|
Запіскі эмігранта
Дадатак
Паулюк Трус
Лявон Савёнак
Ад рэдакцыі
«Запіскі эмігранта», якія мы пачынаем друкаваць, дасланыя да рэдакцыі празь ветлівасьць аднаго з нашых сымпатыкаў. Упрыкладзенай да «Запісак» нататцы зацемлена, што запіскі знойдзены выпадкам пасьля расьцярушаньня аднаго зь лягероў, так званых ДП. Імя аўтара й ягонае цяперашняе месца пражываньня не ўстаноўленыя. Наш сымпатык прыпушчае, што аўтар «Запісак» — бяздомны, расейскага паходжаньня чалавек, блізка знаёмы з жыцьцём беларусаў, і магчыма, што цяпер яшчэ жыве ўв адным зь лягероў ДП. Мы схіляемся на ягоную думку, але станоўка сьцьвярджаць гэтага ня важымся. Тое, што «Запіскі» напісаны ў расейскай мове, не дае яшчэ права сьцьвярджаць, што аўтар іх — чалавек расейскага паходжаньня, бо і ў беларускім асяродзішчы часам сустракаюцца людзі, якія карыстаюць з расейскай мовы. Але ўсё ж некаторыя паасобныя заўвагі аўтара выразна выяўляюць псыхалёгію чужынца, што дае ўжо некаторае права не вызнаваць яго за беларуса.
Дасланыя «Запіскі» ў форме дзёньніка досыць расьцяруша ныя. Першыя лісткі аж да 25 сакавіка 1942 году зусім выцертыя й малачытэльныя. Зь вялікім высілкам нам усё ж удалося ўстанавіць, што свой дзёньнік аўтар пачаў натаваць ад першых дзён вайны, жыў на Беларусі, прыпушчальна ў Менску. З паасобных невялічкіх урыўкаў малачытэльных лісткоў і з аналізу далейшага зьместу «Запісак» можна толькі прыблізна схарактарызаваць аўтара. Гэта чалавек найперш апалітычны, сангвінічнага характару, грамадзкі, які мала дзе зьбянтэжыцца. Ува ўсім іншым— гэта звычайны сярэдні чалавек ваеннага часу, які ратуе сваё жыцьцё ад зьнішчальнае сілы вайны й карыстае для гэтага з кажнае сытуацыі.
Надрукаваньне гэтых «Запісак» рэдакцыя ўважае за карыснае з двух гледзішчаў. Першае, у «Запісках» ёсьць шмат цікавых назіраньняў зь беларускага жыцьця староньняга нам чалавека, і таму гэтыя назіраньні могуць прыслужыцца як матэрыял для аб'ектыўнае крытыкі нашага грамадзтва й для самааналізу паасобных сяброў яго. Другое, «Запіскі» часта рысуюць драбніцы штодзённага жыцьця, а з драбніцаў гэтых фактычна й складваецца само жыцьцё. Калі ж узяць на ўвагу, што гэтыя драбніцы натаваліся беспасярэдне з самога жыцьця ў часох ваеннае завірухі, калі кажны чалавек найчасьцей бывае без цывілізаванае маскі, дык яны могуць больш праўдзіва схарактары заваць чалавечую натуру і адлюстраваць сапраўднага чалавека не ў сьвяточным гарнітуры, а ў ягонай штодзённай вопратцы.
Запіскі няведамага аўтара мы назвалі «Запіскамі эмігранта», уважаючы, што такі тэрмін будзе найбольш адпавядаць праўдзе. Аўтар запісак мог бы быць якой-небудзь перамешчанай асобай, сілком пераселенай, прымусова вывезенай, выгнанай, загнанай, запраторанай, расьцярушанай і г. д., мог быць уцекачом, старым расейскім або новым, мог быць, нарэшце, так званым «калябарантам», але ў кожным разе — гэтая асоба ў выніку вайны апынулася на чужыне й ня хоча скарыстаць зручнае нагоды, як канец вайны, каб вярнуцца на сваю радзіму. А ў такім разе праўдзівей за ўсё назваць гэтую асобу эмігрантам.
«Запіскі» падаем у перакладзе і ў рэдакцыі Лявона Крывічаніна.
Ад перакладніка
Рэдактар перакладу намагаўся найперш захаваць стыль запісак аўтара, дзеля чаго найбліжэй трымаўся аўтарскага тэксту. Прашу прабачэньня ў шаноўных чытачоў, што ў сувязі з гэтым паасобныя мясьціны запісак могуць здавацца занадта падрабязнымі й цікавымі хіба толькі для гісторыкаў.
Л. Крывічанін. Зь дзёньніка І. І. Чужанінава
28 чэрвеня. Вярнуўся ў Менск. Пабегаў, пабегаў ды назад. Хай будзе што будзе. Як кажуць, што міру, то й бабінаму сыну. Вайна мне не спадабалася. Па-першае, на вайне бывае, што й заб'юць, а па-другое, клопату шмат: наступаюць — бяжы, адступаюць — бяжы, ды часам і ня ведаеш, у які бок. Не! Дома лепей! Хай іншыя бегаюць, а мая хата з краю.
Хата, дзякаваць Богу, засталася цэлая, не згарэла. А Рыгорава (гэта мой сусед зь левага боку), дык тая — ушчэнт! Як карова языком зьлізала! Толькі комін тырчыць. Вось будзе сьмеху, як Рыгор вернецца!
30 чэрвеня. Жывы пра жывое й думае. Гэтыя два дні рабіў сякі-такі запас. Прыдбаў, дзякаваць Богу, нямала. Ёсьць хлеба, ёсьць і да хлеба. Калі на добрае пойдзе, дык і на гадкоў пару хопіць. Трэба сказаць — не ленаваўся.
31 чэрвеня. Ізноў рабіў запас. Сяньня мяне страшэнна абурыў нейкі выкапень. Мы ўсе грамадою стараемся ля складу, што мурашкі, кажны валачэ — хто што здужае, а ён стаіць, як слуп. Хоць бы пальцам крануў дабрынё. «Рабаваць, — кажа, — несумленна». А які ж гэта, дазвольце, рабунак!? Час пераходны, дабро нічыйнае — валачы, калі сіла. А ён — «несумленна»! Пагледзімо, што ты празь месяц скажаш, старая порхаўка! Эх, і жывуць жа людзі на сьвеце! Як такіх зямля носіць?
1 ліпеня. Назапашваньне трывае далей. Сяньня прывалок з жонкаю два вядры патакі й вядро нейкага малясу. Навошта ён— ня ведаю, але людзі валакуць, і я не астаюся. Мо' на што й прыдасца.
2 ліпеня. Зноў прыцяг два вядры й мех соды. Крухмалу падчапіць не пасьпеў. Пайду заўтра.
10 ліпеня. Восем дзён адпачываў на курорце. Абставіны былі не зусім спрыяльныя для пісаньня дзёньніка, а таму нічога й не пісаў. У памяці засталіся спрэчкі аднаго дня. Гаварылі пра вайну: што такое вайна, чаму яна, як яно ўрэшце будзе. Тут кажны бараніў сваё. Адзін, прыкладам, выступіў і сказаў, што вайна гэта ёсьць вайна, і хоць яна рэч непажаданая, але ваяваць усё ж трэба. Другі хваліўся, што ён таксама ваяваў бы, але яму бараніць няма чаго. Трэці, наадварот, націскаў на тое, што вайна— рэч надта патрэбная, але ваяваць ня трэба. Некаторыя казалі, што пасьля вайны будзе толькі так, а іншыя, наадварот, што будзе толькі гэтак. Разнабою было шмат. Але ўрэшце бальшыня пагадзілася на тым, што можа быць і так, а можа быць і гэтак. Асабліва ўпорыста выступаў супроць вайны адзін нейкі ні то прафэсар, ні то рахункавод — за пылам не разьбярэш. Ён на абарону свае тэорыі выцяг і Талстога, і Дыягена, і яшчэ тузін іншых філёзафаў. Тут ня вытрываў і я.
— Выбачайце, грамадзянін пацыфісты, вайна — рэч конча патрэбная, без вайны нельга, бо яна асьвяжае, яна ачышчае чалавецтв а. Вайна — гэта сьмерць, а сьмерць родзіць жыцьцё. Вось! — (Гэта я таксама ўспомніў словы нейкага філёзафа). Але ўпорысты не здаваўся.
— Што яна ачышчае, гэта сьвятая праўда, бо мяне яна ачысьціла да ніткі, але што яна асьвяжае, то гэта, даруйце, — нонсэнс! Выбачайце.
І ён дэманстратыўна адвярнуўся ў бок.
Гэта я ўспомніў, калі змываў у балеі курортавы пыл. Целу было так хораша ў цёплай вадзе, а на стале стаяла паўфляжкі «маскоўскай», а на кухні жонка бразгала патэльнямі, а на работу ня трэба ні заўтра, ні пасьлязаўтра, ні яшчэ праз тыдзень. Не! Што ні кажэце, а вайна — цудоўная рэч.
11 ліпеня. Ізноў цягаў патаку. Нестае тары. Дастаў крухмалуй газы.
12 ліпеня. Вярнуўся Рыгор. Глядзіць, а хаты няма. Вось тут, здаецца, стаяла, а няма. Крыху пасьмяяліся. Праўда, Рыгор мала сьмяяўся, больш я рагатаў. Яму, відаць, не да жартаў было. Але такога чалавека, як Рыгор, ня надта з капытоў саб'еш.
— Дармо, — кажа, — разьбілі адну, другую паставім. Нас гэтым не запалохаеш.
І паставіць. Можаце не сумнявацца. Тым больш — лясны склад недалёчка, і гаспадара няма.
13 ліпеня. Сяньня сустрэў былога прафэсара. Ідзе былою вуліцаю, задуменны.
— Дзень добры, — кажу, — пане прафэсару! Як маецеся, пане прафэсару?
— А? Што? Ах, выбачайце, — схамянуўся ён, — я й не заўважыў... задумаўся...
— Пра што цяпер думаць, пане прафэсару? Хай лепш конь думае, ці дадуць яму сяньня аўса. Хэ-хэ-хэ.
— Вы ўсё жартуеце, а я паважнай справай заняты. Вось ужо трэці дзень падлічваю, колькі вайна каштуе.
— А хіба можна падлічыць, колькі вайна каштуе?
— А чаму ж не! Для навукі нічога немагчымага няма. Прыкладам, колькі куля каштуе — ведама, колькі жаўнераў ваюе— збольшага можна ведаць, колькі кажны куляў выпушчае штодня — таксама можна збольшага ведаць. А тут на дапамогу сярэдняе арытмэтычнае, тэорыя верагоднасьці... Вось і выходзіць— штодня дваццаць мільярдаў. Ну, ведама, недакладна. Мільён больш — мільён менш, гэта для навукі ня мае значэньня.
— Дваццаць мільярдаў, — зьдзівіўся я. — А даруйце, пане прафэсару, навошта вам гэта ведаць? Вам жа працэнтаў з гэтых мільярдаў, напэўна, не дадуць.
— Як навошта? Для навукі. Навука, даражэнькі, усім цікавіцца. Ну, бывайце! Пабягу. Там дзесьці на Пушкінскай бібліятэку выкінулі, можа, што прыдасца.
Націснуў брыль на вочы і засігаў. «Вось дзівак, — думаў я,— мільярды лічыць, а ў самога гузікаў у паліце няма. «Мільён больш — мільён менш, гэта для навукі ня мае значэньня». Нябось, каб гэты лішні мільён ды яму ў кішэню, дык не сказаў бы, што ня мае значэньня. Дзівак. Увечары сьмяяўся пра гэта Сымону (мой сусед з правага боку). Той хоць і мала адукаваны, але галаву мае добрую.
— Прафэсары, — кажа, — усе дзівакі. Знаў я аднаго такога, які пры акадэміі вартаваў. Той усё на нейкі Марс зьбіраўся ляцець. «Не даляціш, — кажу яму, — Сямён Іванавіч, да неба далёка». А ён сваё: «Не я, дык другі, а ляцець будзем». І паляцеў. Загналі яго бальшавікі аж на ўскрай сьвету, на нейкую Калыму. Вось табе й Марс! А я, дзякаваць Богу, нікуды ня лётаў, дык вось жыву, і ў сваёй хаце.
Ведама, Сымон разважае прымітыўна, але й ён мае рацыю.
14 ліпеня. Сёньня бачыў сон. Быццам ізноў вайна. Навокал пажары, самалёты, бомбы, як гарох, сыплюцца, а я валаку скрыню махоркі. Раптам перада мной бомба — трэсь... І расчыніла ся напал, а зь яе выскачыў якісь гіцаль — і да мяне: «Кідай скрыню — мая махорка!» «Брэшаш, — кажу, — мая!». Ну, слова за слова. Я паставіў скрыню ды размахнуўся. Ён — таксама. Тут і пачалася дыскусія. Прачнуўся, аж мяне жонка пад бакі таўчэ: «Ты што? Звар'яцеў? Ноч, добрыя людзі сьпяць, а ён — біцца!» «Маўчы, — кажу, — дурная. Гэта я нейкага рабаўніка біў, у цябе рыкашэтам папала». А тым часам жонцы сінца пад вокам набіў.
15 ліпеня. Заняў кватэру як пагарэлец. Кватэра нішто сабе: ёсьць два паліто, тры шуфляды зь бялізнаю, жаночае паліто, ну, дый іншае лахардзе, а таксама й мэбля. Перавалок у сваю хату, якая й ня думала гарэць. А Рыгор, дык той заняў аж дзьве кватэры: адну на жонку, другую на сябе. Вось ашуканец!
16 ліпеня. Быў на біржы, гэтай, што на Камсамольскай. Ну й прадстаўленьне! Не раўнуючы, у цырку. Людзей натоўпілася самых разнастайных. Ёсьць і надта дзіўныя. Дзе яны толькі дагэтуль зашываліся? Капелюшастыя, у сурдутах, ёсьць нават і пры мэдалях. Адзін, відаць, мікалаеўскі палкоўнік, дык той начапіў на грудзі сем мэдалёў і тры крыжы. Я сумысьля палічыў. Дыбае, як індык, і ні на каго не глядзіць. А каб ён у гэткі фасон ды месяц перад гэтым выфранціўся, вось бы прычапіла яму энкавэдэ мэдалю — да скону памятаў бы!
Наагул народ самы, як кажуць, адборны: кульгавыя, падсьлепаватыя, абамшэлыя — гэта ўсё, відаць, аскалёпкі разьбітага ўшчэнт. Праўда, ёсьць і людзі новай фармацыі: маладыя, задзёрыстыя, трымаюцца як гаспадары, і гамонка ў іх нейкая невыразная, але такіх няшмат — лічаныя.
Пакуль я так дзівіўся на старых людзей новага сьвету, гляджу — ажна тут трэцца мой добры знаёмы, Ванаў. Быў ён за дырэктара, парцейны, хадзіў заўсягды ў «кіраўнічым гарнітуры» (сінія порткі-галіфэ й зялёны фрэнч), а тут у пінжаку, пры гальштуку, пад капелюшом.
— Зь якой гэта, — пытаюся, — аказіі пераапрануўся? На маскарад ці што?
— Ды так, — кажа, — надвор'е зьмянілася, пацяплела
крыху.
— Так, так, — кажу, — гэта зьмена надвор'я шмат каго перафарбавала.
— Вы што гэта, часам не на мяне ківаеце? То гэта дарэмна, бо я заўсягды быў патрэбнага колеру.
— Ну але ж, і я пра гэта, і ваша вонкавае афармленьне...
— Ну гэта, — перапыніў мяне Ванаў, — глупства, узьлёт фантазіі, а нутраны колер у мяне станоўкі: я заўсёды быў супраць.
Ведаю я гэтую станоўкасьць, але мне што? Даносіць на яго я ня буду, хай сігае пад капелюшом.
Тут жа пабачыў і другога актывістага. Той таксама пераапрануўся ў нейкі стары сурдут, а заміж капелюша насунуў якуюсьці накрыўку: ні то камілаўку, ні то брыль.
Падзяліўся сваімі ўражаньнямі з Рыгорам і Сымонам.
— Парцейныя, — казаў Сымон, — ну, гэтыя ўсе такія — ён хоць штодня пераапранацца будзе, абы яму скварку даваў. Быў у нас пры акадэміі якісьці Мікалаеў. Дык вось, заклікалі яго неяк у гапаву дый кажуць: «Выдавай, — кажуць, — усю сваю контру, хто супроць...». Ну, ён і нагаварыў: пяцёх сваіх лепшых прыяцеляў пасадзіў. А сам у іх чарку піў і часьцяком іхных баб гладзіў. Такі, браток, ня тое што вопратку — бацьку роднага зьменіць. Знаю іх добра.
Я з Сымонам ня згодзен, але Рыгор тое ж думкі: «Той, што пнецца ўгару, той ня здольны на нізе», — кажа.
17 ліпеня. Намацаў соль. Хоць у мяне й ёсьць невялікі запас, але ў вайну, кажуць, перасолу не бывае. Прывалок два мяшкі— каштавала паўпляшкі «маскоўскай». Крыху дарагавата, але нічога ня зробіш.
18 ліпеня. Сымон набыў адначасна каня й панарад. Якім парадкам — ня ведаю, кажа, што безгаспадарныя, на пагарэльлі блукалі. Ну, добра, скажам, блукаў конь, а як мог панарад блукаць? Але мне што? Хай сабе й блукаў. А Сымон, можа, калі й палку дроў прывязе.
19 ліпеня. Закінеш назад — наперадзе знойдзеш. Даведаўся, што з малясу выходзіць першагатункавы самагон. Вось шчасьце падваліла! Шкада — мала назапасіў. Каб жа гэта ведаць! Адмераў два вядры Віцьку Фамёнку. Той наладзіў сталую самакурную фабрыку, але сырцу няма. Кажа, што зь вядра выходзіць дзесяць пляшак. Пагледзімо!
20 ліпеня. Зноў быў на біржы. Народ крыху зьмяніўся. Падваліла былых савецкіх. Пачалося выразнае ажыўленьне. Некаторыя цэляцца на працу, але мала, бальшыня стаіць нэўтральнай сьцяной: усе чакаюць, пакуль зусім праясьніцца. Больш цікавяцца ваеннымі падзеямі: хто каго сьцігуе.
Сымон з гэтага поваду казаў, што людзі, відаць, яшчэ не галодныя.
— Нідзе яны ня дзенуцца, — кажа, — як у жываце завурчыць, дык і на працу закарціць. Пойдуць. Знаў я аднаго чалавечка, як я пры анатомцы трупаў варыў. Кволы такі, спакойны. Паглядзіць, бывала, як я трупаў у катле мяшаю, дый кажа: «Цяжкая твая праца, Сымон. Я, прыкладам, з голаду памёр бы, а цяжкой працы не рабіў бы. Не магу». А як загналі яго, небараку, за Котлас ды ўпрэглі ў пілу, то праз цэлую зіму лес пілаваў. Голад усяго навучыць!
21 ліпеня. Прывезьлі з Сымонам па два вазы дроў. Вартаўнік ля складу ё, але дровы вазіць можна. Вартаўнік нават спрыяе: «Вазі, хлопцы, зіма будзе». Навошта тады варта, калі яна не вартуе. Сымон з гэтага казаў, што ў жыцьці такія праявы часьцяком здараюцца, калі чалавек працуе, але нічога ня робіць.
— Быў і ў нас пры акадэміі фрухт такі, нейкім прадстаўні ком лічыўся. Што ён рабіў — ніхто ня ведаў, але грошы браў нядрэнныя. Агледзеліся празь пяць гадоў, што ён нічога ня робіць, ды нават і пасады такой няма. Але звольніць не маглі, бо ўжо стаж вялікі меў. Так і заставаўся на працы ды нічога не рабіў. Каб акадэмія не расьцярушылася, то й да гэтае пары працаваў бы. Так вось і гэты вартаўнік.
22 ліпеня. Пацешныя бываюць людзі. Сустрэў сяньня Ваську Байцова. Толькі што вярнуўся з уцёку. Ну, натуральна, ні хаты, ні ў хаце. Голы, як бізун. Кінуўся туды, кінуўся сюды — пуста: скрозь ужо разьмеркавалі. Як у тэй песьні пяецца, «усё разьмяло магутнай навальніцай».
— Як жыць, — пытаецца, — дзе дастаць спажыву?
— А чаго цябе, — кажу, — нялёгкая насіла да гэтай пары? Ты ж бы раней прыйшоў, калі спажыва да падноскаў ліпла?
— Уцякаў, — кажа, — прабіваўся да сваіх. Я ўсё ж патрыёта сваёй радзімы.
Ці не дзівак? Калі ты такі патрыёта, то ўзяў бы гармату ды пуляў зь яе, а не ўцякаў. Можа, я таксама патрыёта, ды яшчэ мацнейшы за яго, але ж на ражон ня пру, бо трэба ўмець арыентавацца й за пагодай даць нырца, а як хвалі сыдуць ды адстаіцца — ізноў выплывай.
23 ліпеня. Сяньня жонка павесіла на куце абраз (здаецца, у музэі дастала), а былых жа правадыроў хацела спаліць, а я запярэчыў. Паўстаў невялікі канфлікт, але да бойкі не дайшло. Перамог, ведама, я. Правадыроў завалок на гару й там замаскаваў. Хай ляжаць, яны есьці ня просяць, а мо' калі й спатрэбяц ца. Вось жа, скажам, маляс — ня ведаў, калі цягаў, а цяпер вунь як прыдаўся!
24 ліпеня. Нешта на мяне Мар'я Іванаўна лагодна пазірае. Сустрэліся сяньня, так ветліва размаўляе, руку цісьне: «Заходзьце, — кажа, — калі-небудзь, мне аднэй сумна». Гм... Чаму не зайсьціся? На свайго лейтэнанта, відаць, надзею пакрысе губляе. А кабетка нішто сабе... Правільная... І вага нядрэнная... Наведаю, абы жонка не пранюхала.
25 ліпеня. Цяперашняму сьвету нельга верыць ні на грош. Ну, хоць бы, скажам, Віцька — свой чалавек, нават прыяцель, а як ашукаў! Прынёс сяньня самагону... пяць пляшак.
— Атрымай, — кажа, — прадукцыю.
— Гэта што, — пытаюся, — усё? Ты ж абяцаў дваццаць пляшак!
— Аварыя, — кажа, — здарылася, прадукцыя падгарэла.
— Дзівіцеся! Мой самагон падгарэў, а ён ледзь на нагах трымаецца! Дзе ж, — крычу, — справядлівасьць? Гэта ж ашуканства!
— Ніякае не ашуканства, — кажа, — а стыхійнае няшчасьце... мабыць, дроў перадаў.
Вось і вер людзям пасьля гэткага!
26 ліпеня. Рыгор шукае працы. «Нешта, — кажа, — марудна будаўніцтва йдзе». Раіўся са мной і з Сымонам, куды лепш падацца: па разьмеркаваньню пайсьці або ў жыльлёвы аддзел. Яраіў у жыльлёвы аддзел. «Усё ж, — кажу, — справы жыльлёвыя бліжэй да будаўніцтва: там юшку выдзераш, там цьвікоў намацаеш, а там і ручку ад дзьвярэй выкруціш». Але Сымон іншай думкі.
— Усё гэта, — кажа, — драбніца. Вось паслухайце, што я скажу. Як працаваў я ў трэсьце, быў там адзін замусола. Агентам лічыўся. Чалавек зусім нікудышны. Ледзь ногі цягаў. Нарэшце кідае ён усё ды йдзе ў будку ваду прадаваць. І што б вы думалі? Не пацадзіў ён і паўгода гэтай вады з сыропам, як ужо трэці дом на Лагойскім тракце паставіў. Ды які! На дванаццаць тысячаў. Вось табе й сыроп! У гэтай працы — гандлёвай — магнэса такая ёсьць: ты грошы хоць адпіхай ад сябе, а яны ўсёж да цябе плывуць.
Апошні довад даканаў Рыгора. Мабыць, пойдзе па разьмеркаваньню.
27 ліпеня. Сяньня чыталі газэту. Цікава было. Сабраліся мы гэта ўсёй вуліцай, прыдыбаў і прафэсар, Наязноў Васіль Мікалаевіч. Ну, цешымся мы: паслухаем, што на сьвеце дзеецца. Явазьмі ды падсунь газэціну прафэсару:
— Прачытайце, — прашу, — калі ласка, Вы, паважаны прафэсару. Вы ўсё ж больш пісьменны за ўсіх нас.
Усадзіў гэта ён на нос акуляры, нацэліўся на газэціну й толькі прачытаў «Менская газэта», як аж пазелянеў:
— Вы што гэта мне, найшаноўныя, падсунулі? — і аж закалаціўся. — Выбачайце, я па-такоўскаму не чытаю й чытаць не жадаю. Абраза! — Тут жа ўзьняўся й пашкандыбаў ад нас. Вось было сьмеху! Давялося газэціну сьлібізаваць Сымону. Той, хоць і не прафэсар, але па складох чытае.
Прагледзелі мы ваенныя зьвесткі. Ну, там усё як сьлед: адны ўцякаюць, другія сьцігаюць. Прачыталі нават усе аб'явы. Асабліва зацікавіла ўсіх аб'ява пра новыя грошы. Зразумела, кажнаму хочацца ведаць, якія грошы прытрымліваць, а якія хутчэй спушчаць. Што да аб'явы аб крымінальных, каб іх выдаваць, то мы тут зьбянтэжыліся: каго ж выдаваць? Бо як ты цяперашнім сьветам адрозьніш, хто крымінальны, а хто не? Сымон казаў, каб пачаў валіць усіх-усіх адразу, то памыліўся б мала. Ну, ведама, із Сымонам ніхто ня згодны, бо хто ж сам сабе вораг?
Прачытаўшы газэту, доўга яшчэ сьмяяліся з прафэсара, асабліва рагатаў Сымон:
— Вось узяло яго за самае нутро. Але гэта яшчэ глупства. У18-м годзе са мной здарылася ня гэткая рэч. Тады была «Вольная Беларусь». Ну, я й прадаваў яе. А быў у нас на пошце чыноўнік, такі ўжо люты да газэты — штодня браў. Вось я разгарнуў і падсунуў яму гэту газэту. «Самая сьвежая, — крычу, — самая праўдзівая!» Грошы ўзяў дый далей. Дык што б вы думалі? Тры месяцы за мной ганяўся гэты чыноўнік. Як толькі згледзіць, дык за мной з палкаю. «Я табе пакажу, — крычыць,— як людзей ашукваць, хамства падсоўваць». Я яго за вярсту абягаў. Але што вы скажаце? У 35-м годзе гэтага чыноўніка ГПУ бярэ ў канвэрт і высылае на дзесяць гадоў як беларускага нацдэма. І як ён ні бараніўся, як ён, бядак, ні даводзіў, што ён ёсьць ісьцінны расеец, — не паверылі. Можа, памылкова яго выслалі, але ўсё ж чалавек сваё знайшоў. Так вось будзе й тут. Свайго лёсу, браток, не міне ніхто.
Сымон, вядома, перасольвае, але зрэшты, хто яго ведае, што будзе... Хто, прыкладам, спадзяваўся, што на шостым дні вайны немцы ў Менску будуць, аджа здарылася. Трэба на ўсякі выпадак навязаць сувязь з беларусамі.
29 ліпеня. Віцьку даў адстаўку. Знайшоў новага самагоннага фабрыканта. Добрага майстра відаць адразу.
— Ты, — кажа, — ля апарату ў мяне можаш не стаяць. Сваю порцыю ты атрымаеш апрача тае, што я вып'ю. Трымай дзьве пляшкі авансу!
І даў. Вось гэта майстра, а ня пэцкаль які. А я тым часам і пахмяліўся.
30 ліпеня. У Апанаса Дзюркі скралі сьвінчо. Дзюрка страшэнна абурыўся й спачатку кінуўся да службы парадку, але там адмовілі: «Каб ты, — кажуць, — прывёў злодзея да нас, то мы б яго тут адразу пад пазногаць і адпаліравалі як сьлед, а так, сам бачыш, горад вялікі, злодзеяў многа, каго хапаць?»
Апанасу ня так абыходзіць сьвінчо, як хоча ведаць, хто мог зрабіць такое сьвінства.
— Каб толькі даведацца, — кажа, — хто гэта зрабіў, то я сам бы ўжо паказаў і службу й парадак. Век памятаў бы.
Рыгор раіць зьвярнуцца да варажбіткі.
— Ёсьць такая, — кажа, — на пагарэлай вуліцы, хераматкай завецца. Як паглядзіць табе на руку — усё як на далані вылажа. Як быццам сама бачыла. Я, калі мяне з трэсту звольнілі, таксама падаваўся да яе. «Скажы, — пытаюся, — хто на маёй дарозе стаіць, хто мой злосьнік?» Паглядзела яна на руку дый кажа: «Вось бачыш, тут твая службовая лінія, завілістая такая. Авось тут упоперак яе стаіць руды мужчына, без барады. Гэта й ёсьць твой злосны вораг».
І што ж вы думаеце? Як пальцам уцэліла ў ворага: быў такі ў трэсьце — руды й без барады ды зь якім я два разы лаяўся.
Апанас пайшоў да варажбіткі.
31 ліпеня. Адна бяда ня ходзіць. Сяньня правяраў муку, тую, што закапаў у яму. Тры мяхі струхнелі, а два зусім ушчэнт падмачыла. Сымон суцяшае, што нічагуткі — самагонны фабрыкант дасьць ёй рады. Але ж страты! Тады на малясе Віцька нагрэў. Цяпер — мука! Калі так далей пойдзе, то неўзабаве і ў комін выляціш.
1 жніўня. Быў у Мар'і Іванаўны. Зноў скардзілася на сваю самотнасьць. Успамінала лейтэнанта й частавала гарбатай, але бяз цукру.
— Вярнулася я, — кажа, — пазнавата, калі ўжо галоўнае разьмеркавалі. Ну вось і засталася так: безь нічога й безь нікога, — і ўздыхнула.
Ну, ведама, брэша: сёе-тое й яна пад сябе падскрэбла, але, відаць, неспажыўное.
Пагутарылі крыху, папаласкалі рот гарбатай і разышліся ні з чым. Мне штосьці не падабаецца такая адцяжка. Няйначай трэба падысьці зь іншага боку. Паабяцаў прынесьці цукру й масла, можа, справа пойдзе сьлізчэй.
2 жніўня. Пільнасьць і асьцярожнасьць! Вось два нашыя галоўныя прыяцелі. Падвоіць пільнасьць, патроіць асьцярожнасьць! Бо сяньня пачуў вельмі прыкрую рэч. Раскулачылі Антку Загржэмбіцкага. Ды як раскулачылі! Да ніткі! Ня толькі ваенны здабытак, а й сваё крэўнае падгарнулі. А хто ўтапіў? Уласная жонка. Вярнулася гэта яна з уцёкаў, а ў сужэнца ўжо красуня сядзіць, і дабра поўная хата. Ну, баба, натуральна, на дыбкі, а з дурной галавы ўзяла ды бухнула куды ня сьлед: так вось і гэтак, у такога вось ды гэтакага дабра поўная хата, нарабаванага. Прыехалі, ведама, пацікавіцца дый вывезьлі аж дзьве машыны. Ды якога дабра! Сэрца млела, як людзі глядзелі. А цяпер абое Загржэмбіцкія сядзяць ды плачуць. А красуня, ведама, уцякла.
Рыгор кажа, што гэтаму Загржэмбіцкаму так і трэба: надта ж многа нагроб лішняга. А я так мяркую, што чалавеку ніколі залішне не бывае. А што нагроб — дык навошта ж тады й рукі чалавеку? Хіба толькі для таго, каб вітацца? Не, я на справу гляджу інакш: гарні пад сябе кажны, бо толькі курыца ад сябе горне, дык на тое ж яна курыца, а не арол.
Але тым часам натую: пільнасьць і асьцярожнасьць, бо і ў мяне жонка ёсьць і красуня прадугледжана.
3 жніўня. Сустрэў Байцова. Гляджу й не пазнаю: ні то ён,
ні то новы эўрапэец. І гарнітур, і паліто, і чаравікі — усё ад
Люкса.
— Што гэта, — пытаюся, — з табою здарылася? Ці ня ў Гамбург ты часам зазірнуў?
— Навошта мне, — кажа, — туды ехаць, калі тут свой Гамбург: што хачу, тое й маю.
— Чараўнік ты, — пытаюся, — ці што?
— Не, я не чараўнік, а праца ў мяне, браток, такая, быццам чароўная: і абутак, і адзетак, і напітак, і наедак — усё, як на далоні.
Во як людзі ўмайстроўваюцца. А яшчэ нядаўна шукаў якой-колечы спажывы. А тут раптам усё. Трэба гэта на ўсякі выпадак занатаваць, бо такі чалавек заўжды прыдасца. Абяцаў дастаць новую швейную машыну. Праўда, у жонкі яшчэ машына спраўная, але ўжо трохі размалолася.
4 жніўня. Палітыка мяне ня надта цікавіць, але ўсё ж такі нейкую лінію трэба мець. Сяньня адзін тып мяне проста да сьцяны прыпёр. Давай яму сваё крэда. Трэмся гэта мы на біржы, рэгіструемся (я за разумовага рэгістраваўся), гляджу — ажна тут і Паліханаў у хвасьце матаецца (ён калісь за інжынера працаваў). Ну, прывіталіся, сёе-тое, а пасьля ён мне й шэпча:
— Чуў? Нашыя б'юць, а іхныя бягуць.
Дайце рады! Хто гэта нашыя, а хто іхныя? Таму я ў адказ мармытнуў нешта невыразнае. Але Паліханаў прыстаў, як ліст.
— Ды ты, — пытаецца, — куды арыентуесься, на Ўсход ці на Захад?
А куды мне арыентавацца? Ведама, мяне больш цягнула б на Ўсход, але, ізноў жа, цяпер і там не мяды, а ў выпадку чаго, дык зусім проста, што й спытаюцца: а ну, Іван Іванавіч, раскажэце нам, будзьце ласкавы, як гэта вы чужой зямлі ня бралі дый пядзю свае зямлі не аддавалі? А што на гэта скажаш пры маёй сытуацыі, калі я ад фронту такога драпака даваў, што ня пядзі, а цэлыя кілямэтры з-пад абцасаў сыпаліся.
— Ды я пакуль больш на кілішак арыентуюся, — адказваю я Паліханаву, — а пра іншае яшчэ ня думаў.
— Ну, то заходзь да мяне, у мяне рознай ёсьць: і шнапс, і «маскоўская». Заходзь, вып'ем, паталкуем.
Гм... зайсьці, вядома, можна. Чаму ж не паталкаваць? Але што калі ён зноў насядзе на арыентацыю? А Паліханаў, трэба сказаць, чалавек ненадзейны: ён здольны на ўсе бакі арыентавацца.
Увечары пытаўся пра гэта ў Сымона: «Ты, — кажу, — у палітыцы куды арыентуесься: на Ўсход ці на Захад?»
— Я, — кажа, — ні туды ні сюды, я — тутэйшы. Дый навошта мне кіравацца? Хай на мяне кіруюцца, каму трэба, а я ў сваёй хаце й на сваёй зямлі. Дзякаваць Богу, ніколі нікуды ня езьдзіў, і мне нікога ня трэба.
— Але ўсё ж, — кажу, — нейкую палітычную лінію ты мусіш мець, бо цяпер кажны якую-небудзь лінію гне.
— А я, — кажа Сымон, — ніякай лініі ня гбаю. Ведаю я гэтыя лініі. Пачні гбаць, то будзе якраз тое, што зь серабранскім Хвэськам было. Той гэтую лінію ад сямнаццатага году пачаў гбаць. Ну, гбаў яе, гбаў, аж да трыццатага году, а тут яго ГПУ як хапанула, дый самога ў дугу сагбала. Кажуць, дзесь на Сібіру зусім загнуўся. Вось табе й лінія. А мне, браток, абы ціха. Жонка ё, хата ё, дзеці будуць. Вось і ўвесь мой кірунак.
Бясспрэчна, Сымон чалавек зусім апалітычны. Мне, як культурнаму, так разважаць не выпадае... Але зноў жа й з палітыкаю адны турботы. Вось тут і круціся, пакуль трапіш на сваю лінію. Паспрабую тым часам арыентавацца на абодва бакі, але так, каб было ледзь значна.
5 жніўня. Ізноў чытаю газэту. Сымону асабліва спадабалася паведамленьне пад назовам «Бамбавозы Герынга над горадам Сталіна».
— Аддаў бы, — кажа, — і каня й панарад, абы толькі паглядзець, як нашыя былыя правадыры ды з Крамля драпануць. То было б пацехі. Ня дзіва, калі й нагавіцы памяняюць. Ведаю я гэтыя бамбавозы з практыкі.
Яська Разак выказаў думку, што нядрэнна было б цяпер апынуцца ў Маскве:
— Во дзе дабра падгарнуў бы, — кажа, — тым болей што ўжо й практыка.
Думка Разакова, відаць, шмат каму прыйшлася да густу, бо ўсе неяк разам прыціхлі ў чароўных мроях, некаторыя ўздыхнулі, а Рыгор, дык той нават аблізнуўся.
Аб'явы ў газэце выклікалі сьмеху. Пішуць, каб паадносілі прадпрыемствам рэчы, якія парасьцягнулі падчас вайны. Ну хіба ж вернуць? Ды ніколі! Сымон, дык той адразу сказаў:
— Дарэмныя турботы. Не аднясуць. Дзе вы бачылі, каб чалавек чужое зьвярнуў? Будзе якраз тое, што ў нас у камбінаце было. Зрабілі гэта ў нас нейкую касу, казалі, што ўзаемадапа могі. Ну, як звычайна было. Спачатку гэта пакрычэлі на сходзе, паагітавалі, а нарэшце й кажуць: «А цяпер, грамадзяне, давайце добраахвотныя ўзносы ў абавязковым парадку».
Што будзеш рабіць? Мы, ведама, склалі гэтую складчыну, па рублі, па другім, адзін месяц, другі. А калі ўжо ў скарбонцы грошай троха наскрэблася, мы й шуганулі па дапамогу: хто на дзіцё просіць, хто на хворую жонку, што здаровая, як сьвежы сыр, а хто на цешчу вымагае, якую хаваць трэба, а яна тым часам паміраць ня хоча. Зразумела, кажны браў матыву самую далікатную й важкую. Толькі гэта мы да касы, ажна — тпру, грошай няма. Дзе, пытаемся, нашыя рублі? А той член, што скарбонку гэтую трымаў (ні то прафсаюзны, ні то парцейны, цяпер ня памятаю), такі быў хвацкі — зь пяску мог вяроўку зьвіць ды ёю ж цябе й задушыць. Дык вось ён і кажа:
— Грошай няма й ня будзе. Я іх усіх рашыў дашчэнту.
І што ж вы думаеце? Колькі яго ні прасілі, колькі ні сарамацілі, нават пагражалі — нічога.
— Што ў мяне, — крычыць, — варштат, каб грошы рабіць? Няма дый годзе. Адкасьніцеся!
Так і адкаснуліся. І скончылася нашая ўзаемадапамога — сабедапамогай. Так вось будзе й тут. Бо хто, прыкладам, аднясе малочнаму заводу, скажам, бідон, калі чалавек ужо ў бідон алею нацадзіў ці шпэку націскаў? Ніхто не панясе. Я народ ведаю.
Із Сымонам нельга не згадзіцца.
6 жніўня. Бачыў нейкі дзіўны сон. Нібы я ў Маскве.
Толькі, здаецца, скончыўся налёт, а я чамусьці ў ювэлірнай краме
стаю. І вось, быццам, кладу я гэта ўва ўсе кішэні гадзіньнікі,
пярсьцёнкі, ды ўсё залатыя, з дыямэнтамі. Золата й яшчэ золата.
Толькі гэта я набраў поўныя кішэні й наважыў выйсьці, як пачуў
нейкі гул, нібы гром. Я ў дзьверы, а перад самай крамай велічэзны
натоўп. Сьцягі навокал, музыка, тысячы людзей.
Яўжо быў нацэліўся пад прылавак сігануць, ажна чую,
мяне нехта бярэ пад рукі й выводзіць з крамы. Напалохаўся я
страшэнна, ажна нядобрае зрабілася (пра гэта я пазьней даведаўся,
як прачнуўся). І вось з натоўпу выходзяць трое, набліжаюцца
да мяне, схіляюцца нізка-нізка дый кажуць:
— Ты, Іван Іванавіч, — цар Чужанінаў. Садзіся, цару, у Крамлі, кіруй намі, кіруй заместа Сталіна! Просім цябе. Просім! Ура! Аркестра! Музыкі, грай камарынскую!
Толькі гэта я расчыніў рот, каб згадзіцца, ажна раптам нешта як грымне! Я прачнуўся (відаць, жонка няўдала павярнула ся). Расказаў пра гэты сон Рыгору й Сымону. Рыгор кажа, гэты сон глупства.
— Каб ты, —кажа, — ня золата бачыў, а наадварот, то гэта было б к прыбытку, а так — дрэнь.
Сымон, наадварот, даводзіць, што сон нешта значыць:
— Што, — кажа, — азначае — добрае ці дрэннае — ня ведаю, але нешта азначае.
Ці не схадзіць толькі да варажбіткі? Надта ўжо дзіўны сон. Раіўся пра гэта з тым прафэсарам, што падлічваў, колькі вайна каштуе. Але гэты дзівак сказаў, што хоць навука разьвязала ўжо ўсе пытаньні, але, што такое сон, яшчэ ня ведае, а таму ён і ня можа параіць, ісьці да варажбіткі ці не. Давядзецца, мабыць, схадзіць.
7 жніўня. Рыгор нечакана зрабіў выбрык. Не пайшоў ні па разьмеркаваньні, ні па жыльлёвых справах, а падаўся на нейкі склад. Там ён нешта прымае й штосьці выдае. Праца, відаць, плённая, бо дом пачаў расьці, як грыб пасьля дажджу. Хутка будзем спраўляць улазіны. Сымон з гэтага поваду жартуе, што тэмпы ў Рыгоравым прыватным будаўніцтве лепшыя за бальшавіцкія стаханаўскія.
— Відаць, — кажа ён, — што Рыгор на гэтым складзе больш прымае, чымся выдае, бо відавочна, намнажаюцца нейкія рэшткі, што ня месьцяцца на складзе.
Рыгору гэтыя жарты не падабаюцца, а жонка Рыгорава, дык тая проста казала, што Сымон зайздросьціць. Так, відаць, Рыгору можна пазайздросьціць, калі чалавек ня будзе дурным ды не прасыпецца.
8 жніўня. Варажбітка наваражыла Апанасу, што сьвіньню скраў свой блізкі. Дзюрка цяпер ходзіць па ўсіх суседзях ды ўсё прынюхваецца, ці ня пахне адкуль сьвежанінай. Дзівак! Ведама, што скраў свой, але хіба ж ён дурны, каб табе сьвежанінным пахам у нос пушчаць? Ён, браток, на Пярэсьпе зварыць, а на Камароўцы зьесьць. Злаві тады пах, калі ты такі майстра. Але што казаць? Дзюрка й ёсьць дзюрка.
9 жніўня. Мар'і Іванаўне занёс паўкілі цукру й пляшку алею. Трохі паморшчылася, але ўзяла. Расказала пра тры ведамыя ёй выпадкі, што мужы пакінулі сваіх жонак і перабраліся з усім сваім скарбам да іншых.
Ці не пад мяне яна пад'яжджае? Калі так, то гэта, даражэнькая, дарэмныя турботы. Мая Ніна Паўлаўна да гэткае катастрофы не дапусьціць, каб аддаць сваё дабро перавалачы ў чужую хату, яна дабра з-пад сябе ня выпусьціць, хоць з гарматы страляй. Дый мне такая камбінацыя не да густу. Я мяркую на два франты дзеяць, па ўсіх лініях...
10 жніўня. Байцоў прынёс швачную машынку. Частаваліся. Ён хоць і хваліўся, што ўсякія мадэры мае, а тым часам малясоўку смактаў ня горш за Яську. Выцадзілі два літры. Ён ужо ледзь пальцамі варушыў, а ўсё яшчэ ківаў на пляшку:
— Нацадзі яшчэ... па малой...
Добра, што жонка скеміла вады ў пляшку наліць, інакш ня ведаю, чым бы гэта частаваньне скончылася.
11 жніўня. Здарылася канфузьлівая рэч. Учора пайшоў праводзіць Байцова (у яго ўжо ногі не цыркулявалі) ды па дарозе назад трапіў нейкім парадкам не да хаты, а да Мар'і Іванаўны. Прачнуўся сяньня не ў сваёй хаце ды лыпаю вачыма, як дурны: дзе ж гэта я? Чую, за пераборкай голас Мар'і Іванаўны — зпрыяцелькай сакочуць. Відаць, знарок паклікала — на сьведку. Ну й бабы! Да чаго ж шкоднае стварэньне! Хацеў гэта я, затоіўшыся, ляжаць хоць да вечара, — можа, пашэнціць, думаю, цішком высьлізнуць праз вакно, аж не — не дала, сьцерва.
— Іван Іванавіч, — крычыць, — чай гарачы. Хуценька піць!
Каб ты смалы гарачай напілася. Прыяцелька сяньня ж усім раззвоніць, а там і да жонкі дойдзе. Галоўнае, нічога ня памятаю: было што ці не. Каб было, то яшчэ не такая крыўда. А калі на халастую праспаў? Сорам! Канфузія!
Але нічога ня зробіш, мусіў выйсьці. Як прывітаўся, як піў чай, — лепш не ўспамінаць. Да хаты йшоў як мыла зьеўшы. Жонцы сказаў, што начаваў у Байцова, бо ўжо позна было.
Трэба Байцова папярэдзіць. А ўсё ж гарэлка — паганая рэч. Мабыць, трэба кінуць.
12 жніўня. У прафэсара Вадзянецкага пазнаёміўся з беларусамі. Хлопцы як хлопцы — нічога страшнага. І гарэлку куляюць нядрэнна. Але адзін зь іх, зь нейкім дзіўным прозьвішчам, Янка Шчыры, надта ўжо заўзяты. Як выпілі па чарцы, то й пачаў крычэць:
— Мы зробім, мы возьмем! Мы ад Пскова да Чарнігава, мы ад Беластоку да Мажайску.
Крычыць і рукамі махае. Як дайшла справа да Мажайску, я не сьцярпеў:
— Дазвольце, найшаноўны, спытаць, а хто гэта вам дасьць так шырака размахнуцца?
— Як, хто? Самі! Уласнымі рукамі!
— А калі дадуць па руках?
— Хто пасьмее? За наша крэўнае!
— Ага, так. Ну, то... (у гэтым месцы дзёньніка, паводле нейкіх меркаваньняў, Чужанінаў выкрасьліў пяць радкоў — Л. К.).
Умяшаўся ў гутарку й другі хлапец — Арыентацкі.
— Бачыце, — кажа ён, — вы абодва памыляецеся. Але ж даруйце, я маю рацыю. Бо калі ўзяць межы ў гістарычным акрэсьленьні, то ёсьць шмат спрэчнага, і тыя вучоныя, з працы якіх я карыстаю, таксама не пагаджаліся ў пытаньні станаўлень ня сілы як адзінага вырашэньня межавых спрэчак.
— Даруйце, шаноўны, і Вы, — кажу я, — сіла ўсё робіць. Асіла там, дзе бальшыня, знацца, і бальшыня там, дзе сіла. Вось гэта й будзе справядліва й па закону.
Тут Янка Шчыры ажно падскочыў.
— Вы, — крычыць, — вялікадзяржаўнік, вы маскоўскі імпэрыялісты, вы драпежнік! Усіх скруцім у казіны рог!
Яго падтрымаў трэці хлапец, які дасюль маўчаў, Авечка Ахрэм.
— Так, — кажа, — мы гэта зробім, абы толькі дазволілі. Аяк будзе дазвол, то ўжо й пачнем скручваць. Абавязкова. Імежы таксама, калі дадуць, то возьмем, а не дадуць, то не. А скручваць будзем.
Я ўжо й ня рады быў, што сашчапіўся зь імі. Чаго добрага й мяне пачнуць скручваць. Добра, што пакуль прышпілілі толькі маскоўскі імпэрыялізм, а маглі б і чырвоны прышпіліць. А тады ўжо, Іване, давай нырца на самае дно й не вытыркайся.
Гэтых трэба высьцерагацца. Калі дачуўся пра гэтую спрэчку Сымон, то казаў, што гэта справа самая звычайная:
— У спрэчках за межы так бывае заўсёды. Калі яшчэ на вёсцы жыў і ў нас аднаго разу гаспадары захацелі зямлю перадзяліць, то за гэтыя межы колькі калоў паламалі, колькі насоў паўгіналі ды сківіц папсулі. Процьму! А Міколу Кульгаваму, дык таму шчэ й рабрыну зламалі. Урэшце ўсяго лепшыя шнуры прысвоілі дужэйшыя. Гэта праўда, што межы дзяліць— трэба сілу мець і хахла не шкадаваць.
Мяне іхныя межы ня надта цікавяць. Але як утрымаесься, калі чалавек гэтак шырака хоча размахнуцца.
13 жніўня. Пілі. Быў выпадак.
14 жніўня. Зноў пілі. Бяз выпадку.
15 жніўня. Бачыў, як сяньня Рыгор валок з працы мяшок нейкага дабра, ажна ўгінаўся. Сымон, які таксама гэта згледзеў, казаў, што гэта добра.
— Калі чалавек сваёй парай арудуе, то гэта шчэ дармо: добры склад і за дзесяць год на сабе не перавалачэш. А Рыгор і за год не адзін раз на рагатку наткнецца, знацца, яшчэ й другім дабра застанецца. На сабе няхай цягае. Ня дай Бог, калі чалавек пачне ўжо з транспарту карыстаць, ну, тады ўжо пішы — прапаў. Будзе якраз тое, што з Міхасём Уловічам было. Пакуль той цягаў на сабе, усё добра было, а як ужыў мэханізацыю — прапаў. Не пасьпеў ён і двух рэйсаў, як казаў, скамбінаваць, ажна й накрылі яго з шапкаю. Праўда, той не любіў анучы ў вадзе сушыць — хутка выскрабаўся, але ўжо голы, як бізун. Мэханізацыя — рэч ненадзейная!
А ўсё ж Рыгорава праца зайздросная. Ці не падацца мне па такой лініі? Раіўся з Рыгорам.
— Табе, — кажа Рыгор, — як спэцыялісту просты ход на ўправу.
— Але ж там, — кажу, — мова, а я ня ведаю па-іхнаму.
— Якая мова? Дзівак! Калі ведаеш «выбачайце» й «будзьце ласкавы», то й усё ў парадку. Там такіх, як ты, хоць грэблю насьцілай.
Трэба гэтую справу памацаць, бо надта ж ужо зайздросна на Рыгора глядзець.
16 жніўня. Быў у прафэсара Ванава. Нічога. Трымае сябе як сьлед. Пра старое — ані гуку. Раіўся зь ім наконт працы.
— Што ж, — кажа, — гэта можна. Сваіх людзей заўжды падтрымаюць.
А жыве ён, відаць, нядрэнна, і харчоў мае. Як частаваў, то й масла паставіў, і цукру, і каўбасы, нават і віна бутэльку адшкадаваў. Нічога! Нашыя не прападуць! Дармо што той крычыць: хай дадуць! хай дазволяць! Пакуль ты будзеш «хай» ды «хай», а мы тым часам і апануем... Жыць трэба ўмеючы.
17 жніўня. Проста дзіва, які чалавек жывучы. Сяньня зь Яськам Разаком сустрэў тую старую порхаўку, што нам назаляла, як склад парадкавалі, ды сарамаціла нас. Я ўжо думаў, што ён даўно душой загавеўся, ажна не — шкандыбае па вуліцы, праўда, абшарпаны, але жыве.
— Ну, як у вас, — пытаюся, — жывот із сумленьнем ня надта спрачаецца? Да бойкі яшчэ не дайшло?
— А ў чым рэч? — пытаецца.
— Ды як жа, Вы ж крычэлі, што рабаваць несумленна. Ацяпер што скажаце?
— І цяпер тое скажу: дрэнна рабілі, несумленна.
Сказаў і зноў пашкандыбаў. Во дзе ўпартая порхаўка! Ну, хоць бы пашкадаваў, што ня выкарыстаў моманту. А можа й шкадуе, ды сорам прызнацца. Напэўна так, бо ня можа быць, каб гэткіх дзівакоў зямля на сабе трымала.
Калі мы ўвечары расказалі пра гэта Сымону, дык ён ані не зьдзівіўся.
— Чорт яго, браткі, ведае, можа й не шкадуе. У жыцьці здараецца, што на чалавека хвароба такая находзіць — малахолія завецца. Быў у мяне адзін знаёмы, які жыць ня мог, каб не цягнуць. А калі які дзень ня сьцягне, то хварэе. А цягаў усё, што пападзе. Ды такі ўжо быў люты — роднага бацьку мог з кашаю зьесьці. І вось раптам яму заняло: ня цягне ды ўсё. Хоць ты яму ў кішэню кладзі — не бярэ. Зарвала зусім. Знацца, найшла на яго гэтая малахолія. І тут ніякія лекі не памогуць, і чалавек прапаў.
Бадай так яно й будзе. Выходзіць, што ў кажнага чалавека ёсьць пункт, што із сваёй дарогі яго зьбівае. І ўсё ж чалавек жыве. Дзіўна.
18 жніўня. Сымон прывёз аднекуль бочку газы. Кажа, што на нейчым пагарэлым двары качалася, там ён і сустрэўся зь ёю— лоб у лоб.
— Але як гэта здарылася, дзівіліся мы, скрозь усё згарэла, а бочка з газай — не.
— Нічога дзіўнага, — адказаў Сымон,— не згарэла, бо шпунтам заткнёная была.
— Але ўсё ж, — кажам, — газа? Калі камень і той гарыць.
— А чэрці яго, зрэшты, ведаюць, я ня хэмік, каб усё ведаць.
Брэша! Хэмік зь яго адмысловы, бо мы так і не дазналіся, скуль прывалок газу. Цяпер мяняе газу на самагон і маляс. Разак даваў за літру газы паўлітры самагону — не бярэ.
— Ну то каб ты лепшага ніколі й ня піў, як тая газа, — раззлаваўся Разак, — дарма не вазьму ў такога зьдзірцы.
— А я такому злыдню й за тышчы літры не аддам. Жлукці сваю самагонную поліўку ўпацёмках — больш разьліеш.
19 жніўня. Прафэсар Фэцкі нарэшце дакладна вызначыў, колькі вайна каштуе: выходзяць штодня два мільярды сто восем рублёў пяцьдзясят сем і пяць дзясятых капейкі.
— Калі б, — кажа, — адзін дзень не паваявалі, то ўсе людзі, што з усіх бакоў абляпілі гэтую гліняную галушку, якую завуць зямлёй, маглі б увесь дзень ляжаць барадою да сонца й нічога не рабіць, а харчоў было б кажнаму на залатога рубля, ды яшчэ эканоміі засталося б на сто восем рублёў і пяцьдзесят сем з паловаю капеек. А як вайна ўжо йдзе пяцьдзясят дзён, то вось і лічыце, даражэнькія, колькі чалавецтва на гэтым страціла.
Калі даведаўся пра гэта Апанас Дзюрка, дык аж абурыўся:
— Брэша! Можа, чалавецтва й страціла, а я то не. Бо калі вайны не было, то я рабіў, а харчоў і на залатоўку ня меў, а цяпер пальцам не варушу, а ўжо, дзякаваць Богу, трэці месяц ем пшэнныя бліны з макам. Не! Штосьці ягоная навука нейкая кульгавая.
Тае ж думкі трымаецца й наш вінакур, Яська Разак.
— Твой прафэсар, — кажа, — зусім дзівак. Шкада, ты мяне не спусьціў з гэтым тваім вучоным, я паказаў бы яму матэматыку. Вайна — страта для чалавека! Чулі? А ці ведае ён, кіслая брага, што вайна шмат каго на ногі паставіла? Другога раней і чалавекам саромеліся назваць, ды ён зусім і не чалавек быў, а так — мроя нейкая. А вайною так акрыяў, што яму й фігаю носа не дастанеш. А ён кажа — страты. «Барадою да сонца ляжаць»... Узяў бы цябе за рыжую бараду ды патрос як сьлед за такія словы. Каб мая воля, то я ўсе такія навукі пакасаваў бы ўшчэнт — хай ня брэшуць і не ачмучваюць людзей.
Але Сымон дык той ня згодзен зь імі:
— Хоць я заўжды кажу, што ўсе прафэсары дзівакі, але здараецца, што й яны маюць рацыю. Быў у нас пры акадэміі адзін такі дзівак. Ён таксама ўсё лічыў. Ліча й ліча. Бывае, і на сьнеданьне забудзецца. І вось аднаго разу ён вылічыў, што каб усіх людзей з усяе зямлі прывалок ув адно месца ды паклаў адзін на аднаго, то выйшла б куча ўсяго толькі кілямэтар ушыркі, кілямэтар удоўжкі, кілямэтар увышкі. Вось я тады падумаў: каб з гэтай кучы адтрэсьці хоць дзясятую часьціну зладзеяў ды навесьці на іх гармату, то глядзь, што аднэй бомбай усіх і прышчаміў бы на месцы. Бачыце, як проста па навуцы выходзіць. Аслужба парадку іх і за дзесяць год не пераловіць. Не! Супраць навукі не кажэце — часам і яна трапляе ў самы пункт.
20 жніўня. Быў на рынку. Адна назва што рынак, а гандлю ніякага. Бачыў, як адзін дурань збываў калгасьніку мадэльныя туфлі за баханку хлеба. Яшчэ і ўгаворвае:
— Купі, дзядзька, жонцы: гной трэсьці — першы сорт.
А хіба ў такіх туфлях гной трэсьці? У іх факстроты выдрэнчваць і то шкада. Дзядзька паўзіраўся на іх, пастукаў пальцам пад падэшвай дый памяняў.
— Навошта гной, — кажа, — мая дачка ў іх лявоніху паскача. Цяпер, — кажа, — можам і мы сабе такое ласунства дазволіць.
Нацягаў, мабыць, калгаснае мукі, як і той мадэльнік туфляў, вось і дазваляюць сабе. Я больш ня мог глядзець на такую несправядлівасьць ды ўцёк з рынку.
21 жніўня. Хадзіў да ўправы. Нічога страшнага. Дарэмна палохаўся. Скрозь усе свае, і язык наш, чысты адэскі. Праўда, сям-там і іхны сьлізгане, нават і мову пачуеш, але так нячаста, што можна й не лічыць. Малайцы нашыя — мух ня ловяць.
Мацаў адносна якога-небудзь пасаду. Можна. Але я ўсё яшчэ палохаюся. А калі часам вернуцца? Лепш крыху ўстрымацца. Каля аднаго пакою наткнуўся на Арыентацкага. Жартуе:
— Што, вялікадзяржаўнік, і вы да нас?
— Выбачайце, — кажу, — калі ласка, я ніколі...
— А, то добра, добра... Пачынаеце й вы крыху беларусіза вацца. Добра, добра...
Дзівак! Я табе шчэ ня так зьбеларусізую. Дай толькі ўмацуемся.
22 жніўня. Вярнуўся Буркун. На чалавека страшна глядзець— скура ды косьці. Быў да гэтай пары ў бальшавікох ды нейкім парадкам сьлізгануў з фронту.
— Чаго ж цябе, — кажу, — нялёгкая паперла аж на фронт? Хіба ня мог раней драпануць?
— Не кажы. Добра, што жывы вярнуўся. А больш мяне на фронт і гвалтам не зацягнеш. Ды хто ж мог спадзявацца...
Нічога! Гэты выхадзіцца. Нездарма ў кандыдатах лічыўся.
24 жніўня. Усе ўзяліся паліць кнігі. Разак спаліў блізу ўсё, што меў, толькі падручнікі не пасьпеў, бо сын недзе схаваў. Сымон паліць усю палітыку.
— Я, — кажа, — гэтую палітыку скрозь бы пусьціў з дымам, на ўсёй зямлі: ад яе людзям адзін ачмут, а больш нічога.
Рыгор таксама кажны дзень пэўную порцыю ў печ кладзе. А з суседняй вуліцы нейкі бухгальтар, дык той так асатанеў, што абы згледзеў якую паперыну, то адразу ў печ.
— Не магу, — кажа, — глядзець на кнігу, ад яе ў мяне хвор нейкая пачынаецца...
Ня паляць кніг толькі Апанас Дзюрка й прафэсар Наязноў. Першы, таму што ў яго праз усё жыцьцё ніякае кнігі ў хаце не было, а Наязноў кажа, што ён пакуль устрымліваецца.
А я зрабіў хітрэй. Сёе-тое, ведама, спаліў, а Леніна й Сталіна ды гісторыю ВКП на ўсякі выпадак закапаў. Хай ляжаць — у зямлі яны есьці ня просяць. Згніюць — страта не вялікая, а калі часам спатрэбяцца? Вось я тут іх і выкладу: «Бачыце, які я свой, ды яшчэ й падкаваны». Вось тое ж! А дурні заўсёды па-дурному.
25 жніўня. Сяньня мірылі Апанаса Дзюрку зь ягоным шваграм. Пасварыліся, як цьвікі дзялілі. Цьвікі яны цягалі супольна, а сяньня раскладалі на душы. А швагра ягоны вельмі ўжо спрытны чалавек: калі захоча, дык можа сам сабе ў вочы плюнуць. Вось ён і аб'ехаў Дзюрку на цэлую скрыню. Неяк вельмі спрытна перасморгнуў, як раскладалі цьвікі на кучы. Апанас, хоць і варона, а гэты фокус згледзеў.
— Ты што, — крычыць, — фальшуеш? Хіба сумленныя людзі так робяць?
Пачалося пералічэньне, сварка, а пасьля й за чубы ўзяліся. Мы ледзь іх разьвялі й самі расклалі цьвікі на роўныя кучкі. Хай у згодзе спажываюць.
26 жніўня. Жонка штосьці надзьмулася й паглядае падазрона. Ці не ўвялі ёй у вушы пра Мар'ю Іванаўну. Шкада, калі так, бо адносіны з Мар'яй Іванаўнай увайшлі ўжо ў пажаданую плынь, і аскоміны яшчэ не набіў. Трэба зноў падвоіць асьцярожнасьць. Ох, цяжка спраўляцца на два франты.
27 жніўня. Сяньня меў неспадзяваную цікавую сустрэчу. Бачыў свайго старога знаёмага — Выпівоніч-Ецкага. Ведаў яго шчэ за царом. Быў ён тады абшарнікам, меў ладны маёнтак, ну і жыў нядрэнна: скварку й чарку меў штодня. У сямнаццатым годзе ён чагось не пагадзіў з бальшавікамі, а біцца зь імі ня меў ахвоты й з гэтае аказіі паціснуў на захад. А цяпер вярнуўся. Гляджу й дзіўлюся: чалавек амаль не зьмяніўся, толькі пагрубеў трохі, а такі ж здаровы, чырвоны, як рыжык.
— Відаць, — кажу яму, — на эміграцыі Вам нядрэнна паводзілася?
— А так, так, — кажа, — хоць маёнтку там і ня меў, але пасад нядрэнны давалі. Ды я нідзе не прападу — натура ў мяне такая... зачэпістая.
Відаць, што не прападзе. Цяпер езьдзіў у былы маёнтак, мабыць, там таксама нейкія меркаваньні мае. Але наўдачу, каб з гэтага што выйшла.
Калі ішоў дахаты, то ўсю дарогу думаў пра тое, чаму так дзіўна збудаваны белы сьвет. Адзін, бывае, і чалавек не дурны, а праз усё жыцьцё, як белка ў калясе, матаецца за скарынку хлеба, а другі — так сабе чалавечак, звычайны, а ўсё жыцьцё на правох госьця: пірог ды яешня. Увечары ў нашай парафіі на гэтую тэму быў дыспут. На гэтую справу кажны глядзіць па-свойму. Апанас, напрыклад, казаў, што як толькі чалавек радзіўся ў кашулі, то ўжо так і ведай, што яму праз усё жыцьцё будзе Вялікдзень. Разак даводзіў, што ў кажнага чалавека свой лёс — як каму пашанцуе. Рыгор націскаў на тое, што ўсё залежыць ад розуму:
— Калі чалавек мае галаву, дык не прападзе.
— А з галавою не прападаюць? — пытаемся.
— Калі й прападаюць, то, мабыць, галава ў патрэбны момант ня здолела варыць, а то не прапаў бы.
Сымон моўчкі слухаў усе гэтыя разважаньні, не перашкаджаў, а нарэшце й кажа:
— Глупства вы ўсё гэта гаворыце: і лёс, і розум — усё гэта дрэнь, і галава дрэнь. Галоўнае ў чалавека — жывот. Калі я шчэ ў анатомцы працаваў, то быў у нас адзін доктар, дзівак страшэнны. Іх там у нас шмат было, і кажны зь іх рабіў як трэба: сяньня ногі рэжа, заўтра ў мазгох калупаецца, а той дзівак дык заўсёды жываты паласаваў. Крэмзае іх ува ўсе бакі ды ўсё чагось углядаецца. А што ў жываце ўбачыш, апрача дрэні? Вось я аднойчы й пытаюся: чаму гэта Вы, Сямён Мікалаевіч, жываты ўсё шастаеце? Вы б у галаве пакалупалі. Можа, там цікавей?
— А што ў галаве калупаць? Мазгі, — кажа, — гэта дрэнь, густы кісель і больш нічога. І галава, — кажа, — патрэбна чалавеку хіба як покрыўка для тулава, каб у жывот лішняя вада не зацякала. Бо сам бачыш, што кажны чалавек жыватом наперад ходзе, а не наадварот, а значыцца, і ўсё чалавецтва жыватом наперад рушыць...
— Я тады пасьмяяўся зь ягоных словаў. Але неяк пазьней давялося мне тры дні ня есьці. Дык што вы думаеце? У галаве ніякае думкі, апрача тое, пра што кажа жывот. Вось тады й паверыў таму дзіваку-доктару. Знацца, калі чалавек не прападае, у яго спраўны жывот, а галава тут зусім лішняя.
Сымон сказаў гэта так пераканаўча, што блізу ўсе згадзіліся.
28 жніўня. Але ж да чаго цяпер спрытны народ пайшоў! Толькі пазірай ды дзівіся. Стаімо гэта мы сяньня на біржы, разглядаемся. А тут каля нас і Круглоў трэцца. Асоба такая імклівая й досыць размаітая. Працаваў ён за саветамі й нейкім тэхнікам, і транспартнікам, і асьветнікам, наагул спэцыяльнасьцяў мае шмат, а тым часам ніводнае. Пакуль гэта мы паволі прыслухоў валіся, што, дзе й як, а тым часам зь біржы выходзіць дзядзька з барадою ды кажа:
— А хто, — крычыць, — ёсьць крысаловы? Добрыя ўмовы. Пацукоў, знацца, лавіць. На «Заготзярно».
Ну, ведама, мышалоўная спэцыяльнасьць цяпер даволі рэдкая, і таму ніхто надта й не адгукнуўся на гэты заклік. Пракрычэў гэта ён некалькі разоў ды змоўк. І вось, калі ўжо здавалася, што мышы цалкам апануюць гэтым «Заготзярном» з прычыны адсутнасьці належнага спэцыяліста, у гэты, як кажуць, крытычны момант на сцэну вырываецца Круглоў:
— Я, — крычыць, — магу мышэй лавіць! Курсы на гэта канчаў! Дыплёмы маю!
І панёсься за барадою. А праз часін дзесяць вяртаецца й паперкаю з накіраваньнем махае:
— Ну, — крычыць, — трымайся, мышы! Круглоў ідзе.
— А як ты, — пытаемся, — лавіцьмеш гэтых мышоў? Ты ж ня спэц.
— Даражэнькія, нешта злаўлю. Калі не мыша, то хоць збажыны якой. Гэта ж «Заготзярно».
І пайшоў мышэй лавіць. А я ведаю, што ён ніколі нічога, апрача мух, не лавіў. Вось гэта спрыт! Такі чалавек нідзе не загіне.
29 жніўня. Мар'і Іванаўне зноў занёс пшанічнае мукі й цукру. Нічога ня зробіш — трэба падкормліваць. Казала, што хутка вернецца лейтэнант. «Ад пэўнага чалавека чула». Можа, гэта яна мяне палохае, а можа, і сапраўды ёсьць такія чуткі? Трэба папытацца ў Наязнова: ён на гэтыя рэчы знаўца.
30 жніўня. Рыгор спраўляў улазіны. Ну, трэба сказаць, што такога баляваньня я шчэ ня бачыў. Было літаральна ўсё. А гарэлкі — Божачка мой! Хоць анучы палашчы. Усе мы стараліся каля яе досыць дружна. Пасьля пачаліся прамовы. Рыгора віталі, хвалілі ягоны спрыт і розум, ягоную вытрываласьць. Дый як не хваліць, калі чалавека нават агонь не бярэ. Згарэў ушчэнт, а праз пару месяцаў зноў у сваёй хаце, дый абсталяванай лепш за ранейшую. Не, такі чалавек варты пашаны. Нават і Сымон у сваёй, хоць і кароткай, але гарачай прамове адзначыў гэта:
— Што ж, — казаў Сымон, — што Рыгор выгляду ня мае? Што, пытаюся ў вас, з таго, калі наш паважаны сусед з выгляду як бы й дурань які? Выгляд гэта, кажа, дрэнь, глупства. Другі бывае й выглядам паважны й гэтым за разумнага сябе ўдае, а загадай паміж трох сьвіней зацірку падзяліць — не патрапіць! А Рыгор падзеліць! Ды так падзеліць, што яшчэ й сабе застанецца. Вось у чым сэнс! Вось у чым, кажу, уся навука. Хай жыве Рыгор!
Мы дружна выпілі за Рыгора, таксама й за ягоную жонку, але ў канцы ўсяе справы нашае лагоднае частаваньне ледзь не сапсуў Апанас Дзюрка. Сярод іншых пачастункаў ён неяк згледзеў на стале сьвежаніну і ўспомніў, што ў яго калісь укралі кабана, і што варажбітка паказала на свайго. Гэта ў яго сфармавалася ў пэўную думку, якая й выклікала рэальныя чыны. Ён падняўся, грымнуў кулаком па стале і, хоць не зусім выразна, але досыць станоўка, загадаў:
— Пакіньце жэрці! Мая сьвежаніна! Украў! — і яшчэ раз грымнуў.
Але мы яго хутка супакоілі: нацадзілі ў ягонае чэрава літровую конаўку «ярша», пасьля чаго ён зусім астаўпеў і забыўся ўжо пра ўсё на сьвеце.
Так мы лагодна й скончылі баляваньне.
— Дай Божа так кажнаму пагарэць, як Рыгор, — казаў Загржэмбіцкі, калі мы ўжо разыходзіліся.
31 жніўня. Сяньня жонка сьцягала ў царкву. «Ідзі, кажа, грахі адмольваць, распусьнік». Мабыць, ёй нешта сплялі. Няйначай. Таму я надта й не ўпіраўся. Узяла гэта яна трохі натураю (грошы, кажа, Богу не патрэбныя). Ну й пайшлі. Хто моліцца, а хто й так. Пастаяў гэта я трохі і, як толькі жонка адхінулася спарадкаваць прынесеную натуру, я й сігануў за дзьверы.
Ля царквы народу шчэ больш. Тут я назіраў адну цікавую зьяву, якая мяне пераканала ў тым, што ні ў якой справе нельга быць надта заўзятым. Нейкі былы актыўны бязбожнік у сувязі са зьменаю агульнага кірунку зьмяніў і свае перакананьні й паціснуў зь бязбожнай ячэйкі ды ў панамары. А якаясь цётка расшыфравала ягоны манэр і, згледзеўшы былога бязбожніка каля царквы, счапілася зь ім:
— Прэч, — крычыць, — бязбожнік, прэч адсюль! Не пагань сьвятога месца.
Тут народ зграмадзіўся, цікава ўсім.
— Завошта яго, цётка, гоніш? Што ўкраў?
— Гад, — крычыць, — нядаўна ячэйкай кіраваў, нас цягнуў у бязбожнікі, а цяпер у сьвятое месца лезе. Прэч!
— Няхай лезе, — кажуць людзі, — што табе, цётка, сьвятога месца ня хопіць? Шкада? Можа, чалавек пакаяўся?
Рыжы бязбожнік, якога цётка так упорыста гнала ад царквы, трохі зьбянтэжыўся, але шчэ трымаўся з гонарам:
— А можа я, — кажа, — маскаваўся, калі быў бязбожнікам? І я заўсягды ў Бога ўвяраў!
Справа скончылася тым, што ўпорыстая цётка прагнала-ткі рыжага бязбожніка. І варта: ня трэ быць такім упартым.
1 верасьня. Любоўная праблема ўсё больш хвалюе нашую ваколіцу. На суседняй вуліцы, Берасьцейскай, сяньня муж разыходзіўся з жонкаю, зь якой жыў два гады. Прыйшоў гэта ён забіраць свае рэчы, а жончына сямейка, дасканальна ўзброеная, атакавала яго пры самых дзьвярох. Жонка зь вілкамі, цешча зь мяшалкаю абышлі з флянгаў, а цесьць зь нейкім адмысловым уруччам зайшоў з тылу — узялі, як кажуць, у мяшок ды так пачалі пыл выбіваць, што небарака-наважон ледзь выратаваўся. Прыходзіць ён да новае жонкі ўвесь у сіньцох. Ажна й тут пры самых дзьвярох ваенная застава — не прымае й новая.
— Дзе рэчы? — пытае. — Няма! Ну, то й мяне няма! Мне галадранцаў ня трэба!
Не прыняла. Цяпер мужык ходзіць па суседзях, скардзіцца, асабліва на тое, што новая жонка так празаічна паставіла любоўнае пытаньне:
— Ды я ж, — кажа, — даводзіў, што шчасьце ня ў рэчах, а ў каханьні, а яна й слухаць ня хоча. Ты мне, — кажа, — вады не муці! Прыйдзі з усёй маёмасьцяй, тады й каханьне будзе на ўсе сто дваццаць адсоткаў, а бяз гэтага — вэк! цурык! І дзьвярыма бразгае. Гэта мяне горш за ўсё крыўдзіць, што яна цвыркае. Іскуль яна гэтага навучылася?
І апынуўся цяпер чалавек пры дзьвюх жонках і бяз хаты. Вось палажэньне!
2 верасьня. Рэзалі — дваццаць адно. Рыгор прайграў дзьве тысячы, Дзюрка з паўтысячы. Выйгралі я й Разак.
3 верасьня. Быў у гасьцёх у інжынера Паліханава. Шкадаваў, што пайшоў. Праўда, пачастунак быў адмысловы, але гаспадар мне ледзь душу ня выматаў. Прысукваўся, як з нажом да горла:
— Ну, што будзеш рабіць, як вернуцца? Куды дзенесься?
І так гэта націскае, што быццам ужо й вярнуліся.
— Ды шчэ ж, кажу, не вярнуліся, чаго мне загадзя думаць... А тады нешта скамбіную.
— Не, ты цяпер скажы!
Я хоць і п'яны быў, але патрапіў сплесьці нешта такое двойчы дубальтовае, што й сам не зразумеў.
— Хітры ты, — кажа, — чалавек, — але ўжо больш не прысукваўся. Ад мяне, браток, і ад соннага нічога ня выцягнеш. Дарэмна!
4 верасьня. Ізноў быў на біржы. Дзівакі! Прапануюць ехаць на торф. А навошта мне іхны торф, калі я дроў назапасіў? Атарфянога заработку мне яшчэ ня трэба.
5 верасьня. Прафэсар Наязноў дастаў працу. Хоць і не па спэцыяльнасьці, але тым часам гнуць можна. Хай гне на здароўе. Нашы сілы ўмацоўваюцца!
6 верасьня . Сустрэў Ахрэма Авечку:
— Ну, як, — пытаюся, — жыцьцё?
— А нічога, — кажа, — добра. Ворага сьцігуем памысна.
— А як межы?
— Ну, межы цяпер нашыя напэўна. З захаду нашых падваліла. І хлопцы ўсе — адзін у адзін. Сіла!
Трэ будзе бліжэй падысьці да гэтай сілы ды прыгледзецца да яе. Можа, на што й прыдасца.
7 верасьня. Сымон працуе ўжо. Прымайстраваўся возьнікам да нейкай ці то ўстановы, ці то фабрыкі — не разьбярэш.
— Я й сам добра ня ведаю, што шчэ з гэтага выйдзе. Нешта калупаюцца. Аднаўляць, кажуць, будзем. Хай аднаўляюць. Мне клопат не вялікі: дзьве гадзіны на дзень — і ўся работа, а малясу каню даюць. Знацца, самагонку ў мяне цяпер конь дастае. Наагул добра, бо дырэктар — боўтка. Як толькі расшыфраваў яго, то цяпер раблю што хачу. Прыйду гэта да яго, шапку скіну й грымну: «Гаспадзін Піпікаў!» (яго Піпікам завуць), то што ні прасі — зробіць. Надта любіць, каб гаспадзінам звалі. А мне што, шкада? Ды я цябе хоць чортам, — кажа, — назаву, абы рабіў, што мне трэба. Яму, былому парцейнаму, гэта, можа, і цікава, а мне — пляваць, мне языка не шкада, абы малясу даваў.
Наагул, кажу, каб не было дурных, то разумнаму надта цяжка было б жыць.
8 верасьня. Хадзілі з Сымонам аглядаць гароды. Сымон кажа, што кажную справу трэба пачынаць загадзя, каб пасьля не было мітусьні й хапаніны. Намацалі два ладныя гароды. Былыя гаспадары недзе зьніклі, а бульбы тым часам шмат.
— На булён хопіць, — сказаў Сымон, — абы скварка.
Хутка пачнем капаць.
9 верасьня. А Фэцкі зноў лічыць. Гэтым разам вылічае, калі скончыцца вайна. Паводле ягоных табліцаў выходзіць, што вайна скончыцца, а калі — шчэ не падрахаваў. Нешта ў яго ў інтэгралах заела: атрымліваюцца велічыні то бясконца малыя, то бясконца вялікія, так ён і ня можа схапіць за хвост канца вайны. Сымон раіў, каб ён лавіў гэны канец на дарозе, бо ад вялікага да малога ня так многа.
— Тады ўцэліце ў самы пункт, бо найлепш пераймаць у дарозе. Толькі, — кажа, — лічэце ня надта па-вучонаму, дзе сотня менш, сотня больш — ня мае значэньня. Бо для жывога чалавека часам і год нешта значыць. Я ведаў аднаго чалавека, на Пярэсьпе жыў, які дваццаць год чакаў на спадчыну ад багатага дзеда й не дачакаў аднаго году: дзед перажыў яго на адзінаццаць месяцаў і дваццаць восем дзён. Хіба ж гэта ня крыўда? Вось вы так і лічэце, даражэнькі, каб людзі не пакрыўдзіліся.
А па мне, то хай лічыць, як хоча. Калі скончыцца — для мяне ня мае значэньня.
10 верасьня. Ці то час такі, ці то людзі цяпер такія. Адно — злодзей на злодзеі. Тую бульбу, што мы нагледзелі, — ужо капаюць. Прыходжу сяньня на гарод, а там два дзецюкі шастаюць бульбоўнікам ува ўсе бакі.
— Што гэта, — кажу, — робіце? Хіба прыватную ўласнасьць ужо скасавалі?
— А даўно, — кажуць, — скасавалі. Цяпер усё агульнае. Няма, — кажуць, — ні свайго, ні чужога.
Вось і гавары з такімі! Ледзь прагнаў. Напалохаў урэшце, што жаўнераў паклічу.
Раіліся з Сымонам, што рабіць. Сымон тае думкі, што цяперашнім часам лепш міска дранікаў на стале, чымся асьміна бульбы на гародзе. Трэба заўтра капаць.
12 верасьня. Два дні капалі бульбу, а пад канец неспадзява на зьявіўся гаспадар. Абурыўся — страшэнна. А чаго, каб хто спытаўся?
— Рабаўнікі! — крычыць. — Хто дазволіў!? Зладзейства!— і панес...
Сымон ледзь яго супакоіў.
— Ты чаго, — кажа, — крычыш, чалавеча? Якое зладзейства, калі мы толькі ўсяго таго, што ашукаліся. Тут недзе мае цешчы хаціна стаяла й бульба ейная расла. А калі ўсе нумары пагарэлі, то як можна распазнаць, што цешчына, а што тваё. Сам бачыш, што скрозь толькі коміны стырчаць... А нам чужога ня трэба, — скончыў Сымон. — Забірай сваю бульбу.
Мяшкі два бульбы яму аддалі, бо рэшту мы ўжо перавезьлі дахаты. Страта, ведама, невялікая.
13 верасьня. У беларусаў нічога ня будзе, бо надта ўжо вялікіў іх разнабой. Сяньня быў у Ахрэма Авечкі. Прыйшлі таксама Арыентацкі й Шчыры ды яшчэ нейкі новы, толькі што з Заходняй зьявіўся, зь дзіўным прозьвішчам — Кіндзюк Банадысь. Івось, як толькі зышліся, то адразу й пайшло: хто ў лес, хто па дровы. На адну й тую самую справу кажны глядзіць із сваёй званьніцы. Гутарка йшла пра тое, што ўправу апанавалі чужыя людзі (мяне яны ўважаюць за свайго), а свае па кутох, і якая гэтаму ёсьць прычына. Шчыры вельмі горача насядаў на тое, што яны самі вінаватыя:
— Мы, — крычыць, — стаімо на месцы! Мы сьпімо! Там, дзе трэба дзеяць дружна, мы гуляем у выперадкі! Мы... і г.д. Наогул даводзіў, што яны замала актыўныя.
Авечка на гэта адказаў яму, што ўсё гэта так і ўсё трэба рабіць абавязкова, але як будзе на гэта дазвол.
— Як толькі дазволяць, — скончыў ён, — то мы адразу ўсіх прагонім і пачнем апаноўваць. Абы дазволілі.
Арыентацкі, наадварот, тармазіў абодвух. Ён даводзіў, што трэба рабіць і так, і гэтак.
— Бачыце, — казаў Арыентацкі, — калі на справу кінуць позірк з аднаго боку, то яно выходзіць нібы й так, калі глянуць з другога, то выходзіць якраз наадварот. Значыцца, беручы на ўвагу вышэйпаданыя акалічнасьці, трэба рабіць і так, і гэтак або лепш ні так, ні гэтак, а зусім наадварот.
Дыскусія трывала дзьве гадзіны, але ні да чаго не дамовіліся. Так яно ў іх, відаць, і надалей будзе: як кажуць, што шапка, то й розум.
Сьвежы чалавек, што прыехаў з Заходняй, у гутарцы ўдзелу ня браў. Ці то ён яшчэ слаба арыентуецца, ці яго іншыя пытаньні цікавяць, бо ў часе прамовы Шчырага ў самым гарачым месцы ён у мяне спытаўся:
— А дзе можна ў Менску дастаць дрожджаў?
Гэты, відаць, не тэарэтык, а больш практык.
14 верасьня. Рынак ажывае, але шчэ слабая прапанова, попыт большы. Прапануюць дрожджы й шчоткі, а попыт узрастае на спажыву.
Выменяў на кілё цукру нядрэнныя чаравікі. Хай будуць у запасак. Вайною скура сьцягваецца. Адно дрэнна — няма шчэ ўсталяваных цэнаў. Але дарма — наладзім і гэта, абы не перашкаджалі прыватнай ініцыятыве.
15 верасьня. У Байцова здарылася аварыя. Папаўся на нейкай надзвычайна шыбельнай камбінацыі. Хацеў пабіць сусьветны рэкорд і за тры дні зрабіцца мільянэрам. Але пад канец гэтай амэрыканскай хуткасьці ў машыне штосьці заела, Сымон казаў, што падшыпнікі згарэлі, бо слаба мазаў... Цяпер сядзіць у «бацькавай хаце» й чакае канца справы. А канец, відаць, будзе незайздросны.
16 верасьня.
Жывы чалавек нешта выдумае. Загржэмбіцкі
зноў акрыяў. Праўда, цяжка было, але выкруціўся. А пачаў
зь іголкі, якую зьмяняў на яйка. Пасьля яйка выменяў на
махорку, махорку — на гарох, гарох — на нагавіцы і г. д. Прарабіў
штосьці да дваццацёх
апэрацыяў, пакуль узьбіўся на тры пуды мукі.
А з гэтага ўжо справа пайшла сьлізчэй. Цяпер жыве як сьлед
і гора ня мае.
— Мне, — кажа, — цяпер толькі разгон давай ды не затрымлівай, то я, — кажа, — так пайду ўгору, што й ня згледзіш.
І пойдзе. Бо гэта такі чалавек, які ня будзе друшляком зацірку чэрпаць.
17 верасьня. Разак трапіў у канфузнае палажэньне. Пацеха. Пайшоў да свае красуні, а жонка асачыла ды назіркам. Толькі гэта ён у хату да красуні, ажна тут і жонка ў дзьверы бразгае. Мусіў уцячы на гару, а стуль празь нейкае вузенькае вакенца выкінуўся на гарод. Парваў пінжак і зьвіхнуў руку, як праз платы сігаў. Але прыджгаў да хаты раней за жонку. Шчэ пасьля й на яе сварыўся, як дахаты вярнулася, чаму гэта яна немаведама дзе поўзае.
Жонка, мабыць, здагадалася, але жывога доваду ня мае, а таму й маўчыць.
— Мяне, — хваліцца Разак, — жыўцом ня возьмеш.
Спрытны хлапец, што й казаць. Такі і ў вагні не згарыць.
18 верасьня. Сяньня нечакана трапіў на нейкую нібы літаратурную зборку. Паліханаў завёў. «Хадзем, — кажа, — пазабавісься. Часам бывае надта пацешна». Пайшлі. Людзей сабралася шмат. Тут былі і артысты, і паэты, і музыкі, і аматары, і неаматары. Ну, сьпявалі, гралі, дэклямавалі — хто што мог. Чыталі таксама й свае вершы, як кажуць, собскага вырабу. Мяне гэта найбольш пацешыла, бо гэтага я шчэ ніколі ня чуў. Колькі радкоў з гэных вершаў я нават пасьпеў занатаваць. Прыкладам, адзін верш пачынаўся так:
Скок у будучыню
Засінелі васількамі далі.
Чорнай п'яўкай уецца на балоце гаць.
Як нас капцюрылі, як нас катавалі,
Гэтага пяром не апісаць.
А канчаўся верш наступнымі радкамі:
Салавейка адсьпяваў за гаем,
Срэбны месяц вісьне на сасьне.
Ну а мы — чакаем і чакаем:
Можа, будзе што, а можа, не...
Другі паэта-аматар паморшчыўся на верш першага паэты і, страсянуўшы даўгім валосьсем, пачаў свой:
Нырца ў сусьвет
Усё абсьпявана: ад рэдзькі да выраю.
Што ж цяпер возьмеш, паэт?
Грукну цымбаламі, бразну я ліраю
І закілзаю сусьвет.
І як пачаў кілзаць, як панёс, дык толькі іскры сыпаліся. Урэшце да таго дасьпяваўся, што не відаць было: ці ўсіх нас трэба аддубасіць, ці яму спусьціць порткі ды ўсыпаць так, каб больш ніколі не даваў нырца.
Вось гэта, думаў я, паэзія, вось гэта — хараство! Што б сказаў Пушкін, каб пачуў такое? А Паліханаву вершы спадабаліся.
— Добра, — кажа, — галоўнае — бойкія.
Не, сучасная паэзія мне не даспадобы.
19 верасьня. Сьвет мяняецца, і людзі мяняюцца. Сяньня наглядаў на вуліцы, як два былыя за нешта счапіліся. Насядаюць адзін на аднаго й крычаць:
— Гэта вам ужо мінулася! Годзе! Цяпер новыя парадкі.
І аднаму мінулася й другому мінулася. Цікава, хто зь іх мае рацыю, а хто зь іх адгуляў? Бо, калі абое адгулялі сваё, то чаго цяпер спрачацца? Мабыць, зьбіраюцца гуляць на новы лад абое.
20 верасьня. Што мае пачатак, тое мае й канчатак. Маляс выйшаў. У вытворчасьць мусіў рушыць сапрэлую муку. Разак і гэтым разам пад'яжджаў адносна заказу, але дарма — нічога ня выйграў. Пацячэ міма ягонага носу. Склаў суполку: «Вытворчасьць і разьмеркаваньне». Сымону ня надта спадабалася такая апэрацыя:
— Не ляжыць, — кажа, — у мяне душа да гэтых суполак. Тут немінуча нехта не
