|
АЛЕСЬ КАРПОВІЧ
МІКОЛА РАВЕНСКІ
Кампазытар Школа Равенскі пакінуў Бацькаўшчыну зусім сьпелым майстрам, шырака ведамым у галіне пэдагагічнае дзейнасьці й музычнае творчасці. Радзіўся ён на Ігуменшчыне ў 1886 г. У 1914 г. канчае трыгоднія рэгенцкія курсы ў Маскве. На пачатку 1919 г. пераяжджае на працу ў Менск, дзе ўжо ў наступным годзе пераймае абавязкі дырыгента хору пры Беларускім работніцкім клюбе. У 1922 г. ён запрошаны хормайстрам у Менскі гарадзкі тэатр.
У 1921 г. Равенскі бярэ ўдзел у вялікай экспэдыцыі, арганізаванай Інбелкультам дзеля зьбіраньня народных песьняў у Случчыне. У наступным годзе выходзіць з друку першы зборнік песьняў як народнай, так і собскай творчасьці. У гэтым-жа годзе пішацца музыка да «Залётаў» Дуніна-Марцінкевіча (апэрэта). У гадох 1923—1930 Мікола Равенскі канчае спачатку музычны тэхнікум ім. Стасава ў Маскве, а пазьней кансэрваторыю й зараз-жа ізноў вяртаецца ў Менск.
Яшчэ ў часе студыяў кампазытар піша вялікі сымфанічны твор на словы Янкі Купалы, а ў 1928 г. супольна з паэтам Ул. Дубоўкам працуе над опэрай «Браніслава». У тым-жа часе напісаныя 22 фугі для фартап'яна й шмат харавых твораў. Значная частка іх была выдадзеная Беларускім Дзяржаўным выдавецтвам у Менску, а між імі й «Ліпнёвы гімн» на словы Дубоўкі. Супрацоўнічае кампазытар і ў часапісе «Узвышша» як музычны крытык.
З 1930 г. кампазытар працуе ў Менскім музычным тэхнікуме як выкладчык музычна -тэарэтычных дысцыплінаў, а пазьней у новаадкрытай Беларускай кансэрваторыі. Зь вялікіх фарматаў у 1934—1935 гадох напісаны смычковы струнны квартэт і сюіта, пабудаваныя на беларускіх народных тэмах.
На эміграцыі кампазытар аднаўляе пагінулыя ў часе ваеннага пажару ў Менску творы: вялікі харавы твор на словы Дубоўкі «Шыпшына», арыю Браніславы з опэры «Браніслава» і арыю на словы Дубоўкі «Ноч над Менскам». У 1947 г. ён піша фантазію для скрыпкі й фартап'яна на беларускія народныя тэмы. У 1948 г. музычна аформленыя п'есы: «Пінская шляхта», «Нечаканыя заручыны», «Вясёлы майстра» і шэраг іншых. Адначасна пішацца цэлы рад народных песьняў для хору, а таксама музыка на словы Натальлі Арсеньневай «Магутны Божа». Рыхтуецца для друку зборнік беларускіх народных песьняў, у які ўваходзіць 80 нумароў. 3 асаблівым уздымам кампазытар разгарнуў творчую й практычную дзейнасьць, кіруючы студэнцкім харавым ансамблем у Лювэне. Вынікі ягонае працы апошніх гадоў вартыя ўвагі ня толькі як каштоўны уклад у нашую музычную культуру, але й з боку знаёмленьня з гэтай культурай чужынцаў, паміж якімі дзейнасьць Равенскага ўжо даўно знайшла высокую ацэну. Паважная музычна-тэарэтычная падрыхтоўка дазваляе кампазытару свабодна карыстацца разнастайнымі сродкамі тэмбравага, гарманічнага й контрапунктнага багацьця. Шматгадовая дырыгенцкая практыка працы з царкоўнымі, сьвецкімі й тэатральнымі харавымі калектывамі дала яму магчымасьць усебакова апанаваць сваеасаблівасьць вакальна-харавога пісьма. Сяньня ў «творчым партфэлі» кампазытара — вынікі ягонае цярплівае працы за апошнія гады — царкоўная музыка, кампазыцыі для сьвецкага хору, сольныя сьпевы, «Вялікая сюіта на беларускія тэмы» для фартап'яна, «Фантазія для скрыпкі з фартап'янам», п'еса «На выгнаньні» для акардэону. Праз усе гэтыя творы, пры ўсёй іхнай эмацыянальнай разнастайнасьці й шырокім жанравым дыяпазоне, чырвонай ніткаю праходзіць прынцып беларускасьці ў музыцы. Кампазытар і сяньня няўтомна зьбірае ўзоры беларускага музычнага фальклёру, упарта вывучае яго, імкнецца знайсьці ягоныя с'ваеасаблівасьці (вынікам музычна-дасьледчае працы Равенскага кніга «Характэрныя рысы беларускае народнае песьні») і выкарыстаць гэты музычны фальклёр як аснаўны матар'ял для собскае творчасьці.
У галіне царкоўнае музыкі Равенскім напісаныя для праваслаўнай Божае службы Літургія й Екціньня, якія складаюцца з шэрагу харавых нумароў на царкоўныя тэксты. Гэта — запраўды духоўная музыка харальнага складу, строгая й стрыманая па стылі, наскрозь прасяклая глыбокім рэлігійным пачуцьцём. З боку тэхнічнага яна вельмі выгадная для харавога гучаньня, ня мае шырокіх інтэрвалаў і скокаў, добра выкарыстоўвае вакальныя рэсурсы паасобных партыяў. Асабліва трэба адцеміць «Ойча наш» і «Верую» (солё на фоне хору), якія пакідаюць глыбокае ўражаньне на слухачоў. Вельмі ўдала выкарыстоўвае кампазытар у гэтых духоўных творах і беларускую народна-песенную тэматыку — «Ой, ня кукуй», «Ці сьвет, ці сьвітае» й г. д.
Для мяшанага сьвецкага хору кампазытарам напісаныя 14 песьняў. Гэта ў бальшыні мастацкія апрацоўкі народных мэлёдыяў — «Ой, на моры зялёным», «Вечарком за рэчкаю», «Пасею гурочкі», «Ой, ды ў нашым сяле», «Паласа», «Хмель лугамі», «Халімон», «Бабка», «Ой, вяду бяду», «Чаму-ж мне ня пець». Цалкам собскія кампазыцыі гэта — «Зіма» (на тэкст Я. Коласа), «Пагоня» й «Слуцкія ткачыхі» (на тэксты Багдановіча) й «Шыпшына» (на словы Дубоўкі). Усім гэтым творам. якія адлюстроўваюць шырокую гаму духовых настрояў, ад бястурботнага жарту («Халімон», «Бабка», «Ой, ды ў нашым сяле») да глыбокага суму («Ой, вяду бяду», «Слуцкія ткачыхі») й горкага сарказму («Чаму-ж мне ня пець»),— уласьцівыя індывідуальныя творчыя рысы кампазытара — ягоная любасьць да народных мэлёдыяў, імкненьне захаваць усю таямніцу прыгажосьці й багацьця выразу гэтага мэлясу, не пераабцяжыць яго гарманічнымі або тэмбравымі колерамі. Таму, свабодна карыстаючыся прыймамі тэматычнае распрацоўкі й паліфоніі, Равенскі заўсёды высоўвае на першы плян свае творчае ўвагі мэлёдыю ды тэкст і адпаведна да іхнага характару будуе ўвесь твор.
Даволі добра з боку фактуры распрацаванае й фартап'яннае суправаджэньне гэтых харавых твораў. На асаблівую ўвагу заслугоўваюць «Слуцкія ткачыхі» й «Чаму-ж мне ня пець» — шырокія музычныя палотны, прыймы разьвіцьця тэматычнага матар'ялу, якія дазваляюць гаварыць аб імкненьні аўтара сымфанізаваць харавую фактуру, надаць ёй тую лёгіку, эмацыянальную выразнасьць і дынаміку, якія ўласцівыя вышэйшаму дасягненьню музычнай архітэктонікі — сымфоніі. Для солё (баса) із суправаджэньнем фартап'яна цікава і ўдала распрацаваная кампазытарам народная песьня «Чалавек жонку б'ець».
Інструмантальныя творы кампазытара буйнейшае формы гэта — «Вялікая сюіта для фартап'яна» й «Фантазія» для скрыпкі й фартап'яна, абедзьве на беларускія тэмы. «Сюіта» складаецца з 6-ці часткаў, якія не замкнёныя ў сабе, але танальна й кадэнсава -лягічна пераходзяць адна ў адну. Рапсадычнасьць формы цэмантуецца тэмай першае часткі, яна складае як-бы ляйтматыў, задзіночваючы асобныя часткі ў адзінае цэлае. Матар'ялам для гэтае тэмы, якую кампазытар выкарыстоўвае ў 1—3—5 частках,— сталася павольная мэлёдыя народнае песьні «А ў бары». Першае Андантэ пераходзіць у скэрцавую па характары другую частку — Алегро, дзе кампазытар распрацоўвае мэлёдыю жартаўлівае песьні «Цераз сад-вінаград». Трэцяя частка вяртае слухача да першае тэмы й прыводзіць у наступны разьдзел, пабудаваны на новай тэме, якая інтанацыйна абагульвае народны характар. Пасьля новага павароту да першае тэмы кантрастна гучыць жвавая тэма фіналу. У цэлым «Сюіта» даволі разнастайная зьменаю тэмпаў, рытмаў і танальнасьцяў асобных эпізодаў. Значнае месца ў прыймах распрацоўкі тэматычнага матар'ялу займае паліфонія, якую кампазытар умела й удала выкарыстоўвае, супастаўляючы эпізоды празрыстамэлёдыйнага характару з вялікай паліфанічнай тканінаю. Вартая ўвагі й добрая распрацоўка фартап'яннае фактуры, якая часам вымагае ад выканаўцы значнай піяністычнай падрыхтоўкі.
Таксама ў рапсадычнай форме напісаная «Фантазія» для скрыпкі з фартап'янам. I яна мае тэму, што цэмантуе ўвесь твор,— народную мэлёдыю жніўнае песьні «Ой, пайду я дарогаю». Складаецца «Фантазія» зь 5-цёх частак і, апрача ляйтматыўнае мэлёдыі, выкарыстоўвае як тэматычны матар'ял яшчэ мэлёдыі песьняў «Песьня сірацінкі» ў другой частцы й «Ой, пушчу я пажар» у чацьвертай і пятай частках. Партыя скрыпкі пераважае тут над фартап'яннай, як і трэба ў п'есе для скрыпкі, але й фартап'яна грае ў «Фантазіі» вельмі паважную ролю, далёка выходзячы за межы адно суправаджэньня. У апошняй частцы, напрыклад, кампазытар даручае якраз фартап'яну правядзеньне асноўнага тэматычнага матар'ялу. Умела пабудаваная «Фантазія» і з боку дынамікі, з паступовым ейным нарастаньнем, ад павольнага Moderato напачатку, праз усхваляванае Animato й сузіральнае Cantabile да жвавага Allegro фіналу.
Абодвы гэтыя творы — «Сюіта» й «Фантазія» — з поўным правам могуць заняць пачэснае месца ў беларускім канцэртным рэпэртуары.
Апошнім часам усьцяж значнейшае месца ў бытавой і канцэртнай музыцы займае акардэон. Улічваючы гэтае, а таксама нястачу беларускага рэпэртуару для акардэону, Равенскі піша п'есу «На выгнаньні» на тэмы песьняў «Ой, пушчу я пажар» і «У месяцы верасьні». Распрацоўка мэлёдыяў мае клясычны характар, набліжаючыся стылем да Гайдна ды Моцарта. З тэхнічнага боку п'еса патрабуе ад выканаўцы вялікае падрыхтоўчае працы (асабліва над басовай партыяй), але папрацаваць над гэтым поўным настрою музычным малюнкам роднага краю запраўды варта.
Гэткія вынікі творчае працы кампазытара Равенскага ў апошнія гады. Як відаць, зроблена — ці мала. Калі-ж дадаць да гэтага вялікую практычную дзейнасьць кампазытара як энэргічнага кіраўніка студэнцкага ансамблю, што сваймі канцэртамі ў эўрапейскіх сталіцах шырака прапагандуе беларускую музыку й песьню й заслужыў ужо аўтарытэт ды прызнаньне эўрапейскае аўдыторыі — дык трэба з яшчэ большым прызнаньнем аднясьціся да кампазытара, які аддае ўсяго сябе служэньню роднаму музычнаму мастацтву.
«Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва»
№ 2, 1952
