МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Ранча “Мой родны кут” // Антонава Т. У землякоў за акіянам

Аўтар: Антонава Т.
Кнiга: Антонава Т. У землякоў за акіянам.
Краiна: ЗША
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

РАНЧА «МОЙ РОДНЫ КУТ»

Нават у нясцерпна гарачае лета тут, у гарах штата Нью-Йорк, пануе прахалода. Клімат прыблізна такі самы, як дзе-небудзь на Брэстчыне або Гомельшчыне. Кавалак зямлі на тары плошчай 10 акраў — гэта прыблізна чатыры гектары — бацькі Данчыка набылі напалам з адной украінскай сям'ёй яшчэ ў 1969 годзе. Дакладней, кавалак зямлі і невялічкі загарадны дом. Андрусышыным дасталася па жэрабю частка без дома, суседзям — з домам. Праблему вырашылі да ўзаемнай згоды: дзве сям'і пасяліліся ў адным дамку, а праз пяць гадоў Андрусышыны пачалі будаўніцтва сваёй дачы. Унутры будынка ўсё рабілі ўласнымі рукамі. Спадарыня Юля, маці Данчыка, з усяго наваколля нацягала невялікіх камянёў, зрабіла з іх арыгінальную дэкаратыўную агароджу, якая падкрэслівае рэльеф мясцовасці. Сёння дача, ці, як тут завецца аднапавярховы дом, ранча Андрусышыных, даведзена да ладу. (Прынамсі, жыць тут можна і зімой.) Дача здаля нечым нагадвае белы карабель, які доўга вандраваў па морах і акіянах і нарэшце аддаў швартовы сярод лесу. Як па нашых мерках, то гэта дача знаходзіцца страшэнна далёка ад Манхэтэна, раёна Нью-Йорка, дзе яны жывуць. Але для Амерыкі тое лічыцца нармальным, ва ўсякім разе прымальным.

Дача, па словах спадарыні Юлі, каштавала ім не так ужо і дорага. Значна даражэй, аказваецца, утрымлі-ваць яе: падаткі, страхоўкі. Тым больш, што працуе адзін муж. Аднак жа яны не шкадуюць, што нечым Даводзілася ахвяраваць, каб мець вось такое мілае месца на ўлонні прыроды, удалечыні ад буйных прамысловых гарадоў, дзе можна з прыемнасцю сабрацца ўсім разам, адпачыць. Уласна кажучы, гэта дача трымала і трымае ўсю іх сям'ю.

У выхадныя дні на ранча пад назвай «Мой родны кут» любяць збірацца сябры і знаёмыя Андрусышыных. У адзін з такіх выхадных пабывалі там і мы з Алай Орса-Рамана.

...Пакуль не зайшло сонца, вырашылі зрабіць невялікую прагулку па лесе. Малодшы Андрусышын, які ў свой прыезд у Мінск пару гадоў назад пакарыў песнямі беларускую публіку, заваяваў яе сэрца і стаў немалой славутасцю, добраахвотна ўзяў на сябе абавязкі гіда. Наша знаёмства з ім у Мінску было кароткім, сустрэча — у прамежках паміж канцэртамі і паездкамі па Беларусі. Наколькі памятаю, быў ён да знямогі стомлены, затузаны журналістамі. А тут — зусім іншая справа. Гавары на здароўе, колькі хочаш і пра што хочаш, пытайся — вось ён, Данчык, абаяльны, як заўсёды, трохі іранічны. Напэўна, усіх у Беларусі, хто пабываў на канцэртах Данчыка, уразіў гэты малады чалавек. Не толькі сваёй прывабнай знешнасцю і прыемным голасам, a i манерай паводзін, унутранай культурай і далікатнасцю, разняволенасцю свядомасці і натуральнасцю пачуццяў. У ім ёсць нешта такое, чаго не хапае многім з нас: пачуццё годнасці, вольнасці і незалежнасці духу.

Пасля Нью-Йорка і доўгай дарогі наша прагулка, ды яшчэ з такім гідам, як Данчык,— проста падарунак. ...Ціха. Аж дурманіць смалісты лясны водар і пах грыбніцы пад коўдрай старога лісця, з-пад якога то там, то тут вытыркаюцца сыраежкі і мухаморы, іншая грыбная драбяза. Залацісты рэтрывер па мянушцы Ржавы ўпэўнена вядзе нас знаёмымі сцежкамі...

Усе размовы ў славян, як заўсёды, за сталом. Ледзь пад'елі, як адразу загаманілі. Ну зусім так, як робіцца гэта ў нас, калі збіраецца прыстойная кампанія. Старэйшая сярод нас спадарыня Яніна Каханоўская — бабуля Данчыка. Яна дачка Эміліі Шабуні, сястры Івана і Антона Луцкевічаў.

Нарадзілася ў Мінску ў 1909 годзе і шмат чаго ведае пра падзеі 20-х, 30-х і 40-х гадоў на Беларусі. З яе дазволу ўключаю дыктафон.

— Жылі мы там, дзе цяпер парк Янкі Купалы. Менск я страшэнна любіла і ніколі не думала, што змагу пакінуць яго назаўсёды. Такі ўлюбёны горад... I такія цяжкія ўспаміны... Немцы адышлі ў 1917 годзе, прыйшлі бальшавікі. Ідзеш, бывала, каля Залатой Горкі і бачыш расстраляных людзей. Штоноч тады забіралі ў «чрезвычайку». Без суда і следства распраўляліся са сваімі ахвярамі новыя ўлады. Вазілі яшчэ на расстрэлы ў Камароўскі лес, гэта на тое месца, дзе цяпер клінічны гарадок, Акадэмія навук, політэхнічны інстытут. А ў тым часе жыла яшчэ сястра Івана Луцкевіча, яна была замужам за адвакатам Ельцам, якога таксама забралі і расстралялі. Я, хаця і малая яшчэ была, але памятаю, як усе баяліся, што прыедуць і забяруць. У 1919 ці нават 1918 пачалася польская акупацыя. Людзі палякаў сустракалі з радасцю — гэта ж такі кашмар скончыўся. Усе ўздыхнулі. Палякі так не лютавалі, як бальшавікі.

А пасля зноў бальшавікі прыйшлі ў 1921 годзе. Нядоўгі час жылі мы нармальна. Кожны вучыўся, дзе хацеў. Школы былі расейскія, жыдоўскія, польскія, беларускія. Але паступова ўсё гэта зліквідавалася. Пачало зноў адбывацца нешта страшнае. У 30-х гадах прыйшлі з Вільні беларускія пісьменнікі, іншыя дзеячы культуры і мастацтва, якія свядома вярталіся ў Савецкую Беларусь, каб аддаць свае сілы адраджэнню Роднага краю. I Антон Луцкевіч тады прыслаў маёй маме, сваёй сястры Эміліі, ліст, у якім прасіў заапекавацца сваімі сябрамі. За сувязь з Луцкевічам яе пасадзілі Ў турму. Праўда, праз месяц выпусцілі. А другі раз арыштавалі ў 1936 годзе разам з сястрой, якая толькі-толькі скончыла медычны інстытут і павінна была еХаць на практыку. Рабілі вобыск да 5-й гадзіны раніцы. Прад'явілі сястры абвінавачанне па 58 артыкулу за контррэвалюцыйную агітацыю і прапаганду, за тое, што слухалі радыё, расказвалі анекдоты. Увесь яе далейшы лёс быў паламаны. А маме — за неданясенне — 2 гады высылкі. Пазней адвакат казаў, што ва ўсім вінаваты Луцкевічы. 3-за іх, маўляў, былі пакараны і сёстры, і пляменнікі, і проста знаёмыя.

Пасля вызвалення маці прыехала ў Менск, але ёй забаранілі жыць у сталіцы, загадалі тэрмінова выехаць. Добра яшчэ, што мая сястра працавала лекарам на Кольскім паўвостраве, яна і забрала маці да сябе.

Мяне папярэдзілі, што спадарыня Яніна не надта любіць расказваць нешта журналістам. I кожны раз, калі яна робіць доўгую паўзу або голас яе зрываецца, з трывогай пазіраю на яе спакойны твар. I маці Данчыка, ды і сам Данчык, якія вельмі добра, на мой погляд, тіавінны былі ведаць пра ўсе перыпетыі лёсу іх сям'і, з непрыхаванай цікавасцю слухаюць гэты расказ, перабіваючы яго пытаннямі. I я нават пачынаю разумець, чаму. Для спадарыні Яніны часы сталінскіх рэпрэсій — гэта яе ўласнае жыццё. Яна яшчэ не забылася пра тое, як у гады сваёй маладосці мела адну сукенку і адну пару абутку, а бацька, дацэнт політэхнічнага інстытута, старыя боты, каб не развальваліся пры хадзе, звязваў вяровачкамі... Спадарыня Юля ў ваенныя гады была дзіцёнкам і амаль пра ўсё ведае з расказаў старэйшых, для нас жа з Данчыкам усё гэта ўвогуле гісторыя. I таму нам куды лягчэй быць непрадузятымі, расстаўляць акцэнты, шукаць ісціну. Пазней, цалкам «зняўшы» са стужкі тэкст нашай гутаркі, я звярнула ўвагу на тое, што гэта не я адна інтэрв'юірую спадарыню Яніну, а мы з Данчыкам — удваіх, па чарзе.

Спадарыня ЯНІНА: Цяпер я хачу сказаць, чаму некаторыя людзі не ўцякалі, як прыйшлі немцы ў 41-м годзе. Бо тыя немцы, што былі ў 1917 годзе ў Менску» пакінулі добры ўспамін. Гэта быў культурны народ, які чыста трымаў горад, у нядзелю заўсёды з'яўляўся аркестр вайсковы на плошчы і іграў людзям. Харчы давалі па картках, але кожны меў свой кавалак хлеба, штучны мёд — голаду не было. Калі ў сялян бралі прадукты, пакідалі ім за гэта квіткі... Першае расчараванне прыйшло, калі сталі жыдоў браць. Як гэта сагнаць здаровых людзей і знішчыць... Toe самае рабіў і Сталін, але, праўда, не на вачах ва ўсіх, а далёка, у лагерах.

ДАНЧЫК: Якая рэакцыя была на гэта беларусаў?

Спадарыня ЯНІНА: Якая ж магла быць рэакцыя, калі ў нас столькі было прыяцеляў -жыдоў! Многія ім спачувалі, а некаторыя і дапамагалі. Мама ж у клініцы працавала з лекарамі.

Я: А як вы ўспрымалі асобу Кубэ?

Спадарыня ЯНІНА: Я сама бачыла на ўласныя вочы, як людзі стаялі з кубачкамі за ежай, жыдоўскія дзеці падбягалі, ён гладзіў па галоўцы, добры быў з імі.

Я: А ці не цынізм гэта?

ДАНЧЫК: Так. Гэта ні пра што не гаворыць. Гітлер таксама гладзіў.

Спадарыня ЮЛЯ: Засталіся ж дакументы, што Кубэ пратэставаў супраць гэтых забойстваў...

ДАНЧЫК: Як жа вы маглі згадзіцца з гэтым?

Спадарыня ЯНІНА: А што мы маглі рабіць? Калі б немцы даведаліся, што хаваем жыда, дык расстралялі б. Я, дарэчы, хадзіла ў гета і не баялася.

ДАНЧЫК: А чаму ты не баялася?

Спадарыня ЯНІНА: Я брала з сабой пашпарт, дзе напісана, што я беларуска. I таму верыла, што мне кепскае не зробяць.

Спадарыня ЮЛЯ: Мама брала ад сваіх прыяцеляў рэчы, везла іх на вёску, абменьвала на сала і прыносіла Ў гета, бо там паміралі з голаду. Была рызыка і з партызанамі, заўсёды, як ішла на вёску, баялася, каб не забілі.

Спадарыня ЯНІНА: Мы ўсё разумелі. Добра разумела Але што было рабіць?

Спадарыня ЮЛЯ: Я, хаця і замалая была, але памятаю некаторыя дэталі. Было мне 9—12 гадоў. Я нічога не баялася. Хадзіла ў школу і вучылася. Да Саюза беларускай моладзі я не належала, але, як яны ішлі, часта плялася ў хвасце калоны, падпявала беларускія песні. У Менску, калі ты не чапаў немцаў, цябе ніхто не чапаў. Толькі няможна было ад 8 гадзін вечара хадзіць.

ДАНЧЫК: Але калі ты ведаеш, які чорт прыйшоў на тваю зямлю, а цябе ён не чапае — усё ў парадку?

Спадарыня ЮЛЯ: А што было рабіць? Усе ж не маглі пайсці ў партызаны. Па-другое, гэта ж былі людзі, якія пацярпелі ад камуністаў і нават не хацелі ісці ў партызаны!

У той вечар мы да глыбокай ночы гутарылі са спадарыняй Янінай і Андрусышынымі.

Не заўсёды іх тлумачэнні некаторых фактаў былі пераканаўчымі, часам нават зусім бездапаможнымі і наіўнымі, але заўсёды шчырымі. Нягледзячы на ўсё перажытае, на ўсе несправядлівасці, што выпалі на долю спадарыні Яніны на радзіме, яна не носіць у сэрцы зла. Як, мусіць, не насіла яго і нябожчыца Эмілія, якой, акрамя ўсяго, давялося зведаць і турмы, і лагеры, і здзекі, і знявагу, і здраду. Інакш, мне так думаецца, яны не змаглі б выхаваць свайго Данчыка з пачуццём такой светлай і пяшчотнай любові да Бацькаўшчыны, да ўсяго беларускага. Прынамсі, Данчык, як гаворыць спадарыня Яніна, быў моцна прывязаны да сваёй «прабабці» Мілі. Бо самой Яніне не выпадала шмат часу праводзіць з малым — трэба было працаваць. А праца на фабрыцы на канвееры была знясільваючай, аднастайнай, вымотвала душу.

Пазней спадарыня Яніна, хаця і не журналістка, працавала некаторы час на радыёстанцыі «Свабода». Але ўсё гэта, лічыць яна, было даволі даўно. Цяпер з задавальненнем гатуе сняданак свайму любімаму ўнуку Данчулю, клапоціцца пра яго, чакае яго з працы. Па яе ж словах, Данчык — чалавек добры, мае незвычайны характар. Адна, на яе думку, загана — не палітык, неабачлівы. Не прамаўчыць, не стрымаецца, калі бачыць несправядлівасць, выкажа сваю думку. Так і ёсць, магу пацвердзіць, у гэтым я і сама магла пераканацца. Але нашто Данчыку, папытаецеся, які працуе менеджэрам, быць палітыкам?

Адказ на гэта пытанне я атрымала ў наступную сустрэчу з Данчыкам, нечаканую, незапланаваную, перад самым ад'ездам з Амерыкі. Замест таго, каб пакаваць валізкі, я вымушана была ўсё кінуць і збірацца ў тэатр, бо Данчык недзе расстараўся адзін білет на оперу «Фантом» у «Majestic theatre». Білет то купіў, а як дабрацца мне да цэнтра з Лонг Айленда, калі дома ў Алы Орса-Рамана нікога, як ісці на аўтобусны прыпынак — не ведаю, а ў метро, што ў чатыры паверхі, заблытаешся ўмомант... Данчык з офіса на Манхэтэне кіруе па тэлефоне:

— Пойдзеш налева, тады па гэтай вуліцы, а адтуль, як перасякаюцца авеню са стрыт, заходзь у метро. На выхадзе я сустрэну.

Дзеля «Фантома» я вырашыла рызыкнуць. Праз паўгадзіны зноў тэлефануе:

— Як абстаноўка? Дакладай. Ніхто не прыехаў? Не хвалюйся, гэта элементарна даехаць — я ж сустрэну.

Хаця Данчык мяне і супакойваў, але сам добра-такі знерваваўся з-за гэтага мерапрыемства. Сябар іх сям'і, Рая Станкевіч, выратавала з машынай. Данчык, узмакрэлы, у белай кашулі, пры гальштуку і ў касцюме, з пачуццём выкананага абавязку завёў у тэатр, усадзіў на месца і загадаў чакаць каля выхаду пасля спектакля. Білет жа адзін!

Але ж гэта яшчэ не ўсё. Не быў бы, як гаворыцца, мой шэф па культурнай праграме сапраўдным беларусам. Гуляць дык гуляць! З ветрыкам праімчаліся па Манхэтэне, каб трапіць у бар на апошнім паверсе самага вышыннага будынка ў Нью-Йорку.

— Вып'ем за сустрэчу, за тое, каб заставаліся мы заўсёды людзьмі,— прапанаваў ён.

— I за тое, каб табе добра было на новым месцы, Данчуля,— дапоўніла тост Рая Станкевіч.

Вось тут нарэшце ўсё і раскрылася. Аказваецца, днямi малодшы Андрусышын прыняў прапанову і падпісаў кантракт на работу на радыёстанцыі «Свабода». Праз пару месяцаў трэба будзе ехаць у Мюнхен. Ну, а журналісту, лічыцца, абавязкова трэба быць палітыкам. (Данчык, дарэчы, журналіст па адукацыі.).

Цяпер зразумела, чаму гэтак хвалявалася бабуля Данчыка. Цяпер зразумелы і трохі шалёны стан яго самога, натуры артыстычнай, тонкай. Вядома, перажывае, у нечым сумняваецца.

Гуляць, дык гуляць! Тым больш з людзьмі, блізкімі табе па духу, па светаўспрыманню. Ну хіба ж разважлівым прагматыкам прыйдзе ў галаву гуляць пешкі па начным Нью-Йорку? Мы пагулялі. А потым сярод ночы паехалі яшчэ на экскурсію да Данчыка ў офіс. Дзяжурны ўнізе, дарэчы, ніколькі не здзівіўся: Амерыка ёсць Амерыка! Даў ключы, і мы неўзабаве апынуліся на тым паверсе, дзе за маленькімі столікамі з перагародкамі размяшчаюцца дзесяткі клеркаў, кожны з якіх выконвае нейкае заданне шэфа.

У Данчыка ў гэтай канторы асобны кабінет з камп'ютэрамі і картатэкамі. Таму, хто кіруе кадрамі, усё трэба ведаць пра сваіх супрацоўнікаў, быць дыпламатам і псіхолагам. Мусіць, у Данчыка гэта атрымліваецца, бо яго цэніць кіраўніцтва.

Данчык сеў на свае месца за сталом і стаў паказваць, як ён шукае інфармацыю, піша лісты тым, хто прэтэндуе на работу ў іх фірме.

За спіной у Данчыка ў вялікім акне гарэў, пераліваўся начны Нью-Йорк. А я, па шчырасці, была вельмі і вельмі задаволена тым, што гаспадару кабінета нядоўга ўжо засталося тут сядзець, перакладаць паперкі. Гэта месца для чыноўніка, а не для мастака, натуры творчай. У даволі вялікім кабінеце, я адчувала, яму не было чым дыхаць і ўжо тым больш — ніяк не ўзляцець.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by