|
ВІТАЮЧЫ ЗЬЕЗД
Сяньняшнім перадавым артыкулам мы маем асаблівую прыемнасьць прывітаць зьезд давяроных абіраньнікаў нашае нацыянальнае эміграцыі ў Нямеччыне — дэлегатаў, упаўнаважаных свабодным волявыяўленьнем масы гэтае эміграцыі да перавыбараў нашага нацыянальнага прадстаўніцтва ў Нямеччыне — Беларускага Цэнтральнага Дапамаговага Камітэту.
Прадстаўніцтва нашае эміграцыі ў Нямеччыне — інстытуцыя яшчэ маладая, хоць, зрэшты, ня шмат маладзейшая за ўсю гэтую эміграцыю. Паўстала яна стыхійна, але зусім заканамерна, у мой, прыроднае патрэбы нацыянальнага самазахаваньня й самаабароны на чужыне ў абставінах найзацяцейшых пасяганьняў ня толькі на духовую існасьць, але й на само фізычнае існаваньне катаваных гістарычнаю несправядлівасьцяй выгнанцаў з краіны, аддаўна й блізу бязупынна адзначанае цяжкім таўром «Забранага Краю». Запачаткавалі гэтае прадстаўніцтва людзі, якія найлепш адчувалі гэную прыродную патрэбу й знайшлі ў сабе найбольш мужнасьці адразу-ж, не палохаючыся й не вагаючыся, паставіцца ёй на адданую й ахвярную службу. Закладаючы першыя мясцовыя нацыянальныя камітэты, пашыраючы іх да акруговых і зонных, канцэнтруючы нарэшце ў цэнтральным, людзі гэтыя не чакалі на фармальныя пакліканьні, упаўнаважаньні ці выбары, а браліся адразу за работу й рабілі, як толькі маглі, ды наагул, як толькі можна было. I вынікаў гэтае работы — зарганізаваных нацыянальных лягераў і групаў, выступленьняў перад уладамі й арганізацыямі, прадстаўніцтва ў міжнацыянальных эмігранцкіх арганізацыях, здабыцьця нацыянальнае ліцэньзіяванае прэсы, стварэньня нацыянальна -культурных пляцовак у школьніцтве, мастацтве і г. д. і г. д.— не адбера ніхто ад нас, ад напіае агульнай нацыянальнай справы на эміграцыі, ды, нарэшце, ад імя й гонару гэных людзей упаасобку. Калі гэтыя вынікі, можа, і не заўсёды супастаўныя да здабыткаў, дасягненых іншымі нацы-янальнасьцямі на эміграцыі, ды затое яны сьцісла прапарцыянальныя да магчымасьцяў эміграцыі нашае, да моцы інтэлігентнага прапластаваньня ў ёй, да ступенi нацыянальнае сьведамасьці нашае народнае масы, бяручы яе йшчэ ў ейным папярэднім стане на Бацькаўшчыне, нарэшце,— да самое колькасьці й магчымасьцяў гэных піянэраў-ініцыятараў.
Цяпер гэтыя людзі, пакліканыя часам і ўсьведамленым абавязкам, свой мандат-упаўнаважаньне, атрыманае, можна сьмела сказаць, ад самое гісторыі, здаюць зьезду зусім свабодна й паводля ўсіх дэмакратычных нормаў выбраных прадстаўнікоў нашае эмігранцкае масы ў Нямеччыне з усіх куткоў ейнага расьцярушаньня тут. Здача гэтага мандату адбываецца не запозна, бо нельга было яе, без рызыкі для дабра справы, правесьці тады, калі ўся арганізацыйная праца эмігрантаў у Нямеччыне наагул магла праходзіць адно ў паўлегальных абставінах, ані датуль — і гэта найважнейшы ўжо для нашае канкрэтнае нацыянальнае сытуацыі мамэнт — пакуль не раскрыла свайго запраўднага аблічча (ці пакуль не ўдалося яго раскрыць) уваччу кажнага, хто толькі мае вочы, каб бачыць, і вушы, каб чуць,— глыбака запушчаная, дэмагагічная й дынамічная антынацыянальная чужацкая дывэрсія. Тварэньне безадказнымі адзінкамі й групкамі новага г. зв. «цэнтральнага беларускага прадстаўніцтва» на зусім голым месцы, адкідаючы ўсе здабыткі папярэдняе працы (хоць і маўкліва карыстаючыся найважнейшымі зь іх ды стараючыся выкарыстаць усе наагул) — пры поўнай магчымасьці ўсім узяць удзел у як найрадыкальнейшым перафармаваньні на строга дэмакратычных асновах прадстаўніцтва ўжо традыцыйнага, заслужонага і ўсебаковага ўвязанага як у нутраным, так і ў вонкавым дачыненьні, навет пры адкрытым запрашэньні да гэткага ўдзелу (гл. хоць-бы «Бацькаўшчыну», № 8/11) — гаворыць само за сябе, ставіць апошнюю кропку над і. І ў гэтым — вялікі пазытыўны мамэнт для змаганьня: станы ягоныя канчальна разьмяжоўваюцца, вораг нутраны сам раскрывав сваю вонкавасьць, застаецца толькі проба сілаў. Баяцца таго, што пэўная частка ня зусім усьведамленае масы дасца яшчэ нейкі час сябе баламуціць і эксплёатаваць — значыла-б наагул ня мець пэўнасьці ці хоць веры ў праўднасьць усяе нашае нацыянальнае справы. Праганяць гэтую боязь, калі ў каго яна ёсьць, працаю й толькі працаю над нацыянальна-палітычным усьведамленьнем і гуртаваньнем — адзіны мужны й чэсны выхад для ўсіх, хто не гатовы ці псыхалёгічна няздольны да змаганьня. Бо толькі праца й змаганьне — ад пачатку назначаныя й ці раз бліскуча выпрабаваныя сьцежкі-дарожкі нашага нацыянальнага руху.
У працы й змаганьні ўзростала й нашае нацыянальнае прадстаўніцтва БЦДК, у працы й змаганьні будзе дужэць яно й надалей. Няхай сабе шмат каму шмат што ў гэным змаганьні можа здацца лішнім і магчымым да абміну ці ліквідацыі. Пэўна-ж, эканомія сілаў мусіць быць заўсёды і ўсюды, асабліва пры нашым такім небагацьці на іх. Але кажнае змаганьне вымагае й ніяк неабмінных выдаткаў ды ахвяраў. Калі толькі верыцца ў праўднасьць усяе справы — нельга ня верыць і ў тое, што выдаткі гэныя аплацяцца й акупяцца.
Аднак таксама шмат каму, і найбольш асобам, далёкім ад сяньняшняга актыўнага рэчышча руху, найчасьцей людзям простым і ціхамірным — усё нашае цяперашняе змаганьне, нутраное сваім месцам, хоць і вонкавае паходжаньнем, кіраваньнем ды ськіраваньнем — выдаецца нейкім бязмэтным, дробным, мо нат асабістым і аж проста ледзь ня сьмешным. У папярэднім нумары «Бацькаўшчыны» мы мелі нагоду й прыемнасьць зьмясьціць вялікі й шчыры «ліст да беларускае інтэлігенцыі» нашых суродзічаў з аднаго лягеру ў Ангельскай зоне. I хоць аўтары ліста добра бачаць, хто цяпер і каго атакуе ў змаганьні, хоць яны добра клічуць «да згоды» ўсіх суродзічаў, што маглі-б быць карыснымі цэлай нацыі, а ня толькі самым сабе ці, яшчэ горш, адвечным варагом Бацькаўшчыны — усё-ткі тое нашае змаганьне ў іхным ваччу выглядае проста «дзяленьнем пустога мяха».
Пэўна, здалёк і без развагі гэтак зусім можа здавацца. Бо калі той «мех» разумець у чыста матар'яльным сэньсе, дык ён і запраўды ў нас даволі-такі гіўставаты. Але й тут трэ было-б задумацца найперш над некаторымі пытаньнямі: чаму ўсё-ж да гэтага «пустога меху» так дабіваюцца цяпер шырака й даўно ведамыя спэцыялісты якраз ад «мяхоў» поўных? Чаму ня цікавіліся яны ім тады, калі «мех» і запраўды быў пусьценькі і трэба было цягаць у яго, дый яшчэ з гарачага прыску, першыя каштаны — зьбіраць у гурт, выдзіраць із чужых лапаў запалоханых і здэзарыентаваных суродзічаў? Ці ня чуюць іхныя дазнаныя насы выразнага паху нечага істатнейшага — ня печаных каштаноў (ці, калі ўжо, «нацыянальнай формаю» карыстацца, дык бульбы хіба), а нейкіх — і то нелапых — скварак? Вунь пачынаюць газэты як у бубен біць аб недалёкім прызнаньні замежных эміграцыйных урадаў, сымпатыі — і ня толькі адны плятанічныя — да паняволеных бальшавізмам растуць увачавідкі. I раптам «мех можа прарвацца» — ня нашая пуставатая яшчэ торба з тымі бульбінамі, а тугі мех сусьветнае сілы й можнасьці. Тады адно — падстаўляй гэныя торбы й торбачкі ды завязвай — ці мо лепш, не «падстаўляй», а «прадстаўляй» добра напрактыкаванымі ў гэтых «мехавых» справах «прадстаўніцтвамі» — і стане й самому, і дзеткам, і добрым суседкам...
Запраўднае нашае нацыянальнае прадстаўніцтва — нашыя дапамаговыя камітэты з БЦДК на чале — усёй сваёй дасюлешняй працай, адданасьцяй, ахвярнасьцяй і, нарэшце,— беднасьцяй, спрычыненай мо й ня зусім ужо пахвальнай непатрабавальнасьцяй (асабліва прыраўнаўшы да падобных установаў іншых нацыяў, што выяўляюць напару надзвычайную энэргію ў спаганяньні розных нацыянальных складак ды падаткаў) — сьведчаць аж занадта, як далёка яны ад падобных «мехаватых» канцэпцыяў. Дык усё тое, што тут ёсьць ці быць можа — сяньня аддаецца да рэшты ў рукі прадстаўнікоў самое масы эміграцыі. I, найгалаўнейшае — аддаецца ў гэтыя-ж давяроныя рукі ня толькі «мех» які-небудзь, пусты ці поўны, рагожавы ці сап'янавы — а нічым ня сплямлены сьцяг нацыянальнае ідзі. Аддаецца ня з тым, каб перашыць яго ў якую-такую сабе торбу, а каб несьці й далей у тэй-жа чысьціні й на тэй-жа вышыні, галоўна — наперад і наперад! Бо мы ў змаганьні баронім толькі гэты сьцяг, толькі пад ім наступаем, толькі за яго ходаемся й ахвяруемся. I будзем ходацца, каб ня лучыў ён у якія, аб усе «мяхі» сьвету зацухмоленыя лапы, каб ня высклізнуў зь іх ды не пайшоў на паганыя анучы, да чужацкіх і ворагавых ботаў
А пакуль — аддаючы чэсьць тым, што горда несьлі гэны сьцяг дасюль тут, на чужыне, вітаем тых новых, што панясуць яго далей, можа, аж да перамогі — зычым ім гэтага ад усяго шчырага сэрца, жадаем ад поўнае добрае волі!
«Бацькаўшчына», 25 красавіка 1948 г.
