|
ЗВАРОТ ПЕРШАГА СУСЬВЕТНАГА ЗЬЕЗДУ БЕЛАРУСКАЕ ЭМІГРАЦЫІ ДА БЕЛАРУСАЎ I БЕЛАРУСАК УВА ЎСІМ СЬВЕЦЕ
Дарагія браты і сёстры!
Здаўна ўжо з году ў год тысячамі пакідалі беларусы сваю паняволеную зямліцу, каб шукаць на далёкай чужыне волі й хлеба, якога замала было ў родным краі пры чужым праве й насільлі. Мільёны кідалі родныя нівы, на якіх ня стала месца для шчырых сыноў Беларусі й патрыётаў роднае справы. Але на гэтых мільёнах «старых» эмігрантаў ня кончыліся пакуты беларусаў на чужыне. Вось мінула ўжо 9 год з тае часіны, калі на землях Беларусі прагрымелі першыя стрэлы тае сусьветнае буры, што новым мільёнам з нас адабрала ўсё найдаражэйшае — родную хату, цяпло сямейнага кутка, шматок уласнага загону й братнія душы блізкіх і знаёмых. Гэтая сусьветная завіруха раскінула нас па ўсім сьвеце, яна пазакідала нас у найдалейшыя закуткі гэтае плянэты ў чужое акружэньне.
Пры суровых абставінах цяжкае працы і ў адзіноцтве хай-жа шукае свой свайго, бо толькі ў братнім беларускім сэрцы знойдзе шчырую спагаду ў горы й няшчасьці.
1-ы зьезд беларускае эміграцыі выявіў радасны факт, што амаль усюды, дзе знайшліся хаця-б невялікія трупы беларускіх эмігрантаў, яны дружна гуртуюцца ў нацыянальныя беларускія арганізацыі, каб бараніць сваіх слушных правоў і жыць сваім беларускім жыцьцём.
Зьезд сьцьвярджае затым, што згоднае сужыцьцё і арганізацыйная згуртаванасьць ёсць жыцьцёвай неабходнасьцю й першым практычным заданьнем для кажнае групы беларускіх эмігрантаў, роўна ў кажным краі і на ўсіх кантынэнтах. Дзеля таго, каб гэтае важнае жыцьцёвае заданьне стала запраўднасьцю, трэба ймкнуцца да ідэйнага задзіночаньня ўсіх чэсных і шчырых беларускіх патрыётаў у змаганьні зь сіламі, варожымі беларускаму народу. У імя высокіх ідэалаў свабоды й лепшае долі для народу нашага і дарагое Маці — Беларусі, за якія ўжо палі бязьлікія ахвяры, і за якія й мы ўсе церпім нягоды выгнаньня — адкідаючы ўсе дробязі і асабістыя ўразы, змагаймася з дэструктарамі, што сеюць сярод нас нязгоду й разлад. Мы ня можам ніколі забывацца, што ўсюды й заўсёды нашым вялікім абавязкам ёсьць утрымаць суцэльнымі духовыя вязі з пакутуючым народам беларускім і дарагой Бацькаўшчынай, із слаўным нашым гістарычным мінулым і з духам тых пакаленьняў, што цярпелі й гінулі за нас — з традыцыямі цяжкога змаганьня за адраджэньне й свабоду беларускага гаспадарства. З увагі на гэта і ў поўнай сьведамасьці вялікае адказнасьці кажнага з нас паасобку і ўсіх разам перад маестатам зьняволенае Бацькаўшчыны й перад судом будучых пакаленьняў мы, поўнамоцныя дэлегаты ад беларускіх арганізацыяў Англіі, Аргентыны, Аўстраліі, Бэльгіі, Даніі, Італіі, Канады, Нямеччыны, Францыі й Швэдыі, горача клічам нашых сясьцёр і братоў-беларусаў гуртавацца пад родным сьцягам Беларускае Народнае Рэспублікі, якая цераз Раду БНР, Прэзыдэнта Рэспублікі інж. М. Абрамчыка і Ўрад БНР зьяўляецца беспасярэднім злучвом з прыгожымі традыцыямі нашага вызвольнага змаганьня, яго найвышэйшым дасюль здабыткам і адзінай для нас надзеяй і гарантыяй павароту на вольную Беларускую Зямлю!
Хай-жа сардэчны наш заклік дасягне ўсіх закуткаў зямлі і ўзварушыць сэрцы людзей добрае волі, у каго ня выгасла яшчэ каханьне роднае старонкі.
Дзеля гуртаваньня ўсіх нацыянальных сілаў беларускае эміграцыі й каардынацыі яе арганізацыйна-творчае працы паклікаецца да жыцьця Сусьветнае Аб'еднаньне Беларускае Эміграцыі зь сядзібаю ў Парыжы.
Беларускія арганізацыі ўва ўсіх краінах сьвету заклікаюцца гэтым неадкладна навязаць сувязь із САБЭ ды ўтрымоўваць зь ім сталы й цесны кантакт.
Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!
Няхай жыве вольны Беларускі Народ!
Сакратар Зьезду Старшыня Зьезду
Парыж, 2 сьнежня 1948 г.
Адрас Сусьветнага Аб'еднаньня Беларускай Эміграцыі:
65 Rue des Gravilliers Paris (3), France.
«Бацькаўшчына», 12 сьнежня 1948 г.
