МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Сплачвайма наш доўг! // З гісторыяй на “Вы” кн. 3

Кнiга: З гісторыяй на “Вы” кн. 3
Год: 1994
Раздзел: Публіцыстыка
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

СПЛАЧВАЙМА НАШ ДОЎГ!

Мы, беларусы, што ў выніку вайны і паўторнай акупацыі нашае Бацькаўшчыны маскоўскім бальшавізмам апынуліся на чужыне, зьяўляемся ўсе палітычнымі эмігрантамі. Тут не адыгрывае ніякай ролі факт, ці нехта быў прымусова вывезены немцамі на працу, высланы ў канцэнтрацыйны лягер, прымусова эвакуаваны, ці выехаў дабравольна перад наступам савецкай арміі. Сяньня важным і вызначальным мамэнтам зьяўляюцца прычыны нашай адмовы павароту на Бацькаўшчыну.

Гэтыя прычыны ёсьць чыста палітычныя й аднолькавыя для ўсіх: жаданьне ўратавацца ад масавага палітычнага тэрору, ад фізычных і маральных катаваньняў, ад мучаніцкай сьмерці ў савецкіх турмах ці канцэнтрацыйных лягерах прымусовае працы, куды, як ведама, трапляюць цэлыя мільёны нявінных людзей толькі за тое, што для бяздушных бальшавіцкіх экспэрымэнтаў зьяўляюцца нявыгоднымі.

Паколькі тады мы ўсе — адныя сьведама, а другія сілаю фактаў — сталіся палітычнымі эмігрантамі, гэтым самым мусім прыняць на сябе й усе тыя абавязкі, што звычайна ўскладаюцца на палітычныя эміграцыі наагул.

Палітычная эміграцыя — гэта такая катэгорыя людзей, што, не згаджаючыся з палітычным рэжымам, заведзеным на Бацькаўшчыне, ды будучы ім загрожаная, ідзе на выгнаньне, пераважна дабравольна, каб на чужыне дэманстраваць прасьледаваныя на бацькаўшчыне ідэі й змагацца за іхнае ажыцьцяўленьне. Людзі, што за ідзэю дабравольна пакідаюць свой край, выракаюцца асабістага шчасьця й ідуць на выгнаньне, дзе іх чакае незавіднае жыцьцё й невядомая будучыня, выяўляюць гэтым вялікі духовы гарт, сілу волі й няштодзённыя маральныя вартасьці. Такім чынам, з паняцьцем палітычных эмігрантаў само сабой неразьдзельна вяжацца паняцьце высока вартасных з духовага гледзішча людзей.

У якім-жа тады сьвятле вылядаем мы, беларусы на чужыне, і ці адказваем гэтаму высокаму званьню палітычных эмігрантаў?

Гэтае пытаньне павінна прымусіць нас глыбей задумацца над нашай роляй і заданьнямі на чужыне, перагледзець і паддаць рэвізіі дасюлешнія нашыя паводзіны ды прывесьці нас да моцных і канкрэтных пастановаў.

Мы сталіся палітычнымі эмігрантамі і адмовіліся вярнуцца на Бацькаўшыну дзеля таго толькі, каб пазбавіцца тых мукаў і цярпеньняў, якія сталіся сяньня ўдзелам ня толькі асабіста нам найбліжэйшых пакінутых там бацькоў, братоў і сваякоў, але й усяго беларускага народу наагул. Мы ўсе, даўжэй ці карацей знаходзячыся пад бальшавіцкай няволяй, былі навочнымі сьветкамі й непасрэднымі ўдзельнікамі ўсіх жахаў бальшавіцкага зьдзеку, а таму дакладна здаём сабе сяньня справу з таго бязвыхаднага палажэньня, у якім знаходзіцца беларускі народ. Ведаем таксама, што гэты народ ня толькі цягне ярмо няволі, тоячы ў глыбіні душы сваёй бязьмежную нянавісьць да акупанта, але й здабываецца на гэройскія чыны, змагаючыся зь ім. Перадавая частка народу — беларускія партызаны хапіліся за аружжа, каб адпомсьціць за ўсе народныя крыўды, ведаючы пры гэтым, што тым больш незавідны за гэта чакае іх лес.

I вось усьведамленьне сабе таго палажэньня, што пануе на Бацькаўшчыне і ў якім знаходзіцца наш народ, павінна стацца вызначальным мамэнтам нашае працы й нашых паводзінаў на чужыне.

Многія сяньня ўважаюць, што сам факт іхнага прымусовага выгнаньня зьяўляецца ўжо свайго роду геройствам і дастаткова іх апраўдвае перад тымі, што змушанымі былі астацца на Бацькаўшчыне. Дзеля гэтага ў сваім эгаізьме й самалюбстве думаюць толькі аб сабе, стараючыся як найлепш уладзіцца ды спакойна й бястурботна перачакаць час, калі будзе магчыма вярнуцца назад.

У розных і няроўных умовах апынуліся нашыя людзі на чужыне цяпер, яшчэ больш розныя й няроўныя ўмовы жыцьця іх спаткаюць у найбліжэйшай будучыні. Але найгоршае палажэньне на эміграцыі ёсьць і будзе без параўнаньня куды лепшым за найлепшае на Бацькаўшчыне, пакуль там будзе рабіць свае злачынныя экспэрымэнты маскоўска -бальшавіцкі акупант.

Таму ўсе тыя, каму пашчасьціла вырвацца з бальшавіцкага пекла, не павінны забывацца аб беларускім народзе й ягоных патрэбах, змагацца й працаваць у тым кірунку, які вядзе да вызваленьня нашае Бацькаўшчыны й адбудовы собскае дзяржаўнасьці. Гэта абазначае, што мы як палітычныя эмігранты павінны ўзброіцца ўсімі тымі якасьцямі, якія мусяць характарызаваць палітычных эмігрантаў наагул.

Беларуская нацыянальна-вызвольная праблема яшчэ маладая й малаведамая заходняму сьвету, ад якога ў вялізарнай меры залежыць наш будучы лёс. Прыпомнім сабе, як посьле развалу гітлераўскай Нямеччыны сярод прадстаўнікоў акупацыйных уладаў амаль зусім ня ведалі аб нас як прадстаўнікох самастойнага й вялікага народу. Нас усюды й бадай заўсёды зьмешвалі з расейцамі, «белымі расейцамі», да чаго ня мала, як ведама, прычыняўся й наш нацыянальны назоў. З намі не хацелі гаварыць як з асобнай нацыяй і заспакойваць нашых слушных патрэбаў.

Гэтак было тры гады назад. А сяньня? Палажэньне зусім зьмянілася. Сяньня нас ведаюць, нас цэняць і з намі лічацца. Каб гэтага дапяць, трэба было прарабіць вялізарную й няўдзячную работу, трэба было пісаць, езьдзіць, стукацца, прасіць, а галоўнае — пераконваць, і то пераконваць ня толькі на словах, але й на фактах, у канкрэтнай арганізаванай працы. Такім спосабам першыя масты для нашага «выхаду ў людзі» былі праложаныя. I гэта ўсё зрабіла невялічкая жменька адданых справе й сьведамых сваіх заданьняў людзей, якія, нягледзячы на ўсякія труднасьці, прыкрасьці, а нярэдка й асабістую небясьпеку, рабілі што маглі.

А ў колькі-ж разоў былі-б большыя вынікі нашае працы і на колькі беларуская нацыянальная справа на эміграцыі стаяла-б вышэй і салідней, калі-б ня толькі жменька, а ўсе беларусы ўключыліся ў творчую арганізацыйную працу і кажны, паводля сваіх сілаў і магчымасьцяў, стараўся чэсна й сумленна сплачваць свой доўг перад народам? Адказваць на гэтае пытаньне будзе лішнім. Няхай у душы адкажуць на яго ўсе тыя, што зь недаверам і абыякавасьцю прыглядаліся толькі да гэтае працы і, стоячы з боку, чакалі, што з гэтага выйдзе. Але няхай таксама адкажуць і ўсе тыя, што, называючы сябе сьведамымі беларусамі й нат «беларускімі дзеячамі», ня толькі нічым не прылажыліся да супольнай нацыянальнай справы, але сьведама й злосна падстаўлялі нагу — і падстаўляюць сяньня — усім тым, што ў гэтую працу ўпрагліся.

Прыведзены прыклад аб выніках дасюлешняй нацыянальнай працы беларускай эміграцыі паказвае, што многа ўжо дагэтуль зроблена, але ня менш пераконвае й аб тым, што куды больш яшчэ зрабіць асталося ў кажнай дзялянцы нашага эміграцыйнага жыцьця, як і ў галіне нашых вонкавых дачыненьняў зь іншымі народамі і перад заходнім сьветам.

Сярод іншанацыянальных эміграцыяў існуе пагляд, што кажны палітычны эмігрант дадзенае нацыянальнасьці зьяўляецца свайго роду амбасадарам свайго народу сярод заходнядэмакратычнага сьвету. Правільней нельга й азначыць тых запраўды вялізарных заданьняў, што ўскладваюцца на нас як палітычных эмігрантаў. Бо як мы сябе пакажам перад сьветам, якімі сябе прадставім у вачох іншых народаў, так будуць думаць і аб цэлым нашым народзе й так яго ацэняць. Якую мы правядзём працу перад адказнымі дзейнікамі захаду, У такой меры й будзе разьвязанае імі ў будучыні нашае пытаньне.

I ў гэтым нашым зарэпрэзэнтаваньні самых сябе на чужыне перад іншымі народамі, у настойлівай і энэр-гічнай абароне нашых нацыянальных інтарэсаў і правоў перад сьветам і заключаецца наш доўг перад беларускім народам і Бацькаўшчынай.

«Бацькаўшчына», 5 верасьня 1948 г.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by