МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

На загад нацыі // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Аўтар: Менскі Язэп
Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Раздзел: Публіцыстыка
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

ЯЗЭП МЕНСКІ 1

НА ЗАГАД НАЦЫІ

Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай». Гэтак ад імя народу 34 гады таму назад праклямавала Рада БНР.

Здавалася, праламаўшы цяжар стагодзьдзяў чужацкае няволі, уваскрэсла слаўная мінуўшчыня народу. Здавалася, народ узяў у свае собскія рукі свой лес і шчасьце, адабранае ў яго ліхадзеямі-чужынцамі. Здавалася, збыліся найясьнейшыя мары,— бо што можа быць найвышэйшага за собскае незалежнае гаспадарства! Яно — аснова асноваў усяго. Створанае нацыяй, адно яно дае запраўдныя, неабмежаныя магчымасьці для станаўленьня й поўнага росквіту нацыі.

I ня віна народу, што гэтаму ўзьлёту ня было суджана тады стацца летам, што нашае незалежнае гаспадарства было здушанае гэнай самай ліхадзейнаю сілай, адно на гэты раз перафарбаванай на чырвоны колер. Toe, што Сакавіковы Акт ня стаўся доўгатрывалай гаспадарстваўскай рэальнасьцяй,— ніколькі ня зьніжае ягонага вялізарнага нацыянальна -гістарычнага значаньня. Ён стаўся нашым ідэалам, за ўжыцьцёўленьне якога вось ужо колькі дзесяцігодзьдзяў трывае няўцішнае змаганьне. Змаганьне забрала нязьлічоныя тысячы ахвяраў, але не запыняецца, і гэта пераконвае нас, што яно ўкарануецца перамогаю.

У імя незалежнасьці былі хапіліся за зброю слуцкія паўстанцы. Навет каты нашае незалежнасьці мусілі былі лічыцца з патрабаваньнямі народу ды пайсьці на сякія-такія вымушаныя часовыя ўступкі. Хоць-бы той факт, што была створаная БССР або палітыка гэтак званай беларусызацыі. Нам зьдзеклівым здаецца гэты тэрмін, бо якая гутарка можа ісьці пра беларусызацыю Беларусі. Гутарка можа быць адно пра стварэньне запраўднае нацыянальнае культуры ў найшырэйшым значаньні гэтага слова, улучаючы сюды й гаспадарственасьць. Гэтак і паставілася была беларуская інтэлігенцыя, выкарыстоўваючы «беларусызацыю» для будаваньня апрычонага нацыянальнага быцьця. Адно за колькі гадоў гэтак была сягнула наперад, разьвінулася нацыянальная справа, што трэ было дзіву давацца, колькі меў энэргіі творчы дух народу.

Але ў тым-то й рэч, што БССР ніколі ня была беларускім нацыянальным гаспадарствам. I таму той, хто яе стварыў, мабыць, прыйшоўшы ў жах ад «беларусызацыі», рынуўся з узьюджанай сілаю вынішчаць усё нашае нацыянальнае. Падзьмуў ня вецер, а навальніца з Усходу. I гэтым разам вораг замахнуўся на самае галоўнае — наважыў адабраць мозаг у народу, сьцяць галаву — наважыў дазвання вынішчыць нацыянальна адданую інтэлігенцыю, каб пасьля лягчэй было апанаваць і ўвесь народ.

Катавалі, расстрэльвалі, ссылалі на далёкую поўнач нашых палітыкаў, якія ў тайніках душы бераглі мары пра адбудову незалежнага краю; нашых вучоных, у працах, якіх беларускі народ ад даўніх стагодзьдзяў паўставаў у вобразе народу нацыянальна апрычонага з собскай гаспадарсьцьвенасьцю ды багацейшай ад іншых культурай; нашых пісьменікаў, якія ўслаўлялі красу нацыянальнасьці; нашых гаспадарнікаў, якія плянавалі гаспадарчае ўнезалежненьне краю; нашых інжынэраў, якія праектавалі нацыянальную прамысловасьць; нашых вучоных аграномаў, якія даводзілі пра нявычэрпныя сельскагаспадарчыя магчымасьці Беларусі; нашых настаўнікаў, якія ўзгадоўвалі дзяцей і моладзь у любасьці ды пашане да свайго народу й культуры. Гэтак пасьля «перадышкі» пачаў свой д'ябальскі паход супраць найменшых праяваў нацыянальнага неўтамаваны, разгойсаны чырвоны расейскі імпэрыялізм.

Адыходзілі адны, іх заступалі іншыя, зьменьваліся спосабы змаганьня, але яно не запынялася, каб празь нейкі час, ужо ня гэтак даўна, выбухнуць з новаю сілай і на гэты раз сілай збройнаю. Далёка за межамі Беларусі прагучэла слава нашых гэраічных партызанаў, якія вырушылі ў бой супраць чырвонага расейскага сатрапа.

I ўсё гэта змаганьне больш як праз тры дзесяткі гадоў у імя аднаго-адзінага ідэалу — у імя незалежнасьці. Ідэя незалежнасьці сталася ўсеабдымнай, сынтэзуючай ідэяй для ўсяго нашага змаганьня, сталася найвышэйшай, сьвятарнай ідэяй, ідэяй у дзеі. Гэта азначае, што яна стала народнай сьведамасьцяй і ў гэтым ейная неадольная ды пераможная сіла. Найменшае збочваньне ад гэтае ідэі ёсьць здрадай у нашых умовах.

Якое-ж месца займае беларуская эміграцыя ў гэтым народным ходаньні? Якраз на эміграцыю самой гісторыяй ускладзена асаблівая роля.

Ужо адно тое. што на выгнаньні знаходзіцца Рада БНР зь ягоным прэзыдэнтам як адзіна запраўдным рэпрэзантантам нашага народу — прамаўляе само за сябе.

Заслуга нашае эміграцыі самперш у тым, што яна, бадай як ніхто, прычынілася да папулярызацыі Бацькаўшчыны, імя ейнага народу сярод дэмакратычнага сьвету, які да гэтага мала, а то й зусім нічога ня ведаў пра нас. Усё, што робіцца ў гэтым кірунку — ад удзелу нашае эміграцыі ў палітычных акцыях паняволеных бальшавізмам народаў, ад выставаў народнага мастацтва й выступленьняў ансамбляў да звычайнае інфармацыйнае даведкі пра Беларусь — трэба горача вітаць, бо ўсё гэта ськіравана да аднае мэты: расказаць пра край забраны, пра шматмільённы народ, які мае сваю гісторыю, багатую народную культуру, сваю адменную псыхалёгію, пра народ, у якога гвалтам адабралі ягоную нацыянальную гаспадарсьцьвенасьць, але не асілілі адабраць волі й наважанасьці адваяваць адабранае.

Людзі вымушана пакінулі Бацькаўшчыну, але пайшлі ў сьвет з пачуцьцямі й думкамі пра яе ды наважылі апэляваць перад вольным сьветам, каб ён заступіўся або хоць-бы напачатак пачуў голас пратэсту паняволенага народу.

I калі ўзяць на ўвагу, што бадай няма такой вольнай краіны на сьвеце, дзе ня было-б беларускіх эмігрантаў, ды калі скласьці разам усё зробленае — ад большага да самага на першы пагляд нязначнага — дык зьбярэцца спорная дзялянка. Хіба найважнейшае ў гэтай справе тое, што яна зьяўляецца выражэньнем тое-ж ідэі, якая ўвасоблена і ў векапомным Сакавіковым Акце.

Але мы апынуліся на эміграцыі ў надзвычайна адказны мамэнт, у пераломную часіну.

Да гэтага часу дзейнасьць нашае эміграцыі насіла пераважна культурніцкі характар. Кажнаму зразумела вялікае значаньне культурна-нацыянальнай працы, асабліва для беларускае эміграцыі. Але запыняцца сяньня на гэтым будзе азначаць неразуменьне гістарычнае важнасьці мамэнту, будзе азначаць плясьціся ў хвасьце ды апынуцца наводшыбе ліхаманкава насьпявальных палітычна-грамадзкіх падзеяў, зь якімі ў канцовым выніку зьвязаны й лес нашае Бацькаўшчыны.

Недаравальным злачынствам будзе, калі мы апынімся ў ролі адно староньніх рэгістратараў падзеяў. Галоўная ўвага мусіць быць ськіраваная ў палітычную плашчыню. Сюды трэба кінуць усё найбольш здольнае, нацыянальна сьведамае. Няблага скакаць «Лявоніху», але а дно празь «Лявоніху» мы не здабудзем сабе месца ў палітычным сьвеце. Адно з галоўных заданьняў зьмяшчаецца ў тым, каб спрамагчыся вынесьці беларускую справу на балонкі заходняга друку. Усе высылкі трэба прыкласьці для дасягненьня гэтае мэты. Чым больш ды галасьней будзе пісацца, тым папулярнейшай будзе нашая справа. Гэта разам зь іншымі палітычнымі акцыямі дапаможа заняць нашаму народу пэўнае месца ў грамадзка-палітычнай думцы Захаду, што так патрэбна на будучыню.

Сяньняшняя палітычная сытуацыя ў сьвеце вымагае асаблівае актывізацыі й нашых палітычных дзейнікаў і ўсяе эміграцыі. Але ня можа быць запраўднае, мэтаімклівае актывізацыі без арганізаванасьці, без задзіночаньня эміграцыі. З сумам даводзіцца канстатаваць, што нам і не стае ўпаўніні гэтага самага істотнага. А якраз ад таго, як будзе зарганізавана нашая эміграцыя, будзе залежаць і размах ейнай дзейнасьці, і ейная гатовасьць актыўна прычыніцца да вырашэньня кардынальнага пытаньня — справы вызваленьня Беларусі. Адно праз арганізаванасьць мы можам станавіць пэўную сілу, пэўны грамадзка -палітычны дзейнік, зь якім могуць і будуць лічыцца, адно праз задзіночаньне мы можам дасягнуць пэўнае мэты.

Найгоршым ворагам нацыянальнае справы зьяўляецца той, хто чакае на гатовае ды пацяшае сябе бястурботным прыездам на вызваленую Бацькаўшчыну. Мы мусім узгадаваць у сябе самперш пачуцьцё абавязку ў імя вызваленьня Бацькаўшчыны. Мройнікі, якімі-б яны ні былі, будуць глыбака нялюбымі народу, калі яны ўжо сяньня ўважаюць сябе за «заслужаных» адно таму, што зьяўляюцца эмігрантамі ды яшчэ, як кажуць, палітычнымі. Пра заслугі яшчэ гутарка наперадзе — у змаганьні, у ахвярнасьці й самаахвярнасьці ў найбольш вызначальны, конавы мамэнт.

I практыка мінулага і сяньняшняе палітычнае афішаваньне нашых «дабрадзеяў» на эміграцыі сьцьвярджае адно: за Беларусь, мо як ніколі да гэтага, трэба будзе змагацца. Мы спадзяемся, што, раней ці пазьней, надыйдзе зудар бальшавіцка-мангольскага Ўсходу з дэмакратычным Захадам. Мы таксама верым, што ў працэсе гэтага ходаньня за перамогу сілаю самога ходаньня будуць створаныя найбольш спрыяльныя акалічнасьці для заваёвы свае нацыянальнае гаспадарсьцьвенасьці й нашым народам. Так, для заваёвы, бо ніхто нам яе гатовай, сьвежа сьпечанай ня дасыць.

У гэтым змаганьні й эміграцыя мае адыграць не апошнюю, а мо навет а дну зь першых роляў — ад нашых палітыкаў да моладзі ўлучна. Мы можам сьніць пакутныя, гарачыя сны пра Бацькаўшчыну, але змушаны будзем разрываць нашымі, вось гэтымі рукамі ланцугі няволі ды змагацца, каб не скавалі новымі, змадэрнізаванымі, але зробленымі ўсё тымі-ж, добра нам знанымі, няпрошанымі аматарамі ад «апякунства», якім гэтак да смаку прыйшліся нашыя землі. Вось у гэтым кірунку й трэба ўзгадоўваць усю эміграцыю.

Выходзячы з вышэйзгаданых патрабаваньняў, мусім не для собскае карысьці сьцьвердзіць, што спорная частка эміграцыі надзіва маўклівая, маўклівая да неапраўданасьці. Найгорш тое, што сяньня людзі пачынаюць хварэць на апатыю, абыякавасьць і ў плашчыні грамадзкай і ў плашчыні прыватных дачыненьняў міжсобку. У шмат каго месца нацыянальнага абавязку заступав нізкая, дробязна-капеечная матарыяльнасьць, гойсаньне за мяшчанскім пульхным дабрабытам. Гэтак людзей зацягвае твань абываталыичыны, яны глухнуць да нацыянальнае справы, трацяць навет звычайнае чалавечае пачуцьцё ўзаемнае дапамогі. Асаблівую ўвагу трэба зьвярнуць на гэта, змагацца як з пошасьцяй, каб усьцерагчы людзей ад беззваротнага ідэйнага упадку.

Наша мэта — стварыць сцэмэнтаваную ад першага да апошнага, дынамічна дзейную грамаду. Нам гэтак патрэбная ўзаемная непарыўная лучнасьць, якая ў нашых эмігранцкіх умовах выканае ролю магутнага стымулу да дзейнасьці, будзе несьці сьвежае паветра, сьвежы грамадзкі подых у вадцятую ад свайго сьвету, вымушаную эмігранцкую адзіноту -пустэчу ды праз гэта падымаць людзей да занядбанай працы. Мы мусім берагчы кажную адзінку, бо з адзінак творыцца, вырастае грамада.

Мы стаімо перад абліччам конавага мамэнту. Сустрэць у поўнай гатовасьці вырашальны мамэнт — наш сьвяты, жыцьцём дадзены й прадыктаваны абавязак, які мусіць быць выкананы як загад нацыі. Мы мусім стацца штурмовым аддзелам ужо сяньня, каб ня быць бязраднымі, калі над сьветам успалыхне полымя ўсеагульнага змаганьня супраць тыраніі расейскага бальшавізму. А гэта вымагае ад нас ужо сяньня напорнае працы, запраўднае адданасьці справе, згуртаванасьці ды матар'яльных сродкаў, якія мы можам і павінны даць для фінансаваньня агульнае справы, без чаго ўсё ператвараецца адно ў недалужную балбатню.

Шукаць нам шляху ня трэба. Ён з гранічнай выразнасьцю вызначаны Сакавіковым Актам, паліты крывёю змаганьня самаахвярных сыноў нашага народу.

Не зважаючы на цемрашал, які спраўляе свой крывавы баль на нашай Бацькаўшчыне, мы разам з народам ні на часіну не перастаем верыць, што быць Уваскрошаньню Беларусі. I хіба адно на ўспамін — пастрашышча пра нялюдзка жудасную пару ў сваёй гісторыі народ насыпле капец з асінавым калом для « ўшанаваньня» крывавых прыблудаў-акупантаў ці то з-пад маскоўскае бальшавіцкае зоркі, ці то з-пад розных безгаловых арлоў.

З. Ш. А.

«Бацькаўшчына». 25 сакавіка 1952 г.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by