|
WHITERUTHENIAN INSTITUTE OF ARTS AND SCIENCES
PROVERBS OF LAHOJSK
Collected by Adam Varlyha
PUBLISHED BY KRECEUSKI FOUNDATION, INC.
NEW YORK - 1966 — MUNCHEN
БЕЛАРУСКІ ІНСТЫТУТ НАВУКІ Й МАСТАЦТВА
ПРЫКАЗКІ ЛАГОЙШЧЫНЫ
Запісаў Адам Варлыга
ВЫДАНЬНЕ ФУНДАЦЫІ ІМ. ПЕТРЫ КРЭЧЭЎСКАГА
NEW YORK — 1966 — MUNCHEN
ЗЬМЕСТ
P. Максімовіч Беларускія прыказкі
А. Варлыга. Уводнае слова
Прыказкі, прымаўкі, выказы
Прывітаньні й адказы на прывітаньні
Клёнка й лаянка
Загадкі
Р. Максімовіч. Бібліяграфія беларускай парэміяграфіі
БЕЛАРУСКІЯ ПРЫКАЗКІ
У прытчах сукрыта мудрасьць,
як-бы моц у дарагім камені,
і як золата ў зямлі,
і ядро ў варэху.
Франьцішак Скарына , 1517 г.
Прадмова да Кнігі Прысловаў Салямона.
Беларуская народная мова багатая мініятурнымі пэрлінамі вуснага народнага творства, прыказкамі й прымаўкамі, якія надаюць красу, узьлёт і пераконлівую сілу думцы. У народзе заўсёды знаходзяцца. таленавітыя майстры прыказак, што знаюць іх тысячы дый ня мінуць нагоды, каб не падмацаваць імі сказанае, Здараюцца й гэткія мастакі прыказак, што «бяз прымаўкі й цераз парог ня ступяць», а «бяз прыказкі й з лаўкі ня зваляцца», бо «на ўсякую рэч ёсьць прыказка», дый — «бяз прыказкі й не пражывеш на сьвеце».
Багацьце думкі, пры ашчоднасьці словаў, адна зь істотных літаратурных свомасьцяў прыказак. Адзначыў яе ўжо доктар Франыцшак Скарына, калі пісаў, што яны «ў кароткіх словах вялікі й многі розум» выражаюць, дый «больш у сабе сукрытых тайнаў замыкаюць, ніж словамі пішуць». Для кампактнага й яскравага выражэньня думкі ў прыказках шырака тарнуюцца мэтафары, алегорыі, гіпэрбалі, аналёгіі, супроцьстаўленьні, недаказы, і шмат іншых літаратурных прыёмаў. Да гэтага — для складнага вымаўляньня, лёгкага ўспрыйманьня й лепшага захаваньня ў памяці, — прыказкі часта надзеленыя рытмічным ладам дый багата закрашаныя пачатнымі, нутранымі й канцавымі рымамі й сугуччамі. Прыказкі й прымаўкі вельмі важны элемэнт гутарковае мовы. Дзякуючы прыказцы думка, спасьцярога ці дазнаньне, выказваецца коратка, дасадна, аўтарытэтна. Удалая прыказка ўражае, задзіўляе й пераконвае дасьціпнаю вастрынёй выказанае думкі, падкуплівае красою мастацкае формы.
Прыказкі — люстра спрадвечнае народнае мудрасьці, бо-ж «ня дурань здумаў прыказку». I прыказкі, і прымаўкі старавечныя як народ і ягоная мова. У ходзе быту й жыцьцёвых падзеяў прыказкі зараджаюцца, пераходзяць з вуснаў у вусны, шліфуюцца, дасканаляцца, перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне, вандруюць далёка за межы грамады, краю, а часта й народу, бо ўдалую прыказку пераймаюць ахвотна й у суседнюю мову.
У прыказках адлюстраваны шырака быт народу, жыцьцё сям'і й грамады, традыцыйны маральны й прававы лад, вера, перакананьні, сьветагляд, філязофія народу. У прыказках адбітак жыцьця такім, якім яно ёсьць, без ідэялізацыі й прыкрасаў. Прыказкі — творы найперш быстрага, уніклівага розуму, а не пачуцьця, і лірыкі ў іх ня шмат.
Прыказкамі перасьцерагаюць, раяць і павучаюць. Імі хваляць і ганяць, сунімаюць і суцяшаюць. Прыказкамі ўпікаюць і дакараюць, данімаюць і дадзяюць, пагражаюць і палохаюць. Сіла прыказак у тым, што за імі аўтарытэт грамады, агулу, усяго народу. У іх — мудрасьць дазнаньня пакаленьняў. На прыказках сьляды гістарычных і дагістарычных справаў, падзеяў і цэлых эпохаў. У іх рэха ўдачаў і славы народу, ягонага упадку, няволі й нядолі. Прыказкамі строга кляймуюцца сацыяльныя й нацыянальныя крыўдзіцелі. У іх востры асуд несправедлівасьцяў грамадзкага ладу, нацыянальнага ўціску, каляніяльнага вызыску.
Што гістарычна-палітычныя перамены ў жыцьці народу знаходзяць хутка свой яскравы адбітак і ў прыказках, відаць гэта добра із запісаў Валадзімера Даля. Даль у першай палове XIX стагодзьдзя сабраў каля 30 000 расейскіх прыказак. Запісаў ён адначасна й шмат прыказак нерасейскіх народаў імпэрыі, а між імі й многа беларускіх. У ягоных запісах шмат прыказак у якіх падбітыя Масквою народы кляймуюць бязьлітасна ненасытную яе захопнасьць. Вось колькі гэткіх прыказак із зборніка Даля: «Масква сьлёзам ня верыць», «Масквы не расквеліш», «Масква па нашых бедах ня плача», «Жыві, жыві, рабята, пакуль Масква не праведала», «Ад маскаля хоць полы абрэж дый бяжы», «Ад чорта адхрысьцішся, а ад маскаля й дубінай не адаб'ешся», «Тату, тату, лезе чорт у хату! — Дарма, сынку, абы не маскаль» 1.
Вось гэткія прыказкі, і шмат ім падобных, былі запісаныя й у Беларусі, беларускімі этнографамі ХІХ-ХХ стагодзьдзяў. Некаторыя зь іх трапілі й у гэты зборнік (прыкладам 750, 751). Свой шырокі адбітак у народных прыказках знайшла узко й сучасная гістарычная запраўднасьць, разам з новай, савецкай, формай каляніяльнага панаваньня Москвы над беларускім народам, Асабліва востры народны асуд у іх прыгоннага калгаснага ладу. Прыказак падсавецкае пары ў народзе цяпер тысячы. Некаторыя зь іх адцемленыя ўжо й у гэтым зборніку (прыкладам 66, 87, 876, 1413, 1543).
Хоць прыказка зараджаецца ў жывой народнай мове й іх аўтар — народ, дый зь сялянскіх хат яны заўсёды знаходзілі шлях і ў баярскія дый магнацкія палацы, а навет і ў княжыя харомы. Зь летапісаў, для прыкладу, ведама, што вялікі князь Ягайла асьцярожную тактыку свае дыпляматыі любіў падмацоўваць беларускай прыказкай «Богу служы й чорта не гняві». Знаў і любіў беларускія прыказкі й Ягайлаў сын, вялікі князь Казімер Ягайлавіч. Калі раз загадаў ён каваць зброю й яўна ў вялікім сакрэце рыхтаваўся да ваеннага паходу, а у яго нехта пытаўся, супроць каго гэта будзе вайна, Казімер Ягайлавіч адказваў беларускай прыказкай: «Каб мая сарочка знала, то-б я яе зжог!»
У 1621 годзе ў Малдавіі, на палёх Хаціма, насупроць вялікіх арміяў турэцкага султана сталі злучаныя войскі Літвы й Польшчы. Галоўным гэтманам над усім войскам Рэчы паспалітае, дзеля веку, павагі, ваеннага дазнаньня й славы, быў назначаны вялікі гэтман літоўскі Ян Кароль Хадкевіч. Летапіс паходу адцемлівае, што калі раз гэтман Хадкевіч аб'яжджаў і аглядаў сваё войска, а жаўнеры пачалі выпытваць у яго, ці праўда, што туркаў вельмі шмат, звыш поўміліёна, дык гэтман, стукнуўшы рукой па шаблі, адказаў: «Гэтая іх палічыць!» Калі-ж жаўнеры далей дапытваліся, ці праўда, што турэцкі султан вельмі-ж ліхі й люты, Хадкевіч адказаў на гэта беларускай прыказкай: «Сярдзіты сабака ваўком страва!».
Дзеля сваіх высокіх мастацкіх якасьцяў народныя прыказкі пранікалі й у творы старое беларускае пісменнасьці ад самых зачаткаў яе зараджэньня. Зьяўляліся яны, як відаць ужо з вышэй пададзеных прыкладаў, найперш у летапісах, далей у граматах-лістох, а таксама ў казаньнях і пасланьнях літаратуры рэлігійнай. Густа народнымі прыказкамі ў сваіх водпісах-лістох сыпаў ведамы аршанскі стараста, пазьнейшы сэнатар і ваявода смаленскі, Філон Кміта Чарнабыльскі. У ягоных «водпісах» 1573-1574 год сустрэнем гэткія прыказкі: «Баба на двое варажыла», «Калі тапілі — тапор давалі, а выплыўшы — ні тапарышча», «Як даробіцца ліха, прарэжуцца й зубы», «I кашы не хачу, і па ваду ня іду», «Ажогшыся на малацэ велена на ваду дуць».
Прыказкамі асабліва густа перасыпаныя творы сатырычна-палітычнага жанру старое беларускае літаратуры, як ведамая «Прамова Мялешкі» першае паловы XVII стагодзьдзя, ці «Ліст да Абуховіча» 1655 году. Прыказкі ў «Прамове Мялешкі» - «Праўдаю як сольлю ў вочы кідывалі», «Хоць наша костка, аднак сабачым мясам абрасла й ваняець», «Іх і зублём ня выкурылі», «Сівізна ў барадзе, а чорт у лядзьвях за поясам». Прыклады прыказак з «Ліста да Абуховіча»: «Уваляўся ў славу, як сьвіньня ў гразь», «Упаў у новым кажусе ў густое балота», «У срамоце сядзіць як дзяцял у дупле», «Кудзеля — жаноцкая рэч», «Калі чалавек надта кусіць — і пастагнаць мусіць, і хвасту бывае непакой».
Здольны аўтар сатырычнага «Ліста да Абуховіча» быў і сам тварцом прыказкі. Выражэньне зь ягонага ліста «Лепей было, пане Піліпе, сядзеці табе ў Ліпе», здабыло папулярнасьць, пашло ў гутарковы абыход, стала агульна ведамаю гістарычнаю прыказкай, якую можна было пачуць у Беларусі яшчэ й у першай палове мінулага стагодзьдзя. Папулярнаю ў сваю пару ў Беларусі была й на паўтара стагодзьдзя старэйшая гістарычная прыказка «Кароль даў, Гаштаўт узяў».
Даволі рана зьявіўся й першы друкаваны зборнік беларускіх народных прыказак. Склаў гэты зборнік і ў 1618 годзе ў Любчы над Нёмнам выдаў Салямон Рысінскі, што паходзіў ці не з Рысіна каля Клімавічаў у Магілёўшчыне. У гэтым зборніку звыш 1800 прыказак. Паколькі сацыяльныя вярхі й інтэлігенцыя Беларусі ў тую пару моўна пачала ўжо палянізавацца, дык і Рысінскі сабраныя беларускія прыказкі ў сваім зборніку даў у польскім, часта няўдалым, перакладзе. Дадаў да іх Рысінскі й некаторы лік запраўдных польскіх прыказак.
Вельмі цікавы любчанскі зборнік Рысінскага тым, што ягоны ўкладальнік, як чалавек шырака адукаваны, побач шмат прыказак даў і іхныя адпаведнікі ў мове лацінскай зь літаратуры сусьветнай. Палацінску Рысінскі прыводзіць прыказкі й афарызмы з кнігаў Бібліі, з твораў клясыкаў грэцкае й рымскае літаратураў, твораў заходняэўрапейскіх пісьменьнікаў, прыказкі італьянскія, гішпанскія. У зборніку прыказкі супастаўленыя з прыказкамі й афарызмамі звыш пяцідзесяці аўтараў і крыніц сусьветнае літаратуры. 3 гэтага гледзішча гэта адзіны зборнік беларускіх прыказак, роўнага, ці хоць падобнага якому, дагэтуль не зьявілася.
Незважаючы на даволі раньні, дадзены Рысінскім, пачатак, сыстэматычнае запісваньне беларускіх народных прыказак пачалося толькі каля паловы мінулага стагодзьдзя разам із шпаркім тады разьвіцьцём беларускае этнаграфіі. Запісаныя янічэ ў XVIII стагодзьдзі, у годзе 1776, В. Загорскім 316 беларускіх прыказак, ляжаць недрукаваныя ў віленскім архіве й дагэтуль. У XIX стагодзьдзі было надрукаваных колькідзесят большых і меншых запісаў беларускіх прыказак, а між імі запісы Рыпінскага, Чачота, Тышкевіча, Шпілеўскага, Насовіча, Карловіча, Дыбоўскага, Раманава, Шэйна, Арэшчыхі, Ляцкага, Дабравольскага.
Найбольшы зборнік беларускіх прыказак — зборнік Міхала Фэдэроўскага — выдадзены быў толькі ў 1935 годзе, хоць матар'ялы да яго зьбіраліся й запісваліся ў вапошняй чверці XIX стагодзьдзя дый на пачатку стагодзьдзя ХХ-га. Зборнік Фэдэроўскага дае каля 10 000 прыказак і прымавак. 2 Другі па вялічыні, гэта Зборнік прыказак Насовіча 1874 году. У ім звыіп 3 700 прыказак. 3 Трэці, смаленскі Дабравольскага 1894 году, дзе прыказак звыш 3 500.4 Чацьверты Ляцкага 1898 году, дзе звыш 2 000 прыказак. 5 Ня ўзятыя тут на ўвагу зборнікі прыказак выдадзеныя апошнімі гадамі ў Менску Ф. Янкоўскім і Я. Рапановічам, паколькі яны складзеныя пераважна не на падставе новых арыгінальных запісаў, а кампіляваныя з запісаў папярэдніх зьбіральнікаў. Прыказкі да гэтых зборнікаў, прытым, падабраныя з ар'ентацыяй на партыйна-прапагандныя вымаганьні сучаснага расейскага савецкага рэжыму ў Беларусі.
Калі, дзякуючы рупнай, ахвярнай працы этнографаў-зьбіральнікаў, галоўна XIX стагодзьдзя, зборы публікаваных запісаў беларускіх прыказак сваім лікам даволі паважныя й беларуская парэміяграфія сяньня ўжо даволі багатая, дык адначасна трэба прызнаць, што навуковае вывучэньне гэтых прыказак — беларуская парэміялёгія — тымчасам яшчэ ў пялёнках.
Друкаваны гэтта зборнік запісу спадара Адама Варлыгі абыймае звыш 1 700 прыказак. Па ліку прыказак ён пяты з чаргі, пасьля зборнікаў Фэдэроўскага, Насовіча, Дабравольскага, Ляцкага. Апрача прыказак у ім дадзены 32 прывітаньні, 79 клёнак, 108 загадак. Да прыказак зьбіраньнік даў і свае паясьненьні, што раскрываюць адно, ці колькі значэньняў, у якіх паасобныя прыказкі ўжываюцца. Асабліва каштоўнае тое, што сп. Варлыга часта «кажа казку з прыказкай» — дае паясьненьне паходжаньня тых прыказак і прымавак, што выводзяцца ад казак, жартаў, анэкдотаў, дый прыводзіць разам і тэксты гэтых анэкдотаў -казак.
Тэрытар'яльна зарэгістраваныя ў зборніку прыказкі паходзяць з Лагойшчыны, што знаходзіцца на паўночным усходзе ад Менску. Дык гэта прыказкі цэнтральнае Беларусі й дзеля гэтага гэты зборнік добра дапаўняе два большыя папярэднія зборнікі — Фэдэроўскага й Насовіча, — першы зь якіх дае прыказкі найперш з заходніх земляў Беларусь, другі-ж — з усходніх. Усе запісы робленыя зьбіраньнікам пасьля 1945 году, з памяці, з пачутага ў Лагойшчыне ў гадох 1897-1930.
Выключная важнасьць і цікавасьць зборніка тая, што ў ім зарэгістраваныя ўжо й некаторыя прыказкі падсавецкае пары, у якіх адбітак вострага народнага асуду панаваньня савецкае Масквы. Адцеміць трэба таксама, што гэта адзіны большы зборнік беларускіх прыказак даступны сяньня для шырэйшага кола чытачоў у краёх вольнага сьвету. Каштоўныя запісы прыказак Лявона Вітан-Дубейкаўскага, друкаваныя ў 1954 годзе, куды сьціплейшыя лікам пададзеных у іх прыказак. Усіх там 600 прыказак 6.
Каштоўны зборнік А. Варлыгі й сваімі загадкамі. З раней друкаваных запісаў беларускіх загадак у 4-м томе «Lud Bialoruski» Фэдэроўскага ёсьць іх 520. Куды больш надрукаваў іх другі выдатны беларускі этнограф — Аўдакім Раманаў. Толькі ў першым томе ягонага «Беларускага зборніка» памешчана 453 загадка, 7 а ўва ўсіх этнаграфічных публікацыях Раманава надрукавана звыш 1 300 загадак запісу ці яго самога, ці іншых зьбіральнікаў. Куды сьціплейшыя лікам сваіх загадак запісы XIX стагодзьдзя П. Шэйна (146), Насовіча (130), Л. Васілеўскага (128) дый шмат іншых.
Загадка, ці заганка, гэта замыславата й дасьціпна складзенае пытаньне, што вымагае ад слухача адказу, адгадкі. Калі прыказка, гэта закончаны ў сабе твор, з гатовым аўтарытэтным выснавам, дык значэньне загадкі заўсёды й знарок сукрытае — да яго трэба дадумацца, яго знайсьці, загадку трэба адгадацъ. З боку формы, дзеля свае афарыстычнай кампактнасьці, загадкі блізкія прыказкам. Галоўны прыём мастацкага ў іх выражэньня мэтафара. Задуманая ў загадцы рэч выражаецца нейкай іншай, хоць заўсёды гэткаю, што — хай сабе й вельмі далёка — нечым яе нагадвае, нечым да яе падобная. Загадкі, як і прыказкі, часта закрашаныя й гукавымі прыёмамі — рымамі, сугуччамі, асанацыямі, дый надзеленыя бойкім рытмічным ладам. Дзякуючы мастацкаму майстэрству загадак іх лёгка ўспрымаць, запамятаваць, а ў патрэбе — паўтарыць.
Калі прыказкам у гутарковай мове няма межаў што да часу іх ужываньня, дык загадкі загадваюць толькі ў адпаведную на гэта, найчасьцей сьвяточную, ці іншую вольную ад працы й заняткаў, пару. Асабліва любяць загадкі дзеці й загадкамі старэйшыя часта іх забаўляюць. Дзеля сваіх пэдагагічных якасьцяў загадкі, як і прыказкі, пераймаюць і ў школьныя падручнікі дый дзіцячыя кніжкі. Ёсьць, аднак-жа, загадкі, што зразумелыя й цікавыя толькі дарослым. Для жарту й уцехі старэйшыя любяць часам загадаць сабранай на ігрышчы моладзі й загадкі двусэнсавага, жартаўліва-эратычнага, значэньня.
Загадкі гэткія-ж старавечныя як і прыказкі. Ведамыя шматлікія прыклады пробы людзкое мудрасьці загадкамі ў міталёгіі й літаратуры народаў антычнага сьвету. Двубой герояў казак загадкамі — часты сюжэт і ў беларускім вусным народным творстве. Імі выпрабоўваюць розум і дасужасьць герояў казак, а трапная адгадка ратуе няраз ад сьмяротнае небясьпекі.
У загадках, як і ў прыказках, багаты адбітак навакольнага, найперш сялянскага, жыцьця й быту. Чалавек, сям'я, хатнія рэчы, гаспадарская снасьць і праца, расьлінны й зьвярыны сьвет, поры дня й году, зьявы прыроды, вада, агонь, вецер, гром, сонца, зоры, месяц, — вось тая навакольная рэчаіснасьць, што мае свой багаты адбітак у загадках беларускага народу.
На шмат загадках сьляды далёкіх мінулых эпохаў гісторыі. Знойдзем у іх адбіткі й старавечных народных вераваньняў, першабытнага сьветагляду. Часта выражаная ў іх проста й яскрава й патрыятычнае пачуцьцё народу, як у загадцы запісанай у вапошняй чверці мінулага стагодзьдзя М. Фэдэроўскім: Было сьвятое й будзе сьвятое, а ў небе ня было й ня будзе? Адгадка: Бацькаўшчына, зямелька родная.8
Гэты зборнік прыказак мае ня толькі строга навуковую — найперш для этнографаў і моваведаў, — але й шырэйшую практычную вагу й цікавасьць, як карысны падручны даведнік для беларускіх настаўнікаў, пісьменьнікаў, публіцыстых, дый усіх іншых працаўнікоў слова й пяра. Бясспрэчна, што й навуковыя, і практычныя вартасьці зборніка не часовыя, пераходныя, а трывалкія. Ён паважна ўзбагачае дасюлешнія зборы беларускае парэміяграфіі. За гэта збіраньніку належыцца глыбокая ўдзячнасьць, і найперш ад усіх тых, каму давядзецца, зь вялікім для сябе пажыткам, карыстацца з гэтых, рупліва запісаных і ад загіну для будучых пакаленьняў захаваных, скарбаў вуснага творства беларускага народу.
Ню Ёрк, травень 1966 г.
P. Максімовіч
Прыказкі й асаблівыя выказы з Лагойшчыны ў Меншчыне
(Уводнае слова)
Гэты зборнік народных прыказак паўстаў як-бы выпадкова. Праўда, укладальнік ужо ў далёкія мінулыя гады зьвяртаў увагу на нашы сялянскія сьціплыя прыказкі, дзе колькімі спрытнымі словамі выказваецца глыбокая думка. У гады маленства й юнацтва даводзілася чуць ад старэйшых людзей нашай вёскі, а найболей ад бацькоў, шмат прыказак. Бацька перад паважнай прыказкай часта прымаўляў: «Ня дурань здумаў прыказку». Але навет у міжваенныя гады зьбіральнік яшчэ ня думаў аб запісваньні пачутага, бо ўважаў, што гэта справа этнографаў. І гэткім чынам шмат прыказак і прымавак, што ён чуў у сваёй маладосьці, з гадамі зьнікла з памяці бязь сьледу.
Склалася гэтак, што ў першае паваеннае лета, у 1945 годзе, ня было ніякіх заняткаў ні працы, дык знашлося шмат вольнага часу на ўспаміны пра маленства, пра блізкіх ды родных. Тады, вось, стала ўсплываць у памяці й іхная гутарка з прыказкамі й прымаўкамі. Тады зьявілася й думка запісваць прыказкі для самога сябе. За тое лета прыказак сабралася колькі сотак. Але й у далейшыя часы дзень-ада-дня, год-ад-году лік прыказак рос і рос. I гэткім чынам за год дзесяць назьбіралася іх болей за паўтары тысячы.
Пазьней, перачытваючы й спраўджаючы запісанае, у зьбіральніка зьявіўся сумлеў: Ці будзе зразумелым сэнс гэтых прыказак іншым асобам, калі яны прачытаюць іх адарвана ад жывой гутаркі? I, вось, тады прышло на думку, каб да кажнай прыказкі даць кароткае паясьненьне, ці запісаць, пры якіх выпадках яе ўжываюць, або ўспомніць тую байку-жарт, зь якой яна выводзіцца. Вось, гэткім чынам і склаўся гэты сьціплы зборнік прыказак, які тут і маем.
Адам Варлыга
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ, ВЫКАЗЫ
А
1. Абадранцы пусьціліся ў танцы. У простым сэньсе гэтак прыказваюць тым, што ў непрызваітым выглядзе выступаюць перад людзьмі. Гэтак-жа прыказваюць людзям, якія бяруцца за справу, да якое непадрыхтаваныя й няздольныя.
2. Аб воўну памоўка, а воўк тут. Прыказваюць, калі ў гутарцы некага ўспамінаюць, а ён у гэты час зьяўляецца.
3. Абедаў, абедаў, а жывот ня ведаў. 1) Гэтымі словамі гаспадары перапрашаюць гасьця ці робяць яму вымову, што ён хоць доўга сядзеў за сталом пры ядзе, а страва ўся цэлая. 2) Гэтымі словамі работнік наракае на гаспадара, калі ён хоць і доўга сядзеў за сталом пры абедзе, але галодны,бо ежа была або няпрыгодная, або яе было мала.
4. Абіваць парогі. Часта да некага хадзіць і надакучаць гаспадару.
5. Абіцаная шапка на вушы ня лезя. Гэтак упікаюць таму, які шмат абяцаў за аказаную дапамогу, але нічога ня даў.
6. Абіцанка-цацанка, а дурному радасьць. 1) Гэтак высьмейваюць паслухмянага, наіўнага чалавека, што вера абяцанкам ліхвяра-ашуканца. 2) Гэтак прыказвае ашуканы чалавек, калі ашуканец не аддае, што вінаваты, а цеша абяцанкамі.
7. Аблізаў таўкач. Гэтак высьмейваюць таго дзяцюка, які езьдзіў да дзеўкі ў сваты, ды дзеўка адмовілася выйсьці за яго замуж.
8. Або іграй, або грошы аддай. Гэткія патрабаваньні ставяць да таго, хто ўзяў наперад плату, ды ня хоча выконваць умоўленай работы.
9. Або пан, або прапаў. Гэтак прыказвае той, хто рыхтуецца да рызыкоўнага чыну. Калі чын удасца, дык будзе ў павазе, славе й багацьці: будзе панам, а калі ня ўдасца, дык загіне, прападзе.
10. Або сена клок, або вілкамі ў бок. Тут у простым сэньсе гаворыцца аб быку. Гэтак прыказваюць таму, хто рыхтуецца да рызыкоўнага чыну з малой выгранкай.
11. Абоя — рабоя. Гэтымі словамі робяць параўнаньне, калі абое роўныя, адзін варты другога.
12. А братачка мой, зьела сучка лой. Жартаўлівая гульня словаў. Гэтак прыказваюць, каб перабіць пустую гутарку.
13. Аб свайго гаварыць — галава баліць. Гэтак наракае той, хто мае блізкіх з радні людзей, якія дрэнна сябе паводзяць і гэтым зьнеслаўляюць усю радню.
14. Абсьліненая ваўком авечка ў лес бяжыць. Былі такія назіраньні, штокалі воўк злове авечку ды нясе ў лес і зь перапуду кіне яе ды ўцякае, дыкяна не варочаецца да стада, але па сваёй авечай дурноце бяжыць у лес за ваўком. Гэтак прыказваюць тады, калі нехта збаламучаны сваім ворагам-злачынцам, ідзе за ім на сваю пэўную загубу. Гэтак кажуць і аб тых,што ідуць навосьлеп за ворагамі-чужынцамі на сваю нацыянальную загубу.
15. Абуў у лапці. Прыказваюць, калі нехта моцна ашукаў.
16. Абхадзіў туркі-баркі й воўча балотца. Прыказвае той, хто шмат хадзіў, нечага шукаючы ці прапытваючы.
17. Абы была галава на карку. Прыказваюць таму, калі нехта бядуе,што таго ці іншага не хапае, бо калі будзе галава на карку, дык з часам усё набудзе.
18. Абы біда, а грашы будуць. Гэтак прыказваюць, калі неўспадзеўкі на беднага чалавека звалілася бяда й патрэбныя грошы, бо ён або нешта патрэбнае прадасьць, або пазыча, але грошы дабудзе.
19. Абы біда, а шыя будзя. Прыказваюць, калі навальваецца бяда на грамаду, бо яна калі не аднаго, дык другога прыдуша. Прыклады: Калі воўк нападзе на вясковыя авечкі, дык нейкую авечку панясе. Або, калі з Райкому прыйдзе загад: «Даць з кажнага калгасу па сям'і для высылкі на Далёкі Усход» — дык тую ці іншую сям'ю зь вёскі хопяць.
20. Ад Бога грэх і ад людзей сьмех. Гэтак наракае чалавек сам на сябе, калі зрабіў нейкі праступак праз сваю сваволю.
21. Адвага або мёд п'е, або кайданы трэ. Калі адважны чын удасца, дык чалавек будзе раскашавацца ў шчасьці, калі-ж ня ўдасца, дык загіне ў кайданох.
22. Адвага й гарады бярэ. Толькі адважны можа лічыць на удачу.
23. Адвага ні зьнівага. Адвага заўсёды добрая прыкмета чалавечага характару.
24. Адважны ні баіцца ніўдачы. Адважны заўсёды пэўны ў сваёй перамозе.
25. Адважны — пан важны. Адважнага паважаюць ня толькі ягоныя прыяцелі, але й ворагі.
26. Адважны п'е мёд, а раздум ваду. Людзі адважныя, сьмелае рызыкі, звычайна жывуць у дастатку, а разважлівыя найчасьцей бедна, бо мала дзеюць.
27. Ад вастрогу й ад торбы ні адмовішся. I нявінны можа папасьці ў вастрог і кажны можа зьбяднець ды стацца ўбогім.
28. Ад Грамніцаў зімы траціна, а да хлеба палавіна. Сялянская заўвага.Ад Грамніцаў, 2-га лютага, застаецца зімы адзін месяц, але да новага хлеба трэба чакаць паўгода, бо толькі ў жніўні бывае новы хлеб.
29. Адзін вырай вясны ня робя. Першая навіна можа быць і хвальшывай. Лепш пачакаць і паглядзець, ці яна спраўдзіцца.
30. Адзін дасуж ды нядуж. Хоць адзін і можа абдумаць добра справу,але часта ня ў сілах зрабіць вялікае работы.
31. Адзін з сошкай, а сямёра з ложкай. Прыказваецца, калі аднаму працаўніку трэба пракарміць шмат дармаедаў або вялікую непрацаздольную сям'ю.
32. Адзін і хлеб прыедліў. Адно й тое самае, хоць і найлешнае, можа надакучыць, як і сам хлеб бязь іншай яды.
33. Адзін сказаў на глум, а другі бярэ на вум. Ня трэба захапляцца чужымі, хай сабе й прыгожымі словамі, а трэба іх пераўзважыць сваім розумам, ці няма ў іх нейкага кепства ці хітрасьці.
34. Адзін хоць зьеж вала — усё адна хвала. Толькі гасьціннасьць і сяброўства дае чалавеку пашану й славу, скупасьць-жа й зайздрасьць паніжае.
35. Ад капусты ногі клусты. Паводля сялянскага разважаньня капуста самая пажыўная й сытная ежа, калі да яе дадаць хлеб і сала.
36. Адклад ня йдзе ў лад. Перасьцярога-рада не адкладаць работы ці справы на пазьней.
37. Адкроіная ськібка ні прыліпня. Прыказваюць, калі аддадзеная замуж дачка хоча вярнуцца да свайго бацькі. Як ськібка ня можа прырасьці да булкі хлеба, гэтак і замужняя дачка ня можа вярнуцца да бацькавай сям'і й стацца ізноў семянінам.
38. Ад летка да летка чакай, мае дзетка. Прыказваюць, калі тэрміновую справу суляць адкласьці на неазначаны час.
39. Ад ліха ціха, алі й дабра німа. Жартаўлівы адказ, калі пытаюцца аб жыцьці, аб навінах.
40. Ад Міколы правая зіма й правая лета. Сялянская заўвага аб тым,што запраўдная зіма пачынаецца ад зімовай Міколы, 6 сьнежня, а лета ад Міколы веснавой, 9 траўня.
41. Адна біда да чалавека ні прыходзя, а па колькі разам. Перакананьне,што адна бяда ў чалавека часта выклікае іншыя беды.
42. Адна варона з куста, а сем на куст. Калі адзін чалавек зьляціць з прыбытковай пасады, дык на ягонае месца зьяўляецца сем новых ахвотнікаў.
43. Адна галава на карку. Гэтак прыказваюць-разважаюць чалавека, які наракае на сваю беднасьць, бо мае ўсяго нейкую адну рэч ці жывёліну.
44. Адна кашуля на мне, а другая ў кубля на дне. Гэтак прыказваюць аб небагатым, але дбайным чалавеку, які не дапускаецца да аднэй кашулі, але мае заўсёды другую ў запасе.
45. Аднаму й у кашы няспорна. Аднаму спору ў працы няма, як няма й у ядзе.
46. Адна паршывая авечка ўсё стада паскудзя. Прыказваюць, калі адзін благі чалавек зьнеслаўляе ўсю сям'ю ці грамаду.
47. Ад напасьці ні прапасьці. Прыказваецца калі на нявіннага чалавека ўзложаць напасьць, бо ня трэба тады ўдавацца ў роспач, але напасьць мужна пераносіць і ад яе бараніцца.
48. Адно вока й тоя спаць хоча. Аб нядбайным гаспадару, у якога ёсьць усяго адна нейкая рэч ці жывая істота, але й яе трэба дагледзіць. Прыкладам, ёсьць адно дзіця, якое трэба добра выхаваць і навучыць.
49. Аднолькава, браця, гініш, дык аддай мне й канаплініц. Калі бедны чалавек гіне, дык ягоны багацейшы сусед ня толькі яму не памагае ў бядзе,але хоча загарнуць і апошнюю маёмасьць. Канаплінец — месца, дзе сеюць каноплі, звычайна найлепшая ў гаспадарцы зямля.
50. Аднолькава разбрахаўся, дык аб кроены папытаўся. Аб гаварлівым чалавеку, які перапрашае, што памыліўся ў гутарцы, ці сказаў непатрэбнае слова. Талковы мужчына не павінен гаварыць аб жаночых справах, кросны-ж — жаночая работа.
51. Адно права праў. Рабі адну работу. Прыказваюць, калі нехта за колькі работ зразу бярэцца. Прыклад: «Ты, хлопец, адно права праў — калі ясі, дык еш, а не — вылазь з-за стала ды чытай».
52. Адну авечку стрыгуць, а сем трасецца. Прыказваюць, калі на аднаго зь вёскі спадзе раптоўная бяда, якая можа зваліцца й на кажнага іншага.Прыкладам, адну сям'ю апісалі й вывозяць на высылку, а ўся вёска дрыжыць ад страху, бо ўжо заўтра гэта~ж можа здарыцца з кажным іншым.
53. Адну дзірку ладзь, а другая там-жа глядзь. Старой благой рэчы ня варта ладзіць, бо не аплаціцца.
54. Адных бацькоў дзеці ды няроўныя. Прыказваюць, калі родныя браты маюць розныя характары ці розныя пагляды.
55. Аднэй маткі дзеткі ды ніаднолькавыя песьні пяюць. Хоць і аднаго краю людзі, але маюць розныя перакананьні.
56. Ад пекла адарваўся й да раю ні дастаўся. Аб тым, хто з благога месца вырваўся, але й у добрае ня змог папасьці.
57. Адпёк пірагі. Прыказвае той, хто адпомсьціўся за сваю крыўду.
58. Адрыгнуцца ваўку авяччы сьлёзы. Прыйдзе час, калі й дэспаты будуць пакараны за свае злачынствы.
59. Ад работы і коні дохнуць. Гэтак прыказвае гультай, калі яго прымушаюць да работы.
60. Ад роднага таткі дорагі й латкі. Ня толькі тая спадчына дарагая ад блізкога чалавека, якая мае матар'яльную каштоўнасьць, але яшчэ даражэйшаю можа быць тая, што хавае ў сабе дарагі ўспамін аб блізкой асобе.
61. Ад сьмерці рук ні падложыш. Гэтак разважаюць таго чалавека, у каго памерла блізкая асоба.
62. Ад сьніткі ногі як ніткі. Гэтак прыказвалі даўней, калі раньняй вясной варылі мяцьва з травы сьніткі, зь якога целу ня было пажытку.
63. Ад таго мы пагалелі, што соладка пілі й елі. Часта людзей да беднасьці прыводзіць п'янства й смачная ежа.
64. Ад хатняга злодзія ні ўсьціражэшся. Прыказваецца тады, калі нехта жыве з злодзеям.
65. Ад цяплосьці ні баляць косьці. Прыказваюць найчасьцей старыя, калі маладыя ім прытыкаюць, што духата ў хаце, або калі стары надта цёпла адзеўся.
66. А ён будзя казаць. "Чаму ты, Бронька, у калгас ня йдзеш? — запытаўся камсамолец. А Бронька будзе казаць: — Я лепі ў возеры ваду замучу (знача — утаплюся), як у калгас іці».
67. А ён свае права правя. Прыказваюць, калі нехта ня слухае ні заўвагаў, ні перасьцярогаў, а робе тое самае, што й рабіў.
68. Ай, Гвалт! Жыды Мэндаля б'юць! Гэтак усклікаюць, калі пачуюць нязвычайную сьмешную навіну.
69. Аж вочы на лоб лезуць. Прыказваецца пры падыманьні нечага цяжкога.
70. Аж вушы вянуць. Прыказваюць, калі нехта пры грамадзе бяз сораму выказвае брыдотныя словы, а таксама калі чуецца дакучлівы плач.
71. Аж зімля стогня. Прыказваюць пры гарматняй страляніне ці грымотах.
72. А касьнік вісіць? А дзяцюк глядзіць? Гэтак жартуюць, калі дзяўчына доўга прыбіраецца перад люстэркам.
73. Але! Паехаў на вале. Гэтак жыхары нашай ваколіцы прыказваюць жыхаром суседняй Гаенскай ваколіцы, калі пачуюць, што тыя патакаюць словам «Але!», бо ў нашай ваколіцы патакаюць словам «Ага-».
74. А мой-жа ты ціляпень, ня бі мяне цяпер. Я жыла, ні была, і памру, нінайду. Гэтак прыказваюць, калі мала бывалы чалавек спалохаецца новага вынаходу — аўтамашыны, радыя ці чаго іншага. Паходзе гэта з казкі: Старая баба прышла першы раз да царквы ды стала пад званіцай. Калі звон над галавой зазваніў, яна спужалася звону й гэткімі словамі ў яго прасілася.
75. А наш андрэй за ўсіх мудрэй. Гэтак прыказваюць на пахвалу рызыканта.
76. Ані рухнуў, ані вухнуў. Прыказваюць таму, які за зробленую ласку не сказаў ні «дзякуй», ні благога слова, бо-ж навет і сьвіньня, калі адыходзіць задаволеная ад карыта, дык рухне, а калі незадоволеная, дык вухне.
77. Ані той дух. Прыказваецца аб чалавеку, які не даецца ўгаварыць.
78. Ані тоя туды. (Як і папярэдняя).
79. Ані цыбулькі, ані ўкрышыць у што. Калі няма чаго есьці, дык не галоўная бяда, што няма цыбулькі, але што няма ў што яе ўкрышыць.
80. А Паўлачка, а бацячка, устань і паглядзі, што твой сын шэльма Мікалайчык робя. Гэтак жартаўліва прыказваюць, калі бачаць відавочную несправядлівасьць. Гэты зварот гістарычны. Калі пры цары Мікалаю I у Барысаве забралі першага Жыда ў расейскае войска, дык ягоны бацька,галосячы, гаварыў гэтыя словы. Перад гэтым-жа Жыды ў Беларусі былі звольненыя ад ваеннай павіннасьці. Пры звадцы яны навет упікалі Беларусаў: «Чакай, чакай, пойдзіш пад чырвоную шапачку».
81. Апёкся на малацэ, дык студзя й на вадзе. Гэтак прыказваюць, калі чалавек меў нейкае балючае пашкоджаньне, дык посьля высьцерагаецца й там, дзе яго ніколі ня можа быць.
82. Апошняга й у салдаты ні бяруць. Прыказвае той, хто ня хоча нечага апошняга аддаваць. Да 1914 году ў Расейскай імпэрыі апошняга (адзінага) сына ў войска ня бралі.
83. Апошняя ў папа жонка. Прыказваюць таму, хто ня хоча нечага апошняга аддаць, бо ўсё можна набыць, толькі праваслаўны сьвятар другі раз ня можа жаніцца.
84. Аржаная каша сама сябе хваля. Прыказваюць таму, якога ніхто ня хвале, а толькі ён сам сябе.
85. А там Бог бацька. Прыказваюць тыя, што спадзяюцца на нейкае паляпшэньне.
86. Атросься ды й панёсься. Прыказваюць аб тым, які нарабіў крутні-няпрыемнасьці й сам нейдзе ўцёк.
87. Аўгіня нявінна й Ігнат ні вінават. Прыказваецца, калі ў сям'і нейкая бяда ці дрэнная прыгода, калі кажны правуецца, што ён тут ня вінны ды звальвае віну на іншага.
88. Аўдзей усё між людзей. Прыказваюць аб хітрым бяссумленным чалавеку, які ўмее прыстасавацца да кажнае кампаніі, каб пажывіцца.
89. А ў калгас! Кліч-пагроза на свайго праціўніка ў 1930-31 гадох, калі сілком у калгасы заганялі.
90. Аўлас ды ні ў нас. Гэтак прыказвалі тыя бедныя людзі, у каго ня было скароміны, бо на Аўласа сытная ежа. Сьвята Аўласа ў чэсьць бога Веласа. Сьвята гэтае абходзілі ў вапошні чацьвер перад Масьляніцай.
91. Аўлас па калені ў масьля. Аўлас-Велас бог статку. Сівята ў яго гонар адбывалася вясной, калі ўжо было сьвежае масла. Магчыма перад балваном Веласа клалі масла ў вахвяру й тое масла дасягала каленяў Беласа. Можна прыпускаць, што гэтая прыказка далёкай старасьветчыны.
92. А ў сабакі хата была? Гэткая заўвага ставіцца, калі нейкі прайдзі-сьвет выхваляецца аб сваім багацьці.
93. Ахвота горш няволі. Гэтак прыказваюць таму, хто без развагі, па сваёй волі й ахвоце паклікаў на сябе нейкае няшчасьце.
94. Ах ты, злодзі канавод, вадзіў коні праз гарод. Жартаўлівая гульня словаў. Прыказваецца, калі спрытны апавядальнік усхваляе свае шальмоўскія прыгоды.
95. Ах ты, злодзі паяёк, цябе білі, а я ўцёк. У простым сэньсе справа гэтак выглядае: Два злодзеі пашлі красьці яйкі. Аднаго злавілі ды білі, адругі ўцёк. Той, што ўцёк, лаяў свайго паплечніка й абвінавачваў яго ў зладзействе. Гэтак прыказваюць, калі прапышны злачынец абвінавачвае злачынцу другога, з малымі праступкамі. Гэты злачынец абвінавачвае не за самое злачынства, а за тое, што той ня мог канцоў пахаваць.
Б
96. Баба з калёс, калесам лягчэй. Прыказваюць, калі бескарысны чалавек адмаўляецца ад кампаніі, ці гультай адмаўляецца ад службы.
97. Баба качаргу міняла й тры дні гуляла. Прыказваюць ахвотнікі да дармавой выпіўкі, каб намовіць свайго сябру ставіць барыша, калі той нешта прадае ці купляе.
98. Багатаму й чорт дзяцей калыша. Багатаму ўва ўсім шанцуе.
99. Багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца. Аб тым, што бедны, хоць маламае, але нейк жыве, не памірае.
100. Багаты ня ведая, чым бедны абедая. Аб тым, што багаты ня знае таго, што бедны часта ня мае чаго й зьесьці.
101. Баіцца, як чорт крыжа. Прыказваецца, калі нехта ня хоча спатыкацца з сваім праціўнікам і далёка яго абходзе.
102. Бакі парваць. Насьмяяцца ў вахвоту.
103. Балазе таму жыць, чыя баба ўмее варажыць. Добра таму разважаць аб жыцьці другіх людзей, чыя жонка добрая гаспадыня.
104. Балота бяз чорта ні бывая. Паганае месца бяз злыдняў ня бывае.
105. Баліць у грудзях, ня быць у людзях. Хацелася-б пабываць далей у сьвеце, але хвароба перашкаджае.
106. Балявалі пакуль голы сталі. Аб тым, што частыя гулі ды балі даводзяць да беднасьці.
107. Барада як у смурада. Высьмейваньне неахайнай барады.
108. Бахі забівая. Аб чалавеку, які адпіраецца ад сваіх словаў ці чынаў: «Ён бахі забівае, што там ня быў і нічога ня ведае».
109. Бацька зьбіраў войкаючы, а сын пуская гойкаючы. Прыказваюць,калі бацька нажываў гаспадарку пры вялікіх турботах і пакутах, а сын яе прапівае.
110. Бацька пайшоў сабакам сена касіць. 1. Гэтак кажуць дзеці, якія ня знаюць свайго бацькі. 2. Гэтак кажуць і тыя дзеці, якіх бацька сядзіць у вязьніцы за крымінальныя злачынствы. 3. Гэтак кажуць і тыя, якіх бацька выракся й круціцца нейдзе па сьвеце.
111. Бацька шапкі ні купіў — ніхай вушы мерзнуць. 1. Прыказваюць да тых, якія. ня маючы моднай адзежы, будуць мерзнуць, але не апрануць адзежы простай. 2. Прыказваюць таксама тык ганарыстым людзям, што,калі ім не ўдалося заняць высокай паважнай працы, дык гатовы галадаць,але ня будуць працаваць на простай рабоце.
112. Бацькі запазухі дзяруць дзецям хлеб хаваючы, а дзеці запазухі дзяруць ад бацькоў хлеб хаваючы. Аб любасьці бацькоў да сваіх дзяцей і клопатах аб іх, і аб няўдзячнасьці благіх дзяцей да сваіх бацькоў.
113. Бача вока, дзе пячэцца кока. Прыказваюць, калі нехта цісьнецца да тога месца, дзе можна пажывіцца.
114. Бача вока ды ісьці далёка. Хоць відаць і панадная рэч, але шкада клопатаў на тое, каб яе дасягнуць.
115. Бача вока, ды ляжыць высока. Хоць рэч і панадная, але немагчыма яе дабыць.
116. Бачыў Бог працу, алі пашкадаваў мазаля. Прыказваюць гультаю,які хваліцца, што шмат работы зрабіў.
117. Бачыў кум сонца? Гавораць, калі паказваюць прастаку няхітры сакрэт пры працы, якога ён перш не разумее.
118. Беднай сіраце даварыцца ў жываце. Аб тым, што гаротнай сіраце даводзіцца есьці страву абы як прырыхтаваную й недавараную.
119. Бедны ў балоця. Гэтак даўней прыказваў той, каго называлі бедным, бо ніхто, апрача старцаў-убогіх, ня любіў, каб звалі яго бедным. Бедным называлі чорта, які прымушаны вечна сядзець у балоце.
120. Белы, як сьнег на кузьні. Жартаўлівае прыраўнаньне. На кузьні сьнег заўсёды чорны.
121. Белыя рукі чужую працу любюць. Гэтак прыказвалі сяляне багатым ліхвяром.
122. Біда, калі ня п'ецца й вада. Гэта гаворыцца аб безнадзейным хворым,які ўжо й вады не патрабуе.
123. Біда па бядзе, як па нітачцы ідзе. Прыказваецца тады, калі адна бяда выклікае другую.
124. Біда хоць і муча, алі жыць вуча. Людзі вучацца жыць на сваёй або на чужой бядзе.
125. Біз ахвоты німа й работы. Прымусовая праца не дае пажаданых вынікаў.
126. Біз вусоў, біз барады, як чорт малады. Высьмейваньне блазна, якому ня можна давяраць.
127. Біз навукі й лапця ні спляцеш. Каб умець выконваць і самую простую работу, перш трэба яе навучыцца.
128. Бі й таўкачом, абы было па чом. 1. Можна чалавека цяжка караць,але перш трэба разабрацца, ці ён вінен. Тут «па чом» —, ці ёсьць за што. 2. Хоць чалавек і вінен, але калі слабы на здароў'і, дык ня можна цяжка караць.
129. Біцца ні гадзіцца, і лаіцца ні дазваляіцца. Гэтак навучаюць дзяцей і падлеткаў, каб жылі ў згодзе.
130. Благая зімля й ня родзя, і насеньня ня зводзя. Гэта значыць, што колькі гаспадар высеяў на благой зямлі, толькі й намалоце. Калі-ж гаспадар мае насеньне. дык не адважваецца кінуць зямлі, бо мае работу й мае надзею на паляпшэньне.
131. Благая зімля і проч ня гоня, і хлеба ні дае. Хлеба не дае, бо ня родзіць, проч ня гоне, бо чалавек прывык да яе й ня мае адвагі пакінуць.
132. Благая тая дамова, дзе вала бадзе карова. Прыказваюць, калі иконка вядзе парадкі ў хаце ці гаспадарцы, а мужык сьлепа выконвае яе загады.
133. Благая тая птушка, што свае гняздо паскудзя. Аб чалавеку, які высьмейвае й абнеслаўляе сваю сям'ю, радню, народ.
134. Благі грыб, хрушч, а біз яго пушч. Аб старым чалавеку, які хоць і няздольны да працы, дык хоць хаты дагледзе.
135. Благі сусед горш за скулу. Скула баліць і дакучае, але скора зьгіне, а благі сусед будзе дакучаць да веку.
136. Благоя палажэньня й добраму спакушэньня. Добрая рэч не павінна ляжаць напаяўцы, бо на яе можа паквапіцца й добры чалавек. Калі добрая рэч будзе без дагляду, дык яна зьвядзе й добрага чалавека.
137. Благому віду ды ўрэж і носу. Тут прыводзіцца параўнаньне добрай рэчы ці чалавека з благой рэччу ці чалавекам. Калі прыгожы твар прыпсаваны трохі, дык гэта ня будзе заўважана, а калі да благой рэчы ці благому чалавеку дадаць новую загану, дык гэтая рэч ці чалавек стануць шмат горшымі, як брыдкі твар з урэзаным носам.
138. Бога хвалі, алі й чорта ні гняві. Калі рабіць дабро добраму, дык ад яго можна спадзявацца яшчэ больш дабра. Але калі без патрэбы наклікаць на сябе гнеў благога чалавека, дык ён можа шмат пашкодзіць.
139. Бог віздя, хто каго крыўдзя. Прыказваюць пакрыўджаныя.
140. Бог даў, Бог і ўзяў. Гэтак разважаюць бацькі, калі дзіця памерла.Гэтак суцяшаюць і гаспадара, калі жывёла здохла.
141. Бог душу сапсаваў: як у пень усадзіў. Прыказваюць на дурнога ці недарэчнага.
142. Бог звідзя чый баран, а чый певень. Прыказвае пакрыўджаны, каб напомніць Богу, што ягоная шчырэйшая ахвяра. Прыказка паходзе ад казкі: Багаты прынёс у бажніцу Богу на ахвяру пеўня, а бедны прывёў барана. Калі трэба было здаваць ахвяры, дык багаты адабраў у беднага барана ды здаў на аўтар, а беднаму кінуў пеўня. Бедны, калі клаў на аўтар пэўня, выгукнуў: «Бог зьвідзя чый баран, а чый певень.
143. Бог і лесу ні зраўняў. Прыказваюць да таго, што людзі розныя:есьць прыгожыя й брыдкія, высокія й малыя, добрыя й благія, бедныя й багатыя.
144. Бог маўчон, алі лучон. Бог церпялівы, не адразу карае за праступкі й не адразу мілуе за заслугі, але судзіць справядліва.
145. Бог ні гуляя ды людзей раўняя. Адны бяднеюць, а другія багацеюць,і гэта ўсё робіцца з волі Бога.
146. Бог ня роўна дзеля. (Бог адным дае болей, а другім меней і дзеля гэтага ёсьць людзі разумныя й дурныя, шчасьлівыя й нешчасьлівыя, бедныя й багатыя.
147. Бог ня слухая, што свіньня рухая. Прыказваюць, калі чуюць, як благі чалавек, клянучы, просе ў Бога ліха або пагібелі на іншага.
148. Бог сваю пуньку адчыніў. Прыказваюць, калі посьля цяжкой зімы стала цёпла, і статак пайшоў на сьвежую траву,
149. Божа памажы, а ты, гультай, ні ляжы. Прыказваюць гультаю, каб не чакаў на Божую дапамогу, але каб сам браўся за работу.
150. Болі заходу як работы. Кажуць, калі болей часу страчана на падрыхтоўку да работы, як на самую работу.
151. Болі слухай, а мені гавары. Гэтак напамінаюць дзецям і падлеткам, каб не мяшаліся ў размову старэйшых.
152. Брат збоку, а сусед на воку. Трэба лепей дагаджаць суседу, як брату.
153. Браць — сакольня вочы, а аддаваць — савіны. Прыказваюць тады, калі нехта злуецца, як у яго спаганяюць доўг. Калі нехта нешта пазычае, ці бярэ падарунак, дык мае тады вясёлы погляд, а калі аддае, дык сумны й злосны.
154. Брэша, як сабака на месіц. Прыказваюць брахліваму, бессаромнаму чалавеку, які бяз сэнсу кідае словы.
155. Будзім варажыць, дзе галаву палажыць. Прыказвае той, хто думае ўгадваць дзе ён памрэ.
156. Будзім мучьщца, пакуль сьмерць лучьщца. Прыказвае той, хто не спадзяецца паправы ў сваім гаротным жыцьці да самай сьмерці.
157. Будзіш біз пары зямлю парыць, Гэтак старэйшыя перасьцерагаюць маладзейшых, каб шанавалі сваё здароўе, або каб сьцерагліся небясьпекі.
158. Будзіш дудкай хлеб піць. Прыказваецца гэтак, каб перасьцерагчы некага ад благой сялібы, зямлі, ці благой і дрэнна аплачванай працы.«Дудкай хлеб піць» — гэта значыць хлеба ня будзе, а толькі зацірка ці поліўка.
159. Будзіш ночы балькі лічыць. Гэтак прыказваюць пры вячэры гасьцю, калі ён мала есьць, бо ночы ад голаду ня будзе спацца, дык ён будзе «балькі лічыць».
160. Будзя кірмаш і на нашай вуліцы. Прыказвае той, хто спадзяецца дачакаць лепшых, шчасьлівейшых часоў.
161. Будзя пара, вырасьця й трава. На ўсё будзе свой час, трэба толькі церпяліва чакаць
162. Будзя чым чужы пах ад вакна адганяць. Гэтак прыказвае бедны,калі зарэжа на мяса нейкую жывёліну.
163. Буду жыць, як набяжыць. Прыказваюць у роспачы, калі няма волі ці магчымасьці пакіраваць сваім жыцьцём.
164. Будуць людзі. Гаворыцца, калі дзіця ці падлетак падае добрыя надзеі.
165. Бывалы! Быў раз у царкве й два разы ў млыня — і там гу-гу-гу, і там гу-гу-гу, і разабраць ні магу. Прыказваюць, каб высьмяяць мала бывалага й мала дазнанага чалавека.
166. Было ліха дый пагоршыла. Чым далей, дык жыцьцё й часы горшаюць.
167. Быў гэрман ды сыграў цыган. Прыказваецца аб чалавеку, калі ён даўней жыў у багацьці й славе, але посьля зжыўся.
168. Быў на кані й пад канём. Прыказваецца аб тым, што ў жыцьці йраскашаваўся й гараваў.
169. Быў час, калі паважалі нас. Гэтак прыказвае чалавек аб даўнейшыхдобрых часох у сваім жыцьці.
170. Б'юць і плакаць ні даюць. Аб пакрыўджаным, якому забаронена й скардзіцца.
171. Б'юць (злодзея) ні за тоя, што ўкраў, алі што нядобра схаваў. Гэтак прыкэзваюць, калі паліцыйныя ўрадоўцы бяруць ад зладзеяў магарыч (подкуп) ды пасылаюць іх красьці. Калі злодзея зловяць з крадзеным, дык гэтыя-ж паліцыйныя ўрадоўцы судзяць яго.
172. Бяло, ні бяло аб ў вадзе было. Гэтак прыказваецца на неахайнае мыцьцё бялізны.
173. Бяры свае цацкі, я з табой ня гуляю. Гэтак прыказваюць сабе былыя сябры, між якімі сяброўства ўжо скончана й яны разыходзяцца.
174. Бярэ на хітрыкі. Аб тым, хто пачынае хітраваць, каб некага ашукаць.
175. Бярэш кароўку, дык бяры й вяроўку. У каго гіне гаспадарка, той аддасьць і дробную рэч, якая посьле страты гаспадаркі яму й так непатрэбная.
В
176. Вада па аднэй капца капая, алі ў каміні дзірку прабівая. Заўсёды вынікі дасягваюцца, калі робіцца й надта паволі, але неадступна й зацята.
177. Важыш на рыбку, дык важ і на юшку. Калі нехта хоча браць нешта лепшае, дык хай возьме й горшага.
178. Вазьмі вочы ў жменю. Кажуць, калі нехта адмаўллецца, што ня бачыць відавочнага: «Калі ня відзіш, дык вазьмі вочы ў жменю».
179. Вазьмі дый пакінь. Гэтак прыказваюць заміж «пакінуў»: «Яму нейкія матылі ў галаву ўбіліся, дык ён вазьмі дый пакінь жонку й дзіця ды пакруціўся ў сьвет».
180. Валачашчы сабака да кожнага лашчыцца. Прыказваюць аб распушчанай і занадта ветлівай да кажнага людзіне.
181. Варварам. Аб празьмернай гарачыні.
182. Бастры, сучка, зубы — кухар костку дасьць. Аб лісьлівым падлізьніку, сквапным на падарункі.
183. Ваўка баяцца, у лес ні хадзіць. Прыказваюць таму, хто ставе малаважную прычыну, каб адмовіцца выканаць нейкую работу.
184. Ваўка ногі кормюць. Прыказваюць калі нехта парой прыйшоў на абед, ці бегаючы выстараўся карыснае.
185. Ваўком ваўка ні зацкуеш, Калі злачынец ня прыцягвае да адказнасьці другога злачынца.
186. Ведаў Бог, што ні даў сьвіньні рог. Каб благі й злосны чалавек меў сілу ды волю, дык чыніў-бы вялікую шкоду.
187. Век аздобы ў вянку ні знасіць. Прыказвае той, каму робяць закіды,што ён не прыбіраецца.
188. Век веку падасьць. Прыказваецца, калі рэч ці прылада моцна зробленая.
189. Век жыві, век вучыся, а дурным памрэш. Колькі-б чалавек ні жыў, колькі-б ні вучыўся, усіх мудрасьцяў сьвету не дасягне.
190. Век зжыць — ня мех сшыць. Прыказвае, хто шмат чаго перажыў.
191. Век чыста ні пірахадзіць, ласкава ні піражыць і смачна ні піраесьці. Прыказваюць тыя, каму ўськідаюць, што ён ня чыста адзяецца, ці не заўсёды ласкавы, або дрэнна харчуецца.
192. Ветрам падшыт. Прыказваюць на авантурніка-падшыванца.
193. Ветрам прышоў, ветрам пашоў. Аб тым, хто наляціць як віхор, наробіць нейкай крутні ці бяды ды ізноў панясецца.
194. Вецір у галаве ходзя. Аб чалавеку з частымі зьменамі ў паглядах або зь дзівоснымі паглядамі.
195. Віда-й-нявіда. Увачавідкі й у потайкі: «Ён віда-й-нявіда цягне з калгаснага сьвірна».
196. Відаць, ды далёка дыбаць. Калі нейкая рэч і панадная, але цяжка яе дасягнуць.
197. Відна, хоць іголкі зьбірай. Кажацца, калі вельмі сьветла,
198. Вісна й восінь на рабой кабыля едзьдзюць. Вясной і восеняй неба пакрытае часта воблакамі й добрая пагода чаргуецца з дажджом.
199. Вісна ні шсна, а восінь ні малочна. Вясной няма мяса, бо за зіму выдаткавалася, а восеняй няма малака, бо каровы перастаюць даіцца.
200. Вольнаму воля, а шалёнаму поля. Прыказваюць, каб разрозьніць запраўдную волю ад шаленства злачынцаў, якія злачынства называюць воляю. Свае шаленства чалавек павінен праяўляць у полі, а не між людзей.
201. Воўк, воўк! Ідзі казлы драць. Прыказваюць, калі нейкі манюка пачынае бяз сораму расхвальваць сябе гэтак, што ад гэткай гутаркі згадзіла-б ваўка, які мусіў-бы казлы драць (ванітаваць).
202. Воўк да лесу цягня. Прыказваюць аб дзікаватым чалавеку, які ўхіляецца лучыцца да грамады.
203. Воўк дзе плодзіцца, там ні бярэ. Аб хітрых зладзеях і іншых злачынцах, якія там ня шкодзяць, дзе жывуць.
204. Воўк і лічаная бярэ. Прыказваюць аб прапышным злодзеі-бандыце,які бярэ апошняе й у беднага, і ў багатага.
205. Воўк пасланцамі ні карысін. Прыказваюць аб зладзеях і бандытах.
206. Воўк сабакі ні баіцца, алі зьвягі ні любя. Аб высокіх урадоўцах -хабарніках, якім ня страшна, што людзі аб іх злачынствах гавораць, але для якіх гэткая гутарка дакучлівая.
207. Воўча доля расьце скора. Ёсьць такое вераньне, што калі маладая жывёліна скора расьце, дык яе воўк зьесьць. Прыказваюць, калі прыгожая дзяўчына-падлетак хутка расьце, бо яе хутка замуж; возьмуць.
208. Вось вам і сьпіткі і зьедкі. Прыказвае гаспадыня, калі прыносе ў хату апошнія запасы харчоў — апошняе масла, сала, бульбу ці іншае.
209. Вось вядзець — негдзе дзець, вось біда біз хліва. Прыказваюць, каліў некага багацьце прыбывае, а яго няма дзе прыхінуць.
210. Вось і гавары з кабылай паціры: ты «Войча наш», а йіна: «Сенанімаш». Прыказваюць, калі двох ня могуць дамовіцца: адзін пачынае гутарку аб ідэях, а другі перабівае яго штодзёншчынай.
211. Вось хамут ваш і дуга, і я вам болі ні слуга. Прыказвае парабак,калі без пары пакідае гаспадара.
212. Вочы — ямы. Гэтак як-бы спагадаюць зайздрываму, бо зайздрасьць быццам залежа не ад самога чалавека, а ягоных вачэй.
213. Вусы белыя — рукі чорныя. Вусы белыя, бо ўжо стар, рукі чорныя,бо гаспадар. Гэтак прыказвае аб сабе паважны й не малады вясковы гаспадар.
214. Вучыся галіць на сваёй барадзе. Прыказваюць, калі малады майстра ўзяўся нешта рабіць ды папсаваў матар'ял.
215. Выбачай, алі болі ні дакучай. Гэтак жартам прыказвае госьць, калі гаспадар перапрашае яго словам «Выбачай». Госьць гэтым быццам перапрашае гаспадара, што надакучыў.
216. Выбірай кабылу гарбатую, а жонку лупатую. Гарбатай кабылы ніхто ні ўкрадзе, а жонкі лупатай ніхто ні зьвядзе. Парада гаспадару пры куплі кабылы. Парада дзяцюку пры жаніцьбе.
217. Выбіў дух на рабоце. Прыказвае той, што згубіў сілу й здароўе прыпрацы.
218. Выбіўся з работы. Прыказвае той, хто ня мае пільнай работы, або той, хто абы за якую работу ня хоча брацца.
219. Выбіўся са сну. Прыказвае той, каму ад нейкіх думак-клопатаў ня сьпіцца.
220. Выбраў з гурту курту. Прыказваюць на дзяцюка, які меў магчымасьць узяць сабе добрую дзеўку за жонку, выбіраў лепшую, ды выбраў нікуды нявартую.
221. Вывідзі з хлева апошнюю кароўку, дык на паляваньні будзя шанцаваць. Каб быць добрым паляўнічым, трэба кінуць гаспадарку. Прыказваюць багатаму гаспадару, які наракае, што на паляваньні не шанцуе.
222. Выплюнінага ні падніміш. Прыказваюць таму, хто без патрэбы апастыляецца з чалавекам, да якога пазьней трэба будзе зьвярнуцца ў патрэбе. Найчасьцей гэтак прыказваюць, каб папярэдзіць некага, які без патрэбы пачынае апастыляцца зь нявінным чалавекам.
223. Вырае вялікі — хоць на ім сучку павесь. Прыказваюць на вялікага хлапца, які да нічога няздатны.
224. Вырыванская вуліца. Гэтак называюць тое месца, дзе ўвачавідкі крадуць, з рук вырываюць.
225. Высака лётаіш, алі нізка сядзіш. Прыказваюць, калі ганарысты чалавек бярэцца за справу, на якой збанкрутуе.
226. Выскачыў, як агню ўхапіў. Калі нехта раптам уцёк ад сораму.
227. Выскачыў, як Піліп з канапель. Прыказваюць, калі нехта раптам папаў у чужое сабе асяродзьдзе, ці калі нехта недарэчна ўмяшаўся ў чужую гутарку.
228. Вышчараіцца, як кабыла на пасеі. Прыказваюць, калі нехта без патрэбы сьмяецца.
229. Вядома ня дома. Гэтак патакуюць, калі нехта апавядае, што на чужыне было блага.
230. Вясельля — чортава прысельля, а хрэсьбінкі, рады — дай Божа кожныя гады. Прыказка старэйшых а б тым, што на вясельлі хоць можна дастаткам зьесьці й выпіць, але моладзь часта ўшчынае бойку. А на хрэсьбінах можна й выпіць, і закусіць, і ў дадатак спакойна.
231. Вясной і качка прачка. Прыказваюць, калі вясной у разводзьдзе ўсюды гэтак шмат вады, што навет і «качка» можа бялізну памыць.
232. Вясной — кораб вады, а коўш гразі, а восеняй — коўш вады, а кораб гразі. Сялянская заўвага аб тым, што вясной вада надта хутка высыхае,а восеняй надта марудна.
233. Вясьнішча! — ці ты мяне, ці я цябе. Прыказваюць, калі вясной вышлі харчы й наступае такі голад, што застаецца толькі адзін аднаго зьесьці.
Г
234. Гадзі яму, як благой скуля. Аб благім суседзе ці благім чалавеку наагул, якому дагаджаюць ня зь любасьці да яго, але каб ня шкодзіў.
235. Гадка зьесьці й шкода пакінуць. Прыказвае той, у каго блізкі яму чалавек дрэнна сябе паводзе. Прызнацца да яго ня прыемна, і кідаць шкода
236. Галава на век. Разважаюць таго, хто бядуе па вялікай матар'яльнай страце.
237. Галетная сірата. Бездапаможная сірата бяз маткі й бяз бацькі.
238. Галоднаму хлеб сьніцца. Гавораць аб тым, хто набыў нейкае непазбытнае жаданьне нешта здабыць, ці нешта дасягнуць.
239. Галодны ня думая пад'есьці. 1. У простым сэньсе гэтак гавораць аб галодным чалавеку. 2. Прыказваюць, калі зайздрывы чалавек пачынае багацець.
240. Галодны поля пярэйдзя, а голы ні за парог. Прыказвае той, хто ня мае адзетку.
241. Ганчар у чарапох есьці вара. Прыказваюць аб рамесьніку, які не задаваляе самога сябе сваімі вырабамі.
242. Гара з гарой ня сойдзіцца, а чалавек з чалавекам можа сыйсьціся. Прыказваецца пры выпадковым спатканьні даўных знаёмых.
243. Гардую пыху Бог зь неба сьпіха. Аб ганарыстых людзях.
244. Гарую, бацюшка, гарую, з аднэй карчмы ў другую. Жартаўлівая прыказка. Быццам гэтак п'яніца жаліўся сьвятару аб сваім горы.
245. Гатовая, як дурноя — само ў рукі лезя. Калі патрэбныя рэчы ляжаць напаяўку.
246. Глухі нідачуя, дык прыложа. Прыказваюць таму, хто добра не дачуў і пераблытаў сказаньне, ці зьмяніў сэнс сказанай навіны.
247. Глухому два здаецца. Прыказваюць, калі нехта недачуў і перапытвае.
248. Гоінай раны ня трэба квяліць. Ня трэба ўспамінаць перажытай крыўды ці пакуты.
249. Голад і крадзе, і маніць. Голад папіхае чалавека да розных злачын-стваў.
250. Голад ня цётка. Прыказвае галодны, калі есьць і ня вельмі ласую страву.
251. Голаму разбой ні страшан. На голага ніхто нападаць ня будзе, бо ў яго няма чаго адбіраць.
252. Голы зьбірайся, а голы гатоў. Прыказваюць аб бедным, у каго няма чаго зьбіраць у дарогу.
253. Голы як бізун. Аб зусім бедным, што навет і з адзежы мае толькі тое, што на ім.
254. Голы, як ясік. Аб бедным чалавеку, які ня мае ніякай гаспадаркі.
255. Гора вытрываіш, а роскашы не. Аб тым, хто жывучы ў роскашы праз распусту бяду нажыў.
256. Гора плача і скача. Прыказваюць, калі часам чалавек у горы пробуе загульваць.
257. Горка рэдзька ды ядуць, ліха замужам ды йдуць. Прыказваюць жанчыне. калі тая крыўдзіцца, што замужам блага.
258. Госьць мілы й хлеба шкода. Аб скупым гаспадары.
259. Госьць — нявольнік. Прыказвае гаспадыня, калі панукае гасьця выпіць ці зьесьці.
260. Госьць першы дзень золата, другі дзень срэбра, а трэці — медзь, і дамоў едзь. Доўгія госьці непажаданыя.
261. Госьць, як і рыба, на трэці дзень сьмярдзіць. Калі ў гасьцях — не чакай трэйцяга дня.
262. Граза ў лес ня йдзе. Пры выхаваньні дзяцей пагроза дае пажаданыя вынікі.
263. Гразь, гразь! Чаму ні гарыш? — Бо мокрая! Аб тым, што незаслужана сябе расхвальвае, або так дрэнна сябе паводзе, што навет гразь на ягоным месцы гарэла-б ад стыду, калі-б ня была мокрая. Ён-жа паставіў сябе ніжэй гразі.
264. Грозін рак, ды ззаду вочы. Прыказваюць, калі слабы пагражае дужаму.
265. Грызе прыступаючы. Калі нехта дакарае бяз упынку й лаецца.
266. Гулі ні аднаго ў лапці абулі. Перасьцярога маладым, каб не ўдаваліся ў празьмерныя гульні.
267. Гультай за работу, а мазоль за руку. Калі гультай наракае на цяжкую работу, якая быццам яго ў калецтва ўганяе.
268. Гультай ляжыць, а доля бяжыць. Прыказваюць, калі часам і гультаю пашанцуе.
269. Гультай сем рэчаў разгадан. Калі гультая клічуць на работу, дык ён шмат прычынаў знойдзе на тое, каб не працаваць.
270. Гультаю хлеб на кію. Гультая трэба кіям прыганяць да работы, каб зарабіў сабе на хлеб.
271. Гэта віламі па вадзе пісана. Калі пачуюць навіну, якая найскарэй ня спраўдзіцца.
272. Гэта кветка ні для твайго носу. Прыказваюць таму, хто хоча набыць нешта добрае, ці ўвайсьці ў сяброўства з паважнымі асобамі, але тыя рэчы ці асобы яму недаступныя.
273. Гэта табе ні калёсы закідаць. Прыказваюць таму, хто нешта лёгкае й непатрэбнае зробе ці скажа, бо «калёсы закідаць» даволі цяжкая работа.Калі на невялікім панадворку, ці іншым вузкім месцы трэба завярнуцца з калёсамі, дык зад калёсаў даводзіцца падняць на руках ды навокал паднесьці. Тым часам каму-небудзь нейкую штуку падстроіць, нешта ўкрасьці,зманіць, ці высьмяяць некага, гэта справа лёгкая, а «ні калёсы закідаць».
274. Гэта табе ня леташнія дразды. Прыказваюць таму, хто абяцае моцна трымаць сакрэты, хоць раней ня раз гэтак сама абяцаў, але заўсёды выдаваў іх. Гэтая прыказка паходзе ад казкі: Хлопец пайшоў да сьвятара спавядацца. Сьвятар упэўніў хлопца, што ён будзе трымаць у сакрэце ўсё, што хлопец яму скажа на споведзі. На споведзі хлопец прызнаўся, што ведае драздова гняздо ў ліповым дуплі. Калі назаўтра хлопец пайшоў глядзець сваіх драздоў, дык іх там ужо ня было. Калі налета той-жа хлопец пайшоў ізноў да споведзі да таго самага сьвятара, дык той і цяпер пачаў упэўніваць, што ня выдасьць сакрэтаў сказаных на споведзі. На гэта хлопец выкрыкнуў: «Гэта табе ня леташнія дразды».
275. Гэта як «Аман» у пацірах. Калі праўда не падлягае сумліву.
276. Гэтага віташка кожны з свайго гаршка. З наступнага месяца кажны сам сабой будзе харчавацца. Віташок — апошняя квадра месяца.
277. Гэтыя пірагі будуць адпечаны. Прыказвае той, хто абяцае адпомсьціцца за крыўду.
278. Гвалтам адабраць — адбярэш, алі даць — ні дасі. Калі нехта адмаўляецца ад пачосткі ці нейкай матар'яльнай дапамогі.
279. Грош кругал. Дзеля гэтага ён раскачваецца на розныя бакі. Прыказвае гэтак селянін, :салі яму на розныя патрэбы патрэбныя грошы, а ён іх ня мае, бо грошы «раскаціліся».
280. Грун Груну вока ні дзяўбе. Прыказвае пакрыўджаны, калі яму радзяць падаць скаргу да нейкага вышэйшага ўрадоўца на урадоўца ніжэйшага, які яго пакрыўдзіў.
Д
281. Да асеці! Да асеці! — Ды куды Бог панясеці! Прыказвае той, у каго пытаюць, куды ён ідзе, а ён ня хоча сказаць праўды. Прыказка пайшла ад казкі аб цыгану: Цыган наняўся ў селяніна касіць, але ён сказаў што баіцца зыгу й дзеля гэтага папрасіў у селяніна кажух зь сярмягай і надзеў іх.Калі сонца стала падаграваць ды авадні пачалі лётаць каля цыгана, дык цыган пачаў тупаць ды кружка бегаць. Тады селянін яму крычыць: «Да асеці! Да асеці!» — гэта значыць: бяжы ў восець, бо там халадок. Цыган-жа яму на гэта адказвае: «Ды куды Бог панясеці!» — задраў на галаву кажух зь сярмягай і пабег у лес, і больш да селяніна не вярнуўся з цыганом разам прапалі й кажух зь сярмягай.
282. Да гатовай калоды добра й агонь класьці. Прыказваюць, калі нехта пры пэўных запасах гаспадарку заводзе.
283. Да нашага берагу нічога добрага ні прыплыве, — то трэска, то бруд. Прыказваецца, калі малавартасны чалавек прыбудзе ў сям'ю, у суседзтва, або благі ўрадовец зьявіцца на грамадзкую працу.
284. Да пары жбан ваду нося. 1. Калі нешта старое паламалася. 2. Калі нехта памёр. 3. Калі зловяць злодзея, што доўга краў.
285. Да Прачыстай памый, памяці, і пірапечаў напячы. Прачыстая, або Спажа прыпадае 15 жніўня. Да гэтага часу жытняе жніва кончана, дык гаспадыні ёсьць час памыць бялізну й вычысьціць хату, ды ёсьць з чаго й перапечаў напячы, бо ёсьць мука новай уроды.
286. Да Спаса (6 жніўня) сена сохня пад кустам, а пасьля Спаса ня хоча сохнуць і на кусьця. Напамінак гаспадаром, што трэба сгарацца, каб да канца ліпеня сена было пакошана.
287. Давялося чарвяку на вяку. Высьмейваюць таго, каму здарылася пабываць далей ад месца свайго сталага прабываньня, ды налі ён, вярнуўшыся, апавядае свае мала цікавыя прыгоды, як нешта асабліва важнае.
288. Давяроная праўда. Прыказваюць, калі хочуць упэўніць, што гэта праўда, якая не падлягае сумліву.
289. Дагледзіў на паповы сані. Калі нехта некага так блага даглядаў ці лячыў, што той памёр.
290. Дае, ды з рук ні пуская. Калі нехта нешта абяцае даць, але доўгі час адкладае.
291. Дажыліся кулікі, што ні хлеба, ні мукі. Аб тых. што абяднелі дыня маюць чаго есьці.
292. Дажыліся палякі, што ні хлеба ні табакі. Аб тых, што зжыліся,згалелі.
293. Дай Божа гасьця, а гаспадар каля яго пажывіцца. Прыказвае гаспадар, бо пры гасьцях і сам чарку вып'е ды лепшай ежы зьесьць.
294. Дай Божа, каб пілося, елася й болі хацелася. Гэтак жартуюць гаспадары, калі частуюць гасьцей.
295. Дай Божа налета болі за гэта. Прыказвае гаспадар, калі зьбірае апошняе збожжа з току на аб малотках.
296. Дай Божа першым кусочкам удавіцца. Пажаданьне мужчыны, каб з аднэй першай жонкай веку дажыць.
297. Дай Божа тую зьвярыну, што ходзя дзьвярыма. Лепей есьці мяса з свойскай, выгадаванай на гаспадарцы, жывёлы, чымся зь дзікай, забі тайна паляваньні зьвярыны.
298. Дай Божа ў добры час сказаць, а ў благі памаўчаць. Прыказвалі сяляне, каб засьцерагчыся ад урокаў, бо верылі, што сам свае можа ўрачы,калі скажа пад нядобры час. Прыказвалі гэтак і калі хвалілі сваю жывёлу ці збожжа.
299. Дай Божа ўсё ўмець, але ня ўсё рабіць. Добра разьбірацца ў розных работах, але рабіць іх толькі пры вялікіх няшчасьцях, калі сям'я пахварэе ці павымірае.
300. Дай Божа хрысьціянскую сыць, Гэтак даўней прыказвалі старыя перад ядой, калі сядалі за стол. Гэтак старыя напаміналі дзецям і падлеткам, калі тыя прагавіта хапалі ды елі.
301. Дай Божа чутая відзіць. Прыказваюць, калі пачуюць добрую, хоць і мала праўдападобную навіну.
302. Дакажы славы. Гэтак заахвочваюць выканаць цяжкую работу.
303. Далі каляду. Прыказваюць, калі некага без пары адправілі з работы ці звольнілі з працы.
304. Далі паложыш — бліжэй возьміш. Калі нейкую рэч прыхаваеш, дык у патрэбе хутчэй яе знойдзеш.
305. Далі ў лес — болі дроў. Гэтак перасьцерагаюць, каб нехта ня ўступаў у доўгія спрэчкі або каб не заводзіў справы ў судзе.
306. Дараванаму каню ў зубы ні глядзяць. Прыказваецца таму, хто прыглядаецца да дараванай ці знойдзенай рэчы, ці яна добрай якасьці.
307. Дар за дар. За зробленае дабро трэба адплаціцца дабром, або — за прычыненае ліха ліхам.
308. Дар за дар, а дарма нічога. Адплата строга па заслугах.
309. Дарма й каза ваўку ні скача. Калі каза ваўку паскача, дык воўк яе зьесьць. Прыказваюць таму, хто за зробленае дабро адплачвае злом свайму дабрадзею.
310. Дарога ня сьпіць. Прыказваюць таму, хто баіцца ночы адзін ехаць, ці йці ў дарогу, бо-ж на дарозе заўсёды знойдуцца падарожныя.
311. Дасьць Бог дзень, дасьць і пажытак. Для развагі таго, хто бядуе, як ён будзе жыць. калі пастарэе.
312. Дасьць Бог доньку, дасьць Бог і дольку. Прыказваюць бацьком, якія наракаюць, што ў іх родзяцца дочкі, а не сыны.
313. Датуль маці міла, пакуль пяты мыла. Упікаюць дзецям, якія ня хочуць дапамагаць старым бацьком.
314. Даў-бы шэліг на малебін, дык самому патрэбін. I на добрую справу ня можна аддаць таго, што пільна патрэбна сабе.
315. Даў лататы, Уцёк.
316. Даў рады. Справіўся з работай ці заданьнем.
317. Даў таўкача. Прыказваюць таму, хто стаўся пераможцам, для прыкладу: калі маладзейшы брат перш школу кончыў за старэйшага, ці калі перш ажаніўся або калі маладзейшая сястра перш замуж зышла.
318. Даў у пяту. Калі нехта павярнуў назад у гутарцы, чынах, палітыцы.
319. Даў цягу. Пусьціўся ўцякаць.
320. Два вякі жыць ня будзім. Гэтак напамінаюць старому чалавеку, які зьбірае вялікія запасы.
321. Два гады ні вячэрай, дык на трэці хлеба застанецца. Гэтак жартуюць з таго, хто позьніцца на вячэру ды ня еўшы спаць кладзецца.
322. Два каты на адным саля ня тоўпюцца. Прыказваюць, калі два гаспадары жывуць на аднэй гаспадарцы або два зайздрывыя ўрадоўцы абслугоўваюць адну грамаду людзей.
323. Двор па бор, вароты па балота. Аб нядбайным гаспадары, якога панадворак не абгароджаны ды зямля ляжыць дзірваном па самы бор, няма ніякіх варотаў і варотамі балота, бо празь яго не пераедзеш.
324. Дзе ахвота, там і работа. Толькі тая работа вартасная й спорная,што выконваецца пры сваёй ахвоце.
325. Дзе баліць, там і лучаіцца. 1. Бывае часта, што ўдараць ізноў раней пашкоджанае месца на целе. 2. Калі аднаўляюцца мінулыя, яшчэ незаспакоеныя беды й балючыя перажываньні.
326. Дзе гэта чута? Дзе гэта відана? Гэтак запярэчваюць апавядальніку,калі маюць сумліў у праўдзе ягонага апавяданьня.
327. Дзе дзень, дзе ноч — і тыдзінь проч. Аб валачашчы ад чалавеку, які жыве без ані якое мэты, абы пражыць.
328. Дзе добрыя дочкі дзяюцца, а дзе благія нявесткі бяруцца? Гэтак разважае той, хто чуе, што кажная матка хвале сваю дачку, што па дабраце няма ёй раўні ў сьвеце. Калі-ж гэтая самая дзяўчына выйдзе замуж, дык сьвякроў яе гане, што гэткай благой няма другой у сьвеце.
329. Дзе каму баліць, там той і студзя. Кажны мае свае беды й клопатый стараецца іх залагоджваць.
330. Дзе кінь — там клін, дзе пала — там прапала. Напамін, каб рупіліся аб сваёй маёмасьці ці гаспадарцы, бо калі здаць пад нагляд іншых —будзе ўбываць або й зусім прападзе.
331. Дзе коратка, там і рвецца. Калі тое ў гаспадарцы прападае, чаго й так не хапала.
332. Дзе любюць, дык і туды ні ўчашчай, а дзе ня любюць, дык там і нагой ні бывай. Навука бацькоў сваім дзецям, каб зачаста ня бывалі там, дзе іх любяць, бо надакучаць і там.
333. Дзеля аднаго жыда кірмаш будзя. Прыказвае селянін, калі паляніцца пайсьці ў воласьць на сходку.
334. Дзеля аднаго салдата ня будзя войска шчарбата. Прыказваюць, каліЎ гаспадара просяць таго, чаго ён шмат мае. Калі ў яго драбніцу ўзяць, ад гэтага убытку ў гаспадарцы ня будзе
335. Дзеля дружбы й цыган вешаўся. Жартуюць з таго дзяцюка, які на кірмашы палез бараніць свайго сябру й сам дастаў па карку.
336. Дзе маё ні прапала. Прыказвае той, хто нейкую невялікую рэч адступае другому. Прыказвае й той, хто мае нейкую невялікую страту ў гаспадарцы.
337. Дзе мы жывём, там пуга з вузлом. Прыказвае той, каму дрэнна жывецца.
338. Дзе начуя, там ня днуя. Аб валачашчым чалавеку.
339. Дзе няняк многа, там дзіця бязнога. Аб гаспадарцы, дзе шмат работнікаў, але няма парадку, бо кажны спадзяецца, што нехта іншы зробе, а работа застаецца ня зробленай.
340. Дзе піва п'юць, там і разьліваюць. 1. Калі пры пачостцы разьліваецца пітво. 2. Прыказваюць, калі пры разьдзеле нейкай маёмасьці здараецца невялікі ўбытак.
341. Дзе піва варуць, там і п'юць. Калі пры вырабе нейкай ежы ці харчовых прадуктаў там-жа іх і спажываюць.
342. Дзе позная ральліца — родзя гірса, мятліца. Прыказваюць сяляне, калі позьняцца з часам воранкі.
343. Дзе раньняя ральліца — родзя жыта, пшаніца. Прыказваюць сяляне аб паравой воранцы пад пасевы збожжа.
344. Дзе рост, там і ўмалот. 1. Калі парасло збожжа, дык зь яго можна спадзявацца й добрага ўмалоту. 2. Аб чалавеку, калі ён вялікі й моцнага складу цела, дык можна спадзявацца, што зь яго будзе добры работнік.
345. Дзе сеў, там і прыкіпеў. Аб ня рупным чалавеку, які, калі пашлюць яго за патрэбай, ён заседзіцца на доўгі час.
346. Дзе сіраце бацьку браць. Калі патрэбная нейкая рэч, а яе няма дзе дастаць, дык трэба прыдумляць, каб безь яе абыйсьціся.
347. Дзе тут у вубоствя жывучы ды зь перцам есьці. Калі нехта да благой адзежы, ці дрэннай снасьці ды аздабленьні вешае.
348. Дзе чорт ні араў, там сеіць ні стаў. Калі хто ня хоча рызыкаваць нечым, бо не спадзяецца ўдачы ў дадзенай справе.
349. Дзе чорт ня зможа, там бабу пашле. Перакананьне, што баба быццам мае большыя здольнасьці на тое, каб зьвесьці чалавека на благое, як сам чорт.
350. Дзе ўжон, там і ўмалот. Калі шмат нажата, дык можна спадзявацца, што шмат і намал
