|
ЛЯВОН РЫДЛЕЎСКІ
З ЖЫЦЬЦЯ Й ДЗЕЙНАСЬЦІ М. АБРАМЧЫКА
Пераказаў мне надовячы прэзыдэнт М. Абрамчык, што ў яго просяць аўтабіяграфію, і ці ня мог-бы гэта штось напісаць я, бо яму і часу не стае і ня любіць сам пісаць свае «аўтабіяграфіі». Раблю гэта з прыемнасьцю, бо запраўды напісаць біяграфію Абрамчыка мне ня так цяжка. Зьвязаны зь ім амаль што неразлучным жыцьцём, пачынаючы з вучыцельскіх курсаў 1920 г., пяць год затым супольных студыяў у Празе, супольнае затым «падарожжа па сьвеце» ды эміграцыя — Парыж, і гэтых больш дваццаці год неразлучнага жыцьця з Абрамчыкам дае мне магчымасьць гаварыць аб ім з такім знаньнем ягонага мінулага, як свайго собскага.
Выконваючы, аднак, просьбу рэдакцыі «Бацькаўшчыны», я дазволіў сабе біяграфію Абрамчыка прадставіць ня ў сухіх датах ці фактах, як — там і там/ радзіўся, тым і тым быў, а выкарыстоўваючы гэтую пагоду, асьветліць і дзе-якія мамэнты, як-бы пашырыць фон біяграфіі. Гэта ня толькі дапаможа лепш зразумець і ацаніць Абрамчыка як чалавека, як грамадзкага дзеяча, але адначасна й зафіксуе некаторыя мала каму вядомыя мамэнты з нашага вызвольнага руху, маючыя вялікае значэньне для будучых беларускіх гісторыкаў, бо-ж ці мала ў нас пазагінула гістарычнага матарыялу, дзякуючы таму, што ўсе адкладалася, a vita nostra brevis est1.
Лявон Рыдлеўскі
* * *
Мікола Абрамчык, сын незаможных сялянаў Сымона і Тацяны Абрамчыкаў, радзіўся 6 жнівеня 1902 году ў вёсцы Сычавічы Радашкаўскае вобласьці, на Віленшчыне. Дзяды й прадзеды Школы належалі яшчэ да служылага стану — інтэлігенцыі, затрымаўшы ў сабе моцна той «літоўскі» «сэпаратызм», за які былі потым Абрамчыкі зрэдуаваныя да пралетарска-сялянскага стану.
Прадзед Школы, Базыль Абрамчык, быў адміністратарам у маёнтку Калюзбэргу пад Радашкавічамі (у магната Сьніткі). Сваім трынаццацём сыном ён даў досыць высокую на той час асьвету — 2 зь якіх займалі пасады лясных аб'езжчыкаў, іншыя былі вышэйшымі паштовымі ўрадаўцамі.
Паўстаньне 1863 году, у якім прыймалі той ці іншы ўдзел сыны Базыля, кончылася для Абрамчыкаў вельмі трагічна. Адзін з сыноў Базыля быў павешаны, іншыя сасланыя ў Сібір або ў «отдаленные места России». Дзед-жа Школы Янка, які яшчэ вучыўся ў духоўнай сэмінарыі, быў зь яе выгнаны й пазбаўлены цывільных правоў.
Янка Абрамчык потым уладзіўся мельнікам у в. Сычавічы, ажаніўся зь мясцовай сялянкай Тацянай Рудзь і, атрымаўшы пасагу 8 дзесяцін зямлі, пачаў гаспадарыць. Але па няведамых прычынах чамусь у 1890 годзе Янка з усёй сваёй сям'ёй, разам і з бацькамі Міколы, апынуўся таксама ў Сібіры.
Сымон Абрамчык (бацька Міколы), аднак, за пару гадоў павяртае назад у Сычавічы з мэтай абсесьці на пасажнай зямлі сваёй маткі. Царскія ўлады перадалі гэтую справу валасному сходу, які пастанавіў аднагалосна прыняць Сымона Абрамчыка пад «парукі» ў сваё «обчэства», а сычаўцы талакой памаглі Сымону паставіць хату.
Сымон Абрамчык хутка абжыўся і заваяваў пашану ў сычаўцаў. Няўпынна затым выбіраецца на розныя пасады свайго «обчэства» (чатырох сёлаў) як старасты, магазынера, потым валаснога судзьдзі, войта, а ў 1917 годзе быў выбраны дэпутатам на Першы Ўсебеларускі Кангрэс.
Будучы малапісьменным, Сымон Абрамчык заўсёды моцна адчуваў недахоп свае асьветы, дзеля чаго ён потым намагаўся з усяе сілы даць як найбольшую адукацыю сваім тром сыном і дачцэ.
Хатняя атмасфэра, у якой працякалі дзіцячыя гады Міколы, вельмі прыяла сфармаваньню ягонага характару, глыбокай пабожнасьці, запалу да веды, ідэалізму й грамадзкай ахвярнасьці.
Сымон Абрамчык быў вельмі пабожны чалавек, і ў хаце ягонай зьбіралася досыць арыгінальнае рэлігійнае брацтва. Сходзіліся сюды ўсе старэйшыя людзі, што ў выніку насільніцкай царскай царкоўнай палітыкі неяк стыхійна замыкаліся ў сабе і, як-бы баючыся ці лепш хістаючыся ў дэфінітыўным выбары сабе веры — каталіцтва ці праваслаўя, горача маліліся і па-праваслаўнаму і па-каталіцкаму. На гэтыя малебныя вечары прыходзіў пехатой за 9 вёрстаў досыць часта і прадзед Міколы, Базыль, нягледзячы на свой сто зь лішнім гадовы век. У Вялікі-ж пост гэныя малебныя сходкі, а разам з тым і размовы на рэлігійныя тэмы й тэмы аб старадаўнасьці адбываліся амаль штовечара.
Але апроч рэлігійных сходак, адбываліся такія-ж, хоць і менш колькасныя сходкі ў хаце Сымона сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Вучыцель сычаўскай пачатковай школы Юзя Рудзь, заядлы рэвалюцыянер, быў амаль сталым гасьцём Сымона аж да свайго арышту і ўцёкаў з турмы, дзе ён быў засуджаны на сьмерць. Вучыцель Рудзь прыводзіў часамі на начлег да Абрамчыка розных праежджых сваіх сяброў «сацыялістых», і ў кажным такім выпадку дыскутаваліся, зразу мела, палітычна-сацыялістычныя праблемы. У хаце Сымона заўсёды былі гутаркі, ствараючыя ідэйны настрой, і, як ведама, у сялянскай хаце дзеці заўсёды ня выключался ад удзелу, дзеля чаго ўся гэтая атмасфэра не магла астацца бяз уплыву на малога Школу.
У пачаткавую школу свае вёскі Мікола пайшоў, калі яму споўнілася 7 год.
Сярэднюю асьвету здабываў Мікола спачатку ў Радашкаўскім чатырохклясавым гарадзкім вучылішчы, а потым у Менску. Увосень 1920 году, маючы падгатоўку за 6 клясаў рэальнай гімназыі, вытрымлівае канкурсны экзамен у новаарганізаваны праф. Ігнатоўскім палітэхнічны інстытут (на механічны аддзел). Рыжскі мір, адрэзаўшы бацькоў Міколы ад Менску, змусіў яго пакінуць навуку і пераехаць у Сычавічы (Заходняя Беларусь).
Зразумела, што ў вёсцы ўседзець ён ня мог, быў гэта да таго ўжо сьведамы нацыянальна 18-цігадовы студэнт. Цяпер Мікола выяжджае ў Вільню.
Старая сталіца Беларусі зрабіла на Міколу Абрамчыка моцнае ўзварушваючае ўражаньне. Пагоня Вострай Брамы, заўсёды поўная Вострабрамская вуліца паўшых на калені ў малітве людзей, Замкавая гара, магіла Льва Сапегі і старыя вуліцы Бакшты — будзілі ў успамінах Міколы ўсё тое, чаго ён наслухаўся ў свае дзіцячыя гады ад свайго прадзеда на малебных вечарох у сваёй хаце і ад кальварыстаў, якія штогод выпраўляліся ў Вільню — да Кальварыі з хаты Сымона за 150 км. пехатой. Наагул Вільня зрабіла ўражаньне на Школу якогась сьвятога гораду, які ён быццам так добра знаў з самага свайго дзяцінства.
Прыйшоўшы ў Базыльянскія муры — гэтую беларускую цытадэлю,— Школа меў на мэце паінфармавацца, дзе й як яму знайсьці ў Вільні палітэхнікум. Але спаткаўшы на калідоры аднаго свайго знаёмага па Менску (Я. Станкевіча), які адразу аблаяў Міколу, што вучыцца цяпер сьведамаму беларусу ёсьць нягодна, бо не хапае людзей вучыць нясьведамых, Школа падпарадкоўваецца грамадзкай дысцыпліне і уступае на экстарныя настаўніцкія курсы ды перад Калядамі 1920 году выяжджае на прызначанае яму месца настаўніка беларускай пачатковай школы ў вёску Ленкаўшчына Ашмянскага павету.
Да школьнага абводу, згодна атрыманай М. Абрамчыкам інструкцыі, належалі 4 вёскі, зь якіх Ленкаўшчына знаходзілася ў цэнтры і ў якой ужо была польская пачатковая школа, якая месьцілася ў канцы вёскі, у маёнтку пана Струтыжынекага.
Мікола Абрамчык закладае школу ў самай вёсцы і пачынае працу спачатку з 12-ма вучнямі. Адначасова адчыняе вячэрнія курсы для дарослых, на якія шугнула ўся перарослая школьны век моладзь і навет бацькі дзяцей, ходзячых у польскую школу.
Энтузыязм маладога вучыцеля, як у школе, так і на курсах для дарослых, меў тыя вынікі, што за два месяцы школа яго налічвала ўжо 60 дзяцей, а польская толькі 4 (дзеці пана Струтыжынскага і аднаго ягонага парабка), і гэта нягледзячы на тое, што сялянства гэтага школьнага абводу было ў 50 % каталіцкае, значыцца, болей апалячанае. На наступны 1921/22 школьны год польская школа ў Ленкаўшчыне мусіла зачыніцца. Пачаўся таму націск на беларускую школу з боку польскай адміністрацыі й паліцыі, але рады даць не маглі. Цяганьне ў паліцыю некаторых сялян толькі яшчэ большы выклікала адпор у змаганьні за беларускую школу. Пасьля гэтага школьны інспэктар прысылаў па чарзе аж 7 польскіх вучыцеляў ці для самастойнай паралельнай польскай школы, ці як выкладчыкаў польскае мовы ў беларускай школе, але сяляне ніводнага з гэтых вучыцялёў ня пусьцілі ў вёску.
Падчас летніх канікулаў 1921 году, будучы на вучыцельскіх дапаўняючых курсах у Вільні, Абрамчык увайшоў у кантакт зь беларускім нацыянальна-рэвалюцыйным рухам, які, як ведама, у той час, пад кіраўніцтвам ураду БНР з Коўні, падгатаўляў (у саюзе зь летувісамі) паўстаньне ў Заходняй Беларусі. М. Абрамчык атрымаў назначэньне раённага начальніка БНР Радашкаўскай, Краснасельскай і Хаценчыцкай воласьці, а на восень 1922 году за удала праведзеныя «манэўры» ў сваім раёне быў назначаны начальнікам Вялейскага павету. Усе раённыя начальнікі Вялейшчыны, нягледзячы на свой паважны век, як прыкладам, начальнік Куранецкага раёну, вучыцель (пазьнейшы пасол у сойм) Гаўрылік ці іншыя пажылыя ахвіцэры, прынялі ахвотна начальства 19-цігадовага Абрамчыка, што ўжо зьяўляецца не малым доказам, якую апінію Абрамчык меў ужо тады сярод беларускага грамадзянства.
Да травеня месяца 1922 г. Абрамчык адначасна добра спраўляецца з сваімі дзьвюмя функцыямі — настаўніка і павятовага начальніка. Увосень гэтага-ж году польскі школьны інспэктар Ашмяншчыны, вырашыўшы, што пакуль будзе ў Ленкаўшчыне вучыцелем Абрамчык, беларускую школу перавярнуць на польскую ня ўдасца, дае загад Абрамчыку перанесьціся на настаўніка ў центральную Польшчу (пад Варшаву). Абрамчык гэтага назначэньня ня прыняў і ў знак пратэсту адмаўляецца ад настаўніцтва зусім.
Цяпер ён пераяжджае ў Радашкавічы, каб заняцца выключна нацыянальна -рэвалюцыйнай працай свайго павету. Для закансьпіраваньня свайго побыту ў Радашкавічах прыпісваецца вучнем 7-е клясы Радашкаўскай беларускай гімназыі. Вучыцялі гэтай гімназыі, добра ведаючы, што Абрамчык мае падгатоўку вышэй за сярэднюю школу, на ягоныя частыя месячныя адлучкі глядзелі «праз пальцы», што дало Абрамчыку магчымасць з вучнёўскай легітымацыяй гібка паварачвацца па сваім павеце і навет пабываць некалькі разоў у галоўным беларускім паўстанскім штабе, які знаходзіўся ў Летуве (у Таўрагэнах).
У лістападзе месяцы 1922 году сталася важная падзея ў рэвалюцыйна-вызвольным руху Заходняй Беларусь Да гэтага часу ўсе палітычныя й тактычна-стратэгічныя інструкцыі Цэнтральны Камітэт Вызваленьня Заходняй Беларусі атрымліваў з Коўні, ад Ураду БНР беспасярэдна ці праз галоўны паўстанскі штаб з Таўрагэнаў. У сувязі із спрэчкай Ураду БНР з Урадам Летувы за Вільню — Урад БНР, як ведама, пакінуў Коўню, а летувісы пачалі намагацца празь некаторых беларускіх урадаўцаў у Таўрагэнах праводзіць далей прыгатаваўча-паўстанскую акцыю ў Заходняй Беларусі, прапагуючы на міжнародным форуме гэны рэвалюцыйна-вызвольны рух, як рэзыстанс летувісаў за Вільню.
Беларускі Цэнтральны Рэвалюцыйны Камітэт Заходняй Беларусі, які ўзначальвалі дагэтуль паэты Леанід Родзевіч і Лагіновіч (сябра Слуцкай Паўстанскай Рады), парваў супрацоўніцтва зь летувісамі, утрымаўшы з сабой увесь закансьпіраваны апарат на ранейшай чыста незалежніцкай беларускай пазыцыі. Разрыў, аднак, зь летувісамі змусіў Бел. Цэнтр. Рэв. Камітэт задумацца над далейшай тактыкай, бо спакладацца цяпер на выйгрыш паўстаньня выключна собскімі сіламі супраць ужо моцна зарганізаванай польскай дзяржавы — было больш чым рызыкоўна.
У Менску ў гэны час, як ведама, на чале БССР стаяў Чарвякоў, а камісарам асьветы быў праф. У. Ігнатоўскі — абодвы блізкія партыйныя сябры Л. Родзевіча й Я. Лагіновіча (па партыі сацыялістых-рэвалюцыянэраў). Цэнтральны Камітэт Вызваленьня Заходняй Беларусі пастанавіў увайсьці зь імі ў кантакт, і навязаньне гэтага кантакту даручаецца Міколе Абрамчыку. Атрымаўшы пісьмо ад Л. Родзевіча, Абрамчык прабіраецца нелегальна ў Менск і дастаецца на прыватнае памешканьне праф. Ігнатоўскага.
Праф. Ігнатоўскі, уважна выслухаўшы Абрамчыка, паклікаў да сябе якіхсь сямёх здаровых «дзяцюкоў» (у тым ліку быў і Чарвякоў). Тут-жа ў праф. Ігнатоўскага (у былым архірэйскім доме) адбылася нарада, на якой М. Абрамчык зрабіў падробны агляд сытуацыі ў Заходняй Беларусі. Праф. Ігнатоўскі, пакінуўшы ў сябе начаваць Абрамчыка, доўга затым увечары пра-водзіў зь ім размову. На заўтрашні падвечар прыйшоў адзін з тых сямёх «дзяцюкоў» у бакешцы і заявіў Абрамчыку, што пойдзе зь ім зараз да Вільні. «Дзядзька» гэты потым атрымаў у Вільні клічку «Прынесены», бо Абрамчыку давялося яго пераносіць на плячох праз рэчку на паграніччы.
Кантакт і перагаворы Камітэту Вызваленьня Заходняй Беларусі зь менскімі эсэрамі мелі тыя насьледкі, што ў Менску таксама паўстаў Камітэт Вызваленьня Ўсходняй Беларусі на чале з праф. Ігнатоўскім.
Была ўзгодненая супольная тактыка абодвых камітэтаў у тым кірунку, што паўстаньня ў Заходняй Беларусі нельга інсьпіраваць на бліжэйшы час, а што трэба заняцца больш падгатоўкай кадраў. У сувязі з тым, што польскі ўрад ужо амаль поўнасьцю зьліквідаваў беларускае школьніцтва, было пастаноўлена прыступіць да разьвярненьня сеткі тайных беларускіх пачаткавых школаў. Генэральным інспэктарам тайнага школьніцтва ў Заходняй Беларусі згадзіўся быць ксёндз А-ка, Абрамчык-жа быў прызначаны яму за памочніка.
На гэтым сташовішчы М. Абрамчык працуе аж да восені 1924 году. Няўпынна ён разьяжджае па ўсёй Заходняй Беларусі, падшуквае пэўных настаўнікаў, закладае тайныя школы й адначасна склады нелегальнае літаратуры, якая потым, па загаду зь Вільні, у адну ноч разам раськідваецца. За гэтыя два гады ён зь місыямі ад ЦК Вызваленьня Заходняй Беларусі быў нелегальна ў праф. Ігнатоўскага аж 29 разоў. За гэты час Абрамчык настолькі здабыў сабе сымпатыі ў праф. Ігнатоўскага сваім спрытам і адвагай, што ён потым дапускаўся Ігнатоўскім на найбольш кансьпірацый-ныя нарады менскага беларускага антыбальшавіцкага актыву.
У чэрвені 1924 году М. Абрамчык закончыў і фармальна сярэднюю асьвету. Намагаецца, каб паступіць у Віленскі ўнівэрсытэт, але ў тых гадох зь беларускіх гімназыяў пралезьці ў польскія вышэйшыя ўстановы было не лягчэй, як вярблюду праз вуха іголкі. У Цэнтральным Камітэце Вызваленьня Зах. Беларусі было ўжо станоўча пастаноўлена, што Абрамчыка трэба дзесь абавязкава ўсадзіць у высокую школу. Меркаваньні да гэтага былі розныя, а ў тым ліку й тое, што чатырохгадовая няўпынная праца Абрамчыка ў кансьпірацыі вымагала на некаторы час адпачынку, як і трэба было замазаць за ёй сьляды.
Увосень 1924 году праф. Ігнатоўскі выклікаў Абрамчыка ў Менск і запрапанаваў яму да выбару дзьве школы: 1. Ленінградзкую Ваенную Акадэмію, 2. Марынагорскую сельскагаспадарскую акадэмію ў Маскве. Праф. Ігнатоўскі найбольш радзіў выбраць першую, куды ён пасылаў наймацнейшых з нацыянальнага гледзішча беларусаў, каб потым мець свае пэўныя кадры вайсковых спэцыялістых. Але Абрамчык затрымаўся на сельскагаспадарскай акадэміі.
Прыехаўшы ў Маскву, М. Абрамчык зьявіўся ў сельскагаспадарскую акадэмію. Пасьля тыдня наведзінаў і знаёмства із «студэнтамі» і «прафэсарамі» гэтае школы, Абрамчык уцякае назад да Ігнатоўскага. «Дзядзька Ігнатоўскі, выбачце, але ўцякаю назад».— «Куды?» — «Да Прагі. Акадэмія зрабіла на мяне вельмі мізэрнае ўражаньне. Студэнты там па ўзроўню нашых гімназыстых сярэдніх клясаў. Ня вучыць-жа мне там зь імі арытмэтыкуі Да таго і атмасфэра... зрабіла на мяне такое гадкае ўражаньне, што я цэлы тыдзень нічога ня мог есьці. Гэта-ж басяцкі прытон. Супольнае жаноцка-мужчынскае «общежитие» й супольныя «ўборныя», што «студэнты» й «студэнткі» разгарадзілі для змаганьня з астаткамі «буржуазных прадрассудкаў», і ўсе там парадкі змусілі мяне ўцякаць»,— расказваў М. Абрамчык. Ігнатоўскі на хвіліну задумаўся, напасьледак пацалаваў Абрамчыка й ціханька шапнуў: «Маё шчырае прывітаньне Пятру (Крэчэўскаму) і Захарку. Скажы, што ў Маскве іх часта ўспамінаюць. Хай трымаюцца моцна. Веру, што ты туды прабярэшся. Памажы табе Божа!» Усхваляваны Ігнатоўскі яшчэ раз абняў свайго пратэгаванага й пусьціў сьлёзы...
Аднэй раніцы ўвосені, калі днём туман так спавівае Чэскую Прагу, што ліхтары вуліцаў гараць цэлы дзень,— Мікола блудзіў ужо між будынкаў тэй «залатой» Прагі з адрасам у руцэ студэнцкага дому Albertov «Na Slupi», які ён меў зь перапіскі ад свайго старога сябры па партызанцы паэты Ўладзімера Жылкі. Дастаўшыся напасьледак да гэтага студэнцкага дому «На Слюпі», Мікола знайшоў там некалькі дзесяткаў сваіх старых знаёмых сяброў як па вучыцельскіх курсах, так і па кансьпірацыйнай працы. Вестка аб прыбыцьці М. Абрамчыка хутка дайшла да прэзыдэнта Крэчэўскага, які наказаў таго-ж вечара прыйсьці да яго самому аднаму.
Абрамчык упяршыню спаткаўся цяпер так блізка за адным сталом з прэзыдэнтам Крэчэўскім і Захаркам, а праведзены вечар у доўгіх размовах Абрамчык часта ўспамінае як найшчасьлівейшы мамэнт у ягоным жыцьці, які яго так зблізіў потым з гэтымі вялікімі гістарычнымі постацямі нашае апошняе нацыянальна-вызвольнае пары.
У Чэхах Абрамчык за пяць гадоў скончыў адначасова два факультэты: у Ўкраінскай Акадэміі эканамічны факультэт із званьнем дыплямаванага інжынера эканамічных навук (аддзел консульскі) і на чэскім Карлавым Унівэрсытэце аддзел гісторыі й сацыялёгіі. Падчас сваіх студыяў Абрамчык быў увесь час у кантакце з сваім «духовым бацькам» (як ён сам зваў) праф. Ігнатоўскім праз пасярэдніцтва часта тады выяжджаючых зь Менску на экскурсыі па навуковыя камандзіроўкі блізкіх Ігнатоўскаму людзей, як Янка Купала, праф. П. і інш.
Ужо пад канец 3-га курсу Абрамчык меў падрыхтаваную да друку працу «Эканамічная геаграфія Беларусі», якая Ігнатоўскаму вельмі спадабалася і на падставе якой Ігнатоўскі прапанаваў Абрамчыку па заканчэньні навукі лектарат эканамічнай геаграфіі Беларусі на Менскім Унівэрсытэце.
Нягледзячы, аднак, на так вялікія сымпатыі Абрамчыка да праф. Ігнатоўскага і на давер да яго з аднаго боку, а з другога — нягледзячы на тое, што ў гэты час палякі, за напісаную Абрамчыкам брашуру ў францускай мове супраць польскага тэрору ў Заходняй Беларусі, якая, дарэчы, нарабіла шмат шуму ў заходня-эўрапэйскай прэсе, пазбавілі Абрамчыка польскага грамадзянства й дамагаліся ад чэскіх уладаў выдачы яго, Абрамчык усё-такі ў Савецкую Беларусь ехаць адмовіўся.
Увосені 1929 году Абрамчык з аўтарам гэтых радкоў пускаецца ў дарогу «пехатой па сьвеце» для вывучэньня, практычна перадусім, сельскагаспадарскай эканомікі Заходняй Эўропы. За год зь месяцамі часу вандравалі мы пехатой і на самакатах ад Прагі аж да Ліёну, абыйшлі ўсе цікавячыя нас раёны Чэхіі, Саксоніі, Баварыі, Швайцарыі, Надрэйншчыны, затым Францыі, наймаючыся па дарозе на розныя працы звычайнымі работнікамі, каб такім чынам глыбей прыгледзецца да самога жыцьця сяла, жыцьця работнікаў, а з другога боку, гэтым самым зарабіць сабе на пражыцьцё.
Маршрут падарожжа быў прадбачаны па Францыі, Гішпаніі, затым па паўночным беразе Афрыкі й Італіі.
У Ліёне, аднак, дзьве непрадбачаныя акалічнасьці спрычыніліся да радыкальнай зьмены пляну падарожжа:
1. Вестка аб самагубстве Ігнатоўскага.
2. Сьляды прысутнасьці ў Францыі масавай беларускай працоўнай эміграцыі.
I цяпер, як калісь у Вільні, Абрамчык пастанаўляе, што ня час для навукі, калі патрэбна змагацца. Мэтай далейшага падарожжа стаецца Парыж, куды й дабіраемся доўгімі этапамі і дзе ўжо пачаткам 1931 году быў зацьверджаны францускімі ўладамі «Хаўрус Беларусаў у Францыі».
Ад гэтага часу Абрамчык неразлучна падзяляе долю беларускай працоўнай эміграцыі. Працуючы сам звычайным работнікам на розных хвабрыках, у шахтах, на земляробстве ці розных гандлёвых прадпрыемствах, зарабляючы ўсякімі спосабамі на пражыцьцё, ён няўпынна вядзе змаганьне з усімі акупантамі Беларусі. Выдае свой собскі часапіс, піша да рознай чужой прэсы аб беларускім вызвольным руху, навязвае кантакты з рознымі палітычнымі й культурнымі дзеячамі Эўропы. Заўсёды ў кантакце з прэзыдэнтам Захаркам, Абрамчык робіцца яго галоўным супрацоўнікам і прадстаўніком на Заходнюю Эўропу.
У 1939 го дзе з выбухам вайны польскі ўрад, пераехаўшы ў Францыю, на падставе француска-польскага дагавору, пачынае мабілізацыю палякаў, а ў тым ліку й беларусаў з Заходняй Беларусь Змаганьне «Хаўрусу Беларусаў у Францыі» з польскім урадам здавалася для многіх справай безнадзейнай, але не для Абрамчыка. З прыроджанай яму адвагай Абрамчык, нягледзячы на суровыя францускія законы адносна прапаганды супраць саюзных арміяў, сьмела выступае з заклікам да беларусаў байкатаваць польскую армію й закідае францускі ўрад мэмарыяламі аб дазволе уступу беларусам у армію францускую (чужынецкага легіёну на час вайны), дзе дамагаецца сфармаваньня беларускіх нацыянальных аддзелаў. У выніку гэтай сьмелай і рашучай пазыцыі Абрамчыку напасьледак удаецца дабіцца ад францускіх уладаў пастановы аб дабравольным для беларусаў выбары — да польскай ці да францускай арміі.
Быў гэта ўзапраўды вялікі дыпляматычны сукцэс Абрамчыка, бо на падставе канвэнцыі польскага й францускага ўрадаў — «у выпадку вайны ўсе польскія грамадзяне мусілі быць дастаўленыя французамі ў польскую армію».
Дадзеная магчымасьць дабравольнага выбару арміі для беларусаў падняла была настрой старое нашае эміграцыі у Францыі, і ўжо звыш 1200 беларускіх ахвотнікаў былі заявіліся ў францускі чужынецкі легіён (якога ня трэба зьмешваць з проста чужынецкім легіёнам). Рэалізацыі далейшай мэты ў Францыі, на вялікі жаль, перашкодзіў прыход немцаў.
Гэстапо вышуквала ў Парыжы сваіх праціўнікаў. Пачаліся арышты. Абрамчык як дасьведчаны кансьпіратар пастанавіў прабірацца ў Беларусь. Адзін стары знаёмы ў Бэрліне сп. Ш. дапамог яму перабрацца ў Бэрлін і абнадзейваў такім-жа парадкам дапамагчы прабрацца ў Беларусь. Але беларускі гэстапавец Ф. Акінчыц прычыніўся да здэмаскаваньня Абрамчыка і дзеля гэтага давялося апошняму быць заблякаваным у Бэрліне.
Але і ў гэткай нат сытуацыі Абрамчык не разгубліваецца. Найперш ён, па даручэньню ведамага беларускага патрыёта М. Шкялёнка, які яшчэ меў давер у немцаў, бярэцца арганізаваць беларускі дапамаговы камітэт у Нямеччыне, і разам з гэтым зь нябожчыкам ксяндзом Гадлеўскім пастанаўляюць разьвіць кансьпірацыйную сетку беларускага рэзыстансу, пасьля наладжаньня якой Абрамчык з кс. Гадлеўскім меркавалі перабрацца ў Ангелыпчыну. Кс. Гадлеўскі, на жаль, быў раскансьпіраваны другім беларускім гэстапаўцам др. Ермачэнкам, за што і паплаціўся сваім жыцьцём. Абрамчык -жа трымаўся ў Бэрліне каля двух гадоў. Рэзыстанская праца, праводжаная Абрамчыкам сярод беларускай эміграцыі ў Нямеччыне, ахапіла ня толькі беларусаў у Нямеччыне. Беларускі Камітэт Самапомачы у руках Абрамчыка стаўся адным з вогнішчаў і прытулкам, маральнай падтрымкай усіх беларусаў. Ня было таго тыдня, калі ня дня, каб хтось зь беларускай адміністрацыі або навукоўцаў ці вайскавікоў, якіх немцы часта на ўзор бальшавіцкіх экскурсыяў прывозілі ў Нямеччыну, будучы ў Бэрліне, не завітаў патайком у «камітэт» Абрамчыка. З Бэрліну Абрамчык меў цяпер змогу, час ад часу, прабірацца да прэзыдэнта Захаркі ў Прагу.
У ліпені 1943 году дэлегат ад БНП (Беларускай Незалежніцкай Партыі), прыехаўшы ў Бэрлін з «экскурсыяй» журналістых, прывёз прапазыцыю сваёй партыі, асабліва просьбу ад сп. Родзь., пераехаць на Беларусь і абняць палітычнае кіраўніцтва й выдавецтва нелегальнай прэсы БНП. Абрамчык пачынае рабіць прыгатаваўчыя крокі для пераезду разам з жонкай у лясы Беларусі. Але арышт гэстапам і вываз у Парыж перашкодзілі ажыцьцяўленьню гэтых плянаў.
У Парыжы над Абрамчыкам быў устаноўлены сьціслы надзор. Гэстапо загадала Абрамчыку нікога ня прыймаць зь беларусаў ці спатыкацца зь беларусамі, а таксама весьці ліставаньне. Але й тут Абрамчык ня траціць часу. Нягледзячы на ўсё, ён уваходзіць у кантакт зь некаторымі асобамі францускага рэзыстансу і, у надчэківаньні прыходу саюзьнікаў, падгатаўляе рад мэмарыялаў, у якіх выясьнялася трагічная сытуацыя беларускага народу.
А потым зь першага дня вызваленьня Францыі ён аддае ўсе свае сілы ў справе абароны правоў перамешчаных асобаў у Нямеччыне.
Ведаючы так зблізка Абрамчыка, яго, мне здаецца, ніяк нельга йначай ахарактарызаваць як рэвалюцыянэра беларускага вызвольнага руху, зь няўтомнай энэргіяй чалавека, які ўсё свае жыцьцё пасьвяціў змаганьню за волю беларускага народу. Не дарма прэзыдэнт Захарка, ведаючы так зблізка Абрамчыка, перад сваёй сьмерцю нікому іншаму не хацеў перадаць сваіх паўнамоцтваў, як М. Абрамчыку.
Аб цяперашняй дзейнасьці Абрамчыка як прэзыдэнта БНР, думаю, лішне пісаць. Яна вельмі добра ведамая беларускай эміграцыі, бо, здаецца, ня знойдзецца ніводнага беларускага асяродзьдзя ў Эўропе й Амэрыцы, дзе-б не пабываў гэты няўтомны і нязломны змагар.
Варта хіба толькі прыгадаць усю тую бессаромлівую пашквільную «прэсу» нашых зарубежнікаў, якія намагаліся прадставіць усю рэвалюцыйную нацыянальна-вызвольную працу Абрамчыка ў 1920—1924 гадох як быццам нейкую прыналежнасьць Абрамчыка да камсамолу. Аб недарэчнасьці гэтай пашквільнай пісаніны варта хіба прыпомніць, што (да 1925 году) у Заходняй Беларусі наагул не існавала ніякага беларускага камсамолу. А што Абрамчык нелегальна бываў у Менску, сьведчыць толькі а б адным: што моладзь тады нашая ня лічыла Рыскай граніцы за граніцу для сваёй нацыянальнай дзейнасьці.
«Бацькаўшчына», 7—14 верасьня 1952 г.
