МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Мы дойдзем! // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Аўтар: Віцьбіч Юрка
Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Раздзел: Проза
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

МЫ ДОЙДЗЕМ!

Калісьці ў мінулым пяшчотна агарнула нас прыгожае, непаўторнае каханьне. З таго часу на суворым жыцьцёвым шляху прыастыгла сэрца, але каханьне назаўсёды засталося з вамі, як застаецца пад грубым і халодным ільдом бурлівы і неўтрапены струмень. Здаецца, яе звалі Марыля, а магчыма — інакш. Ейнае імя ведаеце сёньня толькі вы адны.

Часам, у гадзіны падарожжа, вы радасна ўздрыгнецеся, заўважыўшы наперадзе знаёмыя постаць і хаду. Вы мімаволі прысыіяшаеце крок і, параўняўшыся, адразу пераконваецеся ў сваёй памылцы. Не, гэта не яна. Тая мела прывабны славянскі твар з тонкімі абрысамі вуснаў, зь сінімі задуменнымі вачыма, і валасы ейныя нагадавалі кужаль. Гэта не яна. А часам пачуецца вам зводдаль знаёмы сьмех. Вы ўсхвалявана сьпяшаецеся туды, адкуль ён даляцеў, і, яшчэ не даходзячы, спыняецеся. Не, гэта таксама не яна. Сьмех тае нагадваў і гутарку лясное крыніцы, і сьпеў жаўрука над жытам, і водгульле далёкае жалейкі. Гэта не яна. Гэта не Марыля.

Чаму-ж зьдзіўляецца іншаземец, калі заўважыць, што мы зь юнацкім спрытам сьпяшаемся да нібы знаёмых рэкаў, а потым разгублена аглядаем іхнія берагі. Камусьці з нас спачатку прыгадаўся ціхі Сож пад сівым Крычавам, камусьці хуткаплынная Дзьвіна пад зацятым Вяліжам, камусьці-ж здалося, што гэта ахутаны паданьнямі бацька Нёман паволі агінае Новы Сьвержань. I толькі, трапіўшы на бераг, мы пераконваемся, што гэта нямецкі ідылічны Рэген плыве ў Дунай, адлюстроўваючы ў сабе крушні замкаў Обэрпфальцу, што гэта амэрыканскі, руды ад нафты Дэлявэр сьпяшаецца праз пракураную хвабрычным дымам Пэнсыльванію, што гэта аўстралійскі Мурэй скочваецца з узвышшаў Уэльсу да лагчынаў кэнгуровае Вікторыі. Ня ідуць па іх лайбы і плыты, ня схіліліся над імі ніцыя бярозы і вербы, і не амываюць яны сьвятое Барысавае каменьне. Не, гэта ня Сож, ня Дзьвіна і ня Нёман.

Чаму-ж зьдзіўляецца іншаземец, калі мы, угледзеўшы наперадзе прыгожыя ўзгоркі, хутка ўзьбіраемся на іх, а потым з сумам дзівімся вакол. Адным з нас здалося, што гэта Віцебская Града, другім, што Наваградзкі Горб, а трэйцім прыгадаліся маляўнічыя Панары пад Вільняй. Але зь іх мы бачым не гасьцінцы й курганы, не гарадзішчы й капліцы, а гмахі Нью-Ёрку, капальні Льежу і докі Буэнас-Айрэсу. Не, гэта ня Віцебская Града, не Наваградзкі Горб і не Панары.

Чаму-ж зьдзіўляецца іншаземец, калі мы, дзеці адвечных пушчаў, пабачыўшы лес, кідаемся да ягоных абдымкаў і без спагады спакідаем іх. Хтосьці з нас спачатку прыгадаў Белавежу, некаторыя — Налібокі, а нехта Вокаўскі Лес. Але-ж у запраўднасьці — гэта Елаўстонскі Нацыянальны Парк на мяжы Уайёмінгу і Мантаны, а можа, амазонскія джунглі Бразыліі, калі не канадыйская тайга. Тут не вандруе зубр, ня кукуе зязюля і ня чырванеюць духмяныя суніцы. Не, гэта ня Белавежа, ня Налібокі і ня Вокаўскі Лес.

Чаму-ж зьдзіўляецца іншаземец, калі, пачуўшы, аддалены звон, мы набожна падымаем руку, каб перахрысьціцца, і нечакана апускаецца яна. Нам здалося, што гэта зьвіняць званы Сьвятой Сафіі, а можа, Жыровічаў, а магчыма, касьцёлаў Вільні, і Божая Маці з Войстрае Брамы ўздымае над намі свой амафор. Але-ж гэта толькі мары. Незнаёмыя праведнікі глядзяць каменнымі вачыма на нашае бесхацімнае вандроўе.

I мы ідзём далей. Ідзём празь дзень, праз ноч. Ідзём і ўзімку і ўлетку. Ідзём і ў навальніцы і ў сьпёкі. Мы цягнем з сабой у сьціплых хатылёх няўтольны сум, што балейшы ад Гімаляяў і глыбейшы за Атлянтыку. I нiколі ня можа таго стацца, каб мы не дайшлі нарэшце да свае непаўторнае любові, да сінявокае Беларусі. Занадта вялікае нашае замілаваньне ёю і занадта глыбокая варажнеча да ейных ворагаў, каб гэтае ня зьдзейсьнілася. Але я бачу, як нечакана спазма сьціснула вам горла і задрыжэлі вашыя вусны. На нашых нагах кроў, і крывёю сьцякаюць нашыя сэрцы. Дык дайце руку і пойдзем далей. Ву-унь бачыце там, далёка-далёка, дзе ясьнейшае неба, зноў сінеюць рэкі, чарнеюць лясы і ўздымаюцца ўзгоркі.

Мы дойдзем! Абавязкава дойдзем! Пашчасьліў нам, Божа! Так станься!

ЗША, Саўт-Рывэр, 1950.

«Бацькаўшчына», 29 лістапада 1953 г.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by