|
ЯНКА СТАНКЕВІЧ
ВАЦЛАЎ ЛАСТОЎСКІ 1
Вацлаў Ластоўскі пасьвяціў сябе ўсяго адраджэньню беларускага народу, належачы да тых нячысьленных, што ня толькі ўсёй душою аддаліся справе беларускай, але і ўвесь час свой аддавалі ёй. Із школьнае асьветы В. Ластоўскі меў толькі пачатную школу, але самаасьветаю ён усебакова разьвіўся й быў запраўдным і даволі высокім інтэлігентам. Сваёй інтэлігентнасьцю ён мог за пояс заткнуць шмат каго з вышэйшай асьветаю. У гэтым ён быў вельмі падобны да Янкі Купалы, каторы быў таксама самавук.
У адным месцы Бібліі сказана, што вол мае права есьці з тае баразны або з таго загону, каторы арэць. Але адно права, а другое — магчымасьць. Вось-жа, што датыкаецца беларускага нацыянальнага адраджэньня, то можна сказаць, што адно лічаныя рэдкія выняткі мелі такую магчымасьць, а не даводзілася, з гледзішча матар'яльнага, завідаваць таму, хто яе меў. Да лічаных выняткаў-адзінак, валоў беларускага адраджэнскага руху, хто меў магчымасьць есьці з аранага самым загону, належаў В. Ластоўскі.
З В. Ластоўскім пазнаёміўся я ў 1909 годзе, калі я прыехаў да Вільні. Ён тады быў сакратаром «Нашае Швы» і заставаўся ім да нямецкае акупацыі ўвосені 1915 г. Ён атрымліваў пэнсію ад выдавецтва. Судзячы з таго, як Ластоўскі жыў, пэнсія была больш чымся сьціплая. Жыў ён ля Завальнае вуліцы, № 7. Там у першым вялікім пакоі памяшчалася спачатку рэдакцыя «Нашае Швы», а потым беларуская кнігарня, а ў заднім малым пакоіку ды яшчэ ў меншай кухні жыў В. Ластоўскі з радзінаю — жонкаю й дачушкаю. Гэта было памяшканьне такое малое, што яго можна толькі прыраўнаваць да нашых гасподаў у табарах ДП у Нямеччыне, дый гэтыя напару былі лепшыя. Было яно й сьцюдзёнае, бо далавах, пад усёй гасподаю быў склеп, у каторым памяшчаўся архіў «Нашае Швы» і быў склад кніжак.
Калі вы ўходзілі ў гасподу Ластоўскага, вы не пазнавалі, што гэта была гаспода прыватная. Вам здавалася, што ўходзіце ў мастацкае прадаўжэньне рэдакцыі або кнігарні: на сьценах былі паразьвешаныя абразы і іншыя памяткі старое беларускае культуры.
Асноўнай і, казаў той, службовай (гэтае слова так мала сюды падыходзе!) працаю Ластоўскага было сакратарства або рэдагаваньне «Нашае Швы». Але не адным ён гэтым займаўся. Клясычны адраджэнец беларускі займаецца ўсім чыста магчымым, што спрыяе беларускаму руху. Чыста гэтак рабіў і Ластоўскі. Вось-жа ня толькі друкам, але й вусна ён пашыраў беларускую справу — заўсёды, у рэдакцыі, дома й вонках. Сталым, але не аплачваным супрацаўніком «Нашае Нівы» і палітычным кіраўніком яе ад самага пачатку быў Антон Луцкевіч. Яго адылі ня часта можна было бачыць, ён рэдка бываў у рэдакцыі, а да гасподы Луцкевічаў проста «так», без патрэбы не выпадала йсьці. Можна сказаць, што Іван і Антон Луцкевічы мелі дачыненьне зь людзьмі як-бы вышшых сфэраў, з маючымі значаньне ў грамадзкім і палітычным жыцьці, і да ўсіх іншых у іх не заставалася часу. I Ластоўскі меў дачыненьне з гэнымі «вышшымі» сфэрамі, але ня толькі, колькі Луцкевічы. Затое ён вёў нацыянальна-ўсьведамляючую работу з усімі іншымі, каторымі былі прыяжджаючыя да Вільні беларускія сяляне і іншыя правінцыялы, розныя віленцы, што ў некаторай меры зацікавіліся сваёй справаю беларускай, прыпадковыя мясцовыя й падарожуючыя гуманістычныя, радзей палітычныя (гэтыя йшлі да Луцкевічаў) дасьледавальнікі, што заходзіліся даведацца, што думаюць або ведаюць пра тое або іншае пытаньне ў беларускай рэдакцыі. Але асабліва стыкалася з Ластоўскім беларуская моладзь.
Найперш у самых сабе людзі носяць свайго ворага. У адных ён меншы, у другіх большы; звычайна найнебесьпячнейшы ў моладзі. Хрысьціянства гэта добра зразумела і стварыла супроць яго глыбака прадуманыя абараняючыя сяродкі. Ня гэтымі сяродкамі, але «заражаючы» маладзёнаў ідэяй беларускага нацыянальнага адраджэньня Ластоўскі ратаваў іх і маральна. Мне здаралася сустракацца зь людзьмі, каторыя казалі, што калі-б Ластоўскі не прышчапіў ім беларускае ідэйнасьці ў іх школьным веку, дык яны ня толькі зьгінулі-б для свайго народу, але загінулі-б і маральна.
Трэба ведаць, што Ластоўскі ня быў даматур нат у менска-віленскім абсягу; ён нярэдка выяжджаў вонкі, маючы адмысловыя нацыянальна-адраджэнскія заданьні.
Няма што й казаць, што Ластоўскі браў дзейнае ўчасьце ў розным нацыянальным жыцьцю арганізацыйным.
Ластоўскі быў добрым публіцыстам. Ён друкаваў свае артыкулы ў «Нашай Шве» пад рознымі мянушкамі, галоўна пад мянушкаю Юры Верашчака і Власт (скарачэньне імені й прозьвішча). Памятаю, што ягоныя артыкулы адзначаліся гарачым тэмпэрамэнтам і часта нацыянальным абурэньнем.
У сваёй вуснай і пісьменнай нацыянальнай прапагандзе Ластоўскі розьніўся ад Антона Луцкевіча і іншых публіцыстаў-сацыялістаў, а таксама ад такіх, як Антон Лявіцкі (пісьменік Ядвігін Ш.), што мелі (гэтыя другія) мякка-шляхоцкі падыход да здэнацыяна -лізаванага беларускага панства. Гэтыя, як адны, так і другія, пісалі пра край ізь пяцьма нацыямі (беларусы, летувісы, жыды, палякі і расейцы) ды што польскія (запраўды спалячаныя) паны ў Беларусі маюць павіннасьць закладаць (прыватныя) беларускія школы. Такі спосаб прапаганды не даваў рэзультатаў у тых, да каго ён быў зьвернены. Панове, ведама, мелі павіннасьць закладаць беларускія школы, але яны яе не спаўнялі, і, пакуль заставаліся ў чужанацыянальным палоне, ня было надзеі, што споўняць, як ім гэта ні прыпамінай. А што да «пяцёх нацыяў», дык, калі браць край у яго палітычна-гістарычнай цэласьці, былі толькі тры народы — беларусы, летувісы й жыды; а калі абмежыцца аднэй этнаграфічнай Беларусяй, дык два — беларусы і жыды. Палякі й расейцы ў Беларусі — гэта спалячаныя або змаскаленыя беларусы, і, замест таго, каб адклікацца да іхнага маральна-людзкога абавязку, валей было вымагаць спаўненьня павіннасьці нацыянальнай. Гэтак Ластоўскі й рабіў. «Сплачвайце доўг!» — пісаў ён, зварочваючыся да здэнацыяналіза -ванага беларускага панства. Гэткі спосаб быў адзіна правільны. Пэўне, ён — прынамся, гэным часам — мала вырваў з чужое ідэялёгіі тых, што былі ў яе моцна ўгразьлі; затое ён ратаваў тых, што былі на дарозе да ўгразьненьня. Тым часам спосаб першы ня толькі разьмінаўся з праўдаю, але й быў небясьпечны з боку нацыянальнага: ён заглушаў, усоньваў сумленьне ў бязьдзейных, абыякавых або й проста зраднікаў, бо даволі ім уважаць сябе за небеларусаў, каб чуцца нявіннымі. Ластоўскі і падобныя да яго сваім шчырым просталінейным спосабам вельмі траплялі да перакананьня тым, што былі беспасярэдна з народу, асабліва моладзежы. Што дыкжэ Ластоўскі тарнаваў такі спосаб, выясьняецца тым, што ён сам быў беспасярэдна з народу.
Пасьля даўгога паняволеньня, уціску, зьдзекаў, нішчэньня, нярэдка фізычнага, сыстэматычнай прадуманай асыміляцыі ў нашага народу засталася толькі мова і — мінуласьць. Мала які народ устоіць без свае мовы, а каторы і ўстоіць, як жыды, дык імкнецца аднавіць сваю мову. А бяз мовы й мінуласьці — гістарычнае традыцыі ніводзін народ ня можа ўстояць, каб ня стацца пагноем іншым. Дзеля таго мова й гістарычная традыцыя — гэта найпатрабнейшыя і найдарожшыя скарбы народу. Гэта зразумеў Ластоўскі і парупіўся пра долю гэтых скарбаў. Ён студыюе гісторыю Беларусі ды піша й друкуе сваю «Кароткую Гісторыю Беларусі». Але студыюе, яе і ўсё, саматугам, не здабывае навуковае мэтоды. Дзеля таго, дарма што ён ведаў шмат гістарычных фактаў, «Кароткая Гісторыя Беларусі» ягоная слабшая за ўперад іншымі напісаныя, прыкладам, шмат слабшая за гісторыю Беларусі М. Даўнара-Запольскага, як з гледзішча навуковага, так і нацыянальнага. Ёсць вялікае выданьне «Живописная Россия», у трэцім, таксама вялікім томе яе ёсьць гісторыя Беларусі, надрукаваная ў дзьвюх асобных часьцях, адна часьць завецца «История судьбы Белорусского Полесья», другая — «История судьбы Литовского Полесья» ; абедзьве часьці адна адну дапаўняюць. Дзьве (а не адна) гісторыі Беларусі зьявіліся тут згодна із штучнымі расейскімі назовамі. (Расейцы, забіраючы Беларусь, Віцебшчыну й Магілеўшчыну назвалі «беларускай губэрняй», Меншчыны ніяк не назвалі, а за Віленшчынаю, Горадзеншчынаю разам з Ковеншчынаю пакінулі стары назоў задзіночанага гаспадарства беларускага — Літва.) Абедзьве менаваныя часьці гісторыі Беларусі напісаў Адам Кіркор, беларускі пан ізь Сьлівіна ў Магілеўшчыне, вельмі плодны аўтар. Хіба дзеля таго, што гісторыя Беларусі Кіркорава была нейкай ды багатай фактамі цэласьцяй, чаго не ставала іншым асобным гістарычным апрацаваньням, яе браў за зразу (пробку) Ластоўскі і ёю, відаць, найболей карыстаўся.
Але дарма што «Кароткая Гісторыя Беларусі» Ластоўскага, з прычыны нястачы навуковае прыгатовы ў яе аўтара, слабшая за папярэднія, яна зрабіла за іх шмат болей. Прычыны гэтага былі, што яна напісана па-беларуску, што ўжывала, хоць і толькі што неабдумана пашыраны, але ўжо зразумелы інтэлігенцыі назоў «Беларусь», «беларускі», а не якісь «западнорусский» і пад., што мела гатовых сваіх чытачоў і пашыральнікаў, якімі былі беларускія адраджэнцы,— адным чынам дзеля таго, што гэта было выданьне беларускага руху і дзеля гэтага руху.
Заняўся Ластоўскі і беларускай моваю. Сярод нашых людзёў ёсьць часта хвальшывае перакананьне, што беларусу беларуская моваведа ёсьць навукаю найлягчэйшай,— бо што-ж, і так беларус умее па-беларуску. А тым часам гэта ня так. I гэта бачым таксама з прыкладу Ластоўскага. Дарма што ён надта рупіўся пра родную мову, мог заняцца толькі слоўнікам ды, выдаўшы слоўнік, запраўды папсаваў багаты матар'ял. Ягоны слоўнік ані навуковы, ані практычны, ані матар'ял да аднаго або другога. I такім ён застанецца, пакуль ягоны зьмест ня будзе правеяны і ня будзе адлучанае зярнё ад мякіны, бо Ластоўскі памяшаў прыродныя словы беларускія із словамі, ім самым робленымі або някрытычна запісанымі й выпісанымі. Карыстацца такім слоўнікам трэба вельмі асьцярожна, а ня спэцыялістаму валей і зусім не карыстацца. Шкоднасьць такога карыстаньня адбіваецца на вершах Сяднёва. Але рупнасьць Ластоўскага пра родную мову заслугоўвае найбольшай пашаны. Каб сучасныя нам беларускія студэнты мелі хоць часьць такое рупнасьці, а зь ёй і беларускай мове не пагражала-б вялікая небясьпечнасьць.
Зь менаванага бачым, што Ластоўскі браў справы глыбака, з карэньня. Дзеля таго-ж ён стараўся аднавіць і пашырыць наш стары, праўдзівы нацыянальны назоў «Крывічы».
Ластоўскі й пісьменнік. Ён пісаў апавяданьні ды вельмі ўмела й хораша апрацоўваў легенды, што лучылася зь ягонымі гістарычнымі зацікаўленьнямі. Ён і этнограф, але тут такі, які і гісторык. Знаўся ён на памятках старога беларускага й чужога мастацтва, хоць і далёка быў у гэтым знацьцю ад Івана Луцкевіча. Наапошку трэба адцеміць, што ён заўсёды быў і палітык.
Хто мог спадзявацца ад самавука такога шырокага кругазору, вялікіх веданьняў, такое ўсебаковае дзейнасьці? Ён вялікі ў сваіх імкненьнях, у любові свайго народу і ў працы для яго. З прычыны паднявольнага палажэньня нашага народу Ластоўскі ня меў навуковае прыгатовы. Каб яе меў, дык быў-бы вялікім гісторыкам, у тым ліку гісторыкам мастацтва, а мо й моваведам, а напэўна добрым этнографам.
Наш край — гэта край вялікіх людзёў. Летувісы, што прысабечваюць сабе нашу гісторыю, гэта адзначаюць навет у сваім нацыянальным гымне. А калі-б ня нашая нацыянальная няволя, дык вялікіх людзёў у нас было-б шмат разоў болей і працавалі-б яны не на чужых, а свае таленты аддавалі-б свайму народу.
«Бацькаўшчына», 6 сьнежня 1953 г.
