|
Адкрыццё прыхаванага сэнсу
Мы ўжо, здаецца, звыкліся з адкрыццём новых імёнаў у гісторыі нашай літаратуры. Апошнімі гадамі яна пабагацела на Алеся Гаруна і Антона Луцкевіча, Наталлю Арсенневу і Вацлава Ластоўскага ды на шмат іншых. Але кожная новая сустрэча, новае адкрыццё прыносяць радасць і захапленне яшчэ адным дыяментам у сузор'і прыгожага пісьменства.
Трагічныя супярэчнасці ў нашай культуры пакінула пасля сябе камуністычнае грамадства. Падсавецкая беларуская паэзія пачала ажываць у канцы 50-х гадоў з прыходам у літаратуру Р. Барадуліна, У. Караткевіча, а потым у вершах маладзейшых — А. Разанава, А. Мінкіна, А. Сыса... Пры цяжкіх стратах, якія прынесла для беларускай культуры пануючая камуністычная ідэалогія, тым не менш ішла барацьба паміж унутраным светам творчай асобы і псеўдакаштоўнасцямі, якія навязвалі грамадству. У творчасці кожнага пісьменніка адбывалася антаганістычнае раздваенне мэтаў і магчымасцяў. Перамагалі найбольш моцныя, таленавітыя і незалежныя.
У жарале гэтага змагання выкрышталізаваліся сапраўды вялікія таленты. Можна правесці аналогію з паэтычным выбухам у дзесяцігоддзе перад першай сусветнай вайною, калі, з аднаго боку, расейскія акупацыйныя ўлады дазволілі беларускі друк, але з іншага боку, усё адраджэнне хадзіла пад вязніцаю і трывала выключна на энтузіазме асобных ахвярнікаў.
У нацыянальным дэмакратычным грамадстве іншыя прыярытэты. Там існуе нацыянальная культурная плынь. Выспяванне творчых індывідуальнасцяў ідзе ў іншым вымярэнні, тым не менш вельмі часта даючы выключныя вынікі на нейкіх балючых, трагічных сваіх зломах.
Для Янкі Юхнаўца, паэта-эмігранта, якога мы прадстаўляем у гэтым зборніку, гэтая трагедыйнасць відавочная. Яна выкліканая вымушанай адарванасцю ад Бацькаўшчыны, пагатоў гэтая адарванасць узмацнілася ягоным асобным месцам у плыні беларускай эмігранцкай літаратуры. Адметная эстэтыка, філасофскія падваліны ягонае паэзіі, стылёвая адрознасць рабілі ягоныя творы непадобнымі для традыцыйнае беларускае паэзіі, а праз гэта былі і шмат для каго незразумелымі. Як згадвае Янка Юхнавец: «Першыя творы тут сустрэлі суперлівымі штыхамі, блізу «псіхалягічнай атакай» пад час 1-е вайны. Было чуваць: цікавы, але дзікі!»
Аднак вышэй адзначаныя ўласцівасці паэзіі Янкі Юхнаўца, прышчэпленыя на глебу беларускага фальклору, які з'яўляецца асновай светапогляду паэта, далі нечакана магутны эфект. «У фальклёры ўсё,— піша Янка Юхнавец,— там і літаратура і дайная філязофія чалавечая».
З пэўнасцю можна сказаць — мы маем стасункі» з буйным беларускім паэтам, творчасць якога,пры ўмове хай сабе і запозненага асэнсавання і спасціжэння сучаснікамі, можа зрабіць значны ўплыў на далейшае развіццё беларускай паэзіі.
Нарадзіўся Янка Юхнавец у 1921 годзе на Бягомльшчыне. Пад час вайны страціў бацькоў і пецярых малых братоў, спаленых летувіскімі фашыстоўцамі. Быў вывезены ў Нямеччыну, дзе і застаўся на эміграцыі. Першыя друкаваныя творы з'явіліся ў эмігранцкіх часопісах «Шыпшына», «Сакавік», «Беларуская Думка» ды інш. Затым Янка Юхнавец выехаў у Амерыку. Атрымаў юрыдычную адукацыю і працаваў у сферы бізнесу. Апроч вершаваных твораў пісаў таксама і прозу пад крыптанімам Я. Юх. і псеўданімам К. Юхневіч.
Першая кніжка паэта — вершаваны зборнік «Шорах моўкнасьці» — убачыла свет у 1955 годзе і аб'яднала частку вершаў Янкі Юхнаўца, напісаных ім з 1947 па 1953 год. Гэты зборнік можна лічыць своеасаблівым ключом для разумення творчасці паэта. Назва зборніка, узятая з назвы аднайменнага цыкла вершаў у кніжцы, абумоўлівае эстэтычную звышзадачу, якую спрабуе вырашыць паэт — пачуць няўлоўнае, вылучыць паэтычную субстанцыю нашага жыцця, зразумець спрадвечнасць гэтага вялізнага свету, адначасна звёўшы свет вакол сябе ў адзінае беларускае цэлае.
Гармонію светаўспрымання выпраменьваюць гэтыя вершы. Спакойны беларускі пагляд на космас, які акаляе нас і звязаны з намі тысячамі нябачных нітак.
Уражвае ўнутраная танальнасць вершаў, якія нібыта звіняць ад пачатку да канца, іхняе паэтычнае суладдзе. Недарма адна з галоўных дзеючых асобаў у творчасці паэта — вецер. Гэта ўстойлівы і ўсеабдымны вецер, які пранізвае ўсё навылет. Ён моцны і няспынны, ён вымушае ўсіх жыць пад сваёю апекаю, з абавязковым улікам ягонага існавання.
Ды і ўся паэзія Янкі Юхнаўца — гэта своеасаблівы вецер, які ахоплівае чалавека і не адпускае яго, трымае ў сваім пранізлівым, сумным і адзінокім гудзе.
Вершы Юхнаўца трэба чытаць няспешна і ўважліва. Іхняя прыцягальнасць і ў нечаканасці думкі, кожнага слупка, радка і нават слова. Ягоная паэзія дае магчымасць вяртання да яе і разам з гэтым новага адкрыцця прыхаванага сэнсу, шматлікіх нюансаў, не заўважаных раней. I пры ўсім пры гэтым яна застаецца праўдзівай паэзіяй
У адвольным такім і дзіўным самараскрыцці паэта, ягонага бліскучага таленту, трэба лічыць, вялікую ролю адыграла так званае пісанне ў стол. Вершы друкаваліся, але чытацкае кола там, за мяжою, было вельмі абмежаванае. Янка Юхнавец ці не адзіны беларускі паэт пасля Максіма Багдановіча, які ўзгадаваўся і сфармаваўся як творца на чужыне. Недарэмна ён сцвярджае: «Я насьледак М. Багдановіча».
У такіх умовах развіцця творчасць Янкі Юхнаўца была скіраваная на індывідуалізацыю, раскрыццё паэтычных магчымасцяў у самаспазнанні, пераасэнсаванні ўсяго свету праз сваё «я». Hi кроплі фалыпу няма ў гэтай паэзіі, бо пісалася яна найперш для сябе і справаздача трымалася перад сваім уласным, унутраным крытыкам.
Паэзія Янкі Юхнаўца мае моцны агульналюдскі зарад, агульналюдское значэнне, бо нясе на сабе адбітак спрадвечнага ладу існавання многіх ранейшых беларускіх пакаленняў. Само мысленне Янкі Юхнаўца, адбітае ў ягоных вершах, з'яўляецца, на маю думку, праяваю менавіта беларускага асэнсавання гэтага свету.
Выданне «Шораху моўкнасьці» ды іншых кніжак літаратараў-эмігрантаў Наталлі Арсенневай, Алеся Салаўя, Антона Адамовіча, Станіслава Станкевіча, Уладзіміра Клішэвіча, Масея Сяднёва, Рыгора Крушыны ды іншых у другой палове 40-х—50-х гадах фактычна запоўніла тую жахлівую пустку пасля разгрому беларускай літаратуры, якая ўтварылася ў падсавецкай Беларусі. Дапаўняюць творчасць беларускай эміграцыі тых гадоў вершы Л. Геніюш, Л. Случаніна, В. Супруна, якія знаходзіліся на другім канцы свету, але гэтак жа ж упарта рабілі беларускую літаратуру.
Творы і пераклады Янкі Юхнаўца друкаваліся ў беларускай эмігранцкай перыёдыцы, у часопісах «Конадні», «Баявая ўскалось» ды інш. Асобнымі выданнямі выйшлі паэмы «Новая Элегія» і «Калюмбы». У 1987 годзе ў Нью-Ёрку выйшаў першы, у 1989-м — другі і ў 1990 годзе трэці том твораў Янкі Юхнаўца, якія аб'ядналі ягоныя вершы, паэмы і драматычныя творы. Гэтае выданне яшчэ не закончанае. Яно падсумоўвае амаль паўвекавую напружаную творчую працу паэта.
Пры знаёмстве з вершамі Янкі Юхнаўца добра ўсведамляеш, што асэнсаванне ягонае творчасці патрабуе хаця б элементарнага ведання філасофіі, яе сучасных напрамкаў. Філасофскі накірунак паэм, драматычных твораў Янкі Юхнаўца, спробы па-свойму асэнсаваць складаныя пытанні чалавечых стасункаў робяць ягоную творчасць з'яваю не толькі літаратурнаю, але й набыткам беларускай філасофіі, набыткам, які яшчэ чакае свайго ўважлівага даследчыка.
У сістэме каардынатаў беларускай літаратуры творчасць Янкі Юхнаўца бліжэй за ўсё, на мой пагляд, да творчасці Алеся Разанава, паэзія якога таксама мае вялікі філасофскі падтэкст. Перагукаюцца іхнія пошукі ў сферы ўнутранай стылістыкі беларускай мовы, словаўтварэння і пераасэнсавання глыбіннага значэння, здавалася б, спрадвечных слоў. Свядома ідучы на слоўны эксперымент, Янка Юхнавец тым не менш заяўляе: «Мае словы належаць Беларускай мове». Хочацца перафразаваць выказванне паэта і сказаць, што ўся ягоная творчасць належыць беларускай літаратуры
Алесь Бяляцкі
