МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

“Гаворыць радыёстанцыя “Свабода” // Антонава Т. У землякоў за акіянам

Аўтар: Антонава Т.
Кнiга: Антонава Т. У землякоў за акіянам.
Краiна: ЗША
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

«...ГАВОРЫЦЬ РАДЫЁСТАНЦЫЯ «СВАБОДА»

На Брадвей у Нью-Йорку, дзе знаходзіцца радыёстанцыя «Свабода», мы прыехалі з самай раніцы. Спадар Янка Запруднік, як заўсёды,— на працу, я — на экскурсію, ці, як бы гэта больш дакладна сказаць: паглядзець, як працуюць калегі, пагутарыць з імі. (З роднай савецкай прэсы мала чаго можна было даведацца пра «Свабоду», акрамя хіба таго, што тут працуюць «акулы імперыялізму», «агенты ЦРУ», «ідэалагічныя дыверсанты», «нацыяналісты розных масцей»).

...Мажны паліцэйскі на ўваходзе, які павінен быў, па маіх уяўленнях, запатрабаваць дакументы ў незнаёмага чалавека, пропуск ці хаця б пацікавіцца, куды мы накіроўваемся (па аналогіі з працэдурай уваходу на наша Дзяржтэлерадыё), без усялякай падазронасці, абыякава праводзіў позіркам.

Спадар Запруднік, як усё роўна прачытаў па вачах пытанне, заўважыў: «На «Свабоду» ўваход свабодны».

У даволі вялікім кабінеце спадара Запрудніка, супрацоўніка беларускага аддзела радыё «Свабода», усё прыстасавана для грунтоўнай працы, усё пад рукамі: тэматычныя, аўтабіяграфічныя даведнікі, мастацкая літаратура, часопісы, газеты, шматлікія інфармацыйныя бюлетэні. Сюды Янка Запруднік прыйшоў працаваць у канцы 50-х гадоў. Тут, у гэтым кабінеце, пісаў свой «дактарат» — доктарскую дысертацыю на тэму «Палітычнае змаганне за Беларусь у Дзяржаўных Думах Расеі ад 1906 па 1918 гады». Тут ім падрыхтаваны сотні перадач на самыя разнастайныя тэмы. А сёлета Янка Запруднік вырашыў пакінуць журналісцкую працу, бо хоча сур'ёзна заняцца даследчыцкай. Ужо падпісаны кантракт з амерыканскім выдавецтвам на кніжку «Беларусь паміж Захадам і Усходам», і трэба тэрмінова брацца за работу. Гэтыя летнія дні для яго, напэўна, нейкі пераходны перыяд, так бы мовіць, адаптацыя да новай якасці. Ёсць трохі вольнага часу. Ну, а для мяне цудоўная магчымасць атрымаць адказы на свае пытанні.

— Як я трапіў на «Свабоду»? Тут няма ніякіх сакрэтаў. Але дзеля гэтага перадгісторыя. Родам я з мястэчка Мір, скончыў там пачатковую школу. А тады, каб мяне, рослага падлетка, насільна не забралі служыць ў паліцыю немцы, пайшоў вучыцца ў прагімназію ў Баранавічах. У часы нямецкай акупацыі там працавалі медыцынская школа, тэхнічная, гандлёвая... Вучоба давала магчымасць ухіліцца ад вывазу ў Германію. Са школаў так не хапалі. Прынамсі, у Баранавічах. Партызанамі ж было забаронена хадзіць у якую-небудзь школу вышэй пачатковай. Таму ўсе, хто вучыўся, быў ужо злачынцам, здраднікам у іх вачох — ім пагражала турма.

Школьнікі належалі тады да Саюза беларускай моладзі. Што гэта была за арганізацыя? Гэта была спроба беларускага настаўніцтва даць патрыятычнае ўзгадаванне нашай моладзі. Трэба ж было неяк выжыць у тых умовах нямецка-фашысцкай акупацыі. Значыцца, скончыўшы прагімназію, я пайшоў у гандлёвую школу на 3-ці курс. Гэта быў 1944 год. Заставацца ў Баранавічах з наступленнем Савецкай Арміі было небяспечна. Мы ўжо ведалі, як распраўляліся з «ворагамі народа»...

У Нямеччыне апынуўся ў лагеры для перамешчаных асобаў спачатку ў Рэгенсбургу, пасля ў Міхельсдорфе... Самаахвярныя настаўнікі заснавалі ў Нямеччыне гімназію імя Янкі Купалы. Хаця не было сшыткаў, кніжак, але мы атрымлівалі добрыя веды. Пасля сканчэння гімназіі група моладзі была год скаўт-майстрамі. А з пачатку 1948 года выехалі ў Ангельшчыну: была нагода ўладзіцца на работу на шахтах. Мы, група з 12 чалавек, ехалі туды з думкай вучыцца далей, неяк трапіць ва універсітэт. Падпісалі паміж сабой такі кантракт, дамову, дзе абавязаліся трымацца разам, памагаць адзін аднаму. Вырашылі выдаваць свой лісток» каб захаваць сувязь з сябрамі, што засталіся ў Міхельсдорфе. Пасля той бюлетэньчык вырас у часопіс «Наперад». Кожны з нас пісаў туды тое, што мог і як мог, 26 нумароў гэтага саматужнага выдання засталіся для гісторыі. Дзякуючы часопісу, пра нас даведаліся ў беларускім студэнцкім асяродку ў Бельгіі, запрапанавалі прыехаць у Лювенскі універсітэт па навуку. Адправіліся 9 чалавек, і кожны паступіў вучыцца. Я скончыў гістарычны факультэт. Тады, у 1954 годзе, была арганізавана радыёстанцыя «Вызваленне», куды я пайшоў працаваць у беларускую рэдакцыю. А ў 1957 годзе выехаў з Мюнхена ў Амерыку. Зноў жа, хацеў за ўсякую цану далей вучыцца. А ў Мюнхене ў мяне не было такіх фінансавых магчымасцей, спадзяваўся, што ў Амерыцы неяк праб'ю дарогу.

У Амерыцы Янка Запруднік, наш з вамі зямляк, прабіў сабе дарогу. Але нічога і тут не давалася лёгка. Што такое журналісцкая праца, я цудоўна ведаю — вымотвае ўсе сілы.

Пасля абароны «дактарату» спадар Янка Запруднік пяць гадоў выкладаў па вечарах гісторыю Расіі і Савецкага Саюза ў Квінскім каледжы як асістэнт прафесара. А акрамя гэтага, доўгі час рэдагаваў газету «Беларус», удзельнічаў у выданні манаграфіяў і гадавікоў «Запісаў» Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку.

Toe, што па сваіх перакананнях спадар Запруднік антыкамуніст, давала ў мінулым падставы нашым уладам ставіцца да яго як да ідэйнага ворага, шкоднага для Беларусі чалавека. Ну і адпаведна «ўся варожая прапаганда» «Свабоды» глушылася ў эфіры.

Цяпер наконт радыё «Свабода». Яно было ааснавана ў пачатку 50-х гадоў як частка радыёстанцыі. Другая яе частка — радыё «Свабодная Еўропа». Радыё «Свабода» спецыялізавалася на вяшчанні для народаў СССР, а «Свабодная Еўропа» — для краін сацыялістычнага лагера. Абедзве гэтыя ўстановы, як гаворыцца, пад адным менеджментам, працуюць у цеснай узаемасузязі. Мэта дзейнасці радыёстанцыі, па словах кіраўніка беларускай службы радыё «Свабода» Вячкі Станкевіча,— «трансляванне інфармацыі з вольнага свету ў замкнёныя яго рэгіёны». Супрацоўнікі радыёстанцыі, дарэчы, абавязаны выконваць пэўныя правілы. Адно з іх: калі перадаюцца весткі, дык яны не могуць быць узяты з адной крыніцы, а павінны быць пацверджаны і з іншай — незалежнай. Другое: захоўваць прынцып аб непадбухторванні. Што ж датычыцца абвінавачванняў радыёстанцыі ў супрацоўніцтве з ЦРУ, то яны, безумоўна, не беспадстаўныя. Бо яшчэ гадоў дзесяць назад радыё «Свабода» атрымлівала фінансавую падтрымку ад ЦРУ. Вось як тлумачыць гэта Вячка Станкевіч: «Для кожнае разведкі інфармацыя вельмі важная - гэта падстава дзейнасці. ...У сувязі з тым, што радыёстанцыя была адным з найбольших даследчых інстытутаў Заходняй Еўропы, частка нашай інфармацыі была карысная і для ЦРУ — дзеля таго яны лічылі патрэбным даваць грашовую падтрымку радыестанцыі. ...Цяпер радыё «Свабода» афіцыйна фінансуецца Кангрэсам Злучаных Штатаў Амерыкі».

...Спадар Янка Запруднік у той дзень паказаў мне збольшага апартаменты «Свабоды»: вялікую бібліятэку, кабінеты з камп'ютэрамі, асобныя кабінкі для працы, дзе журналіст можа як бы адасобіцца ад усіх. Хаця, як мне здалося, амерыканскія журналісты могуць працаваць і не адасабляючыся: сядзяць у агульнай зале, і кожны друкуе на машынцы нешта сваё...

— Вы ведаеце, што такое факт? — ці пытаецца, ці разважае спрактыкаваны ў журналісцкіх справах Янка Запруднік.— Гэта як той мяшок. Каб стаяў, яго трэба запоўніць пяском. Кожны факт патрабуе сваёй інтэрпрэтацыі. Скажам, адзін і той жа факт можа зусім па-рознаму ўспрымацца і асвятляцца. Для Бумажковай, што актыўна дзейнічае на журналісцкай ніве ў Беларусі, Сталін — гэта адзін факт, для нас, эмігрантаў,— другі. Разумееце, што я кажу? А ўвогуле нашая функцыя — інфармацыйная. Калі гаварыць пра беларускую праграму як нешта цэласнае, то ў асноўным гэта паведамленне вестак аб тым, дзе і што робіцца. Мы стараемся цяпер як бы дапаўняць сродкі інфармацыі на Беларусі паведамляць тое, пра што яшчэ замоўчваецца ў вас, не гаворыцца ўслых.

Аказваецца, усяго двое штатных супрацоўнікаў беларускай службы радыё «Свабода» працуе ў Нью-Йорку. Спадар Янка Запруднік і яго маладзейшы калега Адам Акуліч. Адаму — пад 40. Адзінаццаць гадоў назад ён эмігрыраваў з Беларусі. Па адукацыі — акцёр. Скончыў у свой час Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, працаваў у тэатры юнага гледача і ў акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ў Мінску.

— Я быў страшэнны ідэаліст у маладыя гады,— расказвае А. Акуліч.— Калі пачаў працаваць у тэатры пасля інстытута, то, памятаю, выступаў на сходзе трупы і казаў, што грошы не трэба плаціць акторам, а трэба даваць добрыя спектаклі. Я думаю, не толькі інстытут вінаваты ў гэтым маім ідэалізме. Гэта проста быў такі характар. Але, працуючы далей і ў ТЮГу, і ў купалаўскім тэатры, і ў Ленінградзе, я пазбавіўся ідэалізму. Бо сутыкнуўся з адкрытай карупцыяй, з мафіяй. I гэта для мяне было трагедыяй. Гэта быў той момант, які абсалютна разбіў мяне. Я тады быў перакананы, што перспектывы ніякай наперадзе няма. Прыняў рашэнне ехаць на Захад, хаця і не меў ніякага ўяўлення пра тое, што і як буду там рабіць. Адным словам, ехаў у нікуды. Адзінае, што мною рухала і што давала сілы, гэта вера у наяўнасць свабоды ў Амерыцы. (Бо ў нас, калі ты не кар'ерыст, не прыстасаванец, то проста прапаў). Канешне, у гэтым плане я не памыліўся наконт Захаду. Фактычна тут чалавек, які можа працаваць, не прападзе, абавязкова знойдзе прымяненне сваім здольнасцям. Хаця і тут, я заўважу, цяжкасцей таксама хапае.

— Вы прыйшлі на «Свабоду» 7 гадоў назад як карэспандэнт культурна-літаратурнага накірунку. А цяпер, як я ведаю, вас больш «грэюць» эканамічныя тэмы. Hi патрэбна вам была нейкая спецыялізацыя?

— Увогуле кожная рэдакцыя мае сваіх спецыялістаў як штатных, так і пазаштатных, якія пішуць на эканамічныя, культурныя ці палітычныя тэмы. Тут, у Нью-Йорку, мы ўдваіх. А ў Мюнхене яшчэ чалавек 10—12. Кожны павінен мець даволі шырокі спектр ведаў, валодаць паралельнымі і нават зусім далёкімі ад яго ўлюбёнай тэмамі. Таму што ў нас у рэдакцыі супрацоўнікі павінны ўзаемазамяняць адзін аднаго, быць у прынцыпе універсаламі.

Маё ж зацікаўленне эканамічнымі тэмамі зусім не выпадковае. Думаю, што эканоміка — фундамент усяго. Асабліва актуальная эканамічная сітуацыя для жыхароў Беларусі менавіта цяпер.

— Вы жывяце ўяўленнямі 11-гадовай даўнасці аб Беларусі ці ездзілі туды?

— У мяне пад рукамі шмат матэрыялаў. Амерыканскі друк мае шмат карэспандэнтаў, якія бываюць у Беларусі і аналізуюць эканамічную сітуацыю. На Захадзе ёсць шмат такіх рэзюме, аналізаў, каментарыяў прафесійных — іх інстытут Гарымана робіць. Таму зусім не абавязкова ездзіць карэспандэнту. Добра, зразумела, калі ёсць людзі, якія пастаянна інфармуюць нас.

— А ці ёсць у рэдакцыі нейкае планаванне, штодзённае ці перспектыўнае? Як вы рыхтуеце праграму?

— Безумоўна, кожны дзень праграма мае сваю арыентацыю. Вось паглядзіце, як мы працуем з камп'ютэрам. Сістэма камп'ютэра мае ліст, на якім ідуць рэкамендуемыя тэмы. Гэта тое, што актуальна сёння ў свеце і што можна было б выкарыстаць у нашай праграме. Праграма рыхтуецца блокамі. Кожная складаецца з 5—10 блокаў. Спачатку галоўныя міжнародныя падзеі, пасля падзеі ў Савецкім Саюзе, рэспубліцы, культурная інфармацыя і гэтак далей. Карыстаемся паведамленнямі агенцтваў з усяго свету. З Савецкага Саюза я аддаю перавагу ТАСС. Апошнімі месяцамі ТАСС сталася аператыўным агенцтвам, перайшоўшы пад апеку прэзідэнцкага Савета. Прысылаюць інфармацыю карэспандэнты.

— Якой вам уяўляецца эканамічная сітуацыя ў Беларусі?

— Я думаю, што яна не лепшая, чым наогул у Савецкім Саюзе. Людзі, якія прыязджаюць з Беларусі, расказваюць, што ў Менску лепш з забеспячэннем харчамі, чым у іншых рэгіёнах. Але гэта ўсё адносна» Тэндэнцыя эканамічнага спаду, вострага крызісу відавочная, нават паглыбляецца шмат з якіх прычын. Першая прычына і галоўная — гэта тармажэнне рэформаў кампартыяй. Партыі сёння ніхто не дае веры, яна поўнасцю сябе скампраметавала. Я хацеў бы выказаць і сваё асабістае разуменне сітуацыі ў СССР. Бывае так, што адзін нейкі перыяд (тыдзень-два) я сімпатызую Гарбачову, вялікаму маніпулятару і палітыку, і пачынаю апраўдваць яго захады. Так, ён мусіць быць пасярэдзіне, знаходзіць кампраміс, сядзець на двух крэслах. А пасля поўнае расчараванне. Бачу, што ён абсалютна не тым займаецца. Тлумачу гэта тым, што прэзідэнт проста не мае рэальнай праграмы. Можа быць і жадае, каб у яго краіне былі і свабода, і хлеб. Але ў Расіі заўсёды так: ёсць хлеб — няма свабоды, ёсць свабода — няма хлеба. Думаю, што ягонае жаданне ўратаваць КПСС, рэфармаваць яе — памылка. Нельга рэаніміраваць утопію. Гарбачоў жа сам сказаў на апошнім пленуме, што марксізм-ленінізм — гэта утопія. Хаця зноў жа, за словамі Гарбачова бачу намер перавесці КПСС на рэйкі сацыял-дэмакратыі. Цяпер якраз самы небяспечны перыяд, паміж апошнім пленумам і нечарговым з'ездам КПСС. Менавіта тэты перыяд вызначыць, дзе стаіць партыя, прэзідэнт, генеральны сакратар, хто ёсць хто.

— Якімі беларускімі выданнямі вы карыстаецеся з найбольшай ахвотай?

— Найперш гэта часопіс «Камуніст Беларусі», які я чытаю рэгулярна. Паводле аўтараў, тэм, аналізу палітычнай сітуацыі гэта вельмі змястоўнае выданне. Па яго публікацыях я сачу за ходам падзей, ведаю, да чаго імкнуцца левыя, што робяць правыя. Ён дае добрую інфармацыю для арыентацыі.

Пасля я б назваў маладзёжны часопіс «Крыніца». Яны як неба і зямля з «Камуністам Беларусі». Гэта два розныя полюсы. У іх розныя пазіцыі, задачы, тэматыка. Мне «Крыніца» найперш цікавая тым, што маладзёжныя праблемы на яе старонках усе на паверхні, пра іх гаворыцца адкрыта. «Вожык» таксама чытаю.

Але апошнім часам ён абсалютна не смешны. Згубіў гумар.

— А журналіст на Захадзе можа быць не палітыкам?

— Журналіст — абавязкова палітык у любым грамадстве. Воляю выпадку мне давялося стаць журналістам. Я браў курсы — трэба ж было вучыцца, каб пацвердзіць свае крэдыты. I першае правіла, якое я запомніў з лекцыі: «журналіст — чалавек, які ўсё бачыць, усё чытае, да ўсяго прыслухоўваецца, усё заўважае».

— Ці могуць на радыё «Свабода» выказвацца розныя ацэнкі, ці існуе плюралізм думак?

— Безумоўная рэч. Асабліва цяпер, калі мы маем карэспандэнтаў з Беларусі. Яны па-свойму інтэрпрэтуюць падзеі, даюць свае тлумачэнні з'явам. Гэта цікава, дае шматколерную карціну рэчаіснасці.

— Скажыце, спадар Адам, як вы ставіцеся да таго факта, што, нягледзячы на вялікія перамены ў нашай краіне, на развіццё працэсаў дэмакратызацыі, многія грамадзяне хацелі б эмігрыраваць з Беларусі на Захад? Што вы можаце сказаць ім?

— Па-першае, небяспечна раздаваць рэцэпты. Калі мне нехта кажа: гэты чалавек сябе не знойдзе ў эміграцыі, я не перакананы, што гэта так і ёсць. Асабіста я, напрыклад, выехаў у абсалютна іншы час. Колькі разоў за гэтыя шэсць гадоў перабудовы я лавіў сябе на Думцы, што ўсё-такі ў нас там вельмі цікава. Цяжка, але цікава. Я нават пашкадаваў, што галоўная падзея прайшла міма. Канешне, я разумею, што збоку, з-за акіяна, глядзець на ўсе падзеі вельмі проста. Але ўсё-такі, па вялікаму рахунку, калі б перада мной стаяла пытанне пра эміграцыю цяпер, то выбар быў бы адназначны — там. Я растлумачу, чаму. Усё-такі ёсць магчымасць таго, што будзе вольны рынак, гэта не таму, што так хочуць ліберальныя сілы, або амерыканскі прэзідэнт, або капіталісты на Захадзе, якія прагнуць упіхнуць свае капіталы ў савецкую эканоміку. I такую магчымасць, шанс я не пакінуў бы незрэалізаваным. Можа я і завялікі аптыміст, але думаю, што за 10— 15 гадоў у нас будуць такія ж самыя магчымасці, як і ў Англіі, Амерыцы. Мы не гаворым тут пра тэхнічную рэвалюцыю. Фактычна гэтыя роўныя магчымасці для кожнага сёння складаюць фундамент амерыканскай дэмакратыі. I я перакананы, што той рэгіён, які называўся да 1985 года «даспелым разгорнутым сацыялізмам», будзе той самай зонай прадпрымальніцтва, у якой мільёны людзей знойдуць сябе. З'явяцца такія ж самыя незалежныя бізнесмены, як тут, на Захадзе.

Як бы добра ні было ў чужой краіне, усё-такі жаданне чалавека і мара яго — быць на сваёй зямлі. Кажу гэта не таму, што маю наетальгію. Думаю, што ў старэйшых людзей гэта больш асэнсавана і нават больш мудра сказана. Да мяне гэта толькі пачынае прыходзіць. I не без дапамогі той гарбачоўскай перабудовы. Цяпер я перакананы, што там усё можа быць! А раней жа я быў упэўнены, што там не можа быць нічога.

— Ці верыце вы ў Бога?

— Хаця я і лічу сябе атэістам, але думаю, што і ў кожнага атэіста ёсць свой Бог. Я думаю, мой Бог — гэта Бог роўнасці. Усе людзі нарадзіліся аднолькавымі. Але чамусьці адзін лепш маецца, а другі — горш. I вось гэтая сацыяльная несправядлівасць мучыць.

— У вас амаль што камуністычныя перакананні...

— Не жартуйце. Камуністычная ідэалогія — гэта тэзісы, маніфесты. Хаця «Камуністычны маніфест» — гэта надзвычайны дакумент. Калі б камуністы, бальшавікі, КПСС думалі пра сацыяльную справядлівасць — карупцыі не было б. На словах а дно, на справе іншае.

...Можна было б падзякаваць спадару Адаму Акулічу за цікавае інтэрв'ю, спадару Янку Запрудніку — за магчымасць пабываць на «Свабодзе» і развітацца.

Але ж не ўстрымаюся ад кароткага каментарыя. Сустрэча наша адбывалася можа за які тыдзень да падзей, што ўскалыхнулі ўвесь свет,— жнівеньскага путчу. Прагнозы Адама Акуліча наконт архіважнасці сучаснага гістарычнага моманту і хуткага самавызначэння асноўных палітычных сіл у нашай краіне аказаліся надзвычай правільнымі. I яшчэ адна дэталь. У той час, як па вуліцах Масквы грукаталі танкі, наводзячы жах на мірных жыхароў, савецкае радыё і тэлебачанне перадавалі класічную музыку, як заўсёды, пазбавіўшы людзей усякай інфармацыі. Затое бесперапынна давала яе сваім слухачам радыёстанцыя «Свабода». Яе карэс пандэнты ў Маскве вялі прамыя рэпартажы з месцаў падзей і перадавалі іх па спадарожнікавай сувязі ў Мюнхен і Нью-Йорк. Барыс Ельцын пасля путчу акрэдытаваў карэспандэнтаў «Свабоды» ў Маскве.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by