МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Сны “аб вясне прыгожай і далёкай” // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Аўтар: Станкевіч Станіслаў
Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Раздзел: Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

СТАНІСЛАЎ СТАНКЕВІЧ

СНЫ «АБ ВЯСЬНЕ ПРЫГОЖАЙ I ДАЛЁКАЙ». Канстаяцыя Буйла — новая ахвяра бальшавіцкае крытыкі

Адзінай пасьля А. Цёткі прадстаўніцаю жанчын у беларускай нашаніўскай літаратуры была Канстанцыя Буйла, мяккі й мэлянхалічны лірызм якой зьяўляўся галоўнай адзнакай ейнае творчасьці. Не паэтыцкія вобразы й слоўныя сродкі экспрэсыі, але іменна гэты мяккі й чулы лірызм збліжаў ейную паэзыю да народнае творчасьці й рабіў яе псыхалягічна блізкай для беларускага чытача.

Вершы Канстанцыі Буйлы паявіліся перад першай сусьветнай вайной у зборніку «Курганная кветка», а беларуская патрыятычная песьня на ейныя еловы «Люблю наш край, старонку гэту» была прынятая беларускім народам як адна з найпапулярнейшых ягоных песьняў. Калі ў 1934 г. польскія настаўнікі вясковых школаў на тэрыторыі Наваградчыны на загад школьнага інспэктарыяту праводзілі запісваньне беларускай народнай творчасьці сярод мясцовага сялянства, дык вельмі часта напатыкаліся на гэтую песьню й запісвалі яе, як зложаную самым народам — народную. Гэта найлепшы доказ папулярнасьці Буйлы, якая змагла глыбака адчуць і перадаць мастацкім словам духовыя перажываньні беларуса.

Паміж першай і другой сусьветнай вайной, на працягу звыш 25 гадоў, бадай, нікому зь беларусаў ня прыходзілася ня толькі сустракаць новых твораў К. Буйлы, але й наогул пачуць што-небудзь аб выдатнай паэтцы. Мне прыпадкова ўдалося даведацца восеньню 1940 г. ад Янкі Купалы, што Буйла, будучы ўжо паджылай, але шустрай жанчынай, пражывае ў Маскве й літаратурнай творчасьцю болей не займаецца. Была гэта сумная й адначасна радасная вестка. Сумная таму, што замоўк, праўдападобна назаўсёды, як магло тады здавацца, адзін з найбольш арыгінальных беларускіх паэтыцкіх талентаў. Радавацца прыходзілася таму, што Буйла яшчэ жыве й што, можа, лепей, што нічога ня піша, бо ў праціўным выпадку магла-б ужо даўно стацца ахвяраю бальшавіцкага тэрору, як дзесяткі й сотні іншых выдатных мастакоў беларускага слова. У той час, аб якім тут мова, спасярод вялікае колькасьці беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў із старэйшае гэнэрацыі, апрача Буйлы, былі ўцалелі толькі тры: Янка Купала, Якуб Колас і Зьмітрок Бядуля.

Цяперака даведваемся, што пасьля апошняй вайны Буйла ўзнавіла сваю паэтыцкую дзейнасьць, а дзеля гэтага, зразумела, сталася, як і ўсе іншыя паэты й пісьменьнікі нерасейскіх народаў, ахвяраю войстрых нападаў з боку бальшавіцкае крытыкі. У адным з нумароў менскае «Зьвязды» (№ 149 за 27 ліпеня 1951 г.), якія нядаўна папалі ў мае рукі, знаходзім вялізарны артыкул нейкага расейца Г. Шчарбатава п. н. «У палоне скажоных уяўленьняў і архаічных вобразаў», у якім слаўная беларуская паэтка цяжка абвінавачваецца ў адыходзе ад сучаснай бальшавіцкай запраўднасьці, у ідэялягічных скрыўленьнях (паводле «Зьвязды» — у «скажэньнях»), а галоўнае, у беларускім нацыяналізьме, значыцца, ува ўсіх тых праступленьнях, якія апошнім часам высоўваюцца ўсім беларускім паэтам.

У другім нумары літаратурнага часопісу «Полымя» за 1951 г. Буйла надрукавала цыкль сваіх вершаў, спасярод якіх лірычны верш «Сьнег» першым папаў пад абстрэл казённага бальшавіцкага крытыка. Цытуем за «Зьвяздой» некаторыя вобразы твору із злоснымі заўвагамі крытыка:

«Паэтка стварае ідылічны малюнак «добрага вечара» ў «утульнай сьвятліцы», калі на дварэ «сьнег пахучы, пуховы зямлю атуліў», а «у печы агеньчык яшчэ не пагас». Буйла ўміляецца гэтым архаічным малюнкам і ў захопленьні ўсклікае:

Скуль такая на сьвет наплыла цішыня?;

Аб якой «цішыні на сьвеце» гаворыць паэтка? Няўжо яна не разумее, што супярэчыць сама сабе, што амэрыканскія бомбы ў Карэі... не даюць ніякага права гаварыць аб цішыні на сьвеце. Але Буйла разьвівае думку далей:

Мне здаецца тады, што я ў тэй старане,

Дзе калісьці матуля расьціла мяне,

Дзе таксама прыціх і цябе акрыліў

Маладосьці і мар белапенны прыліў.

Аказваецца, вось для чаго спатрэбілася «цішыня на сьвеце» К. Буйле. Яна патрэбна ёй для таго, каб сказіць (пакідаем гэты русыцызм дзеля лепшага пераданьня думак «Зьвязды».— Рэд.) праўду аб беларускім народзе.

Беларускі народ пад кіраўніцтвам партыі бальшавікоў, у дружнай сям'і савецкіх народаў зь першых дзён вызваленьня рэспублікі ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў прыступіў да самаадданай аднаўленчай працы...» I далей, пасьля цэлай тырады падобнай траскатні казённых прапагандовых прыёмаў, крытык ставіць жорсткае абвінавачаньне:

«Нічога гэтага, аднак, ня хоча бачыць К. Буйла. Замкнуўшыся ў шкарлупу сваёй «сьвятліцы», яна перастала бачыць багатую й мнагастайную савецкую запраўднасьць, апынулася ў палоне скажоных уяўленьняў аб Савецкай Беларусі, у палоне старадаўных вобразаў, якія даўно ўжо адыйшлі ў нябыт».

Значыцца, у ўмовах савецкае «свабоды» паэт ня мае права пісаць аб тым, што дыктуе ягонае сэрца, да чаго скланяюцца асаблівасьці ягонага таленту. Не! Ён павінен толькі вульгарна рыфмаваць усе казённыя лёзунгі бальшавіцкай прапаганды за кошт запраўднага паэтыцкага натхненьня. Паэт, як і кажны іншы падсавецкі чалавек, павінен вызбыцца ўсякай індывідуальнасьці, перарадзіўшыся ў бязвольны аўтамат, які павінен бяздушна рухацца на загад партыйнага апарату.

У 1950 г. быў выдадзены зборнік вершаў Буйлы «Сьвітаньне». У ім казённая крытыка знайшла адныя толькі «ідэялягічныя скажэньні», «архаічныя абразы» ды, што найгорш, «нацыяналістычныя ўхілы». Возьмем дзеля прыкладу верш «Мая Беларусь», які выклікае ў бальшавіцкага крытыка цэлы паток абурэньняў:

«Верш запоўнены архаічным паэтычным рэквізытам і выклікае пачуцьцё расчараваньня й пратэсту. Вось некаторыя радкі зь яго:

Беларусь мая — цёмны, вялікасны бор,

Дзе ў гусьцечы курлічуць, пяюць жураўлі...

Беларусь мая — люстры шырокіх азёр,

У якія ўглядаецца неба жывое...

Беларусь мая ў зелені стройных бяроз,

Што вядуць ля шырокіх дарог карагоды...

Беларусь мая — ў росквіце белых садоў,

Над ружоваю хусткай празрыстых туманаў...

Беларусь мая — ветлыя выгляды хат...

Беларусь мая — ветлы, прыхільны народ...

Што-ж у гэтым вершы выклікае ў крытыка «пачуцьцё расчараваньня й пратэсту»?

А вось што:

«Гэтую адвечную Беларусь пісьменьніца малюе адзінокай, па-за сувязьзю зь вялікім расейскім народам»... Сьпяяўшы шумлівыя дыфырамбы на чэсьць «сталінскай дружбы народаў», бальшавіцкі рэцэнзэнт ня можа ўстрымацца ад абурэньня, што «гэтай дружбы савецкіх народаў чамусьці не заўважае К. Буйла. Больш таго, ад некаторых ейных вершаў вее нацыянальнай абмежаванасьцю, імкненьнем абасобіцца й замкнуцца ў рамках сваёй нацыянальнай шкарлупы, імкненьнем ня бачыць таго, што збліжае й злучае ўсе нацыянальнасьці Савецкага Саюзу (ведама, толькі расейшчына «злучае» й «збліжае» гэтыя нацыянальнасьці,дадамо ад сябе.Ст.). Пад словам «Радзіма» паэтка разумее ня ўвесь Савецкі Саюз, а толькі Беларусь. Прычым для яе Савецкая Беларусь ня роўная сярод роўных брацкіх рэспублік Савецкага Саюзу, а абасобленая, «прыгажэйшая», «найдаражэйшая», да якой няма роўных.

Жывучы паза межамі Беларусі, у другой савецкай рэспубліцы, К. Буйла пісала ў 1946 г.:

Зямля мая далёкая,

Зямля мая цудоўная,

Радзіма сінявокая,

Якая-ж табе роўная?

Mo ёсьць і прыгажэйшыя,—

Каму што ў сьвеце глянецца,—

Мая-ж — найдаражэйшаю

Да сьмерці мне астанецца.

Нічога дзіўнага, што падобныя думкі паэткі зьяўляюцца цяжкім праступкам у беларускім нацыяналізьме, бо толькі Расея можа быць «найдаражэйшай» Л «найпрыгажэйшай», а ня нейкая там Беларусь, якая, калі-б ня «братняя помач вялікага расейскага народу» й ня «бацькаўскія клопаты вялікага Сталіна», хіба ўжо даўно шчэзла-б з аблічча зямлі.

У зборніку «Сьвітаньне» зьмешчаны разьдзел «Малюнкі прыроды», які, на думку савецкага крытыка, «выклікае законнае абурэньне ў савецкага чытача» (хіба такога, як сам крытык.Ст.). Вось што чытаем аб гэтых вершах:

«Усе гэтыя «малюнкі» напісаныя пасьля вялікай Айчыннай вайны, калі савецкі народ, радасны й натхнёны сваёй перамогай, з такой-жа радасьцю прыступіў да мірнай стваральнай працы.

Аднак іменна гэтыя гады чамусьці не даспадобы паэтцы. Яна марыць аб нейкай іншай вясьне, аб нейкім іншым шчасьці. Верш «Сягоньня сонца глянула з-за хмар», напісаны ў 1946 г., прасякнуты чужым (у «Зьвязьдзе» проста парасейску — «чуждым».— Ст.) савецкаму народу духам. Паэтка скаржыцца: «I мы пасьля халодных навальніц праменьнямі тваімі не сагрэты».

У вершы «Восень» — «аб вясьне прыгожай і далёкай ціха сьніць узораны папар». У вершы «Сакавік» — «сьпіць пад пухкім сьнегам поле, сьніць яно аб новай долі».

Бальшавіцкі крытык, ня могучы апанавацца ад абурэньня, пытаецца: аб якой «прыгожай і далёкай вясьне», аб якой «новай долі» ідзе гутарка? Савецкі народ з поўным правам называе наш цудоўны час слаўнай вясной камунізму... 3 пачуцьцём патрыятычнай гордасьці савецкі народ называе эпоху сацыялізму вясной чалавецтва. Hi аб якой іншай вясьне ён ніколі не марыў (вось дык шчасьлівы гэты савецкі народ?! Ст.). Якая-ж іншая вясна захапляе К. Буйлу? Такімі-ж настроямі прасякнутыя амаль усе вершы й апошняга разьдзелу кнігі «Сьвітаньне» — «Песьні й думы».

Усе гэтыя й іншыя, тут ня ўспомненыя, напады казённага бальшавіцкага крытыка як ня трэба лепей паказваюць, у якіх жахлівых умовах знаходзяцца беларускія паэты й пісьменнікі «пад сонцам Сталінскай канстытуцыі», дзе яны мусяць штучна заглушаць голас свайго сэрца, рабіць маральнае самагубства, а пісаць толькі на тыя, хоць чужыя для іх, тэмы, што ім вызначаць «партыя й урад», ды пісаць так, як гэтага вымагае казённая бальшавіцкая крытыка. З артыкулу «Зьвязды» таксама бачым, што К. Буйла, сяньня адзіная побач зь Я. Коласам прадстаўніца беларускае паэзыі яшчэ дабальшавіцкага пэрыяду, знайшла ў сабе столькі мужнасьці й адвагі, каб, паміма жудаснага бальшавіцкага маральнага й фізычнага тэрору, апяваць Беларусь такую, аб якой мроіць і да якой імкнецца ўвесь беларускі народ.

«Бацькаўшчына», 31 кастрычніка 1951 г.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by