|
ЯЗЭП КАРАНЕЎСКІ 1
РАСПАЧЫНАЮЧЫ НОВЫ ЭТАП...
бягучым годам беларуская эміграцыя ўваходзіць у новы пэрыяд свайго існаваньня. Выпадкі й акалічнасьці, што замыкаюць пэрыяд дасюлешні й распачынаюць новы, зьяўляюцца настолькі важнымі для нас, што нельга абыйсьці іх моўчкі.
Перш за ўсё бягучы год ёсьць для нас важным годам у сувязі з тым, што ў гэтым годзе аснаўная маса нашае эміграцыі, што жыла дасюль часова ў Нямеччыне на ласцы ІРО2 ужо выэмігравала або знаходзіцца ў працэсе эміграцыі ў краіны сталага побыту. Людзі, што дагэтуль жылі ў няпэўнасьці і няведаньні сваёй будучыні, цяпер здабываюць больш-менш нармальныя ўмовы жыцьця й працы, паколькі наагул можна гаварыць аб нейкай нармальнасьці на эміграцыі. Хаця й тут не абыйшлося без мамэнтаў ярка адмоўных, якімі было пазбаўленьне права на эміграцыю ладнае колькасьці беларусаў і астаўленьне іх у ўмовах поўгалоднага існаваньня ў Нямеччыне, сам факт выэміграваньня аснаўное бальшыні іх ёсьць бясспрэчна фактам вельмі пазытыўным.
Масавая эміграцыя нашых суродзічаў зь Нямеччыны пацягнула за сабой ня толькі перанясеньне нашых палітычна-грамадзкіх цэнтраў у іншыя краіны, але й выклікала неабходную патрэбу грунтоўнае рэарганізацыі нашае дзейнасьці і значнае перастаноўкі сілаў. Нашыя людзі, што жылі дасюль у беларускіх лягерах або зарганізаванымі нацыянальнымі групамі ў лягерах чужых, без асаблівых арганізацыйных натугаў маглі жыць собскім нацыянальным жыцьцём. Цяпер зьяўляюцца яны расьцярушанымі сярод чужога ім элемэнту розных краінаў сьвету й дзеля гэтага наражаныя на небясыіеку асыміляцыі, а ў найлепшым выпадку нацыянальнай індэфэрэнтнасьці. Таму ў першую чаргу мы павінны парупіцца стварыць такія ўмовы, каб нашыя людзі, раскінутыя па шырокім сьвеце, адчувалі патрэбу собскага нацыянальнага жыцьця. Ня трэба й даказваць, што найлепшымі й незаменнымі сродкамі для гэтага могуць быць спраўна дзеючыя нацыянальныя арганізацыі й роднае друкаванае слова.
Для беларусаў, што мелі шчасьце выэміграваць зь Нямеччыны, тыя панурыя гады недастаткаў і галіты, якія яны перажывалі ў ДП-лягерах, належаць ужо да мінуўшчыні. Дзеля гэтага пры наяўнасьці добрае волі нашае інтэлігенцыі й разумнага кіраўніцтва зь ейнага боку адкрываюцца цяпер шырэйшыя пэрспэктывы й магчымасьці нацыянальнае працы. Дык усебакова іх выкарыстаць і зактывізаваць нашае нацыянальнае жыцьцё ў краінах новага асяленьня зьяўляецца першай патрэбай дня.
Бясспрэчна, зьмены на лепшае зарысаваліся і ў іншай галіне нашага грамадзка -палітычнага жыцьця. Пяць апошніх гадоў прайшлі ў нас пад знакам нутраной кансалідацыі грамадзянства й змаганьня з зарубежніцкай дывэрсыяй, якое праглынула шмат энэргіі й часу. Гэты нэгатыўны мамэнт нашае дзейнасьці быў, аднак, канечны й няўхільны. Агенты расейскага імпэрыялізму ўсёроўна якога колеру ўнікалі, як мага, адкрытага ідэялягічнага змаганьня, добра здаючы сабе справу, што калі-б выступілі яны адкрыта супраць беларускай незалежніцкай ідэі, а за «едіную неделімую», то адразу пацярпелі-б поўную няўдачу. Таму яны выбралі шлях дэструкцыі й дывэрсыі, імкнучыся ўнутры беларускага грамадзянства выклікаць крайнія супярэчнасьці й распаліць міжсобнае змаганьне. Гэта зрабіць ім удалося галоўна дзякуючы нізкай нацыянальнай сьведамасьці эміграцыйнай масы, палітычнай бязграматнасьці значнай часткі інтэлігенцыі, як і той акалічнасьці, што знайшліся сярод нас людзі, якія ахвотна пайшлі на чужацкую агентурную службу.
Мэта зарубежніцкае дзейнасьці была ясная: разьбіць ды аслабіць беларускі нацыянальна-вызвольны рух для інтарэсаў Масквы, а так-жа скампраметаваць яго ў вачох заходняга сьвету, і гэтым самым здэградаваць ягоную ўдзельную вагу. Маскуючы на вонкі сваю праступную дзейнасьць нацыянальнымі лёзунгамі ды цынічнымі дэклярацыямі аб службе незалежніцкай ідэі, у самай сутнасьці ўсе зарубежнікі павялі супраць гэтае ідэі й ейных носьбітаў самы рашучы бой. А аружжам у гэтым баі былі фальш, дэмагогія, распальваньне ўзаемнае нянавісьці сярод беларусаў, паліцыйныя даносы альянцкім уладам і правакацыі, адным словам, поўны арсэнал сродкаў, якімі карыстаюцца якраз бальшавікі.
Таму зусім зразумела, што змаганьне з зарубежніцтвам было аснаўным мамэнтам у нашым грамадзкім жыцьці за мінулых пяць гадоў, якое адсоўвала на бок іншыя, часта куды важнейшыя справы. Аднак у гэтым змаганьні зарубежніцтва было пабітае. Яно ў вачох усіх сумленных беларусаў поўнасьцю скампраметавалася, а ягоныя агентурныя мэты былі ўсебакова й дакумэнтальна здэмаскаваныя. Пры зарубежніцтве асталіся амаль выключна людзі, якіх пераконваць няма ўжо найменшага сэнсу, для якіх белае ёсьць чорным, а чорнае белым, значыцца, толькі перакананыя шчыра ці каньюнктуральна й сьведамыя сваёй праступнай ролі зарубежнікі.
Гэта, аднак, ня значыць, што расейская дывэрсыя сярод беларусаў ужо зьліквідаваная й што яна у тэй або іншай форме ўжо болей не паўторыцца. Наадварот, як доўга будзе існаваць загроза расейскага імпэрыялізму з мэтаю паняволіць наш край і народ, так доўга будуць знаходзіцца ў нас людзі тыпу Астроўскага, Сабалеўскага ці Ермачэнкі, якія ахвотна згодзяцца для інтарэсаў ворага разбураць і аплёўваць усё сьвятое для кажнага беларуса. Гэта абазначае толькі, што расейская дывэрсыя ў сваёй сяньняшняй форме, званай зарубежніцтвам, і ягоныя сяньняшнія носьбіты, як у царкоўных рызах, так і ў сьвецкай вопратцы, настолькі ўжо скампраметаваныя й здэмаскаваныя ў сваім рэнэгацтве, што асаблівай шкоды для нашай вызвольнай справы прынесьці ўжо ня змогуць.
Дзеля таго што на працягу мінулага часу галоўная нашая ўвага мусіла быць зьвернутая на нутраныя дачыненьні і абарону перад расейскім наступам, справы нашае вонкавае рэпутацыі й дыпляматычнай дзейнасьці як сярод іншых паняволеных бальшавізмам народаў, так і перад заходнімі палітычнымі дзейнікамі былі моцна занядбаныя. Праца навонкі ў нас вялася прыпадкова, несыстэматычна, без дакладна апрацаванага на даўжэйшую мэту пляну. Калі-ж цяпер нашыя нутраныя справы з'яўляюцца больш-менш упарадкаваныя, то, не пакідаючы й іх бяз увагі, трэба, аднак, напружыць усе сілы, каб адрабіць недаробленае на грунце міжнародным.
Палючая патрэба сяньняшняга дня пераканальна гаворыць за тым, што новы пэрыяд нашага выгнаньня павінен быць як найшырэй і як найразумней выкарыстаны дзеля заваяваньня сабе апініі заходняга сьвету. Трэба паінфармаваць шырокі сьвет аб нашых нацыянальных патрэбах і імкненьнях, трэба паралізаваць сярод чужынецкіх колаў ілжывую прапаганду ворага, ведзеную на нашую шкоду, трэба напасьледак пераканаць адказныя палітычныя дзейнікі Захаду, што бязь зьнінічэньня ня толькі бальшавізму, але й усякага ресейскага імпэрыялізму й без распадзелу расейскае імпэрыі на незалежныя гаспадарствы паняволеных ёю народаў ня можа быць і мовы аб трывалым міры на сьвеце.
Сяньняшні нязвычайна адказны мамэнт, плодны гістарычнымі падзеямі вялікае міжнароднае вагі, ускладае на нас як палітычных эмігрантаў ня менш адказныя абавязкі й вызначае нам спэцыяльную ролю ў працэсе нашага вызвольнага змаганьня.
Таму мала ўзалежняць нашыя паступаньні толькі ад добрае волі адзінак, яны павінны выплываць із зразуменьня нашага нацыянальнага абавязку перад Бацькаўшчынай і Народам. А паколькі нашая Бацькаўшчына стогне ў найжахлівейшай бальшавіцкай няволі, якой ня ведае гісторыя ўсяго чалавецтва, і народ наш крывавіцца, як яшчэ ня крывавіўся, ад зьдзекаў Масквы, дык і мы на чужыне, што знаходзімся ў бясспрэчна шчасьлівейшым палажэньні ад нашых братоў з таго боку жалезнай заслоны, павінны таксама прынесьці адпаведную дань для народнае справы калі ня ў крыві, дык, прынамсі, ў працы.
Першы збройны зудар камунізму з дэмакратычным сьветам на Далёкім Усходзе, які таксама адкрывае новую балону ў гісторыі паваеннага сьвету, родзіць надзеі, што вырашальная расплата з праступным камунізмам у сусьветным маштабе зьяўляецца няўхільнай і недалёкай. Гэта паказвае, што канчальнае разьвязаньне й нашай нацыянальнай праблемы — быць або ня быць — хутка можа знайсьціся на парадку дня. А таму да гэтай вялікай і доўгажданай гістарычнай хвіліны мусім пасьпешна прыгатаўляцца ў кажнай галіне нашае дзейнасьці. Калі ўвесь вольны сьвет пасьпяхова гатуецца сяньня да абароны перад няўхільнай загрозай камуністычнай агрэсыі, то мы, што зьяўляемся ўжо тры дзесяткі год ахвярамі гэтае агрэсыі, павінны з тым большай энэргіяй мабілізаваць усе нашыя нацыянальныя сілы на змаганьне за нашае вызваленьне.
Дык распачынаючы новы этап на нашым шляху выгнаньня, напружым усе нашыя сілы й волю, каб апраўдаць вялікія абавязкі, ускладзеныя на нас у сяньняшні адказны й вырашальны мамэнт. А ўсім нашым пачынаньням няхай заўсёды прысьвечвае бясспорная праўда, што нашая дзейнасьць на чужыне, калі яна будзе праводжаная ў поўным зразуменьні гэтага абавязку, можа заашчадзіць шмат крыві на Бацькаўшчыне, калі надыйдзе адпаведны мамэнт вырашэньня справы нашага незалежнага палітычнага існаваньня.
«Бацькаўшчына», 15 верасьня 1950 г.
