МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

На беларускіх дачах у Глен Спэй // Антонава Т. У землякоў за акіянам

Аўтар: Антонава Т.
Кнiга: Антонава Т. У землякоў за акіянам.
Краiна: ЗША
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

НА БЕЛАРУСКІХ ДАЧАХ У ГЛЕН СПЭЙ

У Бэлер-Менск — беларускі асяродак адпачынку, які знаходзіцца ў курортным мястэчку Глен Спэй у штаце Нью-Йорк, мы прыехалі ў самы разгар спартыўных спаборніцтваў. I адразу паспяшаліся туды, дзе кіпелі спартыўныя страсці. На пляцоўцы было горача. Хлопцы і дзяўчаты розных узростаў, спартыўныя, трэніраваныя, прыгожыя — амерыканцы з павагай ставяцца да свайго здароўя і знешняга выгляду, умеюць адпачываць — спаборнічалі ў самых розных відах спорту, атрымліваючы ад гэтага, я бачыла, вялікае задавальненне.

Балельшчыкі, якія самі не змаглі ці не захацелі сёння ўдзельнічаць у спаборніцтвах, абляпілі пляцоўку і крыкамі падбадзёрвалі і без таго азартных ігракоў.

— Вунь, бачыш, Юрка Кіпель, Віктар Тур, Галіна і Коля Бахары лётаюць з мячом, ты іх ведаеш,— паказала рукой Ала Орса-Рамана, якая прывезла мяне сюды з Нью-Йорка і мусіла паехаць праз колькі хвілін назад.— Верка Запруднік завядзе цябе ўвечары на забавы. Тут гуляюць да раніцы. А калі што якое, то хадзем, пазнаёмлю з іншымі.

Мы падышлі да сталоў, засланых белымі абрусамі, што павыносілі сюды, каб на свежым паветры ў лагодным цяньку са смакам з'есці толькі што зваранай кукурузы і бульбы...

— Прыміце госцю з Беларусі,— пачала Ала.— Яна журналістка. А гэта Валя Камянкова, Люда Літаровіч, Валя Рагалевіч, Казя Гайшун, Ірына Цупрык. Пакажыце і раскажыце, як мы тут адпачываем.

Але паказваць і расказваць цяпер, я зразумела, не было часу. Жанчыны спяшаліся прыбраць са сталоў, моладзь пабегла да басейна, каб асвяжыцца перад вячэрнім мерапрыемствам.

Ірына Цупрык завяла ў прызначаны мне пакойчык, уручыла ключ, загадзя папрасіўшы прабачання за яго непрэзентабельнасць, бо цяпер сезон, і ўсё лепшае занята.

Пакой і сапраўды быў сціплы. Па ўсім было відаць, што ў гэтым старым будынку пастаянна не жывуць, і гаспадары яго не такія ўжо і заможныя людзі, бо многае тут даўно патрабуе рамонту і абнаўлення. Дарэчы, Ірына Цупрык размясцілася ў такім самым пакойчыку разам з дачкой і двума ўнукамі. Цесната, канешне. Але ж днём у пакоі ніхто не сядзіць, ідуць у лес, на рэчку. А краявіды тут сапраўды прыгожыя і вельмі-вельмі нагадваюць беларускія. Нейкая сцішанасць, засяроджанасць прыроды адчуваецца ў гэтым кутку амерыканскай зямлі. I дрэвы тыя самыя, што ў нашым лесе, і кветкі тыя самыя, і неба тое самае, вось толькі паветра больш гарачае, напоенае цяплом, хаця і ў гарах. Тыя з землякоў, хто жыве ў вялікім горадзе, дзе шумна і тлумна, такім як Нью-Йорк, скажам, асабліва цэняць магчымасць адпачыць на ўлонні прыроды. Напэў-на, менавіта старэйшае пакаленне, што вырасла ў вёсках, якія стаялі сярод густых бароў і ^запаведных лясоў, адчуваюць гэтую повязь з прыродай, сваю лучнасць з ёй, сумуюць без яе. Маладзейшыя, здаецца, іншыя, больш рацыяналістычныя. Яны ведаюць, што дыхаць свежым і чыстым паветрам карысна. Таму з задавальненнем і едуць у Бэлер-Менск.

Кароткая гісторыя гэтага цэнтра адпачынку беларусаў у ЗША выглядае так: 15 кастрычніка 1962 года над суайчыннікамі, якія пражываюць у штатах Нью-Йорк і Нью-Джэрсі, была заснавана карпарацыя «Рэсорт Бэлер-Менск», якая тады ж і набыла дачную маёмасць «Бэлер» у Глен Спэй і пераназвала яе ў «Рэсорт Бэлер-Менск». Карпарацыя дзейнічала да 1970 года, пакуль не абанкруцілася. На скліканым надзвычайным сходзе сяброў карпарацыі яе маёмасць была перададзена дзвюм беларускім праваслаўным парафіям: святой Ефрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы і святога Кірылы Тураўскага ў Рычманд Гіл у Нью-Йорку. Рэсорт быў перайменаваны ў «Рэлігійны адпачынкавы цэнтр Бэлер-Менск». Вернікі абодвух прыходаў ахвярна працуюць, каб утрымліваць Бэлер-Менск.

...Ледзь толькі сцямнела, за мною, як і абяцалі, зайшлі Галіна Бахар і Вера Запруднік, каб разам пайсці на «забавы». Гэтае «пайсці на забавы» пачало ўжо мяне інтрыгаваць. Дзяўчаты прыбраліся ўсё роўна, як на баль. Днём апрануты амаль аднолькава — шорты ці джынсы ды просценькая кашулька, а тут на кожнай нешта такое мудрагелістае, святочнае.

Паціху ў будынку, прызначаным для грамадска-культурных патрэбаў, які нечым нагадвае наш Дом культуры, пачынае збірацца публіка. Паважна ўплыва-юць сямейныя пары, размяшчаюцца за столікамі іх дзеці і ўнукі, дамы і кавалеры. Асабліва цікава глядзець на дзетак і падлеткаў. Адчуваецца, што гэты уікенд для іх даволі важная падзея. Апрануты таксама, як і дарослыя, з асаблівай стараннасцю і святочнасцю. Гуляць жа сёння можна колькі хочаш побач з дарослымі, разам з дарослымі. Хоць усю ноч, калі вытрымаеш.

Забавы распачаліся ўручэннем прызоў пераможцам спартыўных спаборніцтваў, пасля чаго на сцэну выйшлі музыканты і ўрэзалі для настрою пару мелодый, якія імгненна разварушылі залу, паднялі з месцаў хлопцаў і дзяўчат. Следам зайгралі беларускія полькі і вальсы, якія ў нас моладзь звычайна «прапускае», як старамодныя танцы. А тут не, танцуюць разам, ды яшчэ дэманструюць свае ўмельства. Ну, а як грымнуў цяжкі рок, то я думала, што старэйшыя ад крыкаў сваіх юных нашчадкаў, якімі тыя суправаджаюць скокі, паразбягаюцца ці пачнуць сварыцца. Зноў спакойна.

Здаецца, ужо пад раніцу самыя стойкія выбраліся на рэчку — пакатацца на лодцы, сустрэць усход сонца. Так закончыліся забавы, пабыўшы на якіх, я лепш пачала разумець, чаму розныя пакаленні нашых суайчыннікаў — бацькі, дзеці і ўнукі тут, у Амерыцы, трымаюцца разам адной грамадой. Існуе і дзейнічае няпісаны закон цярпімасці. Я не хачу сказаць, што ўвогуле тут не існуе супярэчнасцей паміж пакаленнямі, праблемы бацькоў і дзяцей, але тое, што ўзаемная цярпімасць збліжае духоўна людзей старэйшага веку і зусім юных, гэта відавочна. Інакш Бэлер-Менск даўно ператварыўся б з месца, куды на забавы ездзіць моладзь, у своеасаблівы дом адпачынку, дачы для пенсіянераў.

На заўтрашні дзень, з раніцы, калі яшчэ адпачывала большасць з тых, хто прымаў удзел у забавах, я вырашыла зрабіць экскурсію па тэрыторыі Бэлер-Менска. Гідам стаў спадар Міхась Сенька, адзін з дырэктараў рады, якая кіруе цэнтрам адпачынку.

Міхась Сенька — мяккі, інтэлігентны чалавек, якога шануюць тут усе за ягоную самаахвярнасць на карысць беларускай грамады, чалавечую мудрасць і разважлівасць характару. Спадар Міхась добраахвотна ўзяў на сябе абавязкі кухара ў Бэлер-Менску. Занятак гэты не дае яму прыбытку, ды і ўвогуле зусім не дзеля грошай узяў тую працу, у адрозненне ад савецкіх пенсіянераў, якім ніяк не пражыць на сваю мізэрную пенсію. Спадар Міхась добра забяспечаны, мае пенсію па старасці, і плаціць яшчэ прадпрыемства, дзе працаваў. Таксама «Фордам» аплачана яго медыцынскае абслугоўванне.

Гатуе М. Сенька смачна, усім падабаецца. Праўда, гэта не азначае, што ён цэлы дзень стаіць каля пліты. У амерыканскіх маркетах можна набыць абсалютна ўсе прадукты, паўфабрыкаты, якія трэба толькі падагрэць ці ўскіпяціць, каб давесці да гатоўнасці. Садавіна, гародніна — усяго поўна. Можна з раніцы падскочыць на машыне ў маркет і ўзяць усё свежае. Карацей, гэта зусім не праблема. Тым больш, што ў кожнага ў пакоі ёсць халадзільнік, дзе заўсёды запас прадуктаў.

Міхась Сенька кажа мне, што цяпер ён на пенсіі і можа цалкам прысвяціць сябе беларускім справам. Хаця і раней, калі працаваў у Форда на канвееры, таксама актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці нашай эміграцыі.

Лёс Міхася Сенькі шмат у чым падобны на лес суайчыннікаў, якія мусілі ў канцы вайны пакінуць радзіму. Бо за тое, што вучыўся ў час нямецкай акупацыі Беларусі на медыцынскіх курсах у Баранавічах, яму пагражала турма, лагеры. Хацеў чалавек быць карысным свайму краю, але не атрымалася. Прыйшлося жыць у Нямеччыне, а пазней у ЗША.

— Паглядзіце на нашу капліцу,— запрасіў М. Сенька ў невялічкі домік.— Кожную суботу і нядзелю, падчас сезона, тут адбываюцца Божыя службы. Капліца была асвячона ў гонар Смаленскае іконы Божай маці «Адзігітрыі», пісанай, паводле падання, апосталам Лукою. Тут адбываюцца праваслаўныя і рыма-каталіцкія богаслужэнні.

Дарэчы, на спартыўных пляцоўках Бэлер-Менска праходзяць не толькі гульні дзятвы, але і спартыўныя спаборніцтвы больш высокага рангу, у якіх удзельнічаюць беларусы з Амерыкі і Канады. А у той зале, дзе ўчора ладзіліся забавы,— з'езды і нарады беларускіх грамадскіх арганізацый і ўстаноў.

Асаблівы клопат Міхася Сенькі — басейн. Тут, сярод лесу, які ўтрымліваецца ў натуральным стане, ён выглядае дзіўнай казкай. Блакітная кафля робіць ваду блакітнай... Усё ж новенькае. Хаця дзейнічае ўжо не першы год.

Мой гід цяжка ўздыхае, і мы спускаемся ў службовыя памяшканні басейна, адкуль механічна ажыццяўляецца спуск і падача вады, яе дэзінфекцыя, а таксама награванне да патрэбнай тэмпературы. Абсталяванне паднасілася, трэба рамантаваць, патрэбны грошы, каб нехта даглядаў усю гэту гаспадарку. Пакуль жа многае трымаецца на энтузіязме асобных людзей.

Пакуль мы гулялі з Міхасём Сенькам, які знаёміў мяне з Бэлер-Менскам, прачнуліся адпачываючыя. Мужчынская кампанія, яўна з мэтай пагутарыць ці нешта запытацца, наблізілася да нас.

— Дык вы што, у «Голасе Радзімы» працуеце? — расчаравана і адначасова ўстрывожана запытаўся адзін з іх.

— Ну і газета... Такое пра нас пісалі, што дасюль камяк у горле. Мы яе не хацелі атрымліваць, назад адпраўлялі. Цяпер да здраднікаў прыехалі?..

— Чаго ты накінуўся на чалавека?! — абарваў нехта свайго пакрыўджанага і да глыбіні душы абражанага сябра.

— Яна ж маладая. Не яна ж пісала...

Мужчынам, што з ахвотай прыйшлі пагутарыць, стала неяк няёмка, мне таксама. Адчувалася: яны шкадуюць, што размова так пачалася. Але я, па праўдзе, была гатова да такой размовы, хаця, як кажуць, ні сном, ні духам... Прыехала якраз з самымі добрымі намерамі, паракананая ў тым, што палітычная эміграцыя з Беларусі ў пераважнай сваёй большасці— ахвяры савецкага рэжыму, якія несправядліва былі абвінавачаны ў смяротных грахах перад радзімай.

Але апраўдвацца ў такой сітуацыі, нешта тлумачыць людзям, якія і сапраўды павінны адчуваць крыўду і боль, не мела сэнсу.

Каб неяк згладзіць непрыемны інцыдэнт, пачалі зусім пра іншае. Пра тое, што ёсць праблема з музыкантам!, якія іграюць у Бэлер-Менску. Уладзімір Бычкоўскі, кіраўнік ансамбля, паскардзіўся, што хлопцы больш ведаюць украінскі рэпертуар, ды і ўвогуле яны ўкраінцы па нацыянальнасці, а сваіх, беларусаў, не адшукаць... Сапраўды, перад нашай эміграцыяй, якая ў вельмі цяжкіх варунках здолела захаваць сваё нацыянальнае аблічча, не рассеяцца, не згубіцца і не разгубіцца, паўстаюць у перспектыве даволі сур'ёзныя праблемы. I ў нечым, між іншым, мы ім можам цяпер паспрыяць. Надта ж доўга радзіма адмаўляла ім у дапамозе.

...Развітанне з Бэлер-Менскам і маімі новымі знаёмымі было светлым і шчымліва -сумным. Уладзімір Бычкоўскі сядзеў ля доміка на лаўцы і іграў беларускія мелодыі на баяне. Вакол яго, як быццам на вясковай вуліцы, збіраліся жанчыны, бегалі малыя... Усе гаманілі тут па-беларуску, нават трохгадовы Мацейка, думалі па-беларуску. Момантамі забывалася, што знаходжуся ў Амерыцы.

Пад'ехала машына — трэба было адпраўляцца ў Нью-Йорк. Уладзімір Бычкоўскі зайграў «Беларусачку». I мы з Міхасём Сенькам закружыліся пад знаёмую мелодыю, забыўшы нават, што вакол людзі, якія са здзіўленнем глядзяць на гэтыя імправізаваныя забавы.

З машыны паклікалі, і я мусіла, не скончыўшы танца, адарвацца ад Міхася. Той замер у наступіўшай цішыні, а па добрым яго твары пацяклі слёзы. Аб чым плакаў гэты нема лады, моцнага характару чалавек? Напэўна, засумаваў па Беларусі, адкуль я прыехала, ціха плакаў па сваёй маладосці, па неажыццёўленых надзеях і марах.

Я таксама не магла стрымаць слёз.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by