|
Д. ЯСЬКО
НОВЫ ЗАПАВЕТ У БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ
«Слова Тваё — сьветач для стоп маіх і сьвятло на сьцежцы маёй » (Пс. 119:105).
На пачатку XVI стагодзьдзя перадавы беларус з заходняэўрапейскаю адукацыяй, доктар Францішак Скарына добра ведаў вялікую сілу слова Божага як у жыцьці адзінкі, так і ў жыцьці цэлага народу. Ніхто ня можа запярэчыць таму, што агульная асьвета найбольш пашырана там, дзе шырока распаўсюджана і чытаецца Евангельле ў роднай мове. Гэтага жадаў для беларусаў д-р Ф. Скарына і з гэтаю мэтаю ўзяўся за пераклад і выданьне Бібліі. У той самы час, калі доктар Марцін Лютар перакладаў Біблію на нямецкую мову (1522—34 гг.), Біблія на беларускай мове ўжо друкавалася (1518—23 гг.), насамперш у Празе Чэскай, а пазьней — у Вільні. На вялікі жаль, тады на Беларусі мала хто карыстаўся словам Божым як сьветачам для стоп сваіх, людзей адукаваных і, наагул, пісьменных было няшмат, таму ад перакладу Ф. Скарыны захаваліся і перахоўваюцца цяпер у музэях толькі некаторыя кнігі сьв. Шсаньня.
Таксама сьведамы беларус і рэлігійны дзеяч, Васіль Цяпінскі, каля 1570 г. у сваёй вандроўнай друкарні надрукаваў Евангельле ад Мацьвея і Марка, якія былі пераложаны на беларускую народную мову. Аднак дзеля таго, што пратэстантызм на Беларусі быў тады разьбіты на некалькі кірункаў, а да таго слаба ўкараняўся сярод сялянства, яму было цяжка змагацца і, з часам, утраціў сваю сілу як распаўсюджваньня, так і выдаваньня рэлігійнай літаратуры. Час заняпаду беларускай незалежнай дзяржаўнасьці стаўся і часам заняпаду пратэстантызму на Беларусі і цесна зьвязанага зь ім распаўсюджваньня слова Божага ў роднай мове.
Перад Першаю сусьветнаю вайною пратэстантызм (пераважна евангельска -баптыскі напрамак) паволі пашыраўся на Беларусі, але набажэнствы адбывалісяў мове расейскай, бо ані бібліяў, ані рэлігійных сьпеўнікаў на беларускай мове ня было. Пасьля-ж той вайны на гэты недахоп зьвярнуў сваю ўвагу баптыскі сьвятар Л. Н. Дзекуць-Малей, які працаваў у Берасьці. Разам із сваёю жонкаю, С. А., узяўся ён перакладаць Евангельле на беларускую мову. Не давяраючы собскім сілам, зьвярнуўся па фаховыя парады і папраўкі да ведамага беларускага дзеяча і крытыка А. Луцкевіча, які ахвотна ўзяўся дапамагчы ў гэтай карыснай для народу працы. У 1927 годзе баптыскае выдавецтва «Компас» надрукавала паасобныя Евангельлі (Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана) і некалькі брашураў на беларускай мове. Бог паслаў ахвярнага англійца, які фінансаваў гэтае выданьне.
Прафэсар А. Луцкевіч, як і чатырыста год таму назад доктар Ф. Скарына, зразумеў, што слова Божае ў роднай мове можа зрабіць нешта вялікае ў жыцьці народу, і ўзяўся перакладаць увесь Новы Запавет. Ён маніўся пералажыць і цэлую Біблію, але, на вялікі жаль, яму ня суджана было зрабіць гэтую вялікую працу. Свой пераклад ён аддаў Брытанскаму і Замежнаму Біблійнаму Таварыству (БЗБТ), якое і выдала ў 1931 годзе (у Гэльсінгфорсе, Фінляндыя) Новы Запавет з Псальмамі на беларускай мове. Як і заўсёды, знайшліся праціўнікі гэтай працы, якія ганілі і паніжалі яе. Некаторыя прабавалі даказваць, што гэта праца — «сэкцярская». Праўда, дзе-якія словы ў перакладзе і карэктарскія памылкі ня шкодзіла-б паправіць, але ў большасці выпадкаў, дзе пераклад праф. А. Луцкевіча разыходзіцца з расейскім, ён рабіў гэта сьведама на карысьць дакладнасьці ў перадачы арыгіналу.
Напалоханыя прывідам, што народ возьмецца чытаць Евангельле ў роднай мове «сэкцярскага выданьня», бо без усякіх камэнтараў, і зразумее так, як там напісана, каталіцкія сьвятары зрабілі разважны крок і хутка перад Другою сусьветнаю вайною выдалі Евангельле і Дзеяньні Апосталаў з кароткімі камэнтарамі. Для народу было-б вельмі пажаданым і карысным, калі-б яны выдалі і цэлую Біблію на беларускай мове.
Другая сусьветная вайна, як гураган, ня толькі зьмяла шмат местаў, ня толькі выкінула тысячы людзей з родных сяліб на бадзяньне па чужых краёх, але зьнішчыла і ўсе Новыя Запаветы, якія знаходзіліся на складзе Біблійнага Таварыства ў Фінляндыі. У часе вайны і па заканчэнні яе быў вялікі попыт на беларускія Новыя Запаветы, але нідзе ня можна было іх дастаць. Доктар В. Тумаш у 1946 годзе першы зьвярнуўся да Брытанскага і Замежнага Біблійнага Таварыства з просьбаю аб выданьні, калі ня цэлай Бібліі, дык хоць-бы Новага Запавету на беларускай мове. Да ягонай просьбы далучыліся просьбы некаторых пратэстанцкіх сьвятароў, якія апрача гэтага зьвярталіся і да амэрыканскіх капэлянаў, і да Сусьветнай Рады Цэркваў, і да Швэдзкага Біблійнага Таварыства. Брытанскае і Замежнае Біблійнае Таварыства адгукнулася адумысловым лістом да перадавых сьвятароў праваслаўнага, каталіцкага і евангельскага веравызнанняў, у якім пыталася, ці пераклад іх выданьня Н. З. з 1931 г. добры, ці беларусы канечна патрабуюць сьв. Пісаньня ў роднай мове і сколькі больш-менш беларусаў знаходзіцца на эміграцыі, каб ведаць, якую колькасьць Н. З. трэба выдаць. Адказы былі настолькі разьбежныя, што англійцы страцілі давер да беларусаў і зьвярнуліся да сп. Я. Дыка, сакратара нямецкай «Місыі для Распаўсюджваньня Евангельля» (цэнтр у Штутгарце) з просьбаю даць аўтарытэтныя дадзеныя аб колькасці беларусаў на эміграцыі (бо адзін беларускі сьвятар налічыў іх усяго 5000, а другі — 50 000). Сп. Я. Дык сабраў адпаведныя дадзеныя, далучыў да іх сваё жаданьне мець 3000 Н. 3. у беларускай мове і паслаў БЗБТ. Гэта вырашыла справу. Чысты, мала ўжываны паасобнік Н. З. выданьня 1931 г. захаваўся ў расейца, баптыскага сьвятара Г. Болтнева, які ахвотна аддаў яго для перадрукаваньня. Справа зацягвалася нейкі час дзеля нястачы то паперы, то палатна на аправу. Нарэшце ў канцы 1948 г. патрэбную колькасьць Новых Запаветаў на беларускай мове Брытанскае і Замежнае Біблійнае Таварыства прыслала ў Нямеччыну. Цяпер кажны беларус мае магчымасьць набыць гэтую сьвятую кнігу, чытаць яе і паслугоўвацца ёю як «сьветачам для стоп сваіх» у сваім вандроўным жыцьці. Слава і падзяка Богу, што ён зноў даў нам цераз сваіх людзей гэтую сьвятую кнігу. Спадзяюся, што беларуская грамадзкасьць будзе ўдзячна кажнаму, хто прылажыў сваю руку да таго, каб беларускі народ меў Новы Запавет на сваёй роднай мове.
«Бацькаўшчына», 30 студзеня 1949 г.
