|
У ВЯЛІКУЮ ГАДАВІНУ
Згоду ў год беларускае грамадзянства ўрачыста адзначае гадавіну Вялікага Слуцкага Чыну — Слуцкага збройнага паўстаньня супраць бальшавікоў, якое пачалося роўна 28 год таму — 27 лістапада 1920 г. Паўстаньне гэтае было адным з этапаў нацыянальна -вызвольнага змаганьня беларускага народу за вольную й незалежную Беларускую Народную Рэспубліку, абвешчаную 25 сакавіка 1918 г., і найбольш яркім і вымоўным актам ейнае абароны спасярод многіх іншых падобных актаў, што мелі месца перад гэтым, як і пасьля гэтага.
Слуцкае паўстаньне — гэта ня стыхійны ўзрух беларускага народу, пазбаўлены ясна азначанай мэты, узрух, якіх на працягу нашае гісторыі было вельмі многа. Наадварот, Слуцкае паўстаньне зьяўлялася, бадай, першым вялікіх разьмераў агульнанародным актам, сьведамым сваіх заданьняў і сваёй канчальнай мэты, дарма што падзеі Слуцкага паўстаньня абмежаваліся да невялікай тэрыторыі Случчыны. Гэтай мэтай было змаганьне за захаваньне й абарону перад варожымі чужацкімі наступамі Беларускай Народнай Рэспублікі ў ейных этнаграфічных межах. Гэтую мэту сьцьвердзіла, як ня трэба лепей, Рада Случчыны напярэдадні паўстаньня, 21 лістапада 1920 г. у сваёй дэклярацыі, у якой між іншым было сказана, што «Слуцкая Рада дэкляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту з боку чужаземных захопнікаў і ў выпадку патрэбы навет сілаю аружжа, нягледзячы на лічбовую перавагу ворага, думаючы, што наша справа — справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе». Слуцкае паўстаньне зьяўлялася тады арганічным актам у працэсе адбудовы гаспадарстваўскай незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны. I ў гэтай сьведамай мэтаімклівасьці й накіраванасьці й заключаецца адно з найвялікшых значэньняў Слуцкага паўстаньня.
Але Слуцкае паўстаньне было таксама найбольш вымоўным задакумэнтаваньнем перад сьветам і гісторыяй велічы й сьвятасьці нацыянальнай ідэі беларускага народу, які за гэтую ідэю патрапіў здабыцца на так вялікую самаахвярнасьць. Палітычнае палажэньне Беларусі, якая апынулася тады паміж бальшавіцкім молатам і польскім кавадлам, выключала магчымасьць абараніць толькі собскімі скромнымі сіламі маладую беларускую дзяржаву. Нягледзячы, аднак, на гэта, геройскія случчакі спаткалі з боем пераважаючыя сілы бальшавікоў, што йшлі на Беларусь, каб узьдзець волялюбнаму беларускаму народу новае ярмо маскоўскае няволі. Зь безнадзейнасьці свайго збройнага выступленьня, бясспрэчна, і самі случчакі здавалі сабе дакладна справу, аб чым між іншым вельмі красамоўна сьведчыць вышыты рукамі слуцкіх сялянак надпісь на сьцягу паўстанцаў: «Тым, што першыя паўсталі й пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Гэтыя словы найглыбей расшыфроўваюць вялікую мэту й значэньне Слуцкага паўстаньня. Адважныя случчакі кідаюцца ў крывавы бой ня толькі па тое, каб жыць у вызваленай імі Бацькаўшчыне, але й па тое, каб памерці для вялікае нацыянальнае ідэі, якая сама па сабе ёсьць несьмяротнай, а праз ахвярны Слуцкі Чын павінна стацца больш блізкім ейнае ажыцьцяўленьне ў будучыні. Такім чынам, Слуцкае паўстаньне было сьведамай падзеяй, што зьмяшчала ў сабе далёкасяжную думку, вартасьць якой не агранічвалася да патрэбаў сучаснасьці, але сягала ў будучыню.
I якраз дзеля гэтага гераічны чын адданых справе случчакоў зьяўляецца такім нам дарагім і блізкім, зьмястоўным і павучальным. Во й мы ў нашым сяньняшнім змаганьні з тым самым ворагам, зь якім змагаліся случчакі, не павінны разьлічваць толькі на тое, што з вынікаў гэтага змаганьня мусіць карыстацца сучаснае нам пакаленьне й разам зь ім мы самі. Нельга выключаць думкі, што й мы, як слуцкія паўстанцы, кідаемся ў вір змаганьня ня толькі па тое, каб адразу перамагчы й цешыцца вынікамі перамогі, але й па тое, каб памерці й ахвяраю сьмерці спрычыніцца да перамогі. Ў будучыні, якая станецца ўдзелам тых, што пасьля нас прыйдуць.
Кажная вялікая ідэя ня ёсьць абмежаная ў часе. Гісторыя дае нам мноства прыкладаў, калі за дасягненьне пэўнае ідэі змагаліся цэлыя пакаленьні ў сьведамасьці, што калі ня ім, дык іхным наступнікам суджана дачакацца перамогі. Але такое ўсьведамленьне не паўстрымоўвала ўзапраўды ідэйных людзей ад найвялікшых навет ахвяраў, бо чалавек, які здольны ўсяцэла пераняцца вышэйшай ідэяй, здольны таксама аддаць для яе ўсё, нягледзячы на тое, які лёс спаткае ў гэтым змаганьні яго асабіста.
I толькі такое змаганьне можа забясьпечыць хуткую й поўную перамогу, удзельнікі якога ня шукаюць асабістае карысьці й славы для сябе, але ахвяроўваюць сябе поўнасьцю агульнанароднай ідэі. Такім якраз было змаганьне слуцкіх паўстанцаў. З прычыны тагачасных няспрыяльных нам абставінаў галоўнае ў выніку пераважаючых сілаў ворага й поўнай адсутнасьці падтрыманьня звонку, Слуцкае паўстаньне ў сваім зачатку было асуджанае на няўдачу. Але й пры іншых абставінах, навет найбольш выгадных і спрыяльных, могуць прынесьці перамогу нашай нацыянальнай ідэі толькі вялікі гераізм і бязьмежная ахвярнасьць у змаганьні, якімі вызначаліся якраз слуцкія паўстанцы. Мы цьвяроза павінны здаваць сабе справу з таго, што зьнішчэньне бальшавізму не разьвязвае яшчэ справы вызваленьня й дзяржаўнай незалежнасьці нашае Бацькаўшчыны. На месца бальшавізму, бясспрэчна, прыйдуць іншыя варожыя нам сілы, якія для сваіх імпэрыялістычных мэтаў будуць імкнуцца захапіць Беларусь, а наш народ і далей трымаць у няволі. Таму збудаваць нашую будучыню зможам толькі мы самі шляхам ахвярнага й непахіснага змаганьня пры выяўленьні ўсіх нашых сілаў і ўсяе нашае волі.
Таму якраз глыбока ідэйны характар Слуцкага паўстаньня зьмяшчае многа павучальнага й для нас сяньня. Палажэньне беларускага народу пад бяспрыкладным бальшавіцкім гнётам і крывавым тэрорам ёсьць нязвычайна цяжкае й трагічнае. Аднак беларускі народ не заламаўся пад цяжарам няволі й ня страціў веры ў лепшую будучыню. Ягоны здаровы сялянскі інстынкт і загартаванасьць у доўгім змаганьні не дазволілі зламаць ягонае волі й імкненьняў да лепшага жыцьця, на якое мае ён натуральнае права. Гэтую веру захавалі й мы, беларускія палітычныя эмігранты. Як увесь наш народ на Бацькаўшчыне, так і мы на эміграцыі зьяўляемся заўсёды гатовымі змагацца за ажыцьцяўленьне нашай агульнанацыянальнай ідэі, як толькі наступіць адпаведны для гэтага мамэнт. А прыгатаўляючыся да гэтага вялікага змаганьня, мы павінны ўзброіцца ўсімі тымі высокімі ідэйнымі якасьцямі, якія вялі ў бой адважных случчакоў. Усяцэлае й безагляднае ахвяраваньне сябе для ідэі без увагі на собскі інтарэс зьяўляецца адзінай і неабходнай перадумовай для дасягненьня перамогі.
Маючы ўсюды й заўсёды гэта на думцы, мы павінны вызбыцца ўсякіх эгаістычных інстынктаў, а старацца разьвіць у сабе глыбока ідэйныя вартасьці, каб стацца падобнымі да слуцкіх паўстанцаў.
«Бацькаўшчына», 28 лістапада 1948 г.
