|
СЬВЯТАЯ ПРАЦА
5 чэрвеня (23 травеня старым стылем) царква ўшаноўвае памяць сьв. Аўфрасіньні -Прадславы, князёўны й ігумені Полацкае (1102—1167 гг.). У чыста царкоўным сэньсе дзень гэты не становіць якога-небудзь адмысловага сьвята, як і сама сьв. Аўфрасіньня не разглядаецца іначай як вузка мясцовая, полацкая сьвятая. Дык ня дзіва, што папулярнасьць ейная ў шырокіх масах вернікаў за межы Полацку і, можа, Полаччыны ў нас не сягала і шмат дзе пра гэтую, так заслужоную для нашае нацыі сьвятую часам навет і ня чулі. Аднак у нашым грамадзтве, і ня толькі рэлігійным ці рэлігійна-клерыкальным, але й наагул нацыянальна сьведамым, даўно ўжо паўстала тэндэнцыя і навет завязалася пэўная традыцыя ўважаць сьв. Аўфрасіньню-Прадславу за нацыянальнага сьвятога-патрона Беларусі, так, як, скажам, у ўкраінцаў уважаецца сьв. Міхал Архангел, у палякоў — сьв. Станіслаў, у расейцаў — сьв. Юр'я і г. д. З матывамі й асновамі гэтае тэндэнцыі й традыцыі ня можа не згадзіцца аніводзін нацыянальна сьведамы суродзіч, тым болей што тут не паўстае й ніякіх вузка-канфэсіянальных перашкодаў, паколькі і праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл аднолькава прызнаюць князёўну Аўфрасіньню-Прадславу за сьвятую. Аднак разважыць усю гэтую справу ў ейнай паўніні, выясьніць і ўсьведаміць як найглыбей у весь ейны сэнс —якраз на часе сяньня, у пару яшчэ не завершанага, але блізкога да свайго заверша ўстанаўленьня нашых найвышэйшых нацыянальных каштоўнасьцяў і годнасьцяў.
У сваёй багатай і слаўнай мінуласьці народ наш выдаў зь сябе шмат сьветлых і сьвятых постацяў, што знайшлі сабе поўнае прызнаньне й адзначэньне з боку сусьветных хрысьціянскіх цэркваў. Сярод іх сьв. Аўфрасіньні-Прадславе Полацкай, бясспрэчна, належыцца адно з найпершых і найпачэсьнейшых месцаў. Казачна-прыгожая князёўна Прадслава, не пазбаўленая нічога з добраў зямных, ведамых толькі таму часу, апанаваная так панаднымі кожнай іншай дзяўчыне сватаньнямі багатых, дужых і прыгожых гэтага сьвету — зракаецца ўсяго гэтага з свае чыстае добрае (але-ж якое моцнае!) волі, каб прысьвяціцца цалком службе Богу й свайму Народу. I то службе ў цярплівай, маруднай, упорыс-тай, сьціплай працы, зусім мо не спасьцераганай, не адзначанай і не ўслаўлянай, а часта мо й не разуметай, мо й нат — хто ведае — высьмейванай сучасьнікамі — няўдзячнай працы... А што можа быць для нас сяньня сьвяцей за такую самаадданую працу ў службе Богу й свайму народу — тую працу, што й зрабіла князёўну Аўфрасіньню -Прадславу сьвятой? Запраўды-ж, сьв. Аўфрасіньня — гэта сама Сьвятая Праца — адна з найвышэйшых каштоўнасьцяў, усё больш і больш ацэньваных і ўшаноўваных ня толькі нашым працавітым сьціплым народам, але й цэлым цывілізаваным чалавецтвам. Ды ці можна знайсьці нам больш годнага патрона-сьвятога, апякуна й заступніка нашае нацыі?
Аднак навет жыцьцё цэлага чалавецтва, ня тое каб аднаго нашага, цяжка данятага й дайманага гісторыяй народу, уладжанае так, што праца, сама сьвятая праца, ня можа быць ані адзіным, ані галоўным навет ягоным шляхам. Бо зусім побач тут бяжыць, і часта пераплятаецца-перавіваецца, і другі, ня менш вялікі й ня менш слаўны, ды ня менш і цярністы, а таму ня менш сьвяты шлях жыцьця — шлях змаганьня. I на гэтым шляху наш народ даў ня менш сьветлых і сьвятых постацяў, таксама прызнаных і адзначаных. Чаму-ж ня маем мы сяньня зь іх абранага сьвятога патрона-заступніка, пуцяводніка гэтага, сяньняшнім часам ды для нашага народу мо й найадказьнейшага шляху — шляху змаганьня? Гэтае пытаньне ня шкодзіла-б адпаведным колам узяць пад развагу. Чаму, побач із прыгожай традыцыяй сьв. Аўфрасіньні-Прадславы — Сьвятой Працы, як патронкі Беларусі, не запачаткаваць — пакуль ня позна, а якраз на часе! — і традыцыю нейкага Другога сьвятога -змагара, як патрона змагарнае Бацькаўшчыны? Абкружаны народнымі легендамі й славаю яшчэ больш, як сьв. Аўфрасіньня, мужны й ахвярны змагар-ваяр супраць чужацкае навалы, абаронец Бацькаўшчыны й хрысьціянства зь мячом у руках сьв. Мэркур Смаленскі найбольш заслугоўваў-бы на годнасьць такога патрона. А традыцыя іншых народаў знае ня толькі аднаго, але й двух нацыянальных патронаў (як, прыкладам, у чэхаў сьв. Ян Непамук і сьв. Вацлаў). У нас-жа гэтыя два патроны — заступнікі Бацькаўшчыны мелі-б і такі глыбокі ды шматгранны сэнс.
Аўфрасіньня Полацкая і Мэркур Смаленскі. Заступніца й Заступнік. Сьвятая Праца й Сьвятое Змаганьне. Адвечнае адзінства супрацьлежнасьцяў захаду і ўсходу ў нас (як-бы ні зьмяняліся ягоныя асяродкі: на той час — Полацак і Смаленск, пасьля — Вільня й Полацак, яшчэ пасьлей — Вільня й Менск, цяпер — эміграцыя і Бацькаўшчына). Навет у сьвяткаваньні — веснавая Аўфрасіньня й восенскі Мэркур.
Але гэта ўжо справа прапановы й развагі. Сяньня-ж у нас — сьвята Аўфрасіньні -Праделавы, ужо ўзьведзенай на шлях традыцыі патронкі Беларусі. Яно ўжо мусіць стацца вялікім нацыянальным сьвятам для кожнага сьведамага суродзіча. Бо гэта — сьвята самой Святой Працы. I пры гэтым, што яшчэ мо важней — працы нацыянальнай, працы культурнай і прасьветнай, якраз тэй працы, якой мы найбольш заўдзячваем усё сваё нацыянальнае абуджэньне й адраджэньне. Ды разам з тым — сьвята працы сьціплай, не настаўленай на багацьце й славу — і працы волевай, напорнай і ўпорыстай, самаадданай у пасьвяце аж да манаства. Такой працы, якой найбольш трэба нам сяньня, каб не заглушыў палын нядолі ці які-небудзь блёкат зводу нацыянальныя сьцежкі-дарожкі.
I ў гэтым-жа агульна нацыянальным сьвяце павінны асабліва абходзіць і свае асобныя сьвяты некаторыя зь перадавых і баёвых аддзелаў нацыі. Найперш, можа,— нашыя маткі, сёстры й сяброўкі, для якіх гэты дзень Жанчыны. Працаўніцы мусіць стацца ня менш дарагім, як нядаўна адзначаны агульналюдзкі Дзень Жанчыны-Маці. А гэта-ж да таго й дзень жанчыны-працаўніцы нацыянальнай, жанчыны-культурніцы...
Нарэшце-ж, мо не наапошку, павінна быць тут-жа й нашае, мо прафэсійнае сьвята — сьвята працаўнікоў размнажэньня пісанага слова, якому найбольш і была пасьвяціўшыся сьв. Аўфрасіньня, у сяньняшнім сэнь-се — сьвята друку і пры гэтым — нацыянальнага друку.
Гэты вялікі и шматзначэнны нацыянальны дзень і ўшануйма сяньня хоць у сэрцах сваіх, супоўніўшы іх цёплай і шчырай малітвай да Тае, Каго ўжо абралі сабе за Апякунку -Заступніцу, малітвай за Бацькаўшчыну, ейныя крыжавыя пакуты сяньня й ціхую радасьць у сьціплай упорыстай Сьвятой Працы, што ня можа ня быць укаранаванай вянцом збаўленьня ў спадзяваным сьветлым Заўтра.
«Бацькаўшчына», 5 чэрвеня 1948 г.
