МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

У гасьцях у Натальлі Арсеньневай // Антонава Т. У землякоў за акіянам

Аўтар: Антонава Т.
Кнiга: Антонава Т. У землякоў за акіянам.
Краiна: ЗША
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

У ГАСЦЯХ У НАТАЛЛІ АРСЕННЕВАЙ

Машына плаўна ўкаціла ў дворык ладненькага катэджа, якімі густа аблеплена вуліца амерыканскага гарадка Рочэстэра. Утульна, ціха, яркія кветкі пад вокнамі, на ўсёй палянцы перад будынкам. Мусіць, так бывае ў раі, падумалася.

Высокі мужчына сярэдніх гадоў адчыніў дзверцы аўтамабіля, працягнуў руку, прадставіўся: «Кушаль» і павёў у дом. Спадарыня Наталля Арсеннева ўжо чакала нас. Пругка паднялася з крэсла і гучным, хрыплаватым голасам паклікала: «Наталля, Владэк! Яны прыехалі! Хадзіце сюды. Алюнься прывезла чалавека з Беларусі!» Пакуль гаспадары разглядалі «чалавека з Беларусі», я не з меншай цікавасцю — спадарыню Арсенневу. Адзначыла пра сябе: у нас так немаладыя кабеты не апранаюцца.

Але амерыканцы сапраўды, я заўважыла, без комплексаў. Порткі з кашуляй — зручна. На нагах белыя пантофлі на абцасах. Да чорных валасоў вельмі пасуюць белыя завушніцы і белыя пацеркі. Элегантна і з густам. На свае 88 гадоў выглядае проста выдатна. «Ад яе зыходзіць моц, упэўненасць і энергія»,— было першае ўражанне.

Сцены гасцёўні завешаны карцінамі, на якіх беларускія пейзажы работы П. Мірановіча: «Краслаўка», «Млын у Краслаўцы», «Доўгае возера»... Вобразы роднай прыроды штодня лашчаць вока гаспадыні дома.

Зручна размясціўшыся ў крэслах, мы з Алай Орса-Рамана падрыхтавалі дыктафоны, каб запісаць гутарку з вядомай паэткай. Адразу і без цырымоній гаспадыня захапіла ініцыятыву, мусіць, ужо прадумаўшы нейкі план свайго расказу.

— Я жыву разам з сынам і ўнучкай — вы іх ужо бачылі. А ёсць яшчэ і ўнук, яму 30 гадоў. Мае ўласны дом, недалёка ад нашага. Так што мы бачымся час ад часу. Наталля гаворыць у нас па-руску. Гэта таму, што яе першыя некалькі год выхоўвала жанчына, якая размаўляла па-руску. Наталля разумее па-беларуску, толькі гаварыць не можа. Ну і вось гэтыя два мае любімцы сабакі. Так і жывём.

— Якія перыяды жыцця, спадарыня Арсеннева, найбольш вам памятаюцца?

— Памятаю, як была эвакуацыя Вільні, гэта ў першую сусветную вайну. Нас тады прымусова эвакуіравалі, і мы трапілі ў Яраслаўль. Мне было нешта 12 гадоў... Я там пачала вучыцца ў гімназіі.

Цікавым, дарэчы, можа быць той факт, што да восені 1916 года ў Яраслаўлі жыў Максім Багдановіч. Яны хадзілі па адных вуліцах. Але іх шляхі ніколі не перакрыжаваліся. Між тым, менавіта гэты паэт найбольш паўплываў на яе. У яраслаўскай гімназіі Наталля пачала спрабаваць пісаць вершы. Але, як сведчыць сама паэтка: «Пісаць я пачала ня вельмі рана, у кожным выпадку не з пяцёх ці каб дзесяцёх год, як некаторыя «геніі». Не, у гэтым часе я любіла ўзімку чытаць, зашыўшыся недзе ў куток, а ўлетку — гайсаць па палёх і лазіць па дрэвах, што я рабіла лепш за хлопцаў».

— Вы напісалі свой першы верш у той год, калі ў Расіі адбылася сацыялістычная рэвалюцыя. Як яна ўвайшла ў свядомасць падлетка?

— Мы з сястрой Галяй ішлі з гімназіі і ўбачылі, як нейкія людзі ў вайсковым збіваюць з хаты выяву вялізнага арла — сімвал царской імперыі. Адна лапа птушкі ўпала паблізу мяне. Было такое ўражанне, што раструшчылі жывую птушку. А я так любіла, ды і цяпер люблю розную жывёлу. З таго часу слова рэвалюцыя выклікае ў мяне асацыяцыі з разбурэннем, з насіллем. Рэвалюцыя, вайна — гэта страшна, гэта агідна, гэта кроў, гэта пакуты і гора людзей.

— У 1918 годзе вашыя бацькі вырашылі вяртацца з Яраслаўля ў Вільню. Неўзабаве яны і рушылі ў шлях. Але толькі ў пачатку 1920 года апынуліся на месцы. Няўжо цэлы год дабіраліся?

— Так. Цяжкі быў шлях дадому. Вяртаючыся з бежанства, мы столькі перажылі... Часта траплялі пад перастрэлку. Было небяспечна. Знайшлі тады прытулак у вёсцы Жаўніна. Тут я ўпершыню, можна сказаць, пачула жывую беларускую мову. Гаспадары — Фядосся і Юрка сварыліся: «Чакай, чакай, я ўжо табе юшку пушчу!» Гэтак смачна, каларытна гучала слова. Але доўга мы там быць не маглі. З Краслаўкі хадзілі таварныя цягнікі ў Дзвінск. Мы неяк уціснуліся. А тут мост праз Дзвіну разбіты, цягнік далей не ідзе, трэба пераходзіць раку. Добра памятаю, як мы нейкія клункі цягнулі па лёдзе. А ў мяне і ў сястры гарачка, усё ў галаве круціцца. Як сёння, бачу той дзень.

— Спадарыня Арсеннева, вы сказалі, што людзі ўцякалі з Расіі. Было масавае бежанства. Чаму? Баяліся бальшавікоў?

— Выязджалі эвакуіраваныя. Вярталіся дамоў. А пра бальшавікоў мы тады нічога кепскага не чулі. I ніхто нас не гнаў. Дык я хачу закончыць. На Дзвінскай станцыі я бачыла такое, што назаўсёды мне запала ў душу, перавярнула яе, уварвалася ў юнацтва цёмнай хмарай. На падлозе хворыя, раненыя. А ў двары станцыі — была ж лютая зіма — замерзлыя трупы польскіх жаўнераў. У недарэчных позах, з адкрытымі вачыма.

Нейкім дзівам мы дабраліся да Вільні, дзе мама наняла павозку і ледзь жывых завезла нас да нейкіх людзей. Гэта былі Русецкія, дзякуючы якім і я, і мае брат і малодшая сястра Оля паступілі пазней вучыцца ў Віленскую беларускую гімназію. А сястра Галя тады ад гішпанкі памерла.

— У Віленскай гімназіі вы, напэўна, упершыню захапіліся беларускімі справамі? Раскажыце, калі ласка, хто там выкладаў і хто быў для вас найбольшым аўтарытэтам?

— У нас былі добрыя настаўнікі — Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Аркадзь Смоліч. Яны навучылі мяне многаму. Дарэчы, я была ўжо трохі падрыхтаваная да заняткаў у гімназіі. Люба Русецкая пасля хваробы прынесла мне беларускія кніжкі, пачала вучыць чытаць. Так я прачытала «Патаемнае» Гарэцкага. I з таго часу Стала нераўнадушнай да яго твораў. Праніклася сімпатыяй да гэтага чалавека, паказвала яму свае вершы. Ён быў маім крытыкам і дарадцам.

Пра гады вучобы ў гімназіі паэтка неяк пісала: «Два й асаблівай любасьцяй і ўсхваляваньнем. Можна сказаць, што якраз Віленская беларуская гімназія і зрабіла зь мяне беларускую паэтку Натальлю Арсеньневу, якая ня можа ня пісаць, як ня можа ня любіць Беларусі, што-б ня сталася яшчэ на сьвеце».

- Скажыце, а хто на вас; як на паэтку, акрамя Багдановіча, меў яшчэ ўплыў? — Купала. Увогуле, я шмат чытала, цікавілася паэзіяй. Мне запомніліся асобныя вобразы: Роланда, напрыклад, з французскай літаратуры. «Роланд усё трубіць і трубіць» ...Метэрлінка любіла. З расейскіх — Лермантава. Хаця пазней, калі больш глыбока спазнала расейскую літаратуру, на першае месца паставіла Пушкіна.

Дазволю сабе маленькі каментарый: бацька Наталлі Арсенневай паходзіў з таго роду Арсенневых, які па сваёй жаночай лініі даў паэта М. Лермантава.

— Гавораць, што беларус — гэта чалавек, які паўсюль спазняецца. Ціхі, паслухмяны, разважлівы, але і ўпарты. Як бы вы вызначылі беларускі характар?

— Беларусь! — гэта мешаніна чыстых славянаў з балтамі. Лагоднасць, мяккасць, разважлівасць — гэта рысы якраз славянскія. Ёсць у нас крыху і летувіскай крыві. Украінцы зусім іншыя, яны маюць продкаў з качаўнікоў паўдзённых.

— А як вы спазналі гісторыю свайго народа, яго» культуру? Што вам дало найбольшае разуменне?

— У Віленскай гімназіі былі добрыя падручнікі. Хаця і не усе па-беларуску напісаныя. Да прыкладу, з падручніка геаграфіі Спірыдонава я ўпершыню даведалася пра беларусаў, што маюць яны сваю літаратуру свайго вялікага паэта Купалу. Звесткі пра Беларусь былі пададзены дробненькім шрыфтам, як дадатковы матэрыял і неабавязковы для завучвання. Памятаю, як мяне ўразілі Купалавы радкі:

Я мужык-беларус,

Пан сахі і касы;

Цйомен сам, белы вус,

Пядзі дзве валасы.

Слова «цйомен» я доўга не магла расчытаць.

— Як спалучаліся расейская і беларуская мовы ў выкладанні асноўных прадметаў у гімназіі?

— У малодшых клясах усё было па-беларуску. А ў старэйшых — і так і гэтак. Але вучні стараліся добра валодаць мовай.

— Пасля заканчэння Беларускай гімназіі многія выпускнікі адправіліся на вучобу ў Прагу. У вас быў намер паехаць?

— Так. Але я не магла пакінуць бацькоў. Яны былі старыя, нямоглыя і жылі толькі з таго, што я выкладала ў адной з беларускіх школак. А па-другое, я тады якраз пазнаёмілася з маім будучым мужам. Ён прасіў мяне застацца. Я прыйшла на станцыю, калі ад'язджалі мае каляжанкі, толькі каб развітацца.

— А ці ведаеце вы, як склаўся лес тых вашых сяброў, хто паехаў па веды ў Прагу?

— З тых маіх знаёмых, што выехалі ў 1921 годзе на вучобу ў Пражскі універсітэт, амаль што ўсе памерлі ад сухотаў. Ад нядобрых умоў жыцця, ад кепскай ежы. Студэнты ж атрымлівалі там мізэрную стыпендыю, на якую існаваць было даволі цяжка.

У 1922 годзе Н. Арсеннева выйшла замуж за Ф. Кушаля і выехала з Беларусі ў Польшчу. Больш як 15 год пражыла там. Але звычайна штогод наведвала сваю родную Вільню або Валожыншчыну, мужавых бацькоў. Насуперак усім неспрыяльным абставінам, адарванасці ад Беларусі яна не кінула пісаць вершы. У 1927 годзе ўбачыў свет першы зборнік «Пад сінім небам», а ў 1935—1936 гадах падрыхтаваны да друку і другі. Калі чытаеш гэтыя вершы сёння, атрымліваеш вялікае эстэтычнае задавальненне. Яны вельмі далёкія ад палітыкі, ад тагачасных праблем, але ў іх — стыхія жыцця і прыроды; яны прасякнуты ціхім каханнем да роднай старонкі. Нягучныя, вытанчаныя пачуцці, нечаканыя вобразы і параўнанні, з усяго гэтага, як адзначаў М. Танк, паэтка ўмее вязаць надзвычай прыгожыя карункі.

Дзень асеньні ўстае панад нівамі,

праціраючы вочы сьлязлівыя,

йржавай рызай лісьця ды анучамі

брудна-шэрых туманаў абкручаны...

1939 год паклаў канец спакойнаму, але аднастайнаму жыццю Н. Арсенневай. Пачалася другая сусветная вайна. Муж яе, польскі вайсковец, трапіў у савецкі палон. Памерла ў Вільні маці. Яна з дзецьмі пераехала да брата ў Вілейку.

— Не баяліся? Хіба вы нічога не ведалі пра рэпрэсіі супраць «ворагаў народа», якія ў Савецкай Беларусі мелі масавыя маштабы?

— Не. Нічога не ведалі. Жылі спакойна. Нікога не баяліся. Я мела адрас Максіма Танка, ён мяне ўладзіў працаваць у рэдакцыю «Вілейскай газеты» карэктарам. Бяда прыйшла нечакана. Ранкам пастукалі ў дзверы і сказалі: «Вы арыштаваны». Загадалі спакавацца. Але ж у мяне нічога не было, усе рэчы засталіся пад Варшаваю, дзе мы жылі. Пагрузілі ў таварныя вагоны і завезлі ў Казахстан. I толькі перад самай вайной я вярнулася са ссылкі. Мне муж пасля расказваў, што, калі ён быў у палоне, прыйшлі і загадалі ўсім, хто ведае, дзе яго сям'я, пісаць ім лісты. Такім вось ашуканствам даведаліся адрасы сем'яў і сурова пакаралі жанчын і дзяцей.

— А як вам удалося так хутка вярнуцца са ссылкі? Шчаслівы выпадак?

— Мусіць што шчаслівы. За мяне хадайнічалі Танк і Купала. Напэўна, ім давялося прыкласці шмат намаганняў, каб пераканаць пільных начальнікаў, што я ні ў чым не замешана. Дарэчы, па хадайніцтву таго ж Янкі Купалы быў вызвалены з лагера мой муж. Разам з Купа лам яны ў 1919 годзе працавалі ў Вайсковай камісіі. Інакш Францішка проста расстралялі б.

— У гэты час вы не пісалі вершаў?

— Не да вершаў было. Хаця б выжыць.

— Як хутка пасля таго, як вы сустрэліся з мужам, трапілі ў Мінск?

— Мы бачылі з Дораў, дзе жылі ў бацькоў мужа, як гарэў Менск. Вельмі хацелася даведацца, што з ім сталася. Некаторыя ўжо ездзілі, гаварылі, што там нейкі Беларускі камітэт ёсць. Нас гэта зацікавіла. Я вырашыла пайсці ў разведку, і са мной мужаў брат Пятрук. Ужо пад'ехалі пад самы Ракаў, як раптам — немцы. Арыштавалі нас і пасадзілі ў гміну. Седзячы ў гэнтай гміне, я стала нявольным сведкам таго, як немцы ажыццяўлялі акцыю знішчэння яўрэяў, як жаўнеры здзекаваліся, як пакутавалі людзі... Гэта жах...

Быў вецер…

Але й ім казалі засьпяваць,

I за часіну усе і пляскалі й сьпявалі.

Прысеўшы на бруку, брахаў у самы твар

Ім кулямёт загады сталяй...

(З верша «Акцыя»).

Пасля нас выпусцілі, і мы яшчэ раз паехалі ў Менск.

— Хто заснаваў Беларускі камітэт?

— Беларусы. Радаслаў Астроўскі, быў такі з Вільні, раней ён працаваў дырэктарам Беларускай гімназіі ў Вільні. Антон Адамовіч, Савёнак толькі што вярнуліся з лягераў і актыўна ўзяліся за беларускую справу.

— Скажыце, а якія былі ў людзей адносіны да немцаў, калі тыя ўвайшлі ў горад?

- Бачыце, людзі, якія ні за што пацярпелі ад Савецкай улады, а такіх было не так ужо і мала, якраз сустракалі немцаў з надзеяй, як збавіцеляў. Па-другое, ніхто не думаў, што немцы такія нелюдзі. Беларусы ж хацелі проста наладзіць сваё культурнае жыццё.

— Але ж ці былі члены Беларускага камітэта такімі наіўнымі, што не разумелі, з якімі мэтамі прыйшлі фашысты на беларускую зямлю? Напрыклад вы, спадарыня Арсеннева, ужо з першых дзён акупацыі былі сведкай жорсткай бесчалавечнай акцыі супраць яўрэяў.

— Беларусь і да вайны была пад чужынцамі. Савецкая ўлада метадычна знішчала цвет нацыі, яе інтэлектуальныя сілы. Таму прынцыповай розніцы не было. Абое рабое, як кажуць у народзе.

— Калі прыйшло працверажэнне, разуменне таго, што ад немцаў нічога добрага чакаць не варта?

— На немцаў, фактычна, ніхто не спадзяваўся. Ілюзій абсалютна ніякіх не было. Думалі, як урваць нешта, каб аблягчыць жыццё нашых людзей ва ўмовах акупацыі. Якое змаганне было, каб немцы дазволілі адчыніць беларускія школкі... Настаўніцкая семінарыя дзейнічала, гімназія, фельчарская школа ў Баранавічах... Любую магчымасць для разгортвання беларускай справы мы стараліся выкарыстаць.

— Што б вы маглі расказаць пра партызан?

— Калі адступалі Саветы, а па іх пятах ішлі немцы, дык велізарная колькасць жаўнераў засталася ў нямецкім тыле. Немцы хутчэй ішлі, чым Саветы адступалі. Лясы былі поўныя людзей. Хлопцы пайшлі прасіцца да сялянаў, маўляў, вазьміце за работніка. У той момант партызанамі іх ніхто не называў. Яны спраўна працавалі. А пасля прайшоў слых, што ўсіх людзей, якія працуюць у сялян, вывезуць у Нямеччыну на работы. I тады яны пачалі зноў уцякаць у лес, арганізоўваць там атрады. Сяляне кепска ставіліся да іх, бо партызаны часта займаліся грабежніцтвам. Прыйдуць уночы, забяруць усё, што хочуць. А як людзі не хацелі даваць, то і прыстрэліць маглі.

— На жаль, такія бандыцкія партызанскія атрады сапраўды былі. Пра гэта мы ўжо ведаем. Сяляне траплялі ў такім выпадку ў пастку. Уначы грабяць свае, а днём — немцы. Тысячы вагонаў з зернем, іншымі сельскагаспадарчымі прадуктамі ішлі на Захад з Беларусі. У час вайны на Беларусі былі спалены сотні вёсак. Тут, у Амерыцы, мне давялося пачуць, што палілі не толькі немцы, але і партызаны. Што можаце сказаць наконт гэтага?

— Палілі немцы. На 10 кіламетраў ад лясоў і пушчаў усё спалілі. Бо ад партызан не было ратунку. Фактычна, калі распачыналася акцыя, сяляне не хацелі пакідаць сваіх хат. I немцы спальвалі хаты з людзьмі. Цётку майго мужа так спалілі разам з хатай. Моладзь маглі яшчэ насільна павыцягваць і адправіць у Нямеччыну, а са старымі не цырымоніліся, палілі — і ўсё. Асабліва лютавалі немцы ў 1943—1944 гадах, перад канцом. I яшчэ: палілі ўкраінскія і літоўскія паліцыянты, зразумела, са згоды сваіх шэфаў-немцаў.

— Наколькі я ведаю, вы, спадарыня Арсеннева, працавалі ў час вайны ў «Беларускай газэце», што выходзіла ў Мінску. Я разумею, што гэта быў вельмі няпросты час. З аднаго боку, пры маўклівай згодзе акупантаў дзейнічалі беларускія школкі, выходзілі беларускія падручнікі, працаваў тэатр, ладзіліся выстаўкі; а з другога — палалі вёскі з людзьмі, вывозілася ў Нямеччыну моладзь, вешалі і расстрэльвалі камуністаў і партызан... Як жа вам працавалася?

— Я была прыпісана стылістам да рэдакцыі. Бо тых, хто ня меў ніякай працы, вывозілі ў Нямеччыну. Майму сыну Владэку тады было 17 ці 18 год. Яго таксама прыпісалі да газэты, ён быў пасыльным, вазіў матэрыялы ў друкарню.

А я такім чынам мела магчымасць пісаць вершы, перакладала на беларускую мову п'есы для нашага тэатра, стварала лібрэта. Шмат друкавалася ў нашай газэце.

Сапраўды, Наталля Арсеннева надзвычай многа піша ў гэты перыяд. Калі ў даваенных вершах яна — як бы над жыццём, пасіўны назіральнік, то цяпер проста ўрываецца ў самую гушчыню. Адзін з найбольш моцных і дасканалых твораў — верш «Паўшым» (пазней аўтарка памяняла назву — «Палеглым»). Ён быў надрукаваны ў «Менскай», а пасля і ў «Беларускай газэце». Гімнам, прачулым рэквіемам, якім упершыню паэтка рэагавала на вайну, назваў яго літаратурны крытык А. Адамовіч.

...Пад крыжам, бяз крыжа, нацятаю галінай

на жорсткі, гойстры жвір спаць ці адзін прылёг...

Зьмяшалася зь пяском чупрына маладая,

боль выпіў сінь вачэй і сьвежых вуснаў кроў.

Васковаю сьвячою над імі восень тае,

і сьніць

адзін пра Рэйн, а іншы — пра Дняпро.

Ня рупіць іх нішто... Жахлівыя змаганьні,

магутны чар вайны, крывавыя сьвітаньні

больш не хвалююць іх...

Яны прайшлі свой шлях.

Дарэчы, праца ў «Беларускай газэце» не гарантавала яе супрацоўнікам асабістую бяспеку. Тым, хто пераходзіў межы дазволенага, пагражала хуткая расправа. Ледзь не паплацілася галавою за адзін са сваіх вершаў і Наталля Арсеннева.

...Годзе!

Годзе нарэшце,

годзе

чарвякамі зьвівацца, поўзаць!

Хоць нас доля й дагэтуль зводзіць,

хоць ісьці нам парой і коўзка,—

пасьмяёмся яшчэ і зь ліха!

Досыць падаць прад кожным ніцма!

Лепш на момант

агнём успыхнуць,

чымся літасьцяй век давіцца!

Што далі нам калі чужыя?..

Як напятая струна, гучаў голас паэткі ў вершы «Годзе», апублікаваным у канцы 1942 года. I гэты настрой моцна не спадабаўся нямецкім уладам. Аўтар была выклікана на допыт у палітычную паліцыю, і толькі удалая інтэрпрэтацыя верша перакладчыцай Юльянай Дубейкаўскай уратавала Арсенневу ад рэпрэсіяў.

— Большую частку жыцця вы пражылі на эміграцыі — Расія, Польшча, Казахстан, Нямеччына, Амерыка. Але ўвесь час вы — паэтка Беларусі, што бясконца верыць у свой край, які дае натхненне, у свой народ, у яго вялікую будучыню. Цікава, якое ў вас уяўленне пра сённяшнюю Беларусь, з якой вы рассталіся амаль што 50 гадоў назад?

— Пра цяперашнюю Беларусь я няшмат ведаю, на жаль. Жыву даволі адасоблена. Хаця выпісваю часопісы, газэты. Шмат цікавага прысылаў мне звычайна Янка Запруднік з Нью-Йорка. Ён жа мае шмат літаратуры. Іншым разам я проста не магла зразумець, чаму Беларусь за ўсе гэтыя гады перастала быць беларускай. У маю бытнасць яна была яшчэ беларускай. Што здарылася? Як магло гэтак стацца?

Апошнім часам мне пішуць лісты з Беларусі даследчыкі, паэты. Я ім адказваю з радасцю. Для мяне гэта тоненькая нітачка сувязі з далёкай Бацькаўшчынай.

...Каля чатырох гадзін гутарылі мы з Наталляй Арсенневай. Яна б яшчэ працягвала і працягвала, з неверагоднай дакладнасцю прыгадваючы падзеі 50-ці ці нават 70-гадовай даўнасці. У манатоннай яе споведзі ні разу не з'явілася англійскае слова, хіба што толькі рускае іншы раз. Але гэта зразу мела — ад унучкі Наталлі. Адным простым сказам яна магла намаляваць цэлую карціну, гэткі жывапісны партрэт часу. З гукамі, пахамі, колерамі. Прыгадаліся словы яе «Малітвы» :

Магутны божа! Ўладар сусьветаў,

вялізных сонцаў і сэрц малых,

над Беларусяй ціхай і ветлай

рассып праменьне Свае хвалы.

Дай спор у працы будзённай, шэрай,

на хлеб штадзённы, на родны край.

Павагу, сілу і веліч веры

у нашу праўду, у прышласьць — дай!

Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,

учынкам нашым пашлі ўмалот.

Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай,

краіну нашу і наш народ!

Падумалася, якая ж гэта несправядлівасць, глупства, нарэшце, што беларускі народ дасюль не ведае сваю Паэтку. Паэтку складанага лёсу і вялікага таленту. Н. Арсеннева піша вершы I цяпер.

На развітанне яна прынесла мне са свайго пакойчыка два аркушы паперы, на якіх ад рукі было напісана:

ЧАРНОБЫЛЬ

Весьні ранак...

Ужо на парозе

я прыпыняю хаду:

надта ж хораша зноўку бярозы

карагоды на ўзгорках вядуць!

Іх імклівыя рукі на сіні

далячынь ткуць празрысты вузор

Курапаты,

Чарнобыль,

Хатыні

ім не засьцяць ні вёснаў, ні зор.

Мне ж...

мне мроіцца іншае раньне:

Хлопчык з пужкаю... Статак...

раса... Ўпяршыню ў поле выгнаў ён сяньня...

Красавік...

Люба ў сонцы гайсаць!

Сонца ж — скрозь!

Уваччу, у лазовым,

жоўтым пухам прыбраным гальлі,

Нат у шчаснасьці той, без назову,

ад якое аж сэрца баліць!

I няўпрыцям нікому з худобы чалавечай,

стоены сьцень,

чорны сьцень... найчарнейшы

Чарнобыль,

Ужо крые, накрыў іхні дзень,

што з худой пастушковае жменькі

хутка выпадзе пужка,

што ён,

як і безлічы й меньшых, маленькіх,

моўчкі прымуць пакутлівы скон,

што ізноў над маёй Беларусяй

прарасце, забуяе бяда,

што...

ды лепей вазьму, памалюся,

да людзкага

і свой боль дадам.

Божа! Божа! Адзіны ў Сусьвеце,

Хто ўсё знае, ўсё можа,

зрабі ж,

каб за нас не пакутвалі дзеці,

не яны каб,

а мы несьлі крыж!


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by