МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Усё скача той рыцар на белым кані... // Антонава Т. У землякоў за акіянам

Аўтар: Антонава Т.
Кнiга: Антонава Т. У землякоў за акіянам.
Краiна: ЗША
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

УСЁ СКАЧА ТОЙ РЫЦА НА БЕЛЫМ КАНІ...

— Паважаны спадар Міхась, дазвольце павіншаваць вас з нядаўнім выхадам у БІНІМе зборніка выбраных твораў «Міжагнёўе». Я думаю, што гэты том, складзены ў асноўным з паэтычных твораў, па праву зойме свае месца ў беларускай літаратуры. Калі чытала вершы зборніка, напісаныя «гарачай крывёю сэрца», адчувала і вашу жывую душу, што пакутуе без васільковых прастораў, і атмасферу тых жахліва-загадкавых 30-х і 40-х гадоў.

Баліць душа. Пажаліцца

каму? Каму сказаць, што ты

не вінаваты?

Адзін, адзін.

Наўкол халодны мур.

Ды чорныя тырчаць у вокнах

рэбры кратаў...

— Памятаеце?

Гэта напісана ў 1933 годзе ў Мінску. Прыгадайце, калі ласка, як вы апынуліся за кратамі па абвінавачванні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці.

— У 1930 годзе я паступіў вучыцца ў Белпедтэхнікум імя Усевалада Ігнатоўскага на пазашкольнае аддзяленне. Студэнты тут чуліся вольнымі людзьмі. У літаратурным гуртку вялі спрэчкі аб значэнні і прызначэнні літаратуры, аб беларусізацыі ды іншых праблямах. Я быў сябрам «Маладняка», друкаваўся ў «Піянеры Беларусі», у літаратурным дадатку да бабруйскай абласной газеты. Увесь быў такі савецкі хлопец: пісаў вершы, у якіх услаўляў сацыялістычную яву, падпісваўся — Язэп Маёвы. Я ды і мае сябры — Астрэйка, Сядура, Гуцька, Русаковіч, Гайка, Гінтаўт — былі, так бы мовіць, мройнікі, неспрактыкаваныя ў палітыцы, прымалі за чыстую манету ленінскую «свабоду слова», былі часам нястрыманыя ды неаглядныя ў сваіх учынках. Не думалі, што «нядрэмлючае вока» пільна сочыць за кожным. Не маглі і ўявіць, што нават бязвінная гульня будзе мець катастрафічныя вынікі. Гэта я ў адносінах да значкоў Саюза ваяўнічых бязбожнікаў — скарочана СВБ. Тры гэтыя літары мы паміж сабою ў жарт сталі трактаваць як Саюз вызвалення Беларусь Са звычайнай хлапечай дурніны вырасла пазней справа...

А то напісаў я неяк верш пра беспрытульнага, у якім аплакваў цяжкую долю сына забітага ў часе рэвалюцыі героя-камендзера.

Панёс верш да Крапівы, дык ён прачытаў і кажа: «Такіх вершаў мне болей не насі». Крапіва то, мусіць, па-сяброўску, па-свойму хацеў мяне папярэдзіць...

Як я цяпер разумею, грахамі на мне павіслі і адмова ад вучобы ў вайсковай школе, уцёкі з уборкі бульбы ў саўгасе «Сляпянка», дзе мы мусілі выбіраць клубні з мёрзлай зямлі. Тады ж здавалася, што ўсё ідзе як найлепш. Пакуль аднойчы за мной не прыйшла жанчына ў чорнай скуранцы — следчая Навіцкая — і не завяла ЎДПУ.

— Выбачайце, прашу вас ва ўсіх дэталях апісаць гэты выпадак.

— Чорная дама здала мяне нейкаму службоўцу. (Яго прозвішча было Браткоўскі). Той у мяне пра ўсё распытваў: і хто бацькі, і як выконваю грамадскую нагрузку, і як вучуся. Пачаў размову пра «варожыя вылазкі», я не стаў утойваць, расказаў пра строгую вымову з папярэджаннем, якую атрымаў за ўцёкі з бульбы. Браткоўскі палістаў нейкія паперы, па аднэй прабег вачыма і сказаў: «Гэта было год таму. Ад гэтага часу да сёння з цябе строгую вымову не знялі, бо не заслужыў. Напісаў ты, як нам ведама, пару добрых вершаў. Гэтага мала. Мусіні зрабіць больш. Нас цікавяць твае былыя сябры: Сядура, Астрэйка, Калюга, Русаковіч, Гінтаўт, Гайка. Па-першае, дзе яны цяпер знаходзяцца, а, па-другое, і гэта галоўнае, што яны думаюць?» Тут мяне нешта штурханула ў сэрца: «Не кажы!» I я зманіў: «3 усіх вамі пералічаных студэнтаў сябрам сваім я магу назваць, дый то з натугай, толькі Сяргея Русаковіча, а гэта — знаёмыя. Дзе яны цяпер, я не ведаю». Браткоўскі рэзка падняўся і са словамі, «калі не ведаеш, дык даведайся», паклаў перада мной лісток паперы і сказаў распісацца аб неразгалошванні.

— Хлопцу ў 18 гадоў загадваюць даносіць на сваіх сяброў... Ці разумелі вы, што ад таго вашага выбару — даносіць альбо не даносіць — залежыць іх лес?

— Было вельмі цяжка. Ад мяне вымагалі прадаваць сяброў. Ад аднаго гэтага слова кідала ў дрыжыкі. Ніякай надзеі на тое, што ўдасца схітрыць і абмануць Браткоўскага, не заставалася, бо людзі казалі, што ДПУ і рэкі бачыць пад зямлёю. Я адчуваў, што мяне чакае ў выніку адмовы. Тым не менш я прыняў рашэнне папярэдзіць сяброў. Што неўзабаве і зрабіў. Браткоўскі мяне болей не турбаваў. Без усялякіх тлумачэнняў мяне забралі з вечара, які праходзіў у тэхнікуме з нагоды Дня Чырвонай Арміі — 23 лютага 1933 года, пасадзілі ў «чорны воран» і адвезлі ў турму.

Варфаламееўская ноч для Міхася Лешчанкі (Кавылём ён стаў пазней) цягнулася шэсць месяцаў. Ён і цяпер не можа спакойна расказваць пра тыя здзекі, якія прыйшлося перажыць. Амаль кожную ноч — допыты. «Хто цябе завербаваў?», «Каго ты завербаваў?» — ад гэтага пытання можна было звар'яцець. Даведзены да адчаю, Міхась парэзаў сабе вену. Няўдалая спроба самагубства абярнулася для юнака карцарам. Аднойчы на допыце следчая Навіцкая паказала Міхасю паштовую картку з выявай герба Вялікага княства Літоўскага і з іроніяй сказала: «Вось за што ты змагаўся», маючы, відаць, на ўвазе міфічны «Саюз вызвалення Беларусі».

— Я прыгледзеўся да малюнка. У вочы кінуўся белы конь, а на ім рыцар з мячом у руцэ. У жоўтым вянку, што абрамляў рыцара на белым кані,— гербы беларускіх ваяводстваў, а ўнізе словы: «Няхай жыве Беларуская народная рэспубліка!» Гэты герб і словы мяне так уразілі, што я, не думаючы пра вынік, сказаў: «Так, я змагаўся й буду змагацца за гэта».

Лес чарговага «ворага народа» быў вырашаны. «На перавыхаванне» на тры гады яго разам з іншымі непакорлівымі выслалі ў канцэнтрацыйны лагер на Далёкі Усход. За ударную работу скінулі чатыры месяцы. Калі ўзімку 1936 года прыехаў дамоў, на Случчыну, жыць яму там не дазволілі, бо вёска знаходзілася ў прыгранічнай паласе.

Мусіў ехаць у Варонеж, да знаёмых. Праўдамі і няпраўдамі ўладкаваўся на працу і на вячэрнія заняткі ва універсітэт. Стаў пісаць вершы, якія з'явіліся ў 1938 годзе ў альманаху «Непераможная». Але ў тым жа годзе адбылася «чыстка горада ад ненадзейных элементаў», пад мятлу якой трапляе і Міхась Лешчанка. Як загнаная птушка, ён спрабуе прыткнуцца то ў Арле, то каля сваіх у Беларусі, то зноў у Варонежы. Ад яго, як ад пракажонага, адварочваюцца былыя знаёмыя і сябры. Рэпутацыя «ворага народа» зачыняе, па сутнасці, для здольнага хлопца дарогу, магчымасць займацца педагагічнай або якой іншай інтэлектуальнай працай. Але ён нечакана спатрэбіўся радзіме. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны яго мабілізавалі ў армію і пасля вайсковых курсаў адправілі на перадавую. Танкавая часць, у якой служыў М. Лешчанка ў разведцы, апынулася ў акружэнні. Пасля няўдалага прарыву разам з тысячамі салдат трапіў у палон.

— У лагеры ваеннапалонныя ад голаду мелі псіхоз. Былі выпадкі, што елі жывых людзей... Многія не вытрымлівалі. Мы дамовіліся з адным хлопцам пільнаваць адзін аднаго па чарзе, каб нехта не загрыз уначы. Пра ўцёкі і гаворкі не было. Зусім аслабелі, чакалі галоднай смерці. Аднак раптам прыехалі прадстаўнікі нейкіх арганізацыяў выручаць з бяды братоў-беларусаў. Аб'явілі: «Хто хоча змагацца са Сталіным — тры крокі наперад».

— Ці былі ў вас у той момант нейкія ваганні?

— Выйсця не было. Бачыце, каб я не ведаў, што Сталін палонных не прызнае, нават ад свайго сына адмовіўся... Я ж быў разведчыкам, нам загад пра тое зачытвалі. Так што я быў прымушаны зрабіць гэтыя крокі.

— Вы кажаце, што ў вашым вызваленні з палону ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў. Мусіць, гэта таксама адыграла сваю ролю ў вашым выбары?

— Я быў самы звычайны савецкі чалавек. Нацыянальна маласвядомы. Даволі цьмянае ўяўленне меў нават і пра гісторыю Беларусі. Шмат ведаў атрымаў на курсах у Кельцах у Польшчы, куды былі накіраваны былыя савецкія ваеннапалонныя. На многае стаў глядзець іншымі вачыма.

— А ці былі ў часе нямецкай акупацыі ў Беларусі?

— Так. Пасля тых курсаў я апынуўся ў Менску. Мяне прызначылі на працу ў генеральны камісарыят у прапагандовы аддзел. Ён не належаў да БЦР. Трэба сказаць, што мы там увогуле мала што рабілі. Шыльда толькі адна. Прыйдзем, бывала,— Валянцін Казлоў, мастак Селюкоў, Граковіч, Аня Катковіч — наша сакратарка, абмяркуем навіны і разыходзімся. Далі неяк мне такую крытую брызентам машыну, што прайгравала пласцінкі. Я еду на ёй па менскіх маркетах (магазінах.— Т. A.) i чытаю зводкі з фронта. Гэта працягвалася якіх два тыдні. Затым партызаны падклалі міну — узарвалі той агрэгат. Наступнае задание было хадзіць па маркетах і слухаць, што людзі гавораць. Немцы хацелі ведаць, якія настроі ў народзе. А хіба ж людзі дурныя ўслых казаць пра тое, што яны думаюць пра немцаў? Я ж тады ў сваім данясенні спецыяльна напісаў, як быццам чуў на рынку: «Людзі кажуць, што немцы вайну прайграюць». Начальнік усёй прапаганды — Шрэтар запатрабаваў тады, каб я абгрунтаваў, даказаў фактамі гэтае меркаванне. Але ж чым тут абгрунтуеш?

А увогуле свае адносіны да фашыстаў я выказаў пазней у вершах:

Не!

У вайне

двух Калосаў

Галасіць галосна

Няма чаго

рабом белым.

Ілбом сьмела

біць у дзьверы

«правадыроў».

Ня «Ура».

Ня «Гайль».

Няхай жыве

Незалежная!

Кожны,

дзе можа,

Загады

пры нагодзе

абыходзіць.

Перад гадам

на калені

ня падаць.

— У 1943 годзе вы былі ў Мінску. Якраз тады партызаны ажыццявілі ў горадзе вялікія акцыі: быў падарваны тэатр, казіно нямецкае, забіты тыя беларусы, якія супрацоўнічалі з нямецкай адміністрацыяй, пазней — Кубэ... Якое адчуванне было асабіста ў вас, у іншых мірных жыхароў горада пасля тых актаў помсты?

— Што датычыцца мяне, то я апынуўся, так бы мовіць, між двух агнёў. Нездарма ж тая кніжка, што выйшла ў БІНіМе, мае назву «Міжагнёўе». Яна адлюстроўвае сутнасць майго становішча. З немцамі братэрства не было, я ўвесь час быў з імі насцярожаны. Хаця я быў і рэпрэсіраваны савецкай уладай, але ўсё роўна ўва мне быў дух савецкі. Я быў не вораг сваім. I таму не мог не радавацца ў душы, калі фашысты атрымлівалі па заслугах. Але кожная акцыя партызан выклікала адпаведную рэакцыю акупантаў, і за гэта якраз расплачваліся мірныя жыхары. Колькі беларусаў перабілі немцы за гэтых афіцэраў у казіно! Рабілі проста: акружалі Чэрвеньскі рынак, хапалі ўсіх мужчын, якія там апынуліся. А пасля расстрэльвалі або вешалі. Так было і за ўзарваны тэатр. Чаго партызаны хацелі дасягнуць гэтым? Загубленыя жыцці нявінных людзей на іх сумленні.

У сваёй аўтабіяграфіі Міхась Лешчанка піша: «У Менску жыцьцё было неспакойнае. Хутка ізноў давялося ўцякаць. Затрымаўся ў Баварыі. Пасьля працаваў на авіязаводзе ў месьце Цыбаў кіраўніком беларускае моладзі. Галоўным маім заданьнем было не даваць

у крыўду дзяцей, якіх вывезьлі зь Беларусі й ня вельмі зьвярталі ўвагу на іхнюю юнацкую уніформу. Я стараўся бараніць хлопцаў, колькі мог. Дастараўся да таго, што мне ўшпілілі шэсць месяцаў канцлягеру».

Ад канцлагера ўратавалі дырэктар авіязавода Бах і неўзабаве прыйшоўшыя амерыканскія танкі... Для Міхася пачалося жыццё ў лагерах ДП (перамешчаных асобаў). «У гэтым няпэўным і нявыразным часе апанавала мяне туга й роспач,— прыгадвае М. Лешчанка.— Сябра мой Іван Кір'янаў, якому я прысьвяціў першы свой зборнічак вершаў «Ростань», пакончыў самагубствам у Рэгенсбургу. Я пастанавіў шукаць ратунку ў працы».

Многія лічаць, што эмігранты — гэта людзі, якія шукаюць больш лёгкага хлеба, маюць малую прывязанасць да свайго кута, ну нешта накшталт перакаці-поле. Па формуле: «Радзіма там, дзе мне добра». Напэўна, ёсць і гэткія. Для такіх жа, як Міхась Лешчанка, эміграцыя — вымушаная эміграцыя, я б яшчэ дадала,— вечная пакута.

Прыпаду да граніту ніцам —

Стогне камень, енчыць

камень: — Хто ты духам, жабрак

або рыцар? —

задае сабе няпростае пытанне паэт у вершы, напісаным у пачатку 50-х гадоў, калі толькі прыехаў у Амерыку. А да той жа Амерыкі колькі ўсяго перажыў! Капаў вугаль у шахтах Бельгіі, быў у перасыльных лагерах у Натэрнбергу і Бакнангу.

У беларускім лагеры ў Натэрнбергу М. Лешчанка стаў рэдагаваць газету «Беларускае слова», а пасля «Беларускую трыбуну». Выпакутаваныя ўласным лесам, адзін за адным нараджаюцца ў паэта вершы.

Шмат мы зьмералі крокамі

даляў,

Не адзін мілы вобраз пагас;

I жывых, няжывых

пакідалі, Але край родны з намі,

у нас. Ён гамоніць, галосіць,

трызвоніць

Цяжкім стогнам разьбітых

званоў,

Гострым мечам

нястрымнай Пагоні,

Гучнай славай палеглых

сыноў...

Пазбаўлены радзімы, на чужыне М. Лешчанка надзвычай абвострана пачынае разумець сваю духоўную знітаванасць з Беларуссю, з яе народам. Ён чытае шмат гістарычнай літаратуры, каб зразумець, што ж такое адбываецца з яго родным краем і чаму верныя сыны Бацькаўшчыны пазначаны кляймом ворагаў народа, здраднікаў.

Пакараў нас Бог,

зямліца, На тваіх пляцох,

сталіца, Апрычнікаў Берыя

зьмяніла

«фельджандармэрыя».

Якая розніца? Рабуюць агулам і

ў розьніцу, Як і першыя, другія,—

Абразы Рембрандта,

Растрэлі... Расстрэльваюць

Гэтак-жа сама, Нават

у тыя самыя

ямы.

Ідэя незалежнасці Беларусі, магчымасці быць гаспадарамі ў сваёй хаце, тэма волі і змагання становяцца цэнтральнымі ў творчасці паэта.

Міхась Лешчанка цяпер падпісваецца псеўданімам Кавыль. Кавыль — травяністая стэпавая расліна, надзвычай жыццяздольная, нягледзячы на самыя неспрыяльныя ўмовы, корань пускае глыбока-глыбока ў зямлю, адкуль бярэ пажыўныя рэчывы і вільгаць. Так і Міхась Кавыль. У самыя неспрыяльныя крызісныя перыяды жыцця яго ратавала Муза. Ратавала I натхняла на жыццё, на дзейнасць.

— У Амерыцы давялося мне працаваць фізічна. Фізічная праца пайшла мне на карысць. Працаваў спачатку прыбіральнікам у фірме «Сквіб», а пасля ткачом у месце Бандбрук. Працаваў таксама ў Форда... Мы мелі дастатак. Але ж гэта не самае галоўнае для чалавека, хаця і патрэбнае. У эміграцыі я адчуў сябе стопрацэнтовым беларусам.

— Ці маглі вы, спадар Міхась, знаёміцца з беларускай савецкай літаратурай, ці атрымлівалі якую прэсу?

— Вельмі слаба. З газет раней атрымліваў «Голае Радзімы», але там такую прапаганду пісалі, што я яму не верыў ні слова. Ды і «Шва» з Беласточчыны не надта адкрыта пісала. Гэта цяпер ужо ўсе сталі больш: вольныя...

— Раскажыце трохі пра сваю сям'ю.

— Жонка мая завецца Соня. Яна беларуска, з Чэрвеньскага павета. (А я — слуцак). Мы з Соняй хутка злюбіліся, за якія два тыдні. Маем дваіх сыноў. Стрэйшы скончыў універсітэт, працуе ў страхавой кампаніі, а малодшы курсы браў, камп'ютэры вывучаў, таксама добрую работу мае. Сыны купілі сабе дамы, жывуць добра. Але, на жаль, і яны, і ўнукі пачуваюцца больш амерыканцамі, чым беларусамі. Хаця раз-маўляюць па-беларуску.

— А ці ведаеце вы, што ў Беларусі вялікія перамены?

— Якія гэта перамены, калі толькі дазволілі гаварыць што хочаш?

— Маеце вы нейкую мару?

— Я хацеў бы паехаць на магілу маткі, пабачыць тыя мясціны, дзе я нарадзіўся. Але я баюся, бо не веру савецкай уладзе. Зняверыўся. Хто туды едзе, за ўсімі «хвосцік» ходзіць, пільнуе, а тады — у каталажку. Я ж па вашых законах — здраднік.

— Які накірунак мае часопіс «Беларуская думка», дзе вы галоўным рэдактарам?

— Так, я галоўным там з 1963 года. А раней быў Янка Даніловіч. Выданне гэта існуе выключна на ахвяраванні эмігрантаў. З-за абмежаванасці сродкаў ён выходзіць толькі раз на год. Накірунак яго я б вызначыў як антыкамуністычны. «Рысакоў татараў і манголаў залыгала раскосая Русь. Закруцілі ў крывавае кола Ленін — ханы маю Беларусь». Я глыбока перакананы, што камунізм і бальшавікі — гэта зло. I з ім трэба змагацца, бо інакш беларусы ніколі не будуць жыць як вольныя людзі. ^


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by