|
ПЕТРА СЫЧ
ЗАМОЎКЛА ЛІРА
Як буйныя сьлёзы, капаюць чырвоныя й белыя туліпаны ў адкрытую магілу... Бясслоўна праходзяць над магілкай людзі, і з рук іх на труну капаюць туліпаны, а з вачэй — пэрлы-сьлёзы. Пасьля страсаючы сэрца грукат зямлі, сыпанай на века дамавіны, і сумныя тоны надгробнай песьні. Маленькі копчык зямлі, а на ім аграмадны бела-чырвоны курган вянкоў і кветак ад сваіх і чужынцаў... Пасьля аб алавянае скляпеньне чужога неба адбіваюцца стройныя тоны беларускай песьні «Сьпі пад курганам гэрояў!..».
Ці гэта ўсё, што асталося на зямлі пасьля Міколы Равенскага?..
Моўчкі расходзяцца людзі і расьцярушваюцца ў шэрых калідорах вуліц, але кожны ў сэрцы носіць сьветлую памяць аб адыйшоўшым. Кожны з нас думае, верыць і кажа, што ён не памёр, што толькі адыйшоў адпачыць пасьля доўгай, упорыстай і сумленна выкананай працы, але будзе жыць так доўга, як доўга будуць на сьвеце беларусы, а зь імі родная песьня.
...Агонь разгрызе малюнкі падзеяў, Скарбы разграбяць з аружжам зладзеі, А песьня ня зьгіне...
Кажны, хто калі-колечы сустрэўся з прафэсарам Равенскім, ня мог не палюбіць, не захапіцца ім як чалавекам — добрым, ціхім, вялікім у сваёй скромнасьці.
Кажны, хто мае ў душы пачуцьцё прыгаства, адчуў і перажыў чар ягонай натхнёнай паэзіі, заклятай ім у стройныя акорды. У кажнай душы яна знаходзіла і знойдзе моцны рэзананс.
Пераглядаю паперы на ягоным стале. На лістку календара, побач запісаных тэмаў да песьняў, бачу зробленая ягонай рукой, вечна нясьведама, у творчым задумленьні — рысункавая кампазыцыя; па-мастацку нарысаваная альфа і амэга, а пасярод слова — «Беларусь». Так! Яна была ягонай альфай і амэгай, пачаткам і канцом. Ейнай культуры ён аддаў сваё працавітае жыцьцё.
Каханыя ім і ў ім раскаханыя студэнты — кажны сказаў, што хацеў-бы так пражыць жыцьцё і так, з гэтакім пачуцьцём добра споўненага абавязку, памерці.
Але гэты ціхі, скромны, добраахвотны і чулы мастак змог быць зялезна цьвёрдым, непахісным перад моцнымі гэтага сьвету і перасьледваньнем лесу. Не апаганіў сваёй ліры гымнам у чэсьць крывавага сатрапа, а будучы змушаным да гэтага — перастаў тварыць. Жыў і тварыў для Беларусі, беларускага народу, прыгаства — таму і песьня яго асталася арліна-свабодная, крыштальна чыстая, вечна маладая.
Калі гром вайны зьнішчыў ягоны дом, а ў ім найлепшыя творы — плён доўгагадовай працы,— Равенскі не заламаўся, але зь цярплівасьцю рупнай мурашкі пачаў будаваць нанава.
За усе свае бясцэнныя вартасьці цешыўся заслужанай любоўю і пашанай ня толькі сярод сваіх, але і выдатных чужынцаў, аб чым сьведчаць іх прысутнасьць на паховінах, вянкі і словы спачуваньня Беларусам у гарадох Бэльгіі. Добрым лёсам пасланы, хоць неакрэдытаваны амбасадар Беларусі на чужыне, выдатна прыслужыўся беларускай справе.
Над магілай паэта разьвіваецца ягоная песьня «Сьпі пад курганам гэрояў...». Нат цераз жалобныя тоны прабіваюцца акорды трыўмфу, вера ў будучыя перамогі — рапсодыя несьмяротнасьці.
Сьпі пад курганам, Гэрой, ціхай, але вялікай і плённай працы, Беларускі Баян, Божы жаваранак! А мы песьні Твае панясём пад родныя стрэхі, каб жылі там вечна і ажыўлялі...
Бо «песьня не загіне»...
12.3.1953
«Бацькаўшчына», 25 сакавіка 1953 г.
