|
БНР ЖЫВЕ — ЖЫВЕ БНР!
Сяньня мы маем высокі гонар першымі апублікаваць на сваіх балонах Дэклярацыю Рады Беларускае Народнае Рэспублікі (БНР), прынятую яшчэ 29 сьнежня 1947 г., але толькі цяпер атрыманую намі ад Сакратарыяту Рады БНР (праз Швайцарыю) дзеля зьмяшчэньня ў друку. Хоць ад часу прыняцьця гэтае Дэклярацыі прамінула ўжо блізу два месяцы, аднак актуальнасьць ейная за гэты час ня толькі ані не абнізілася, але наадварот, у бегу сяньняшніх падзеяў набірае штораз большае значэннасьці. Дый ня дзіва. Бо, будучы апошнім у часе дакумэнтам існаваньня, дзеяньня й волі найвышэйшага органу Беларускае Народнае Рэспублікі, Дэклярацыя адначасна становіць і першае публічнае выступленьне гэтага органу пасьля даўжэйшага часу ягонае дзейнасьці, хоць і навонкі, дзеля пэўных абставінаў, невыяўлянае, але ўнутры бязупыннае, упорыстае працы ўсё ў тым-жа духу й кірунку, запаведаным самым улададаўцам — Народам, у духу й кірунку ўжыцьцёўленьня запраўднае, бязумоўнае гаспадарстваўскае незалежнасьці Бацькаўшчыны.
Ужо трыццаць год, як зацеплены пад злымі, няспрыяльнымі віхурамі на ўсенародным сходзе Першага Ўсебеларускага кангрэсу ў Менску, а на ўсю магутнасць распалены пасьля ў вялікім гістарычным Акце 25 сакавіка — бязупынна гарыць і палае гэты няўгасны агонь-зьніч нацыянальнае нашае гаспадарстваўшчыны. Дармо, што тыя-ж злыя, няспрыяльныя віхуры не далі яму Узгарэцца там, на Бацькаўшчыне, загасіўшы, заліўшы груба й без пары лютымі сваймі наваламі. Вынесены з Бацькаўшчыны на чужыну ў выгнаньне вернымі сынамі ў каганцох-сьветачах, у іскрамётных паходнях, пераношаны часта зь месца на месца, перадаваны з рук старэйшых і адыходзячых у маладзейшыя й дужэйшыя рукі — гарыць ён і сяньня ў гэных трох, сьвятых для кажнага сьведамага суродзіча літарах БНР. Гарыць і ня гасьне, як ні стараюцца дастаць яго й тут подзьмухі гэных віхураў здалёку, а часам і зблізку. Наадварот — такія подзьмухі сіберных вятроў часам толькі мацней разьдзьмуваюць гэты сьвяты агонь, і разгараецца ён яшчэ больш, як-бы на запавет вялікага нашага паэты:
Разгарайся хутчэй, мой агонь, між імглы,
Хай цябе шум вятроў ня пужаець!
Пагашаюць яны аганёчак малы,
А вялікі — мацней разьдзьмуваюць.
(Максім Багдановіч)
Бо гэта запраўды вялікі агонь — Зьніч самога Народу.
Апублікаваньне сяньня апошняе Дэклярацыі Рады БНР — новы ўспалох гэтага агня-Зьніча — якраз супадае ў часе з трыццатымі ўгодкамі аднае зь векапомнейшых падзеяў нашае нацыянальнае гісторыі — з трыццацігодзьдзем першага пераняцьця ўлады якраз тэю самаю Радаю БНР. То-ж бо якраз трыццаць год таму — у днёх 19—21 лютага 1918 г.—упяршыню ў сталіцы Рэспублікі вольна ўзьвіўся наш гаспадарстваўскі сьцяг і пачаў сваю службу народу першы запраўды народны ўрад — Народны Сакратарыят БНР. Апублікаваньне сяньняшняе Дэклярацыі Рады БНР, хоць мой і выпадкам, але прыпала якраз на трыццацігодзьдзе абвешчаньня Першае Ўстаўнае Граматы БНР — урачыстага акту аб пераняцьці ўлады на вольнай ад ворага Бацькаўшчыне. I зноў-жа — дармо што не дала доля надаўжэй утрываліцца гэнай уладзе над Бацькаўшчынай, над ейнай зямлёю — улада тая над сэрцам людзей зямлі — дзяцей Бацькаўшчыны, дзе-б яны ні былі, трывае няўхільна й сяньня. I цяперашняя Дэклярацыя Рады БНР адно прыпамінае людзям аб гэнай уладзе, аб тым, што стырно яе ня выпушчанае з рук і прыймае пад сябе ўсіх суродзічаў добрае волі й ідэі.
Але што яшчэ тут важней і значэньней, дык гэта тое, што такі напамінак зьверху спатыкаецца з адначасным сустрэчным стыхійным рухам із самых нізоў, ад самых тых людзей, рухам, ськіраваным напярэймы недасяглага яшчэ закліку верху. Першыя выявы гэтага руху мы таксама маем прыемнасьць падаць нашым чытачом сяньня, друкуючы на іншым месцы ліст Беларусаў французскае зоны да Прэзыдэнта БНР і рэзалюцыю актыву Згуртаваньня Беларусаў Вялікае Брытаніі. Гэтыя першыя дакумэнты сьведчаць, што людзі й самі, без напамінку, аддаюць сябе зноў пад уладу гэтага адзінага аўтарытэту, які, як добра кажуць яны, «быў створаны самымі Беларусамі й на працягу дзесяцігодзьдзяў выказаў непагрэшную нацыянальную палітычную й рэпрэзэнтацыйную дзейнасьць» (гл. «Зьезд Беларусаў Французскае зоны» ў папярэднім № 4 (7) нашае газэты). Гэтым самым даецца выразны й станоўкі адказ і адпор пэўным спробам апошняга часу гальванізаваць некаторыя, вельмі падмочаныя (і то з розных бакоў...) «аўтарытэты», накіданыя сваёй парой усялякімі «панамі», што мелі магчымасць гаспадарыць над нашай зямлёй і над целамі, але ня душамі й сэрцамі нашымі... БНР і толькі БНР — рэспубліка Першага Ўсебеларускага Кангрэсу, рэспубліка 25 Сакавіка — адна можа мець уладу над душой і сэрцам нацыі.
I з асаблівым задавальненьнем трэба падчыркнуць яшчэ й тое, што найвышэйшым пэрсанальным носьбітам гэтага аўтарытэту й улады, аб якім успамінае Дэклярацыя, стаіць сяньня чалавек крыштальнае нацыянальнае й індывідуальнае чысьціні, стойкі змагар з усімі варагамі й акупантамі нашага краю — і варшаўскім, і маскоўскім, і бэрлінскім — чалавек, які нават у сваім асабістым характары так шчасьліва спалучае ўсе бадай пазытыўныя рысы нашае нацыянальнае псыхікі — і сьціпласць, але й станоўкасьць, і ініцыятыўнасьць, але й разважнасьць, і лагоднасьць, але і ўпорыстасьць, і згодлівасьць, але й прынцыповасьць. Але-ж, асоба сяньняшняга Прэзыдэнта БНР — гэта мо адна з найбольшых зарукаў таго, што стырно нашага нацыянальнага карабля сяньня ў пэўных і цьвёрдых руках і курс настаўлены на адзіную і ўсім жаданую мэту.
Пэўна — Прэзыдэнт БНР для нас зусім ня тое, што для людзей пэўнага кірунку й настаўленьня які-небудзь «правадыр» — «фюрэр» «з ласкі Божае» (ці «з ласкі Божае Гары», як кажуць цяпер некаторыя). Прэзыдэнт Рэспублікі — толькі найвышэйшы выканавец найвышэйшае волі народу. Дый наагул, ці-ж магла б адна асоба, навет і найпазытыўнейшая й найвыдатнейшая ў сваіх якасьцях, навет і з найбольш «сьветлымі намаганьнямі», як выказваюцца нашыя суродзічы з Французскае зоны — забясьпечыць поўную й канчальную ўдачу цэлае справы? Ведама, патрэбныя тут — навет ня тое каб асобы — найбольш патрэбен гурт, грамада, зьнітаваная сталёвай сьцяною. Ды першыя рады гэтага гурту — Рада БНР — ужо сабраўшыся зноў пад старым баёвым сьцягам, зьбіраецца й гуртуецца пад ім і шырэйшая ды далейшая грамада, а цяпер, закліканыя да гэтага, пачнуць зьбірацца й гуртавацца яшчэ болей, шырэй і далей — ды, пэўна-ж, зьбяруцца й згуртуюцца ўсе суродзічы добрае волі й ідэі дзеля канчальнага шыхтаваньня радоў і пільнай баёвай гатовасьці.
Бо пры ўсіх «сьветлых намаганьнях» ніколі нельга забывацца на тое, што ня дрэмлюць і цёмныя сілы, а сяньня навет асабліва пагрозна нахмарваюцца й намерваюцца — таксама да бою і, можа, як для іх — да апошняга бою. Дык-жа хай паважнаю перасьцярогаю будуць для нас словы таго-ж паэта з таго-ж вершу:
Разгарайся хутчэй, зіхаці, аганёк,
Каб, калі і замер ты бяз долі,—
Ўсіх спужаў-бы страшны, абступіўшы іх, змрок,—
Хай агнёў не гасілі-б ніколі!
Праўда, тое вогнішча, ля якога зьбіраемся мы сяньня, гэта ўжо ня той калішні сьціплы нашаніўскі «аганёк», які знаў паэт і аб якім запраўды можна было мець страх, каб ён не «замёр бяз долі». Сяньня гэта ўжо запраўды няўгасны агонь — Зьніч Нацыі. Але ўсё-ж падтрыманьне яго залежыць ад нас, і ад нас-жа залежыць, каб ня даць яму прыцьміцца ці зусім выгаснуць, або, крый Божа, каб самым як прычыніцца часам да гэтага... Праўда й гэта, што ніякай пражорнай цемры ня дасца праглынуць гэты агонь навет надаўжэй, ня тое каб назаўсёды. I дармо, што гэта ўсё яшчэ — агонь-зьніч Ідэалу, а ня цэлае паўніні рэальнасьці — наадварот, мо якраз у гэтым і наибольшая ягоная няўгаснасьць. Бо, як сказаў пра гэта другі паэт — наступнік-спадкаемец першага:
...Лятуценькі ня зьмерклі ў гальлі,
Лятуценьняў згасіць немагчыма.
Расьцярушацца ў далі і ў высь,
Каб нагадваць аб сьветлым над чорным...
(У. Дубоўка)
Гэтак і сяньня, «аб сьветлым над чорным» валадарна нагадвае нам Дэклярацыя Рады БНР. I, можа, найгалаўнейшае ейнае значаньне ў тым, што яна найперш нагадвае аб гэным галоўным — аб тым,
што Беларусь жыве,
непераможная у працы сьціплай,
што долю гадавала на жарстве
ня горш каралявых паліпаў... (У. Дубоўка)
— аб тым, што жыве Яна і ў часох жудасьнейшых забойстваў народаў, якія толькі-толькі пачынае браць пад сваё асуджаньне цывілізаваны сьвет, і што, нарэшце, і самая верная варта ейная — БНР — таксама жыве.
Дык як-жа не адгукнуцца на гэты факт, ужо навет адзін, сам сабою, найважнейшы й найдаражэйшы сяньня, як-жа ня гукнуць усхваляваным выклічам новае веры, надзеі й жаданьня:
— ЖЫВЕ БНР!
«Бацькаўшчына», 22 лютага 1948 г.
