|
ЯЗЭП МЕНСКІ 1
ЯЗЭП ЛЁСІК
Заўсёды мы да яго зварачаліся — «дзядзька Лёсік!», у савецкія часы, нават напярэдадні памятных трыццатых гадоў. Ня важыліся казаць — «таварыш Лёсік». Да яго гэта так не пасавала, было страшэнна чужым, нават зьняважлівым. А не паважаць Лёсіка нельга было.
Кажуць, Лёсік хадзіў у кажушку. Мабыць, гэта памылка памяці. Лёсік заўсёды быў адменным ад іншых, нават што да вопраткі. Ці ня самая характэрная рыса якраз і была ў тым, што ён ніколі не выглядаў «модным правінцыялам», што ў яго ніколі ня было нічога дэкаратыўнага, гэтай падробкі пад жыцьцё. У яго ня было вонкавага, «кажушковага» паказу беларускасьці. Яна станавіла ягоны духовы сьвет, ягоны інтэлект, была ў ягонай шматгадовай працы чалавека, які прайшоў мо найцяжэйшую школу змагара за нацыянальную справу.
Калі й гаварыць пра нейкую дэманстрацыйнасьць у дачыненьні да Лёсіка, дык у яго гэта выяўлялася хіба ў ягонай эўрапэйскасьці што да вонкавага выгляду. Якраз гэта й кідалася ў вочы ў тую пару «рэвалюцыйнай ломкі старога быту» і абыякавасьці да вонкавых «драбніцаў».
У менскім кінатэатры «Чырвоная Зорка» паказвалі (тады яшчэ дазвалялася) цудоўны нямецкі фільм «Нібэлюнгі». Па лекцыях мы сьпяшаліся засьпець першы сэанс. За кварталы два перад намі гойдалася чалавечая постаць, прастуючы ўніз па Савецкай вуліцы.
«А ці адгадаеце, хлопцы, хто гэта гушкаецца сьпераду?» — жартам запытаўся адзін з нас. Студэнты адразу заўважылі. Зірнуўшы яшчэ раз, раптам адказалі: «Хто-ж іншы — Лёсік».
У густым вулічным натоўпе Лёсіка заўсёды можна было пазнаць. У часе хады ягоная высокая постаць здавалася яшчэ большай. Ён ступаў, нібы прападымаючыся на пальцы, і ад гэтага стваралася ўражаньне сваеасаблівага гойданьня, Крок ягоны быў шырокі, і ў хадзе ўся постаць неяк нахілялася наперад. Але ён ніколі не пазіраў пад ногі, а неяк паўз натоўп, паўз чалавечыя галовы.
Пры першым знаёмстве Лёсік адразу рабіў уражаньне чалавека моцнай волі і глыбокіх перакананьняў, міжвольна прымушаў паважаць сябе. Выхаванцы бальшавіцкай прававернасьці — студэнты-камсамольцы трымаліся здалёк ад Лёсіка. Яны яго ня любілі, бачылі ў ім свайго Ідэйнага ворага, але напачатку не адважваліся на панібрацкае павучаньне.
Затое Лёсік быў вельмі гаваркім, па-сяброўску шчырым чалавекам зь іншымі студэнтамі, a ix была тады бальшыня. Шчырасьць, любасьць да блізкага чалавека мо найлепш выражала ягоная скупая ўсьмешка. У такія часіны гэтак сардэчна, цёпла пазіралі ягоныя вочы й таксама ўсьміхаліся.
Лёсік ніколі не спэкуляваў на палітыцы і таму сваіх думак не хаваў, а калі трэ было, дык проста абцінаў няпрошанага апаяэнта. Прыгадваецца адзін выпадак з унівэрсытэту. Адчыніўшы дзьверы ў аўдыторыю, Лёсік пастараніўся і даў прайсьці двум студэнтам. Ён ня любіў, каб бразгалі дзьвярмі, калі пачне чытаць лекцыю. Гэным разам была лекцыя пра асаблівасьці беларускай мовы. Адна камсамолка ў форме пытаньня вельмі асьцярожна заўважыла лектару, што ён нібы замала аддаў увагі правядзеньню падабенства паміж беларускай і расейскай мовамі. Лёсік зірнуў на сваю апанэнтку, зьняў акуляры, працёр іх насаткай ды, акцэнтуючы, павольна, з агенчыкам у вачох сказаў: «Не падабенствы розныя, а якасьці, рысы апрычоныя твораць мову. Мы й вывучаем не падабенствы, а самперш беларускую мову. Жывём-жа мы на Беларусі, а не на нейкім Марсе». Сканфужаная камсамолка дыскутаваць не адважылася, бо лектар адказаў з гэнай уласьцівай адно яму сілай і іроніяй,
Мінула 18 гадоў, як апошні раз давялося бачыць Лёсіка ў Менску. Ён выходзіў з пошты. Гэта было на выгнаньні, калі ён завітаў хоць зірнуць на сваю родную Беларусь, якой ён аддаў сваё гарачае сэрца.
А першы раз я Лёсіка ўбачыў на трыбуне. Ён стаяў у вечаровым сьвятле і прамаўляў да сваіх вучняў-настаўнікаў. Ды як прамаўляў! Мінуў 31 год, а калі замкнеш вочы, дык расступаецца доўгая чара да гадоў з добрым і благім часам ды як жывое, як цяпершчына паўстае тое даўнае.
Быў выпуск вышэйшых курсаў беларусазнаўства. Вялізарная заля менскага дому працаўнікоў асьветы гаманіла маладымі галасамі. Разгарнулася заслона... Да трыбуны падыйшоў Лёсік. Мы выпадкам трапілі на тэкст тае ягонае прамовы. Падаем яе ўсю, бо яна гучыць, нібы была сказанай сяньня і сярод нас, выгнаньнікаў, і сярод нашых суродзічаў на Бацькаўшчыне. Разьвітальнае слова было натхненным заклікам да самаахвярнае працы для Беларусі:
«Вы ўжо ня тыя, што былі, бо пакаштавалі плоду з таго дрэва, што называецца беларускай справай, беларускім адраджэньнем. Вы былі ўведзеныя ў сьвятое сьвятых беларускай справы, і адчыніліся вам вочы вашыя, і пазналі вы таямніцы ўваскрошаньня айчыны нашай, Маці-Беларусі... Вашы сьвечкі запаленыя, і вы становіцеся апосталамі беларускае справы. Цяпер, як ясныя зоркі, разыйдзецеся вы па Беларусі, каб панесьці за сабою вялікую радасьць уваскрошаньня Беларусь Вы скажаце народу беларускаму, што айчына яго ўваскрэсла, што ўжо разьбіта дамавіна яго і далёка адкінуты камень ад гробу яго. Вы скажаце яму, што Беларусь жыла, жыве і жыць будзе і што недалёка ўжо «абяцаная зямля» яе. А калі знойдзецца Хама няверны, што усумніцца ў праўдзе слоў вашых, дык скажэце яму, што вы самі бачылі яе, сваю Маці-Беларусь, і укладалі пальцы свае у раны яе. А калі й гэта не паможа, то адыйдзецеся ад яго прэч, а пасьпяшайце туды, дзе ждуць вас, дзе слова ваша ня будзе голасам, гукаючым у пушчы. Але бойцеся, каб не пагасла сьвечка ваша, бо ня раз бура захопіць вас у дарозе і не адну навальніцу давядзецца перажыць вам у часе свае падарожы. Пільнуйце й бойцеся, каб не пагасла сьвечка замілаваньня вашага да свае многапакутнае Маці-Беларусі.
Пільна сачэце за сабою і не забывайце падліваць алею ў сьвяцільні вашы, каб было з чым сустрэць яе, сваю Белую Русь, калі яна прыйдзе судзіць нас ува ўсёй славе сваёй!»
А калі настаўнік скончыў прамаўляць да сваіх вучняў, дык здалося, заля расступілася ды ўся Беларусь сыйшлася на магутны покліч вечавога звону. Воплескі адбіваліся хвалямі ад сьценаў будынку, вырываліся на вуліцы ды разам зь імі воклічы, як нацыянальная прысяга гатовасьці зьдзейсьніць наказ-заклік.
Ад імя выпускнікоў Лёсіку адказваў тады яшчэ юнак, а праз колькі гадоў ведамы паэт. Абодва яны — настаўнік і паэт, ягоны вучань — праз 8 гадоў сустрэнуцца ў менскім падвале НКВД. Адсюль іх выправяць за нацыянальную справу, як і даўней, у царскія часы, на выгнаньне з Бацькаўшчыны з найстрашнейшым бальшавіцкім выпаленым кляймом «ворагаў народу». Для Лёсіка гэта было ўжо другое й апошняе выгнаньне.
Лёсік быў выдатным нацыянальным дзеячом, самым папулярным і заслужаным на Беларусі настаўнікам-моваведам, пісьменікам. Ён, як і бальшыня нашых дзеячоў, выйшаў зь вёскі. Нарадзіўся Лёсік у Мікалаўшчыне ля Стоўпцаў 6 лістапада 1894 году. Ён даводзіўся дзядзькам Якубу Коласу, хоць і быў на два гады маладзейшым за яго. Скончыў Маладэчанскую настаўніцкую сэмінарыю. Тады гэткіх сэмінарыяў было аж колькі на Беларусі, але ўсе яны нічым ня розьніліся адна ад аднае, мелі адну і тую-ж мэту: зрабіць будучых настаўнікаў паслухмянымі паслугачамі царызму ды адданымі вялікадзяржаўнымі расейскімі патрыётамі. Вось што піша ў сваім літаратурна-біяграфічным нарысе пра Я. Коласа Ул. Дзяржынскі пра выхаваньне вучняў у Нясьвіскай сэмінарыі, дзе навучаўся Колас:
«Для прышчапленьня расейскага вялікадзяржаўнага патрыятызму служылі бадай усе... прадметы і ўся цалкам выхаваўчая сыстэма сэмінарыі; расейская мова адыгрывала ў гэтым сэнсе першую ролю. Лекцыі яе мелі сваім асноўным заданьнем перш за ўсё выклікаць у вучняў агіду да беларускае роднае мовы, наогул да ўсяго мясцовага, беларускага і захапленьне да рускае мовы, культуры, нацыі і г. д. Для гэтай мэты пэдагагічным пэрсаналам была выпрацаваная цэлая сыстэма... прыёмаў дэнацыяналізацыі беларускага студэнцтва. Складаліся, напрыклад, цэлыя слоўнікі беларускіх слоў, непадобных да рускіх, і вучні вывучалі гэтыя словы ў альфабэтычным парадку на памяць. За ўжытае ў пісьмовых працах беларускае слова вучань атрымліваў найніжэйшы бал.
Пры сэмінарыі была вучнёўская бібліятэка, у якой падбор кніжак быў вельмі тэндэнцыйным... а газэты проста не дапушчаліся ў сьцены сэмінарыі».
Усялякімі спосабамі ўлады намагаліся ўсьцерагчы сэмінарыстаў ад вальнадумства, таму ў бібліятэках ня было твораў Талстога, а іншых клясыкаў чытаць «не асабліва рэкамэндавалася». Адгароджваючы сэмінарыстаў ад жыцьця, ім, як калісьці пісаў Колас (сяньня гэтага нельга пісаць там), «дзяўблі на кожным кроку, як апякуецца царскі ўрад, царскае начальства і сам цар аб народзе, як гэты народ любіць свайго бацьку цара, як ён заўсёды знаходзіць у яго ласку й міласьць».
Але пры першым сутыку з жыцьцём ад усяе гэтае чмуры не заставалася й сьледу. Само жыцьцё давала праўдзівую асьвету ды скіроўвала чалавека на іншы шлях. Сэмінарскія ілюзіі зьнікалі, нібы памыйныя бурбалкі, і чаканыя «абаронцы» нямінуча ператвараліся ў зацятых ворагаў расейскага самаўладзтва. Няўмольная лёгіка жыцьця вяла на шлях нацыянальна-вызвольнага змаганьня. Сярод гэтых людзей малады Лёсік адразу займае адно зь першых месцаў.
Лёсік бярэ ўдзел у нелегальным настаўніцкім зьезьдзе, які адбываецца ўлетку 1906 году ў Вільні ў памешканьні пры летувіскім касьцеле сьв. Мікалая. I ўжо будучы перасьледваным паліцыяй, ён становіцца адным з галоўных ініцыятараў другога настаўніцкага зьезду ў Мікалаўшчыне, які адбыўся неўзабаве па віленскім у ліпені 1906 году. Мэтаю абодвух зьездаў было стварэньне ўсебеларускага настаўніцкага саюзу, каб аб'яднаць настаўніцкія сілы на змаганьне з царызмам. Тым больш гэта было важным, што пасьля прыдушэньня рэвалюцыі 1905 году над усім краем навісла ноч рэакцыі. Пасьля зьезду Лёсік аж да 1908 году жыве на нелегальным становішчы, за ім няўпынна ганяецца царская ахранка. У 1908 годзе Лёсік атрымаў найцяжэйшую кару — дажывотную высылку на Сібір.
У Сібіры Лёсік сустракаецца з другім катаржанінам-беларусам, паэтам Алесем Гаруном. Абодва яны былі ў далёкім выгнаньні аж да лютаўскай рэвалюцыі 1917 году. I Лёсік і Гарун адразу едуць у Менск, каб улучыцца ў змаганьне за незалежную Беларусь. У гэтым змаганьні Лёсік адыграў асаблівую ролю, і нездарма бальшавікі пазьней не маглі гэтага дараваць Лёсіку. Ён бярэ ўдзел у беларускіх зьездах, зьяўляецца адным з тварцоў Акту 25 сакавіка. Ад лета 1918-га да 1920 году быў старшынём Рады БНР.
Асаблівае значэньне ў гуртаваньні й задзіночаньні нацыянальных незалежніцкіх сілаў мела газэта «Вольная Беларусь», якую на працягу ўсяго часу рэдагаваў Лёсік ды ў якой супрацоўнічалі ведамыя нацыянальныя дзеячы. Ужо сам назоў газэты вызначаў ейную ідэйную лінію — змаганьне за незалежную Беларусь. Вось чаму бальшавікі й назвалі газэту «баявым органам беларускай контррэвалюцыі».
Запраўднае знаёмства беларусаў з бальшавікамі было ў часе разгону імі 1-га Ўсебеларускага Кангрэсу. У сваёй газэце Лёсік пісаў, што тады расейскія «бальшавікі... абыходзіліся зь мянчанамі, як татары пры наезьдзе Батыя».
У той час ня было суджана поўнасьцю зьдзейсьніцца нашым нацыянальным ідэялам. Але бальшавікі былі вымушаныя лічыцца з нацыянальнымі патрабаваньнямі беларускага народу. Якраз пад напорам гэтых патрабаваньняў яны былі вымушаныя адмовіцца ад струхлелай ад часу царскай намэнклятуры «Северозападный край» (бальшавікі тады называлі Беларусь Заходняй вобласьцяй) ды абвесьціць БССР. Памылкова думаць, што бальшавікі з добрай волі самі абвесьцілі БССР. Беларусы ў іх вырвалі беларускую рэспубліку, няхай хоць і савецкую. Ня было-б абвешчаньня БНР — ня было-б і БССР. Гэткім-жа шляхам паўсталі і іншыя саюзныя ды аўтаномныя рэспублікі, безь якіх было-б шмат лягчэй упраўляцца ў «аднароднай»,— як гэта цьвердзяць нават цяперашнія расейскія эмігранты,— савецкай імпэрыі.
Жывучы ў БССР, Лёсік цалкам аддаецца навуковай і настаўніцкай працы. Ён працуе ў тэрміналягічнай камісыі Наркамасьветы, пасьля ў Інстытуце Беларускай Культуры і, нарэшце, у Беларускай Акадэміі Навук. Чытае лекцыі беларускай мовы на настаўніцкіх курсах, у пэдагагічным тэхнікуме, які быў запраўднай кузьняй нацыянальных кадраў, і ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Таксама бярэ ўдзел у ведамай Акадэмічнай канфэрэнцыі. За колькі гадоў Лёсік напісаў ці мала падручнікаў беларускай мовы для розных школаў. Усе сілы аддаваў чалавек для асьветы свайго народу.
Калі ў дачыненьні да некаторых беларускіх дзеячоў можна гаварыць у некаторай ступені пра часовае «прымірэньне» з бальшавікамі, дык у дачыненьні да Лёсіка гэтага сказаць ніяк нельга. Таму й ішоў чалавек праз жыцьцё пад нясьціханым варожым абстрэлам. Але ніколі ня падаў, не скараўся, ня ўгінаўся перад ворагам. Нават арыштамі ня прымусілі вырачыся сваіх паглядаў. А Лёсіка ў часы ЧК, як там кажуць, забіралі вельмі часта. Мянчане ці адзін раз бачылі, як Лёсік, калі ўжо здавалася, што па ім і сьлед прастыў, варочаўся з ЧК дахаты, нясучы ў руках заўсёды адзін і той-жа куфэрак, які, мабыць, у яго й быў для «адмысловага прызначэньня».
У 1922 годзе выходзіць ягоная першая «Практычная Граматыка» ў выданьні Наркамасьветы. Газэта «Зьвязда», якая тады друкавалася ў расейскай мове, варожа сустрэла беларускую кніжку. Рэцэнзэнт пра Лёсікаву граматыку пісаў: « Так пад маркай каапэрацыйнага выдавецтва і нявінным назовам «Практычная Граматыка» вядзецца контррэвалюцыйная прапаганда».
Гэтак ужо ад самага пачатку складаліся дачыненьні паміж Лёсікам і бальшавікамі ў афіцыйнай іхнай савецкай дзяржаве. Бальшавікі ўжо адразу патрабавалі гымнаў на свой гонар. Але ня віна беларускіх дзеячоў, што гэтыя гымны не сьпяваліся. Гэта-ж было яшчэ зусім нядаўна, гэтак сьвежа трымалася ў памяці, як расейскія бальшавікі пры дапамозе штрыхоў наводзілі свае парадкі ў беларускіх справах і гэтым распаласавалі ўсялякую гымнавую магчымасьць. Было-б зрадай, каб гэткія гымны сьпявалі тварцы Сакавіковага Акту. Для Лёсіка ідэя нацыянальна-незалежніцкая была вызначальнай на увесь час ягонай дзейнасьці, ягоных жыцьцёвых паводзінаў.
Мы разумеем, што бальшавіком не да густу была Лёсікава граматыка, асабліва прыклады да розных граматычных правілаў. Пра Беларусь у савецкіх умовах гэтак добра гаварыў Лёсікаў прыклад: «Апанавалі чэрці месца сьвятое». У прыкладах гэтак ярка раскрывалася ўсё ўбоства тагачаснай бальшавіцкай запраўднасьці ды сьцьвярджалася канечнасьць, няўхільнасьць перамогі нацыянальнага, што «будзе кірмаш і на нашай вуліцы», а таму «браты, хай кажны пасыіяшае, адно нам думаць і рабіць». Гэта ўжо гучэла як заклік да гуртаваньня нацыянальных сілаў ды ўпэўненасьці, што ўжыцьцёвяцца спадзяваньні.
А вось яшчэ адзін характэрны прыклад.
У 1921-1922 годзе Лёсік чытаў беларускую мову на менскіх настаўніцкіх курсах. Дзеля нацыянальнага ўзгадаваньня маладых настаўнікаў шырака практыкаваліся пісьмовыя працы. Аднойчы пісалі на тэму — «Як я пазнаў сябе беларусам». У сувязі з гэтай пісьмовай працай Лёсік друкуе ў часапісе «Вольны Сьцяг» артыкул, які ўжо набывае ня прыватнае, а агульнанацыянальнае значэньне. Лёсік найперш зварачаецца да ўсіх беларусаў, над якімі яшчэ вісіць праклён стагодзьдзяў, каб яны як мага хутчэй вызваліліся ад гэтага нацыянальнага грэхападзеньня ды сталі на шлях нацыянальнага змаганьня.
Лёсік пісаў: «Мы падобны да таго жыдоўства, што вывеў Майсей зь зямлі эгіпецкай... А ці ня чуем мы цяпер, як з усіх бакоў кажуць: «Нашто нам тая Беларусь? Нашто нам кідаць тое, да чаго мы прывыклі? Мы тут маем свае хаты, сталы прыпынак, а там — барацьба, змаганьне, сьмех і зьдзекі, фараоны з войскам на калясьніцах і цёмная няведамая будучыня!..» Але, слухаючы гэта, мацней сьціскаецца посах у руках і мацней адчуваецца прыродная няўхільнасьць. Ісход пачаўся, і ён ня спыніцца, а вывядзе туды, куды клічуць нас нашыя нацыянальныя прарокі...»
Гэтак навучаць і пісаць мог адно Лёсік, і гэтую сваю нязрушную веру ды гарачы тэмпэрамэнт ён укладаў у душы сваіх выхаванцаў.
Лёсік быў патрабавальным настаўнікам і разам па-бацькаўску цёплым, блізкім чалавекам да сваіх выхаванцаў. Мова ў ягоным выкладаньні ператваралася з сухіх абстрактных граматычных катэгорыяў у жывы нацыянальны арганізм. Таму ягоныя лекцыі заўсёды пакідалі нязгладны сьлед у памяці, былі незаступным сродкам нацыянальнага ўзгадаваньня.
Лёсік бываў надзвычай задаволеным, калі ягоны вучань ці студэнт адказваў цьвёрда, разважна. У гэткія часіны настаўнік прахаджаўся па аўдыторыі, пазіраў з боку ды ўсьміхаўся сваёй скупой і разам поўнай усьмешкай. А калі адказ быў блытаны, тады ён раптам запыняўся, як заўсёды, калі хваляваўся, скідаў акуляры і, жэстыкулюючы сваімі шырокімі далонямі, пытаў:
— Што-ж вы сабе думаеце? Дык як-жа гэта? З чым-жа вы пойдзецё да нашых дзяцей, чаго вы іх навучаць будзеце?
I гэта дапамагала. Міжвольна кажны студэнт уважаў за свой найпершы абавязак не дакучаць Лёсіку благімі адказамі.
Лёсік, мабыць, быў найбольш папулярным, найбольш ведамым чалавекам на Беларусі. Зь ім, яшчэ ня бачыўшы яго ў вочы, ужо зналіся вучні розных школаў. Зь ім, нават мо ніколі ня сустракаўшыся, зналіся ўсе выкладчыкі мовы. Лёсіка нават ведалі і людзі няшкольнага веку, якія ў часы «беларусізацыі» мусілі вывучаць беларускую мову па Лёсікавых падручніках. А колькі моладзі навучалася ў самога Лёсіка, пачынаючы ад розных курсаў і канчаючы ўнівэрсытэтам!
Мове Лёсік надаваў асаблівае значэньне. Для яго мова была наймагутнейшым дзейнікам згуртаваньня народу ў сцэмэнтаваную нацыю, г. зн. вялізманым сродкам нацыянальнага ўзгадаваньня народу.
У 1918 годзе ў «Вольнай Беларусі» Лёсік пісаў: «Народ трэба навучыць, яму трэба паказаць, што пакуль не запануе ў краі яго наша родная мова, беларуская мова, да таго часу ён будзе бедны, цёмны й галодны». Жывучы ў БССР, у 1921 годзе Лёсік сьцьвярджаў: «Для нас мова становіць усё: нашу палітыку, эканоміку, наш грамадзкі лад жыцьця».
Такім чынам, значэньне нашае мовы ўздымаў на вышыню ролі й заданьня дзяржаўнага, бо яна найлепшы сьведка незалежнасьці самой дзяржаўнасьці. Гэтак змаганьне за мову ператваралася ў змаганьне за нацыю, за ейную чысьціню й незалежнасьць, гэтак мова ператваралася ў палітыку, у дзяржаўнасьць. Ня выпадкам і бальшавікі ў часе пагрому ці не галоўны свой удар скіравалі якраз сюды, супраць нашай нацыянальнай мовазнаўчай практыкі, а значыць, і супраць Лёсіка.
Аж да 1930 году Лёсік працаваў у Менску. Але праз увесь час, нават тады, калі ў Менску былі засяродкаваныя вышэйшыя навуковыя й навучальныя ўстановы, калі з кажным днём нацыянальная справа, пераадольваючы афіцыйныя перашкоды, набывала размаху, нават тады Лёсіка не пакідала думка пра Вільню. Лёсік быў закаханы да Вільні, называў яе калыскай беларускасьці, яна была для яго ўвасабленьнем нашых дзяржаўных і культурна -нацыянальных, гістарычных традыцыяў, якія вядуць нас у нашую слаўную мінуўшчыну Вялікага Літоўскага Княства. Гэтае значэньне Вільні добра разумелі й валадары чырвонага Крамля, для якіх не асабліва па нутру нашыя дзяржаўныя традыцыі. I вось, каб усьмерціць гэтыя традыцыі, каб адабраць іх ад нас, яны, няпрошаныя «зьбіральнікі беларускіх земляў», перадалі гістарычна беларускую Вільню іншаму народу, каб перакупіць яго на свой бок. «Прыгадваецца, як у той час для наданьня Вільні іншага «нацыянальнага калярыту», пачалі звозіць у сьпешным парадку з усяго краю летувісаў для дэманстрацыі адпаведнага «нацыянальнага дэ факто».
Улетку 1930 году разам з «шырокім сацыялістычным наступам на ўсім фронце» пачаліся арышты ў БССР, пачалася расправа маскоўскіх сталінцаў над беларускім нацыянальным рухам. Арыштавалі тады й Лёсіка.
Пазьней былі дайшлі чуткі, што ў часе асатанелай яжоўшчыны Лёсіка ўжо на выгнаньні зноў кінулі ў падвал НКВД. У адцятым ад сьвету падзямельлі сталінскія апрычнікі закатавалі Лёсіка.
Аднойчы выклікалі ў НКВД ягоную жонку Ванду Лявіцкую. Яна была ўлюбёнай дачкой беларускага пісьменьніка Ядвігіна Ш. У НКВД Вандзе Лёсік сказалі, што ейны муж памёр, і перадалі ёй ягоную вопратку. Гэтак бальшавікі абарвалі жыцьцё аднаго з выдатнейшых нашых нацыянальных дзеячоў.
Лёсіка дала Беларусі беларуская вёска, тая вёска, якая праз стагодзьдзі польскай і расейскай дэнацыяналізатарскай палітыкі пранесла ў сваёй вытрываласьці чысьціню нашае нацыянальнае апрычонасьці. Здавалася, што ў асобе Лёсіка нібы скандэнсаваліся нязрушнасьць і вытрываласьць, наважанасьць цэлага народу дайсьці да свае нацыянальнае мэты. Лёсік да Беларусі ішоў не праз кніжку. Ён сам нёс нашую Беларусь усюды, куды яго кон ні кідаў. З гэтага гледзішча ягоныя жыцьцёвыя паводзіны мо як ні ў кога іншага, ад пачатку й да канца былі падпарадкаваныя адзінай мэце, да якой праставаў чалавек праз усё свае жыцьцё і якой аддаў сваё жыцьцё.
Праз увесь час Лёсік ні разу не зрабіў рэвэрансу ў бок бальшавікоў. Не ў ягонай натуры было гуляць у флірт, нават у палітычны флірт. Ён ішоў раз вызначаным шляхам і ні разу ні на часіну ня збочыў ад абранай ім мэты, нават калі ішоў пад галасьлівым варожым крыкам. Таму бальшавікі нікога так не ненавідзелі, як Лёсіка (ды яшчэ хіба Ластоўскага), адно імя якога кідала іх у шалёную гарачку.
Вось гэткім нацыянальна нязломным, гранічна чыстым, зь няўломнай воляю й застаўся гэты чалавек у нашай памяці.
«Бацькаўшчына», 8 лютага 1953 г.
