МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Аб Беларусі на міжнародным касьцельным кангрэсе “Касьцёл у бядзе” // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Раздзел: Публіцыстыка
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

АБ БЕЛАРУСІ НА МІЖНАРОДНЫМ КАСЬЦЕЛЬНЫМ КАНГРЭСЕ «КАСЬЦЕЛ У БЯДЗЕ»

Ад 21 да 24 кастрычніка сёлета арганізацыя «Ўсходняя Дапамога Сьвятарства» («Ostpriesterhilfe») зарганізавала ў Духоўнай Сэмінарыі ў Кэнінгштайне свой трэйці Кангрэс пад лёзунгам «Касьцёл у бядзе».

Арганізацыя «Ўсходняя Дапамога Сьвятарства» зьяўляецца ўжо сяньня ведамай інтэрнацянальнай арганізацыяй. Спачатку гэта была ініцыятыва аднаго бэльгійскага сьвятара-манаха а. Вэрэнфрыда ван Страатэна, якая імкнулася зацікавіць Бэльгію, Галяндыю, Швайцарыю, Заходнюю Нямеччыну й г. д. і знайсці ў іх дапамогу для касьцёла ў Усходняй Нямеччыне і сярод усходня-нямецкіх уцекачоў у Заходняй Нямеччыне, які знаходзіцца ў вялікай бядзе. Але хутка арганізацыя мусіла расшырыцца й зацікавіцца ўсімі ўсходняэўрапэйскімі ўцекачамі ў Заходняй Эўропе, і за некалькі год змагла яна ўжо прыйсьці ім зь вялікай дапамогай.

Ад 1951 году арганізуе «Ўсходняя Дапамога Сьвятарства» штогоднія кангрэсы сваіх супрацоўнікаў, успамагальнікаў і ўспамаганых. Рэфэраты II кангрэсу (1952) зьявіліся цяпер кніжным выданьнем („Kirche in Not", Konigstein, 1943, бал. 156), якія зьмяшчаюць узрушаючыя справаздачы аб перасьледваньнях хрысь-ціянства амаль ува ўсіх краінах за зялезнай заслонай.

У гэтым годзе былі ў асаблівасьці прастудыяваныя праблемы цяжкага палажэньня сьвятарства. Гэтыя рэфэраты паявяцца таксама хутка ў кніжным выданьні.

На другім Кангрэсе справа перасьледваньня хрысьціян у Беларусі ня была рэфэраваная з прычыны адсутнасьці рэфэрэнта. У гэтым-жа годзе была заступленая й нашая краіна, праўда, ня ўроджанымі беларусамі, але двума шчырымі прыяцелямі нашае Бацькаўшчыны, Яго Эксцэленцыяй біскупам Слоскансам, Апостальскім Візытатарам для беларусаў, і нашаму грамадзянству вельмі добра ведамым а. Робэртам ван Кавэлертам. Першы быў ганаровым сябрам Кангрэсу; другі пастараўся падаць голас аб Беларусі, пайменна з палкім перакананьнем і самаадданасьцю, якімі ён ад раду гадоў абдарае нашую беларускую студэнцкую моладзь. Ягоны рэфэрат глыбака ўзварушыў сотні ўдзельнікаў Кангрэсу.

Пасьля гэтага адзін украінскі ўдзельнік Кангрэсу яго запытаў: «Ад якога часу знаходзіцеся Вы на Захадзе? » А калі ён пачуў, што рэфэрэнт зьяўляецца бэльгам, адказаў: «Ніводзін беларус ня мог-бы лепей гаварыць аб Беларусі».

Ніжэй мы перадаём рэфэрат а. Робэрта ў кароткім пераказе й вынятках.

Свой зьмястоўны і ўніклівы рэфэрат, абапёрты на глыбокай знаёмасьці беларускай гісторыі й гісторыі хрысьціянства на Беларусі, распачаў а. Робэрт наступнымі словамі:

«Із справаздачаў мінулага Кангрэсу вынікае, што на ім ня рэфэравалася аб цяжкім палажэньні касьцёлу на Беларусі. З тае прычыны, што таксама і ўчора вечарам, хаця пад старшынствам Беларускага Апастольскага Візытатара, падчас малітвы за перасьледваны касьцёл, імя Беларусі ня было ўспомненае, ня буду я рабіць вываду, што аб гэнай беднай краіне хоча забыцца й гэты Кангрэс, дзе гаварылася аб усіх іншых краінах за зялезнай заслонай, і ніводнага рэфэрату ня было прысьвечана Беларусі, апрача некалькі пераблытаных зацемак у расейскім рэфэраце. Дзеля гэтага я уважаю, што тым больш зьяўляецца неабходным рэфэрат аб Беларусі. Хаця я сам не зьяўляюся беларусам,— і гэта найглыбей мяне засмучае — уважаю за сваю чэсьць магчы тут заступаць беларусаў».

Коратка ўспомніўшы аб геаграфічным палажэньні Беларусі і аб тым, што яна, нараўні з Украінай, фактам сяброўства ў міжнародных арганізацыях зьяўляецца вызнаная апрычонай нацыяй усімі камуністычнымі и некамуністычнымі дзяржавамі, дакладчык коратка, але зьмястоўна насьветліў галоўныя этапы гісторыі Беларусі й гісторыі хрысьціянства ў нашай Бацькаўшчыне.

Нельга не прытачыць тае часткі рэфэрату а. Робэрта, у якой ён гаворыць аб гісторыі беларускага вызвольнага руху найнавейшае пары, а гэта з гледзішча на глыбокую знаёмасьць і правільнае разуменьне нашай нацыянальнай праблемы. I так а. Робэрт гаварыў:

«25 сакавіка 1918 году была абвешчаная незалежнасьць Беларусі, якая была вызнаная рознымі краінамі Эўропы дэ факто і дэ юрэ, калі ўзноў Рыскім трактатам (18 сакавіка 1921) была разьдзёртая між Расеяй і Польшчай.

Ад 1945 году былі ўзноў задзіночаныя абедзьве часткі Беларусі ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Згодна апошніх статыстык да беларускай нацыі належаць паводля мовы каля 15 мільёнаў душ унутры й вонках гэтай савецкай рэспублікі.

У 1918 годзе было каля аднэй пятай часткі, г. зн. каля трох мільёнаў беларусаў, каталікамі; чатыры апошнія пятыя належалі да арыентальнага абраду. Ад часоў Брэскай уніі (1595) былі яны афіцыяльна задзіночаныя з Рымам, але ў сярэдзіне XIX ст. пасьля высяленьня уніяцкіх каталіцкіх сьвятароў былі яны прымусова прылучаныя да Расейскай Праваслаўнай Царквы. Пасьля таго, калі яны ў 1905 годзе атрымалі рэлігійную свабоду, вярнуліся яны цэлымі парафіямі да каталіцкага касьцёла. Калі-б было тады дастаткова беларускіх сьвятароў і калі-б усходні абрад быў дазволены, каталіцкі касьцёл мог-бы бязь цяжкасьцяў здабыць для сябе амаль усю Беларусь».

Наступную частку свайго рэфэрату а. Робэрт прысьвяціў палажэньню праваслаўнай царквы й каталіцкага касьцёла на Беларусі пасьля Першай сусьветнай вайны, падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусьветную вайну й сяньня, калі перасьледваньне рэлігіі асягнула свой кульмінацыйны пункт. Ён паінфармаваў, што ў 1921 годзе мела Беларусь паўтузіна каталіцкіх і сем праваслаўных біскупскіх дыяцэзіяў. Пасьля разьдзелу Беларусі Рыскім трактатам асталіся ў савецкай Беларусі толькі дзьве апастольскія адміністратуры: у Менску й Магілёве, у якіх апошнім Апастольскім Адміністратарам быў Я. Э. біскуп Слосканс. Толькі гэтыя адміністратуры абыймалі каля аднаго мільёну каталікоў лацінскага абраду й 60 сьвятароў: 40 у Менску і 20 у Магілёве. Перад тым, калі Я. Э. біскуп Слосканс у 1927 годзе быў арыштаваны, хацеў ён якраз у сваім прыватным памешканьні прытагаўляць кандыдатаў на сьвятароў. Пасьля гэтага сьвятары былі арыштоўваныя адзін за адным, што ня ведама, ці сяньня астаўся на Беларусі хоць адзін каталіцкі сьвятар.

У Польшчы былі беларусы падзеленыя між некалькімі дыяцэзіямі, зь якіх некаторыя мелі свае духоўныя сэмінарыі. Аднак беларускія кандыдаты на сьвятароў амаль ня мелі магчымасьці быць у іх прынятымі, бо «было ўжо дастаткова кандыдатаў», пайменна з Польшчы.

Перасьледваньне трывала й падчас нямецкай акупацыі, калі два апошнія беларускія біскупы Неманцэвіч і архімандрыт Абрантовіч былі нямецкім гэстапо арыштаваныя.

Сяньня ў Беларусі знаходзіцца каля 4 мільёнаў каталікоў лацінскага абраду і 25 000 усходняга абраду, але для іх няма аніводнага біскупа й аніводнага сьвятара. Есьць там толькі залежная ад Масквы праваслаўная царква, называная беларускай нацыянальнай царквой. Але яна зьяўляецца так сьцісла падпарадкаванай маскоўскаму патрыярху, што ні разу ня мела собскай мітраполіі і ніколі не тварыла собскай правінцыі патрыярхальнай царквы.

Далей а. Робэрт зрэфэраваў палажэньне беларускай праваслаўнай і каталіцкай царквы на эміграцыі. Ён адцеміў, што каталікі маюць свайго Апостальскага Візытатара у асобе Я. Э. біскупа Слосканса, назначанага на гэтае становішча ў 1952 годзе. Пад ягонай юрысдыкцыяй знаходзіцца 6 сьвятароў: 4 лацінскага і 2 усходнага абраду.

Беларуская праваслаўная эміграцыя парвала амаль усякую лучнасьць зь герархіяй маскоўскага патрыярхату. Яна абнятая Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой, якая мае на эміграцыі двух япіскапаў і 5 сьвятароў.

Апошнюю частку свайго дакладу прысьвяціў а. Робэрт беларускім студэнтам у Лювэне, якімі ён спэцыяльна апякуецца.

Падчыркнуўшы вялікую нацыянальную салідарнасьць і глыбокую рэлігійную талерантнасьць гэтых студэнтаў, рэфэрэнт, як прыклад гэтага, падаў наступныя факты:

«Ад пяцёх год гэтыя студэнты із сваіх недастатковых стыпэндыяў зусім адны несьлі цяжар духоўнага абслугоўваньня ўсіх праваслаўных беларусаў у Бэльгіі. Апрача гэтага,яны ўмажлівілі студыі ў Лювэнскім унівэрсытэце аднаму маладому праваслаўнаму сьвятару і, незалежна ад таго, што амаль усе яны зьяўляюцца праваслаўнымі, з хрысьціянскай і нацыянальнай салідарнасьці ўзялі на сябе цяжар памагаць у тэалягічных студыях аднаму каталіцкаму тэалёгу і аднаму каталіцкаму гімназістаму.

Як капэлян гэтых беларускіх студэнтаў, прыводжу я гэтыя ўзапраўды надзвычайныя і, магчыма, у сваім родзе адзіныя сьведчаньні зь вялікай гордасьцю і з тым большым падзіўленьнем, бо я асабіста ведаю, як гэтыя студэнты перавыдаткоўваюць і абцяжваюць кажнага году свой собскі бюджэт, каб забясьпечыць гэныя сэмінарыйныя стыпэндыі і гэную апастольскую дзейнасьць.

25 сакавіка 1952 году Ягоная Эмінэнцыя кардынал Тыссэран, сакратар Арыентальнай Кангрэгацыі, афіцыяльна вызнаў гэтыя заслугі, калі ён спэцыяльна быў прыбыў з Рыму ў Лювэн, каб высьвяціць новы інтэрнат беларускіх студэнтаў.

Я уважаю, што й мы павінны гэтых студэнтаў сваім чынам таксама падбадзёрыць. Я ўпаўнамочаны гэтымі студэнтамі запэўніць «Усходнюю Дапамогу Сьвятарства» аб іхным сталым супрацоўніцтве, дзе-б гэта было патрэбным, прыкладам, удзелам іхнага надзвычайнага студэнцкага хору ў прапагандных імпрэзах і г. п. Я прашу высокапаважаных спадароў Прэзыдыюму «Усходняй Дапамогі Сьвятарства» не адхіляць гэтай прапановы, бо яна, на маю думку, можа быць вельмі вартасным удзелам у ўсходняй сьвятарскай дапамозе».

Свой глыбокі рэфэрат закончыў а. Робэрт словамі:

«Ужо раз у гісторыі Беларусі, пасьля 1905 году, вялікія масы верных із зрусыфікаванай праваслаўнай царквы ператрывалі ў рэлігійным і нацыянальным духу й захавалі свае рэлігійныя традыцыі, і гэта пасьля таго, калі яны, пазбаўленыя нацыянальных сьвятароў, на працягу поўстагодзьдзя толькі пры Божай помачы перахавалі скарбы веры і ставілі іх вышэй усякіх рытуальных пытаньняў. Што беларускі народ даканаў тады, гэта зможа ён даканаць і ў будучыні пры помачы шматлікіх акадэмікаў, якіх выхоўвае цяпер Лювэнскі ўнівэрсытэт для будучыні Беларусі. I гэтым разам не апусьціць іх помач Божага провіду, якая станецца заслугай духа ахвяры й апастольскага ідэялізму нашых лювэнскіх студэнтаў».

«Бацькаўшчына», 15 лістапада 1953 г.

ЮРКА ВІЦЬБІЧ


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by