен у старым латаным гарнітуры. Справа дайшла да куратара Віленскае навучальнае акругі, пакуль нарэшце ня высьветлілася, што «титулярный советник Никифоровский» зусім не хацеў гэтым дэманстрацыйна зьняважыць цара, але проста ня меў іншага гарнітуру — бяз малага ўвесь свой заробак ён прызначаў для выданьня сваіх кнігаў. Тое-ж самае із сваім заробкам практыкаваў і Сапуноў. Такая практыка спрычынілася да вельмі нешчасьлівага сямейнага жыцьця. Прынамсі, калі пад старасьць сьляпы Сапуноў вобмацкам ішоў адзін па вуліцах, дык ён проста ня меў сваякоў, якія-б рупіліся аб ім, а сяброў і знаёмых ён сьведама не турбаваў.
У нарысе, прысьвечаным Сапунову, нельга сьведама або нясьведама абмінуць тую гістарычна-палітычную плынь, да якой ён належаў. Прайсьці паўз гэтае плыні — значыцца зусім не зразумець Сапунова, які хаця й правёў большую частку свайго жыцьця ў архівах, кнігасховах і за габінэтным сталом, але адначасна прымаў дзейны ўдзел у грамадзкім і палітычным жыцьці. Назва гэтае плыні, а менавіта — «Западно-руссйзм» — няпрыемна ўспрыймаецца нашым вухам. Аднак, апрача фігуральных у дадзеным выпадку вушэй, што з прыемнасьцю або зь непрыемнасью ўспрыймаюць усе вакольныя гукі, ёсьць розум, здатны да аб'ектыўнага аналізу. Менавіта таму аўтар гэтага нарысу не бярэ на сябе ролі пракурора або адваката ў дачыненьні да гістарычна-палітычнае плыні, якая ў дадатак сталася ўжо здабыткам гісторыі. Ён абмяжоўваецца роляй сьледчага, паклікаючыся на шматлікіх сьведкаў і маючы права на свой выснаў. I разам з тым ён спадзяецца, што сам высокашаноўны чытач зробіць на падставе сабранага сьледчым матар'ялу належны справядліваму судзьдзі прысуд.
«Западно-руссизм» ніколі, а тым больш у часы Сапунова, ня быў суцэльнай аднамыснай плыняй. Ён выразна дзяліўся на два крылы. Правае крыло прадстаўлялі Саланевіч, Кавалюк, Кулакоўскі, Бажэлка, Пшчолка, Вруцэвіч, Караневіч і інш; у склад левага крыла можна залучыць Сапунова, Раманава, Нікіфароўскага, Даўнар-Запольскага, П. Баброўскага, Стукаліча ды інш. Калі правае крыло складалася з палітыканаў, якія з падтрымкай царскага ўраду выдавалі газэты йчасапісы: «Крестьянин», «Окраины России», «Северо-Западная Жизнь» і г. д., дык левае крыло складалася з навукоўцаў, якія друкаваліся амаль вылучна за свой кошт. Паміж гэтымі двума крыламі ўвесь час ішло змаганьне. «Западно-руссизм» правых зусім не супадаў з «западно-руссизмом» левых.
«Ня зьелі нас, беларусаў, раней, не зьядуць і цяпер!»1 —гэтыя словы, што ў той час гучэлі, як лёзунг, належаць Нікіфароўскаму й адрасаваныя Кавалюку ў сувязі із зьдзекамі апошняга зь беларускае мовы. Раманаў у 1908 г. друкуе адчынены ліст А. Пшчолку, у якім зазначае: «У сваіх творах вы імкніцёся прышчапіць чужынцам пагарду да свайго-ж народу, абліваеце памыямі сваю-ж бацькаўшчыну, якую замучылі злыя ворагі» 2. Шмат пазьней паўтарылі тое-ж самае ў дачыненьні да Пшчолкі Лявон Гмырак і Максім Гарэцкі. Можа, яшчэ больш характерны для Раманава «Плач Белорусской земли», які спачдтку «Вибетские Губернские Ведомости» адмовіліся друкаваць на сваіх шпальтах, угледзеўшы ў ім сэпаратыстычныя тэндэнцыі, і аўтар выдаў гэты твор асобным выданьнем ананімна 3. Прадстаўнік правага крыла Бажэлка на старонках «Крестьянина» зьмяшчае артыкул, накіраваны адначасна супраць «Нашай Нівы» й левага крыла, якому непасярэдна адрасаваны закід: «Здрайцы й прадаўцы свайго народу зь нібы вучоных нам добра вядомыя!» 4 Гэтую палеміку Сапуноў нібы не заўважаў. У ягоным габінэце паміж іншымі партрэтамі не выпадкова вісеў і партрэт Адама Кіркора, якога яшчэ ў 70-х гадох усяляк зьневажалі духовыя бацькі правага крыла «западно-руссизма» К. Гаворскі і М. Каяловіч — тыя самыя, што паводля іхных-жа вернападаных словаў у кажную мясцовую справу «вбивали русский гвоздь» 5. Аднак, памінаючы палеміку з правым крылом, Сапуноў пайшоў шмат далей за сваіх сябраў па левым крыле.
26 кастрычніка 1910 г., чытаючы ў Віцебскай Архіўнай Камісіі рэфэрат на тэму «Белоруссия и белорусы», які знайшоў водгук далёка па-за сьценамі таго пакою, дзе ён чытаўся, Сапуноў сказаў: «Я заклікаю Беларусь да самавызначэньня, да нацыянальнага ўсьведамленьня, да адроджанае будучыні, якая будзе ў руках самых беларусаў» 1. Ён скончыў гэты свой рэфэрат прыгожым патрыятычным вершам Янкі Няслухоўскага. Сапунову пашэньціла крануць прыгаданае ў рэфэраце пытаньне з найбольшае трыбуны Расейскае імпэрыі — у 3-й Дзяржаўнай думе. Пасьля разгону царызмам 2-е Думы і закону аб зьмене выбараў у 3-ю Думу ў яе абіраліся дэпутаты паводля прынцыпу — «Чаго жадаеце-с?». Таму зь 9 дэпутатаў Віцебскае губэрні восем за ўвесь час існаваньня 3-е Думы не сказалі ніводнага слова, але затое зусім накш паводзіўся дзевяты — Сапуноў, які трапіў у Думу, дзякуючы падтрымцы вясковых настаўнікаў. 3 тае самае трыбуны, зь якое Сталыпін 27 красавіка 1911 г. крычэў: «Заходні край ёсьць і будзе краем рускім назаўсёды, навекі!» 2, Сапуноў сказаў: «Усе, нават самыя нязначныя народнасьці, імкнуцца цяпер да самавызначэньня; за імі ўсе прызнаюць права на гэта. Толькі адна народнасьць, народнасьць беларуская, ня сьмее й думаць аб гэтым»3 . З тае-ж самае трыбуны ў сувязі з заявай дэпутата Дзяржаўнага Савету Корвін-Мілеўскага, што палякі здаўна й дагэтуль маюць права на рэпрэзантацыю жыхароў беларускіх губэрніяў, Сапуноў у сваёй адказнай прамове заўважыў: «Залічаць да палякоў беларусаў-каталікоў толькі таму, што яны каталікі,— звычайнае этнаграфічнае грабежніцтва» 4. Дарэчы, варта зазначыць, што гутарка тут якраз аб тым «рэпрэзантанце» беларусаў Корвін-Мілеўскім, які калісь у вузейшым коле шчыра выказаўся: «Няшчасьце маё, што мне давялося прадстаўляць у Дзяржаўным Савеце варты пагарды беларускі дэмас»5 .
Часам здавалася, што Сапунову, Раманаву, Нікіфароўскаму ды іншым досыць было зрабіць толькі адзін крок, каб пакінуць левае крыло «Западно-руссизма» і ўлучыцца ў беларускі нацыянальна-вызвольны pyx, але зрабіць гэты адзін крок яны былі ня ў стане. Трапна зазначае аб іх А. Цьвікевіч: «Любячы этнаграфічную Беларусь, вывучаючы беларускі фальклёр, яны не маглі ня цешыцца з узьнікненьня ў краі беларускай літаратуры, не маглі не адчуваць ейнае прыгажосьці, сьвежасьці й блізкасьці да народу. Яны не маглі ісьці сьледам за панамі Бажэлкамі, Кавалюкамі й Саланевічамі ў ганьбаваньні беларускага нацыянальнага слова й «Нашае Нівы»1. Зусім правільна асьвятляе іхную ролю П. Крэчэўскі: «Пачэсныя імёны мясцовых гісторыкаў і этнографаў, што будзілі думку аб Беларусі,— Сапунова, Стукаліча, Нікіфароўскага, Даўгялы, Раманава ды іншых яскрава гавораць аб тым захапленьні, якое выклікала беларуская нацыя як старэйшая й найбольш чыстая галіна славянства ў навуковых колах»2 . Добрым словам успамінае аб іх і М. Гарэцкі: «Зьбіраючы й парадкуючы матар'ял, надта важны для нармальнага разьвіцьця пісанага слова, яны сьведама ці нясьведама зрабілі нязрушным той грунт, на каторым расла навейшая беларуская літаратура» 3. Паводля догмаў «марксызму-ленінізму» паставіўся да іх «дыялектычна-матэрыялістычны» акадэмік В. Шчарбакоў, зазначыўшы ў сваім нязграбным нават з боку формы абвінавачаньні: «Нездарма менавіта яны стварылі раскрытую слаўным НКВД змову супроць савецкай улады, зьяўляючыся агентамі, шпіёнамі й правакатарамі польскіх, нямецкіх ды іншых краін імпэрыялістаў, фашыстаў, рука аб руку працуючы з нацыянал-фашыстамі Заходняй Беларусі» 4. Далей канкрэтызуючы гэтае «яны», ён складае ўсеабдымны, агульны для жывых і памерлых сьпіс, у які ўваходзяць — Сапуноў, Любаўскі, Лаппа, Карскі, Ластоўскі, Цьвікевіч, Ігнатоўскі, Турук, Даўнар-Запольскі, Пічэта ды інш. Між іншым, В. Шчарбакоў, пэўне-ж, не здагадваўся, што праз некаторы час «слаўнае НКВД» далучыць да гэтага сьпісу й яго. I, можа, лепш за ўсіх схарактарызаваў дзейнасьпь сваю й сваіх сябраў сам Сапуноў у вышэй прыгаданай лекцыі, прачытанай ім студэнтам Віцебскага Архэалягічнага інстытуту. Ці ён думаў тады, што ягоныя словы аб Альгердавым Шляху набываюць сымбалічнае значаньне для ўсяго левага крыла «западно-руссизма»? Яны, старыя, перамагаючы розныя перашкоды, дайшлі ў пошуках Альгердавага Шляху — Шляху Вольнае й Незалежнае Беларусі да... Глыбокага. Яны, старыя, ня сумняваліся ў тым, што гэты Шлях ідзе далей да Вільні — да старадаўняе слаўнае сталіцы Вялікае Літвы-Беларусі. Аднак яны ўжо ня ў стане былі знайсьці гэты Шлях і пераказалі ягоныя пошукі беларускай патрыятычнай моладзі.
У савецкія часы Сапуноў больш нічога не стварыў. Ваенны камунізм і архэалёгія не супадалі. I хоць Акадэмія Навук надала Сапунову годнасьць сябра-карэспандэнта, але гэта да нічога не абавязвала тутэйшых камуністаў: У віцебскай газэце «Заря Запада» пачынаюць яго абвінавачваць у тым, што некаторыя акты з «Витебской Старины» — зброя ў руках антысэмітаў, пасьля прыгадваюць 500 рублёў, ахвяраваных царом на «Западную Двину», нарэшце, абураюцца з тае прычыны, што ў 3-й Думе ён не салідарызаваўся зь левымі партыямі, і гэтак без канца. Сапуноў прабаваў пратэставаць, але ягоныя лісты рэдакцыя не зьмяшчала. Нарэшце Віцебскі гарсавет пазбавіў яго акадэмічнае харчовае нормы, што ў тыя галодныя гады адчувалася асабліва балюча. Сапуноў больш ня скардзіўся. Усё бліжэй і бліжэй набліжаліся два канцы — турма й сьмерць. Аднак Сапуноў застаецца Сапуновым. У ягоных зьмястоўных лекцыях не адбіваецца савецкая рэчаіснасьць, але затое зь ейнае прычыны сам прафэсар хістаецца ад сталага недаяданьня. Студэнты няўпрыцям для сьляпога кладуць яму ў часе лекцыі ў кішэні ягонага старога пальта кавалак хлеба, колькі бульбінаў — больш у іх нічога няма. Тыя-ж студэнты на просьбу Сапунова пасыпаюць у ягоным садку дарожкі скуранымі абрэзкамі. Пах гэтых абрэзкаў нагадвае іхнаму прафэсару, што канчае свае жыцьцё, пачатак гэтага жыцьця. I вось 2 кастрычніка 1924 г. прыходзіць сьмерць. Яшчэ ў лютым 1919 г. Чака расстраляла Стукаліча. У студзені 1921 г. памірае ў Стаўропалі галоднай сьмерцяй Раманаў. Той-жа голад прысьпешыў сьмерць Сапунова. Савецкія газэты адгукнуліся на ягоную сьмерць кароткімі зацемкамі ў колькі радкоў і ніводная зь іх не прысьвяціла яму нэкралёгу. Яго пахавалі на Трайчонкавых могілках ля дзьвярэй ахутанае лягендамі царкоўкі, ведамае ў народзе пад паэтычным назовам «Белае Тройцы». Несьлі тру ну й ішлі за ёй толькі ягоныя студэнты — будучыя нацдэмы, якім ён — былы «западно-русс» — пераказаў у спадчыне пошукі Альгердавага Шляху.
5-7 верасьня 1952 г., ЗША
«Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацгва».
№ 1, 1953
