|
ТОДАР БЕЛАРУСКІ 1
НАШАЯ ПРАМОВА НА АГУЛЬНЫМ ЗЬЕЗЬДЗЕ ЗАДЗІНОЧАНЫХ НАЦЫЯЎ
Мы — людзі бяз бацькаўшчыны. Displaced persons, як завёмся мы новай афіцыйнай, або displeased persons2, як лепш назвалі-б мы самі сябе ў душы, застаўшыся запраўды пакрыўджанымі ад урадаў, што ў вас фігуруюць і выступаюць ад імя народаў, ад якіх яны ня маюць паўнамоцтваў.
Спадары! У нас перад вамі тая асаблівасьць, што мы ня крывім душою, калі гаворым. Для нас няма тых «вышэйшых дзяржаўных меркаванняў», якія ператвараюць часам ваш язык у орган хаваньня думак, а ня ў орган выражэньня іх. Мы не баімся быць абвінавачанымі ў непаважаньні да «некаторых урадаў»,— прызнаёмся, што гэтай павагі ў нас да іх няма. Ня чуем і страху перад такімі ўрадамі. Мы добра бачым, як гэтыя восенскія мухі лятуць да свае гібелі. У сваёй прамове мы можам увайсьці ў супярэчнасьць із тымі статутамі, на моцы якіх дзеіць вашае Высокае Зграмаджэньне. Але й гэта ня можа нас застрашыць: за зьмест статутаў адказваюць урады, што падпісалі іх, а не народы, ад імя якіх дзеялі й дзеюць некаторыя так званыя «ўрады».
Гэткім парадкам мы прамаўляем да вас тут як найсвабаднейшыя людзі ў сьвеце, не зьвязаныя ні з статутам ні з прыналежнасьцяй да тае ці іншае дзяржавы,— ня скутыя нічым, што перашкаджала-б нам кіравацца сваім собскім сумленьнем.
Выступаем мы тут як грамадзяне сьвету.
Але, мы такія і ня маем права маўчаць, калі пад будынак нашае сусьветнае бацькаўшчыны падкладаецца бомба страшэннае разбуральнае сілы. Ня можам маўчаць, ня просім, а вымагаем, вымагаем выслухаць нас.
Спадары! У сьвеце няма благіх і добрых народаў, усе народы добрыя, усе яны імкнуцца да спрадвечнае мэты — дабра. Але ў гэтых народаў ёсьць не толькі добрыя, а таксама й нягодныя ўрады, якія тым і благія, што перашкаджаюць гэтым народам жыць у прыязьні, робячы тое, чаго самі саромеюцца назваць уголас.
Ды дармо, усё-ж сьвет цяпер больш адналіты, чымся гэта некаторым здаецца. Чалавецтва перастала быць мэханічным задзіночаньнем нацыянальных арганізмаў, а ператварылася ў адзінае, зялезнае цэлае, народжанае й загартаванае ў бязьлітасным змаганьні за свае адраджэньне на працягу даўгіх гадоў. У чалавецтва няма нічога даражэйшага, чымся гэтае адзінства, за якое заплачана цяжкой працай безьлічы лепшых народных дзеячоў і крывёю, пралітай у гэтым змаганьні. Сьвет цяпер нагэтулькі адзіны, што калі села скула на грэцкі палец, дык боль ад яе адчуваецца па ўсім сусьветным арганізьме; палестынская гангрэна пашыраецца па ўсім сусьветным целе, а далёкаўсходні мазоль змушае чалавецтва значна падкульгваць.
Адзінства сьвету купленае чалавецтвам за цану найвялізарнейшых пакутаў і ахвяраў, але выкарыстаць яго ў поўнай меры тымчасам няможна, пакуль сусьветны арганізм у стадыі сьмяротнае хваробы.
Спадары! Ваш сусьветны кансыліўм пакліканы знайсьці спосаб вылячыць сьвет. Чалавецтва на ўсёй неўпарадкаванай земнай кулі прыслухоўваецца да галасоў, што йдуць з вашага Высокага Зграмаджэньня. Прыслухоўваецца й траціць надзею. Вы намагаецеся дакладна й сумленна вывучыць грэцкую скулу, заклеіць пляйстрам далёкаўсходні мазоль, прыпісваць мікстуру запаветранаму атамнай трасцаю сьвету, цяпер — знайсьці нейкую раду ад палестынскае гангрэны. Вы дакладаеце ўсіх стараньняў вылечыць сусьветны арганізм, суняць чырвоныя плямы, што выпаўзаюць навонкі, але не рызыкуеце дакрануцца да найгалаўнейшага, адкуль у хворы арганізм прасякае атрута раскладу й пагібелі. Вы змагаецеся супраць сымптомаў, пакідаючы нат не дасьледванай самую хваробу, і гэтым самым даяцё ёй магчымасьць паглыбляцца далей у заслабелы арганізм чалавецтва. Інакш кажучы, вы падобныя да тых лекароў далёкае мінуўшчыны, якія мала давяралі сваім веданьням у мэдыцыне й злучалі іх із чарадзействам ды забабонамі ў надзеі, што калі не адно, дык другое мусіць хвораму памагчы.
Мэтадам гэтага лячэньня можна стварыць на кароткі час ілюзію ачуняньня, але хвароба, загнаная глыбака ў сярэдзіну, ізноў пакажацца навонкі, ізноў на твары чалавецтва выступяць чырвоныя плямы, і штораз, то ўсё ў большым памеры, і ўжо цяжка будзе даваць рады.
Ніхто з вас, спадары, ня можа сказаць, што вылячэньне сьвету цяжкое тым, што хвароба няведамая. У сьпісаньні сацыяльных захворваньняў гэтая хвароба мае ўсім ведамы назоў, які ўва ўсіх мовах сьвету вымаўляецца: камунізм. Сымптомы гэтае хваробы дакладна вывучаныя, сьмяротная небясьпека ня выклікае страху, і ход адно аб тое, каб вы падпісалі рэцэпт на лякарства.
Галоўнае, спадары, сумленнасць, мужнасьць і здольнасьць дзеіць бязь белых рукавічак. Сьвету добра ведама, што залоза вытварэньня атруты камунізму ў сусьветным арганізьме — гэта адна зь дзяржаваў, прадстаўнікоў якое мы, на жаль, ня бачым яшчэ на лаве па-дсудных, але тут, сярод вас, на гэтым Высокім Зграмаджэньні...
Спадары! На Ўсходзе Эўропы ляжыць нашая родная старонка Беларусь, заселеная сумленным, добрым і гасьцінным народам. 30 год таму гэты народ, хоць і гэтак супрацівіўся, паў ахвярай вашае абыякавасьці да ягонае долі. Невялікая група палітычных нечысьцяў хапіла за горла шматмільённы наш ды іншыя народы й мэтадам крывавага тэрору, перад якім нікнуць у сьцені жорсткасьці супраць хрысьціянства мінулае даўнасьці, паставіла гэтыя народы на калені, змусіла іх прыгнуць галовы. Жывы, працавіты, здаровы арганізм нашага народу стаўся арэнай злачыннага сацыяльнага экспэрымэнту. Дыктатарскі рэжым, узброены жорсткімі мэтадамі тэрарыстычнае хірургіі, маніўся адсячы ў народу здольнасьць думаць і адчуваць, вылегчаць супраціў нацыянальнага арганізму й прышчапіць народу рысы нявольніцкае пакоры. Беларусь і іншыя народы пры абыякавасьці сьвету сталіся найвялізарнейшай лябараторыяй, у якой з жывога й паўнавартаснага народу вытвараецца народ-нявольнік. Трэба быць зусім сьляпым, каб ня бачыць, да чаго вядзець гэты экспэрымэнт, натхненны сьценямі жорсткага нявольніцтва далёкае мінуўшчыны. I сьвет быў сьляпы, каб прадбачыць гэта, і глухі, каб чуць стогны аб дапамозе. Сьляпы, глухі й неразумны, бо не разумеў, што стварэньне народу-нявольніка — гэта толькі першая частка пляну кастрацыі сьвету ў імя варожае чалавецтву камуністычнай дактрыны.
Будучыня сьвету была-б безнадзейна страшной, каб цалком удаўся гэты экспэрымэнт над нашым народам. На шчасьце, гэтага ня здарылася. Беларускі народ не ператварыўся ў камуністычнага нявольніка. Жыве ў ім пачуцьцё імкненьня да праўды й волі, не забітае сумленьне й справядлівасьць, не памерла мужнасьць змаганьня за сваё нацыянальнае й сацыяльнае адражэньне. У мінулай вайне беларускі народ змагаўся за сваю волю як із бурнатым, гэтак і з чырвоным фашызмам, але на сьвяткаваньні перамогі яму не давялося дастаць месца, гэтае месца захапіла тая самая дыктатура, што вытварае экспэрымэнт над народам-змагаром і прабіваецца далей на міжнародную арэну, выступаючы ад імя гэтага народу адзіным правам сілы і ўчыненых злачынстваў.
У цёмным завулку сяньняшняга дня сьвет падпілноўваюць людзі, якія пастанавілі, што настала часіна іхнага трыўмфу й можна ўжо пачаць у сусьветным маштабе тое, што яны зрабілі там, на нашай Бацькаўшчыне. Даўно ўжо ўся жыцьцёвая мараль і ўся іхная ідэялёгія зводзілася да пастаўленага іхнымі правадырамі пытаньня: «Хто каго?» I яны разьлічваюць выкарыстаць заблытаную пасьля вайны сыту-ацыю й зьбянтэжаную вайной актыўнасьць народаў, каб ператварыць сьвет у паслухмянае камуністычнае стада, павярнуць гэтую справу ў сваю карысьць.
Яны стараюцца схаваць пад маскай добрасьці свой запраўдны подлы твар. Яны выступаюць як «абаронцы правоў малых народаў» (мы гэтых абаронцаў добра ведаем), стараюцца запэўніць усіх у тым, што толькі яны бароняць інтарэсы працы, што не перашкаджае ім перабірацца жыць у раскошныя палацы, абстаўляць сябе слугамі, прыбіраць сваіх жонак у найдаражэйшыя хутры й пэрлы. У маскараднай зьмене масак камунізмам няма нічога дзіўнога, але дзіву годная трагічная няздольнасьць або нежаданьне сьвету бачыць, хто такія ў запраўднасьці гэтыя лаўцы душаў людзкіх.
Голас нашага народу паходзіць не ад тых, хто выступае перад вамі. Прыслухайцеся, спадары, вы пачуеце голас запраўднага народу, і гэты голас гавора зусім ня тое, што вы тут чуеце ад прадстаўнікоў савецкае дыктатуры. Гэты запраўдны голас нашага пакутнага народу падаём мы, Displaced persons, якіх народ вызначыў за сваіх абаронцаў. Гэта мы — амбасадары нашага народу, які давярае нам гаварыць ад ягонага імя. Нездарма камуністычныя інтрыганы дакладалі й дакладаюць гэтулькі стараньняў, каб перацягнуць нас на свой бок і гэтым заткнуць горла праўдзе. Не, гэтага ня станецца! Мы сумленна будзем выконваць свае абавязкі перад сваім народам. Высака будзем уздымаць наш нацыянальны сьцяг, сьцяг справядлівасьці й волі. З пашанай будзем берагчы нашыя нацыянальныя традыцыі, веру й звычаі. Прыслухайцеся да голасу нашага народу! Будзьце справядлівыя; вы самі кажаце, што камунізм шкодны для вашага народу, а чаму-ж вы не зразумееце, што ён ня можа быць лепшым і для нас?
Прыслухайцеся да плачу нашых мацярок, жонак і сёстраў, сэрцы якіх перапоўненыя горам і тугой, якія аплакваюць ня толькі загіненых блізкіх сваіх, нас, выгнанцаў, але горкімі сьлязьмі абліваюць і свае собскія пакуты — голад, холад і зьдзекі. Яны працягваюць у ваш бок свае крывава-мазалістыя рукі, каб разам з вамі працаваць, жыць у згодзе й прыязьні ды карыстацца хараством свабоды, як вы,
Дык слухайце! Мы разам з вамі хочам голасна пракрычаць на ўвесь сьвет: брацтва народам і справядлівасьць для ўсіх! Адчынеце нам вашыя сэрцы, і няхай У іх зазьзяе ясны вогнік помачы нашаму народу, што нясець на сабе страшэнна цяжкое камуністычнае ярмо!
Лёндан
«Бацькаўшчына», 9 травеня 1948 г.
