|
СВАЕ ЛЮДЗІ Ў ПУБЛІЧНАЙ БІБЛІЯТЭЦЫ
ЧАСТКА СЕНТЫМЕНТАЛЬНАЯ
Каб не спадарыня Зора Кіпель, то, напэўна, у гэтай славутай на ўвесь свет бібліятэцы пабываць мне так і не давялося б. Але ж Зора Кіпель — наш чалавек, беларуска кожнай сваёй клетачкай, кожнай думкай і кожным учынкам, і таму, як прыязджае хто-небудзь з Бацькаўшчыны ў Нью-Йорк, яна кідае ўсе свае справы І становіцца добраахвотным гідам па бібліятэцы, з гонарам паказвае зборы беларускіх кніжак і перыёдыкі ў славянскім аддзеле, дзе яна доўгія гады намеснік загадчыка. Тут жа, у бібліятэцы, да выхаду на пенсію працаваў намеснікам загадчыка навуковага аддзела яе муж, доктар Вітаўт Кіпель. Бацькі дарослых дзяцей, якія нядаўна сталі дзедам і бабуляй, спадары Зора і Вітаўт — абодва вядомыя беларускія грамадскія дзеячы, абцяжараныя мноствам спраў — у нечым унікальная пара, шчаслівая пара. Баюся быць банальнай у разуменні і бачанні іхняга шчасця. I ўсё ж. За доўгія гады сумеснага жыцця, далёка не беспраблемнага, яны захавалі пачуцці пяшчотнай прыхільнасці і юначай улюбёнасці (калі ўсё ў тваім выбранніку ці выбранніцы здаецца прывабным і мілым сэрцу). Падтрымліваючы аСцзін аднаго, яны выгадавалі дзяцей, далі ім адукацыю (сын Юрка — дзіцячы доктар, дачка Алеся — адвакат), занялі самі даволі высокую прыступку ў амерыканскім грамадстве, дзякуючы толькі высокаму прафесіяналізму і глыбокім ведам. Акрамя ўсяго гэтага, з'яўляюцца тым інтэлектуальным ядром, вакол якога гуртуецца свядомая беларуская эміграцыя. Але спадар Вітаўт, хаця і вельмі моцны, энергічны чалавек, не будзь побач такога мяккага і інтэлігентнага сябра, сапраўднай саратніцы, магчыма, не сумеў бы ўтрымаць на сваіх плячах цяжар шматлікіх спраў і абавязкаў» Ды і спадарыня Зора (няхай прабачыць яна мне смеласць гэтага сцвярджэння) без самаахвярнай падтрымкі мужа, якая, напэўна, грунтуецца на яго высокай свядомасці, паважлівых адносінах да яе як да асобы, не змагла б устаць упоравень з Вітаўтам, падняцца над бытам.
А дна даталь. Ужо ў даволі сталым узросце спадарыня Зора вырашыла атрымаць дадаткова філалагічную ад у кацыю. (У свой час яна скончыла факультэт аналітычнай хіміі ў адным з універсітэтаў Бельгіі). Паступала ў інстытут на факультэт параўнаўчай літаратуры, спецыялізавалася ў літаратуры сярэднявечча, Шмат даводзілася чытаць і па літаратуры, і па гісторыі. На лекцыі ж ездзіла пасля работы. Не трэба казаць, што гэта цяжка сямейнаму чалавеку. Звычайны класічны муж у такім выпадку што скажа жонцы? «Сядзі дома, нашто табе гэта?» Альбо: «Чаму гэта я з-за цябе буду пакутаваць?» Спадар Вітаўт Кіпель, да яго гонару, такога напэўна не гаварыў. Ён адвозіў на машыне жонку на заняткі, забіраў яе пасля, насіў кніжкі, дапамагаў рыхтавацца. Даволі дзіўная, заўважу, для савецкай жанчыны сітуацыя, амаль што неверагодная. Але я звярнула на яе ўвагу не з-за дробязнай мяшчанскай цікаўнасці: маўляў, раскажу чытачу нешта такое інтымнае з жыцця вядомых людзей. Зусім не так.
Разважаючы пра лёс спадароў Кіпеляў, якія, безумоўна, самі па сабе неардынарныя асобы, прыкінула: а што атрымалася б з іх сям'і, жыві яны ўвесь час на Беларусі? Напэўна, Кіпеляў не было б. Амерыканскае грамадства, сам лад жыцця, пры якім чалавеку ўвесь час трэба вучыцца, бо адукацыя і веды прэстыжныя, вымагалі пастаяннага самаўдасканалення. Нізкі ж культурны ўзровень нашага грамадства, сама сістэма, якая не садзейнічала праяўленню асабістай ініцыятывы, зацікаўленасці чалавека ў выніках працы, наўрад ці далі б магчымасць рэалізаваць ім у такой меры свае здольнасці, патэнцыяльныя магчымасці на радзіме.
Мала прыемнасці аб гэтым пісаць, але ж мусіш, бо праўда, і ад яе не варта бегчы, таму што, не ўсвядоміўшы яе, доўга яшчэ не вылезем з духоўнай і эканамічнай багны.
ЧАСТКА ФУНДАМЕНТАЛЬНАЯ
Яшчэ са школьных гадоў я любіла хадзіць у чытальную залу бібліятэкі. У асноўным з-за таго, што кватэрка ў нас была малюсенькая: няма дзе прыткнуцца, каб пачытаць, падумаць. Пазней, ужо рыхтуючыся да паступлення ва універсітэт, адчула патрэбу ў спецыяльнай літаратуры, якая была ў фондах Дзяржаўнай бібліятэкі. Але тагачасныя парадкі дазвалялі толькі студэнтам наведваць яе. У студэнцкія гады ўжо на законных правах карысталася неабходнай літаратурай. Штудзіравала дзесяткі кніжак па розных навуках, спісваючы цэлыя сшыткі патрэбным матэрыялам. На падрыхтоўку навуковай работы ішлі месяцы карпатлівай працы. Цяпер я з жалем думаю аб тым часе, большая частка якога была аддадзена на перапісванне, выпіскі, на пошук літаратуры, а значыць — непрадукцыйна. Іншым разам, бывае, прысніцца Нью-Йоркская бібліятэка, па якой мы з Зорай Кіпель зрабілі экскурсію: камп'ютэры, пішучыя машынкі, розная капіравальная тэхніда... Для нас — мара. А для любога амерыканца — рэальнасць.
Нягледзячы на свой паважны ўзрост — бібліятэка была заснавана ў 1895 годзе шляхам аб'яднання прыватных кніжных збораў Джана Якоба Астора, Джэймса Ленакса і Самюэля Джонса Цільдэна,— яна адна з самых найсучасных у свеце. Свае кнігі багатыя ньюйоркцы без грошай перадалі гораду з адной умовай, што мясцовыя ўлады пабудуюць прыстойны будынак для бібліятэкі, фондамі якой зможа бясплатна карыстацца кожны, хто пажадае. Горад Нью-Йорк даў згоду пабудаваць і падтрымліваць Цэнтральную навуковую бібліятэку на 5-й авеню — 42-й стрыт. У 1901 годзе 11 іншых самастойных бібліятэк увайшлі ў склад Нью-Йоркскай публічнай.
Сёння гэтая бібліятэка — прыватная карпарацыя, якая каардынуе працу 4 даследчых і 82 галіновых бібліятэк. У савет яе папячыцеляў уваходзяць 42 чалавекі, якія разам з яе прэзідэнтам і ажыццяўляюць кіраўніцтва гігантам.
Бібліятэка перажывае росквіт. Яна захапляе прыгажосцю сваёй архітэктуры і аздобай унутраных інтэр'ераў, радуе наведвальнікаў зручнасцю, суперсучаснай тэхнікай, якая дапамагае авалодваць багаццямі навукі і культуры. Звесткі пра новую літаратуру цяпер чытач шукае на камп'ютэрах. А старая па ўсіх галінах сабрана ў 800 тамах каталогаў.
Славянскі аддзел, у якім працуе Зора Кіпель, мае найбольшы ў Амерыцы беларускі фонд. Канешне ж, не таму, што бібліятэка праяўляе нейкую асаблівую цікаўнасць да Беларусі. А таму, што вельмі зацікаўленым спецыялістам-бібліятэказнаўцам тут з'яўляецца наша суайчынніца. (Трэба заўважыць, што беларускія аддзелы ёсць і ў бібліятэках Кліўленда, Чыкага, Лос-Анджэлееа, Дэтройта, а таксама ў іншых бібліятэках Нью-Йорка, у Калумбійскім універсітэце, у Морганаўскай бібліятэцы і г. д.).
...Зора Кіпель дае мне магчымасць пахадзіць сярод стэлажоў і паглядзець, якія беларускія выданні яны жаюць. А маюць многа. Больш за 20 тысяч беларускіх кніг, а таксама перыёдыка — як афіцыйная, так і нефармальная. Ёсць поўны збор «Летапісу беларускага друку» (ад 1925 года), каля 80 тамоў, першыя выданні ІКупалы, Коласа, Бядулі, Багдановіча, поўны камплект «Нашай нівы», розныя энцыклапедыі, нават асобныя старонкі са Скарынаўскай Бібліі 1518 года, а таксама «беларускія выданні, што выходзяць на Беласточчыне, Карацей, цікаўнаму чалавеку ўся гэта літаратура дасць даволі поўнае ўяўленне і пра беларускі народ, I пра яго гісторыю.
— Беларускія кнігі пачалі прыходзіць у гэту бібліятэку ў канцы XIX стагоддзя,— кажа Зора Кіпель.— Але найбольшы прыток адбыўся ў 20-х гадах нашага стагоддзя, калі быў завязаны кнігаабмен з Інбелкультам. Да 1940-га года кнігі дастаўляліся рэгулярна. З пачаткам вайны ўсё перарвалася. У 50—60-х гадах спарадычна бывалі паступленні, і толькі з 70-х гадоў зноў пачаліся стабільныя кантакты. Цяпер мы маем усю беларусіку ў абмен на выданні па-ангельску. Шырокія сувязі даюць нам магчымасць набываць з прыватных бібліятэк бягучыя выданні, а таксама і старыя. На жаль, Беларусь страціла многія каштоўныя выданні, бальшавікі распусцілі найбольшыя бібліятэкі яшчэ да вайны, прадаючы скарбы беларускага народа за мяжу. Палітыка продажу мастацкіх каштоўнасцей рэвалюцыйным пралетарыятам нанесла непапраўную шкоду нашай культуры.
Нягледзячы на тое, што фонды славянскага аддзела пастаянна папаўняюцца і беларусікі становіцца больш і больш (некаторыя энтузіясты па ўласнай ініцыятыве дасылаюць сюды кнігі і газеты), для друкаванай прадукцыі тут створаны вельмі спрыяльныя ўмовы. Іх проста немагчыма параўнаць з тымі ўмовамі, у якіх знаходзяцца кнігі ў нашай Дзяржаўнай бібліятэцы, дзе ад вільгаці, а то і з-за аварыйных сітуацый часта гінуць і псуюцца рэдкія выданні і старадрукі.
У публічнай бібліятэцы ў Нью-Йорку ў кніжных сховішчах пастаянны мікраклімат, памяшканні праветрываюцца, усе кніжкі «апрануты» ў спецыяльныя кніжныя вокладкі. Для беларускіх кніжак ёсць тут спецыяльны беларускі знак QM — для манаграфій і QMA — для серыйных выданняў.
Хочацца сказаць і пра тыя беларускія кнігі, што выдаваліся сіламі эміграцыі. Самае непасрэднае дачыненне да іх мае муж Зоры Кіпель — Вітаўт, які ўзначальвае БІНіМ у Нью-Йорку. Менавіта гэты інстытут на працягу доўгіх гадоў выдаваў зборнікі публіцыстыкі, прозы і паэзіі аўтараў, якія жылі і тварылі на эміграцыі. Пра існаванне гэтых кніжак і самой эмігранцкай літаратуры на Беларусі мелі даволі цьмянае ўяўленне, Толькі ў апошнія гады беларускі чытач збольшага змог даведацца пра Н. Арсенневу, М. Кавыля, У. Сядуру, М. Сяднёва, іншых.
Спадарыня Зора Кіпель таксама задзейнічана ў кнігавыдавецкай справе — апрацоўвае бібліяграфію творчасці пісьменнікаў-эмігрантаў і літаратуры пра іх, Вельмі элегантна і прафесійна аформленыя дзесяткі томікаў такіх кніжак, выдадзеных БІШМам на грамадскія ахвйраванні нашай эміграцыі, пакуль ёсць толькі ў асобных грамадзян Беларусі, якія атрымалі іх у падарунак, але няма сумнення, што тыя кнігі зоймуць свае месцы і на паліцах галоўнай нацыянальнай і шматлікіх навуковых бібліятэк рэспублікі. Гэтага патрабуе і час, і гістарычная справядлівасць.
Гаворачы аб актыўнай культурніцкай і папулярызатарскай дзейнасці Зоры Кіпель, якая накіравана на пашырэнне сярод амерыканскага грамадства інфармацыі і ведаў пра Беларусь, нельга не адзначыць наладжаныя ёю ў славянскім аддзеле бібліятэкі дзесяткі выставак, прысвечаных юбілеям Купалы, Коласа, Скарыны, тых ці іншых падзей у гісторыі Беларусі. Але, на жаль, як кажа Зора Кіпель, з арганізацыяй выставак стала цяпер больш складана. Калі раней яна магла па сваёй ініцыятыве нешта зрабіць, то цяпер іх тэматыку вызначае спецыяльная камісія бібліятэкі.
— Ці адчуваёце вы цяпер нейкую маральную палёгку ў рабоце, звязаную з палітычнымі зменамі ў Беларусі, з наладжваннем нармальных адносін Бацькаўшчыны са сваёй эміграцыяй у ЗША? — пытаюся я ў спадарыні Зоры.
— Несумненна. Мы адчуваем уплыў і з Беласточчыны, і з самой Беларусь Гэта натхняе, прымушае яшчэ больш сканцэнтравацца на беларускіх справах. Як паказала жыццё, нашыя намаганні тут не былі дарэмныя, яны толькі на карысць Беларусі і яе народу. Асабіста я займаюся цяпер даследаваннем беларускай літаратуры XVI стагоддзя. Укладаем бібліяграфію беларускіх замежных перыядычных выданняў (беларусіка за межамі Беларусі), пішу падручнік на ангельскай мове «Гісторыя беларускай кнігі і друкарства», шмат іншых праектаў. Вялікі пласт работы звязаны з тым, што мы з Вітаўтам рэдагуем газету «Беларус».
Нашыя людзі, працуючы ў нацыянальнай бібліятэцы ў Нью-Йорку, здаецца мне, нямала карыснага зрабілі і для Амерыкі, і для сваёй Бацькаўшчыны. Хочацца спадзявацца, што на змену ім прыйдуць маладыя работнікі, якія таксама, як і спадары Кіпелі, нябачнымі ніцямі звязаны з Беларуссю, зацікаўлены ў тым, каб край гэты падняўся ва ўсёй сваёй велічы і прыгажосці і каб увесь свет спазнаў створаныя яго народам духоўныя каштоўнасці.
