|
ПЕСНЯ ДЛЯ ВЕРЫ, або МАРШРУТ НЬЮ-ЙОРК-СТРЫЕЎКА
Ніяк не магу сабе дараваць, што, быўшы ў Нью-Йорку, не знайшла магчымасці наведаць прыватны офіс, дзе працуе дантыстам наша зямлячка родам з Гродзеншчыны Вера Заморская, якая мае рэпутацыю ўрача экстралкласа і адпаведна — вялікую кліентуру. (Дарэчы, прафесія дантыста ў Амерыцы лічыцца прэстыжнай.) Напэўна ж, у гэтым офісе і медыцынскае абсталяванне, і якасць абслугоўвання — усё па вышэйшых амерыканскіх стандартах. Няблага было б усё ж убачыць на ўласныя вочы.
Сама Вера знешне — эталон сучаснай дзелавой дамы: кароткая стрыжка, спартыўны стыль адзення; энергічная, упэўненая ў сабе. «Жанчына іншага свету,— адзначыла я сама сабе,— дагледжаная, самастойная, забяспечаная. Якія ў яе могуць быць праблемы? Хіба мы можам знайсці агульную мову? Хіба ў нас ёсць нейкія кропкі сутыкнення?» — неяк з бояззю паглядала я ў першы вечар нашага знаёмства на сяброўку Алы Орса-Рамана.
Неўзабаве, зусім нечакана, давялося трапіць да Веры, так бы мовіць, у экспрэс-госці. Тая запрасіла знянацку, без папярэджвання, патэлефанаваўшы нам з самай раніцы.
— Усё скварчыць на патэльні,— папрасіла-папярэдзіла яна,— давайце хуценька, без цырымоній.
Не маргнуўшы вокам мы імгненна ўлезлі ў «Таёту».
Катэдж на Лонг Айлендзе, у якім жыве Вера Заморская з дзвюма дочкамі, нечым нагадвае жытло (калі можна гэтак сказаць пра двухпавярховы асабняк) Алы Орса-Рамана: дзве гасціныя, некалькі іншых пакояў, гараж. Уздоўж дома, як своеасаблівая аранжарэя, разрасліся і буйна пладаносяць розныя сарты памідораў: дробненькія, як вінаград, і вялікія — розных колераў і формаў. На лужку перад домам узняліся прыгажуны сланечнікі...
Мусіць, не такая ўжо простая справа — даглядзець усю гэту вялікую гаспадарку, пашкадавала я Веру. Хаця вырошчваць тыя ж самыя памідоры ў яе няма Hiякай неабходнасці, бо ўсяго ўдосталь і нават болей таго — у супермаркетах. Хіба што дзеля забавы. Альбо... Альбо, узнікла здагадка, гэта проста праявілася моцная сувязь з зямлёй, спадчынная сувязь, ад продкаў сялян, што спрадвеку жылі на зямлі, якая была ім карміцелькай.
У тую раніцу нам ніяк не выпадала пагаварыць. Вера, як простая вясковая кабета, шлёпала басанож па кухні, абсталяванай па апошняму слову тэхнікі, частавала нас яечняй са скваркамі, рознымі пакупнымі каўбаскамі, іншымі амерыканскімі прысмакамі. Назіраючы за гэтай пешчанай, бясстраснай, як мне здалося на першы погляд, жанчынай, я начала разумець, што моцна памылілася. Вера жартавала, смяялася, а я бачыла ў яе вачах затоены сум, нейкі нявыказаны боль, ціхую спагадлівасць і нават пакорлівасць.
Толькі аднойчы нам выпала пагаварыць. Вера лёгка вяла машыну, абганяючы мерседэсы і джыпы. Навокал грукатаў і блішчэў, як касмічны прывід, грандыёзны Нью-Йорк.
— Ці бывала ты ў Гродне? — пачула я яе глухаваты голас.— Там у вёсцы пад Гроднам жыве сястра. Марыя завецца. А сын яе хваробу крыві мае. Пісалі, ад Чарнобыля тое... Баліць мне душа за іх, разумееш... Дзяўчынкай, перад вайной яшчэ, з'ехалі мы з бацькамі адтуль. Сястра засталася на Беларусі, адзін брат цяпер у Англіі, другі ў Польшчы. Уся вялікая сям'я раскідана па свеце.
Вера ціха апавядала пра тое, як жылося ёй у эміграцыі спачатку ў Францыі, а потымчу Амерыцы.
Сучасны вобраз эмансіпіраванай жанчыны, якая дабілася поспеху, маёй зямлячкі, ніяк не вязаўся з новым — нязграбнага падлетка ў абносках, які нароўні з мужчынамі да знямогі працаваў на ферме.
— Я цягала на сабе мяхі з буракамі і бульбай, палола грады, прастойваючы днямі ў халоднай вадзе. А ў маці былі хворыя ногі,— працягвала Вера,— ёй было так цяжка.
Вера даўно ўжо пахавала сваіх бацькоў у Амерыцы. Toe, далёкае жыццё, калі яны, бежанцы з Беларусі, рвалі жылы на цяжкай працы ў чужыне, не прайшло бясследна. Прыступамі рэўматычных боляў нагадвае пра сябе халоднае і галоднае юнацтва. Веры пашанцавала ў тым, што аказалася яна моцнай і цярплівай, вельмі працавітай і кемлівай. Адзін багаты француз, дантыст па прафесіі, узяў яе сваёй памочніцай. Дзяўчына спраўна рабіла ўсё, чаму яе вучыў доктар, старалася, I праз некаторы час магла замяніць свайго шэфа ў самых складаных сітуацыях.
Пазней, ужо ў Амерыцы, Вера стала працаваць самастойна, адначасова брала курсы па медыцыне. Але дыплома не атрымала, бо з'явілася сям'я, дзеці, і трэба было нечым ахвяраваць. Толькі таму яна не мае цяпер уласнага офіса.
Не вельмі, відаць, шмат жаночага шчасця выпала на долю Веры Заморскай. Мусіць, не суджана. Цяжка, у пакутах паміраў муж. Яна мужна вынесла ўсе выпрабаванні. Падняла дваіх дачок. Старэйшая, Таня, скончыла універсітэт.
Палітыкай Вера ніколі не цікавілася. Але ў баку ад беларускіх спраў не стаяла. Ахвяравала грошы і на беларускую газету, і на розныя мерапрыемствы, што ладзіліся ў асяроддзі нашай эміграцыі, на царкву.
Эпізадычныя сустрэчы з гэтай амерыканскай беларускай нямала далі мне для разумення гісторыі і характару нашага народа, беларускай эміграцыі і самой Амерыкі.
Галоўны мой прынцып у рабоце — не быць староннім назіральнікам, абыякавым сведкам падзей — падштурхнуў не ставіць кропку на сваіх сустрэчах з Верай Заморскай у Нью-Йорку. У незнаёмай вёсачцы пад Гроднам, я памятала, жыве яе сястра. I я паабяцала Веры там пабываць. Без прыкрас, праўдзіва пра ўсё напісаць.
II
У халодны кастрычніцкі дзень маршрутны аўтобус Гродна — Азёры прыпыніўся каля вёскі Стрыеўка. Не ведаючы, куды падацца і ў каго запытацца пра Верыну сястру, зайшла ў мясцовую прадуктовую краму. Прадуктаў — ніякіх, акрамя хіба што солі. Пустыя паліцы неяк адразу настроілі на сумны лад. «Вунь там, пад высокай бярозай,— хата Марыі»,— паказалі людзі. Заасфальтаваная дарога прывяла да брамкі.
У нерашучасці спынілася, чакаючы, пакуль нехта выйдзе з хаты. (Папярэдне пісала ліст, што прыеду, ведала, што чакаюць). Забрахаў сабака, і аднекуль з глыбіні двара, дзе, мусіць, толькі што давала скаціне, з бурачным бацвіннем у руках, уся ў латанай-пералатанай вопратцы, закручаная ў хусткі, у ботах паявілася гаспадыня. Нейкае імгненне, толькі імгненне мы глядзелі адна на адну: я на яе — у брудным чорным адзенні, яна на мяне ў замежным яркім. І кінуліся адна да адной, быццам былі знаёмыя, быццам родныя.
— Танечка?! Дзетачка! Як жа я чакала цябе, чаму не папярэдзіла — сустрэлі б,— галасіла Марыя Пятроўна,— у дзетак жа свае машыны.
Па абветраным яе твары цяклі, як кроплі дажджу па шклу, слёзы.
— Ты не пужайся, што я такая зашмальцаваная — маю што апрануць і грошы маю — не жабрачка. Гаспадарка, ведаеш: куры, свінні, ваду цягаю. Усё ёсць, дзетачка: і бульба, і сала, і мяса, і агурок, і яйкі... Не тое, што ў горадзе цяпер — па чэргах стаяць. Усё свае.
Марыя Пятроўна, сцягваючы з сябе хусткі, павяла мяне ў хату, у цёплую куханьку, дзе на пліце стаялі вялікія і малыя чыгуны, парылася ежа для кабанчыка . У цынкавым вядры на лаве — чыстая вада, на сцяне — рукамыйнік.
— Тут жыла і Вера? — папыталася я адразу.
— Ды не, дзетачка, хата наша была непадалёку, на гэтым самым баку вуліцы. Ад першага бацькі трое дзядей — Фэлька, Стэх і я. А ад другога — Верачка, Нінка і Аня. Але, скажу, дружныя былі, я глядзела малодшых. Аднойчы, памятаю, вядро вады несла і Верачку (нявелькая была яшчэ) на другой руцэ трымала. Ды не ўтрымалася, упала, дзіця абліла. А айчым быў адукаваны, масты будаваў. Заўсёды падарункі дзецям прывозіў, а тады, за польскім часам, як Саветы павінны былі прыйсці, бацька пабаяўся застацца. Пайшоў. Неўзабаве праз нямецкае консульства запатрабаваў маці, дачок і прыёмнага малодшага Фэльку. Я ўжо праводзіла іх за Саветамі. Павяла на цягнік, плачу, заліваюся слязьмі — адна ж застаюся. А людзі кажуць, маўляў, завязуць іх да белых мядзведзяў... Гэта значыць — у Сібір. Але нічога, абышлося, сустрэліся яны з бацькам. А я баялася тады, што арыштуюць іх, кажу на развітанне: «Мама, я вам хоць сухароў пасушу і нашлю».
Як прыйшлі першыя Саветы (уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР.— А. Т.), то некаторых забіралі немаведама за што, вывозілі адсюль. У асноўным тых, хто Жыў заможна ці працаваў лесніком або солтысам. Вось так, дзетачка. Удосталь я гора сёрбала, бедавала ад галечы... Дзякуй, сястрычкі не забыліся, дапамагалі, чым маглі, хаця і самі не надта што мелі.
Усё жыццё Марыі Пятроўны прайшло ў Стрыеўцы. Тут нарадзілася, тут жыла, як яна кажа, і за польскім часам, і за першымі Саветамі, і пад немцамі, і зноў за Саветамі. Тут замуж выйшла, тут мужа пахавала, які паранены і хворы прыйшоў з фронта. Свету белага не бачыла за працай: касіла, арала, бульбу садзіла, плуг вадзіла, жорны круціла, ткала, прала, шыла і жала» Рабіла ў калгасе цялятніцай, паляводам. Тут сямёра дзяцей нарадзіла. Каго калі, дакладна не памятае. «У прамежак паміж працай,— жартуе яна,— адзін сынок, як бульбу выбіралі, другі — як лён малацілі, дачушка — на Каляды...»
Да ўсяго была здатная Марыя Пятроўна. Усяму навучылася.
— Самае цяжкае — гэта было лён апрацоўваць,— кажа яна.— На кожную жанчыну выпадала больш як па гектару. Не бярэ рвалка, то мы яго рукамі дзяром, потым на полі абабіваем. Бывала, параблю усё па гаспадарцы за дзень, іду ноччу ў хлеў, павешу лямпачку і тру лён. Што гэта за цяжкая праца — не перадаць. Па 200 кілаграмаў трэба было здаваць. За капейкі рабілі ў калгасе.
Калі тое было? У 50-я ці 60-я гады. Калі краіна ад развітога сацыялізму пераходзіла да пабудовы камунізму. Будавалі камунізм. Марыя Пятроўна — у перадавіках, бо ўсё, што ні робіць, гарыць у руках. А тады яшчэ і на хор, паспяваць з дзяўчатамі злётае.
У 50 гадоў, як мнагадзетная маці, пайшла на пенсію. Трымае ўласную гаспадарку. Агарод у яе 35 сотак. На калгасным полі выдзяляюць участак каля 15—20 сотак для бульбы. Здаецца, можна было б спакойна дажываць свой век. Гады ўжо немалыя, пад семдзесят. — Гэта, напэўна, у Амерыцы так можна, дзе ўсё гатовае, а ў нас сваімі ручкамі трэба зрабіць, як хочаш есці і піць,— лічыць Марыя Ляўко.— З кароўкай я ўжо не дам рады, прадала яе. Свінню і двух парсюкоў трымаю. Дзевяць вёдраў ім штодня зрабі... Колькі ж той бульбы, буракоў трэба назапасіць... Сілы ўжо не тыя. А ў калгасе не дапросішся тэхнікі, каб пасадзіць ці выбраць бульбу. Дзеці толькі і дапамогуць.
Дзеці ў Марыі Пятроўны ўсе выйшлі ў людзі. Верачка, Лёня, Коля і Міша жывуць у Гродне. Чэся — у суседняй вёсцы. Марыя — тут жа, у Стрыеўцы. А Ванечка, што на інваліднасці, з ёю ў хаце.
Даведаўшыся, што да маці прыехала госця, якая прывезла прывітанне ад цёткі з Амерыкі, яны хутка сабраліся ўсе разам. Кожны хацеў, каб я пабывала і ў яго. Усё самае лепшае, самае смачнае падавалася на стол. I кансерваваныя агуркі, і памідоры, і салянка, і шынка. Усё не магазіннае, а зробленае ўласнымі рукамі.
Я сядзела ў гэтай дружнай і вясёлай кампаніі, і міжволі прыходзілі на памяць словы з песні беларускага рок-гурта «Мроя»: «Душа, гуляй! Хоць тут у нас зусім не рай. Тут родны край».
Марыя Пятроўна, якая і тут, за сталом, была камандзірам, загадала сваім: «Зараз спяваем песню для Верачкі. А ты, Таццянка, пакладзі яе ў кішэню і перадай маёй сястры»,— жартаўліва кінула яна.
Песня была сумная: пра чаромху і пра расстанне, пра нешчаслівы лес. Прымі, Вера, песню ад сваіх з Беларусі.
IІІ
Развітваючыся са мною, Марыя Пятроўна прасіла: — Скажы маёй Верцы, як будзеш тэлефанаваць ці лісаць, што ёсць у нас усё, жывём добра, няхай сябе глядзіць. Колечку, сыночку, аперацыю зрабілі, і цяпер як быццам няблага сябе адчувае, але... Што там казаць. Можа, прыедзе некалі да нас.
Сапраўды, павінна я напісаць шчыра, што ўсё добра ў сям'і Марыі Ляўко. Ад яе, як ад моцнага кораня, далі расткі ўглыб сыны і дочкі. Не канчалі яны універсітэтаў, але знайшлі свае месца на зямлі і моцна яе трымаюцца. Усе працавітыя, не гультаі ці абібокі якія. У дачкі Марыі Пятроўны, напрыклад, што жыве з сям'ёй у Стрыеўцы, дом цагляны, двухпавярховы, больш нагадвае амерыканскі катэдж. I жывёлу хатнюю трымаюць, і машыну маюць, можна сказаць, заможна жывуць.
Добра ўсё ў гэтай сям'і, але, на жаль, пакуль яшчэ не ўсё добра ў нашым родным краі. Марыя Пятроўна, якая бачыла, здаецца, усякае на сваім вяку, сваёй сялянскай псіхалогіяй ніяк не можа спасцігнуць тое, што адбываецца цяпер у краіне і чаму з кожным годам жыць становіцца не лепш, а горш. «Як жа гэта жыць людзям, гадаваць дзяцей, унукаў, калі нідзе нічога няма, а працоўны чалавек ніякага аўтарытэту не мае, а толькі шпікулянт усё можа,— занепакоена яна,— што гэта за рынак такі, калі ў аптэцы і ў магазіне пуста, а ўсё перакачавала да шпікулянтаў!» Як ёй, што ўсё жыццё рабіла да сёмага поту, каб вылезці з беднасці і нястачы, растлумачыць, што дарога да храма капіталізму будзе доўгай і цяжкай? Як растлумачыць, што слабыя загінуць, не дайшоўшы? А дзецям яе ніякай палёгкі не будзе, ім, як і ёй, давядзецца працаваць да сёмага поту, каб толькі выжыць.
Хочацца спадзявацца, што родны край — Беларусь — стане больш ласкавым да ўсіх сваіх дзяцей. I да тых, хто жыве далёка-далёка, і да тутэйшых.
