МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Крывавы зьдзек над беларускім народам // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

КРЫВАВЫ ЗЬДЗЕК НАД БЕЛАРУСКІМ НАРОДАМ

Для нас не сакрэт, што чырвоная Масква з мэтаю фізычнага вынішчэньня беларускага народу, побач зь іншымі жахлівымі спосабамі крывавага тэрору, практыкавала й практыкуе цяпер масавыя расстрэлы беларусаў бязь ніякага суду, ані доказу стаўлянае ім віны. Масавыя расстрэлы ні ў чым невінаватых людзей на аснове аднастароньняе і ў адсутнасьці абвінавачанага прынятае тайнае пастановы НКВД — гэта адна з найбольш пашыраных праяваў савецкае « справядлівасьці».

Але Масква, асабліва на міжнародным грунце, катэгарычна аднекваецца ад падобных чынаў, заяўляючы, што калі й здараюцца ў СССР прысуды сьмерці, то бываюць яны вынесеныя згодна абавязваючых законаў, толькі пасьля правядзеньня судовае працэдуры й дакладнага ўстанаўленьня віны. I людзі, што жывуць у свабодных дэмакратычных дзяржавах, наіўна верылі ў такія тлумачэньні Масквы, ня могучы навет уявіць сабе, каб у наш век можна было бязь ніякіх падставаў і бязь ніякіх судовых працэдураў пазбаўляць жыцьця ні ў чым невінаватых людзей.

Тымчасам тайныя арыгінальныя дакумэнты савецкай пракуратуры НКВД, што папалі ў рукі эміграцыйнага ўраду БНР, апублікаваныя нядаўна прэзыдэнтам БНР М. Абрамчыкам у выдадзенай ім у Канадзе брашуры ў ангельскай мове п. н. «Я абвінавачваю Крэмль у забойстве майго народу». У гэтых тайных дакумэнтах. Масква сама прызнаецца, што на працягу толькі двух гадоў (1937—38) было расстраляна на Беларусі 13325 нявінных людзей.

Што-ж гэта за дакумэнты?

Есьць абшырны тайны пратакол ад 29 ліпеня — 2 жнівеня 1939 г. «Кантрольнай Камісіі», зложанай з памочніка пракурора Ленінградзкай Ваеннай Акругі Колакава, памочніка пракурора Беларускай ССР Дзмітракова й Загадчыка Спэцыяльнай Першай Сэкцыі НКВД Беларускай ССР Гарбачэўскага, якая, на загад пракурора СССР Панкрацьева ад 23 ліпеня 1939 г., выехала ў Менск і правяла сьледзтва дзейнасьці былога заступніка пракурора Беларускай Ваеннай Акругі А. Кісялёва.

Гэтая «Кантрольная Камісія» праверыла толькі акты, што знаходзіліся ў Менску — у Спэцыяльнай Першай Сэкцыі НКВД БССР, і на падставе гэтага сьцьвердзіла наступнае (цытуем паводля Пратаколу):

«Дерагляд наяўных альбомных даведак (г. зн. сьпісак-картатэк.— Рэд.) у Спэцыяльнай Першай Сэкцыі ўстанавіў, што Кісялёў падчас усяго пэрыяду (г. зн. 1927—38 г.— Рэд.) падпісаў 11.564 альбомныя даведкі (паводля загаду № 00485). Згодна іх, было:

Прысуджаных да найвышэйшае меры пакараньня (г. зн. на кару сьмерці)

11.009 асобаў.

На розныя тэрміны

379 асобаў,

Звольнена

176 асобаў.

Тым-жа Кісялёвым, у складзе Тройкі, было таксама падпісана прыгавораў на 3.045 асобаў, зь якіх:

Прысуджана да найвышэйшае меры пакараньня (сьмерці)

2.316

На розныя тэрміны

576

Звольнена

154».

Гэта, аднак, яшчэ ня ўсё. Камісія, як сказана вышэй, задаволілася толькі праверкай тых справаў, што знаходзіліся ў Менскім НКВД. Як сьцьвярджае сама Камісія ў сваім Пратаколе, «пададзеныя лічбы не адказваюць запраўднаму стану, бо вялікая колькасць альбомных даведак знаходзіцца ў Спэцыяльнай Першай Сэкцыі НКВД СССР». Камісія не задавала сабе клопату праверыць гэтыя справы й устанавіць дакладную колькасьць замардаваных людзей. Апрача гэтага, загадчык Другой Сэкцыі Трэйцяга Аддзелу НКВД БССР Кацаў заявіў Камісіі, што некаторая часьць справаў была перасланая Кісялёвым у абласныя пракуратуры, копіяў якіх Кісялёў не пакінуў. Гэтых справаў Камісія таксама не правярала. Дык калі-б падлічыць усе чыста ахвяры Кісялёва, расстраляныя на яго загад на працягу двух гадоў, дык іхная колькасьць напэўна ў некалькі разоў перавысіла-б афіцыяльна пададзены лік — 13 325 асобаў.

Пратакол дакумэнтальна пацьвярджае няведамую ў цэлым культурным сьвеце жахлівую сьледчую практыку савецкага НКВД. Гэтак Камісія ўстанавіла, што ў бальшыні выпадкаў Кісялёў адносіўся да справаў абвінавачаных ім беларусаў хаатычна, нядбала, а нярэдка сьведама фальшаваў факты. I так успомнены ўжо загадчык 2-й Сэкцыі 3-га Аддзелу НКВД БССР Кацаў сьцьвердзіў, што «да чэрвеня 1938 г. Кісялёў меў звычай падпісваць альбомныя даведкі (у якіх былі ўжо вынесеныя прысуды абвінавачаным.— Рэд.) перад тым, чымсь пазнаёміцца ізь сьледчымі пратаколамі». Нярэдка ордэры на арышт былі выстаўляныя на адныя асобы, а на аснове гэтых ордэраў арыштоўваліся зусім іншыя й караліся сьмерцю за праступкі, прыпісваныя першым. Прывядзем адзін із многіх прыкладаў: «Ордэр на арышт быў выпісаны абласным пракурорам на Станіславу Валяр'янаўну Плавінскую, народжаную ў 1909 г., тады, калі на аснове гэтага ордэру была арыштаваная Анеля Валяр'янаўна Плавінская, народжаная ў 1894 г. Анеля Плавінская поўнасьцю прызналася да стаўляных ёй абвінавачаньняў, за што была прысуджаная да найвышэйшае меры пакараньня».

Пратакол адкрывае цэлы рад выпадкаў, калі людзі былі пакараныя сьмерцю за праступкі, якія ня толькі ня былі сьледзтвам устаноўленыя, але ў якіх арыштаваныя навет зусім не абвінавачваліся. Вось два із многіх доказаў гэтага.

1. «Справа № 30463 абвінавачанага Адама Васільевіча Дворака. У альбомнай даведцы паказана, што Дворак атрымаў даручэньне зьбіраць шпіёнскія інфармацыі аб вайсковых адзінках Работніцка-Сялянскай Чырвонай Арміі і на выпадак вайны між Польшчаю й Саветамі прыняць удзел у збройным паўстаньні, выконваючы дывэрсійныя акты ў тылох Работніцка-Сялянскай Чырвонай Арміі. У паказаньнях Дворака, як і ў матарыялах справы, наагул няма ані слова аб усім гэтым».

2. «Справа № 29581 абвінавачанага Язэпа Сьцяпанавіча Несьцяровіча. У альбомнай даведцы пададзена, што абвінавачаны браў удзел у нелегальных зборках кіраўнікоў контррэвалюцыйнай арганізацыі «ПОВ», дзе былі абгаварваныя праблемы дывэрсыйнай і тэрарыстычнай дзейнасці. У пратаколе справы, аднак, няма абсалютна нічога аб гэтым».

У вельмі многіх, можна сказаць масавых, выпадках беларускую нацыянальную прыналежнасьць арыштаваных беларусаў мэханічна зьмяняў Кісялёў на польскую. Вось некалькі із многіх дадзеных Пратаколу:

«Справа № 133390 абвінавачанага Міхаіла Міхайлавіча Малевіча. Згодна ўсіх дакумэнтаў ён уважаецца беларусам, але згодна альбомнае даведкі ён ёсьць паляк».

«Справа № 29777 абвінавачанага Канстанціна Сямёнавіча Лісоўскага. У альбомнай даведцы цьвердзіцца, што абвінавачаны зьяўляецца палякам, а паводля сацыяльнае прыналежнасьці — кулаком. У запраўднасьці, аднак, Лісоўскі ёсьць беларусам, селянінам -бедняком і, у дадатку, зусім няпісьменным».

«Справа № 13390 абвінавачанага Аляксандра Сямёнавіча Руткоўскага. У альбомнай даведцы гаворыцца, што Руткоўскі ёсьць паляком, тады, калі згодна ўсіх іншых фактаў справы ён ёсьць беларусам».

«Справа № 32750 абвінавачанага Івана Іванавіча Завілейскага. У альбомнай даведцы ён уважаецца паляком і кулаком, а ў запраўднасьці ёсьць ён беларусам і работнікам -сталяром».

«Справа № 44185 абвінавачанага Паўлы Адамавіча Янушэўскага, Пятра Віктаравіча Караткевіча і Мікалая Гіпалітавіча Браткоўскага. Ува ўсіх дакумэнтах яны фігуруюць як беларусы, а ў альбомных даведках як палякі». I г. д., і г. д.

Матываў перарабляньня беларускае нацыянальнасьці на польскую адгадаць ня цяжка. Вялізарная колькасьць арыштаваных абвінавачваюцца Кісялёвым у польскім шпіянажы і ў прыналежнасьці да няіснуючай у Беларусі «ПОВ» — Польскай Вайсковай Арганізацыі. Але паколькі ў абвінавачаньнях НКВД такая арганізацыя дзеіла, яна мусіла мець і сваіх сяброў. Так як у Усходняй Беларусі палякаў было зусім нязначная колькасць і паколькі нелягічным было-б прыпісваць беларусам належаньне да польскае арганізацыі, дык Кісялёў знайшоў просты з гэтага выхад: назваў патрэбную колькасьпь арыштаваных ім беларусаў палякамі і гэткім чынам сваё заданьне перад Масквой выканаў. Агульнаведама, што калі Масква дае загад арыштаваць адпаведную колькасьць людзей, дык нярэдка згары вызначае, які павінен быць нацыянальны склад арыштаваных.

Але найбольш цынічнымі ёсьць абурэньні аўтараў Пратаколу супраць таго, што пры сьледчых допытах прымяняліся Кісялёвым біцьцё й іншыя спосабы фізычнага ўзьдзеяньня, у выніку чаго здараліся выпадкі забіцьця насьмерць арыштаваных. Гэта-ж у Савецкім Саюзе навет кажнае дзіця ведае, што вымушаньне прызнаньня да нязробленай віны пры помачы найбольш вырафінаваных спосабаў фізычнага катаваньня зьяўляецца агульнапрынятай штодзённай практыкай савецкага сьледзтва.

Ня менш таксама цынічным і фальшывым ёсьць абурэньне «Кантрольнай Камісіі» супраць таго, што Кісялёў пры помачы катаваньня сваіх ахвяраў змушаў іх да фальшывых удаваньняў і даносаў на іншых, якія на гэтай падставе былі арыштоўваныя й расстрэльваныя. У Пратаколе між іншым чытаем: «Такім чынам, адзін з абвінавачаных Міхаіл Ізаакавіч Александровіч данёс у сваіх паказаньнях на 121 асобу. Іншы абвінавачаны Сямён Міхайлавіч Якубовіч удаў 104 асобы. Павал Гарасімавіч Бабчонак — 107 асоб, Іван Сьцяпанавіч Вольнатс і Сямён Ківавіч Баўч — 120 асоб кажны. Барыс Вячаслававіч Спарыгін — 241 асобу, Фама Фаміч Жылінскі — 244 асобы і Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч — 249 асоб».

Але-ж змушаньне да даносаў і ўдаваньняў, пры гэтым фальшывых, пры помачы фізычнага тэрору зьяўляецца чарговым агульнапрынятым мэтадам савецкага сьледзтва.

«Кантрольная Камісія», абвінавачваючы ўсё падпарадкаванае Кісялёву Кіраўніцтва НКВД БССР у тым, што ягоная дзейнасьць «была кіраваная на вынішчэньне найлепшых савецкіх людзей», адначасна сьцьвярджае, што «ў той самы час гэтае варожае кіраўніцтва старанна абараняла перад арыштам многіх запраўдных і найгоршых ворагаў народу». Гэтае сьцьверджаньне ёсьць ня чым іншым, як выразнай дырэктывай для наступнікаў Кісялёва, заданьнем якіх, пэўне-ж, было вылавіць і зьнішчыць тых запраўдных і найгоршых «ворагаў народу», якіх быццам прыхоўваў Кісялёў. Іншымі словамі гаворачы, і пасьля зьнішчэньня Кісялёва будзе й далей шалець у Беларусі крывавы тэрор НКВД з масавымі арыштамі, ссылкамі, расстрэламі...

Толькі людзі злое волі або пазбаўленыя здаровага розуму могуць паверыць, што Масква, пасылаючы ў Менск «Кантрольную Камісію» дзеля праверкі дзейнасьці Кісялёва, рабіла гэта із шчырым намерам устанавіць на Беларусі справядлівасьць ды пакараць вінаватых. Ніхто таксама, праводзячы на Беларусі на працягу двух гадоў крывавую расправу над беларускім народам, ня мог рабіць гэта на собскую руку бязь ведама і згоды Масквы.

Пры савецкай сыстэме шпіянажу, перад якім звычайна нічога ня можа ўтаіцца, які пранікае навет у прыватныя справы людзей, ёсьць выключанай справай, каб Масква ня ведала, што дзеілася на працягу цэлых двух гадоў у Беларусь Прагаварылася ў гэтым і сама «Кантрольная Камісія», калі сьцьвердзіла, што вялікая колькасьць актаў Кісялёва не магла быць ёю праверана, бо яны былі перасланыя Кісялёвым у Маскоўскае НКВД. Значыцца, Масква была ў поўным курсе ўсяго таго, што дзеілася ў Беларусі.

Дык, можа, зьявіцца пытаньне, для якой мэты Масква пасылала ў Беларусь сваю «Кантрольную Камісію» й праводзіла сьледзтва дзейнасьці Кісялёва?

Калі прасочым галаўнейшыя этапы масавага тэрору ў Саветах, дык адказ на гэтае пытаньне прыйдзе сам сабой. Крэмль, каб адгарадзіць сябе ад праступкаў, дакананых ім над народам, звычайна прыпісвае іх таму, хто іх на загад Крамля непасрэдна праводзіў у жыцьцё, удаючы пры гэтым, што ані Сталіну, ані іншым савецкім правадыром нічога аб гэтым ня было ведама. Такая тактыка Крамля паўтаралася, як правіла, пасьля кажнай масавай тэрарыстычнай акцыі ў Саветах. Гэтак усе крамлёўскія праступкі за часоў усесаюзнага кіраўніка ГПУ — НКВД Ягоды былі яму-ж і прыпісаныя, за што быў ён у 1936 г. расстраляны. Гэтак пазьней у 1938 г. быў зьнішчаны наступнік Ягоды Яжоў за масавыя расстрэлы на тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюзу, праводжаныя ім на загад Крамля. Гэтак былі прызнаныя ворагамі народу й зьнішчаныя кіраўнікі НКВД БССР Бэрман, Наседкін, Гэпштэйн і іншыя за іхную тэрарыстычную акцыю над беларускім народам, праводжаную быццам бязь ведама і супраць волі Масквы. Гэтак, напасьледак, быў зьнішчаны й Кісялёў.

Такім чынам, «Кантрольная Камісія» была высланая ў Беларусь толькі па тое, каб даказаць, што ў вынішчэньні беларускага народу Масква невінаватая, а вінаватыя толькі Кісялёў і ягоныя супрацоўнікі, якія, будучы замаскаванымі ворагамі народу, сьведама дзеілі на шкоду савецкай улады. У «Вывадах» «Кантрольнай Камісіі» вельмі красамоўна аб гэтым сказана: «Цераз сваю крымінальную безадказнасьць Кісялёў памагаў былому варожаму кіраўніцтву НКВД БССР (Бэрман, Наседкін, Стаяноўркі, Гэпштэйн і другія) з мэтаю праводжаньня ў жыцьцё контррэвалюцыйнай дзейнасьці, скіраванай на вынішчэньне найлепшых савецкіх людзей».

Але дарма! Вышэй прыведзеныя довады не пакідаюць найменшага сумліву ў тым, што Кісялёў быў толькі сьляпым выканальнікам і паслухмяным аружжам у руках Масквы. За Кісялёвым стаіць сам Сталін, увесь Крэмль і ўвесь расейскі бальшавізм.

Жахлівыя факты, што раскрываюць перад намі тайныя савецкія дакумэнты, ёсьць яшчэ аднэй Віньніцай і яшчэ адным Катынам, ахвярамі якіх былі тысячы бязьвінных беларусаў. Толькі калі праступкі Катына й Віньніцы бальшавікі намагаюцца за ўсякую цану зь сябе скінуць, наіўна прыпісваючы іх немцам, то з масавым забойствам беларускага народу зрабіць ім гэтага ня ўдасца. Тайныя дакумэнты, ганебна кампраметуючыя Крэмль у вачох цэлага сьвету, знаходзяцца сяньня ў беларускіх руках. Яны зьяўляюцца найлепшым абвінавачаньнем крамлёўскіх катаў на чале із Сталінам за масавыя забойствы беларускага народу.

«Бацькаўшчына», 27 студзеня 1951 г.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by