|
АЛЕСЬ КАРПОВІЧ
ПАМЯЦІ МІКОЛЫ РАВЕНСКАГА
Памёр 9 сакавіка 1953 году
й пахаваны ў Лювэне 12 сакавіка 1953 году.
Памёр Мікола Равенскі... Для мяне гэта страта ня толькі выдатнага кампазытара, тэарэтыка і хормайстра, але і дарагога й блізкага мне чалавека, зь якім мяне зьвязвала шматгадовае цеснае сяброўства. Яшчэ ў Менскай кансэрваторыі працавалі мы разам зь ім, дзе ён выкладаў музычна-тэарэтычныя дысцыпліны.
Заўсёды шчыры, лагодны й сардэчны, гатовы кажнаму дапамагчы, ён вельмі спада баўся мне і глыбокую пашану выклікаў сваёй самаахвярнай адданасьцю роднаму музычнаму мастацтву, беларускай народнай песьні. Ён браў удзел у этнаграфічных экспэдыцыях, няўтомна зьбіраў усюды ўзоры фальклёру, вывучаў, па-мастацку апрацоўваў і выкарыстоўваў іх у сваёй уласнай творчасьці. Праца над народнай песьняю вызначыла ягоны творчы шлях, дапамагла яму ўнікнуць бязмэтных блуджэньняў у мадэрных мастацкіх плынях, зрабіла зь яго запраўднага беларускага кампазытара, ня толькі па імені, але і па ўсяму зьместу ягонай музыкі.
Кампазытар цьвёрда трымаўся сваіх творчых перакананьняў, нягледзячы на тое, што яны далёка адыходзілі ад «генэральнай лініі», якую праводзіў Саюз савецкіх кампазытараў Беларусі. Мала спрыяла творчай папулярнасьці Равенскага і супрацоўніцтва яго з паэтам-узвышэнцам Ул. Дубоўкам (шэраг хораў, рамансаў, опэра «Браніслава»), які быў у 1930 г. арыштаваны НКВД і высланы.
«Нядрэмнае вока» пільна сачыла і за кампазытарам, ён мусіў сыстэматычна мэльдавацца ў адпаведнай установе, і вельмі магчыма, што лес шмат каго з прадстаўнікоў нашай інтэлігенцыі стаўся-б і ягоным лесам, каб ня выбухнула вайна.
У часе нямецкай акупацыі Беларусі Равенскі не пакідае творчай і практычнай працы. Ён арганізуе харавыя калектывы, ансамблі, падрыхтоўвае да выданьня зборнік народных песьняў. Пасьля капітуляцыі мы з Равенскім апынуліся ў розных зонах Нямеччыны. Празь лістоўную сувязь ён трымаў мяне ў курсе сваіх творчых справаў. Ён аднаўляў кампазыцыі, якія загінулі ў Менску, пісаў музыку да театральных п'есаў, харавыя й ансамблевыя апрацоўкі.
Між іншым, у гэты час напісаная ім поўная глыбокага пачуцьця музыка на словы Н. Арсеньневай «Магутны Божа».
Спаткаўся я з Равенскім ужо ў Лювэне, на пачатку 1952 году. Шмат чуў я перад тым аб плённай ягонай працы із студэнцкім харавым ансамблем, добра ведаў Равенскага як выдатнага знатака хору і запраўднага майстру-дырыгента, але тое, што я сустрэў і пачуў, перавысіла ўсе мае чаканьні. Каб зрабіць высока мастацкі ансамбль із цалкам прыпадковага вакальнага матарыялу, трэба было мець, апрача дасканалага пачуцьця харавога стылю, яшчэ й надзвычайную ўпартасьць і цярплівасьць у працы. I якую бязьмерна вялікую працу ўклаў Равенскі ў свой ансамбль, пакуль стварыў зь яго культурны мастацкі калектыў. Папулярнасьць яго цяпер выйшла далёка за межы Бэльгіі, дзякуючы насьпяваным пліткам, якія гучаць ужо ўсюды, дзе толькі ёсьць жменька беларусаў. Сьвецкія і царкоўныя хоры, напісаныя ім у гэты час, салёвыя п'есы і рамансы — усё гэта творы цалкам сьпелага майстры. Колькі бяссонных ночаў праседзёў кампазытар над нотнай паперай у сваім пакойчыку ў Студэнцкім Доме, бясконца перапісваючы, дарабляючы, зьмяняючы — «каб лепш гучэла!». Ужо цяжка хворы, ён трымаўся бадзёра і быў поўны творчых і жыцьцёвых плянаў на будучыню.
Колькі незабыўных гадзінаў правялі мы зь ім за фартэп'янам, абгаварваючы тую ці іншую кампазыцыю або гутарачы на ягоную ўлюбёную тэму — пра нявычэрпнае багацьце і прыгожасьць беларускай песьні. Колькі цікавага, каштоўнага і новага пачуў я ад яго ў гэтыя гадзіны нашых гутарак! Зь якімі таямніцамі харавога майстроўства можна было пазнаёміцца падчас гэтых бяседаў!..
Апошняя наша сустрэча адбылася ў канцы мінулага году.
Мяне балюча ўразіла, як ён зьмяніўся вонкава за гэтых некалькі месяцаў. Хвароба бязьлітасна рабіла далей сваю справу. Але ён быў усё той-жа лагодны, мілы, гасьцінны, шчыры... I той-жа самаахвярны ў працы, як і раней, нягледзячы на цяжкую хваробу.
«Бацькаўшчына», 15 сакавіка 1953 г.
