|
ДА БЕЛАРУСКАИ ЭМІГРАЦЫІ
Дарагія Сёстры й Браты,вітаю Вас усіх на чужыне з 34-й гадавінай абвешчаньня Беларускай Народнай Рэспублікі Сувэрэннай Дзяржавай і жадаю Вам сілы й вытрываласьці ў далейшым змаганьні за поўную рэалізацыю ідэалаў БНР.
Дарагія Суродзічы, Эмігранты!
32 гады таму Рада і Ўрад БНР пакінулі тэрыторыю Беларусі, выносячы з сабой сьцяг сувэрэнных правоў Беларускага Народу.
32 гады ворагі нашыя працягвалі безупынку свае хцівыя рукі да гэтага сьцягу.
Вырваць ім яго, аднак, не ўдалося. Hi правакацыі, ні дывэрсійныя падступы ім не памаглі. I сяньня вось, як штогоду, вы дэманструеце на цэлым сьвеце сваю нязломную волю ў абароне гэтага, нам сьвятога, сьцягу.
Але сяньня, як шчэ ніколі, не ўглядаўся з такой увагай і такім зацікаўленьнем цывілізаваны сьвет на гэтую нашую дэманстрацыю, на кожны наш pyx.
Сяньня ўвесь цывілізаваны сьвет у прысьпешаным парадку мабілізуе ўсе свае маральныя і матэрыяльныя рэсурсы для змаганьня зь ненавісным усім, агрэсыўным бальшавізмам, ды штораз то мацней і з большым упэўненьнем чуюцца галасы больш адказных дзяржаўных мужоў сьвету, што збройны канфлікт з бальшавіцкай тыраніяй — няўхільны.
Такая міжнародная сытуацыя вымагае ад нас тым больш быць змабілізаванымі, быць гатовымі ў кожную часіну заняць сваё месца.
Было-б сьмяртэльна небясьпечным для будучыні Беларусі, калі-б мы, беларуская тут эміграцыя, будучы сьветкамі гарачкавай падрыхтоўкі вольнага сьвету да змаганьня з нашым акупантам, ня выкарысталі нашых магчымасьцяў у мабілізацыі нашых тут маральных і матэрыяльных рэсурсаў ды не прарабілі шляху тэй падрыхтоўча -дыпляматычнай працы ў спакойны шчэ сяньня час, якую ў разгары ваенных падзеяў было-б мо прарабляць і немагчыма.
Высілкамі нашай перадавой і ахвярнейшай эміграцыі на чале з Радай і Урадам БНР шмат чаго ўжо прароблена, як на нутраным, так і вонкавым форуме, але шмат і вельмі шмат чаго яшчэ застаецца дарабляць, здабываць, умацоўваць здабытыя пазыцыі, бо ворагаў нашай вызвольнай справы маем ня мала і тут — па-за зялезнай заслонай, якія цікуюць за намі, каб у кожным адпаведным мамэнце выштаўхнуць нас звонку ці разьбіць, аслабіць знутра. Мы ня можам таму адпружываць свае ўвагі, свае пільнасьці ні на хвілінку.
Праца гэта — цяжкая, але абавязкі нашыя, сумленьне нашае, як вольных людзей зьняволенага народу, змушаюць нас да гэтае цяжкое працы, калі мы толькі ня хочым і надалей застацца на доўгія вякі нявольнікамі нашых злых суседзяў ды навекі вечныя быць праклінанымі нашымі пакаленьнямі.
У дзень сяньняшняга нашага нацыянальнага сьвята, у 34-ю гадавіну гэраічнага змаганьня беларускага народу, я заклікаю ўсю беларускую эміграцыю ўзважыць сур'ёзнасьць абставінаў і павялічыць як мага сваю актыўнасьць.
Я заклікаю ўсю патрыятычную беларускую эміграцыю выказаць максымум маральнай і матэрыяльнай падтрымкі нашым дзяржаўна-палітычным органам у іх так цяжкой і адказнай працы.
У імя агульнага дабра і шчасьця беларускага народу я горача заклікаю ўсё жывое беларускае за граніцай пад сьцяг БНР — сьцяг нязьменны, незаменны і непераможны.
Я заклікаю ўсю беларускую эміграцыю да братняй любові і згоды і да бескампраміснага змаганьня з тыранамі беларускага народу ды іхнімі памагачамі — ворагамі нашага адзінага, супольнага беларуска-вызвольнага фронту.
Жыве Беларусь у змаганьні! Жыве БНР!
Мікола Абрамчык Прэзыдэнт Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У сакавіку 1952 г.
«Бацькаўшчына», 30 сакавіка 1952 г.
