МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Будавалі карабель незалежнасьці // Антонава Т. У землякоў за акіянам

Аўтар: Антонава Т.
Раздзел: Інтэрв'ю
Краiна: ЗША
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

БУДАВАЛІ КАРАБЕЛЬ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ

Ала ОРСА-РАМАНА нарадзілася ў Навагрудку, разам з бацькамі трапіла ў Нямеччыну, пасля ў ЗША. Прафесар хіміі Нью-Йоркскага універсітэта. Бярэ актыўны ўдзел у дзейнасці Беларуска-Амерыканскага Задзіночання ў ЗША. З'яўляецца кіраўнічкай беларускага танцавальнага калектыву «Васілёк» у Амерыцы.

Спадарыня Ала Орса-Рамана забараніла мне называць сябе на «вы». «У нас так не прынята, калі ласка, лепш на «ты» пастарайся, зрабі прыемнасць»,— папрасіла яна.

Ала — асоба яркая і неардынарная, з разнастаинымі інтарэсамі і захапленнямі. Яе густыя-густыя жоўта-жытнёвыя валасы напэўна з поспехам заменяць зімой футравую шапку. Кароткая стрыжка надае ўсяму яе абліччу нешта гарэзлівае, дзявочае, непрадказальнае, а горда ўскінутая галава выдае характар цвёрдага, упартага чалавека, які ведае, чаго ён варты. Тонкая, з бездакорнай наставай, фігурай танцоўшчыцы; лёгкая і імклівая хада; прыемны голас — яна спявае у царкоўным хоры. Ала — уладальніца абаяльнаи усмешкі амерыканскай кіназоркі.

Напэўна, доктар Орса-Рамана вельмі цікава чытае лекцыі студэнтам, бо, акрамя навуковых здольнасцяў і ведаў, мае яшчэ і цудоўныя артыстычныя даныя. Аналітычнасць розуму і гульня, пераўвасабленне даволі гарманічна ўжываюцца ў асобе аднаго чалавека, надаючы ёй арыгінальнасць, своеасаблівасць і загадкавасць.

Расказваць пра Алу-вучонага не буду. Неяк пацікавілася тэмай яе навуковага даследавання, яе «дактарату», але гаворка не атрымалася: надта ўжо далёкай аказалася я ад праблем сучаснай хіміі, надта недасведчанай. Шкада, канешне, бо работа ў амерыканцаў заўсёды на першым месцы. Але ж на другім у паважанага прафесара, безумоўна,— беларушчына. I гэта мяне цікавіць куды больш, чым хімія.

Дачка беларускіх дзеячаў, педагогаў Аляксандра і Наталлі Орса, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі справе адукацыі, выхавання нацыянальнай годнасці і самасвядомасці беларускай моладзі, працягвае пачэсную справу бацькоў.

Два гады назад яна прывезла ў Беларусь танцавальную групу моладзі «Васілёк», удзельнікамі якой былі хлопцы і дзяўчаты беларускага паходжання, што нарадзіліся ў Амерыцы і ніколі не былі на радзіме бацькоў. Не трэба казаць, з якім натхненнем і ўздымам танцавала моладзь. Але несумненным лідэрам сярод Іх была Ала. З цяжкасцю верылася, што яна не прафесіянал, а аматар. Дарэчы, як і ўсе іншыя ў групе. Выступленне ў Мінску стала яе трыўмфам і як артысткі, і як кіраўніка «Васілька».

Толькі ў Амерыцы, ужо трохі пазнаёміўшыся з жыццём нашых суайчыннікаў, праблемамі беларускай эміграцыі, я змагла ацаніць, якую вялікую справу зрабіла дачка Орсаў, арганізаваўшы «Васілёк», залучыўшы да заняткаў у ім дзяцей, падлеткаў і моладзь, наладзіўшы выступленні калектыву ў прыгожых нацыянальных строях у беларускіх асяродках ЗША, а таксама і на прэстыжных амерыканскіх фестывалях. Якія былі вынікі намаганняў малодшай Орса? Пераацаніць іх немагчыма. Напэўна, трэба сказаць, у якіх няпростых варунках існуе беларуская эміграцыя ў Амерыцы. Не атрымліваючы ніякай духоўнай падпіткі і падтрымкі з Бацькаўшчыны, у сварках на рэлігійнай глебе яна пачала асімілявацца, губляць сваё нацыянальнае аблічча.

З'яўленне «Васілька» было вельмі своечасовым. Бацькі аддавалі дзетак у ансамбль, дзе тых навучалі беларускім танцам і песням, старэйшыя шылі ім касцюмы для выступленняў. Словам, кола закруцілася. А пас ля вельмі удалых выступленняў «Васілька» на нацыянальных амерыканскіх святах статус беларускай эміграцыі сярод народаў іншых нацыянальнасцей, што жывуць у Амерыцы, рэзка падняўся. Сам гэты факт меў станоўчае ўздзеянне на нацыянальныя пачуцці беларусаў, неяк ускалыхнуў іх, абудзіў да грамадекай дзейнасці.

Чаго ўсё гэта каштавала кіраўніку «Васілька», можна толькі здагадвацца. Спадарыня Ала ніколі не акцэнтавала на гэтым увагу. А між тым, я даведалася, што каб самой быць пастаянна ў форме, яна мусіла некалькі разоў на тыдзень браць урокі харэаграфіі. Нават і летам, калі ў яе канікулы, яна не перапыняе заняткаў. Што б ні было, а дзве-тры гадзіны працы каля станка! Я бачыла, жывучы ў Алы, якой яна вяртаецца дамоў пасля такіх урокаў: ціхая, шчаслівая, стомленая. Мяркуючы па ўсім, яе прызваннем была сцэна, дзе яна бліскуча магла б выконваць ролі галоўных гераінь, праслаўляючы талентам Беларусь.

Хаця скардзіцца на свой лес дачка Орса наўрад ці можа: у яе выдатная адукацыя, прэстыжная прафесія. Муж, Франек Рамана, італьянец па паходжанні, таксама прафесар, можа гаварыць па-беларуску. Сыны, Паўлюк і Коля, выхаваны маці ў беларускім духу, абодва танцуюць у «Васільку». Яна ні ў чым не здрадзіла сабе, спраўдзіла светлыя надзеі бацькоў.

Пра што толькі ні гаварылі мы з Алай у час нашых доўгіх аўтамабільных вандровак! Само сабой — пра мінулае, пра палітыку, пра асобу Гарбачова, пра беларускі парламент, пра Бога, пра шматмернасць сусвету і сане чалавечага існавання на Зямлі. Жывая і не стомленая жыццём душа гэтай жанчыны, хаця і не адкрывалася наросхрыст, але прагнула шчырасці, адкрытасці, убірала іх, як губка ваду. Яна верыць у бессмяротнасць душы, у тое, што пасля смерці чалавека застаюцца яго добрыя справы, а душа перасяляецца ў іншыя істоты — у звяроў і птушак, у кветкі і дрэвы. Напэўна, таму і папыталася, якім дрэвам я хацела б быць у іншым сваім жыцці.

— Яблыняй,— быў адказ.

А ў якім дрэве яна бачыць сваю душу, не сказала.

Аляксандр ОРСА нарадзіўся 24 ліпеня 1896 года ў мястэчку Нягневічы на Навагрудчыне. У 1918 годзе працаваў настаўнікам пачатковай школы. Атрымаў вышэйшую адукацыю ў Празе і дыплом доктара прыродазнаўчых навук. Працаваў у Беларускай гімназіі ў Навагрудку. Пасля быў высланы польскімі ўладамі з этнічных беларускіх тэрыторый у глыб Польшчы. У час нямецкай акупацыі Беларусі працаваў інспектарам школ Навагрудскай акругі.

Апынуўшыся на эміграцыі, прымаў удзел у арганізацыі Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы і стаў яе дырэктарам.

Пазней, у ЗША, удзельнічаў у арганізацыі Беларуска-Амерыканскага Задзіночання, першай парафіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Нью-Йорку.

Кароткія факты біяграфіі і жыцця чалавека, які здабыў вялікі маральны аўтарытэт і павагу сярод сваіх вучняў, працаваў у імя будучай незалежнасці і вольнасці свайго народа, канешне ж, мала гавораць аб яго асобе і яго часе. Але, на жаль, і гэтыя кароткія звесткі пакуль не знойдзеш ні ў адной энцыклапедыі ці даведніку, выдадзеных у Беларусі. Але жыве гэты чалавек у памяці ўдзячных нашчадкаў, сваіх выхаванцаў, у іх справах.

Збіраючы матэрыялы пра Аляксандра Орса, я запісала ўспаміны яго дачкі — Алы Орса-Рамана, Ніны Орса, жонкі брата Аляксандра — Пятра, Лілы Тур — стрыечнай сястры Алы Орса, якая цудам выжыла ў час сталінскага тэрору і жыве ў Мінску, а таксама вучняў і саратнікаў вядомага беларускага дзеяча.

— Тата і мама абодва з сялянаў, з бедных сем'яў,— расказвае Ала Орса.— Мама расла сіратой, татаў бацька таксама вельмі малады памёр, так што ім нялёгка было, і яны ведалі, як цяжка дзецям сялян выбіцца ў людзі.

Нягледзячы на самыя розныя перашкоды, Аляксандр Орса атрымаў сярэднюю адукацыю і паступіў на двухгадовыя настаўніцкія курсы, што дало яму магчымасць выкладаць у пачатковых школах. Аднак заняцца педагагічнай працай не давялося, бо быў прызваны ў царскую армію, а з пачаткам першай сусветнай вайны пасланы на фронт.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, на пачатку 1918 года, вяртаецца на Навагрудчыну. Нямецкую акупацыю змяняе польская. Польскія ўлады не даюць магчымасці працаваць Орса інастаўнікам, і той пачынае займацца грамадскімі беларускімі справамі. «У гэты час А. Орса карыстаецца вялікім даверам насельніцтва Нягневіцкай воласці, якое выбірае яго сваім прадстаўніком для размеркавання харчовай дапамогі, зарганізаванай урадам ЗША для пацярпеўшых у вайну,— піша ў артыкуле, апублікаваным у эмігранцкай прэсе, В. Плескач.— Гэтыя дапамаговыя камітэты арганізуюцца пад кіраўніцтвам А. Орса на тэрыторыі цэлай Наваградскай акругі, прыносячы вялікую дапамогу насельніцтву. Адначасна дагавор аб нацыянальных меншасцях паміж Польшчаю і заходнімі дзяржавамі з 1921 года дае гваранцыі нацыянальным меншасцям у Польшчы, у тым ліку й беларусам у Заходняй Беларусі, палітычных і грамадзянскіх правоў. На жаль, польская Другая Рэч паспалітая ўжо ад пачатку свайго існавання не датрымала гэтых гваранцыяў і пачала палітыку дыскрымінацыі й рэлігійнай неталяранцыі ў адносінах да беларусаў. З увагі на гэтую палітыку польскага ўраду, грамадзка-нацыянальная праца беларусаў была кантраляваная польскімі афіцыяльнымі чыньнікамі, якія імкнуліся да дэнацыяналізацыі беларускага насельніцтва, ужываючы розныя мэтады суровай рэпрэсіі і супроць беларускіх дзеячоў. Аднак і гэта не паўстрымала маладога настаўніка ад актыўнай працы. Ён памагаў арганізаваць культурна-асветную дзейнасць сярод беларускага насельніцтва ў нашых вёсках, ладзячы спектаклі й рэфэраты ды ўсьведамляючы нацыянальна беларускага селяніна».

Але рэпрэсіўная дзейнасць польскіх уладаў у адносінах да беларусаў не дае ім магчымасці, нягледзячы на ўсе намаганні, атрымаць прадстаўніцтва ў сейме і прымушае Аляксандра Орса пакінуць родны край, выехаць на вучобу ў Чэхаславакію.

З успамінаў Алы Орса-Рамана.

— Дзядзька Пятрусь расказваў, як адбылася сямейная сходка, на якой вырашылі, хто пойдзе вучыцца, а хто павінен гаспадарку глядзець. Дык вырашылі, што Аляксандр пойдзе, а Пятро застанецца. Пачуўшы гэта, дзядзька Пятрусь залез на печ і два дні плакаў, што яму не выпала вучоба. Праўда, пазней ён таксама адправіўся ў Прагу за асветай. Мама мая яшчэ раней бацькі перайшла мяжу нелегальна, каб трапіць на вучобу. Яна расказвала, што ўмовы жыцця там былі цяжкія, страшны голад быў, вельмі шмат хто са студэнтаў на сухоты хварэў. Яна брала любую працу — посуд мыла ў бурсе, прыбірала. Хаця мела стыпендыю, праўда, невялікую. Стыпендыяй жа яна дзялілася з тымі, у каго зусім не было сродкаў. Увогуле студэнты з Беларусі, а гэта былі найбольш свядомыя беларусы, імкнуліся памагаць адзін аднаму.

Тата прыйшоў у Прагу на пару гадоў пазней за маму. Там яны, дарэчы, і пажаніліся.

Моцна звязала на ўсё жыццё Наталлю і Аляксандра не толькі каханне, але і любоў да Бацькаўшчыны, жаданне быць карыснымі свайму гаротнаму беларускаму народу. З дыпломамі аб вышэйшай адукацыі маладая: сям'я ў 1929 годзе вяртаецца ў Заходнюю Беларусь. Нягледзячы на права выкладання ў польскіх дзяржаўных гімназіях, доктар прыродазнаўчых навук А. Орса звязвае свой лес з Беларускай гімназіяй у Навагрудку,, хаця гэта сярэдняя школа не мела дзяржаўных правоў і ўтрымлівалася на аплату бедных сялянскіх і мяшчанскіх бацькоў.

З успамінаў Алы Орса-Рамана:

— Бацька і маці лічылі самым галоўным адукоўваць беларускую моладзь. Палякі далі дазвол на адкрыццё Беларускай гімназіі, але не далі сродкаў на яе ўтрыманне. Таму было неверагодна цяжка наладзіць там вучобу. Бацька мой хадзіў па вёсках і ўгаворваў бацькоў аддаваць дзяцей у школу, каб не трымалі іх дома, а пасылалі па навуку. Ён разумеў, як гэта цяжка сялянам аддаць сына, пазбавіцца яго дапамогі, але ўсё роўна хадзіў, пераконваў людзей, стараўся мець лучнасць з людзьмі, давесці, што адукацыя ёсць вельмі важная ў жыцці чалавека. Мае бацькі былі перакананыя, што, каб стаць незалежнымі, трэба быць спачатку адукаванымі.

Палякі далі за плату працаваць толькі чатыром настаўнікам у Беларускай гімназіі, і тыя складвалі свае зарплаты і дзялілі пароўну на 18—20 выкладчыкаў. Бо нярэдка было, што бацькі не маглі заплаціць за асвету сваіх дзяцей: сродкаў зусім не было. Грошай было мала, з ядою вельмі цяжка. Самаахвярныя настаўнікі працавалі самааддана, выкладанне вялося на вышэйшым узроўні.

Дзеці і падлеткі стараліся летам працаваць, збіраць збожжа, ці што яшчэ рабіць, і скласціся на гімназію.

Нечакана для польскіх уладаў гімназія расквітнела, стала выпускаць вучняў, якія былі ўзгадаваны ў беларускім духу і добра падрыхтаваны да універсітэтаў. Гэта не спадабалася польскім уладам, і яны ў 1934 годзе зачынілі Беларускую гімназію, яе настаўнікаў разагналі, Орсаў выслалі аж пад Варшаву без права вяртання назад.

У 1929 годзе з Прагі ў Беларусь з дыпломам агранома вярнуўся і брат Аляксандра Орса Пётр, які таксама ўзяўся за новаўвядзенні, пра якія даведаўся ў Чэхаславакіі.

З успамінаў Ніны Орса:

— Пётр з сябрамі арганізавалі так званы кааператыў, куды кожны селянін здаваў малако,— малачарню. Яна дзейнічала вельмі паспяхова ў пачатку 30-х гадоў, пастаўляла гораду, па ўсёй акрузе і нават далей сыры, масла, смятану.

Быў заведзены такі парадак: пры прыёме малака ў гаспадароў вызначаюць яго тлустасць і ў адпаведнасці з гэтым плацяць. Існаванне такіх спажывецкіх кааператываў было вельмі прагрэсіўнай з'явай у Заходняй Беларусі. Але стаўленне палякаў увогуле да беларусаў, да іх дзейнасці было выразна адмоўным. Беларус нават не мог купіць зямлі блізка мяжы, усялякую меў дыскрымінацыю. Палякі лічылі, што ўсе беларусы — камуністы, за нашай малачарняй пастаянна прыглядалі, думаючы, што мы нейкую сувязь з Саветамі маем. Пазней самастойныя малачарскія таварыствы перасталі існаваць, у 1938 годзе яны злучыліся з польскай кааперацыяй.

Нацярпеўшыся ад польскіх уладаў, якія праводзілі палітыку дэнацыяналізацыі беларусаў, нашы землякі на тэрыторыі Заходняй Беларусі з надзеяй і трывогай сустракалі ў 1939 годзе Чырвоную Армію.

Як кажа Ала Орса-Рамана, яе бацькі, якія з нападам фашысцкай Германіі на Польшчу вярнуліся дамоў, не мелі ілюзій наконт Савецкай улады. Яны былі сведкамі таго, як у Прагу, дзе яны вучыліся, прыязджалі людзі з Савецкай Беларусі і ўгаворвалі моладзь вяртацца назад, дапамагаць будаваць «новае жыццё ў вольнай незалежнай краіне». Многія тады павярталіся, але амаль усе загінулі ці пазней, ці раней. Так здарылася і з малодшым братам Аляксандра Орса — Мікалаем, які паддаўся на ўгаворы і прыехаў з Прагі на Беларусь. Яго як ветэрынара абвінавацілі ў наўмыснай патраўцы калгасных кароў і саслалі ў Сібір, дзе ён і загінуў.

У здрадзе і шпіёнстве абвінавацілі сястру Наталлі Орса — Лену з мужам, якія з Польшчы перабраліся ў Савецкую Беларусь, паддаўшыся прапагандзе аб райскім жыцці ў Саветах. Муж яе памёр у турме, а сама Лена прайшла праз інквізітарскія допыты і здзекі ў следчых ізалятарах. Ад дачкі нябожчыцы цёткі Лены — Лілы Тур я даведалася пра тое, якія жахі давялося перажыць ёй разам з малодшай сястрой пасля: арышту бацькоў. Слухаць споведзь гэтай хворай, адзінокай жанчыны з пакалечаным лёсам, якая дасюль яшчэ баіцца ўслых гаварыць пра тыя падзеі, запалоханай і застрашанай, немагчыма без слёз.

З успамінаў Алы Орса-Рамана:

— Як мы жылі пры Саветах? У вечным страху. Я маленькая была, памятаю, як адпраўлялі мяне бацькі з пакоя, калі хацелі аб нечым пагаварыць. Баяліся. З маёй сястрой неяк адбыўся такі выпадак: падышоў да яе нейкі чалавек, даў цукерку і стаў пытацца, пра што яе бацькі гавораць. Бацькі баяліся са сваімі сябрамі сустрэцца, бо ўбачыць нехта, што гавораць двое на вуліцы, данясе. I тады забіралі, дапытваліся, пра што вялі размову. Сапраўдны генацыд супраць уласнага народу распачалі бальшавікі, і людзі пракліналі іх, баючыся хоць неасцярожным словам ці позіркам выдаць сябе.

Ала Орса-Рамана многае памятае і ведае ад бацькоў пра той перыяд іх жыцця. Я папрасіла яе прааналізаваць вядомыя ёй факты, выказаць сваю думку наконт таго, як працавала гэта пякельная машына па запалохванні людзей, ператварэнні іх у істот, пазбаўленых волі і ўласных думак.

З успамінаў Алы Орса-Рамана:

— Русіфікацыя і ідэалагізацыя адбываліся спакваля. Нават і на побытавым узроўні. Збіраецца, скажам, кампанія — абавязкова трэба спяваць «Кацюшу». Кожную нядзелю загадана было на дэманстрацыі ў падтрымку Савецкай улады хадзіць з плакатамі Леніна і Сталіна ў цэнтр горада, дзе нейкі актывіст выступае з прамовай аб велічных ідэях камунізму. Там абавязкова крычалі «ўра».

Беларускія настаўнікі ў школах замяняліся прывезенымі з Масквы кадрамі, людзі прападалі штодня, і ўсе баяліся нават папытацца пра іх. Асабіста мне напярэдадні вайны ўрэзаўся ў памяць выпадак: сядзім мы ў хаце, раптам з грукатам адчыняюцца дзверы і ў праёме паяўляецца чалавек на кані і такім грубым голасам патрабуе вынесці радыё, бо інакш будзе вобыск. Пасля кашмару, перажытага сям'ёй Орсаў і многіх-многіх іншых сем'яў у Заходняй Беларусі, якая ў 1939 годзе была ўз'яднана з Савецкай Беларуссю, прыход у Навагрудак немцаў у 1941 годзе не ўспрымаўся жыхарамі асаблівай трагедыяй.

На шыбеніцы, якую паставілі ў цэнтры горада, нікога так і не павесілі, а неўзабаве гэтыя сімвалы застрашэння і кары і ўвогуле ўбралі. Затое адчынілі беларускія школы, стала працаваць настаўніцкая семінарыя. Доктар Аляксандр Орса, які карыстаўся вялікім аўтарытэтам у сваіх землякоў, быў абраны школьным інспектарам Навагрудскай акругі. У беларуекай інтэлігенцыі з'явілася кволая надзея, што можна будзе мірна жыць з новымі гаспадарамі. Але яны зноў трапілі ў пастку. I зразумелі гэта, калі ўбачылі, як іх суседзяў -яўрэяў пазвозілі ў гета, а потым сталі знішчаць.

Рэпрэсіі над яўрэйскім насельніцтвам моцна змянілі стаўленне беларусаў да нямецкіх уладаў. Усе зразумелі, што гэта акупанты і нічога добрага ад іх чакаць не даводзіцца. У жахлівых ваенных умовах, калі адзін неасцярожны крок мог каштаваць жыцця, Аляксандр усю сваю энергію і талент педагога аддаваў моладзі, ладрастаючаму пакаленню.

З успамінаў Лілы Тур:

— Аляксандр Орса быў адданы сваёй справе, высокім ідэалам чалавек. Я бывала ў іх хаце, чула, як яго неаднойчы схілялі да супрацоўніцтва з немцамі. Размовы былі сур'ёзныя. Але ён упарта маўчаў, нават з пагардай, і па тым маўчанні многае можна было зразумець. Калі наступала Савецкая Армія, Орсы, пагрузіўшыся на вазы, ад'ехалі з Навагрудка. Потым мне знаёмыя сказалі, што калона бежанцаў трапіла пад бамбёжку і ўсе загінулі. Мы з маці ў думках развіталіся з імі назаўсёды, не спадзеючыся ні на які шчаслівы выпадак.

Пасля вайны маю маці, якая столькі нацярпелася на допытах, зноў пачалі цягаць, дапытваць, куды падзеліся Орсы, пагражаць ёй турмой. Тады ад страху я нават пашкадавала, што мы не паехалі разам і не загінулі пад бомбамі.

Толькі праз многа-многа гадоў яны далі аб сабе вестку. А нядаўна мяне наведала Ала з сынамі.

«Ваенная завіруха,— піша В. Плескач,— закінула др. А. Орса і ягоную сям'ю ў Нямеччыну. I тут ён знайшоў шмат цярплівасці й сілы волі, каб зарганізаваць беларускую сярэднюю школу й даць магчымасць беларускай моладзі ў лягерох перамяшчэньня вучыцца. Яго галоўнаю мэтаю было пашыраць беларускае слова на чужыне, выцягнуць моладзь зь лягернае бяздзейнасьці й даць ёй надзею на будучыню».

Там жа ў Нямеччыне др. А. Орса і іншыя настаўнікі, якія апынуліся на эміграцыі, арганізоўваюць Беларускую гімназію імя Янкі Купалы. Гэту сярэднюю беларускую школу за час яе існавання наведвалі прыблізна 200 вучняў, многія з якіх атрымалі пазней вышэйшую асвету ў розных універсітэтах Еўропы і Амерыкі. Сёння ўсе гэтыя людзі, пастаўленыя на моцныя ногі беларушчыны гімназіяй Янкі Купалы, і складаюць інтэлектуальнае і духоўнае ядро беларускай эміграцыі.

Дарэчы, апынуўшыся ў даволі цяжкіх абставінах у Амерыцы — без сродкаў існавання і без ведання мовы, др. А. Орса зноў кідаецца ў вір беларускага грамадскага жыцця. Каб пракарміць сям'ю, спачатку працуе вартавым, пасля лабарантам у яўрэйскім шпіталі ў Брукліне, а неўзабаве заканчвае курсы рэнтгенолагаў.

Вось, напэўна, і ўсё пра др. А. Орса, які, дарэчы, пайшоў з жыцця, не дажыўшы да старасці. Не вытрымала сэрца. Яго ўдзячныя вучні паставілі настаўніку помнік на могілках Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Жыровіцкай Божай Маці ў Саўт-Рыверы. Пакланіцца яго светлай памяці прыходзяць не толькі сваякі, але і зусім чужыя людзі, грамадзяне цяпер ужо незалежнай Беларусі. Яны прывозяць сюды з Бацькаўшчыны па жменьцы зямлі. Нехта з суайчыннікаў паставіў на гэтых могілках вялікі драўляны крыж у гонар усіх бязвінна загінуўшых у Курапатах, замучаных у турмах, сканаўшых у лагерах. Гэты чорны крыж як своеасаблівы знак бяды нагадвае ўсім аб тым, што давялося перажыць беларускаму народу на шляху да свабоды і незалежнасці.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by