|
Яно
Янка Юхнавец
Частка першая
Ягоная сяліба была крыху далекавата ад вёскі. Дзед Цярэм апрануў вышытую кашулю і падперазаў па ёй белы ўтканы чырвонымі лукаткамі пояс, а тады, узяўшы чачотавы кіёк з качарэжніку, выйшаў на двор. Старажытны зык завесаў у дзьвярох сенцаў каротка хліпнуў на прасьцягу сялібы. На прывязі просьбна заскуголіў калматы сабака-вадаплаў. Цярэм не адразу адвязаў яго: узіраўся праз знаёмыя прагаліны соснаў на дарогу зь Менску. У прагалінах дрэў заўсёды быў відзён далекаваты пачатак дарогі ад ускрайку сталіцы.
Восеньскай парой, у сонечныя дні, Цярэм любіў назіраць за гэтым ушчалопкам дарогі. Яна прасьціналася па роўнадзі ўзгорку і аб'яўляла, быццам на далоні, кожны рух цялегі, аўтамашыны і чалавека. Восеняй якраз найпрыгажэй атаяўляўся жывы малюнак паміж рамамі з калыхлівых хвояў, што ахвотна ды ўзьніміста, у шыраце свайго росту пакратваліся пад подзьмухам рэдкага, сьцюдзенаватага ветру.
У канцох дзён верасьня ўздоўж дарогі на вельмі разьбежыстым поплаве дымілася туманістая куравень. Ейную цьвялістасьць не высушваў і не разьдзьмухваў восеньскі сухавей, наадварот, апоўдзені яна да зоркіх Цярэмавых вачэй даносіла зіхаценьне павуцінак, а заходам сонца разлогі паплавоў наўпрасткі пад ускраіны Менску залаціліся. У гэткую пару Цярэм жыў сумнай уявай незразумелага жыцьця. Старыя, але яшчэ здаровыя грудзі захопна ўдыхвалі паветра, памагалі сэрцу ўзьнімаць ды апускаць палову цела. Тую палову, якая да самай сьмерці адданая хваляваньню, нянавісьці, любові і спакою, тую, усяляк асягнутую суладзь шорханьня чалавека ў жыцьці.
Чалавечымі вачмі дзед Цярэм глядзеў на заўсёднае і ўторнае, і яно аддавалася яму толькі выпадкам падасьпеласьці здары. Бо прынукваць сябе знайсьці прыгожыя часіны выключна дзеля чароўнасьці не жадаў. Ён ведаў, што калі прыйдуць гэтыя часіны, і ён апынецца перад імі няўхільна і пажадана, будзе іх любіць, дасягаць, прынамсі, як назіраньне прасьцінку дарогі ў сонечныя дні восеняй. А сумныя ўявы незразумелага жыцьця дзед Цярэм усяляў у думкі адно для прыемнасьці перабраць гады свайго жыцьця, і яно зрабілася ягоным прызвычаем. Бадай, як у кожнага, у яго была глухая скрабіна асталапеньня, ды ён, што не бывае ў кожным, разумеў яе ўсякую пагожасьць — стомны ад яе апыноўваўся з аголенай душой. Але ўсё-такі жадаў і глядзеў на гэтую цьмяна асьвечаную сьцяжыну душы, як на прыгажосьць пасьля выйсьця з падзямельляў, і як на быццам упершыню, незнарокам спатканую ў часе блуканьня…
У зіхаценьні сонечным, на імжыстай істужцы дарогі паказалася зь невялікай будкай брычка. Цярэм зірнуў на яе. Борзда падышоў да сабакі, паказытаў яго каля вушэй, адвязаў з прывязі.
— Хадзем, пара ўжо… хлеб аддадзім, — гаварыў Цярэм сабаку. І ён маўляў разумеў гаспадарову гутарку, падскокваў радасна, зусім нязлоўна, хваціста спраўляўся ў падскоку аблізваць Цярэмаву бараду і шчокі. Вочы сабакі пранырыста адгадвалі Цярэмаў наўмер.
— Утаймуйся, стары звадыяш! Не стамляй мяне! — папрасіў Цярэм і пакрочыў хутчэй да селавога пляцу.
Сабака супакоіўся, марудным бегам раўняўся з хадой Цярэма. За гусьцінёй хвояў яшчэ не віднеліся стрэхі сяла, але ў моўкнасьць сьценяў хвой, і на жвірыстую, зьежджаную калёсамі дарогу, па якой сяляне езьдзілі да лесу, і на ўтаптаную ім жа, Цярэмам, за колькі дзясяткаў год на ўзбочыне сьцяжынку даносіліся ўскрыкі дзяцей і глухі сьмех дарослых. Сяльчане ўжо даўно сабраліся на сьцяж каля старой сьвятыні. Сьвятыні там не было, але памяць пра сьвятое месца казаў дубовы пачарнелы крыж… Маладзейшыя апранутыя ледзь-ледзь па-сьвяточ наму, а старэйшыя жанкі й мужчыны зышліся ў звычайным будным апраньні. Яны, усе апаленыя летнім сонцам, жартавалі паміж сабой, расказвалі што-небудзь якраз адпаведнае да выпадку дня. Сонца над імі яшчэ заставалася ў сваёй здаровай прамяністасьці й цеплыні. Дзяўчаты, як быццам «пошчак гэтых прамянёў», бесклапотна адклікаліся кожнаму хлапцу. Яны, маладыя, не разумелі добра, дзеля чаго іх неспакмечана стрымоўваюць у гурме пажылыя аднасяльчане. Калі б усё задуманае зьявілася ў іхных галовах, яны б, напэўна, не зрабілі гэтага, а калі б і зрабілі, дык сонечная пусьціня нябёсаў і сам сьцяж, дзе яны стаяць, папаўзьлі б, зьліліся б у адну песьню сэрцаў, выкрутлівых знакаў на зямлі ад абцасаў ці нават ад босых пяткаў — ускіпела б яно цепрасьцяй танцу.
Дзед Цярэм выйшаў зь ляснога прамежку і яшчэ раз, уторна, зірнуў на дарогу. Кагадзе на палове адлегласьці шляху да сяла ён добра бачыў брычку і вазара з круціста падціснутымі пад сябе нагамі. Белы і чорны коні імкнулі ў суладнай наўзавадзе. Бялясты пыл расьсьцілаўся за брычкай, як скамечаная ветрам хмара перад навальніцай, і ў чыстай бяздоннасьці небасхілу, здаецца, рос рухлівай жменяй імкненьня, падтакваў існаваньню ўшчалопку адносінаў да тых, хто сабраўся на пляцы селавым і чакаў іх на спатканьне.
Дзед Цярэм прыплюснуў вочы, але яснае надвор'е не выдала затуленых у брычцы. Адзадзя вазара вісела рудаватая коўдра і завешвала ўваход да сярэдзіны.
— Пачакай, Мурза, хай едуць, — папярэдзіў ён сабаку і сеў на абочыне дарогі. Мурза расьцягнуўся каля ягоных ног і пазіраў убок грукату брычкі.
— Мы потым падыдзем, калі пачнецца, — зноў зьвярнуўся Цярэм да сабакі й пагладзіў яго каля вушэй.
Неўзабаве аблепленая, чорная ад усялячыны, зь няроўнымі калёсамі праімкнула наводдалі брычка. Цярэм памалу з сабакам пайшоў усьлед ёй. На вярбінах і таполях паўзбоч вуліцы несуцішна крычэлі шпакі перад адлётам у вырай, і званіста вуркалі індыкі на дзядзінцах.
Цярэм незнарокам падумаў пра гэтае вольнае жыцьцё істоты. Думкі гаратліва круціліся ў галаве без тлумачэньня, запальвалі ягоную самалюбасьць.
Ён прыпыніўся на першых кроках прыціхлага сьцяжу. Бы зь цікавасьці, глянуў на постаці гасьцей, што некалькі часінаў даўчасу прыехалі і вылезьлі з брычкі. Іх было трое… Цярэм не пайшоў да астатніх. Думка, што была зь ім неразлучна ад пачатку вайны, падмовіла не далучацца да аднасяльчанаў. І ён, не ўважаючы на завіхныя маханьні рук сялян із скрайку гурмы, пайшоў адтуль…
На сьцяжы, пасьля спатканьня былога палкоўніка з хлебам і соляй і калі мінула ўрэплівае напружаньне гасьціннасьці ды цікавага агляданьня іх, сяльчане заварушыліся. Наступнай чарадоўкай пашаноты была прамова старшыні мясцовае воласьці. Старшыня ў прывітаньні пажадаў адчуць шчасьлівае будучае. Саракапяцігадовы палкоўнік падзякаваў сяльчанам трыма разьдзеленымі словамі звычайнай падзякі: «Шчыра… дзякую… вам».
Ціскануў руку старшыні воласьці й палез ізноў да залапленай, вельмі апраўдна збудаванай будкі на брычцы. На ім была паўвайсковая вопратка на польскі лад. І калі б ён гутарыў нядобра па-беларуску, яго, напэўна, б залічылі да палякаў, хоць гэтакі намер у некаторых ужо зьяўляўся і моўк у скабках грудзей.
Палкоўнікавае захаваньне было асаблівае — збытліва выхаванае. Вочы стрыгалі празорыста па кожным, і ў іх сьвяцілася дацятлівасьць: што яно значыць? Гэтыя дзьве павярхоўныя якасьці не выдавалі й не акурацілі яго перад панурым позіркам сялян. Але палкоўнік найбольш губляў норму суладнасьці ў хадзе: ступаў, бадай, балючымі ранамі на ступнях — мэханічна -цудоўна не дазваляў злавіць адным зіркам ягоны поступ. Ён бы палохаўся стаць на зямлю цьвярдзістай хадзьбой, усё неяк вывертліва даторкваўся яе, як на сталёвых спругах.
А дзьвюх жанчынаў, што разам зь ім прыехалі, сяльчане прылучылі за ягоных дачок. Адна была высокая, поўная і на схоп вока каля дваццаці двух год. Яе сьціснутыя вусны чамусьці пазнаваліся азначэньнем знаходжаньня ў сэрцы моўкнай пакуты, і не перажытай, а нясёнай далей у посапе дзён. Не было і ятранасьці ў яе вялікіх вачох — яны, мабыць, зжыліся з часам, пакідаючы толькі процьвень сіне-азяровых зрэнак. Другая была, як называюць у Беларусі, дзяўчаро і адно ведала насуплена, безраздумна пазіраць на ўсіх і на ўсё аднолькава.
Жанчыны таксама ўлезьлі да будкі. Яны адзначыліся, як і палкоўнік, сьціпласьцяй, адмовілі старшыні воласьці падсадзіць іх на брычку. Вазар асьцярожна сеў на сваё мізэрнае, бы гняздо, месца, стрымна прытрымаў ногі, што ледзь не ўпіраліся хвастоў коняў, сьцебануў паўразмашыста па самых іхных сярэдзінах, паехаў паўз расступіўшыхся сялян і, як толькі абмінуў натоўп, зноў падагнуў пад сябе стомленыя ад напругі ногі, яшчэ раз ямчэй размахнуўся пугай, папрастаў коней прысадай на другі канец сяла да сялібы сярод старых ліпаў. Дарогу туды ён не забыўся, ведаў яе даўно. Ён вяртаўся туды, бы да свайго роднага кутка.
Цярэм чуўся задаволеным. Ён вельмі часта падчас бяды й суму любіў выказацца свайму махнатаму сябру Мурзу, і той тады пад гуд Цярэмавых слоў драмаў каля ягоных ног. Але зімою Цярэм ня гутарыў з сабакам, запальваў агонь на каптурку, садзіўся на ўслоне і перачытваў старыя нямецкія выданьні па прыродазнаўстве, выпадкам чытаў балонкі й з францускіх выданьняў па мэтэаралёгіі, аднак, паколькі францускую мову ведаў горай, дык уся намога правесьці свае вячоркі лажылася на зьмест беларускіх і расейскіх кніжак. Усялякія здабыткі веды, укладзеныя ў гэтыя выданьні, былі тысячу разоў знаёмыя дзеду, але яму хацелася перачытваць іх зноў, як толькі ахінала ненадзвычайная часіна — часіна ўражаньня сьмерці. І яны дапамагалі яму вызваліцца ад надаедлівай загадкі адыходу чалавека ў іншы сьвет.
— Я стары ўжо, — чутна адчыняў ён таемнасьць свайго сэрца Мурзу і клаў кніжку на паліцу. Сабака лагодна віляў хвастом і, не падымаючы галавы з-паміж лап, абводзіў кароткім зіркам Цярэма. І, дазваляючы агню на каптурку пагаснуць самому, ішлі абое спаць: адзін на ляжанку, а другі пад стол. Узімку дзед не пакідаў Мурзу на дварэ.
— Красьці ў нас няма чаго. Будзем спаць і сьніць рай, — жартаваў Цярэм, і ў хаце хутка рабілася стульна, гострая да неспакою зацягвалася ціхінь.
Вяртаючыся дахаты зь селавога пляцу, Цярэму ўспомніўся зімовы вечар перад Калядамі, не ў сваёй хаце, а ў старшыні саўгасу. Успомніліся ўсе рухі й стравы і нават спрэчка з Міхасём і старшынём пра цярпеньні жывёлаў ды чалавека. Упершыню за ўвесь час жыцьця дарослага чалавека сьціснуў плачна вусны, сьлёзы сплылі нястрымна.
— Мой родны любы Міхась!.. Хоць бы раз яшчэ ўбачыцца перад сьмерцяй… Памру, Мурза… штосьці часьцей мроіцца пра сьмерць… а Міхася няма. Хто пахавае, мой ты безьязыкі, а?..
Цярэм завярнуўся і ўзьлескам пайшоў да прагаліны, празь якую да расстаньня зь Міхасём любіў пазіраць на дарогу зь Менску. Сеў там на пень. Вельмі прынукна азіраў дарогу. Ейны прасьцяг не парушаў аніхто вандроўны. Цярэм жадаў цярпець ейную паражнечу. Яму было прыемна-стомна глядзець на выпадковыя ўзьлёты пылу ад подзьмуху мацнейшага ветру.
— Бадай, вянчаецца ім, — прагаманіў ён навакольнай моўкнасьці сваю турботу, а тады, не азіраючыся больш на дарогу, устаў з пня, накіраваўся да сваёй палоскі, пасеянай палеткам ячменю і некалькімі даўгімі барознамі бульбы. У канцы палоскі, пазірней да хаты, ён паставіў тры калоды дзікіх пчол, што прывёз зь лесу. Пчолы перад надыходам ночы ў густой мітусьні лёталі блізка каля дуплістых каранёў. Цярэм паслухаў іхнае жудзеньне, якое нават з адлегласьці чыста далятала да ягоных вушэй. Зь цяжкім прадчуваньнем чагосьці, быццам благога, ён хацеў стаяць тут, недалёка ад іх, і ўтаймоўвацца сваім шорахным пачуцьцём. Яно ніколі не прыходзіла яму раней, але кадзе сьціскала яго, як мора скалыненьні собскіх хваляў. Сонца, параўняўшыся зь небакраем, і закрэпшыя ад падкапцелай сінявы некалькі хмурынак рабілі зь дзедавай паляны, абкружанай лесам, уяву казкавай калыскі. Ад уражаньня Цярэм расставіў ногі, усклікнуў:
— Калыхніся! Калыхніся, мая калыска!
Мурза насьцярожліва загаўкаў у бок сялібы.
— Сьціхні…
Мурза, наадварот, не перастаў, а, гаўкаючы, пабег наўпрасткі да хаты, але Цярэм крыкнуў на яго, прымусіў вярнуцца.
— Напэўна, дакарыць прыйшлі… Знайшлі пругло, бессаромныя. Хлеб і соль зарабляюць, а ня доруць…
Цярэм не пабарзьдзіў дахаты. У ім у той вечар, і толькі ў той адзіна-адзіны, жыла абыякавасьць. Яна, прынукная і неспадзеўная, блыталася ў чымсьці зусім апрычоным ад усяго мінулага.
Мурза зноў загаўкаў. Цярэм усьміхнуўся яму… Няведамка, ускалыхнуўшыся ўсёй постацяй, зірнуў на медзяністую бляскату хмурынак у сьцюдзёным спакоі неба.
— Чаго азіраесься, мой дарагі?
— Міха-а-ась!
І на часіну яны абое замоўклі. Без аднаго шораху стаялі адзін перад другім. Ахамянуўся Цярэм і, падганяны ўсё тым надумленым намерам, падышоў да Міхася. Яны абое заплакалі, доўга не разыходзіліся з абдымак спатканьня.
Упобач селі на ганку.
— Жывем яшчэ — мацуемся, — загаварыў Міхась і шчасьлівымі, іскрыстымі ад сьлёз вачыма агледзеў Цярэма.
— Змарнеў, Міхаська. Твар зрабіўся як васковы і бы макам пасыпаны… Барада адрасла, як у мяне…
Цярэм дрыготнай рукой пахлопаў па Міхасёвым усплеччы й да канца гутаркі трымаў яе на тым самым месцы, увесь час перабіраючы пальцамі жорсткую тканіну бруднага шыняля з адпоранымі прышыўкамі вайсковага лекара.
— Цяпер буду клікаць цябе сынам… толькі сынам.
— Дзякую, мой заўсёды родны, — радасна адказаў Міхась.
— Кадзе што каля таго пня быў. Я абкарыў яго, і ён асмалелы сядзіць, не гніе. Але навошта ўторваць вядомае, усёдна ня будзем ведаць, хто бацькі твае…
Цярэм шчыльней прысунуўся да Міхася.
— Мой родны Міхась, каб ты не вярнуўся гэтак зналуску, мабыць, болей я ня жыў бы. Я зрабіўся, Міхась, дзіваком. Плаклівай жанчынай зрабіўся…
Цярэмаў твар ахваціўся застыглымі маршчакамі й блядым колерам.
— Міхась, я сяньня гадзін колькі даўчасу жыў думкай самагубца… самай сапраўднай, а ня ўяўнай.
Прымоўк, як быццам яго душыла задуха. Міхась карціва шмаргануў брудным рукавом па сваім успацелым чале.
— Сын, я мушу сказаць усё… усё, каб не пакутаваць потым ад гэтага неспадзеўнага… Але павер, думка самагубства зьявілася ў мяне не як туманісты морак уявы, а як прысутнасьць нечага жывога, аднак, без жаданьня жыць. Штосьці зь перапынкамі ціха ўваходзіла ў думкі й прыпамятоўвала аб патрэбным ды няўхільным, а тады адыходзіла, дазваляла ўсяму гэтаму спусьціцца ў развой развагі. А развага торыла згоду карыснасьці такой дзеі: забі сябе! Ты непатрэбны. Ты перашкаджаеш жыць таму, пра каго клапаціўся. І гэтак бесьперастанку, пакуль не спаткаўся з табой. Як ты ў пару, мой дарагі! Не таму, што астануся жыць, а таму, што спаткаў цябе жывога!.. Буду жыць дзеля цябе!
— Будзем — як заўсёды! — адказаў Міхась, прыціскаючы да сябе Цярэма.
— Я, напэўна, ад радасьці прызнаўся табе... Уставай — хадзем у хату… Ах, жыцьцё. Жыцьцё!
Цярэм устаў з ганку. Пачатая ім гутарка больш узрушала яго самога. Ён у сапраўднасьці, у часіны спатканьня, яшчэ адчуваў зьнібу ўяваў самагубства. Яны пераканалі яго ў іхнай неабходнасьці ў жыцьці, і нічога бакаватага для іх тлумачэньня ён шукаць ня думаў.
Памог Міхасю распрануць шынель. Ад задавальненьня спатканьнем Цярэм міжволі адчуваў у ім поўную росквіць жыцьця.
— Я ледзь не сказаў па старым прызвычаі: будзь госьцем!..
Гаманіў няспынна Цярэм, а Міхась ад ласкі, як хлапчук, толькі шчыра ды згодна ўсьміхаўся ў адказ.
— Я пачынаю дзяцініцца, Міхась, — мабыць, час на гэта,— за якіх два гады мне восемдзесят год будзе.
— Ты не зьмяніўся ад часу нашага растаньня. Выглядаеш яшчэ хваткім і здаровым, — паспрабаваў Міхась зьбянтэжыць Цярэмаву пэўнасьць.
— Сын, не хлусі!.. Апрача дзяцінства пакрыху шкодным семеруком раблюся, — не адыходзячы ад вешалкі, размаўляў Цярэм. — Надысь кацянят утапіў у возеры, бо ня мог глядзець і слухаць, як яны пішчэлі ў кутку, недарэчлівыя, сьляпыя, корпаліся, цягнуліся ссаць кошку. Так із скарсьцяй і балтыхнуў усіх на дно. Мне здавалася, яны зьдзекуюцца з майго жыцьця, нада мной старым, і то хто? Кацянё!.. Ты, Міхась, сядай, ня слухай маю гамазьню. Трэба есьці табе, а ня гутаркі… Мабыць, ад радасьці нацёўп табе… Сядай, Міхасю.
Міхась сеў на старэнькае, рыплівае, абцягнутае аўчынкай хатняга вырабу крэсла, перад якім быў расьсьцелены кілімчык з рысевай шкуры. Цярэм пачаў гаспадараваць каля прыпечку.
— Ты нават па-сьвяточнаму апрануты. Што, гадавое сьвята сяньня? — спытаў Міхась.
— О не. Гэта, мабыць, і ёсьць здара, што прымусіла мяне перад тваім зваротам звар'яцела думаць… Мне старшыня воласьці ўрочыў паднесьці хлеб і соль сыну Сконтавай, ён з Польшчы вярнуўся, а я йшоў і не дайшоў, завярнуўся з самага пляцу дахаты, бо ўсё выдуманае ўявілася мне гэткім брудлівым і невыносным: спатыкай смаргача нейкага, ды яшчэ мне, старому чалавеку…
Цярэм махнуў рукой.
— Міхась, ты лепш пра сябе скажы: скуль і як да нашае хаты вярнуўся?
— Бадай што даплёўся, а не вярнуўся. Зусім недалёка, у Васюкоўшчыне, у палоне быў. Калі ўдалося ўцячы адтуль, дык тыдзень туляняўся ў наўкольных барох — усё здавалася, пад кожным кустом немец вартуе і вось-вось зловіць мяне. Кожны мізэрны трэск, нават пад сваёй нагой зломленая зналуска патарчака, палохаў. І тады я ўцякаў ад таго месца абы куды. Стамляўся — валіўся на зямлю. Прыслухваесься: дзяцел стукае на сухастоіне, ды больш мучае спрага і голад. Замест нашага сяла блізку да самага Барысава дайшоў. А потым прызвычаіўся, і сполах трымаўся, як перасьцярога.
Цярэм засьмяяўся, схапіўшы слова «перасьцярога». Ён некаторы прамежак часу, пакуль засьцілаў абрус, падносіў міскі са стравай, торыў гэтае слова.
— Перасьцярога… Сядай, Міхась, паеж.
Міхась сеў за стол, а побач яго на канцы ўслона — Цярэм.
— Гэта Боская перасьцярога, а ня страху, сын.
Міхась маўчаў. У худых грудзёх чулася біцьцё сэрца, якое нібы п'янела ад асабістага неспакою, рабіла ўсю постаць адсутнасьцяй. Пачаў есьці.
— Перасьцярога, сын! Каб не яна, — і дзед Цярэм пасьля гэтага сказу сербануў страву, — я можа б спалымнеў у сваёй хаце.
Рука Цярэмава затраслася, ён апусьціў лыжку ў міску і малымі, зіхрыстымі ад зусім іншых пяклівых сьлёз вачыма глянуў на Міхася.
— Я жадаў зьнішчыць сябе: падпаліць хату, выгнаць сабаку, а тады сесьці і гарэць разам з хатай. Мне адчувалася гэтак патрэбным яно і добрым, што я не знаходзіў іншага выйсьця… Парупіла мяне да гэтага і загад сустракаць сына Сконтавай… Ах, Міхась, ня слухай мяне.
— А я думаю, самагубства — самая найлепшая зьява ў чалавеку: ён апыноўваецца сярод яе з душой парываньня настрою. Настрою сутнасьці жыцьця, што раптам зьявіўся зь неадоленым супрацівам, бо, па-мойму, чалавек ад прыроды вельмі няўмелы, лянівы да супраціву злу…
— А ўсё-такі, — умяшаўся маркотна Цярэм, — гэта ёсьць банкруцтва апяянай душы, у чым вось пераканаўся назаўсёды.
— Можа, я не дарэшты ўявіў страшную вартасьць загубленага жыцьця собскім жаданьнем, але яно ўва ўсе надары — ахвярны пратэст супраць немагчымага…
— Па-мойму, Міхась, яно — ступень да сваёй немагчымасьці, чымсьці да грамадзтва. Я мяркую: яно — санлівасьць, лядайкасьць чалавечага розуму.
— О не! Наперакор твайму перакананьню мне здаецца, што самагубства ёсьць намога ўкараніць памяцяй для іншых значэньне нястворанага раю ў жыцьці...
— Ты хочаш сказаць: стварыць мінуўшчыну? Але мінулае адклікаецца ў чалавеку, блізкога да таго часу, а не ў далёкіх нашчадкаў, бо нашчадкі любяць узяць ад мінулага толькі досьвед, а не дарыць спачуваньні.
— Тады вы, родны, перамяніліся. Гэта зусім ня тое, што калісьці казалі мне пра інстынкты. Вы даводзілі цьвярдую існасьць пераходу інстынкту не ў заўсёднае дзеяньне, а ў зразуменьне.
— Сёрбай страву — астыне, — прапанаваў, усьміхнуўшы ся, Цярэм. — Мы, гутарачы, запаўзьлі не туды, куды трэба… Але вельмі добра, што сяньняшняя дурная нагода сьмерці перамянілася тваёй перасьцярогай.
Цярэм яшчэ раз, нясьцерпна, балазе ў радасьці, пахлопаў па Міхасёвым плячы. У аднаго і ў другога яна была нібы адвечная. Замоўклі — пачалі есьці.
Міхася пачатая незнарок на першым кроку спатканьня Цярэмава гутарка хвалявала, і ён падрыхтавана паглядзеў ізноў на яго сьсівелую, схіленую над міскай галаву.
— А як мой родны глядзіць на гэтакі выпадак жыцьця? Папаўшыся ў палон, я апынуўся там сьведкам аднэй зьявы. Перад гэтым мушу сказаць, што там нас некалькі чалавек абсуджвала нагоду ўцёку, але ў кожнага, хто жадаў уцякаць, склаліся розныя меркаваньні: кожны даводзіў хітрасьць і выхаднасьць сваёй дзеі. Так цягнулася доўга, і яно, нарэшце, надаела мне, і я вырашыў дзейнічаць сам…
— Яно крыху маладушна, але ў некаторых выпадках, калі няма агульнага меркаваньня, дзейнічай сам на сваю ўмеласьць, і гэта вельмі, бязь ліку прыносіць карысьць як для сябе, таксама і іншым, — умяшаўся ў гутарку Цярэм, бы з канцылярскім, бы з судовым азначэньнем.
— Але ня ў гэтым сутнасьць, — працягваў Міхась, — якраз мая адлука не прынесла мне перамогі, а надзвычайны выпадак, у якім — іх шмат такіх — усьцьвітвае ўся суровасьць і лагоднасьць становішча людзей у вякох… Аднойчы, позна ўвечары, тыдзень даўчасу, я быў заведзены вартавым на прыбіраньне гасподы камэнданта лягеру. Перад тым як я кончыў усю загаданую работу і чакаў ізноў на вартавога ў кутку пачакальні, барзьлівым крокам уваходзіць мой знаёмы змоўшчык, лейтэнант Ганевіч. Ён, убачыўшы мяне, спытаўся: «Камэндант тут?» Адказваю: «Але». У ягоным пытаньні, як заўсёды ад часу знаёмства, чуўся той самы неадолены спакой празірнага і сьцюдзёнага афіцэра. «Адамчык, пакуль ня позна, ідзеце самі да бараку, бо ці ня вашага вартавога кадзе што задушыў паміж баракаў». Ямоўк перад ім, як ёлап, і трымаў, няведама навошта, працягнуўшы да яго руку. «Ідзеце, Адамчык, дзеля чаго вам гінуць?» Іпрайшоў некалькі крокаў да выхаду, перад тым калі адчыніліся дзьверы камэндантавае гасподы. Я азірнуўся, стаў і глядзеў не на Ганевіча, а на задымлены цыгаркай прастор гасподы, скуль па-ранейшаму праз радыё гучэла музыка Бэтховэна. На парогу стаяў сам немец; ён, мабыць, пачуўшы нашу гутарку, пацікавіўся паглядзець. Зьбянтэжаны неспадзеўнасьцяй, нават без папярэджаньня да гэтага, я падняў угару рукі. Ягоныя вочы і ўзмашны позірк Ганевіча азірнулі мяне. Ганевіч зацеміў: «Гэты палонны не пры чым. Ён не разумее па-нямецку. Кіньце яго тут або адашлеце да барака». «За ім прыйдзе вартавы», — крыху асягнуўшым голасам тлумачыць камэндант. «Перад тым як забіць вас, я жадаў бы спытацца ў вас… — і Ганевіч, магчыма, зразумеўшы сваю неасьцярогу, пабарзьдзіў абвясьціць мне: «Зашчапец е ўваходныя дзьверы… Камэндант, скажэце, я ў поўным праве адказаць вам тым самым учынкам, які вы кожны дзень творыце над намі, ці не?»
Камэндант маўчаў, але па руху маршчакоў на твары заўважалася: ён штосьці жадаў адказаць. Аднак Ганевіч пачакаў, урывіста працягваў гутар надалей:
— Гэта ня ёсьць мая помста вам, а мера перасьцярогі, і то не для собскага жыцьця і шчасьця, а дзеля асьцярогі і пашаны жыцьця іншых… Я не кажу да вас, ушчэмлены словамі, падасьпелымі адно цяпер. Скажэце, ці ёсьць злачынства нацыі, калі яна абараняецца ад злачынства іншае нацыі?
— Нямеччына абараняецца ад захопу, і мы робім гэтак, як вы сказалі, — адказаў камэндант Ганевічу, махнуўшы празьмерным схінам галавы. Неспакметна ўслухваўся ў гукі на знадворку, пачаў мацнавата стукаць абцасамі аб пярэчыны парогу, часьцей абапірацца ўсплеччам то на адзін, то на другі вушак дзьвярэй.
Ганевіч назіраў і чакаў ягонае гутаркі, але камэндант моўк, ці не ад незразумеласьці Ганевічавага стаўленьня, або, можа, прыкідваўся. Моўкнуў і я, бо мне што?
— Усё? — пытліва глянуў Ганевіч і паскрабаў пальцам бакавіну пісталета. — Вы любіце пашаноту да абароны айчыннай улады? Абараняецеся ад ворагаў захопамі?
Камэндант загаманіў ахватней:
— А дзе ж вы здабылі пісталет?.. Хаця, даруйце, не адказвайце на гэта… Я шаную вас як патрыёта і нават малю вас шанаваць мяне такім самым. Мы вось гэтай часінай жывем адзіным адчуваньнем… Вы можаце застрэліць мяне, але што прынясе вам мая сьмерць?
— А што прыносіць вам забойства нас?
— Я прымушаны быць гэткім.
— Вы апраўдваецеся, што цяперака вайна, і жаўнер забываецца пра ўладу, што паслала яго на сьмерць, а ведае толькі: дзесьці наўперадзе сьмерць ад чужацкіх жаўнераў, ён рупіцца ўхіліцца яе не сваёй сьмерцяй?
— Я сказаў: прымушаны… Аднак наводлесьць учынкаў робіць людзей нікчэмнымі — будзе мой адказ на ваша.
— Каб забіць вас, я паміж парожніх баракаў задушыў вашага жаўнера…
— А калі б я задушыў вас?
— Нічога! Сьмерць!.. Але мне шкада, — загаварыў Ганевіч больш упэўнена, — астатніх палонных, якія могуць загінуць за вашу сьмерць. Я пакідаю вам жыцьцё із зарукаў, што дазволіце мне справідлова абараніцца ад усіх назолаў мае Айчыны не як патрыёту, а як чалавеку, каторы ведае змаганьне ў звычайным, сьціплым значэньні: перасьцярога жыцьця іншых…
— Добра, — адказаў камэндант, — я абяцаю вывесьці вас за вароты лягеру. Сьведкам няхай будзе сябра па палоне, і ён хай таксама ідзе на волю. Задавальняецеся маёй шчырасьцяй ці не?
— Згодзен.
— Калі не давяраеце маёй прапанове, забярэце і мой пісталет, я падперажу толькі дзягу з кабурой, як патрабуе ўніформа.
— Згодзен.
Неяк п'яна згаджаўся Ганевіч. І да самага выйсьця, заплеценых дратамі варот зь лягеру, яны ня гутарылі. Камэндант ішоў наўперадзе, а за ім я, Ганевіч адзадзя. Бадай кожную часіну ўсьцяж загародаў цемень ночы прарэзвалі рэфлектары. Подзьмух ветру журыў паміж дратамі й прамежкамі баракаў. Чуць гэтае журэньне было горш, чымсьці бачыць нейкую прывідзь з чартамі. Я жадаў папярэдзіць Ганевіча асьцярожнасьцяй, але не знаходзіў слоў — ішоў, бы на расстрэл. Некалькі крокаў ад вартавой праходкі ў лягер Ганевіч зьвярнуўся да камэнданта:
— Скажэце, гэр, калі б усе палонныя, прынамсі, і за дратамі жылі, маглі б яны знайсьці сабе тутака волю, непрынуку і шчасьце людзей ці не?
— Маглі б, — адказаў камэндант зь нехаванай уражлівай дрыготкай у голасе.
Мяне пачала цьвяліць гэтая непрынятлівая, змрочная зваротка «скажэце». У мяне потым ажно ўціхамірылася перакананьне, што ён, Ганевіч, звычайны выскачань і дурань. Ад блізасьці прастору за дратамі я ледзь ня крыкнуў яму: «Сьціхні, асталапень!».
— … і ты даверыўся немцу, як дурасьлівае ягня ваўку, — зазначыў усхваляваны Цярэм. Але Міхась гаварыў, не зварачаючы на Цярэмавы словы. Ён уцэльваў зусім нядаўна ўбачаную скразьніцу ў цемрадзі жыцьця.
— Вы, можа, палохаецеся за зьдзяйсьненьне абяцанага? Ямагу адвесьці вас за лягер, далей ад вартавых, — зьвярнуўся камэндант да Ганевіча.
Ганевіч упершыню ператлумачыў мне ягоную гутарку, хоць я і сам дакладна ўсё разумеў, але ў няволі не прызнаваўся веданьнем нямецкай мовы. Я адказаў удзячна і вывучальна, што мне ўсёдна. Аднак у душы жадаў, каб камэндант правёў нас на адлегласьць ад лягеру. Мне хацелася жыць. Толькі адна думка пра гэта лялела ў маёй галаве.
За неадлеглым узгоркам каля лягеру камэндант спытаўся ў Ганевіча:
— А цяпер застрэліце мяне ці не?
Я адышоўся ад іх. Азірнуўся. Агарнуў сорам трусьлівасьці. Прыпыніўся.
— Не, гэр камэндант, — пачулася шчыплівае Ганевічава абяцаньне. — Я, можа, спаткаюся з вамі ў будучыні на чэсных гонях ходаньня…
— Я люблю вас за гэта. Да будучага спатканьня… Але прашу аддаць мой пісталет… і запамятайце яшчэ раз: наводлесьць учынкаў чалавека супраць чалавека робіць яго нікчэмным. І гэтак: будзем сябрамі й людзьмі… Палажэце мой пісталет, бо ён зараджаны, а самі ідзеце.
— Але, гэр камэндант, — сказаў насьмешліва Ганевіч і выняў столку набояў зь пісталета. — Можаце ўзяць з маіх рук, дзеля чаго брудзіць зямлёй?
— Пацісьнем яму руку — ды прэч ад яго, — прапанаваў я Ганевічу зводальку. Ён згадзіўся і працягнуў першым руку на разьвітаньне. Камэндант усё яшчэ ўкладаў пісталет.
— Ах, гэты пісталет. Ня ўлазіць, мабыць, пабольшаў у вашых руках. — І ў прокмець, не прыпынены анікім з нас, прыклаў да скроні рульку. Я злавіў з гуку стрэлу шчымок стрымгка ў пісталеце. Камэндант недарэчліва асунуўся на зямлю. Ён застрэліўся. Напэўна, у рульцы быў набой. Я пабег. Мяне гнала адчуваньне жыцьця і свабоды. Ганевіч аставаўся стаяць каля камэнданта. Уторны стрэл. Я зразумеў, што здарылася. Ганевіч таксама кончыў самагубствам, ці не з таго, каб за камэнданта не расстралялі іншых палонных. Па цёмным навакольлі густа зацыўкалі асьвячальныя кулі.
…Міхась замоўк. Позіркна азірнуў Цярэма. Да балонак вакон, перакрыжаваных зеленаватымі рамамі, ужо даўно прыліпла ноч. Па сьцяне назнадворку зашкрабала кошка і, падлезшы да падваконьніка, высунуўшы ў сьвятло пярэстую пыску, вымяўквала ўлезьці ў хату. Міхась адчыніў створку акна, упусьціў яе. Неахвотна загаўкаў Мурза, рассыплівым перазвонам адклікнуўся яму ланцуг. Цярэм сядзеў занураны ў задуменнасьць і нячутна крэсьліў пазногцем па стале.
— Я думаю, Міхась, што гэта імгненьне жыцьця нічога табе не падкажа… Ды ці патрэбна параўноўваць яго да размаху жыцьця? Тут усё пераплялося: калючы дрот навокал лягеру з тваім маладушшам, а зь іхным велікадушшам, а палымністасьць характараў із скорсьцяй імкненьня зьдзейсьніць, што пераконвала вас усіх… А карацей: вы ўсе трое асьвялыя рыцары-рыцарчыкі, — нібы незадаволена, нібы толькі каб спыніць дражлівую гутарку, узважна сказаў Цярэм і пайшоў засьцілаць ляжанку й ложак.
— Лажыся спаць, Міхась, адпачывай.
Небасхон на ўсходзе нават не ірдзеўся лёгкімі накідамі золаку раніцы, але Цярэм ужо ня спаў. Ён ціхенька ўстаў, каб не разбудзіць Міхася, і пачаў падрыхтоўваць паляўнічыя рэчы: сеткі, пасткі і розныя зьвязаныя ўвочкі-вяровачкі. Таемнасьць Цярэмавага паляваньня аставалася пры ім, ён не клапаціўся навучаць ёй хоць бы Міхася. Ён крыху злаваўся на сваіх бацькоў за тое, што калісьці навучылі разумець замежныя мовы і розныя ўмеласьці паляваньня, але нічому іншаму не прынуквалі. У сапраўднасьці ім не было абходным прыладжваць Цярэма да чагосьці іншага, бо былі людзі заможныя і карцілі толькі карысьцяй з гаспадаркі ды навінамі за мяжой і ў сваёй краіне. Зь цягам часу іхная праглівая адданасьць роднаму месцу і асабістаму спакою сярод паўнотасьці ўсялякіх рашучасьцяў і неспакояў у сьвеце перадалася яму. І яно нават перавярнулася ў большую, чымсьці ў бацькоў, патрэбу і палахлівасьць ледзь не ад кожнага здарэньня: ці яно было змушаным, ці яно было налапам у жыцьці…
Папраўдзе, Цярэму жадалася разбудзіць Міхася й павесьці разам з сабой да лесу й стаўкоў, але, глянуўшы на яго худы, стомлены твар, ухіліўся свайго намеру. І толькі, каб Міхась ведаў, дзе ён дзеўся, паклаў на крэсьле ліст паперы, у якім напісаў: «З усходам сонца вярнуся. На паляваньне пайшоў».
Цярэм затушыў маленькую капцілку, выйшаў з хаты. Паклапаціўся, каб дзьверы сеняў ня скрыпнулі — прычыніў іх, узьнімаючы вышэй на завесах. Гэтак быў дораг спакой Міхася. Іён, як быццам ад нейкай вялікай удачы, паглядзеў шчасьліва на зачыненыя бяз скрыпу дзьверы.
Мурза пачуў яго — ланцужная прывязь абсыпалася глухім дзіньканьнем. Выскачыў з будкі, выгнуў пацяжна сярэдзіну, прыветліва замахаў хвастом.
— Ці-і-ш-ш, — папярэдзіў Цярэм і адчапіў яго.
Найперш Цярэм папрастаў да стаўкоў. Рэдкія восеньскія зоры сьвяціліся, як праз галіны лесу ці праз дзіравую страху будоўлі. Высокае трысьцё ад стаўкоў льсьціла даўгаватымі ўрэзамі ажно ў пусталесьсе ўзьбярэжжа. На самым прастору найбольшага стаўка чарнеліся закрэмсіны абточкаў чароту. Цярэм адамкнуў човен ад дубовага пня, упусьціў у яго сабаку, бяз плёханьня, з дапамогай вясла сапхнуўся зь мелі на паўнаводзь. Хутка каля абточкаў у стаўку ціхінь адклікнулася ўскрыкам і хлопаньнем крыл дзікай качкі. Ёй адклікнуліся крыкі з суседніх расплываў стаўка. Над галавой прашамацела некалькі ўзьляцеўшых качак і чаранак. Чаранкі рэзьліва цыўгалі й на ўзьбярэжжы ў трысьці. Але каля абточкаў у цемнаце ўсё яшчэ працягвалася плёханьне вады. Там Цярэм нанач пасадзіў калісьці злоўленага качанём дзікага качара і неглыбока, пад самай зьверхняй вады, парасьцягваў сеткі, у якія заблытваліся качкі, падплываючы ці сядаючы зь лёту. Іх прыманьваў туды падсаджаны качар. Сеткі былі вынайдзены самім Цярэмам, і таемнасьць іхная аставалася неразгаданай, хоць часта, у іншыя ночы, іх падглядвалі аднасяльчане.
Злоўленыя качкі рваліся зь сеткі, але стуль ні адна ўжо не вылятала жывой: дзед кожнай адкруціў галаву й кінуў да Мурзы, які тых, хто яшчэ хлопаў крыламі, падціскаў пад свае моцныя лапы.
У тую ноч Цярэм злавіў ажно шэсьць качак. Забраў качара да клеткі, зьвязаў мокрыя сеткі, павеславаў да берага. Задушаных качак ён паклаў у мяшок і падвязаў да Мурзы — перавешваючы празь ягоную сярэдзіну. Замкнуў човен і пайшоў да лесу. Там таксама ён трымаў пасткі з прынадамі, але часта яны былі парожнія. Некалькі агледжаных зь іх былі парожнімі і ў тое надраньне. Цярэм ведаў, што прыйшоў да іх прадчасна, таму і не клапаціўся абыходзіць кожную — пайшоў да раскіданай сярод поля капы грэчкі, дзе паклаў грудкамі намочаны ў гарэлцы гарох. Схаваўся з Мурзам пад кустом палявое лазы і пачаў чакаць. У полі, як заўсёды перад раньнем, вадрыў моцным і прычэплівым пахам жнеўнік. Ён перамешваўся з вогкасьцяй восеньскай пары. На ўсходнім скрайку неба сталі памалу цьвіцецца шызасьцяй плоймы хмараў. Вершаліны лесу аддзельваліся ад узвысяў. Надыходзіў сьвітанак, і ён, здаецца, яшчэ больш распаўсюджваў моўкнасьць прастору зямлі й неба. У гэткія часіны Цярэм апыноўваўся ў людзкой бязьмежнасьці: ён думаў пра ўсё і пра ўсіх, але ніколі пра сябе.
З глыбакаватых выймаў, абсыпаных вынесеным вадой пяском, падымалася віхрыстая сырыца. Ейныя сівыя разьдзеленыя пылінкі Цярэм дакладна бачыў, калі яны падляталі да яго… Дзесьці ў канцы палос, каля лесу, захлопалі памашыста крылы птушкі — і зноў па-восеньску панура й смутна аставалася навокал.
Ужо зусім абкрэпла сьветлая сінь, але журавоў, хоць бы іхнага курлыканьня ў паднябёсах, не было. Цярэм не чакаў болей, бо ў пісульцы абяцаў Міхасю вярнуцца дамоў з усходам сонца. Склаў раскіданую грэчку ў капу й пашкадаваў намочаныя ў гарэлцы насёны.
Палявая дарога знаходзілася ня вельмі далёка ад месца паляваньня, таму яму надумалася вяртацца па ёй дахаты. Запоны абвіслых хмар, што былі ўночы, зьнікалі клубістым дымам, і далёка адбеглыя паміж сабой, вельмі шпарка ляцелі на небакрай, адрываючы выцягнутыя ўскрайкі. Палявая дарога праходзіла паўзбоч двору палкоўніка Сконтаўта. І па ёй, ня гледзячы, што было рана, гэтаксама, як і Цярэм, але вярхом на кані ехаў чалавек. На белым кані. Цярэм адразу адгадаў, што гэта едзе палкоўнік.
— Дабрыслаў Бог! — прывітаўся ён, як толькі параўняўся з палкоўнікам. Але той не адказаў на прывітаньне. Спыніў каня й спытаўся ў яго сьведчаньня асабістасьці.
— Няма пры сабе… Я з паляваньня, спадару… Я мясцовы чалавек — зь сяла гэтага…
— На лбе ня бачу!.. Што падвесіў на сабаку?
— Качкі дзікія, — растлумачыў шчыра дзед і яшчэ раз прыветліва ўсьміхнуўся. Палкоўнік асочна азіраў Цярэма.
— Што, настраляў? А дзе ж зброя?
— Я лаўлю іх жывымі…
— Яны ж лётаюць — што пляцеш, старэча?
Цярэм не сказаў, якім спосабам налавіў дзікіх качак. «Свая таемнасьць — моц перад іншымі», — трымаўся ў яго асабісты выснавак.
— Расьцягні мяшок — пакажы…
Цярэм паказаў пальцам на высунутыя зь мяшка лапкі качак.
— А зь імі што?
— Нічо-ога.
— А дзе злавілі іх?
— Тут недалёка стаўкі ёсьць. Калісьці ў вашай мамы адкупіў іх адзін лесавод, ён там жадаў зрабіць, як быццам, пералётны прытулак для вадаплаўных птушак, але не падсьпеў, іншыя часы насталі…
Палкоўнік спыніў Цярэма ня словам, а сьціганьнем бізуна.
— Завошта, спадару?.. Я ж ня зьвер!? — непарушна зь месца і непахілены ад болю, спытаўся Цярэм. У вачох ясьнілася крыўда, чамусьці напагатаваная адчуваць сваю прызьнібу без супраціву, ажно да самага канца, пакуль ягонаму ворагу надаесьць зло. А палкоўнік яшчэ горш ачуніў сваю злосьць. Ён толькі адзін ведаў, чаму яна прыйшла да яго падчас спатканьня зь Цярэмам. Ён ня спаў цэлую ноч пасьля спрэчкі з жанчынай, зь якой прыехаў. А калі надышла раніца, наўмерыў расьцярушыцца праездкай па дарозе ад двара ў поле. Едучы ў ахалодзе раніцы, ён шмат думаў пра тое, што яна сказала яму. Паміж імі жыла скрыпаная доля дзён…
— Абарванец стары! Чаго ходзіш рана? Чаго?.. Адвыкні!..— сквірліва скрыкнуў палкоўнік ды зноў сьцегануў Цярэма па ўсплеччы.
— Я ня ведаў… — нарэшце папрасіўся Цярэм. — Калі гэтак— забярэце качак… Забярэце!..
Тады Сконтаўт глянуў зусім па-іншаму. Ён, як быццам артыст на сцэне, перамяніў сваю ролю. Саскочыў з каня, борзда падышоў абняць Цярэма. Але Мурза ятра, із спрытнасьцяй адданай жывёлы, рынуўся на палкоўніка і зьбіў яго з ног. Ён разарваў палкоўнікаў шанаваны паўвайсковы мундур. Конь падкінуў зад і, адбегшы ад непаладу, пацерушыў да двара. Цярэм адцягнуў сабаку ад крыўдніка.
— Даруйце мне! Я вас не за гэта… Ах, памяць гадоў — старэча, прабач напасьніку!..
— Бог з табой! — адразу адыходзячы, ня зьдзіўлена сказаў Цярэм.
Над лукаткамі верхалін лесу, што блізка дабягалі да сяла, падняўся, ня сьлепячы, паўкруг сонца. Міхась ня спаў. Спакмеціў дзедаву запіску, прачытаў яе і палажыў на скрай стала. Хутка вярнуўся і Цярэм. Ранішняе прывітаньне зь Міхасём было як слова з прасоньня. Цярэм не сказаў яму пра неспадзеўнае спатканьне каля сялібы палкоўніка. Ён вырашыў не запальваць злосьцяй маладое сэрца гадаванца — палохаўся помсты. Ён пачаў гутарку пра зусім іншае.
— Міхась, мой любы Міхась. Мы ўчора гаманілі пра непатрэбнае… а самае дарагое прапусьцілі… Сорамна мне: не спытаўся пра тваю жонку, пра сынка твайго.
— Жыла каля Віцебску… Хто іх ведае, як цяпер зь імі. Супакоіцца крыху — пачну шукаць… Найперш трэба здабыць дакумэнты асабістасьці…
— Дакумэнты? — перапытаў Цярэм і зараз жа палез у шуфляду па свой пашпарт і паклаў да кішэні. А мяшок з качкамі шпурнуў пад прыпечак.
— Неяк агадаем усё. Дабудзем тысячы справак і пашпартаў.
— Дзякую. Зь лягеру мяне ня будуць шукаць, бо я няволіўся там бяз запісаў — на колькасьць пальцаў спраўджваўся.
Цярэм распрануў зарасьнелую вопратку і, скручаную абы-як, камком, кінуў пад лаву каля сьцяны. Гэтак ніколі не рабілася раней. Падышоў да сплеценай з саломы скрыначкі й выняў старое, прысланае Міхасём пісьмо.
— Не магу сабе дараваць за тое, што ўчора не спытаўся пра сына й жонку тваю. Гэта ж вялікі грэх, ды яшчэ каму — старому чалавеку…
Цярэм сеў у мяккае, скрыпучае крэсла з разасланым прад ім рысявым кілімам. Ён хваляваўся. «Дарагі дзед!..» Прыпыніўся. Голас задрыжэў. Яму жадалася плакаць. Глынуў сьліну й аглянуўся на Міхася, ён прымошчваўся каля рукамытніка галіцца. Міхась азірнуўся, але дзедаву прайменную часіну не спакмеціў.
«Дарагі дзед!.. — уторыў зноў Цярэм. — Найперш паведамляю маё няшчасьце: на дыплёмных экзаменах згарэў, і то на якім спакмяне, каб ты ведаў? На звычайных чарвякох, што ядуць нас. Сьмешна, дзед, праўда? Але астатнія здаў на вельмі добра. А на «пагарах» дазволілі восеняй зрабіць паўторныя экзаменый абараніць адначасова дыплём. Я пакажу ім, хто я… Ды, мабыць, ва ўсім вінаватая дзяўчына з-пад Віцебску. Яна таксама вучыцца тут. Справядлівей, дзед, яна «трускае на раялі», а вечарам, апрача гэтага, нават пакручваецца пяткамі на сцэне… Івось я ехаў і не даехаў да цябе — яна «зацягнула» да сваіх. Бо казала: «Навошта турбаваць дзеда? Лепш да мяне паедзем, там мой тата з працоўнага дырэктарам лесапілкі выскачыў, дык паглядзім ягоную важнасьць…» І я паехаў».
— Не чытай, мой родны! — папрасіў Міхась. І, жадаючы ўхіліцца слухаць далей, дабавіў: — Бадай, ад гэтага шарсьціньне на твары вырасла…
Зь ёканьнем павёў брытвай па густа зрослай барадзе.
…У Цярэма дзіўна злучвалася гордасьць і пакора перад атрыманай зьнявагай ад палкоўніка. Ён не зусім поўнай сьведамась цяй захаваньня шукаў узьдзеяньня на сябе, каб баржджэй прагнаць згнібу. Яна імкнула яго давесьці праз чытаньне ліста да іншага хараства ў непрыемнасьці. Ён думаў прачытаць увесь ліст, аднак, пачуўшы супярэчлівую просьбу Міхася, папрасіў дачытаць толькі канец ліста.
«...Надысь памагаў маёй паважанай цешчы купіць на нядзельным кірмашы пеўніка. Купілі досыць сытага, але не пашанцавала. Пеўнік быў вашывы. Пакуль цешча несла яго да гасподы, добрая жменя вашанкоў перапаўзла да яе. Няшчасная душа доўга пацярэблівала кожнае месца ў сябе… І не сьцярпеў— выявіў турботу, безумоўна, сказаў праз дачку, што няхай, маўляў, маці добра памыецца і пераапранецца, пакуль пойдзе спаць. Вось як сьцегануў! Яна, напэўна, падумала, што я ўжо сапраўдны лекар і, задаволеная тым, «падаравала» мне ейную дачку… Дзед, я ажаніўся… Я ўжо гаспадар сям'і, праўда, дзед? Праўда! Цалую дзеда. Твой Міхась».
Цярэм кончыў чытаць. Міхась маўчаў. Яго кволіла мінулае шчасьце. Нават пашкадаваў, што не дазволіў прачытаць дзеду ўвесь ліст. У сардэчнай волі зьяўляўся да яго спакой зыркай уявы: незагойная рана мінулых перажываньняў.
Пасьля сьнеданьня Цярэм прапанаваў Міхасю пайсьці да царквы. Пра гэта ён падумаў ужо, яшчэ будучы на паляваньні, і цяперака, калі на панадворку ў дрымотным настроі ціхаці раньня паляцеў зь сяла зманлівы звой званістасьці званоў, Цярэм пабарзьдзіў Міхася.
Царква была ў селавым клюбе, на скрайку сяла, якраз па вуліцы да палкоўнікавага двара. Чыста выгабляваны крыж высіўся над ейным уваходам. Ганак быў шырокі і з абгародкай, пафарбаванай на зялёны колер. Наводшыбе ад яго, з нарсьцівым размахам сучча, вышэзныя, пасаджаныя блізка міжсобку расьлі дзьве ліпіны. На прыбітай да іх накрыж планцы віселі абрэзаныя гарматныя гільзы — гэта была званіца. Людзі чамусьці гурмой стаялі перад царквою і глядзелі на адол. Некаторыя адзаднія журна азірнулі Міхася й Цярэма ды зноў выцягнулі шыі да позірку на ранейшае месца. Зварот Міхася дадому, відаць, ня вельмі цікавіў аднасяльчанаў. Сярод гурмы замкнулася напружнасьць, толькі час-часам парушаная ўздыханьнем жанок і ўрывістай гамонкай мужчынаў. Адзін зь іх, ужо стараваты, што стаяў крыху наводдалі ад усіх, махам галавы прывітаўся зь Цярэмам і сказаў навіну:
— Нехта ўначы нябожчыка падставіў…
— Нябожчыка? — упэўніўся Цярэм і адначасна такім самым пахінам перамяніўся прывітаньнем з тым чалавекам.
З зысуненым на палавіну векам каля ганку стаяла дамавіна. У ёй на палатнянай, вышытай па краёх падушцы бялеўся нябожчыкаў твар. Хто ён, ніхто ня ведаў, і аб тым, хто яго прынёс сюды ўночы, таксама не было як меркаваць ці дадумоўвацца на каго.
Тады выйшаў з царквы сьвятар, апрануты на набажэнства. Міхась пазнаў старога сьвятара, што калісьці, пасьля разбурэнь ня сьвятыні на селавым сьцяжы, прыкідваўся прыдуркаватым, каб упасьціся высылкі зь Беларусі. У ягонай злунелай постаці й выглядзе цяпер нельга было пазнаць ранейшага, зь церпнасьцяй ношанага захаваньня. Толькі ягоная хада ўжо спакволілася непажаданай стомай і няпэўнасьцяй, а адчышчаны да зіхценьня золата крыж дрыгацеў у рукох, што, складзеныя наўперадзе, азначваліся, як вылепліны з воску.
— Нясеце ўсярэдзіну, — сказаў ён хмурліва ды зноў пахінена пайшоў да сьвятыні. — …і Сьвятога Духа… Амін.
Быццам стрэсены з вуснаў «амін» уразіў Міхася. Штосьці ў значэньні сьвятога слова было парожняе, як і ў імю гэтага няведамага чалавека.
Неадразу між гурмы знайшліся ахвотныя падняць дамавіну і занесьці ў сьвятыню. Людзі глумяна пераглядаліся. Тады Цярэм зьвярнуўся да Міхася, але ён якраз сам зьбіраўся падысьці да дамавіны — прасіў расступіцца. Усе пакінулі гаманіць і з патаемным, зрэшты, сумлеўным перакананьнем: хто наступны?— глядзелі на Міхася й Цярэма. Тая прокмець супакою была, бы прызвычаеная журнасьць восені ў садзе, які можа толькі ўчора абтрэсьлі ад позьняга ўраджаю, але шмат яшчэ лісьця на дрэвах, яно гэтаксама, як улетку, нячутна выхапляе з прастору шумлівасьць свае песьні — лёгкае ад пладзіні, ня хоча супярэчыць подзьмуху ветру… ды наадвароту ўсяму спадзявань ню: пажоўклае, ляціць на зямлю і шасьціць па ейным прасьцягу.
Праз расчыненыя дзьверы царквы плыў водар ладану й воску. Ніводзін з малельнікаў не ўваходзіў туды. Усе моўкна дазвалялі ўвайсьці найпершым невядомаму, у дамавіне.
Нарэшце, наўперад дамавіны, да ўзгалоўку падышла жанчына. Яна, маладая, і быццам ужо ведала пра спатканьне смутку, была апранутая ў паўхаўтурны гарнітур. Гэта была, хто яе ведае, дачка ці палкоўнікава жонка.
— Хто паможа мне? — спыталася яна ў бліжэйшых.
— Чаго цябе… туды-ы? — густым голасам адгукнулася дзяўчына, што прыйшла разам зь ёй.
— Ды я. Чаго баяцца? — пагадзіўся памогай і пытаньнем кульгавы з мыліцаю селянін і скрануў скрай дамавіны. — Нясем! Як жа гэтак? Нежывога хоць пашануйце!..
У царкве Міхась апынуўся побач жанчыны з двара. Яна, смутлівая, з застыглымі вачыма, нейкі час стаяла крыху адзадзя ад Міхася. І яго сярод уразы ненадзвычайнага спатканьня зь нябожчыкам усё-ткі прынуквала цікавасьць зірнуць на ейныя моўкна-рухлівыя вусны, што выдавалі шчырасьць апыненьня перад сьвятымі абразамі, прыгожа абвешанымі сялянскімі карункамі й тканінамі з рознымі чырвонымі й чарнаватымі на іх лукаткамі. Наўзбоччы ад яе, на падпорцы бэлькі, пацямнелы, але зь вельмі выразьлівымі аценьвамі, вісеў абраз нейкай сьвятой. І ў тым прыгожым аджытым і ў яшчэ існуючым вобразе была найбліжэйшая сапраўднасьць існасьці людзкое падобы. А гэта жывая і памерлая бытнасьць зьявілася Міхасю існай дапытлівасьцяй. З гэтым пачуцьцём ён прастаяў усё ранішняе набажэнства: скрадліва пазіраў на жанчыну з двара.
Яна адвярнулася на прокмець у бок Міхася, і іхныя позіркі сустрэліся. Ейныя белазорыя вялікія зрэнкі, абхопленыя жаўцістымі кружкамі, а затым стрыманыя зігтлівасьцяй белае эмалі самога вока, паволі, па-жаночаму хаваючыся ў сьціпласьці, аглядзелі яго. Нос лёгка ўзьняты, разьдзельваў справядліва шчокі, якія сумерна да ўсяе постаці крыху худзілі твар, але былі кранутыя карцівым сьценем здароўя, ад чаго яна рабілася — нат пры самым кароткім зірку — чароўнай і надоўга помненай.
Міхась уцеміў веданьне незвычайнага прызначэньня. Ён не закахаўся ёй, а толькі адчуў натхнёнасьць ад людзкога прыгаства, гэтую не прыгнаную ў такіх здарэньнях, нямотную чуткасьць бясхібнае веры ў вялікую ахову хараства й любасьці. «Бессупярэчлівае ў ёй», — падумаў ён… і падумаць далей не здарылася — падышла яна.
— Выбачайце, мо' ведаеце, хто ён?
— Аніяк.
Пахінам аблічча яна паказала на дамавіну. Спыталася:
— А ці магу папрасіць вашэцінай памогі паглядзець на яго?
— Так.
Міхася заманіла ейная роўная гладзіня лобу, што стугла лягла ад усьмеху й удзячнасьці, ейныя поўна-густыя бялясыя, закручаныя куклай валасы.
Міхась зьняў века дамавіны. Цярэм зводдальку шапнуў: «Ня рушце», — але яго не пачулі. Нябожчык быў апрануты ў вайсковыя нагавіцы і хатняга вырабу кашулю. Босы. Уся дамавіна ўсярэдзіне абабітая палатном. Міхасёва незнаёмка пачала прыладжваць на кашулі не ўсе зашпіленыя гузікі, і тады яна спасьцерагла: даўняя рана, ужо абмытая кімсьці, значылася на целе маладога чалавека.
— Застрэлены, — нагнуўшыся, сказаў Міхась, — …і блізу дзень таму, ня больш.
— Можа, знаеце яго?
— Ніяк.
Тады яна расхінула куртку і зьняла свой нагрудны крыжык. Папрасіла Міхася падняць галаву нябожчыка. Надзяючы крыжык, яны абое напаткалі пад асуненымі далонямі лісткі паперы й паміж іх невялікі квадрацік срабрыстае бляхі з выбітым нумарам і сымбалем савецкай авіяцыі.
…Ранішняе набажэнства канчалася. Сярод сьвятых і просьбных словаў стаяў нябожчык, як быццам нямотны сьведка чагосьці непазнанага ў жыцьці. Вадрыў мацней ладан і воск. Міхась расхінуў лісткі. Першая паперка была пераламаная й пацертая на кантах. Там называлася прозьвішча й імя забітага ды месца ягонага паходжаньня дзесьці з Магілёўскіх мясьцінаў. На другім лістку із сшытка былі напісаныя два стаўбцы словаў зь вельмі незразумелым разьвіцьцём мэты і зьместу. Магчыма, яны і былі ў простай сувязі з гэтым ужо закалелым чалавекам, бо там на пачатку першай абодкі была напісана зацемка: «Радкамі з твайго дзёньніка — багаслаўляем».
«Ці ёсьць здрада нявольнай нацыі перад кім-небудзь, хто пануе над ёй?.. А хоць бы тэрор, калі толькі гэтая рада патрабавалася ў змаганьні за незалежнасьць?»
У другой абодцы яшчэ больш супярэчлівая думка, але ў дакладнасьці і першыя, і другія радкі не разьвейвалі своеасаблі васьцяў напісанага: «...ён чуе, што яго б'юць, робяць болесьць, але ён затойвае сваю помсту да наступнай болесьці, наагул, хітруе: пакінь толькі жывым мяне, і я паспрабую зрабіць табе тое самае, а цяпер я кленчу, пераношу пакуту… Я толькі жаласьлівы прамежак перад табой. І ў ім я працягваю руку, каб змусіць цябе згледзець тваю асьлепленасьць, неадступнасьць у намеры, каб гэтым спыніць зьдзек зь мяне… А тады я абаранюся, о, абаранюся! Але інакш: прыйду помсьлівым і мо' лагодным бажком да цябе».
І дапісана, у вадступе пад выпісамі, цынічна й злачынна: «Ну, як ты думаеш, паміраючы: напэўна, сьмерць забірае цябе, а нікога іншага, а? Ты гэтак думаеш, або не? Накш, гідкі здрадніку, накш, ці не? Маўчыш? Гэта й было трэба табе: замоўкнуць і ляжаць падлай. Хто падбярэ цябе? А?..»
Міхась перадаў лісткі незнаёмай жанчыне. Ён пабачыў, як у часе чытаньня набеглі і згаціліся сьлёзы за ейнымі павекамі і як у іхнай празорасьці сьвяціліся маленькія махры сьвечак.
Людзі зноў пачалі гурміцца навакол дамавіны, некаторыя, больш баязкія, барзьдзілі пакінуць царкву.
— Я думаю, войча, усе дакумэнты выняць і пакінуць пад аховай царквы, бо яны-ы… тут усё што толькі захочаце чуць,— выказала свае меркаваньні незнаёмая жанчына зусім незразумела сьвятару і рэшце прысутных.
— Амін… Усёдна трэба пахаваць. Хто паможа мне? — папрасіў сьвятар.
— Я.
— І я.
Згадзіліся два хлапцы. Здаравенны хлапец, што згадзіўся першы памагчы, папрасіў перачытаць, што напісана ў лісткох. Лісткі й сьведчаньні асабістасьці прачыталі ўсім.
— Дзякую вам, спадару, — на разьвітаньне сказала незнаёмая Міхасю, а тады: — Хадзем, Ганя, — паклікала дзяўчыну, зь якой прыйшла разам да царквы.
Ганя перахрысьцілася першай і скасіла вочы, каб бачыць, ці глядзяць за ёй, і выставіла жанчыне язык. Міхась убачыў ягоную цьвіласьць, падумаў: «Падлётак мае нястраўнасьць».
— Алена, як табе ня сорам прыкідвацца старой, праведнай манашкай?.. Я скажу ўсё Барысу, хай усё-ткі возьме цябе ў рукі! Сорам, Алена, сорам! Гэта ж абразок ня твой, а Барысаў падарунак… Навошта надзела на нейкага валацугу? — учарэпліва лася Ганя ціхой сваркай, пакуль ішлі да надворку з царквы.
Яны былі родныя сёстры, родныя і вельмі, вельмі непадобныя. Алена не адказвала Гані. Яна ня радзьва праймалася ейнымі кпінамі, не заўважала яе каля сябе.
На панадворку ж, бы зналуску, Алена спаткала зусім іншае здарэньне. Пад самымі званамі з гільзаў стаяў сам Барыс-палкоўнік і, няведама дзеля чаго, падвесьліва на руцэ трымаў кашулю і шапку. Ганя, як заўсёды празірыстая, паказала яго Алене:
— Вунь і ён — рыхтуйся! — гардліва, ужо даўно знаёмай пагардай, урэзьвіла сястру, выклікаючы гэтым самым для свайго сэрца канечную спакусу падрастаючае жанчыны; а ў ім, у сэрцы, было зацікаўленьне бязь ліку ведамае Алене ў асабістым затайкаваным назірку. Ганя гэтаму пачуцьцю аддавалася чыстай справядліва, ані ня думаючы аб падозраньні разуменьня яе сястрою. Яна абсудлівым, бадай розумам дарослага даўмявала прылуку непагоднасьці паміж Аленай і палкоўнікам, таму зь вялікай задавольнасьцяй чакала ад усяго гэтага сабе карысных вынікаў.
— Што вы робіце тут? Я ж нешта ня бачыла вас у царкве, мо' прыйшлі сустрэць нас?
Палкоўнік прыгнетліва глядзеў на сёстраў, асабліва на Алену, бо Ганя ўсьміхнулася яму пры спатканьні і ўжо была занятая назіраньнем людзей, што памалу выходзілі з царквы.
— Алена…
І ён доўга ня мог дабраць патрэбнага слова да гэтага, бы згубленага, зваротка. Ён быў увесь у тую часіну ў адчуваньні прыяваў жыцьця, адна зь якіх прынуквала яго ісьці на згоду з Аленай.
— Алена, — ён зноў зьвярнуўся да яе, але з упэўненым голасам, — навошта я пакутую? Навошта?
Ганя ўчалопілася на яго з усёй прагнасьцяй пачуць неспадзяванку, аднак палкоўнік працягваў далей:
— Скажы: ты бачыш маё становішча, вось кагадзе, ці не? Скажы, Алена, скажы! Я гатовы зьнесьці ўсякі твой адказ…
Шчырая чырвань легла на Аленін твар, і Алена чула ейны цёплы выліў, а вочы, і так ужо адзеленыя выразьлівасьцяй, глядзелі цяпер на яго нязводнай і вялікай, хоць і зьбянтэжанай рашучасьцяй: даверліва і ўзбудрожана чакала душа чагосьці, не наводле ўсяго папярэдняга. Маўклівіла.
— Ня хочаш адказаць? Я цярплю, Алена, і магу цярпець яшчэ. Магу цярпець бясконца… Дакляруй толькі, што ня будзеш змушаць мяне на такія ўчынкі. Падакляруй, Алена.
— На якія гэтакія ўчынкі?
— Няўжо ты ня бачыш? Ты ж змусіла, паклікала мяне рабіць гэтак!.. — і палкоўнік патрос на руцэ рэчы. — Я прынёс аддаць іх бедным, а яны ніводзін не падышлі да мяне і не папрасілі… Я цалюткае раньне стаю тутака… Я ня здольны на гэта, ня здольны!.. Ах, Алена, Алена! Ці ж за гэта толькі думаеш кахаць?
— Хадзем, — усьміхнулася яна.
Алена вычувала надуманае палкоўнікам бясхібна.
Другі раз ад часу знаёмства ў Варшаве ўзяла яго пад руку. Яму спадабалася ейнае скаланеньне на абліччы: яно абяцала зусім спадзеўную асалоду, яно быццам забірала ўсё ягонае ліха і ня кідала ў перадчасны смутак. Такая лікоўная сутань спынілася ў яго сэрцы: жадалася ўзяць яе на рукі і несьці ажно да двара і крычэць на ўсіх, хто маніўся б не схіліцца перад ёй. Ён разумеў яе, маўляў, вернутае жыцьцё да цела памерлага, і цяперака глядзеў на яе ня так, як калісьці, а адкрытна: у ім адклікаліся пачуцьці найбольшага болю за штосьці вечна дарагое й любае. Яго запэўнівалі нават ейныя крокі. У іхным ступаньні побач зь ім, здавалася, была ня водгуль іх, а вялікая гаманкая даверлівасьць адданасьці, адданасьці яму назаўсёды. Не сьцярпеў, загаварыў:
— Алюся, ты зрабіла зь мяне юнака… Няўжо ты не кахаеш мяне?
Алена не адказала. Палкоўнік узбудрожна сьціснуў мацней ейную далонь.
Ганя нецямлівая, але зусім зь іншым плёнам уражаньня, ішла адлегла за імі. Яна журліва глядзела на ўзбочныя дрэвы, што як выветраныя цягліцы зямлі і таксама разьдзеленыя адно ад аднаго ўздымаліся, голыя й галіністыя каля вуліцы.
Да самага двара палкоўнік і Алена ішлі бязгутарныя. Палкоўнік, увесь выкліканы, яшчэ там, каля сьвятыні, ня ведаў у здушнасьці шчасьця, як захоўвацца да яе. Ён вельмі добра ведаў ейную абурлівасьць пры кожным ягоным неасьцярожным спрабаваньні дабіцца ад яе чагосьці канчальнага, хоць бы і непажаданага адказу, але зыркага сярод узьніклых адносінаў паміж імі.
Палкоўнік закахаўся Аленай ад першага спатканьня зь ёй у Варшаве падчас нямецка-польскай вайны, калі ён, пераапрану ты ў сялянскую вопратку, стомлены й зусім ня маючы спадзяваньня нейкага іншага звароту падзеяў на сьвеце, варачаўся да сваіх «крэсаў».
— Алюся, жыві як хочаш… але не пакідай мяне, не цурайся, не ўцякай адгэтуль!..
Пад узьдзеяй Аленінай ахвоты: ісьці разам зь ім ізь сьвятыні, нават маўклівай, — была празьмерная моц захапленьня выказацца, што ён зусім забыўся на палахлівасьць, якая знаходзілася ў ім ад мінулых намогаў дабіцца ад яе хоць бы невыносных патрабаваньняў ці абяцаньняў. Але апрача таго, што справіўся сказаць, ён ня здолеў больш гутарыць… Каля двара падхапіў Алену на ўлоньне, прыціснуў усю да грудзёў і панёс гэтак ажно да свайго габінэту.
Яна не супраціўлялася. Не выпускаючы яе, сеў на асунутую канапу, і тады яму спакмеціўся ў ейных вачох той, заўсёды азярысты й адоньлівы, спакой.
— Што жадаеш, Барыс?
У сьцягу даўгаватага жыцьця побач зь ёй упершыню пачуў ад яе сваё імя.
— Я памагла табе шмат чаго дабіцца, і, прынамсі, цяпер ёсьць патрэба гутарыць пра гэта, бо мяркую: скажаш — але!.. Ды я ведаю, што пасьля таго як я зрабілася фольксдойчкай, каб вярнуць табе двор па памерлай мацеры, ты прагнеш цяпер ад мяне іншага… Я вельмі ўдзячна табе за гэта цярплівае каханьне. Яведаю: ты закахаўся ў мяне тады, калі я, зь першым днём выбуху вайны з палякамі, была прагнаная з працы гаспадыняй-немкай, якая чамусьці прыехала зь Нямеччыны жыць у Варшаву. Пра крыўду, а яе было шмат, дужа шмат, я не сказала польскім уладам. Я мусіла… Ды што я кажу — мусіла… Нават хоць бы і ня быў ёю зроблены для мяне і Гані той гадкі ўчынак, я асталася б ёй удзячнай. Яна каля пяці год таму назад, калі мы прыйшлі ў Варшаву знайсьці астанкі памерлага ў польскай турме бацькі, узяла нас галодных, абарваных да сябе. Яна ўтрымоўвала нас і выхоўвала. І цяпер паверылі: немка! Лекары-немцы — ажно сьмех! — пацьвердзілі, што я гэтакая, а ня іншая. Ды пра гэта ты ўжо ведаеш. Я жадаю, Барыс, сказаць табе: тое, што ўторыла кагадзе, усё дзеля таго, каб крыху пасарамаціць цябе, а мо' звычайна церабіла язык: бо ж трэба ў міжчасе надумацца, каб сказаць штосьці неабходнае… Трэба, Барыс, трэба — гэтая пара ўжо надышла! Пара, мой Барыська!.. Але пусьці мяне, сама магу сядзець…
Алена, як пяшчотнае дзіцяня, уставілася позіркам на
палкоўніка. Ён, усё не выпускаючы яе з прыпольля, абхапіў
дрыготнымі рукамі ейныя плечы і пачаў цалаваць на іх вопратку,
а потым адной напругай, лёгка, ледзь-ледзь узьняўшы яе
перад сабой, пасадзіў побач. Аленіна няўкора смуціла яго. Неставала
мінулага раздольства жарсьлівага шэпту жанчыны ў самы
твар.
Алена зноў загаварыла.
— Барыс, я ведаю, чаго ты хочаш ад мяне… ведаю. Вы, як мыш, скрабяцеся да нейкага здабытку, прагрызваеце кімсьці зробленую будоўлю над ім, каб задаволіць сваю патрэбу і ўнаднасьць. Але ня дай Бог, што вы пакідаеце потым! Вы можаце пакінуць зусім няўражлівую атоліну — смурод і шумецьце… Вось і ўсё! Не! Ня ўсё яшчэ! Тое, што я сказала, ня дзеля мяне ёсьцека. Гэта маё меркаваньне пра цябе на будучае. Ты пераканаесься ў ім і, напэўна, яшчэ больш укарэнісься ў ім. Ці цеміш, чаму ў Варшаве, калі ўсё палымнела ад бомбаў, я зачапіла цябе? Ведаеш ці не — скажы?
— Алюся, мне ляпей слухаць цябе, чымсьці адказваць…
— Ах, Барыс, даруй! Я радая тваім сёньняшнім учынкам, дык таму наказала шмат, шмат, і зусім ужо ня памятаю, пра што казала… Даруй, Барыс!
— Ты мышай зрабіла мяне.
— Ты ўсё-ткі прагнеш ведаць, што гэта значыць? Не, я не скажу! Некалісьці сам сябе ўбачыш… Барыс, шчырае дзякуй табе, што асталася тады, у пошуках гроша на кавалак хлеба, чыстая, незурочная, зь неабтрэсенай душой… Гэта ж тады я падышла да цябе прадацца, бо не адважылася прапанавацца якому-небудзь варшаўскаму Антэку. Надумалася: давай падхаплю вясковага цяляпая. Ажно, як памятаеш, ты і сам шукаў ратунку… Ды і пра гэта стане! Ты лепей скажы: памятаеш, як мяне і Ганю пасылаў на «ўсходнія крэсы», калі туды прыйшлі бальшавікі, ці мо' забыўся? А можа, памятаеш, як каля Лукаў, у лесе, паказваў нам бронзавую брошку і казаў: яна ўся залатая, і аддам яе вам, калі даведаецеся, што робіцца на маім хутары і дзе мая мама ёсьцека, — памятаеш?.. Але я бяз гэтага жадала прынесьці табе ўсякую помач, звычайна, без усялякіх аплатаў, бо мяне, бедную, галодную, цягнула тварыць нейкую дабрадзейнасьць людзям… Ты не саромся, Барыс, не хіні галавы… Я жадаю, Барыс, застацца мнішкай без манастыра! Старой мнішкай, як сяньня сказала мая родная сястра. Яна, бадай, адкапала пайсткі маіх грудзей. Ты мусіш з гэтым пагадзіцца… Паабяцай, дарагі, што будзеш згодзен… Паабяцай, любы!..
Невядомая ніколі раней урачыстасьць, што зьявілася да палкоўніка яшчэ там, каля царквы, зноў прапала. Узлакаціўшы твар над каленямі, сядзеў у раздумнасьці. Гутарка Аленіна яго, саракапяцігадовага мужчыну, ня вельмі сарамаціла. Ён пераважна ў тую кароткую часіну развагі наўмерваўся пахітрыць да Алены.
— Алюся, упершыню ты па-сапраўднаму адважылася гутарыць пра нашую ўзаемнасьць, але ты, мабыць, жартуеш зь мяне, скажы таксама, што гэтак, а не інакш. А калі так, дык, па-мойму, ты не сказала ўсё. Тут ёсьцека штосьці недакладнае…
— Усё дакладна, Барыс, — не дакладзеш і не аднімеш! Запісалася з табой, але быць жонкай тваёй не хачу, хачу быць мнішкай без манастыра!.. А ты думаў, што я неяк абаб'юся і буду з табой дзяцей лічыць?..
— Алюся, ты і так са мной, у маім двары.
— Але, Барыс, ён твой, а ня мой! Хаця зноў, любы, ці памятаеш, што я сказала табе аднойчы вечарам, здаецца, празь месяц, калі пачалі немцы вайну супраць саветаў і мы прыйшлі да твайго хутару, — напэўна, памятаеш? Дык вось тады я сказала: як фольксдойчка, я зьвярнуся з хадайнічаньнем да немцаў аб звароце табе двору каля Менску; прапанавала ўмоўны шлюб паміж намі, а па законе сапраўдны. Ты паабяцаў, што ня будзеш вымагаць ад мяне абавязку жонкі. А цяпер ты зусім няўрочнае вядзеш, мабыць, забыўся… Я ўсё рабіла дзеля цябе і дзеля знаходу нейкага спосабу памагаць іншым… Барыс, зразумей: памагаць — памагай і ты!
— Дурнасьць, — з утайкаванай злосьцяй адказаў палкоўнік.
— А я вось паважаю маю дурнасьць і буду імкнуцца да яе,— бяскрыўдна, аднак сьцюдзёна адказала Алена.
— Алюся, ты надакучыла сваёй гутаркай… Хаваеш мяне, праваслаўнага, бязь сьвечкі, вось і ўсё! Тваім прызвычаем кажу… Прад гэтым я жадаў ад цябе абы-што пачуць, абы-што, каб толькі ведаць сваё знаходжаньне каля цябе; дык цяпер я напагатове твае ногі цалаваць, прасіць прабачэньня за мае абразы; вымольваць у цябе, маладой, сваю долю, бо колькі яе падаравана чалавеку? Нават з каціным кіпцюром не параўнаеш тую долю… Кажу ўсё, прызнаюся табе, як прад сьвятаром у сьвятыні: я грашыў, вільгаў душой перад табой мо' які цэлы год ад часу спатканьня, і не кахаў цябе, і глядзеў на цябе, як на дурня, і не было ў мяне шкадаваньня да цябе і да твае сястры, хоць ты шкадавала мяне і рабіла ўсё добрае для майго дабра. Але ты не адыходзіла ад мяне, ты ўжо празьмерна пачала спыняцца ў маёй душы, і, як ні дзіўна было яно, я закахаўся табой. Алюся, табой!.. Я пакутна прагну спакою, капельку грошаў для старасьці маёй і для маіх нашчадкаў… болей нічога. І хто прагоніць гэтую смагу, Алюся? Ты! Толькі ты!..
— І хлусіш ты, палкоўнічак дарагі, найбагаслаўлены, нехаўтурны, гэтак хлусіш, як быццам у таго, хто слухае і слухаў, няма памяці, і таму можна яму вярзьці ўсё, усё, што падбяжыць… Апамятайся, бо магу зусім пакрыўдаваць. Ці ўпершыню ты кідаеш мяне ў крыўду? Ня першая ўжо!.. А пераканальная хлусьня— прыгаство! Ды ўсё-ткі ў затайкаванай карысьці ты ня здольны сплясьці яе ў адно. Я ведаю: ты закахаўся ў мяне ад часу спатканьня ў Варшаве, а не пасьля… Ха-ха-ха! Сьмяюся, мой добры палкоўнічак, і навошта ты надумаўся адмаўляць яго, падмалоджваць?.. Але ў жыцьці, палкоўнічак, ёсьць два адвеку-вечныя адчуваньні: радасьць і смутак… Навошта вярэдзіць балючае хлусьнёй?..
— Пашкадуй, Алюся! Пашкадуй мяне!..
Ён увомірг падсунуўся шчыльней да яе.
— Пашкадуй, не пагарджай мяне й мае ўчынкі. Абяцаю быць гэткім самым, як ты. Ды і ты, Алюся, яшчэ ня стала тэй, якой ты думаеш быць; ты толькі манісься рассуваць замёты нашага двору дзеля прыстанку дабра, дзеля нейкага піраваньня… Ах, Божа, Божа, навошта я спаткаўся з табой?!
Палкоўнік ашчапіў Алену і бязрухна застыг, прыціснуўшы галаву да ейных плечаў… Яна вышчапілася зь ягоных рук, устала, адышлася да стала. У ёй моўкла сьцюдзёнае, тое самае жаданьне знаходзіцца каля палкоўніка. Яно яшчэ больш чутней усукравалася ў сьведамасьць наўмернасьцяй. Наўмернасьцяй ніколі не кідаць яго, каб магчы ў такой дасязе браць усё зь яго собства для нейкай цёмнай, як яна сама часта абхрышчвала яе, «добрай волі».
Палкоўнік, застаўшыся сядзець на канапе, падумаў: «Я, мабыць, перацярплю твае дзіваты, я даб'юся цябе, хоць і кахаю, дужа кахаю цябе». З гэтымі перакананьнямі ён не змагаўся, бо яны ўжо азначыліся яму верай: мусіць адбыцца! Ім толькі чакаўся дзень даведваньня, калі яна павядоміць яго згодай.
— А ты глядзі на мяне як на служанку, а не як на жонку, нават і ня будучую, — быццам бы адгадваючы палкоўнікавы думкі, зьвярнулася Алена пасьля доўгай моўкнасьці.
— Згодзен, толькі не пакідай мяне! — асьцярожліва прапанаваў ён.
— А прынамсі, надумаюся кінуць, дык чаго расчульвацца ад такіх дзейкаў? Наогул, ты, палкоўнік, вайсковы чалавек, праўда? Дадумаесься, як са мной ваяваць…
— Ах, якія словы ты кажаш? — і дадаў, тайкуючы ўмела сваю ўзбудрожнасьць: — Я жадаю кахаць цябе…
— Ну дык чаго ж тады бегчы адгэтуль?.. А можа, паспрабаваць? Я калісьці зраблю так: буду хадзіць упрочкі да Менску… Недалёка, праўда?
Ува ўсім тым, што нагаварыла яна палкоўніку, было добраей адданае асабістаму захапленьню… Папрасьціла да дзьвярэй, на выхад.
— Стане на сяньня. Палуднаваць зьбірайся.
Алена ўсьміхнулася.
Адчыненыя Аленай дзьверы нямоцна стукнуліся ў Ганю. Яна, напэўна, заклапочаная падслухоўваньнем размовы, не пачула Аленінага выйсьця з габінэту. Не зусім безуразьлівая Алена і ўсхваляваная Ганя захавалі паміж сабой вонкавую прабачлівасьць. Але як толькі Алена апынулася за дзьвярыма ядальні, Ганя блізу ўбегла ў габінэт.
— Барыс, кінь валаводзіцца зь ёй, кінь! Няхай будзе манашкай, няхай!
Ганя, бы ап'янелая сваім пачуцьцём, у нейкай адважнасьці, маўляў, абараняцца, спынілася перад палкоўнікам.
— Барыс, я кахаю цябе!.. Я ж ужо — дарослая!..
Ён некаторы ўрывак часу пазіраў на яе палымністасьць шчок, на яе дрыготкасьць вусьнінаў і рук, на яе просьбнасьць у вачох з позіркам, што яшчэ ня ўмеў глядзець упорыста на знарокі жыцьця, а тады, без аднаго слова, як родную дачку, вывеў яе за дзьверы.
Аднак палкоўнікава ўражаньне ад Ганінага захапленьня апынулася ў мінулым летуценьні, калі ён, будучы ў Варшаве, нягледзячы на даходнае і паважнае становішча, чамусьці абмінаўся каханьнем жанок.
— Каб ты, дзяўчаро, крыху раней да мяне — я адпомсьціў бы там маім асьмешнікам… Ах, як шкада! Адранцьвееш шчасьцем, калі ня трэба й няма каму пахваліцца ім, — голасна абвесьціў сабе палкоўнік, зь вясёлым настроем прычасаўся пры шыбіне падвойнага вакна, што адчынялася ўсярэдзіну габінэту, і пайшоў палуднаваць.
За вокнамі шасьцелі лісты дзікага хмелю, яны за лета справіліся ўзпаўсьці па шастку аж да шаламя хаты. Касматая і шасьлівая сьцень ад іх рухалася па шыбінах вакон. Была ноч. У распагоджаным небе начышчаны ветрам ледзянеў месяц. Вецер роўным подзьмухам прарываўся дзесьці з-за бору. Бор зацяжыстым і загусьцелым шумам адклікаўся ўсьлед яму. Сяліба палкоўнікава ад бору аддзельвалася невялікай засьцежай ніваў. Новая жыхарка Ганя, бадай, зь першага дня прыезду пачала жыць у ім неспакоем шаснаццацігадовага сэрца. У сваёй гасподзе пасьля кароткае гутаркі з палкоўнікам яна асталася аж да ночы сядзець каля вакна задуменная і дакорная. Ейная душа
