МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Чаму нас не разумее Захад? // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Аўтар: Каранеўскі Язэп, Станкевіч Станіслаў
Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Раздзел: Публіцыстыка
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

ЯЗЭП КАРАНЕЎСКІ 1

ЧАМУ НАС НЕ РАЗУМЕЕ ЗАХАД?

Праз расейскія акуляры

Адным з найбольш ненармальных і шкодных нам зьявішчаў у дачыненьні Захаду да падрасейскага, а цяпер падсавецкага Ўсходу ёсьць пагляд, што ўсе тыя тэрыторыі, якія ляжаць на ўсход ад Буга й Сану — гэта Расея, а ўсе тыя народы, што гэтую вялізарную тэрыторыю засяляюць,— гэта ў аснаўным расейцы. Праўда, кажны інтэлігентны чалавек Захаду ведае, што на тэрыторыі аднэй шостай жыве цэлая мазаіка розных народаў і плямёнаў, аднак ён не здае сабе дастаткова справы з таго, якая ступень іхнае апрычонасьці, якое іх гістарычнае мінулае, як яны апынуліся ў складзе расейскае імпэрыі, якія іх нацыянальныя імкненьні й палітычныя асьпірацыі, а галоўнае — на чым гэтыя імкненьні базуюцца.

Для шэрага заходняга інтэлігента, не гаворачы ўжо аб простай народнай масе,— нерасейскія славянскія народы — беларусы, украінцы й казакі — гэта толькі адгаліненьні аднаго й таго самага народу расейскага, а народы неславянскія — гэта яшчэ першабытныя плямёны, перамешаныя з расейцамі, якія ня маюць ані гістарычнай традыцыі, ані выразных нацыянальных імкненьняў, а зьяўляюцца толькі этнаграфічнай масай, што знаходзіцца яшчэ на прымітыўным узроўні свайго разьвіцьця й незалежна ад Расеі існаваць ня можа. Для такога роду заходніх ляікаў — а іх бальшыня навет сярод інтэлігенцыі — грузін або туркестанец у сваёй нацыянальнай дасьпеласьці й гістарычнай традыцыі нічым ня розьніцца ад якута або чэраміса.

Паўстае тады пытаньне, дзе фактычна хаваецца прычына такога хвальшывага пагляду й няведаньня ўзапраўдных нацыянальных дачыненьняў на ўсходзе Эўропы й у падсавецкай Азыі, дзе прычына такой ігнаранцыі й замарочаньня паняцьцяў ў паглядах на ўсходнюю праблему? Бо ў той час, калі гэты-ж шэры заходні інтэлігент больш-менш здае сабе справу з нацыянальных дачыненьняў зусім прымітыўных каляровых народаў Афрыкі ці паўдзённа-ўсходняй Азыі, ён зьяўляецца поўным анальфабэтам у сваіх паглядах на такія народы, як беларусы, украінцы, туркестанцы ці каўказцы, якія маюць куды багацейшую гістарычную мінуўшчыню за расейцаў, а сяньняшняя культурная ўзроўня якіх зусім ня ніжэйшая, чымсьці ў расейцаў, якія ў дадатак зьяўляюцца ягонымі недалёкімі суседзямі.

Калі заходні сьвет выказвае такую незнаёмасьць сяньняшніх падсавецкіх народаў, то ўжо аб іхных нацыянальна-вызвольных імкненьнях, як і аб рэальнасьці й мэтазгоднасьці гэтых імкненьняў ён арыентуецца яшчэ менш. У ўяўленьні людзей Захаду Расея — гэта нешта настолькі суцэльнае й арганічна зьвязанае, што ейны распадзел на нацыянальныя дзяржавы выдаецца нечым нерэальным, немэтазгодным, а навет — праступным. У той час, калі гэтыя людзі ўспрыймаюць распадзел Брытанскае імпэрыі й унезалежненьне ейных калёніяў як нешта зусім натуральнае й гістарычна неабходнае, яны ніяк ня могуць пагадзіцца з думкай, што падобны лес павінен спаткаць таксама й Расею. Таму да нацыянальна -вызвольных рухаў нерасейскіх народаў ставіцца Захад недаверліва, вычэкваюча, а у найлепшым выпадку — абыякава.

«Адзінанедзялімаўская» палітыка Захаду

Есьць дзьве аснаўныя прычыны такой заблытанасьці паняцьцяў у дачыненьні да ўсходняй праблемы: адна, калі так можна выразіцца, нутраная, а другая — вонкавая, якая зьяўляецца непасрэдным вынікам замежнай палітыкі заходніх дзяржаваў у дачыненьні да Расеі. Захад, а у тым ліку й ЗША, доўгі час уважаў, што для раўнавагі сілаў у сьвеце ім патрэбная вялікая й сільная Расея, якая балянсавала-б дзве магутныя дынамічныя дзяржавы — Нямеччыну з захаду й Японію — з усходу. Да гэтага далучаўся мамэнт эканамічны — вялікая й індустрыяльна адсталая Расея ўважалася за выгадны рынак збыту, на які Захад мог кідаць надвыжку сваёй прамысловай прадукцыі й адкуль мог даставаць патрэбную яму сыравіну. Заходнія дзяржавы ўважалі, што куды выгадней мець гандлёвыя інтарэсы з адным вялікім кліентам, чымсьці з цэлым радам кліентаў дробных.

Выходзячы з гэтых, чыста практычных, меркаваньняў, заходняя палітыка аж да апошняга часу разьвівалася ў кірунку захаваньня вялікай Расеі, а таму ня толькі ня была яна зацікаўленая ў паддзержываньні незалежніцкіх рухаў нерасейскіх народаў, але наадварот, гэтыя рухі былі ёй не на руку, а таму й не знаходзілі яды на Захадзе ніякай сымпатыі. Ясна, што такая палітыка Захаду зрабіла свае: яна на працягу доўгіх дзесяцігодзьдзяў сыстэматычна ўзьдзейвала на заходнія грамадзянствы й адпаведна фармавала іхную апінію аб нацыянальнай праблеме Ўсходу.

Але сяньня палажэньне дыямэтральна зьмянілася. Сяньня ані Нямеччына, ані Японія ня толькі Захаду загражаць ня могуць, але навет становяцца ягонымі саюзьнікамі. Затое сяньняшняя Расея ў форме Савецкага Саюзу, якая культывуе й да высокай ступені ўдасканальвае імпэрыялістычную палітыку царскае Расеі, сталася сьмяротнай загрозай для Захаду.

Наіўным ёсьць таксама пагляд, які яшчэ пакутуе ў многіх уплывовых заходніх сфэрах, што будучая «дэмакратычная» Расея, якая паўстане пасьля зьнішчэньня бальшавізму, вызбудзецца дасюлешніх імпэрыялістычных імкненьняў і станецца карысным сябрам у сям'і дэмакратычных дзяржаваў сьвету. Тыя, што гэтак думаюць, забываюцца, на жаль, што дынамічны імпэрыялізм, няўпыннае імкненьне да пашырэньня сваіх тэрыторыяў коштам іншых народаў, зьяўляецца неадлучнай рысай псыхалёгіі расейскага народу, якая зьяўляецца найважнейшым рухаючым маторам расейскае гісторыі ўжо ад XV стагодзьдзя. Гэтая рыса найяскравей сяньня выяўляецца ў савецкіх агрэсыўных плянах, з аднаго боку, і палітычнай плятформе даслоўна ўсіх расейскіх палітычных групаў на эміграцыі — з другога. Таму няма абсалютна ніякай гарантыі, што будучая Расея з драпежнага ваўка раптам станецца нявінным ягняткам, затое ёсьць шмат дадзеных на тое, што гэты драпежны воўк і надалей астанецца тым самым ваўком.

Захад яшчэ ня змог зразумець, што захаваньне ў будучыні вялікай і сільнай, хоць і не бальшавіцкай Расеі можа для яго быць больш небясьпечным, чымсьці адроджаныя нямецкі й японскі імпэрыялізмы, узятыя разам. Аб адраджэньні імпэрыялізму гэтых апошніх дзяржаваў да трэйцяй сусьветнай вайны ня можа быць і мовы, бо ў гэтым пэрыядзе часу абедзьве гэтыя дзяржавы будуць знаходзіцца пад непасрэднай кантроляй Захаду, у першую чаргу — ЗША. Але ў выпадку пераможнай новай сусьветнай вайны, як Нямеччына, гэтак і Японія, якія ў вайне такой прыймуць актыўны ўдзел, як раўнапраўныя партнэры, з-пад кантролі гэтай лёгка могуць выйсьці. А тады зусім праўдападобным можа быць зблякаваньне гэтых дзьвюх мілітарна сільных і індустрыяльна разьвітых дзяржаваў зь вялікай Расеяй супраць Амэрыкі, што для апошняй стварыла-б новыя й вельмі небясьпечныя камплікацыі. Блёк-жа аднэй Нямеччыны зь Японіяй без Расеі для ЗША, якія вырасьлі сяньня ў вялізарную мілітарную й эканамічную магутнасьць і якія, бясспрэчна, гэтую магутнасьць і пасьля эвэнтуальнай новай вайны захаваюць, ня будзе страшным.

Такім чынам захаваньне вялікай Расеі ў ейных сяньняшніх межах можа ў будучыні якраз зьвіхнуць тую раўнавагу сілаў у сьвеце, да якой імкнецца Захад, затое ейны распадзел на нацыянальныя дзяржавы гэтую раўнавагу, бясспрэчна, захавае на карысьць Захаду й загарантуе доўгатрывалы мір у сьвеце.

Магутная сіла ілжывай інфармацыі

Другая, або названая намі нутраная, прычына неразуменьня Захадам усходняе праблемы выплывае з нацыянальнай палітыкі царскай Расеі, а так-жа зь ілжывай інфармацыі аб Усходзе расейскай эміграцыі.

Захад пазнаў запраўднае палажэньне й запраўдныя нацыянальныя асьпірацыі каляровых народаў у калёніях заходніх дзяржаваў дзякуючы таму, што гэтыя дзяржавы, абмяжоўваючыся толькі да палітычнага, а не нацыянальнага паняволеньня гэтых народаў і іхнай эканамічнай экспляатацыі, ніколі не хаваў праўды аб гэтых народах. Наадварот, дзяржавы гэтыя, будучы незацікаўленымі ў нацыянальным паняволеньні каляніяльных народаў, а тым больш у іхнай асыміляцыі, якраз спрычыніліся да папулярызацыі найбольш аб'ектыўнай веды аб народах, засяляючых іхныя калёніі.

Зусім інакш прадстаўлялася справа ў царскай Расеі, якая, раўналежна зь няволяй палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай, замацавала сыстэму жорсткага нявольніцтва нацыянальнага. Усе падбітыя ёю нерасейскія народы былі асуджаныя на поўную асыміляцыю, а таму нацыянальна-вызвольныя рухі да 1905 г. маглі там разьвівацца толькі падпольна. Найяскравейшым доказам русыфікатарскай палітыкі царскага рэжыму можа служыць факт, што да рэвалюцыі 1905 г. існавала суровая забарона беларускага друку.

Такім чынам у царскі пэрыяд толькі расейцы мелі магчымасьць інфармаваць сьвет аб Расеі, а народы нерасейскія, што станавілі бальшыню насельніцтва, усякага голасу былі пазбаўленыя. Інфармацыі-ж, даваныя расейцамі, былі, як правіла, хвальшывыя, груба тэндэнцыйныя. У іх звычайна прадстаўлялася, што Расея, нягледзячы на ейную этнічную шматскладовасьць, прадстаўляе сабою неразьдзельную цэласьць навет з гледзішча нацыянальнага, бо нерасейскія народы зьяўляюцца толькі паасобнымі плямёнамі й адгаліненьнямі вялікага расейскага народу, які, дарэчы, і ўтварыўся зь мешаніны розных этнічных групаў на славянска-расейскай базе.

Аргумэнты расейскіх эмігрантаў

Пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі ўва ўсіх краінах Захаду апынулася вялікая колькасьць расейскіх эмігрантаў, якія адыгрывалі й адыгрываюць сяньня ролю галоўных інфарматараў аб Расеі й нацыянальным у ёй пытаньні. Гэтыя эмігранты зьяўляюцца й да сяньня галоўнымі дараднікамі заходніх афіцыяльных і прыватных уплывовых інстытуцыяў, умела выкарыстоўваючы сваё становішча на карысьць расейскіх імпэрыялістычных інтарэсаў. I трэба прызнацца, што іхная роля ў хвалыпаваньні запраўднага палажэньня на падсавецкай тэрыторыі вялізарная, бо Захад, трымаючыся традыцыйнага спосабу думаньня аб усходняй праблеме, ахвотна прыслухоўваецца да іхнага хвальшывага голасу.

На доказ канечнасьці захаваньня адзінай і непадзельнай Расеі звычайна высоўваюць расейскія эміграцыйныя палітыкі чатыры аснаўныя аргумэнты:

1. Яны стараюцца пераканаць Захад у тым, што на тэрыторыі Савецкага Саюзу нацыянальнае пытаньне зусім ня існуе, што нерасейскія народы ніякіх нацыянальных асьпірацыяў ня маюць і ніякай дзяржаўнай незалежнасьці й аддзяленьня ад Расеі не жадаюць, а імкнуцца толькі, як і расейцы, ськінуць бальшавізм, дабіцца асабістай вольнасьці й сацыяльнай справядлівасьці. Яны ў дабавак цьвердзяць, што нацыянальная праблема ёсьць выдумкай толькі групкі сэпаратыстычна настроенай інтэлігенцыі, што нацыянальныя рухі былі штучна створаныя гэтай інтэлігенцыяй падчас апошняй вайны пры выдатным падтрыманьні нацыстаўскага акупацыйнага апарату й Розэнбэргаўскага ўсходняга міністэрства.

Ілжа такога цьверджаньня відавочная, калі ўзяць пад увагу спаміж многіх іншых толькі два наступныя факты: а) Амаль усе паняволеныя народы супольнымі высілкамі сваёй інтэлігенцыі й шырокіх, народных масаў аднавілі ў 1917—1918 гг. свае незалежныя дзяржавы, якія потым баранілі з аружжам у руках, аж пакуль ня былі пераможаныя перавагаю фізычнае сілы расейскага бальшавізму. б) Найбольш арыштаў, ссылак, расстрэлаў і адкрытых судовых працэсаў на тэрыторыі нацыянальных рэспублікаў адбывалася й адбываецца якраз за «нацыянал-дэмакратызм», «мясцовы нацыяналізм», «нацыянал-фашызм» і «нацыянальную абмежаванасьць», а гэта найлепшы довад, што нацыянальная апазыцыя там вельмі моцная, якой ня ў сілах зьнішчыць дагэтуль бальшавікі, нягледзячы на ведамыя мэтады крывавага тэрору.

Што-ж датычыцца цьверджаньня, што нацыянальна-незалежніцкія рухі былі створаныя пры выдатным падтрыманьні нямецкага нацызму, дык у запраўднасьці справа прадстаўлялася наадварот. У тых акупаваных немцамі зонах, у якіх была заведзеная нямецкая цывільная адміністрацыя, немцы наагул ня мелі выразнай нацыянальнай палітыкі й ставіліся да нацыянальнай праблемы нерасейскіх народаў вычэкваюча, церпячы, хоць і неахвотна, чыста культурную дзейнасьць, а катэгарычна забараняючы дзейнасьць палітычную. Затое на тых тэрыторыях, якія знаходзіліся пад ваенным упраўленьнем (на Беларусі на ўсход ад Барысава), немцы, 82 акружаныя расейскімі дараднікамі —«зондэрфюрэрамі», праводзілі выразна прарасейскую палітыку. Прыкладам, прэса для мясцовага насельніцтва выдавалася ваенным аддзелам прапаганды выключна ў расейскай мове (выдаваныя ў кажнай акрузе газэты — «Новый Путь» і інш.).

Таму цьвердзіць, што немцы стварылі незалежніцкія рухі нерасейскіх народаў у той час, калі ў запраўднасьці яны гэтыя рухі душылі, а прапагавалі расейшчыну, зьяўляецца нахабнай ілжой.

2. Другім аргумэнтам, якім хочуць расейцы застрашыць Захад, ёсьць цьверджаньне, што калі Захад стане на пазыцыях распадзелу Расеі, дык у будучай вайне будзе ён мець супраць сябе ўвесь расейскі народ.

Гэты аргумэнт зьяўляецца ня чым іншым, як палітычным шантажом, бо ня мае ён пад сабой ніякіх рэальных падставаў. Мы, знаючы расейскі народ, моцна сумняваемся, ці ён, будучы цэлымі стагодзьдзямі прызвычаены да нявольніцкага жыцьця, выступіў^бы наагул актыўна супраць бальшавізму, так як ні разу ня выступіў супраць яго ў шырэйшых маштабах дагэтуль, тады, калі на нерасейскіх тэрыторыях адбываецца ўвесь час бесьперапыннае змаганьне супраць бальшавізму, якое, у залежнасьці ад абставінаў, або выліваецца ў форму збройных партызанскіх войнаў, або абмежваецца да пасыўнага супраціву. Таму ёсьць усе падставы думаць, што на выпадак вайны, незалежна ад таго, зь якімі лёзунгамі будзе йсьці на ўсход заходняя армія, расейскі народ у найлепшым выпадку захаваецца пасыўна.

3. Трэйцім аргумэнтам, якім апэруюць расейскія эмігранты, ёсьць цьверджаньне, што ў той час, калі ў цэлым сьвеце што раз больш актуальным становіцца імкненьне да розных міждзяржаўных задзіночаньняў у форме вуніяў, блёкаў, фэдэрацыяў, зусім не мэтазгодным ёсьць усякае раздрабненьне, а таму й Расея павінна быць захаваная як непарушная цэласьць.

Гэты аргумэнт зьяўляецца ня менш слабым за папярэднія. Ніводзін з паняволеных народаў не зьяўляецца праціўнікам актуальнага сяньня ў сьвеце міждзяржаўнага задзіночаньня. Але кожны зь іх жадае ў такую задзіночаную канстэляцыю дзяржаваў увайсьці вольным і стацца ў ёй раўнапраўным партнэрам, разумеючы, што ня можа быць ніякага задзіночаньня, ніякай уніі ці фэдэрацыі між нявольнікам і панявольваючым, між вязьнем і турэмным вартаўніком.

4. Распадзел расейскае імпэрыі на нацыянальныя дзяржавы прывёў-бы — як цьвердзяць расейцы — да балканізацыі эўрапэйскага Ўсходу й падсавецкай Азыі, што ў далейшую чаргу магло-б толькі выклікаць бесьперапынныя споры, а навет міжусобныя войны.

Гэты аргумэнт спаміж усіх, вышэй прыведзеных, зьяўляецца бадай што найслабейшым. Калі-б, прыкладам, і заіснавалі некаторыя споры між паасобнымі дзяржавамі паняволеных сяньня народаў, то ў сваёй шкоднасьці для сусьветнай бясьпечнасьці не маглі-б яны быць настолькі грознымі й небясьпечнымі, як споры, змаганьня й навет збройныя паўстаньні паняволеных народаў супраць Масквы, якія, у выпадку захаваньня турмы народаў, напэўна будуць мець месца.

Нягледзячы на тое, што ўсе гэтыя аргумэнты зьяўляюцца ў істоце сваёй нясур'ёзнымі й іхны хвальш відавочны, усё-ж такі яны маюць яшчэ значны ўплыў на заходнюю мэнтальнасьць, прызвычаеную да закасьцянелага ў сваіх формах традыцыйнага спосабу думаньня.

Лёд памалу праломліваецца

У апошнія гады на Захадзе пачалася, аднак, павольная, але грунтоўная рэвізыя паглядаў на ўсходнюю праблему. Сярод многіх заходніх людзей, што пачалі вызваляцца ад агульна прынятага шаблёну думаньня й разумець нацыянальнае пытаньне падсавецкага ўсходу так, якім яно ёсьць у запраўднасьці, знаходзяцца ўжо ўплывовыя палітыкі й дзяржаўныя мужы, якія ня толькі ўважаюць за патрэбнае разьвязаньне нацыянальнага пытаньня Ўсходу ў духу нашых імкненьняў, але становяцца навет запраўднымі піянэрамі папулярызацыі на Захадзе нашых ідэяў і шчырымі абароньнікамі нашых нацыянальных інтарэсаў.

Да такіх людзей у Ангельшчыне належаць у першую чаргу старшыня Шкоцкай Лігі за Свабоду Эўропы Дж. Ф. Стуарт і выдатны вайсковец і ўплывовы публіцыст генэрал-маёр Дж. Ф. С. Фулер. Што раз болей такіх людзей паяўляецца і ў ЗША. Апрача былога рэспубліканскага кандыдата на прэзыдэнта сэнатара Г. Стасэна, да гэтай трупы людзей належаць яшчэ сэнатар О'Конор, сэнатар Смітс, кангрэсмэны Кэрстэн, Смэтэрс, Борыс, Армстронг і іншыя.

Гэтыя людзі дамагаюцца распадзелу расейскае імпэрыі на нацыянальныя дзяржавы паняволеных народаў ня толькі ў імя дэмакратычных ідэяў, але й дзеля таго, што гэта зьяўляецца гістарычнай канечнасьцю й ляжыць у інтарэсах Захаду, што гэта адзіны спосаб перамогі над бальшавізмам і ўстанаўленьня трывалага міру ў сьвеце.

Трэба верыць, што на гэткі шлях раней ці пазьней будзе змушаная ўзыйсьці й афіцыяльная палітыка заходніх дзяржаваў, бо гэтага вымагаюць палітычныя інтарэсы самога-ж Захаду.

«Бацькаўшчына». 27 студзеня 1952 г.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by